РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сэрца на далоні
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
39
40
24
        
24

        
        Завод абавязаўся выканаць дзесяцімесячны план да адкрыцця з’езда. Цэхі, змены, брыгады неслі перадз’ездаўскую вахту. Знешне як бы нічога не змянілася. Хіба толькі абнавіліся лозунгі і заклікі. І больш іх стала ўсюды – на прахадной, у заводскім двары, у цэхах, у сталоўцы, у канторы. Але нават Славік з яго двухмесячным стажам адчуў новы рытм у рабоце. Менавіта рытм, бо раней нямала было і аўралаў. Добрыя і шчырыя працаўнікі мусілі часам прастойваць праз тое, што недзе нехта нешта недарабляў – ці забеспячэнцы, ці транспартнікі, канструктары, ці ліцейшчыкі, механікі, ці планавікі. Зборшчыкам, якія, па сутнасці, завяршалі працэс вырабу станка, гэтае «нешта недзе» больш, чым каму, давалася ў знакі. Славік неаднойчы ўжо чуў, як хлопцы з яго брыгады скланялі механікаў. А тыя ў сваю чаргу валілі віну на каго-небудзь другога. Але вось ужо колькі дзён усё ідзе як па масле. Без запіначкі. Хлопцы працавалі з вясёлым уздымам. Гэты ўздым захапіў і Славіка. Яго менш вучылі, больш даручалі работу, якую ён мог ужо выконваць самастойна. Гэта яму падабалася, і ён рабіў даволі старанна. Работа зборшчыка такіх унікальных, несерыйных станкоў тым і цікавая, што яна рэдка паўтараецца, што кожны дзень і кожную гадзіну прыходзіцца рабіць нешта новае.
        Славік заўсёды ставіўся скептычна да розных лозунгаў і заклікаў. А цяпер хадзіў і ўважліва перачытваў цытаты з праекта Праграмы, як бы хочучы знайсці тыя словы, якія прымусілі ўсіх, ад вахцёра да Галыгі, вось так працаваць – па-новаму. Нават у сталоўцы сталі лепш карміць. Славік неяк сказаў у часе абеду сваім хлопцам:
        – Архімеды, растлумачце мне, чаму ў вас не могуць увесь час вось так працаваць – роўна, рытмічна, каб не псаваць людзям нерваў.
        – Пачынае думаць хлопчык, – кінуў Косця, калі Славік, выслухаўшы супярэчлівыя адказы, пайшоў у буфет купляць папяросы.
        – Толькі ўсё ў яго вось так, – Ходас дастаў правай рукой, цераз галаву, сваё левае вуха.
        Генрых далікатна, двума пальцамі, паправіў пазалочаныя акуляры. Хмыкнуў:
        – Але ж і артадокс ты, Іван. Быць табе прафсаюзным лідэрам, бо ад усяго складанага ты ўмееш адмахнуцца.
        А Славік задаў пытанне, на якое не так проста адказаць.
        – Адзін дурань можа спытаць такое, што не адкажуць сто разумных.
        – Але няхай яны паварушаць мазгамі, разумныя, – нечакана і чамусьці злосна сказаў Тарас. – А то ў нас, сапраўды, некаторыя толькі перад святамі запускаюць вось гэтую «кібернетычную машыну», – ён пастукаў пальцам па лбе, – на поўны ход.
        Ходас не адразу зразумеў, каго падтрымлівае брыгадзір. А Генрых пускаў з акуляраў вясёлых зайчыкаў на твары сяброў.
        – Прычын арытмічнай работы завода – адна тысяча дзвесце сорак чатыры і шэсць дзесятых. Каб мы з табой, Іван, іх выявілі, раскрылі і апісалі, нам можна было б прысвойваць дактароў навук.
        – У тым і бяда, што мы іх не выяўляем, – сказаў Тарас ужо лагодна, без злосці.
        – А давайце зробім пачатак! – Косця любіў выказваць самыя нечаканыя прапановы і сам жартаваў з гэтага: «З сотні хоць адна ды будзе разумная». – А каб не выяўляць усіх тысячы двухсот Генрыхавых прычын, выявім адну: чаму цяпер усё пайшло нармальна?
        – Вахта, – коратка і вычарпальна растлумачыў Васіль Лапацін, вымакваючы хлебам рэшткі соўсу на талерцы.
        – А Косця мае зерне...
        – Адно? Я маю мяшок.
        – Не блазнуй.
        – Ён у Славіка вучыцца.
        – Я ў тым сэнсе, – Тарас звяртаўся да Генрыха, ён быў іх «галоўны тэарэтык», – што прычыны арытмічнай работы, можа, яны і выяўляюцца... А калі работа наладзіцца так, як у нас цяпер, усялякі аналіз канчаецца. Пачынаем славасловіць, раздаваць прэміі...
        – Любім «ура» крычаць, – азваўся Славік, пачуўшы апошнія Тарасавы словы. Кінуў на стол пачак папярос. – «У нас не паляць», – прачытаў шыльдачку на сцяне і чыркнуў запалку.
        – «Ура» вядзе на штурм, – сказаў Лапацін, адстаўляючы нарэшце талерку. – Не, Вера смачней гатуе.
        – Таму, відаць, і крычым, што часта прыходзіцца штурмаваць, – засмяяўся Генрых.
        – Вера гатуе смачней? – усумніўся Косця, гарэзліва падміргнуўшы Генрыху. Той прыняў «эстафету», сказаў сур’ёзна, амаль трагічным голасам, звяртаючыся да Тараса:
        – Няшчасная. Я ёй не зайздрошчу.
        Лапацін, які не адчуваў гумару гэтак жа тонка, здзівіўся:
        – Каму? Веры? Чаму?
        – Паспрабуй нагатаваць на такога абжору, – бліснуў зубамі Косця.
        – Ну і пустабрэхі!
        – Трэба будзе пагаварыць на парткоме...
        Славіку падабалася, што ў брыгадзе ўмеюць і пажартаваць і пагаварыць сур’ёзна, глыбока, і пераходы гэтыя ад жарту да сур’ёзнага і наадварот заўсёды нечаканыя, раптоўныя.
        Увогуле яму ўсё больш і больш падабаліся хлопцы. Нават з Ходасам стала менш сутычак. Вось толькі з Тарасам...
        ...На другі дзень пасля «дуэлі» ён не пайшоў на работу. З такім вокам сорамна было на вуліцу высунуцца, не толькі на завод. Усю раніцу сварыўся з Ірай, якая даволі-такі злосна кпіла з яго «ліхтара», не верачы, што ён зваліўся з матацыкла. Пайшла Іра ў інстытут – шукаў, куды маці схавала каньяк. Перавярнуў усю кватэру. У шуфлядзе Ірынага стала, пад старымі канспектамі знайшоў яе дзённік. З цікавасцю чытаў. Дзяўчына пісала пра сваё каханне, пра сваё жаданне адкрыцца яму і пра сваю боязь і сарамлівасць зрабіць гэта першай. Славік доўга не мог уцяміць, хто «Ён». Займеннікі, што замянялі яго імя, Іра пісала з вялікай літары.
        «Звяртаецца, як да Бога», – смяяўся Славік, паціраючы рукі і калені ад злараднасці. Вось цяпер ён жыцця не дасць сваёй дарагой сястрыцы. Не, ён прымусіць яе служыць, як вернага сабачку, калі яна не хоча, каб ён выдаў яе тайну. Каб толькі яшчэ расшыфраваць яго імя!
        Нарэшце ён дайшоў да апісання таго дня, калі ўся брыгада і Маша абедалі на дачы. Іра больш не хавала яго імя.
        Адкрыццё ашаламіла Славіка. Знікла жаданне помсціць сястры, кпіць з яе. Наадварот, стала шкада дзяўчыну. Уразіла Ірыніна празорлівасць: «Я адразу адчула ў гэтай рудой саперніцу. Маё няшчаснае каханне! Ты яшчэ не засвяцілася для Яго і для ўсіх, а на цябе ўжо насоўваецца хмара».
        Не, ён, Славік, адпомсціць яму – за сябе, за сястру!
        Але прачытаўшы, ужо без асаблівай цікавасці, яшчэ пару старонак дзённіка, ён разважаў інакш.
        А можа, лепш зрабіць так, каб Ірына адкрылася яму? Памагчы ёй. Тады можа здарыцца, што ён адмовіцца ад Машы.
        Славік лаяў сястру:
        «Авечка! Да дваццаці двух год дажыла, інстытут канчае, а паводзіць сябе, як сямікласніца. Уздыхае, дзённічак піша!.. Дурніца!»
        Узлаваўшыся, шыбануў тоўсты сшытак на ложак. Але праз хвіліну з пэўнай павагай палажыў дзённік назад у шуфляду.
        «Усё пераблыталася. Сам чорт нагу зломіць. А «стары конь» скардзіцца, што няма цікавых сюжэтаў. Залез у нейкія архівы і ні храна не бачыць вакол сябе. А тут такія трыкутнічкі будуюцца! Пра любоў трэба пісаць, стары, калі хочаш, каб цябе чыталі», – глыбакадумна параіў бацьку. Дакараў маці: «А гэтая маралістка, як гусыня, толькі асцерагае: каб лішняе з’елі дзеткі і лішняе не выпілі. Жратвы поўны халадзільнік, а каб хоць на кампрэс дзе стаяла – дык не. Куды яна дзявала каньяк? Няўжо выліла? Бутэлькі няма», – злаваўся ён, не перастаючы шукаць.
        Урэшце Славік зразумеў, што ўсё гэта – пошукі каньяку (выпіваць яму зусім не хацелася), развагі пра бацьку і маці, пра Ірына каханне – не што іншае, як безнадзейная спроба адвесці думкі ад галоўнага: што робіцца ў брыгадзе? Не прызнаючыся сам сабе, ён пакутаваў ад думкі, што Тарас усё раскажа і абураныя хлопцы выганяць яго. Са здзіўленнем ён упершыню адчуў, што яму шкада пакідаць брыгаду. Куды ён пойдзе ад іх?
        Калі пад вечар да яго заглянулі Косця і Генрых, Славік спалохаўся: што яны хочуць? Што прынеслі? А калі хлопцы шчыра, па-сяброўску прывіталіся і Генрых сказаў:
        – Ну як? Косці цэлыя? Чорт вас нёс на гэтым матацыкле. Маглі насмерць разбіцца.
        Славік траха не падскочыў ад радасці. Асабліва яго здзівіла і рассмяшыла, што яны аднолькава хлусяць, ён таксама плёў шафёру, які падвозіў яго да горада, пасля сястры і бацьку, што ўпаў з матацыкла. Тое, што Іра і бацька, прыехаўшы з дачы, нічога не ведаюць, супакоіла яго яшчэ раніцай. Значыцца, Тарас расказаў адной маці. Ну, маці можна, у яе даволі педагагічнай тактоўнасці.
        Даведаўшыся, як растлумачыў свае сінякі Тарас, Славік адчуў да яго павагу і падумаў: «Гэта па-мужчынску!» Каб ён ведаў, што гісторыю з матацыклам выдумалі калектыўна, брыгадай... Спачатку Тарас растлумачыў хлопцам пра свой сіняк проста:
        – Ударыў адзін п’яны дурань.
        Але ўсё расказаў Косцю. Была ў гэтага смяшлівага рамантыка дзівосная прыцягальная сіла: усе яму давяралі свае самыя таемныя сакрэты і думкі. Косця сказаў, што сітуацыя даволі сур’ёзная, а таму варта яе абмеркаваць у брыгадзе. Пасля змены ў тым жа пакоі інтэрната за зачыненымі дзвярамі ішла гарачая размова.
        Ходас даказваў, што Славіка трэба гнаць прэч, пакуль ён не зганьбіў брыгады.
        Генрыху гісторыя з «дуэллю» здавалася надзвычай вясёлай. Ён жартаваў:
        – Ты ведаеш, я ўвесь час мару, каб хто-небудзь другі закахаўся ў Зою. Выклікаў бы саперніка на дуэль... Паказаў бы сваё рыцарства.
        Вася прызнаўся, што ён таксама «заехаў аднаму па мордзе», калі той пачаў занадта завіхацца каля Веры.
        – Жах, жах! – хапаўся за вушы Косця. – Выходзіць, усе вы з радзімымі плямамі праклятага капіталізму. Івана салам не кармі, дай залезці на высокую трыбуну. Славалюбства! Васіль баіцца ўласнай жонкі. Баязлівасць! Брыгадзір наш, замест таго каб правесці выхаваўчую работу, выбівае вучню сківіцу... Адзін я...
        – Балбатун ты!.. Самая шкодная загана! Ты любую справу ўтопіш у словах. Кажы сваю прапанову.
        – Статус-кво. Усе застаюцца, як у Берліне да заключэння мірнага дагавору. Вы ўпалі з таго матацыкла, на якім я ўчора ездзіў да бацькоў.
        Усіх рассмяшыла Косцева прапанова. З ёй пагадзіліся. Паспрачаліся аб другім.
        Лапацін прапанаваў, каб Тарас аб’явіў Машы байкот: няхай не водзіць адразу двух. Тарас пачырванеў, разгубіўся. Косця сказаў, што такія пытанні нельга вырашаць калектыўна.
        – Дамаўляліся, што ў нас не будзе тайны адзін ад аднаго, – сказаў просталінейны Ходас.
        – Я не раблю тайны з таго, што Маша падабаецца мне, – адказаў Тарас. – Але...
        – Але, – падхапіў Косця, – гэта не значыць, што ён павінен дакладваць нам, пра што гаварыў з дзяўчынай. Так можна дайсці да таго, што патрабаваць у Васіля справаздачы, пра што ён шаптаўся ўначы з жонкай. Гэта будзе ўжо не дружба, а гвалт, прымус... Можна ўзненавідзець адзін аднаго!
        – Тады як зразумець, што Шыковіч працуе ў брыгадзе, а жыве, як воўк? І ўчынкі воўчыя. А мы гуляем у хованкі. Я супраць любога індывідуалізму! – Ходас ніколі не ўмеў так ясна аргументаваць свае думкі, як гэта рабіў Косця, гаварыў траха не лозунгамі і ў сваёй упартасці часта быў непаслядоўны.
        – Нікога нельга абавязаць быць шчырым і адкрытым, – падсумаваў Тарас. – Славік павінен паверыць у нашу шчырасць.
        Ён сказаў гэта і спалохаўся: а як яму, брыгадзіру, праявіць сваю шчырасць пасля таго, што здарылася?
        Славік таксама ішоў на працу са страхам: як яны сустрэнуцца? Не, нічога. Працягнулі рукі адзін аднаму, усміхнуліся. Знешне як быццам нічога не змянілася. Знешне...
        А што рабілася ў кожнага ў душы?
        Тарас стараўся перамагчы сваю непрыязнасць. Але пакутаваў ад рэўнасці. Яму здавалася, што Маша сустракаецца з ім рэдка, неахвотна і сумуе, калі яны ходзяць па асенніх вуліцах. Яму рабілася таксама сумна. Ён падазраваў, што яна не перастае сустракацца са Славікам, хоць яна запэўнівала, што пасля таго ні разу не бачыла маладога Шыковіча. Але Тарасу ўспаміналася, як весела і легкадумна яна смяялася, калі ён расказваў ёй, што ў іх адбылося. Безумоўна, ёй падабаецца вось такі вясёлы, бесклапотны рызыкант і пазёр. То няхай бы сказала! Тарасу да болю было крыўдна: чаму яна, якая здалася яму такой разумнай, не хоча быць з ім да канца шчырай? Калі ў яе сэрцы няма кахання, ён згодзен застацца добрым сябрам. Абы была шчырасць.
        А Маша не хлусіла. Славік званіў ёй, дамагаўся спаткання. Яна са смехам адказала, што баіцца яго: «Яшчэ застрэліш».
        Рэўнасць яго патухла разам з «ліхтаром» пад вокам. Але такі яе адказ моцна закрануў самалюбства.
        «Ага, сабака, расказаў! Чакай жа!» – зноў узлаваўся ён на Тараса. Не верыў яго добразычлівасці. Ставіўся з падазронасцю. Чапляўся без усялякай прычыны.
        – Ты чаму глядзіш на мяне так? – спытаў ён аднойчы ў Тараса, калі яны выпадкова апынуліся ў цесным праходзе паміж станкамі-волатамі. Вось тут бы ім і пагутарыць па шчырасці. Дык не – у кожнага гонар.
        – А як я гляджу на цябе?
        – Як? Як воўк на авечку. З такім замілаваннем.
        – Хачу з’есці.
        – Паломіш зубы.
        – Дурны ты, Слава.
        – Ты вельмі разумны.
        Над іх галовамі з грукатам прайшоў кран. Славік падскочыў, схапіўся за крук і ўскочыў на станок.
        Ніна спыніла кран, высунулася з будкі, махала кулаком. Славік пасылаў ёй паветраныя пацалункі. За такую хлапчуковую выхадку трэба добра прабраць. А ён, брыгадзір, не можа. Не можа сварыцца, каб не ўскладняць адносіны. Тарас упершыню падумаў, што, відаць, Ходас мае рацыю: такога не перавыхаваеш. Можа, усё было б добра, каб не яна, Маша. Стала яна паміж імі.
        Нінка спусцілася са сваёй будкі, закрычала на ўвесь цэх:
        – Калі вы камуністычная брыгада, дык і паводзьце сябе па-камуністычнаму. Я праз дурняў у турму не хачу садзіцца.
        На гэты раз Косця і Генрых, якія добраахвотна шэфствавалі над Славікам, добра-такі намылілі карак яму.
        А на другі дзень Славік запрасіў Нінку ў кіно. Яна доўга вагалася. Але яе ніхто яшчэ з хлопцаў ніколі не запрашаў. І яна не ўтрымалася ад такой спакусы. Хіба мала пішацца ў кніжках, паказваецца ў кіно, што любоў пачынаецца са сваркі?

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.