РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сэрца на далоні
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
39
40
28
        
28

        
        Гукану гарком даручыў прысутнічаць на станкабудаўнічым заводзе. Мітынг адбыўся ў апошні дзень з’езда.
        Заводскі двор – мора замасленых кепак і палінялых касынак. Трыбуна – грузавік з адкінутымі бартамі – была абсталявана ў глыбіні двара.
        Рашэнні дваццатага з’езда аб кульце Гукан прыняў параўнаўча спакойна. Была кароткая разгубленасць, але ні ў якім разе не спалох. Магчыма, усе іншыя пачуцці перамагла тады сенсацыйная цікаўнасць. За пяць год умацавалася перакананасць у тым, што культ сапраўды прынёс шкоду, і ён, Гукан, зусім шчыра гаварыў пра гэта ў сваіх дакладах і выступленнях. І, здавалася яму, гэтак жа шчыра змагаўся за адраджэнне ленінскіх норм кіраўніцтва і жыцця. Рашэнне гэтага, дваццаць другога, з’езда ён таксама прыняў як заканамерную з’яву. Але калі на мітынгу – першы ж пасля сакратара парткома – Тарас Ганчароў нечакана прапанаваў знесці заводскі помнік, Сямён Парфёнавіч неяк балюча скалануўся і... спалохаўся. Не так даўно ён адкрываў гэты помнік.
        Ведаючы, што Ганчароў – прыёмны сын Яраша, ён адразу падумаў: «Адна хеўра. Анархісты!»
        Яму варта было выступіць, ён не выступіў – не ведаў, што сказаць.
        Адпусціўшы машыну, пайшоў пехатой па вуліцах, якія забудоўваліся пад яго кіраўніцтвам. Ён падумаў пра гэта – што амаль увесь новы горад будаваўся пры яго ўдзеле, пад яго кіраўніцтвам. Ён заўсёды адчуваў сябе гаспадаром горада. Гэта надавала яму ўпэўненасці, сілы. І раптам цяпер адчуў, што ніякі ён не гаспадар тут...
        Але ад гэтага адчування яму зрабілася страшна. Упершыню ён не радаваўся рашэнням партыі, а ён жа заўсёды лічыў сябе самым верным яе сынам. Што ж здарылася, Сямён Парфёнавіч? Што змянілася? Вось ад гэтага яму сапраўды стала страшна, аж кінула ў пот, хоць апошні кастрычніцкі дзень быў ужо амаль па-зімоваму халодны. Ён падумаў пра Шыковіча і Яраша, падумаў неяк зусім інакш, чым думаў дагэтуль, – без сувязі з гісторыяй, якую расказала Гаецкая, з учынкам Славіка, выступленнем Тараса. Ён пазайздросціў ім. Лёгка ім жывецца, калі што і няясна, незразумела, то – пра другіх, а ў саміх іх, напэўна, усё ясна і ўсё проста. А вось ён, Сямён Гукан, у самім сабе не можа разабрацца. Хто і што ён, маленькі чалавек, радавы работнік? (Ён раптам пачаў думаць пра сябе як пра зусім маленькага чалавечка.) «З якою радасцю ты зрабіў бы іх правакатарамі». Няпраўда, таварыш Тарасаў! Я нікога не думаю рабіць правакатарамі! – хацелася крыкнуць яму на ўвесь горад.
        Дадому ён прыйшоў разбіты, з галаўным болем. Хацелася легчы ў ложак, выклікаць лекара.
        Жонка яго, Вольга Раманаўна, старая і шчырая работніца ашчаднай касы, раней газеты толькі праглядала і чытала галоўным чынам фельетоны ці тыя матэрыялы, якія хто-небудзь перад гэтым параіў. А тут за вялікім сталом сядзела абкладзеная кіпамі газет.
        Гукан заглянуў цераз жончына плячо, вырваў вачамі абзац, другі. Захацелася яму шчыра, па-сямейнаму, без сведак, пагутарыць з жонкай. Яна, на яго думку, не надта разумная, аднак па-жаночы чулая. За трыццаць год добра вывучыла яго, неаднойчы ў цяжкую хвіліну суцяшала, можа, і цяпер зразумее, як нялёгка яму.
        – Як табе, Оля, падабаецца ўсё гэта?
        – Што?
        – Ну, з культам...
        – А што? Правільна! Не так трэба служыць народу, каб быць побач з Леніным, – не ўзняўшы галавы, адказала жанчына.
        Сямёна Парфёнавіча чамусьці ўзлаваў яе такі адказ і тое, што яна не адарвалася ад газеты.
        – Разумныя вы ўсе пасталі! Заднім чыслом. Палітыкі ліпавыя! Абед давай! Зачыталася!
        Здаралася, што раней ён гэтак крычаў на яе, у маладосці. Але калі выраслі і раз’ехаліся дзеці, а ў іх пасівелі галовы, Сямён многа год ужо такім тонам з ёй не размаўляў.
        Вольга Раманаўна здзівілася. Пільна паглядзела на мужа. Яна не разумела яго. Чаму ён у такой злосці, калі ўвесь народ радуецца? Мякка спытала:
        – Што здарылася, бацька? Непрыемнасці?
        Яму зрабілася няёмка, ён памякчэў:
        – Ніякіх непрыемнасцей няма. Стаміўся. У сэрца коле.
        – Прымі валідол. Паляжы, пакуль я згатую што-небудзь. Я сапраўды зачыталася.
        Ляжаць Сямён Парфёнавіч не здолеў. Лекара не выклікаў. Пахадзіў па трох пакоях сваёй кватэры, пачытаў газеты, паглядзеў па тэлевізары канец нейкага замежнага кінафільма – нічога не зразумеў.
        Зноў вяртаўся ў думках да заводскага мітынгу.
        Ён не дапускаў думкі, што не згодзен з рашэннем з’езда. Не, ён згодзен. Але ўсё-такі, здавалася яму, нешта рабілася не так. Асабіста ён так не зрабіў бы.
        Вось хаця б з помнікамі гэтымі... Прыгадалася, што помнік на плошчы рабіўся ў першы год яго старшынства. Ён, гаспадар горада, прыклаў столькі энергіі. Было ўрачыстае адкрыццё. Свята. Мітынг. Ён казаў прамову, і прамова яго была адной з лепшых. Праўда, напісаць яе дапамог Шыковіч. Ён, Гукан, пазваў, і той адразу ж з’явіўся, сеў за працу... Быў парадак. А цяпер? Той жа Шыковіч, сярэдні журналіст, паводзіць сябе бог ведае як. Усё хоча перавярнуць дагары нагамі.
        Моцна кальнула ў сэрца. Сямён Парфёнавіч прыціснуў руку да грудзей, быццам жадаючы падтрымаць яго, сваё патрывожанае сэрца.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.