РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сэрца на далоні
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
39
40
35
        
35

        
        Размова з дачкой як бы даканала Сямёна Парфёнавіча. Ён пабялеў, доўга трымаўся за сэрца. Потым рухамі хворага адчыніў шуфляду стала, дастаў цюбік з валідолам, укінуў таблетку ў рот.
        Увайшоў Кушнер.
        Гукан не любіў свайго намесніка, але ў гэты раз узрадаваўся, што ён прыйшоў: хоць з кім-небудзь пагаварыць, забыцца на ўсё. Можна нават заняцца справамі – апошняй справай года, які мінае.
        Пасля сустрэчы ў кіно Славік пачаў дзейнічаць даволі рашуча. Спачатку званіў у бальніцу. Маша або не падыходзіла да тэлефона, або падыходзіла і ў адказ на яго прапановы сустрэцца смяялася.
        Нарэшце ў трэці раз ён з ходу ўскочыў на другі паверх, з ходу націснуў на званок. Адчынілі адразу, быццам чакалі каля дзвярэй. Адчыніла Зося. Агледзела яго, стыльна апранутага, трохі падазрона.
        Ён спытаў:
        – Маша дома?
        Тады яна, відаць, здагадаўшыся, прыветліва ўсміхнулася:
        – Няма. Ды вы заходзьце, калі ласка. Пачакайце, я думаю, яна хутка вернецца.
        Але яго чамусьці збянтэжыла гэтая маленькая жанчына ў халаце, яе ўсмешка, яе цікаўнасць, з якой яна разглядала яго. І Славік не здолеў адразу ж пераступіць парог. А ў наступны момант адбылося недарэчнае. Яна спытала:
        – Вы – сын Кірылы Васільевіча?
        – Не. Не ведаю я ні Кірыла, ні Мяфодзія.
        – О, тады і я вас не ведаю. І не магу пусціць у кватэру, – сказала яна без усмешкі, самым сур’ёзным чынам, і зачыніла дзверы.
        Славік застаўся на пляцоўцы адзін, як дурань, якога прагналі з вяселля. Ён гатовы быў адкусіць свой балбатлівы язык. Які д’ябал штурхнуў яго адмовіцца, што ён сын Кірылы Васільевіча? Чаму? Прыйшлося зноў збегчы ўніз і зноў блукаць каля дома. Але Маша, якая павінна была «хутка прыйсці», як на злосць, не з’яўлялася. А ён, Славік, быў не вельмі цярплівы. Звык, каб жаданні яго здзяйсняліся неадкладна.
        Зноў званкі ў бальніцу. Зноў смех у адказ. «Славік! Не дуры галаву!» – «Я памру». – «Абяцаю быць на тваім пахаванні».
        У наступную суботу яму амаль пашанцавала. Ён убачыў Машу на катку. Не адну, з Тарасам. Шчаслівы сапернік вучыў яе катацца. Яна толькі-толькі навучылася стаяць на каньках і, як дзіця, рабіла першыя крокі. Ён, Славік, прыйшоў без канькоў – заглянуў проста так, ад суму. Вось выпадак! Што рабіць? Бегчы дадому па канькі? Але пакуль туды ды назад... Убачыў аднаго са сваіх школьных сяброў – да яго:
        – Дай канькі!
        Той паказаў кукіш:
        – Свае май.
        Славік схапіў яго загрудкі:
        – Дай канькі, а то выб’ю душу!
        – Ты што, звар’яцеў? Міліцыянера паклічу.
        – Дай канькі. Можаш ты зразумець, янычар? Трэба адной марсіянцы сказаць два словы.
        – То так бы адразу і казаў, – здаўся сябра, зацікаўлены, хто ж яна, гэтая «марсіянка»?
        Бацінкі аказаліся малыя. Славік усё-такі нацягнуў іх. Ціснулі да вострага болю. Напляваць. Каб там былі набіты нават цвікі, ён усё адно не адступіў бы. Кінуў на снежны бар’ер паліто, шапку, не клапоцячыся, хто будзе вартаваць іх. Чорт з ім, з паліто! Маці купіць новае! Як вецер, вырваўся на ледзяное поле. Спрытна лавіруючы, пайшоў супраць плыні канькабежцаў, каб хутчэй дабрацца да чырвонай шапкі і блакітнага світэра, з якіх ён не спускаў вачэй, пакуль надзяваў канькі. Падляцеў ззаду, схапіў Машу за руку. Яна войкнула, але, убачыўшы, што гэта Славік, засмяялася.
        – Вітаю вялікіх спартсменаў эпохі! Хочаш, за паўгадзіны я зраблю з цябе рэкардсменку?
        – А ці не замнога самаўпэўненасці? – Расчырванелая, яна ўся свяцілася, ззяла, сыпала з вачэй такія ж вясёлыя іскры, як блёсткі на снезе ад святла ліхтароў.
        Тарас, пэўна, не надта ўзрадаваны, што з’явіўся гэты шалапут, сказаў, аднак, з клопатам:
        – Што ты так лёгка? Прастудзішся.
        – Брыгадзір! Ты дрэнна ведаеш свае кадры!
        Маша зазвінела смехам.
        Падтрыманая за абедзве рукі двума даволі спрактыкаванымі канькабежцамі, яна пайшла больш упэўнена, хутка, смела.
        Шоргат соцень канькоў, галасы і смех, дзесяціградусны мароз, ззянне інею, іскрыстае святло ліхтароў, пах елкі – елка ўжо стаяла пасярод катка, але не была яшчэ ўпрыгожана і асветлена, – усё гэта п’яніла, напаўняла ўзнёслымі жаданнямі, весялосцю.
        – Місіс марсіянка! Корпус наперад! Вось так. Глядзі на мае ногі! Не глядзі на яго! Ён жа ходзіць, як лось на лёдзе. – Пад нібыта бяскрыўднымі жартамі хаваўся намер, можа, нават і несвядомы, асмяяць, прынізіць свайго саперніка. – Пройдзем удваіх, і я пакажу табе вышэйшы клас фігурнага катання. Не бойся, я буду цябе трымаць вось так.
        Славік паспрабаваў абняць дзяўчыну за талію, але яна адхілілася і вырвала сваю руку. Славік ламаў галаву, якім чынам адшыць Тараса і хоць на кароткі час застацца з ёй з вока на вока. Тады ў гэтым карагодзе ён, напэўна, здолеў бы сказаць ёй пра свае пачуцці. А сказаць трэба сур’ёзна і горача, каб яна паверыла, каб зноў не палічыла гэта за легкадумны жарт, на яго звычайную безадказную балбатню. Недарэчна ўсё выходзіць! Можа, упершыню ў жыцці яму захацелася пагаварыць з дзяўчынай з усёй сур’ёзнасцю, і няма як. Магчыма, што ўрэшце ён усё-такі нешта прыдумаў бы. Але калі ўжо не шанцуе, то не шанцуе да канца. Усё складвалася так, каб перашкаджаць яму. Немаведама адкуль з’явіўся Яраш з усім сваім вывадкам – з Наташай, Віцем. Яны адразу падхапілі Машу. Побач з імі пайшоў і Тарас. Уся сям’я сабралася! І ён, Славік, аказаўся як бы лішні. Колькі хвілін ён круціўся вакол гэтага сямейнага ансамбля, выпісваючы самыя адмысловыя фігуры. Яму хацелася паказаць свой спрыт, уменне. Але раптам сам Антон Кузьміч вырваўся наперад і зрабіў два-тры такія віражы вакол Славіка, што хлопец, пры ўсёй сваёй несамакрытычнасці, зразумеў: здзівіць свет яму няма чым. А тут яшчэ падляцеў дурань сябра з яго, Славікавым, паліто і шапкай і закрычаў, парасё, на ўвесь каток:
        – Аддай мае канькі!
        Размовы не адбылося. І ўвесь наступны тыдзень Славік быў заняты тым, што пісаў Машы пісьмы. Увогуле ён не любіў пісаць. А тут штодня сачыняў даўжэзныя пасланні. Пісьмы не падабаліся яму: яны былі сентыментальныя, як Ірынін дзённік. А ён ненавідзеў залішнюю чуллівасць. Хацелася сказаць пра сваё каханне проста, але гэтак шчыра, каб яна адразу паверыла. Цяпер ён добра разумеў, што толькі вера ў сур’ёзнасць яго прызнання можа нарадзіць у Машы гэтакія ж пачуцці. Толькі такім чынам можна перамагчы саперніка, а не дуэллю, бойкай, сваркай, знявагай, крыўляннем ці якім іншым глупствам. Але такія шчырыя пісьмы не выходзілі. Выявілася, што напісаць так, каб табе паверылі, гэта зусім нялёгка.
        
        
* * *

        
        Сакратар камітэта Валодзя Клецень перабіраў у шуфлядзе стала паперы і доўга не пачынаў гаворкі. Тарас зразумеў, што размова мае быць далікатная і Валодзя, хлопец добры і мяккі, хоча, каб пачала яе Вера Куцькіна, лабарантка, сябра камітэта. Гэтая нязграбная, высокая, у чорных акулярах дзяўчына сядзела каля стала і вельмі ўважліва чытала нейкую чарговую доўгую пастанову вышэйшага камсамольскага органа.
        Вера ў камітэце – спецыяліст па маральна-бытавых пытаннях. Усе на заводзе ведалі яе гнеўную непрымірымасць да ўсялякіх амаральных учынкаў. Тарас таксама цаніў яе прынцыповасць: нікому не змоўчыць, калі трэба, – ні дырэктару, ні парторгу. Таму ўсе пакрыўджаныя, асабліва дзяўчаты, ішлі да яе. Але што датычыць яе высокіх маральных прынцыпаў, то Тарасу здавалася, што Куцькіна не заўсёды бывае шчырая, што гнеў яе да парушальнікаў гэтых прынцыпаў – не ад глыбокага пераканання, душэўнай чысціні і дабраты, а хутчэй – ад злосці на людзей за тое, што самую яе прырода пакрыўдзіла. Таму Тарас трохі недалюбліваў гэтую дзяўчыну. Не падабалася яму, што яна залішне ўважліва прыглядаецца да яго брыгады, быццам паставіла сабе за мэту: абавязкова знайсці крамолу. Генрых сказаў ёй аднойчы:
        – Ты, Вера, можаш глядзець на нас як хочаш. Але не забывай, калі ласка, што мы не ангелы, мы – людзі. Маладыя хлопцы.
        Сакратар не дачакаўся, пакуль Куцькіна праявіць ініцыятыву. Сказаў:
        – Давай, Вера, ты... выкладвай...
        Яна з неахвотай адарвалася ад пастановы, бліснула акулярамі, крутнула галавой.
        – Ох, ліберал! – І павярнулася да Тараса: – Даклад кароткі. Я патрабую, каб гэтага твайго піжона Шыковіча выцягнулі на камітэт.
        – Завошта?
        – Ён пакрыўдзіў дзяўчыну Ніну Байкач.
        – Як пакрыўдзіў?
        Вера сурова глянула на брыгадзіра з-пад акуляраў.
        – Не прыкідвайся, Ганчароў, дурнем. Ты добра ведаеш, як можа пакрыўдзіць такі.
        Тарас пачырванеў. Ён заўсёды адчуваў сябе няёмка, калі гаварылі пра такія рэчы маладыя людзі, ды яшчэ дзяўчаты.
        – Яна паскардзілася табе?
        – Не. Праз дурны дзявочы гонар яна нікому нічога не расказвае. Але сяброўкі чуюць, як яна начамі раве ў падушку.
        – А чаму, Вера, па-твойму, гэта дурны гонар? – нечакана спытаў Валодзя Клецень.
        Куцькіна доўга разглядала сакратара праз свае вялікія акуляры, як бы здзіўленая, што ён мог задаць такое пытанне. Потым, як суровая настаўніца, паківала яму пальцам.
        – Клецень! Табе не да твару такая пазіцыя. У цябе спытаюць... Гарком спытае... Чаму такі чалавек носіць званне сябра брыгады камуністычнай працы? Я дагэтуль не ведаю, як ён апынуўся ў брыгадзе...
        – Мы самі яго ўзялі.
        – Ведаю, што самі. А завошта? За якія заслугі?
        – Баюся, што ты, Вера, гэтага не зразумееш, – уздыхнуў Тарас, як бы шкадуючы, што яна не можа зразумець такой простай рэчы. А Вера прыняла гэта як абразу. Абурана закрычала:
        – Ты чуў, Валодзя? Адны яны ўсё разумеюць! Што гэта такое, як не зазнайства? Хіба я не казала, што нам трэба глядзець ды глядзець за гэтай брыгадай?!
        Тарасу хацелася пасварыцца, але ён змаўчаў. Іншае ўзрушыла. Ён быў супраць, каб адносіны Славіка з Нінай выносілі на камітэт. Хто ведае, што ў іх было. Калі дзяўчына не скардзіцца, а толькі плача па начах і сохне, то, на думку Тараса, справа гэтая не для такога разбору. Тут трэба нешта другое. Неяк інакш. Больш далікатна.
        Акрамя ўсяго Тарас баяўся, як бы Славік не падумаў, што ўсё гэта ўзняў ён, брыгадзір, з-за Машы. Безумоўна, падумае.
        Славікавы настойлівыя заляцанні да Машы прынеслі Тарасу нямала цяжкіх перажыванняў. Асабліва трывожыла, што Маша ўсё яшчэ не адказвае, ці згодна яна выйсці за яго замуж. Але каб выгнаць Славіка з брыгады, – такой і думкі ніколі не было. А вось жа могуць стварыцца абставіны, што зробяць іх ворагамі. І тады ўжо напэўна ў адной брыгадзе ім не працаваць. Валодзю Клеценю можна было б пра ўсё гэта расказаць. Але Куцькінай – не. Перакруціць усё дагары нагамі, даводзячы свае высокія прынцыпы. Тарас сказаў:
        – Дайце спачатку нам самім пагутарыць з ім. У брыгадзе.
        Вера падазрона прыжмурылася.
        – Хочаце выпрацаваць тактыку, як абараняць свайго любімчыка? Ой, глядзі, Ганчароў, зацягне ён цябе ў балота!
        Славік і Генрых прыйшлі апошнія: даўжэй другіх мыліся ў душы; любілі паплёскацца. Генрых ведаў, з якой мэтай збіраецца брыгада. Ён, як і Ходас, адразу паверыў, што Славік мог зрабіць подласць, і ўзлаваўся на гэтага «безадказнага шчанюка». Яны разам працавалі – на зборцы аўтаматычнага дэталез’ёмшчыка. Славік, як ніколі, быў уважлівы і старанны. «Асісціраваў» без адзінай памылкі. Гэтае яго ўменне яшчэ больш злавала «прафесара». Няўжо ўсе іх спадзяванні і намаганні дарэмныя? Няўжо не будзе чалавека? Генрых дзіўна гасіў сваё абурэнне і выдаваў свой настрой: увесь час, ад абеду да канца змены, бурчаў словы адной і той жа песні:
        
         Миленький ты мой,
         возьми меня с собой
         И в той стране далекой
         зови меня женой.
        
        Славіку песня спачатку падабалася, потым пачала раздражняць.
        – Бабская песня, – сказаў ён.
        – Бабская, – згадзіўся Генрых.
        Славік зразумеў, што сабраліся гаварыць пра яго адразу ж, як толькі ўвайшоў у пакой інтэрната. З якой прычыны?
        Паважнай хадой «кіруючага таварыша» – Славік навучыўся перадражніваць гэтую паходачку – крочыў па пакоі Іван Ходас, глыбока засунуўшы рукі ў кішэні штаноў. Косця заваліўся на свой ложак, прытуліўшыся патыліцай да сцяны – да фатаграфій кінаактрыс, і, чырвоненькі, узбуджаны, зіркаў сваімі цыганскімі вачамі на Івана. Відно было, што яны пасварыліся. Тарас і Лапацін сядзелі за сталом. Лапацін з дзіцячай цікавасцю разглядаў маленькую штучную елачку, круціў у руках, асцярожна дакранаўся да кожнай мініяцюрнай цацачкі.
        – Скажы, калі ласка! Косця! Колькі каштуе?
        – Сто рублёў.
        – Маніш. Толькі што гаварыў – трыццаць. Але і трыццаць – дорага. – Пасля таго як Вера нарадзіла сына, Васіль стаў надзіва ашчадны.
        «Знарок цягнуць», – падумаў Славік. Яго неаднойчы прабіралі ў школе, на студыі, у брыгадзе. Але ніколі ён не адчуваў сябе так кепска. Ён ненавідзеў сябе за гэтую незразумелую боязь. Загадваў сабе быць дзёрзкім і смелым. Але калі казаць шчыра, то таксама ўпершыню ўсумніўся, што здолее быць такім.
        Генрых падышоў да этажэркі, узяў нейкую кніжку, разгарнуў і зноў ціха заспяваў:
        Миленький ты мой, возьми меня с собой И в той стране далекой зови меня чужой...
        Славік узарваўся:
        – Не вый! – Але спахапіўся і сказаў да ўсіх з усмешкай, быццам бы жартам: – Што вы паселі, важныя, як суддзі? Судзіце.
        – І а-су-дзім, – пагрозліва, з націскам, праз зубы працадзіўшы склады, адказаў Ходас. Спыніўся перад Славікам, выцягнуў з кішэні сціснуты кулак. – Брыгаду ганьбіць не дамо!
        – Хлопцы, няўжо трэба псаваць настрой перад Новым годам? – зморшчыўся Косця, просячы вачамі ўсіх, каб яны былі больш далікатныя, не сварыліся. Адкуль столькі чуласці і дабраты ў гэтага хлопца!
        – Ён, можа, жыццё чалавеку сапсаваў, а не настрой! – крыкнуў Ходас. – А ты – добранькі!.. Хрыстосік!..
        У Славіка захаладала ўсяродку. Пад нагамі, здавалася, калыхнулася падлога.
        Вось яно, прыйшло... Няўжо Нінка зацяжарала і пра ўсё расказала? О жах! На лбе выступіў пот. Здрадны пот. Выцерці? Не. Славік паварушыў пальцамі і адчуў, што яны зліпліся, быццам іх вымазалі смалой.
        – Чакай, – спыніў Тарас Ходаса, які пачаў быў ужо гаварыць гнеўную прамову, і спакойна спытаў у Славіка: – Скажы нам шчыра, што ў цябе з Нінкай. Дзяўчына плача начамі...
        «Значыцца, не скардзілася, а толькі плача, – узрадаваўся Славік. – Тады – адмаўляць. Усё адмаўляць! Не здавацца! Наступаць!» Ён даўно ўжо пераканаўся, што лепшая форма абароны – наступленне. І закрычаў:
        – Ты ўжо пытаўся ў мяне пра гэта. І я табе адказаў. І табе адказаў! – тыркнуў Славік пальцам у Генрыха. – Шчыра. Чаму вы не верыце мне? Крычыце пра веру ў чалавека, а самі... Лезеце ў душу, дзе трэба і не трэба...
        – Не, дзе трэба! Дзе не трэба – не лезем, – адказаў Тарас і папрасіў ветліва: – Не гарачыся, калі ласка.
        А Генрых з узнятай кнігай ступіў да Славіка і сказаў са сваёй звычайнай разважлівасцю:
        – Па маралі мяшчанскай мы, відаць, сапраўды не маем права лезці ў душу, як ты кажаш, калі справа датычыць тваіх адносін з дзяўчынай. А па маралі нашай, я думаю, мы маем гэтае права. Абавязаны, Косця! – павярнуўся «прафесар» да Косці і... сунуў яму ў рукі кнігу, невядома навошта.
        – А ён плюе на нашу мараль! – ніяк не мог супакоіцца Ходас. – У яго свая, брадвейская... Выхоўваем... Даўно пара гнаць!
        – А я веру Славіку! Хіба ён падвёў нас у чым? Дрэнным таварышам быў?
        Славік хмыкнуў:
        – Ты наіўны, Косця. Хіба не бачыш, што камусьці хочацца мяне выжыць? – Ён нахіліўся над сталом, да Тараса, заглянуў зблізку яму ў твар, у вочы, аскаліўся, як ваўчаня. – Што? Знайшоў прычыну, брыгадзір? Хочаш адпомсціць? Дык ведай. Я люблю Машу!
        Усе адразу сціхлі. Тарас апусціў вочы, лоб яго пабялеў, а шыя налілася крывёю.
        «Я так і ведаў», – падумаў ён, але схамянуўся, смела глянуў на Славіка і сказаў спакойна і цвёрда:
        – І я люблю Машу. Але помсціць табе... – ён паківаў галавой, – няма за што. І не думай, што нам прыемна разбіраць такія справы. Вырашым так... – Брыгадзір рэзка падняўся, агледзеў сяброў; рэдка ў яго быў такі рашучы выгляд, звычайна ён любіў параіцца, разважыць. – Вырашым так... Калі ты сумленны перад Нінай, перад намі, – прыходзь заўтра ў брыгаду і – працуй. Мы слова больш не скажам. У камітэце я ўладжу. Калі ж ты зрабіў подласць і не маеш мужнасці прызнацца, – не прыходзь. – Ён вымавіў гэтае «не прыходзь» амаль шэптам, але выразна і цвёрда. – Так будзе лепш для цябе. Праўду не схаваеш. Выганім з ганьбай!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.