РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сэрца на далоні
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
39
40
21
        
21

        
        Яны стаялі перад шырока адчыненым акном пустога пакоя, у якім пахла фарбай і цэментам. Пакой быў на другім паверсе. Але і адгэтуль паміж садамі віднелася лукавіна ракі і зарэчныя, спачатку лугавыя, далей палявыя і лясныя прасторы.
        – Цудоўна! Малайцы рачнікі! – ухваліў Шыковіч пасля добрых пяці хвілін маўклівага любавання і далёкімі прасторамі, і блізкімі садамі, і гонтавымі, шыфернымі дахамі дамоў, што густа, як ластаўчыны гнёзды, ляпіліся на пакатым беразе.
        – Малайчына Кушнер! – адгукнуўся Яраш. – Ён вытрымаў галоўны бой.
        – А ты маўчаў?
        – Не маўчаў. Але калі пачалася бойка паміж старшынёй і намеснікам за галасы сябраў выканкома, то цяжка ўставіць слова...
        – Не было мяне!
        – Ты хутчэй сапсаваў бы справу. Я думаў, ты – флегматык, а ты – афрыканец.
        Маша, якая стаяла крыху збоку ад іх, павярнула сваю залатую галаву, усміхнулася Шыковічу, як бы ўхваляючы, што ён вось такі, неспакойны.
        – Не, ты растлумач, Антон... Здаецца, усё разумею, а паводзін яго зразумець не магу. Добра, дапускаю, што ён упэўнены, што Савіч вораг... Хоць зноў-такі, чаму такое нежаданне сур’ёзна, па-новаму разабрацца з фактамі? Чаму такая ўпартасць? Але мяне больш абурае другое: што ён мае да гэтай няшчаснай дзяўчыны? Ужо каму-каму, а яму-то ўбівалася ў галаву формула, што сын ці дачка не адказваюць за бацьку.
        – Формула! Ты скажы, навошта яна патрэбна была, такая формула? Чаму, нарэшце, не адказвае? Тады па логіцы трэба ісці далей: і бацька не адказвае за сына. Ніхто ні за каго не адказвае. А вось я, наіўны чалавек, хачу адказваць за ўсіх. І хачу, каб усе адказвалі за мяне. І радуюся, што гэта цяпер запісана ў такім дакуменце!
        Яраш выказаўся злосна – што стасавалася да мінулага, і любоўна-горача – аб сваім жаданні і пра той партыйны дакумент, пра які ў тыя дні гаварылі ўсе.
        Маша паглядзела на яго з захапленнем, як глядзела неаднойчы ў час аперацый і пасля іх. Не ўсю сутнасць размовы, якую яны пачалі яшчэ ў машыне і прадаўжалі тут, у толькі што атрыманай Зосінай кватэры, яна адразу зразумела. Гісторыю Зосі і яе бацькі яна ведала, але не здагадвалася, што гісторыя гэтая не скончана, і не магла ўцяміць, чаму яны так абураны Гуканам. Асабліва Шыковіч. Не хацеў даваць кватэры? А каму ён вось так, адразу, даў кватэру? Што-што, а кватэрныя справы, пажыўшы ў горадзе, яна добра ведала, штодня чула размовы пра гэта, у размовах часта ўпаміналася імя Гукана: адны яго хвалілі, другія лаялі. Маша ўмела быць аб’ектыўнай. Думала, што каб яна прасіла кватэру і ёй не далі, то яна не рабіла б з гэтага такой трагедыі, як робяць другія. Таму і абурэнне Кірылы Васільевіча яна спачатку не зусім разумела. А пасля апошніх слоў, якія мужчыны сказалі, асабліва пасля слоў Антона
        Кузьміча, ёй усё праяснілася. Галоўнае – не кватэра, галоўнае – адносіны да чалавека ўвогуле і ўзаемаадносіны людзей, усіх людзей. Маладой душой сваёй, усім складам характару і жыцця дзяўчына была за тое, што сказаў Яраш.
        Яна зноў падумала пра маці, брата, сясцёр, і ёй стала радасна, што на другі дзень пасля канцэрта яна паслала ім грошы, якія збірала на новае плацце, і напісала доўгае і добрае пісьмо.
        Ехаць глядзець і абсталёўваць Зосіну кватэру Маша папрасілася сама. Кватэрка яе парадавала. Даволі прасторны пакой, маленькая, але ўтульная кухня, дзе ўсё пад рукой: двухканфорная газавая плітка, беленькая ракавіна, бліскучы кран, павярнулі – палілася вада.
        Шыковіч, зайшоўшы, сказаў:
        – Каб трохі вышэй. Усё-такі нізка. Час ужо адмаўляцца ад такіх габарытаў.
        Яраш дастаў рукой столь і засмяяўся. Ого, дзіва што! З яго ростам! А Машы ўсё здалося нармальным і прыгожым. Яна ўзрадавалася, калі мужчыны пахвалілі від з акна.
        Яна каторы раз прайшлася па пакоі. Абцасікі прыліпалі да свежай фарбы і, адліпаючы, патрэсквалі. Заставаліся ледзь прыкметныя сляды. Таму яна хадзіла не па сярэдзіне, а каля сцен, дзе стане мэбля.
        – Падлогу трэба памыць халоднай вадой, – сказала дзяўчына і пашкадавала, што няма вядра і анучы.
        Яраша не здзіўляў яе гаспадарчы практыцызм. Здзіўляўся Шыковіч. І любаваўся дзяўчынай. Ён таксама, як некалі на дачы Валянціна Андрэеўна, параўнаў яе са сваёй дачкой і падумаў аб адказнасці за выхаванне дзяцей. Да Іры ён, праўда, хоць быў трохі абыякавы, сына ж з рук не спускаў, а вынікі хоць і розныя, але аднолькава не надта радасныя.
        Пасля яны паўдня ездзілі па горадзе – шукалі мэблю. Іх усіх аднолькава захапілі клопаты па абсталяванню кватэркі. У ашчаднай касе, калі бралі грошы, Кірыла прашаптаў сябру:
        – Ты ведаеш – я скупы. Але для яе мне чамусьці нічога не шкада.
        Машыну ён вёў з вясёлай зухаватасцю. Яраш жартаўліва папярэдзіў:
        – Кірыла, я не застрахаваў свайго жыцця.
        – Я недзе чытаў, што хірургі – найбольшыя баязліўцы. Страшэнна баяцца трапіць пад нож свайго калегі.
        – Няпраўда! – сур’ёзна запярэчыла Маша.
        Крамаў было некалькі. Яны аб’ехалі ўсе. І адусюль выходзілі расчараваныя.
        Маша, пра густ якой Шыковіч спачатку, калі яна выказала захапленне маленькай, просценькай кватэркай, быў невысокай думкі, тут нечакана выявіла здзіўляючую патрабавальнасць. Яна ніколі яшчэ ў жыцці не купляла мэблі. Але тое, што яны ўбачылі ў крамах, яна ганіла адразу, з першага позірку. Сталы, шафы, крэслы былі вялікія, нязграбныя, непрыгожыя.
        Яраш хмура маўчаў. Шыковіч сварыўся з дырэктарамі.
        – Не мы выпускаем, таварыш.
        – Дык не бярыце, што не ідзе. Патрабуйце!
        – А план?
        – Ды не жывіце адным днём. Адзін месяц не выканаеце, на другі перавыканаеце, калі атрымаеце, што трэба.
        Яны паблажліва і скептычна ўсміхаліся: нічога, маўляў, ты не разумееш, дарагі пакупнік, у гандлёвых справах.
        Нарэшце адзін малады прадавец употай, у цесным праходзе паміж шафамі-бегемотамі параіў Машы:
        – З’ездзіце да Грабара. На складзе вы знойдзеце, што вам трэба.
        – А хто гэта – Грабар?
        – «Гармэблягандаль».
        Маша, сядаючы ў машыну, расказала пра гэтую патаемную размову. Шыковіч адразу ж згадзіўся:
        – Ідэя! Стану лепшы даставала з усіх нашых даставал!
        – Ненавіджу пакупку па блату, цераз чорны ход.
        – Антон – ідэаліст! – засмяяўся Шыковіч, крута паварочваючы свайго шматпакутнага «Масквіча». – Будзе мэбля. Будзе і факт для фельетона.
        У калідоры гандлёвай установы Кірыла са смехам штурхаў мажнага Яраша да абабітых жоўтым дэрмацінам дзвярэй з шыльдай «Дырэктар».
        – Заходзь смела, паважна. Каб зрабіць уражанне.
        Але ніякая смеласць і паважнасць уражання на «ўсемагутнага Грабара», маленькага лысаватага чалавечка, не зрабіла. Ён не адказаў нават на іх прывітанне і прадаўжаў размову з двума сваімі работнікамі: вырашалі важнейшае пытанне – у якую краму перамясціць нейкую Гаюнкову. Потым дырэктар, мабыць, спахапіўся, што пытанне гэта незвычайная тайна, і незадаволена звярнуўся да наведвальнікаў:
        – Вам што, таварышы?
        – Я – Шыковіч, – сказаў Кірыла і ўбачыў, што прозвішча яго ніякага ўражання не зрабіла. Нязлосна падумаў: «Газеты чортаў гандляр не чытае». Аднак рушыў далей: – А гэта – Яраш, наш праслаўлены хірург.
        Антон Кузьміч сціснуў кулакі.
        Але – о дзіва! – перад Ярашам маленькі Грабар пачціва падняўся, працягнуў руку:
        – Ведаю, ведаю. Хто ў нас не ведае таварыша Яраша! Прыемна, вельмі прыемна.
        «Клюнула», – падумаў Кірыла, падставіўшы крэсла сябру. Сеў побач сам і тут жа пайшоў у наступленне:
        – Справа такая, таварыш Грабар... У Антона Кузьміча жаніўся сын. (Яраш уздрыгнуў ад нечаканасці.) Хлопец узначальвае брыгаду камуністычнай працы на станкабудаўнічым. Яму даюць кватэру. Бацька ў падарунак хоча абсталяваць яе. Але, ведаеце, трэба прыстойнае што-небудзь... Сучаснае. Стыль. Каб не сорамна было.
        – Разумею. Усё зробім, – чамусьці ўзрадаваўся дырэктар.
        Яраша неаднойчы здзіўлялі нечаканыя выдумкі Шыковіча. Але гэтая яго проста ашаламіла. Ён спачатку абурыўся, пасля натужліва стрымліваў смех, каб не здацца гэтым людзям дзіваком. У цесным калідоры ён даў сябру кухталя.
        – А што ты яму будзеш тлумачыць? Шукаем стыльную мэблю для хворай? Казка!
        Яны паклікалі Машу. І сам Грабар, вырашыўшы, відаць, за тры хвіліны, якія яны чакалі яго, куды перавесці Гаюнкову, павёў іх на склад. Праўда, перад гэтым ён здзівіў Машу. Раптам спытаў:
        – Нявестка, таварыш Яраш? – і працягнуў руку, пачаў віншаваць.
        У дзяўчыны бровы палезлі на лоб.
        Але Шыковіч міргаў ёй так выразна, што яна зразумела: ён нешта выдумаў.
        На складзе яна адразу звярнула ўвагу на гарнітур вытворчасці адной з латышскіх фабрык, просты, прыгожы, з наборам рэчаў для аднаго пакоя: канапа-ложак, нізкі стол, разборная кніжная паліца, нізкія зручныя крэслы.
        – О, у вас густ! – усміхнуўся Грабар. – Я мог бы ўзяць вас тавараведам. – І пашкроб патыліцу. – Мы пакідалі гэта для выстаўкі-продажу. Але калі такі выпадак – бярыце.
        У машыне, задаволеныя пакупкай, якую Грабар паабяцаў праз гадзіну прывезці, яны рагаталі з выдумкі Кірылы Васільевіча. Асабліва смяшыла, што «мэблевы начальнік» палічыў Шыковіча «заўхозам» Яраша. Потым Машу скаланула думка: магчыма, што гэты хітры Шыковіч ведае, што яна сустракаецца з Тарасам, а таму і выдумаў такую прычыну. Не, не падобна. Хутчэй ён мог бы даведацца, што яна сустракаецца з яго сынам: Славік балбатун. І ёй зноў стала весела ўжо ад іншай думкі: можа здарыцца, што некаму з іх сапраўды прыйдзецца купляць з ёй мэблю з такой прычыны – жаніцьба сына.
        
        
* * *

        
        – Ну, Соф’я Сцяпанаўна, пара дадому.
        Словы Яраша, іх тон, не, як звычайна, афіцыйна-лекарскі, хоць і ласкавы, а нейкі вельмі ўжо сяброўскі, спалохалі Зосю. Зноў той жа незразумелы прыступ страху, ад якога яна душэўна пакутавала. Сапраўды незразумелы. Дзіўны. Чаго ёй баяцца цяпер? Многа год яна пераконвала сябе: не скардзіся на лёс, жыві, як жывецца, заўтра можа здарыцца горшае, і нічога не баялася, ніякіх хвароб, ніякіх нягод. А прыйшло збаўленне ад цяжкай хваробы – яна адчувае, што сэрца яе не тое, з якім яна жыла многа год, і ўсе лекары робяць такое заключэнне (яе слухала, можа, сотня лекараў і практыкантаў)... Прайшло многа добрага... Яраш яшчэ колькі дзён назад сказаў, што атрымалі для яе кватэру амаль у цэнтры горада. І Маша паведаміла з радасцю: «Такая сімпатычная кватэрка. Сюрпрыз для вас». Вярнулася здароўе, знайшліся шчырыя, чулыя сябры, чаго ж баяцца? Аднак страх не праходзіў.
        Збірала рэчы, пераапранулася – і ў яе калаціліся рукі, ногі.
        – Слабенькая ты яшчэ. Чаго ён цябе выпісвае? – загаварыла бабуля-санітарка.
        Зося сама з задавальненнем засталася б у бальніцы. Тут яна хоць з усімі і ўсім звыклася, нават са сваім страхам. А што там? Яна многа дзён ужо гуляла па садзе. А цяпер баялася глянуць на адчыненыя вокны, за якімі шумеў вялікі горад. Дзень быў не вельмі вясёлы – амаль па-асенняму хмурны, з дрэў злятала першае лісце. Можа, і ад гэтага яшчэ незнаёмы боль у сэрцы?
        Магчыма, што адчуванні яе можна было б параўнаць з адчуваннем таго шахцёра, якога, не па яго волі, спусцілі ў глыбокую шахту, завалілі і пратрымалі там у цемры доўга-доўга. А потым другія людзі, добрыя, адкапалі і паволі падымаюць наверх. І вось гэты міг, калі ён павінен ступіць на паверхню зямлі, убачыць неба і сонца, – самы страшны. Не аслепнуць бы!
        Правесці яе выйшлі многія лекары, сёстры, санітаркі, хворыя аддзялення, якія маглі хадзіць. Яны ведалі яе лёс, аперацыю. Некаторых, праўда, цікавіла іншае: хворую выпісвае і забірае сам Яраш.
        Ёй выказвалі найлепшыя пажаданні.
        «Колькі добрых людзей», – падумала Зося і, расчуленая, заплакала: даўно ўжо яна так не развітвалася з людзьмі, з якімі зводзіў яе лёс.
        Маша ўзяла яе за руку, сказала амаль жорстка да ўсіх:
        – Даволі! – да Зосі: – Вам нельга хвалявацца, – і павяла да цэнтральнай алеі, дзе іх чакаў сіні «Масквіч».
        Яраш стаяў каля машыны. Зося зноў спалохалася, убачыўшы яго тут, без халата, у добра адпрасаваным шэрым гарнітуры. Ён быў зусім не такі, як той асілак-чарадзей у белым халаце, якога ў бальніцы ўсе любілі і баяліся. Ён нават здаваўся не такі высокі і мажны і ўсміхаўся не так, як у палаце, – прасцей, цяплей. Яна раптам больш выразна, чым калі-небудзь раней, убачыла ў ім таго да дзёрзкасці смелага, вясёлага «Кузьму», якога хавала на гарышчы дзевятнаццаць год назад. Усміхаўся ён так, як тады, і амаль гэтак жа трохі збянтэжыўся. Яна таксама ўсміхнулася, і дзіўна – страх яе як рукой зняло. Яна выйшла з падзямелля, расплюшчыла вочы, убачыла неба, сонца і... не аслепла. Антон Кузьміч узяў з яе рук пакуначак, сказаў зноў-такі зусім не так, як у палаце:
        – Віншую. Бальніца наша добрая, але лепш у яе не трапляць. Можаце паверыць, што я не буду сумаваць без работы.
        – Будзеце, – не згадзілася Маша.
        – Не, не буду. – Ён адчыніў ім заднія дзверцы. – Калі ласка.
        Сам пайшоў садзіцца за руль.
        – А Кірылы Васільевіча няма? – азірнулася Маша.
        – У яго ўчора аднялі правы за перавышэнне хуткасці. Сёння недзе дае тлумачэнні інспекцыі.
        Маша засмяялася:
        – Гэта я накаркала. Помніце, я сказала: «Аднімуць у вас правы». А ён: «Ціпун вам на язык».
        Чамусьці хораша зрабілася Зосі ад гэтай жартаўлівай іх размовы пра чалавека, якога яна ведала па расказах Машы, ведала, што ён хацеў пабачыцца з ёй, але Антон Кузьміч пусціў яго толькі на аперацыю, дзе той самлеў. Хораша ад іх вось такой дружбы.
        Машына павярнулася і выехала за вароты. Зося азірнулася на бальніцу, але без жалю, без жадання застацца там і без страху перад тым, што чакае яе наперадзе. Яраш вёў асцярожна, павольна. Зося залюбавалася горадам, амаль незнаёмым, новым. Хоць жыла яна тут ужо чатыры гады, але ёй цяжка было хадзіць па горадзе, рэдка яна выязджала са сваёй далёкай ускраіны на аўтобусе ў цэнтр.
        Са здароўем, з сілай да яе вярталася разуменне прыгожага, замілаванне хараством. Калі яе вывелі першы раз у сад, яна глянула на яблыні з рэдкімі пладамі і, як дзіця, засмяялася ад радасці. Там, у бальніцы, і гэтае пачуццё яе палохала. А тут, на цэнтральнай вуліцы, яна глядзела на маладыя ліпы, каштаны, і сэрца яе поўнілася здаровай, незнаёмай ці даўно забытай радасцю. Яна ўсміхалася, не падазраючы, што Яраш бачыць яе ўсмешку праз люстэрка.
        Праўда, калі машына павярнула на вуліцу, на якой мала што змянілася з таго часу і якую яна ведала лепш, чым любую другую вуліцу, Зося замерла – куды ён вязе? Але прамінулі завулак, да болю блізкі, – і яна зноў супакоілася.
        Шыковіч чакаў іх каля пад’езда. Машына яшчэ не спынілася, а Зося ўжо здагадалася, што гэта ён.
        – Кірыла Васільевіч? – спытала яна ў Машы.
        – Відаць, правы яму аддалі – лысіна блішчыць, што намаслены блінец, – пажартаваў Яраш. – На яго фізіяноміі – усе яго пачуцці.
        Зося вылезла з машыны і першая працягнула Шыковічу руку.
        Ён асцярожна сціснуў яе тонкія, сухія, гарачыя пальцы і доўга не выпускаў іх – разглядаў жанчыну з бесцырымоннай цікавасцю. Яго прыемна ўразіла, што твар яе зусім не спакутаваны, як яму ўяўлялася, крыху бледны, але бадай што прыгожы. Усё перажытае хіба што адбілася ў вачах, вялікіх, блакітных, залішне выразных, як ва ўсіх людзей пасля цяжкай хваробы, ды ў дробных зморшчынках каля куточкаў вачэй і ў адзінай глыбокай маршчыне на высокім белым ілбе. Зося збянтэжылася ад такога яго разглядання, апусціла вочы, убачыла свае стаптаныя чаравікі, пакамечанае ў бальнічных капцёрках просценькае плацце і... засаромелася, магчыма, упершыню за многа год вось так. Да аперацыі гэта таксама здаралася рэдка. Была сарамлівасць, але заўсёды з іншай прычыны. Бадай ніколі ад таго, што нехта разглядаў яе беднае адзенне, як і ад таго, што лекары і камісіі аглядалі і мацалі яе хворае цела. І вось – амаль дзявочая засаромленасць, хоць разглядае немалады ўжо, лысаваты чалавек. Проста апрануты: стаптаныя басаножкі, пакамечаны парусінавы касцюм.
        Яна ўзняла вочы, усміхнулася і спытала:
        – Аддалі вам правы?
        – О! – здзівіўся Шыковіч. – Вам ужо расказалі? Аддалі, але замянілі, чэрці, талон. Аднак віншую вас. Паверце, як я рады за вас! Гэтаму чарадзею трэба пры жыцці паставіць помнік. Праўда? – кіўнуў ён на Яраша, які зачыняў машыну на ключ.
        Яна, Зося, і Маша адказалі яму аднолькавымі ўсмешкамі любві да чарадзея. А сам чарадзей сярдзіта нахмурыўся:
        – Пайшлі. Ад Кірылы Васільевіча вы пачуеце яшчэ нямала казак.
        – Чакай, – спыніў яго Шыковіч. – Соф’ю Сцяпанаўну правяду да кватэры я. Прашу, – ён жартаўліва падставіў ёй локаць.
        І яна, на здзіўленне Машы, даволі грацыёзна абаперлася на яго руку і пайшла ўпэўнена, цвёрда, у нагу з ім. Па бальнічным садзе яна так упэўнена не хадзіла яшчэ. Маша зірнула на Антона Кузьміча. Той кіўнуў галавой задаволена і, здалося ёй, упершыню з гонарам, як бы кажучы: «Вось што мы здольны зрабіць з вамі».
        На пляцоўцы другога паверха Кірыла спыніўся, дастаў з кішэні тонкі ключык ад французскага замка, амаль урачыста перадаў яго Зосі.
        Усе ўбачылі, што рука яе задрыжала. Яна доўга глядзела на ключ.
        – Адчыняйце.
        Яна павярнулася і доўга не магла пацэліць у замочную шчыліну.
        Потым, як бы ўзрадаваўшыся, што дзверы адчыніліся, хутка ўвайшла ў цемнаваты цесны калідорчык, павярнула налева і спынілася ў шырокіх дзвярах, аслепленая бляскам мэблі, эстампаў на сценах, агнём букета, зіхаценнем бутэлькі шампанскага, пералівамі яблык, груш, вінаграду, торта і яшчэ многага іншага, чым быў устаўлены нізкі стол на тонкіх ножках.
        Убачыла ўсё гэта Зося, і яе зноў апанаваў страх, можа, апошні. Яна азірнулася і як бы паклікала на дапамогу:
        – Антон Кузьміч!
        Яраш прайшоў міма яе і, ні на каго не гледзячы, сказаў збянтэжана, а таму трошкі сярдзіта:
        – Ну, ну... без усяго... без здзіўлення. Пасля, пасля... Усё гэта ваша. Жывіце. А мы зараз вып’ем за ваша здароўе... За наваселле, Маша! – Ён, каб нечым заняць сябе, пачаў перастаўляць шклянкі, яны меладычна зазвінелі. Падняў бутэльку з шампанскім.
        – Чакай! Сапсуеш усю ўрачыстасць! – Шыковіч любіў эфекты.
        Яны, усе трое, замітусіліся каля стала, на нейкі міг, відаць, забыўшыся на гаспадыню, якая ўсё яшчэ, аслепленая і аглушаная, стаяла ў парозе. А потым раптам ступіла ўперад, сапраўды як сляпая, выставіўшы перад сабой рукі. Падышла да Яраша, маленькая, просценькая, як дзяўчынка, у пакамечанай штапельнай сукенцы, палажыла рукі на шырокія грудзі яго, зазірнула знізу ў вочы і раптам прытулілася тварам да сэрца яго і... бязгучна зарыдала. Ён зусім збянтэжыўся. Не ведаў, што рабіць. Шырока расставіў рукі, трымаючы ў адной бутэльку. Ён як бы баяўся да яе дакрануцца, не мог адарваць ад сябе. У вялікай разгубленасці паўтараў:
        – Не трэба... Не трэба... Што вы... Калі ласка... Зося... Соф’я Сцяпанаўна!..
        Маша ўміг злётала на кухню і вярнулася са шклянкай вады. Але Шыковіч кіўнуў ёй: «Не трэба. Не чапайце», – і асцярожна забраў ад Яраша бутэльку з шампанскім.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.