РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сэрца на далоні
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
39
40
19
        
19

        
        А на другі дзень ёй пазваніў Тарас. У бальніцу. Яна толькі скончыла з хірургам Лапацінай аперацыю. Дзяжурная па аддзяленню сястра паклікала яе да тэлефона, амаль таямніча паведаміўшы:
        – Трэці раз звоніць.
        Маша падумала, што гэта Славік, і пайшла незадаволеная, сярдзітая, збіраючыся добранька прабраць яго.
        Ды раптам зусім другі голас, усхваляваны да невыразнасці:
        – Маша? Маша! Я прашу прабачыць. Можа, адарваў вас ад работы? Прабачце. Гэта Тарас... Маша... Помніце? Ну, Ганчароў.
        Яна павіталася сур’ёзна, стрымана:
        – Добры дзень, Тарас.
        Ён ажно засмяяўся ад радасці, што яна помніць яго.
        – Добры дзень, добры дзень... Маша! Вы прабачце. – І раптам выпаліў на адным дыханні: – Я запрашаю вас на канцэрт Дзяржаўнай капэлы ў клуб Леніна. Сёння ў восем.
        Яна анямела ад нечаканасці. Успомніла, што паабяцала Славіку сустрэцца з ім. Яна ніколі не была такой ветранай, каб ад аднаго бегчы да другога. Праўда, да яе раней не надта заляцаліся. І раптам два такія хлопцы, розныя і цікавыя! Каго ж выбраць? Адмовіцца ад спаткання з Тарасам ды яшчэ на канцэрце, на які немагчыма дастаць білетаў? Не, не, не.
        Пра Тараса яна думала больш, чым пра каго другога. Падвесці Славіка? Яму можна пазваніць. Не, не трэба і званіць. Няхай паблукае па парку. У яго залішне самаўпэўненасці, хоць учора пад канец ён і быў сур’ёзны. Няхай не думае. Ёй зрабілася смешна, калі яна ўміг уявіла, як Славік будзе шукаць яе. Два дні, учора і сёння, быццам нейкі вясёлы чорцік штурхаў яе на гарэзлівыя ўчынкі. Пакуль мільгалі гэтыя думкі, яна чула, як цяжка дыхаў у слухаўку Тарас.
        «Хвалюецца... Няўжо хвалюецца?»
        Адказала весела, гучна:
        – Дзякую, Тарас. Я з прыемнасцю пайду з вамі. Дзе мы сустрэнемся?
        Ён задыхнуўся ад шчасця:
        – Дзе хочаце.
        – На пераходным мосце. А палове восьмай. Добра?
        Яна паклала слухаўку і вясёлымі вачамі пераможна агледзела сваіх калег – маладога лекара і дзвюх сясцёр.
        – Хто гэты Тарас? – спытала адна, старэйшая, замужняя і незадаволеная сваім замужжам.
        – Ярашаў сын.
        – Антона Кузьміча? О-о!
        – Нішто сабе!
        – Цэліш правільна!
        Маша засмяялася. Яна, напэўна, зарагатала б, каб ведала, што адбылося на заводзе.
        Славік з’явіўся на працу такі шчаслівы, нібы за ноч ён засвоіў усе таямніцы зборкі і заняў месца брыгадзіра ці нават начальніка цэха. Да гудка частаваў хлопцаў «Казбекам».
        – Ого! Ці не атрымаў ты спадчыну? – пажартаваў Косця.
        Славік кінуў Тарасу між іншым:
        – Табе прывет.
        – Ад каго?
        – Адгадай.
        – Што мне гадаць!
        – Ад Машы.
        – Ад той?
        – Ад той.
        – Дзе ты яе бачыў?
        – Сустрэў на вуліцы. Яна пыталася пра цябе.
        Ён не схлусіў. Маша сапраўды пыталася ў яго пра Тараса.
        Косця адразу ж, як толькі адышлі ўбок, накінуўся на свайго брыгадзіра:
        – Ну што, не казаў я табе? А ты – вось. – Ён моцна і злосна стукнуў сябе кулаком у лоб. – Я ж бачыў, што яна не зводзіла з цябе вачэй. Дагэтуль не сустрэцца! Аблавух! А яшчэ ў арміі служыў. Памрэш ты халасцяком.
        Тарас не крыўдзіўся і не адбіваўся. Ён думаў пра Машу. Яму вельмі хацелася сустрэцца. Але як гэта зрабіць?
        – Ведаеш што? – не адставаў між тым Косця. – Я аддаю табе свой білет на сённяшні канцэрт. Запрасі яе.
        – Як?
        – У дваццатым стагоддзі існуе тэлефон, майстар. Калі ты баішся, я пазваню ад твайго імя.
        Рэдка калі Тарас адрываўся ад работы. А то раптам знік да абеду на добрыя паўгадзіны.
        У яго, як у намесніка сакратара, быў другі ключ ад пакоя камітэта камсамола. Падпільнаваўшы, калі сакратар пайшоў на чарговую нараду ў райком, ён нырнуў у пакой. Можа, дзесяць разоў падымаў тэлефонную слухаўку і клаў назад, часам набраўшы тры лічбы з чатырох. Па-першае, баяўся наскочыць на бацьку. Кніжка і даведачная станцыя паведамлялі той жа нумар, па якім ён званіў Ярашу. Урэшце адважыўся, вырашыўшы, што калі нават слухаўку возьме і бацька, то ён усё адно папросіць паклікаць Машу. Што тут такое? Бацька – гэта нават лепш, бо ён, на жаль, не ведае прозвішча дзяўчыны.
        Адгукнуўся жаночы голас.
        – Паклічце, калі ласка, аперацыйную сястру Машу.
        – Літвін? Яна на аперацыі.
        Так, так, гэта яна Літвін, ён бачыў гэтае прозвішча ў Ярашавых паперах – апісаннях аперацый.
        Другі раз ён званіў смялей, чамусьці ўпэўнены, што яе не паклічуць. Трэці раз, пасля абеду, зусім смела. Але калі пачуў і пазнаў яе голас, то спалохаўся, пачаў заікацца.
        З’явіўся ў цэх як удачлівы змоўшчык. Прашаптаў аднаму Косцю:
        – Запрасіў.
        – Згадзілася?
        – Ага.
        – А што, не казаў я табе? Заяц! Будзеш тыдзень паіць мяне півам.
        Але самае смешнае, што Косцю не прыйшлося ахвяраваць у імя дружбы сваім білетам. Ад канцэрта адмовіўся Славік. У канцы змены ён з посным выразам твару сказаў:
        – Нешта маці званіла, прасіла прыехаць на дачу. Хлопцы, хто прадасць мой білет?
        – Дай мне, – падскочыў Косця. – Да мяне сястра прыехала. Сама ў калгасным хоры спявае.
        У хлопцаў былі дарагія месцы, у другім радзе. Апрануты яны, як дыпламаты: у новых гарнітурах. Косця і Генрых нават у чорных, па апошняй модзе, у Генрыха і гальштук – бабачка; блішчалі манжэты накрухмаленых сарочак, зіхацелі дарагія запанкі. Ішлі па зале ўсе разам. Яна сярод іх – як вогненная кветка. Менш бачыла вачамі, больш адчувала аголенымі рукамі, шыяй, патыліцай, спіною, што яе працінаюць позіркамі, разглядаюць усе: мужчыны – з захапленнем, з цікавасцю, жанчыны – з рэўнасцю, асуджэннем, скептыцызмам, пагардай. Гіпноз соцень вачэй моцна і незвычайна хваляваў: радаваў і страшыў.
        Добрая палавіна залы – музыкальная публіка, яны калі не былі знаёмы паміж сабой, то помнілі адзін аднаго па сустрэчах на канцэртах, у тэатры. Натуральна, што іх зацікавіла група добра апранутых маладых людзей, якія прабіраюцца да пярэдніх радоў.
        – Хто? Адкуль? – пыталіся шэптам сусед у суседа.
        – Ды гэта з кінагрупы, што фільм на рацэ здымаюць, – адказаў адзін з тых, што ведаюць усё на свеце.
        – Актрыса?
        – Як прозвішча?
        Маша пачула гэта. І Косця, які ішоў побач, пачуў. Дакрануўся да яе рукі:
        – Чулі?
        Маша нервова засмяялася. Ёй зрабілася яшчэ больш весела ад таго, што яе прымаюць за кінаактрысу. Але чамусьці боязна, быццам перад адказным экзаменам. Яна так навучылася трымацца сярод людзей, самых розных! І ў тэатры – хіба ўпершыню! А вось жа хвалюецца. Чаму?
        Перад канцэртам яна з хваляваннем, першы раз у жыцці, ішла ў лепшую цырульню горада, каб зрабіць прычоску. І нечакана для самой сябе выявіла такую патрабавальнасць, што малодшая майстрыца мусіла перадаць яе старшай, а тая пакрыўджана сказала:
        – Ляціце, мілая, у Маскву рабіць сваю прычоску, калі вам не падабаецца ў нас.
        Толькі сеўшы ў крэсла паміж Тарасам і жонкай Лапаціна, схаваўшы плечы і рукі, Маша супакоілася.
        Адкрылася заслона. Ва ўсім белым, як лебедзі, стаялі праз усю сцэну паўсагнутай шарэнгай спявачкі. Над імі ўзвышаліся ў два ярусы спевакі, у нацыянальных кашулях, у чорных сурдутах.
        З-за куліс выйшаў стары. Сівыя валасы, сівая, прыгожая, на клін, бародка, высакароднае інтэлігентнае аблічча і зусім маладая пастава каранастага цела, зацягнутага ў чорны фрак і белы камізэль. Ішоў ён лёгка, ступаў мякка. Пакланіўся зале. Яму горача запляскалі.
        Маша падумала, што сам выгляд гэтага чалавека абяцае штосьці харошае, прыгожае.
        Ён павярнуўся да хору. Падняў дзве рукі, і на нейкі міг усё замерла. Ён лёгка павёў правай рукой – і палілася песня.
        Машы нават спачатку здалося, што спявае не хор, што спяваюць недзе там, за сцэнай, на вуліцы, у полі. Яна ўпершыню чула капэлу – спеў без музычнага суправаджэння. Калі песня нарасла, наблізілася і было бачна, што спяваюць усе харысты, Маша слухала заварожаная, але не бяздумная. Думкі ляцелі, як іскры: то па адной, то роем, згасалі адны, успыхвалі другія. То вясёлыя – яна ўспомніла Славіка. То сумныя – і яна не бачыла сцэны, хору, а праз затуманены зрок убачыла маці: вось яна, вярнуўшыся з калгаснага поля, гне спіну на сваім гародзе. Бясконца ў працы! На нейкі момант дзяўчыне стала сорамна, што яна заплаціла гэтулькі за сваю шыкоўную прычоску. Маці жахнулася б, каб даведалася, што яна столькі плаціць за такую непатрэбшчыну. Якая пані! «Рыжоцце такое!»
        «Заўтра я пашлю вам грошы, слаўныя мае, – звярталася яна да маці і малодшых сястры і брата. – Не крыўдуйце на мяне. Я добрая. Я люблю вас».
        Потым падумала, што яна разумее рухі гэтага дзівоснага чалавека на сцэне. Яны – як у Яраша. Такія дакладныя. Адзін няправільны рух, адна памылка, і смерць: там – чалавеку, тут – песні.
        – Бачылі, які чарадзей? – нахіліўся да яе Тарас.
        – А? Але, – яна ўдзячна паклала сваю руку на яго.
        Яна тут жа, з новай песняй, забылася на гэта. А ён баяўся паварушыцца. Ён нічога не чуў і нічога не бачыў, толькі адчуваў яе халаднаватую руку.
        На перапынак яна выйшла трохі як бы засмучаная – задумлівая, маўклівая. Хлопцы, яе спадарожнікі, круціліся вакол і рознымі спосабамі памагалі Тарасу развесяліць яе. Ажно Вера прыраўнавала свайго Лапаціна і адцягнула ўбок.
        У буфеце яны частавалі яе шампанскім, лепшым марожаным і самымі дарагімі цукеркамі.
        З нейкай прычыны яна спытала:
        – Гэта ўся ваша брыгада, Тарас?
        – Не. Яшчэ Славік.
        – Які Славік? Той? – вельмі здзівілася яна. – Ён хіба ў вас?
        – Мы ўзялі яго вучнем. Хочам зрабіць чалавекам, – адказаў Ходас.
        – А дзе ён цяпер?
        – Нешта маці пазваніла. Паехаў на дачу.
        Маша незнарок праліла на стол шампанскае і зарагатала. Яны не ведалі, чаму яна смяецца, і таксама смяяліся. На іх звярталі ўвагу.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.