РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сэрца на далоні
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
39
40
25
        
25

        
        Канец верасня выдаўся надзіва цёплы. Здавалася, вярнулася лета, сапраўднае, не бабіна. Зацвіталі вішні. У лесе быў небывалы ўраджай грыбоў. Гараджане хлынулі ў лясы. Перапаўняліся аўтобусы, рабочыя цягнікі. Пачалася проста-такі грыбная ліхаманка – хто збярэ больш і лепшыя. Але калі многія выязджалі толькі таму, што было чым пажывіцца, то такому старому палымянаму грыбніку, як Яраш, гэта прыносіла сапраўдную асалоду, шчасце, лепшы адпачынак. Выкарыстоўваючы Шыковічаву машыну, ён выязджаў у лес двойчы на дзень: на досвітку, да работы, і адвячоркам, пасля работы. Звычайна стрыманы ва ўсім, што датычылася яго асабіста, тут ён з хлапчуковай радасцю хваліўся ў бальніцы персаналу і нават хворым сваімі грыбнымі зборамі. У яго пыталіся ў калідоры, як толькі ён з’яўляўся акуратна без дзесяці дзевяць, свежы, памаладзелы, прапахлы хвояй і грыбамі:
        – Колькі сёння, Антон Кузьміч?
        – Сто дваццаць тры! Ды каб вы пабачылі якія! – І пачынаў распісваць, як сядзела сям’я грыбоў – дваццаць сем штук! – вакол аднаго маладога дубка. Небывалая з’ява! Варта напісаць у «Огонек». І тут жа лаяў браканьераў, якія вырываюць грыб з коранем. Напісаў нават у газету: «Як трэба збіраць грыбы». Лаяў газету, якая выкінула з яго допісу расказ аб нараджэнні і жыцці грыба і пакінула адны голыя парады. Траха не біўся з Шыковічам, які сядзеў на дачы і цэлымі днямі пісаў. Навокал дома, пад самым ганкам, растуць грыбы, а не выцягнеш яго – не выйдзе. Пакуль выканае норму, якую сам сабе ўстанавіў, зварыць абед, глядзі – і вечар.
        – Галава дубовая! Куды ты спяшаешся? Хто цябе гоніць у шыю? Хопіць у цябе часу. А грыбы – адзін тыдзень, і не будзе іх. Які ты да д’ябла пісьменнік, калі не адчуваеш такога хараства?
        – О, ты не ведаеш, які я грыбнік! Але мне здорава працуецца ў гэтыя дні. Пахаладае – зноў будзе крызіс, ведаю. Прыходзіцца выбіраць. – І, пахадзіўшы з сябрам гадзінку, Кірыла кідаўся да рабочага стала.
        Аднойчы, калі Яраш у перадаперацыйнай расказваў пра сваю чарговую грыбную ўдачу, Маша нясмела папрасіла:
        – Антон Кузьміч, вазьміце нас з Зосяй як-небудзь.
        Узяць Зосю?
        Цудоўная думка! Ён жа думаў пра гэта сам, раней: трэба паназіраць, як паводзіць сябе адрамантаванае сэрца ў розных умовах. Да таго ж Зося, напэўна, даўно не бачыла лесу. Чаму не даць ёй гэтую маленькую радасць? У жыцці ў яе так мала было радасці.
        Але тут жа мільганула думка пра жонку: даведаецца – зноў будуць непрыемнасці. Узяць і яе з сабой? З-за гордасці не паедзе, а ўсё адно будзе хвалявацца, перажываць, падазраваць. Не, лепш няхай не ведае. Яму стала сорамна ад сваіх ваганняў, і ён сказаў Машы:
        – Ну, што ж. Давайце паедзем. Сёння ж.
        Зося села побач з Антонам Кузьмічом на пярэднім сядзенні. У новай сукенцы, якую ёй пашыла Маша, у шарсцяным світэры гарчычнага колеру, са сваёй адмысловай двух’яруснай прычоскай (таксама Машына фантазія), яна мела даволі прывабны выгляд. А Маша зусім выглядала элегантна: вузкія штаны, клятчастая куртка.
        Едучы па горадзе, Яраш падумаў з невясёлай іроніяй:
        «Не дай божа ўбачыць Галіна – загінуў ты, Антон».
        Зося сустрэла прапанову аб паездцы з ціхім, але прыкметна радасным энтузіязмам. А пры выездзе з горада яе пачало ліхаманіць ад хвалявання. Не, гэта быў не страх! Нешта іншае. Імчала машына. Свістаў вецер. І ёй здавалася, што яна вось-вось узнімецца і паляціць... Паляціць у дзівосны край, дзе здарыцца нешта незвычайнае, што яшчэ раз зменіць яе жыццё. Але ёй было хораша, лёгка, і яна не хацела больш ніякіх змен.
        Ад гэтага ці яшчэ ад чагосьці яе апанавала хваляванне. Дробна задрыжалі плечы. Яна сцялася, уціснулася ў сядзенне.
        – Зося, табе холадна? – спытала Маша, якая сядзела за яе спіной. – На маю куртку.
        – Не, не. Нічога. Гэта так.
        – Зачынім шкло, – сказаў Яраш, круцячы ручку. – Прастудзіцца вам нельга ні ў якім разе.
        – Мне не холадна. Я проста хвалююся.
        – Чаму?
        – Не ведаю.
        Што ж, урэшце не так ужо цяжка зразумець душэўны стан чалавека, які вярнуўся да жыцця і ўпершыню пасля такой хваробы і аперацыі выязджае за горад, у лес. Яраш пажартаваў:
        – Бачыце, ехаць па грыбы таксама трэба мужнасць.
        Далёка ў глыбіні бароў яны не паехалі. Прыехалі да іх дачы. Паставілі машыну. Шыковіча не было: відаць, усё-такі выбраўся ў лес.
        Маша, у якой з грыбамі звязаны і радасныя і горкія ўспаміны – у першыя пасляваенныя гады грыбамі і за грыбы яна карміла ўсю сям’ю, – адразу ж кінулася ў лес, як у вір. Яна не ўмела шукаць так павольна і разважліва, як Яраш. У кожнага грыбніка свой стыль і метад. Праворная, хуткая, яна шнырыла пад кожным кустом і дрэвам, кружыла, рабіла петлі, хутка траціла ўсялякі кірунак і часта блудзіла.
        Яраш не любіў гэтак пятляць. Ён хадзіў амаль проста. Але ў яго было незвычайнае чуццё, дзе ў гэты дзень мог вырасці баравік. Ён ішоў на грыб ці грыбную сям’ю, як на радыёпеленг.
        – Заглянем мы вось сюды, пад нашы дубы, – сказаў ён Зосі, як толькі яны адышлі ад дачы ў лес.
        Яна зразумела яго словы як запрашэнне хадзіць за ім. Сапраўды, Яраш хацеў, каб яна была побач.
        Яна ішла крокаў за дзесяць ад яго. Каля самага вогнішча, дзе яны палілі ўсё лета касцёр, на сцежцы пад дубам Яраш убачыў першы баравік. Нявопытны грыбнік ніколі не падумаў бы, што ён мог вырасці ў такім вытаптаным месцы. Баравік быў надзіва прыгожы – як знарок вырашчаны напаказ. На тоўстым белым корані – крамяная, цяжкая на выгляд шляпка; светлая бурштынавасць, што выцякала з-пад нізу, залаціла кромку, паступова цямнела і пераходзіла ў масляністы цёмна-карычневы колер; толькі цераз самую макаўку праходзіла тоненькая пераламаная светлая палоска, мабыць, ляжала галінка.
        Яраш спыніўся за два крокі з выглядам чарадзея. Моўчкі, пальцам, паклікаў Зосю. Таямнічым шэптам сказаў:
        – Вось ён! Бачыце?
        Яна ўгледзела, здзівілася:
        – Ах! – і папрасіла, як маленькая: – Дайце я...
        – Толькі – чур, падразаць! – папярэдзіў ён.
        Яна прысела, асцярожна падрэзала, падняла яго і, любуючыся, засмяялася, ціха і радасна, зусім як дзіця. І Ярашу таксама зрабілася надзвычай хораша ад гэтай яе маленькай радасці.
        Ён азірнуўся навокал і адразу ўбачыў другі грыб.
        Нахіліўся, падрэзаў.
        – А во яшчэ адзін.
        Трэці дык быццам сам падскочыў пад руку.
        – А во яшчэ...
        – Ах! – ужо зайздрасна ахнула Зося. І яшчэ больш узрадавалася, калі нарэшце сама ўгледзела грыб. Падняла яго, паказала:
        – Глядзіце які! Як хлопчык.
        Сапраўды, баравічок быў маленькі і вясёлы, падобны на таго малога гарэзу, у якога заўсёды кепка ссунута набок.
        «Як хлопчык», – гэтыя словы запалі Ярашу ў памяць, і ён падумаў аб тым, што, акрамя ўсяго іншага, гэтая немаладая ўжо жанчына не ведала радасці мацярынства.
        «Трэба будзе пазней паказаць яе Левіну і Шувалавай (яго калегі, лепшыя ў горадзе тэрапеўт – спецыяліст па сэрцу – і гінеколаг). Няхай скажуць, можна ёй радзіць?»
        Ён падумаў гэта з бацькоўскім клопатам, як пра дарослую дачку. І даў ёй, як малой, як часта даваў Наташы, калі браў яе з сабою ў лес, адной вытаптаць пятачок, на якім нарадзілася грыбная сям’я.
        Зося ўзяла яшчэ тры ці чатыры грыбы. Далей Яраш, верны свайму метаду, рушыў проста, затрымліваючыся толькі ў тых мясцінах, дзе нейкая асаблівая інтуіцыя падказвала: тут будуць грыбы. І амаль не памыляўся. Зося ішла збоку за колькі крокаў. Здаралася чамусьці так, што ёй усё часцей і часцей пачалі трапляць грыбы. Бадай, больш, чым яму, Ярашу. Ён пажартаваў:
        – Дык вы грыбнічка.
        Недзе далёка ззаду гукнула Маша. Яраш пачакаў, што адкажа Зося. Яна не адказвала. Ён адгукнуўся жартаўліва – пісклявым жаночым голасам. Маша, не пазнаўшы, пачала клікаць настойліва:
        – Ос-ся-а! То-он... Мі-іч!..
        Яраш гукнуў сваім сапраўдным голасам, і дзяўчына змоўкла.
        Яны шлі па прачышчаным бары. Месца тут, уздоўж лугу, узгоркавае. Магчыма, некалі, у дагістарычны перыяд, у сто разоў больш магутная рака намыла гэтыя высокія пясчаныя дзюны, на якіх пасля разумныя людзі пасадзілі лес. На грэбнях узгоркаў раслі адны сосны, не дужа старыя, роўныя, высокія, чыстыя – красуні, адна ў адну. Адвячоркавае сонца залаціла іх медныя ствалы. Лёгкі вецер гойдаў гнуткія верхавіны, за якія, здавалася, чапляліся лёгкія хмары, што плылі на ўсход – ад сонца насустрач ночы. На зямлі, укрытай сухой ігліцай, ляжалі дзівосныя карункі святла і ценяў.
        А ў нізінах побач з соснамі раслі дубы, зрэдку – бярозы, яны згушчалі лес, і на зямлі ляжаў густы цень. Але пад дубамі часцей трапляліся грыбы. Можа, на нейкі час Яраш забыўся на здароўе сваёй напарніцы і ішоў залішне хутка.
        Ап’янелая ад хвойнага і грыбнога водару, ад сонца і шчасця, Зося раптам спынілася, паставіла на зямлю торбачку і прытулілася спіною да сасны.
        Антон Кузьміч занепакоіўся: можа, ёй блага? Але яна заплюшчыла вочы і засмяялася, разводзячы вакол сябе рукамі:
        – Грыбоў! Колькі грыбоў!
        Гэты яе зусім дзіцячы смех, уяўленні і радасць, відаць, і сталі прычынай таго нечаканага ўчынку, які зрабіў Яраш. Ці, можа, яго ўласная радасць і залішняя дужасць?
        Яны стаялі перад самым крутым узгоркам. Сосны, агаляючы свае фантастычныя карэнні, здавалася, лезлі на самае неба. Можна было павярнуць назад, можна было абысці па нізіне. Але Ярашу хацелася прабрацца напрасцяк, узлезці на гэтую лясную гару. Але ж не даваць такую нагрузку яе сэрцу!
        – Я ўзнясу вас туды, а назад мы пойдзем па лузе.
        Не паспела яна запярэчыць, як ён, укінуўшы яе сумку ў свой вялікі кош, лёгка, як колькі год назад малую Наташку, падхапіў яе на рукі.
        Яна войкнула, устрапянулася, але не вырвалася.
        Прыціхла. З’явілася пачуццё, якога яна не ведала, – яшчэ адна тайна жыцця, якая адкрывалася ёй. Ніколі не трымаў яе вось так мужчына, здаровую і шчаслівую. Зрабілася да неверагоднасці хораша і страшна. Божа мой! Аказваецца, жанчыны, сёстры яе, маюць яшчэ і такое шчасце – блізасць любага, дарагога мужчыны. А яна не мела гэтага і наўрад ці будзе мець. Навошта ён робіць гэта? Навошта абуджае ў яе гэтае пачуццё? Каб даць замест старых, фізічных, новыя, душэўныя, пакуты, магчыма, не менш цяжкія?
        Яна думала пра гэта і, аднак, не рабіла спробы вырвацца. Яна раптам пачула яго сэрца і стаілася, слухала яго ўсё часцейшыя і гучнейшыя ўдары. Ён узыходзіў лёгка і хутка. Яна адкінула галаву і ўбачыла, што верхавіны сосен кружацца. І воблачка кружыць на адным месцы. Можа, гэта закружылася ў яе галава?
        Доктар Яраш ведаў усе таямніцы чалавечага цела, ды і душы таксама. Яму здавалася, што для яго ўжо няма ніякіх тайн і загадак. Ён узяў Зосю, як санітар бярэ хворую. Як лекар, ён клапаціўся пра яе сэрца, якое бачыў, трымаў на сваёй далоні. Яму было абсалютна ўсё адно – мужчына гэта ці жанчына. Але нечакана і ў яго з’явілася загадкавае пачуццё, незнаёмае, невыразнае, дзіўнае. Нешта як бы ўсхвалявала яго. І сэрца забілася не так, як, ён ведаў, павінна было біцца пры такім пад’ёме, з такім цяжарам. Выдатны спартсмен, ён вельмі добра ведаў сваё сэрца, дакладна ўмеў разлічыць нагрузку яго. Што ж гэта яно выходзіць з-пад улады – пачынае грукаць не так, як яму належыць? «Старэю», – падумаў ён і асцярожна апусціў Зосю на зямлю.
        Каля дачы стаяла санітарная машына. Яраш з трывогай падумаў: «Няўжо ў бальніцы што здарылася?» Закрочыў шпарчэй. Але хутка ўбачыў, што на лавачцы сядзяць Шыковіч, Гаецкая і незнаёмая жанчына. Пачуў вясёлы смех Гаецкай і спахмурнеў: не хапала яшчэ яе тут! Зося адчула, як нечакана змяніўся яго настрой, зразумела, што яму не спадабаліся гэтыя нечаканыя госці. Спытала:
        – Хто гэта?
        – Галоўны лекар трэцяй бальніцы. У якой ты ляжала.
        Яна помніла гэтую прыгожую поўную жанчыну, якая часам абыходзіла палаты і рабіла разнос сёстрам і санітаркам. Настрой Яраша як бы перадаваўся ёй: Зося адчула сябе няёмка, быццам у нечым была вінаватая.
        Яраш сказаў:
        – Дурная баба. І подлая.
        Гэта яшчэ больш збянтэжыла Зосю, быццам ёй даверылі тайну, ведаць якую зусім не трэба, нават небяспечна. Угледзеўшы Яраша і Зосю, Тамара Аляксандраўна паднялася, пайшла насустрач, прыветліва махаючы касынкай.
        – З уловам, Антон Кузьміч, – праспявала яна. – Я не ведаю, як кажуць... Шыковіч! Як віншуюць грыбавікоў? Са зборам? З падборам? З уловам?
        Смяяліся яе сакавітыя вусны, выпешчаныя шчокі – то з’яўляліся, то знікалі сімпатычныя ямачкі на іх. А вочы... вочы, халодныя і злосныя, разглядалі Зосю. Ды так нахабна, бесцырымонна, што Зосі здалося – раздзяюць. І яна, зусім разгубленая, спалоханая і абураная, не пазнаёміўшыся, не прывітаўшыся, амаль уподбег кінулася да Машы, якая сядзела на ганку і перабірала грыбы.
        – Глядзі, колькі я знайшла баравікоў! А ты? О, з табой ні ў чым нельга зраўняцца!
        – Твая пацыентка? – спытала Гаецкая ў Яраша.
        Гэта можна спытаць па-чалавечаму, прафесійна, як лекар у лекара. Яна хацела зрабіць выгляд, што пытае іменна так. Але Яраш бачыў, як яна працягвае глядзець у спіну Зосі, і адчуў, што пачынае закіпаць. Ён сам баяўся свайго гневу, бо ведаў, што «сарвацца» яму, ды яшчэ перад жанчынамі, нельга, непрыстойна.
        Гаецкая працягнула яму руку, падвяла да лавачкі, пазнаёміла са сваёй сяброўкай. Гаварылі нейкія пустыя словы. Смяяліся.
        – Гаспадары, запрашайце ў хату. Трэба ж абмыць вашы новыя вуглы, – сказала Тамара Аляксандраўна.
        Шыковіч сумеўся, паглядзеў на свайго хмурага сябра – можа, ён што прапануе? – і з жалем уздыхнуў:
        – Калі я працую, у мяне – «сухі закон». І каб быць далей ад спакусы...
        Гаецкая зразумела.
        – А мы ў лес ездзім са сваім віном.
        – О, тады іншая размова! Калі ласка! Прашу, – галантна пакланіўся Кірыла, паказваючы на сваю палавіну дачы.
        Яраш падумаў, што Зося не сядзе за адзін стол з гэтай жанчынай. Ды і не жадае, каб яны сядзелі разам. Ды і ўвогуле: не хапала яму яшчэ піць віно з Гаецкай у лесе, на дачы! Ён сказаў, як адсек:
        – Мяне чакаюць дома.
        – У Антона Кузьміча раўнівая жонка, – як бы ў жарт, сказала Тамара Аляксандраўна, але знарок так, каб пачулі Зося і Маша.
        Нічога не адказаўшы і не развітаўшыся, Яраш рушыў да «Масквіча». Завёў, рыўком пад’ехаў пад самы ганак, узняўшы пыл, быццам стварыўшы дымавую заслону. Зося першая хуценька ўскочыла на задняе сядзенне.
        З ветлівасці Яраш махнуў доктаркам рукой, спытаў у Кірылы:
        – Што перадаць тваім?
        – Прывязі заўтра масла і хлеба.
        Гаецкая, закусіўшы губу, злосна прыжмурыўшыся, доўга глядзела ўслед сіняму «Масквічу».
        Яе сяброўка спытала:
        – Ён заўсёды такі... нелюдзімы?
        – Бывае горшы, – нядобразычліва адказаў Шыковіч. Цяпер і ён узлаваўся на няпрошаных гасцей. Чорт іх прынёс! Каб не яны, яму, напэўна, удалося б угаварыць Антона пасядзець гадзінку. Маша засмажыла б грыбы, і яны разам павячэралі б і хораша пагутарылі б. Ён прачытаў бы ім раздзел – расказ Зосі. Што-нішто трэба ўдакладніць. А сядзець з гэтымі чужымі бабамі – мала цікавасці і ніякай карысці для яго працы.
        Тамара Аляксандраўна спачатку збянтэжылася, калі яе «ўсемагутная разведка» ўстанавіла, хто тая жанчна, якую яна сустрэла з Ярашам каля дачы. Але, разважыўшы, узрадавалася: гэта яшчэ лепш, бо, акрамя ўсяго іншага, на галаву чалавека, які зрабіўся цяпер ёй ненавісны, падае яшчэ адзін цяжкі грэх – парушэнне лекарскай этыкі.
        Больш за дваццаць год яна песціла надзею, што ўрэшце ўсё-такі ачаруе гэтага ўпартага асілка. Уласна кажучы, у апошнія гады ёй не столькі хацелася ачараваць яго, закахаць, колькі проста пераможна ўзяць – націскам, прыступам. Гэта быў ужо своеасаблівы спартыўны азарт. Цяпер усё рушылася, надзея знікла назаўсёды. Жанчына шалела ад злосці. Чакай, доктар Яраш, ты доўга будзеш помніць мяне!
        Забыты былі справы, хворыя, грыбы. Сама галоўны лекар і ўсё яе даволі значнае акружэнне лёталі па горадзе ў пошуках звестак пра Зосю і Яраша. І вельмі хутка было выяснена ўсё: і тое, што яны, Яраш і дачка здрадніка Савіча, знаёмы яшчэ з часоў акупацыі, і тое, як Шыковіч і Яраш дамагаліся для гэтай жанчыны асобнай кватэры, як яны самі (вядомы хірург і пісьменнік) куплялі для яе мэблю і нават якую суму кожны з іх зняў з ашчаднай кніжкі, і, нарэшце, тое, што яны збіраліся на кватэры ў Зосі ўчацвярых. О, гэта ўжо не проста сувязь аднаго жанатага мужчыны з незамужняй жанчынай! Тут значна большае – групавое маральнае разлажэнне!
        І паляцела плётка з касмічнай хуткасцю. Каб Яраш і Шыковіч былі людзі звычайныя, вядомыя толькі ў сваіх калектывах, безумоўна, што ўсё гэта не выклікала б сенсацыі. Але абодвух у горадзе добра ведалі, а таму ўсе праяўлялі да такой навіны незвычайную цікавасць: адны злараднічалі, другія, галоўным чынам замужнія жанчыны, абураліся, трэція ўпотай зайздросцілі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.