РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сэрца на далоні
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
39
40
31
        
31

        
        Маша здзівілася, калі выявіла, што білетаў у Тараса толькі два.
        – Як? Ты не ўзяў на Зосю?
        Тарас моцна збянтэжыўся. І Зося таксама.
        – Ну што ты! Я зусім не хачу перашкаджаць вам.
        – Чым ты, скажы, калі ласка, можаш перашкодзіць нам?
        Маша гаварыла з калідора, куды выскачыла пераадзець плацце. Але пры ўсёй шчырасці адносін да Зосі яна не абуралася. У голасе яе гучала адно вясёлае здзіўленне: эх ты, кавалер! Хіба так можна рабіць?
        Зося сядзела на канапе ў звыклай позе, падкурчыўшы ногі, пакрыўшы іх цёплай хусткай. У кватэры было нават душна, але ў яе ўсё яшчэ жыло нервовае адчуванне, што ногі стынуць; так у калекі жыве боль ампутаванай нагі.
        Да прыходу Тараса яны нешта кроілі, і на канапе былі раскіданы зялёныя і чырвоныя, адмыслова выкраеныя шматкі. Як кветкі. Яна збірала іх і звязвала ў пучкі.
        Маша ўскочыла ў пакой з распушчанымі валасамі. Пачала прычэсвацца перад люстрам. Яны залюбаваліся яе залатымі валасамі. Зося глянула на Тараса з усмешкай сястры, старэйшай. Словамі ён, напэўна, нічога не растлумачыў бы, але вачамі, позіркам здолеў папрасіць у Зосі прабачэння, сказаць: не думайце пра мяне дрэнна, проста мне хочацца... трэба пабыць з ёй удваіх.
        Зося зразумела. Але тут жа адчула, што недзе ў самым далёкім тайнічку яе загоенага сэрца варухнулася зайздрасць, ціхая і добрая. І гэтае пачуццё яна забыла, бо не ведала яго шмат год. А таму спалохана прагнала яе прэч, няхай сабе і добрую зайздрасць. Хіба мае яна права ім зайздросціць? Яны маладыя, шчаслівыя, у іх зусім іншае жыццё...
        Зося любіла Машыных сяброў. Усіх. Любіла, каб яны часцей заходзілі. Яны як бы звязвалі яе з вялікім светам, з новым жыццём, у якое яна ўваходзіла асцярожна і нават з некаторым недаверам. Яны былі розныя, але ўсе шчырыя і добрыя. А лепш за ўсё гаіла яе душэўныя раны дабрата людская. Яна руйнавала рэшткі недаверу яе да людзей і жыцця.
        Тарас заняў у яе сэрцы, у думках асобае месца. Яшчэ ў ссылцы яна часам думала, што, магчыма, каб ёй тады ўдалося знайсці і прытуліць таго хлопчыка, лёс яе быў бы зусім інакшы. Яна зноў падумала пра гэта перад аперацыяй, ёй вельмі хацелася пабачыць Тараса, але яна не адважылася прасіць Антона Кузьміча, толькі расказала, як шукала яго сына.
        Калі Маша паабяцала запрасіць яго, яна моцна хвалявалася, чакаючы іх. Калі ён прыйшоў, была трохі расчаравана: чамусьці ён уяўляўся ёй зусім іншым, магчыма, больш падобным на Яраша. Але пазней Зосі здалося, што ў яе і ў Тараса падобныя характары. Ці не таму, што і лёс іх шмат у чым падобны? Яна палюбіла яго, як брата. Але, каб яна тады знайшла яго, яны б сталі братам і сястрой на ўсё жыццё. Аднак, нягледзячы на гэтую любоў, у апошні час з’явілася нейкая іншая трывога, незразумелая, неасэнсаваная. Яна выяўлялася асабліва выразна заўсёды, калі яны, ён і Маша, вось гэтак збіраліся ісці гуляць, у кіно, у тэатр. Не, гэта не было рэўнасцю ні да яго, ні да яе. Зайздрасць да іх маладосці? Можа.
        Падфарбоўваючы губы (яна, як і ўсё іншае, рабіла гэта ўмела і з пачуццём меры), Маша сыпала ў люстра іскры смеху.
        – Тугадум ты, Тарас. І ўвогуле – мядзведзь. Я здзіўляюся... Рос ты ў горадзе, у такой інтэлігентнай сям’і. Каб ты пабачыў, дзе расла я! – Але сказала яна гэта не са скаргай, а з гонарам і радасцю: расла ў бядзе, а вырасла вось якая, любуйцеся!
        Зося пажартавала:
        – Але. Цяжка паверыць, што ты не панскага роду. Каб я не бачыла твае маці...
        І тут жа зразумела, што сказала недарэчы. Машын твар у люстры адразу змяніўся, дзяўчына цяжка ўздыхнула:
        – Мая маці! – І, як бы спалохаўшыся нечага, кінула фарбу, падхапілася, сказала Тарасу: – Пайшлі, мой верны рыцар. – Падбегла да Зосі, абняла, пацалавала ў шчаку: – Прабач. І не сумуй без нас.
        У фае Тарас неспадзявана для сябе ўбачыў Славіка... з Нінай.
        Славік спачатку аслупянеў. Ён знарок пайшоў не ў цэнтральны, а ў гэты новы, у Залінейным раёне, кінатэатр, дзе бадай выключалася сустрэча са знаёмымі. І раптам на табе. Ды з кім! Ён гатовы быў збегчы куды хочаш, калі Тарас і Маша рушылі да іх. Але схавацца немагчыма, людзей было яшчэ нямнога. Ды і зусім іншае пачуццё спыніла – зачараванасць Машай. Ён даўно не бачыў яе. І калі, пасля сувязі з Нінай, вобраз яе зноў завалодаў яго марамі, то ён часам, каб супакоіць сябе, думаў, што яму толькі ўяўляецца, што яна такая незвычайная, прыгожая, а ў сапраўднасці ўсё хараство яе – выдумка яго ўзбуджанай фантазіі. Аж не. Не! У новым адзенні, недарагім, але элегантным светла-шэрым варсістым паліто і ў кашлатай высокай зімовай шапцы, з-пад якой выбіваліся яе залатыя валасы, яна здалася яму яшчэ больш прыгожай, чым у тую першую сустрэчу на дачы, чым нават уяўлялася ў бяссонныя ночы. Ён проста аслеп ад ззяння яе вачэй, аглух ад яе голасу, непараўнальнага ні з якім другім, задыхнуўся ад непаўторнага, адной ёй уласцівага водару. Ён пачуў гэты прыцягальны водар яе цела, валасоў, вопраткі яшчэ здалёк. Яна смяялася. Яна казала нешта Тарасу. Ён не чуў. Аглушыла і асляпіла яшчэ адно – хваля рэўнасці да свайго брыгадзіра.
        Не ён, а Тарас пазнаёміў дзяўчат. Маша не аглядала Ніну з той крыху зняважлівай цікаўнасцю, з якой аглядалі некаторыя Славікавы сябры. Не, яна, выхаваная жыццём і бальніцай, ніколі не раздзяляла людзей на нейкія катэгорыі, а тым больш не меркавала пра іх па вопратцы, па знешнасці. Але і яна глянула на Славіка са здзіўленнем. Яе здзівіла не Ніна. Яе здзівіў Славік. І ён убачыў гэта і зразумеў. З тае хвіліны ён бачыў усё – кожны яе рух, кожную іскру ў вачах, ледзь прыкметную ўсмешку і пералівы ценяў на твары. І ўсё разумеў з незвычайнай, неверагоднай, проста-такі мефістофельскай праніклівасцю.
        Яму хацелася закрычаць ад роспачы, укусіць самога сябе, калі ўбачыў іх побач, параўнаў. Просценькі, зямны, мізэрненькі «дзятлік» з пачырванелым носам – і Маша!
        Калі хвіліны ўтрапення мінулі і Славік вярнуў сваю самаўпэўненасць і дасціпнасць, ён кінуўся як у вір, як матыль на агонь. Запрасіў усіх у буфет. Частаваў з купецкім размахам. Талерку эскімо. Ешце, хоць пуза расперажыце. Паўкіло «Мішак».
        Як? У гэтым буфеце яшчэ знайшлося шампанскае? Ура гаргандлю! Давайце шампанскае!
        Пратэставаў Тарас. Сарамліва адмаўлялася Нінка. Ён прымушаў іх сілком есці і піць. Ён быў падкрэслена ўважлівы да ўсіх. Але ў сапраўднасці нікога для яго не існавала, акрамя Машы. Уся шчодрасць, усе жарты, усе словы, смех – для яе адной, толькі для яе.
        Тарас нахмурана маўчаў. Хутка пачала разумець і Ніна, што да чаго. Прыгледзелася, прыслухалася – і стала відушчая. Дурная, дурная! Як яна магла падумаць, што Славік пакахаў яе? Спадзявалася, верыла, марыла. Хіба так кахаюць! І хіба такая, як яна, простая кранаўшчыца, патрэбна яму? Яму вось якая краля трэба! Модная, нафарбаваная! Абражаная, пакрыўджаная, Нінка, якую спачатку Славікавы жарты смяшылі, сцішылася, замкнулася, адступіла за круглым столікам ад Славіка да Тараса. Пашкадавала брыгадзіра: перажывае. Сябе не шкадавала. Сябе карала: так табе і трэба, авечка! Кіўнуў табе пальцам, і ты пабегла следам. Як на экране кіно, хутка змяняліся пачуцці, выбухалі адно за адным то боль, то бязгучны горкі смех, то роспач, ад якой хацелася па-бабску завыць на ўвесь буфет, на ўвесь кінатэатр. Не, яна трымалася. Яна ніводным рухам не выдасць сябе. А вось яны... яны страцілі ўсялякі сорам.
        – Праўда. Мне штоноч сняцца марсіянкі. Яны падобныя на цябе.
        – Я ўжо чула пра гэта. Ты не арыгінальны.
        – А што ў гэтым свеце арыгінальнае? Мой бохан неяк сказаў адзіную разумную ісціну: усё новае – даўно забытае старое.
        – Ты выдумаў сам.
        – Каб я мог такое выдумляць, то не завінчваў бы гайкі пад наглядам маэстра Ганчарова. Я слаўлю цябе, Тарас! Вып’ем. За што? За рыжых. Згода?
        – За рыжых я вып’ю. Яны – няшчасныя.
        – Ты няшчасная? Паглядзі на буфетчыцу. Вунь дзе няшчасная.
        – Яна не рыжая. Нафарбаваная.
        – Твае бацькі прадбачылі моду.
        – Не вярзі, Славік. Ты – п’яны.
        – Ад тваіх вачэй.
        – Ад маіх вачэй цверазеюць.
        – Як хто.
        – Ты цверазеў. Я гэта бачыла.
        – А цяпер – нямею...
        «Няўжо яны сустракаліся? – Тарас з натугай пракаўтнуў шампанскае, недарма яно завецца сухое. – Няўжо яна можа хлусіць?»
        «Чаго яна смяецца? – паморшчылася Ніна. – Нічога смешнага няма. Колькі часу яны знаёмыя, што так размаўляюць? Ён пра ўсё расказваў. Толькі пра гэтую рыжую ні слова. Прытворшчыкі!»
        Тарас не вытрымаў:
        – Ты хоць бы цішэй гаварыў. Людзі слухаюць.
        – Слухаюць, бо цікава. Чытаў бы я лекцыю пра спаборніцтва – ніхто і вуха не натапырыў бы. Ты, Маша, слухала б?
        – Я ўсё слухаю.
        – Тарасаў уплыў. Раней ты была больш пераборлівая.
        – Да чаго?
        – Да лекцый. І да людзей.
        «Каб як у нас, у вёсцы, Тарасу трэба даўно даць яму па мордзе». У чарговую ўспышку злосці Нінка пашкадавала, што ўсё гэта адбываецца не ў іх вёсцы, дзе размова вялася прасцей, а дзейнічалі хлопцы з большай рашучасцю. «Тарас перадавы, яму нельга». Яна ўздыхнула.
        А Славік, круцячы ў руках пустую шклянку, ужо чытаў нейкія вершы.
        
         Я ругаю все напропалую,
         А друзьям-товарищам грублю.
         И меня такого не целует
         Женщина, которую люблю.
        
        Нінка запомніла іх і падумала, што Славік сачыніў сам. Зноў-такі – як бы для іх, а ў сапраўднасці для Машы, каб сказаць яшчэ раз, што любіць яе. Яна праверыла:
        – Гэта ты сам напісаў?
        – Мой сябра.
        – У цябе ёсць сябры маскоўскія паэты? – з іроніяй спытаў Тарас.
        – У мяне ўсё ёсць. І нічога няма.
        Жанчына, якую ён любіць, не цалуе яго, і нічога ў яго няма – гэта на нейкі міг суцешыла Нінку, вярнула надзею.
        Пазванілі. Клікалі ў залу.
        Яны падымаліся па крутой лесвіцы першыя – Славік і Маша. Зноў яны забыліся на ўсё, нават на тое, хто з кім прыйшоў і павінен сядзець. Не, на парозе залы яна, рыжая, успомніла-такі пра гэта.
        Але як Славік цягнуўся за ёй позіркам! І калі сеў на месца, то ўвесь час глядзеў у той бок, дзе селі яна і Тарас. І калі патухла святло і пачалася карціна, Нінцы здавалася, што ён глядзіць не на экран, а ўсё туды ж...
        Бяда гераіні расчуліла дзяўчыну. Больш яна не думала пра тое, каб утрымаць Славіка, прымусіць яго жаніцца. Дзякуй Богу, што хоць усё добра абышлося, не здарылася таго, чаго яна падсвядома хацела – каб паставіць хлопца перад фактам – і баялася, баялася, не менш, чым і Славік. Цяпер яна прымала гэта як кару за сваю даверлівасць і дурноту. «Так табе і трэба! Так табе і трэба!» – бязлітасна ўпікала яна сябе і... плакала, смаркалася, выцірала хусцінкай вочы. На яе нават азірнуліся з пярэдняга рада.
        Славік дзівіўся, што яе так расчуліла трагедыя гераіні. Яму смешна стала, бо яго асабіста ўся кінагісторыя не ўсхвалявала ні на грам, не кранула ніводнай стрункі душы. Банальная драма. Ён нават адчуваў некаторую няёмкасць перад суседзямі, што яго дзяўчына такая «дзярэўня».
        Маша і Тарас сядзелі бліжэй да выхада і, калі сеанс скончыўся, выйшлі першыя. Як ён ірваўся, Славік, каб дагнаць іх. Лез на людзей, расштурхоўваў. Абражаная Ніна засталася ззаду, хацела схавацца ў натоўпе. Ён спахапіўся, пачакаў яе каля дзвярэй. Але яўна быў незадаволены, што Маша з Тарасам зніклі. Можа, таму доўга ішоў моўчкі, панура наставіўшы каўнер. Нінка таксама маўчала. Вуліцы, па якіх яны ішлі, хутка апусцелі. Горад засынаў. Але недалёка быў вакзал, і там бесперапынна стомлена пыхкалі і зрэдку злосна крычалі паравозы.
        На пешаходным мосце цераз чыгунку, вузкім і высокім, Нінка спынілася і глядзела, як унізе ішоў доўгі таварны састаў. Маленькія вагоны з чырвонымі дахамі, доўгія пульманы з белымі люкамі, пляцоўкі з трактарамі, з лесам. Цягнік прайшоў. Міма зялёных і чырвоных нерухомых агнёў стрэлак і святлафораў плыў-хістаўся, аддаляючыся, чырвоны стоп-сігнал. Нінка праводзіла яго сумным позіркам, быццам у тым цягніку ў запламбаваным пульмане ці, можа, на адкрытай пляцоўцы павезлі яе шчасце. Але, павезлі. Хто? Куды? Славік стаяў побач, наваліўшыся грудзьмі на парэнчы, і... пляваў уніз, з дзіцячай свавольнасцю цэлячыся ў сігнальны слупок стрэлкі.
        Не адводзячы вачэй з далёкіх агнёў, Ніна сказала ціха, з болем:
        – Цяпер я ўсё разумею. Бачыла. Не дурная. Ты любіш яе, гэтую рыжую. Не хлусі мне больш. Ты любіш яе!
        У Славіка быццам стопудовы камень сарваўся з душы, паляцеў уніз, пад мост, бразнуўся аб сталёвыя рэйкі і разляцеўся на парашок. Нічога не засталося. Зрабілася лёгка-лёгка. І смешна: яна думае, што ён будзе адмаўляцца, хлусіць. Ды не ж! Яна сама рассекла складаны для яго вузел. Вызваліла ад страху, ад абавязку – ад усяго, што яго мучыла.
        Ён спачатку прашаптаў:
        – Я люблю яе, гэтую рыжую.
        Потым паўтарыў голасна:
        – Я люблю яе!
        Потым закрычаў на ўсю прастору станцыі:
        – Я лю-ю-блю я-е-е! Чу-у-еш?
        Крык яго падхапіў блізкі паравоз.
        Нінка заціснула рукамі вушы і кінулася прэч, як ад ашалелага. Пабегла. Пад яе нагамі загудзела, заляскатала жалезная ферма моста. Ёй здавалася, што ён усё яшчэ крычыць ёй услед гэтыя словы, са здзекам і радасцю. Не, ён не крычаў. Ён ішоў павольна, праводзіў рукой па мокрай парэнчы і, шчасліва ўсміхаючыся, шаптаў:
        – Я люблю яе. Я люблю яе.
        Зося яшчэ не спала. Чытала. Па прыездзе з бальніцы яна глытала кнігі з незвычайнай прагнасцю. І сама дзівілася: яна чытала і раней, але тады, хворай, кнігі не давалі той радасці і асалоды, што даюць цяпер. Тады яна проста чытала ад смутку, каб скараціць час. А цяпер, чытаючы, жыла, весела і хораша.
        Маша скінула ў калідорчыку паліто, увайшла ў пакой, правяла гарачымі далонямі па халодным твары і гучна засмяялася.
        Зося адарвалася ад кнігі, са здзіўленнем паглядзела на сяброўку:
        – Чаму ты?
        – Там, у рамане, – кіўнула яна на кніжку, – гэта, напэўна, называецца: ён папрасіў яе рукі.
        – Хто?
        – Тарас маёй.
        Зося адчула, як ёкнула сэрца. Цяпер яна зразумела, чаму ў яе была трывога і насцярожанасць да Тараса. Яна баялася менавіта гэтага – што ён забярэ Машу. Яна баялася адзіноцтва. Дзіўна. Усяго некалькі месяцаў назад яна пазбягала людзей. А цяпер яе палохала думка, што яна можа застацца адна.
        – Ты... згадзілася?
        – Ён чамусьці спяшаецца. Заўтра ж, кажа, хадзем у загс. О не! Дай мне падумаць. Я кажу яму: дай мне падумаць да Новага года. Расчараваўся. Чаму яму загарэлася? – Яна скінула чаравікі, ускочыла на канапу, схавала акалелыя ногі пад коўдру... – Ты ведаеш, я праўда хачу падумаць. Тарас, напэўна, будзе найлепшы муж. Але ён вельмі правільны. А я з ветрыкам. Ты ведаеш, мяне лічаць сур’ёзнай, а я зусім несур’ёзная. Вось я зараз падумала. Каб пасватаўся такі шалапут, як Славік Шыковіч... Хоць які з яго муж, дзіця горкае, і не з ветрыкам, а з завірухай у галаве! Але я, напэўна, адразу згадзілася б. Замуж дык замуж. Як у палонку. Адразу. З галавой. Бух – і ўсё. А з Тарасам гэта вельмі сур’ёзна. Я павінна прыслухацца: ці ёсць у мяне тое каханне, якое патрэбна яму. Ты разумееш?
        У знак сцвярджэння, што яна гэта добра разумее, Зося заплюшчыла вочы.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.