РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сэрца на далоні
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
39
40
11
        
11

        
        Яраш перад аперацыяй начаваў у горадзе. Шыковіч ляцеў на сваім «Масквічы» адзін, рызыкуючы апынуцца пад адхонам. У прыгарадзе, на чыгуначным пераездзе, быў зачынены шлагбаўм. Старэнькі закапцелы паравозік з адной платформай дошак манеўраваў быццам на здзек шафёрам. Шыковіч, машына якога стаяла першая, утыркнуўшыся ў шлагбаўм, кіпеў: крычаў вартаўніцы, пагражаў кулаком машыністу, праклінаў усе чыгуначныя парадкі.
        А ў бальніцы яго не прапусціла другая вартаўніца – у белым халаце. Дарэмна ён даказваў, што запрошаны самім Ярашам прысутнічаць на аперацыі, што ён карэспандэнт, пасля выдумаў, што асістэнт і без яго не будуць аперыраваць і ўвогуле ўсё паляціць дагары нагамі.
        – Нічога не ведаю. Ніхто нічога не казаў, – флегматычна адказвала старая жанчына, не без цікаўнасці, аднак, назіраючы праз акенца, як нервуецца гэты поўны, лысаваты ўжо мужчына ў пакамечаным парусінавым касцюме.
        Шыковіч скрыгатаў зубамі. Успомніў, што Антон не вельмі ахвотна згадзіўся, каб ён прысутнічаў на аперацыі. Няўжо перадумаў? Не пусціць? Пажартаваў. Аднак за такі жарт... Кірыла хадзіў каля варот, круціў у руцэ ключы ад машыны і выдумляў сябру самую страшную кару.
        Але раптам адчыніліся дзверы, і юная істота ва ўсім белым ветліва запрасіла:
        – Кірыла Васільевіч? Калі ласка, праходзьце.
        І куды дзеліся яго злосць і абурэнне! Ідучы па бальнічным двары, ён узяў сястру за локаць. Яна глянула на яго, збянтэжана ўсміхнулася, вызваліла руку. Але ад гэтага дотыку да маладосці ён таксама адчуў сябе маладым, бадзёрым, свежым, як той ліпеньскі ранак.
        На другім паверсе, у асобным пакоі, сястра памагла яму надзець стэрыльны халат, шапачку, павязку і палатняныя бахілы вышэй каленяў. Ён пажартаваў, што ўпершыню ў жыцці падобны на прафесара. Яна не ўсміхнулася на яго жарт. Правяла па калідоры, паказала на дзверы:
        – Сюды.
        У перадаперацыйнай было многа людзей у белых халатах, з ссунутымі на падбародкі маскамі. Але ніхто з іх нічога не рабіў. Усе чакалі. Шыковіч зразумеў, што гэта такія ж назіральнікі, як і ён, – маладыя лекары, практыканты.
        Ён пачаў разглядаць інструменты ў шкляных шафах, будку для стэрылізацыі з адчыненым акенцам у аперацыйную. Падумаў, як нялёгка вывучыць назвы і прызначэнні ўсіх гэтых інструментаў – іх тысячы. Хацеў пачуць, што лекары гавораць пра сённяшнюю аперацыю. Але побач з ім малады высокі мужчына, яўна заляцаючыся, шаптаў чорнай тоўсценькай дзяўчыне:
        – Клава, махнём пасля абеду ў Палянкі? На кацеры?
        – На Будаеў луг. Там пляж лепшы.
        Шыковіч абурыўся: вось-вось будзе вырашацца лёс чалавека – жыццё ці смерць! – а яны, чэрці, пра пляж думаюць.
        На яго не звярталі ўвагі.
        «Як у лазні. Усе роўныя».
        Жанчына, што сядзела за сталом і нешта занатоўвала ў журнал, паднялася і шырока адчыніла дзверы аперацыйнай.
        Кірыла ўбачыў Яраша. Той стаяў у кутку вялікай залы, выставіўшы перад сабой да локцяў голыя рукі, нібы ўзважваючы растапыраныя пальцы. Белізна яго шапачкі аж ззяла ў святле раніцы. А святла гэтага, роўнага, ледзь-ледзь падзеленага водбліскам дрэў і шыб, лілося мора: уся сцяна – шкло.
        Незвычайны ў сваёй паставе і адзенні, велікан побач з нізенькім Майзісам, якому сястра, як малому, выцірала салфеткай рукі, галоўны хірург здаваўся звышчалавекам, богам.
        Кірыла падумаў: «Як можа пераўтварыцца чалавек! Ці той гэта Антон, просты, свойскі, шчыры хлопец?»
        Той. Убачыў сябра і кіўнуў галавой, усміхнуўся зусім звычайна. Нацягнуў тонкія гумавыя пальчаткі, падышоў бліжэй да дзвярэй. Сказаў да ўсіх, хто чакаў у перадаперацыйнай:
        – Таварышы! Не скажу, што аперацыя незвычайная. Але адказная. Хворай трыццаць шэсць год. Могуць быць любыя нечаканасці. Прашу: ніякіх каментарыяў. Поўная цішыня. Каму дазволіў, сядайце тут, – ён кіўнуў на лаўку каля сцяны, адгароджаную шырмай са стэрыльных прасцін. – Астатнія глядзяць па тэлевізары. Калі ласка, – і адступіў убок.
        Чалавек сем хірургаў-практыкантаў, бесцырымонна адціснуўшы Шыковіча ўбок, хутка і смела прайшлі ў аперацыйную, залезлі за шырму.
        «Прабіўны журналіст», можа, упершыню разгубіўся – што рабіць, адкуль глядзець? Але пачуўся голас Яраша:
        – Кірыла Васільевіч! Заходзь!
        Шыковіч нясмела ступіў у «святую святых» медыцыны. Цяпер на яго звярнулі ўвагу. У аперацыйнай таксама было нямала людзей. Маша, у масцы ўжо (праз гэта Кірыла не адразу пазнаў яе) і ў пальчатках, перакладала на маленькім століку бліскучыя інструменты, быццам лічыла, ці ўсё ёсць. Яна ўсміхнулася яму вачамі. Майзіс здалёк памахаў рукой. Гледачы пачалі перашэптвацца: «Хто гэта? Хто?» Яраш наблізіўся, па-сяброўску падміргнуў, паўшэптам спытаў:
        – Не баішся?
        Кірыла ў адказ тайком паказаў яму кулак. Гэта быў працяг іх дачнай размовы. Жонка адгаворвала яго ісці на аперацыю:
        «Самлееш ты, Кірыла, я ж ведаю, як ты баішся крыві».
        «Ну, глупства, самога мяне рэзалі – не млеў».
        Галіна Адамаўна, наадварот, падтрымлівала яго жаданне: «Нічога страшнага. Яраш жартаваў».
        Ён і цяпер засмяяўся:
        – Аднак садзіся з краю, на выпадак чаго.
        Практыканты паціснуліся, і Шыковіч сеў за шырмай.
        Першае, што ўразіла яго, – гэта спакой сябра. Там, у лесе, каля іх вогнішча, расказваючы план аперацыі, Антон хваляваўся, бадай, больш і прызнаваўся ў гэтым. А тут – ходзіць, як упэўнены ў перамозе спартсмен. Хоць бы чым-небудзь выдаў сваю ўзрушанасць.
        Кірыла прыкаваў да яго позірк.
        «Не, не можаш ты быць такім спакойным. На чым-небудзь сарвешся, выдасі сябе».
        Аднак ніводная рыска не ўздрыгвае на твары хірурга. Хіба толькі залішне пільна сочыць ён за калегамі і памочнікамі, якія таксама даволі спакойна поркаюцца каля апаратаў.
        Апараты... Апараты... Розныя. З экранамі. Без экранаў. На калёсіках. З правадамі. Са шлангамі. Кірыла ўспомніў Ярашавы «лекцыі» па хірургіі, фразу, якую той аднойчы кінуў яўна з гонарам:
        «Мая аперацыйная цяпер – што цэх».
        Сапраўды, што цэх.
        Вунь тая зялёная скрынка з лейкай, шкляным балонам, сігнальнымі лямпачкамі, ці не той гэта апошні цуд, па які Яраш ездзіў у Кіеў, – апарат «сэрца – лёгкія»?
        Яраш нешта кажа сваім памочнікам. Лекары адказваюць незразумелымі Шыковічу словамі.
        Нечакана адчыняюцца другія дзверы. Санітары хутка і бясшумна падводзяць хворую і гэтак жа, да абразлівасці хутка, быццам нежывую, кладуць на аперацыйны стол.
        А яна жывая. Яна звычайная. Нават прыгожая. Вялікія вочы, і ў позірку іх не страх, а як бы здзіўленне і любаванне ўсім, што ўгледзела. Зося Савіч! Шыковіч бачыць яе ўпершыню. А вобраз яе ўжо месяц жыве ў яго ўяўленні – пасля таго як Яраш расказаў пра яе. Дзіўна. Менавіта такой яна і ўяўлялася. Да незапамінальнасці звычайная з твару. Маленькая жанчына, спакутаваная жыццём і хваробай... Але ён убачыў больш: схаваную, замураваную пакутамі прыгажосць, абаяльнасць і... мужнасць. Усё гэта цяпер толькі ў яе вачах, у яе позірку.
        Кірыла ажно прыўзняўся, каб добра разглядзець твар жанчыны. Запомніць. Ці ўбачыць ён яе, жывую, другі раз?
        Яраш, усё такі ж спакойны і велічны, прыветліва ківае ёй галавой. У адказ яна заплюшчвае вочы: маўляў, я ўсё разумею, не турбуйцеся, я на ўсё гатова. Нічога не сказаўшы, ён адыходзіць. Працягвае рукі Машы. Яна спрытна сцягвае пальчаткі і накрывае яго вялікія рукі салфеткай. Ён садзіцца. Ён адпачывае. Можа, апошні раз прадумвае план аперацыі. А яго памочнікі – лекары і сёстры – не вельмі каб спешліва падключаюць да хворай датчыкі апаратаў: пад спіну, да галавы, да рукі, да нагі... Правады, шлангі звісаюць над сталом. Шыковічу чамусьці больш за ўсё кінуўся ў вочы і запомніўся маленькі апарацік, які надзелі Зосі на левае вуха. (Пасля ён даведаўся, што гэта аксігемометр – прыбор, які вызначае насычанасць крыві кіслародам.)
        Яраш расказваў яму пра назначэнне многіх апаратаў. Але цяпер у галаве ў Шыковіча ўсё пераблыталася. Ды прыборы і машыны яго ніколі не цікавілі. Цікавяць людзі. Цяпер больш за ўсіх яна, Зося. І лекары. Здавалася, злачынна павольна яны ўсё робяць. Хіба можна ў такі момант быць такімі марудамі? Хацелася крыкнуць Антону: «Чаму ты ўсеўся, як Буда? Падгані іх!»
        У самога яго ўсё часцей і мацней б’ецца сэрца. Ён амаль пачынае дрыжаць ад хвалявання і нецярплівасці: хутчэй, хутчэй! Нарэшце Майзіс, першы асістэнт, кідае:
        – Гатова, Антон Кузьміч.
        Толькі ў гэты міг бліскае ў шырока расплюшчаных вачах Зосі іскра страху. Шыковіч ловіць гэтую іскру. Невядома, што робіцца ў яе хворым сэрцы, але яго сэрца пачынае грукацець так, што ўдары аддаюцца ў скронях, у руках, у паху – ва ўсім целе.
        – Наркоз! Вера Паўлаўна! – устае з табурэціка Яраш.
        Секунды – і павекі хворай цяжка апускаюцца. Яна засынае.
        Над сталом загараецца велізарнае кола бясценевай лямпы. Нехта адкідвае прасціну, і Шыковіч бачыць яе грудзі, залітыя яркім святлом, зусім дзявочыя, па кулачку, – узгорачкі з ружовымі маячкамі на вяршынях.
        Яму робіцца няёмка, як бывае няёмка глядзець на голую нябожчыцу. Ён пераводзіць позірк на Яраша. Той падыходзіць да стала, хвіліну пільна глядзіць на хворую і раптам праводзіць пальцам пад левай груддзю, потым – ад падложачкі пад паху.
        Вось так ён распаласуе ёй грудзі? Шыковічу робіцца страшна. Дарэмна ён храбрыўся!
        Скіраваць увагу на што-небудзь другое!
        Шчоўкаюць апараты. На адным экранчыку бяжыць блакітная стужка, як тая змейка ў бажоўскім сказе. На другім – маланкі, то ўзлятаюць, то падаюць, пішуць ломаную крывую. Не, не адарвацца яму ад рук хірурга! А ў гэтых руках ужо электраскальпель.
        Шыковіч зажмурваецца, уявіўшы, як пырсне кроў, залье халаты лекараў, прасціны. Але храбрыўся ён дарэмна, крыві ён сапраўды баіцца. Вочы падаюць на падлогу, на Машыны і Майзісавы ногі ў белых панчохах. Нешта ціха патрэсквае, нібы рвецца тканіна. Трэск мацнее. Пахне крывёю. Ён доўга баіцца глянуць на стол.
        Першы позыў на рвоту. Але сорам і страх перамагаюць, і Кірыла прымушае сябе падняць вочы, паглядзець, што робіць хірург. І перад тым, што ён бачыць, на нейкі момант адступае ўсё іншае. Жывое чалавечае сэрца, пра якое ён так многа пісаў, – вось яно, перад яго вачамі, у раскрытых грудзях. Невялікае, трапяткое, а галоўнае – жывое! Пульсуе, б’ецца...
        Кірыла ажно зноў прыўзнімаецца над шырмай, цягнецца, каб лепей разгледзець гэтае цуда.
        Зусім іншы рытм работы хірургаў і лекараў каля апаратаў. Цяпер усе спяшаюцца, усе – уважлівыя і напружаныя.
        – Ціск восемдзесят на пяцьдзесят.
        – Стадыя ўзбуджэння...
        Лічбы. Словы. Шыковіч не ўнікае ў іх сутнасць. Ды каб і хацеў, то не здолеў бы. Маша спрытна мяняе Ярашу пальчаткі. І вось яго пальцы, тоўстыя, але чулыя, абмацваюць сэрца. Удакладняюць дыягназ. Вось сэрца ляжыць на яго шырокай далоні. Жывое сэрца на далоні! І б’ецца, б’ецца, нібы хоча вырвацца.
        Але ў другой руцэ хірурга бліскае скальпель... І гэтая сталь над жывым сэрцам, яна вінавата ва ўсім.
        Калыхнулася сцяна аперацыйнай, паплылі ўбок хірургі. Але Кірыла зноў перамог сябе і надзвычай асцярожна, каб нікому не перашкодзіць, прыціскаючыся да сцяны, рушыў да дзвярэй. Як яны далёка, дзверы! У жоўтым тумане. Але ён дабраўся да іх, адчыніў. Нехта спытаў:
        – Вам блага?
        Ён вінавата ўсміхнуўся:
        – Не.
        Павярнуўся туды, куды глядзелі ўсе, – да экрана тэлевізара. І зноў убачыў яго, сэрца. І ўбачыў нешта зусім жудаснае: тоўсты палец праткнуў яго, маленькае, здалося, ужо нерухомае, нежывое.
        Тэлевізар падскочыў угору, закруціліся плафоны на столі... Нехта закрычаў...
        Больш дапытлівы журналіст нічога не помніў.
        Апрытомнеў у кабінеце галоўнага хірурга. Сястра, якая праводзіла яго, паднесла да твару тампон, змочаны нашатыром. Кірыла чыхнуў. Нашатыр асвяжыў. Але ў галаве гудзела, як у пустым склепе. Цяжкімі зрабіліся ногі, і пальцы іх варушыліся недзе, здавалася, за вярсту. А ў роце быццам ваты напхана, і яна прамакнула ўсю сліну; язык прыліп да паднябення. Ён прыслухаўся да гэтага дзіўнага стану ў целе.
        Сястра схілілася над ім і ўсміхнулася, яму здалося, насмешліва.
        – Нарабіў я вам клопату. – Ён не пачуў ці не пазнаў свайго голасу.
        – Нічога, на першы раз гэта з многімі здараецца.
        Тады ўсплыла карціна таго, што прывяло яго да непрытомнасці, і Кірыла ўстрапянуўся:
        – Што там?
        – Аперыруюць.
        – Яна жывая?
        – Безумоўна. Хіба аперыравалі б на мёртвай?
        Ён на поўныя грудзі ўдыхнуў паветра і адразу адчуў сябе лепш.
        – Ляжыце спакойна, – строга сказала сястра і выйшла з кабінета.
        Ён глядзеў у белую столь і... бачыў сэрца, жывое, трапяткое, на далоні, на шырокай добрай далоні. Яму не рабілася страшна і непрыемна, ён з цікавасцю ўглядаўся ў гэты маленькі і вельмі складаны апарат. Ён мацаў сваё сэрца, слухаў яго ўдары. Але як толькі тоўсты палец, здавалася, чужы, варожы, набліжаўся, каб праткнуць гэты жывы камячок, Кірыла ўвесь скаланаўся, быццам хацелі праткнуць яго сэрца, зажмурваўся, круціў галавой, каб рассеяць прывід. Так паўтаралася колькі разоў, і яго пачало трохі ліхаманіць.
        Заглянула сястра.
        – Як вы тут?
        – Што там?
        – Зашываюць сардэчную сарочку. Я па тэлевізары бачыла.
        Кірыла ледзь не закрычаў. Ліха на іх, як яны гавораць пра такія рэчы! «Зашываюць сардэчную сарочку». Нібы зашываюць начную сарочку.
        Але разам з тым гэта настроіла яго на звыклую, крыху гумарыстычную разважлівасць. Падумаў, як, напэўна, Антон і жанкі будуць кпіць з яго.
        «Усё бярэшся апісаць – нараджэнне і смерць, а сам не мог вытрымаць аперацыі».
        Паглядзеў на гадзіннік. Было адзінаццаць. Каля дзвюх гадзін ужо ідзе змаганне за жыццё чалавека. Не, ён усё-такі напіша пра гэтую аперацыю, хоць Яраш і не хоча, каб пра яго пісалі. І не толькі пра аперацыю... Абавязкова напіша пра гэтую жанчыну. Пра яе жыццё. І пра бацьку яе!
        Задумаўшыся пра сваю работу, Кірыла Васільевіч набыў душэўную раўнавагу і ўспомніў, што на дванаццаць яго выклікаюць на бюро гаркома.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.