РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сэрца на далоні
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
39
40
36
        
36

        
        Славік не спаў усю ноч. Пасля доўгага роздуму вырашыў – пойдзе на завод. А можа здарыцца, што абыдзецца. Але калі маці раніцой пачала будзіць яго, сказаў, што ў яго выхадны.
        Доўга валяўся ў ложку. Не хацелася нікога бачыць, нікому глядзець у вочы. Здавалася, глянуць на яго і ўсе адразу здагадаюцца.
        Падняўся – і адразу схапіўся з сястрой. Знарок, на злосць ёй, абвясціў, што чытаў яе дзённік.
        – Сентыментальная лухта.
        Рэакцыя Іры была зусім нечаканая. Яна паглядзела на брата зняважліва і на поўны голас, пры маці, сказала:
        – Падонак ты! Што ты разумееш? Так, я люблю яго!
        – Але ж ён цябе, дурніцу, не любіць.
        – Ну і няхай. І няхай. А я люблю! Люблю так, як ты, цынік няшчасны, не палюбіш ніколі. І мне хораша!.. І ты не чапай!.. Не лезь сваімі бруднымі лапамі! – Ёй было так «хораша», што слёзы паліліся ў яе з вачэй.
        Славіку стала сорамна. Дурань! Надумаў здзекавацца... З каго? І з чаго? Сам такі.
        Ніколі ён яшчэ не прасіў у сястры прабачэння. А тут збянтэжана папрасіў:
        – Я не хацеў цябе пакрыўдзіць. Даруй.
        Гэта да слёз кранула Валянціну Андрэеўну. Прызнанне дачкі, трагедыя яе першага кахання, нечаканая чуласць сына – як усё гэта адгукнулася ў мацярынскім сэрцы! Адначасна – і болем і радасцю. Папракнула сябе: мала займаецца дзецьмі.
        Прыкмеціўшы, як за апошні час Славік пасталеў, пасур’ёзнеў, Валянціна Андрэеўна радавалася і сачыла, каб хто незнарок не абразіў яго напамінкам пра мінулае ці яшчэ чым-небудзь, што магло б зрабіць душэўную траўму.
        Жадаючы замацаваць мір паміж дзецьмі, улагодзіць, яна дала кожнаму з іх прыемнае даручэнне.
        – Я не веру, што бацька прывязе елку з лясніцтва. Ён тыдзень абяцае і не можа выбрацца. Ды, кажуць, леснікі і міліцыя затрымліваюць усіх елачных браканьераў. Славік, разбіся, а знайдзі добрую елку. Што гэта за такая абыякавасць да Новага года? Зрабіце прыемнае мне, калі не хочаце рабіць сабе. Іра, сходзіш у краму, купіш цацкі. Каб да вечара ў нас стаяла елка. Будуць госці.
        Славік узрадаваўся, што ёсць прычына пабадзяцца па горадзе, нечым заняцца. Абы забыцца на ўчарашняе. Каб можна было забыцца! А што, уласна кажучы, здарылася? Нічога. Яго ж не выгналі з завода. Ён можа працаваць. Не, чорта з два! Як ён можа вярнуцца, калі не пайшоў сёння?
        Ён хацеў прымусіць сябе на ўсё махнуць рукой з цынічнай абыякавасцю чалавека, вольнага ад усіх умоўнасцей. Такім яму хацелася некалі быць. Але цяпер гэта не атрымоўвалася. Адбылося нешта незразумелае для яго. Каб раней яму сказалі, што здарыцца так, што яму будзе цяжка расстацца з брыгадай, то ён, напэўна, засмяяўся б. А цяпер, калі ён так прыжыўся там, нават з Ходасам, здаецца, паладзіў, набыў прафесію і палюбіў яе!.. Крыўдна, шкада. І ён не саромеецца гэтых «банальных пачуццяў». Застацца на заводзе? Але тады трэба ісці ў другі цэх, зноў вучнем, зноў пачынаць усё спачатку, могуць нават паставіць рознарабочым. Разгружаць вугаль ці вывозіць з цэха стружку разам з тымі дзяўчатамі, што толькі ўчора прыйшлі на завод з вёскі.
        Праўда, цяпер ён не думаў са знявагай пра гэтых дзяўчат. Ні да каго – якую б чорную работу ні рабіў чалавек! – ён не ставіўся цяпер з вышыні сваёй выключнасці.
        Якая там, да д’ябла, выключнасць! Таксама знайшоўся звышчалавек! Ён скептычна ўсміхаўся з ранейшых думак пра свае таленты, незвычайнасць, са сваёй гульні ў расчараванасць, незадаволенасць. Не, цяпер яму хочацца аднаго – быць звычайным, звычайным слесарам-зборшчыкам, такім, як Косця, як хітрун і насмешнік Варэнік, як Лапацін, як Тарас, як нават Ходас. Як усе яны разам і кожны паасобку – з усім тым добрым, што ў іх ёсць, і з усімі чалавечымі слабасцямі. І мець звычайнае шчасце – Машына каханне. Больш нічога не трэба. Але, пэўна, ён горшы за ўсіх: Маша з ім не хоча нават сустрэцца, і з брыгады яго выгналі...
        Славік спыніўся пасярод шырокай і пустой плошчы. У далёкім канцы яе, каля паркавай агароджы, прадавалі елкі. Углыбіўшыся ў развагі, ён зусім быў забыўся, чаго ішоў сюды. Убачыў елкі – успомніў і адчуў, што нішто яго не цікавіць: ні елка, ні Новы год.
        А можа, пайсці да хлопцаў? І сумленна расказаць ім пра ўсё. І з Нінкай пагаварыць – папрасіць: даруй. Ён адчуў раптам павагу да дзяўчыны, якая «па начах раве ў падушку», але нікому – ні слова. Але ж – сорамна, ганебна. Як скажаш: даруй, што не кахаю цябе. Не, ён сапраўды такі пашляк і не мае права быць у такой брыгадзе. Каб можна было зайсці да Машы і да гэтай жанчыны з добрымі сумнымі вачамі... Чамусьці здалося, што толькі яны маглі б зразумець яго. Вельмі захацелася зайсці да іх. Але ён разумеў, што цяпер у яго тым больш не хопіць рашучасці.
        – Што ты прывезла ламачча нейкага, а не елак? – закрычаў ён на маладую чырванашчокую жанчыну, якая ў кажуху, у валёнках сядзела на грудцы крыжавін і смачна ела свежую булку. – Думаеш, гарадскія – дурні, любую дрэнь праглынуць? Ці, можа, ім грошай няма куды дзяваць?
        – А ты б пазней паспаў, можа б, табе сама Снягурачка прынесла елку, – хораша ўсміхнулася яна. – Елкі як елкі. Хто гэта будзе добры ельнік рубіць? У цябе елка два дні пастаяла, ды і на сметнік. А з добрай ялінкі якое дрэва вырасце!
        Яе мудрая разважлівасць, спакой і здаровы апетыт неяк дзіўна супакоілі Славіка, нават развесялілі, настроілі па-святочнаму. Ён хутка выбраў елку, разлічыўся. Жанчына зычліва параіла:
        – Галінак захапі. Падвяжаш, будзе елачка што лялечка.
        Славік нёс сваё свята, дарагое яшчэ з маленства, і стараўся адагнаць прэч усе сумныя думкі. Пакінуць усе турботы старому году! О, каб можна было ўвайсці ў новы год зусім новым, без усяго мінулага! Нехта ўчапіўся ззаду за елку, пацягнуў. Нехта жартаваў. Ён намерыўся панатужыцца, пацягнуць на сябе, а пасля рэзка адпусціць – няхай грымнецца нейкі дурань. Але ззаду пырскнуў дзявочы смех. Славік хутка павярнуўся. Перад ім стаяла Маша. Трымала маленькую пушыстую елачку і ўсміхалася. Чырвоная, як жар, рукавічка гарэла паміж цёмнай зеляніны. Іскрылася інеем хлапчуковая шапка.
        – З наступаючым, Славік.
        Ён так узрадаваўся, што забыўся нават павіншаваць яе ў адказ. Стаяў, глядзеў і блазнавата ўсміхаўся.
        Потым яны ішлі побач. Неслі елкі, вялікую і рэдкую – Славікаву, маленькую і густую – Машыну. Як у лесе. Славік сапраўды ішоў, як у лесе, – нікога вакол не бачыў, нічога не чуў, акрамя яе голасу. Гаварылі пра пустое, дробязнае. Але ён увесь час думаў, што хутка ёй трэба павярнуць... Яна са смехам развітаецца і... пойдзе. А ён зноў застанецца са сваімі пакутамі. Калі яшчэ здарыцца такі выпадак?
        Славік спыніўся, глыбока ўдыхнуў марознае паветра, як бы рыхтуючыся нырнуць.
        Маша са смяшынкай у вачах глядзела на яго, напэўна, здагадваючыся, пра што ён хоча сказаць. Ён сказаў амаль шэптам:
        – Я люблю цябе, Маша. Я вельмі...
        І змоўк – спалохаўся, што яна засмяецца. Яна не засмяялася. Наадварот, зрабілася раптам вельмі сур’ёзнай. Ласкава дакранулася вогненнай рукавічкай да адварота яго паліто.
        – Выкінь з галавы, Славік. Я выходжу замуж, – і ўздыхнула.
        Словы яе – як удар молата, таго, шматтоннага, што ў механічным цэху. Неяк назіраючы за яго работай, Славік падумаў, што было б, каб пад молат трапіў чалавек. Ён «трапіў пад молат»... «Яна выходзіць замуж за Тараса. Але, за яго, безумоўна. За каго ж яшчэ?»
        – Ты дзіця, Славік. А я – старая. Мне дваццаць тры. Тарас – цудоўны чалавек.
        Усё. Цяпер – усё. Няма Машы, няма брыгады. Нічога няма. Што ж рабіць?
        Кінуўшы елку, як непатрэбную рэч, Славік доўга без мэты і без думак, з пустой галавой блукаў па горадзе. Спачатку не бачыў людзей. Пасля іх узбуджаныя і шчаслівыя твары пачалі раздражняць яго. Што іх радуе? Новы год? Елкі? Смешна. Куды б пайсці, дзе б схавацца, каб нічога не бачыць, не чуць звычайных, банальных слоў?
        Каля пад’езда рэдакцыі стаяў бацькаў «Масквіч». Славік як бы спатыкнуўся на яго. Доўга стаяў, разглядаў, як дзіва нейкае. Потым з’явілася думка. Вось яно – выйсце! Паехаць – куды вочы глядзяць. За горад! У снежны прастор! Ляцець, каб вецер свістаў! З’ехаць на край свету. Няхай шукаюць!
        Бацька яшчэ вясной забараніў яму ездзіць на машыне і адабраў аматарскія правы. Але запасныя ключы Славік усё яшчэ насіў з сабой, на ланцужку ў маленькай кішэні штаноў. Ён насіў іх з восьмага класа, калі навучыўся вадзіць машыну, і дужа любіў пакруціць ключыкамі перад сябрамі, перад дзяўчатамі – усё, маўляў, мы маем і ўсё ўмеем!
        Шыковіч-старэйшы спахапіўся, што няма машыны, хвілін праз дваццаць. У рэдакцыі ўзняўся вэрхал. Гэта ж нечуванае нахабства! Украсці машьшу ад дзвярэй рэдакцыі сярод белага дня, ды яшчэ пад самы Новы год!.. Жах! З абурэннем званілі ў міліцыю з некалькіх тэлефонаў – у абласное, у гарадское кіраўніцтва: якога д’ябла вы там робіце, калі зладзеі дзейнічаюць вось так?! Гонар міліцыі быў закрануты, і яна праявіла незвычайную аператыўнасць.
        Па горадзе Славік ехаў павольна: усюды міліцыя, асабліва пры выездзе, правяраюць кожную машыну, якая вяртаецца ў горад, адбіраюць елкі. Ён праехаў кантрольны пункт, кіруючыся ўсіх правілаў, спакойны і ўпэўнены, з папяросай у зубах. Як добры знаёмы, адсалютаваў міліцыянеру. Але як толькі вырваўся за горад, даў такі газ, што стрэлка спідометра хутка перапаўзла лічбу 100 і пачала канвульсіўна скакаць, падбіраючыся часам ажно да 120. Стары «Масквіч», здавалася, не датыкаўся сваімі аблыселымі шынамі слізкай дарогі.
        Славік ехаў пасярод шашы, у лоб сустрэчным машынам. І спрактыкаваныя шафёры ў апошні міг кідалі свае ГАЗы і МАЗы ўбок, узнімаючы снежны пыл. Мацюкаліся, пагражалі ўслед вар’яту кулакамі.
        Шалёная хуткасць канчаткова ап’яніла хлопца. І чым далей – тым горш. Падскаквала, дрынчала машына, кідаліся пад яе голыя вербы, і шумела ў галаве, мільгала і дваілася ў вачах.
        У пасёлку хімічнага завода аўтаінспектар хацеў спыніць яго за перавышэнне хуткасці. Славік праляцеў міма. Але пільны вартавы дарожкага парадку ўсё-такі паспеў запомніць нумар. Таму вельмі хутка міліцэйскае кіраўніцтва, на радасць сабе, дакладна ведала, у якім кірунку гоняць украдзеную машыну. На дзвесце кіламетраў па магістралі былі падняты на ногі ўсе аддзяленні міліцыі.
        Хто затрымае небяспечнага злодзея?
        Кіламетраў за трыццаць ад горада Славік убачыў наперадзе на дарозе сярод пустога поля матацыкл. Двое ў чорных кажухах стаялі пасярод шашы. Ён зразумеў, што чакаюць яго. І тут жа ўявіў амаль дакладна, што адбылося там, у горадзе. Гэта надало яму панурую весялосць. Не аднаму яму пакутаваць. Няхай і самазадаволены «стары конь» паперажывае за сваю «рухомую ўласнасць». У апошні час ён занадта вясёлы.
        – Іду на таран! – закрычаў ён і, наддаўшы газу, памчаў на міліцыянераў.
        Натуральна, што яны не вытрымалі – адскочылі ўбок. Праз люстэрка Славік убачыў, як адзін выхапіў пісталет.
        «Страляюць? Вось гэта здорава! Зусім як у кіно». Хутка ён убачыў, што міліцыянеры ўскочылі на матацыкл. Гоняцца. І хлопца апанавала новае пачуццё – азарт гоншчыка-ўцекача. Ён засвістаў, загалёкаў, як той каўбой на кані:
        – Ану, злавіце!
        Убачыўшы, што матацыкл адстае, ён знарок прытармазіў газам, даў ім пад’ехаць бліжэй. Зноў убачыў цераз люстэрка, як той, што сядзеў у калысцы, дастаў пісталет. Тады зноў ірвануў уперад так, што з-пад колаў паляцеў ледзяны пыл.
        Міліцыянераў чакалі дома жонкі, дзеці і навагоднія сталы: яны адсталі, упэўненыя, што наперадзе ёсць другія.
        Кіламетраў праз пятнаццаць – дваццаць уцекача чакала другая засада, больш хітрая і моцная.
        Насустрач ішоў ГАЗ-69. Славік спачатку нічога не падумаў: ці мала было сустрэчных машын! Ды раптам метраў за дзвесце «газік» нібы занясло – ён стаў пасярод дарогі.
        – А-а! – Славік завыў, як дзікун. – Вы так?! А мне як?! Мне як?!
        Але волі хапіла не перакінуць нагі з педалі газу на педаль тормаза. Упяўся да болю ў баранку. Заплюшчыў вочы. Не вытрымалі нервы ў міліцыянера, які сядзеў за рулём: ірвануў машыну да кювета, і Славік праскочыў і гэтую засаду. Глянуў у люстэрка, убачыў, як «газік» вылазіць са снегу, паварочваецца, і амаль радасна галёкнуў:
        – А што, укусілі?
        Начальнік раённай міліцыі, чалавек добры і спакойны, заключыў:
        – П’яны. Не гані, Пятро. Нікуды не дзенецца. А то яшчэ разаб’ецца, дурань. – Начальнік шкадаваў п’яных, нават зладзеяў. Але Пятра заела: нейкі шчанюк так напалохаў, увагнаў у сорам. І ён націснуў на газ.
        Славік раптам адчуў, што «Масквіч» як бы знясіліўся. Не, стрэлка па-ранейшаму дрыжала направа ад 100. Але ўсё-такі нешта не так. А тут яшчэ ён выскачыў да рэчкі. Круты-круты спуск, а на тым беразе яшчэ вышэйшая гара. І Славіка раптам апанаваў страх. Здалося, што машына, набыўшы інерцыю, не здолее праскочыць вузкі мост, што ў яго не хопіць сілы ўтрымаць руль і ён зляціць у рэчку, праломіць лёд...
        Не паспеў ён падумаць пра гэта, як нага сама рэфлекторна пераскочыла на тормаз. І ў той жа міг Славік адчуў, што машына, нібы раз’юшаны звер, выйшла з-пад яго ўлады. Ірванула ўлева. Ён крутнуў руль управа. Тады машына з шалёнай хуткасцю закруцілася на месцы, адарвалася ад зямлі і па спіралі ўзнялася ў паветра. Адзін віток, другі, трэці... Пры кожным вітку стрымгалоў ляцелі падстрыжанымі вяршалінамі ўніз старыя вербы.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.