РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сэрца на далоні
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
39
40
37
        
37

        
        Зося, пачуўшы званок, таропка адчыніла дзверы, убачыла Антона Кузьміча аднаго і спалохалася.
        Яна чакала яго колькі дзён і... баялася. Ён таксама трохі сумеўся і нейкі міг стаяў за дзвярамі, на асветленай пляцоўцы, расчырванелы, велічны, у багатай «баярцы», шалікавы каўнер з нейкага адмысловага футра заінеў наперадзе і, здавалася, ззяў пад святлом. Доктар трымаў некалькі пакункаў. Марозам і снегам, водарам елкі, святочным пахам пакупак і яшчэ нечым прыемным, здаровым павеяла ад яго на Зосю. Яна ўдыхнула ўсё гэта, і ў яе закружылася галава. Яна адступіла ад дзвярэй. Ён увайшоў, зачыніў дзверы. У калідорчыку не было ўключана святло, і яны апынуліся ў паўзмроку.
        Зося мацала па сцяне, шукала выключальнік і ніяк не магла знайсці. Антон Кузьміч цераз яе галаву працягнуў руку і адразу ўключыў святло, але пры гэтым упусціў адзін з пакункаў. Нешта шкляное разбілася. Зося хутка нахілілася, каб падняць пакунак. Ён таксама ў гэты міг нахіліўся, і яны стукнуліся галовамі, добра, што шапка яго такая мяккая.
        Антон Кузьміч засмяяўся:
        – Гэта на шчасце.
        Яна не зразумела, што на шчасце, ці тое, што нешта разбілася, ці тое, што яны стукнуліся, але таксама засмяялася.
        Ён сказаў тут жа ў калідорчыку, трошкі ўрачыста, трошкі афіцыйна:
        – Віншую вас, Соф’я Сцяпанаўна, з наступаючым Новым годам. Жадаю... Ну, жадаю ўсяго самага найлепшага. Рад быў бы сустрэць Новы год з вамі. Але не магу. Буду ў гасцях. Вось зайшоў... павіншаваць... І маленькі падаруначак прыміце...
        Ён працягнуў адзін з пакуначкаў. Яна збянтэжылася:
        – Што вы! – але ўзяла і прытуліла да грудзей, як нешта самае дарагое.
        – Я сёння паўдня, як Дзед Мароз, разношу падарункі. Люблю прынесці хоць маленькую радасць.
        – Маленькую?!
        Ёй варта было прапанаваць яму распрануцца, запрасіць у пакой. Але яна на ўсё забылася. Стаяла перад ім, скрыжаваўшы на прыціснутым да грудзей падарунку рукі, але баялася падняць галаву, каб глянуць у яго вочы.
        Антону Кузьмічу таксама зрабілася няёмка.
        – Ну, прабачце, – сказаў ён. – Яшчэ раз віншую. Шчасця вам і здароўя... Мой першы клопат...
        Тады яна расставіла рукі, трымаючы ў адной за матузок падарунак, як сляпая, ступіла да яго і раптам... прыпала тварам да халоднага паліто, да пахучай поўсці каўняра.
        Ён зусім разгубіўся, не ведаючы, што рабіць.
        – Што з вамі?
        Яна адказала не адразу. Праз нейкі момант падняла галаву, глянула нарэшце яму ў вочы, без сарамлівасці, без збянтэжанасці, проста, шчыра, ясна, як глядзяць вельмі блізкія людзі.
        – Са мной? Нічога. – І гэтак жа проста папрасіла, упершыню на «ты»: – Нахіліся, я пацалую цябе, – і паднялася на пальчыках.
        Нечаканая гэтая просьба чамусьці не здзівіла Антона Кузьміча, і ён без вагання нахіліўся і сам пацалаваў яе ў вусны, нязграбна абняўшы – перашкаджалі пакункі. Ёй захацелася ў адказ павіншаваць яго так, няхай будзе так. Што тут асаблівага?
        А яна гэтак жа нечакана і раптоўна – жанчыну ніколі нельга зразумець! – выслізнула з яго рук, павярнулася і, нічога не сказаўшы, пайшла ў пакой.
        Антон Кузьміч неўразуменна паціснуў плячамі і ціхенька, нібы ў кватэры спала дзіця, выйшаў.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.