РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сэрца на далоні
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
39
40
5
        
5

        
        На супынцы таксі каля вакзала адзін з шафёраў ветліва запрасіў Яраша:
        – Калі ласка, доктар, у маю машыну.
        – У Дзятлаўскае лясніцтва. Ведаеце?
        – Ведаю. Наш брат усё мусіць ведаць.
        «Волга» рванула з месца, Яраш па інерцыі адкінуўся на спінку і гэтак застыў. Мільгалі вулічныя ліхтары, вітрыны, сігналы сустрэчных машын. Ён заплюшчыў вочы, але не адчуў асалоды адпачынку. Дзень скончаны. Незвычайны дзень. Яраш жыў уражаннямі ад сустрэчы з чалавекам, якога васемнаццаць год лічыў мёртвым. «Вось сюжэт для Кірылы». Ён хацеў надаць думкам іншы кірунак, абстрагавацца і супакоіцца. Але дарэмна. Супакоіцца не так проста.
        Зося папрасіла, каб ён аперыраваў яе. І не сказала, як многія іншыя: «Лепш памерці, чым так пакутаваць». Не. Яна верыць, што ён здолее ўратаваць яе.
        Калі тая аперацыя! Праз месяц... І ці можна яе ўвогуле аперыраваць? Гэта яшчэ пакажуць даследаванні. А ён ужо хвалюецца. Хвалюецца, бадай, мацней, чым перад сваёй першай самастойнай аперацыяй. Уяўляе яе сэрца, бачыць, як на макеце, звужэнне левай перадсардэчна-страўнікавай шчыліны... Недастатковасць клапана... Мозг пачынае напружана працаваць. Ідзе аперацыя. Ён уважліва і прыдзірліва прасочвае ўвесь ход яе, ад падрыхтоўкі хворай да...
        Раскрывае грудзі... Бярэ сэрца... Вось яно...
        Машына рэзка спынілася. Яраш расплюшчыў вочы. Стаялі перад закрытым шлагбаўмам каля чыгуначнага пераезду на ўскраіне горада.
        «Усяго праехалі?» – здзівіўся ён.
        Прайшло некалькі хвілін, а ён траха не скончыў такую аперацыю, на якую патрэбны гадзіны.
        – Задрамалі, Антон Кузьміч? – спытаў шафёр.
        Дзесьці збоку пыхкаў паравоз. Затрубіў у ражок стрэлачнік.
        Яраш заглянуў шафёру ў твар, асветлены слабым водбліскам прыбораў і чырвоным ліхтаром шлагбаўма. Не, гэтага чалавека ён не лячыў, памяць у яго на твары добрая. Шафёр, зразумеўшы, што доктар хоча пазнаць яго, растлумачыў:
        – Вы ўратавалі майго сына, Антон Кузьміч. На ўсё жыццё вам удзячны. Маці штодня ўспамінае. Хаця б ты, кажа, павазіў доктара. Скажыце, і я кожны дзень буду вазіць вас.
        – Хабар? – усміхнуўся Яраш.
        – Які хабар, доктар? – пакрыўдзіўся шафёр. – Хабар даюць за цёмныя дзялы. А тут – жыццё сына...
        Прайшоў нядоўгі таварны састаў. Старэнькі паравоз сыпануў у начное неба жменю іскраў. Але яны не сталі зоркамі – упалі назад на зямлю і патухлі.
        Павольна падымаўся шлагбаўм. У нейкі міг замест чырвонага ліхтара загарэўся зялёны. Яраша заўсёды здзіўляла гэтая няхітрая механіка.
        Машына кінула на пераезд сноп кароткага святла. Заблішчалі рэйкі. Вартаўнік пагразіў пальцам. За пераездам фары выхапілі з ночы больш доўгі кавалак чорнай шашы.
        Яраш глянуў убок і ўбачыў зоркі. Іх было мала, і яны плылі над чорным лесам, які заўсёды ўначы чамусьці здаваўся горнай градой – з вяршынямі, доламі, цяснінамі. А ўдзень гэта была зусім роўная сцяна лесу за кіламетр ад дарогі. Там, наперадзе, лес падступіць да самай шашы, і тады знікне гэтая ілюзія. Антон Кузьміч ніяк не мог растлумачыць прычыны такога зрокавага падману.
        Усё гэта – супынка, размова з шафёрам, зоркі, лес – адцягнула думкі ад Зосі. Праўда, ненадоўга. Хутка ён пачаў зноў думаць пра яе, але ўжо інакш. Прыгадаў, як зноў, другі раз за дзень, сутыкнуўся з Тамарай. Яна раптам запярэчыла супраць пераводу Зосі ў тую клініку, дзе пастаянна працаваў Яраш. Калі ён пайшоў, каб растлумачыць ёй, што мае сам аперыраваць хворую і таму зручней, каб яна была пад яго штодзённым наглядам, Тамара са здзекам спытала:
        – Гэта тваё падпольнае каханне?
        Антон не вытрываў і вылаяўся груба і злосна. Гаецкая спалохалася, адразу аформіла перавод.
        Калі Яраш пазваніў у рэдакцыю Шыковічу, што мусіць затрымацца, той сказаў:
        – Хрэн з табой. Сядзі каля сваіх хворых хоць тыдзень. А я млею ад духаты.
        Ён доўга сядзеў каля сваёй хворай. Зося глядзела на яго і хораша ўсміхалася, шчасліва і збянтэжана.
        – Дзе вы былі ўвесь гэты час?
        – Апошнія тры гады тут, у нашым горадзе.
        – І не ведалі пра мяне?
        – Ведала. Бачыла колькі разоў.
        – Бачылі? І не маглі прыйсці?
        – Я маленькі чалавек, Антон Кузьміч. Прыёмшчыца арцелі кравецкай на Выселках.
        – Ды якое мае значэнне, кім вы працавалі! Глупства! Сорамна падпольшчыцы дзяліць людзей на маленькіх і вялікіх.
        – Якая я падпольшчыца! Я дачка доктара Савіча. – Вочы Зосі напоўніліся слязамі.
        – Ну, не трэба! Калі ласка! Ніякіх хваляванняў і ніякіх расказаў! Аб усім пагаворым пасля. – Ён падняўся, каб пайсці.
        Яна папрасіла нясмела, сарамліва:
        – Пасядзіце яшчэ трошкі, Антон Кузьміч. Хлопчык гэты, Тарас, жывы?
        – Хлопчык! Хлопчык гэты ў арміі адслужыў. На заводзе робіць...
        – Я шукала яго. – Яна як бы вінавата прасіла прабачэння за тое, што не здолела знайсці дзіця.
        – Пасля, пасля. Не хвалюйце сябе ніякімі ўспамінамі.
        Сёстры і санітаркі хадзілі на пальчыках і гаварылі шэптам. У іх былі спалоханыя твары. Яраша абурыла гэта, але ён змаўчаў. Прымусіў сябе маўчаць. Што б яны падумалі, каб ён, звычайна ветлівы і далікатны з малодшым персаналам, раптам накрычаў на іх?
        Цяпер, у машыне, ён падумаў, што трэба заўтра ж пра ўсё расказаць Машы і папрасіць, каб яна ўзяла шэфства над Зосяй. Не медыцынскае. Чалавечае.
        Таксі звярнула з шашы ў лес. У святле фар дрэвы здаюцца дэкаратыўна нежывымі і ў той жа час фантастычна прыгожымі. Праплываюць застылыя ствалы з нерухомым белым лісцем. Быццам на міг з’яўляюцца на свет з дагістарычнай цемры і зноў знікаюць назаўсёды. Цені бягуць наперадзе, пераганяючы святло, доўгія і вузкія – блізка і шырокія – удалі. А з бакоў – чарната. А ўгары – цемра: зноў не відаць зорак.
        Яраш надзвычай любіў начную язду па лесе. Часта прасіў Шыковіча паездзіць. Той не разумеў яго захаплення. Яраш злаваўся: «Які ты, да д’ябла, пісьменнік, калі не адчуваеш такой прыгажосці? Ты паглядзі на гэтыя сосны! Які ў іх колер? А цені? З чым ты параўнаеш іх? Паспрабуй напісаць гэта рэалістычным пэндзлем. Памрэш – не напішаш. Тут, брат, трэба нейкі асобы, умоўны прыём».
        «Хірург-абстракцыяніст! – хмыкаў Шыковіч. – Навіна! Дзіва дзіўнае!»
        Шафёр таксі, напэўна, хацеў у знак удзячнасці давезці свайго пасажыра як мага хутчэй і імчаў па карэннях і ямах, не шкадуючы машыны.
        Яраш папрасіў:
        – Цішэй, калі ласка. Можна?
        – Можна! – Шафёр адразу збавіў хуткасць. – Я думаў, вы спяшаецеся.
        – Не. Я люблю паглядзець на лес.
        – О, лясок тут добры! Каб такіх сосен на дом.
        – Што было ў вашага сына?
        – Пералом пазваночніка. На будаўніцтве, ведаеце. Няшчасны выпадак.
        – А-а, помню.
        Шафёра ўзрадавала, што доктар помніў яго сына. Як бы пакрыўджаны за хабар, ён праз усю дарогу маўчаў. Гзта яму, відаць, нялёгка давалася, бо калі прарваўся, то пачаў паспешліва і мнагаслоўна расказваць пра сына, пра сябе, пра ўсю сваю сям’ю.
        Яраш слухаў і не чуў. Глядзеў на лес і думаў. Як у святле фар выплывалі з цемры дрэвы, так і з ночы памяці выплывалі эпізоды жыцця, далёкія і блізкія, з падполля і з сённяшняга дня.
        Да дачы ён не даехаў. Спыніўся каля канторы лясніцтва, сілком усунуў таксісту грошы і пайшоў пехатой.
        Свяцілася толькі адно акно – на паддашку ў Шыковіча.
        «Трэба адвучыць яго ад начной працы, – падумаў Антон Кузьміч пра сябра і тут жа пра жонку з пяшчотай: – Спіць Галка. Тут добра спіцца».
        Шкада было будзіць яе. Калі пад нагамі піснулі ўсходцы ганка, ён пагразіў ім пальцам: «Цыц!» Потым доўга стаяў нерухома, слухаючы начную цішыню.
        Не паднімалася рука, каб ціхенька, адным пальцам, пастукаць у шыбіну веранды. Ён быў упэўнены, што дзверы зачынены. Але паспрабаваў асцярожна націснуць на ручку – і дзверы лёгка адчыніліся. Белая, як прывід, постаць стаяла ў адным кроку ад парога. Навучаны шматгадовым вопытам, Яраш усё зразумеў і ўміг мабілізаваў свой спакой і вытрымку.
        – Што, баішся заходзіць? Сорамна? – не сказала, а прашыпела Галіна і тут жа сарвалася: – Не заходзь у дом, дзе спяць дзеці! Бессаромныя твае вочы!
        – Галка! – Ён зрабіў крок, ён прасіў, маліў яе ласкавым іменем, каб яна не рабіла шуму: побач людзі, дзеці.
        – Не падыходзь! Не датыкайся да мяне! Брудны тып!
        – Галя! Выслухай! – не папрасіў, патрабаваў Антон.
        – Што мне слухаць? Мне ўсё сказаў чалавек. «Ён заняты на кансультацыі...» Да дванаццаці ночы! Не першы раз ты «кансультуеш» яе... да позняй ночы! Крывасмок! Колькі ты выпіў маёй крыві! Не падыходзь!
        Але сама кінулася да яго і пачала ярасна калаціць маленькімі кулачкамі ў магутныя грудзі.
        – Паразіт! Я ненавіджу цябе! Не дакранайся да мяне! Усё! Усё, усё!.. Заўтра, заўтра!.. Зараз жа, зараз!.. Забіраю дзяцей... І ўсё. Жыві са сваёй шлюхай! Але я не дам вам жыцця. Не дам! Не чакай. Не!
        – Галя! – Ён адступіў на крок і паспрабаваў засланіцца ад яе ўдараў партфелем, які ўсё яшчэ трымаў у руцэ. Але яна выхапіла партфель і моцна стукнула ім па галаве, па твары. Гэта яго ўзарвала. Так жонка не паводзіла сябе ўжо колькі год. Узмахам рукі Антон выбіў у яе партфель, а самую схапіў у абдымкі, лёгка падняў, заціснуўшы рукі, каб не драпалася. А каб не крычала, моцна, да болю, прыпаў вуснамі да яе вуснаў. Яна білася, трапяталася, як рыба, дрыгала ў паветры нагамі, намагаючыся вырвацца. Але дарэмна. Ён насіў яе па прасторнай верандзе, быццам закалыхваў, як малую, і праз сціснутыя вусны шаптаў:
        – Дурная. Дурная. Дурная...
        І яна сціхла. Быццам самлела. Нерухомая, зрабілася цяжкай. Ён адняў вусны – яна не закрычала, нават не папрасіла: «Пусці». Ён ведаў з мінулага, што найпрасцейшы і хутчэйшы сродак памірыцца – гэта паказаць ёй, што нідзе ён не растраціў сваю сілу. Магчыма, Галіна чакала гэтага. Яму стала агідна, балюча і крыўдна. Прыгадалася, з якой прычыны ён затрымаўся, з якімі пачуццямі ехаў дадому. І раптам – такая сустрэча. Антон груба, як мяшок, кінуў жонку на шырокую тахту (яны спалі тут жа, на верандзе). Душыў гальштук. Ён сарваў гальштук і шыбануў цераз стол, у кут. Туды ж паляцеў пінжак і капялюш. У змроку яснай ночы Галіна бачыла гэтыя рэзкія рухі і, адчуўшы навальніцу, маўчала. Яна тонка ўмела адчуваць настрой мужа. Агонь рэўнасці, які яна распаліла, уяўляючы, як мужа, яе мужа, абдымае, цалуе гэтая распуслівая Тамара, – гэты агонь патухаў. Яна амаль гатова была папрасіць прабачэння. Але Антонавы мяккасць і адыходлівасць прывучылі яе да таго, што яна ніколі не рабіла першага кроку да прымірэння. Акрамя таго, вельмі свежымі яшчэ былі пакуты, якія яна перажыла за тры гадзіны – з таго часу, калі Кірыла прыехаў адзін і сказаў, што Антон затрымаўся на нейкай неадкладнай кансультацыі ў трэцяй клініцы. Колькі яна патраціла сілы, каб ні словам, ні рухам не выдаць сябе перад Шыковічамі. Як на злосць, Валянціна Андрэеўна не адступала ад яе ўвесь вечар, расказвала розныя вясёлыя здарэнні. Можа, знарок. Думка, што нехта чужы, збоку, бачыў і здагадваўся, што рабілася ў яе сэрцы, была самай цяжкай. Ужо за адно гэта сваё ўніжэнне яна мае права не дараваць Антону ці, ва ўсякім разе, не ісці першай на прымірэнне. Ён гучна пракаўтнуў горкі і салёны камяк і амаль застагнаў:
        – Божа мой!
        Галіне стала шкада яго: такі дужы, вялікі, мужны, ён застагнаў. Хваля пяшчоты заліла яе добрае сэрца. Каб ён наблізіўся да тахты, яна прыцягнула б яго да сябе, прыласкала. Але ён хадзіў па верандзе, спатыкнуўся на партфель, злосна піхнуў яго нагой. Пад яго цяжкімі крокамі новыя маснічыны не скрыпелі, а гудзелі. У рамах брынчалі шыбы. Можна было б сказаць яму: «Не хадзі. Пабудзіш дзяцей» – і гэта, напэўна, стала б крокам да прымірэння. Але, акрамя ўсяго іншага, яе распірала дурная жаночая цікаўнасць: што скажа ён у апраўданне? Ён нічога не сказаў яшчэ.
        Ён паўтарыў:
        – Божа мой! – і, памаўчаўшы, пачаў кідаць словы, як каменні: – Якое дзікунства! Уявіць цяжка... Пражыць з чалавекам шаснаццаць год, выгадаваць дзяцей... І не верыць яму ні на крупінку, ні на залатнік. Бясконца лічыць падлюгам, здольным на любую агіднасць. Бясконца падазраваць... Раўнаваць чорт ведае да каго... Зразумей, ты не дурная жанчына. Урэшце, у такой атмасферы нельга жыць. Нельга дыхаць. Чорт вазьмі!
        Словы гэтыя абражалі Галіну Адамаўну. Абражалі сваёй праўдай. Але, так жыць нельга! Ды і не жывуць яны так, яны жывуць хораша і шчыра. А ад гэтых прыступаў рэўнасці яна сама пакутуе ў сто разоў горш. Ён павінен быў зразумець гэта і рабіць так, каб не было ніякіх прычын. Ён павінен шкадаваць яе. А ён вось як лічыць – што яна атручвае яму жыццё, што яна пачвара нейкая.
        Галіна заплакала горка, надрыўна.
        – Вядома, я дурная... Дзікунка. Не даю табе жыць. Ты вялікі вучоны. А я? Кухарка твая, служанка... Нянька тваіх дзяцей. За імі, за тваёй шырокай спіной ды за гнілымі зубамі пацыентаў я нічога не бачу. Я свету не бачу...
        Чым больш яна гаварыла, тым больш пераконвала сябе, што яна вялікая пакутніца, і, заходзячыся ад жалю, курчылася ад рыданняў.
        «Ды няпраўда гэта! Хлусіш ты! – хацелася крыкнуць Ярашу. – Хіба ты жывеш горш за іншых? Хіба я не стараюся зрабіць тваё жыццё прыгожым і поўным? Ты сама выдумляеш сабе пакуты». Але ён умеў стрымлівацца. Ён добра ведаў жонку, яе хваробу, у якой, магчыма, больш за ўсё вінавата тая, да каго яна раўнуе. Ён пераключыў сваю злосць на Тамару. Падумаў: як правучыць гэту разбэшчаную бабу? Спыніўся каля тахты. Плечы Галіны сутаргава ўздрыгвалі. І ў яго дрогнула сэрца – стала шкада жонкі. Сапраўды, шмат у чым яна няшчасная. Але хіба ёсць у гэтым яго віна? Можа, не так горача ўжо кахаў ён яе, але кахаў, разважліва, спакойна, разумна, шанаваў, асцерагаў ад жыццёвых нягод, дамагаўся, каб была дружба і вера. Чаму ж яна не верыць яму, найбліжэйшаму чалавеку? Хіба не крыўдна гэта?
        Ён прысеў на тахту, асцярожна дакрануўся да яе пляча, гарачага і праз шоўк сарочкі.
        – Галя!
        Яна ўсхліпнула гучней.
        – Добра. Я бяру свае словы назад. Даруй. Але будзь жа і ты аб’ектыўнай. Мы ж культурныя людзі. І нам не па дваццаць год, каб сустракаць адно аднаго кулакамі... Ды і ў дваццаць... Ты прыніжаеш у першую чаргу самую сябе, сваю чалавечую годнасць. Няўжо нельга было спытаць спакойна: дзе ты затрымаўся? І я адказаў бы табе. Я адказаў бы, – ён падняўся і ўсхвалявана прайшоў па верандзе, – што ў мяне незвычайны дзень... Я сустрэў чалавека, які ратаваў мяне ад смерці і якога я лічыў мёртвым. Помніш, я расказваў табе? Дачка доктара Савіча. Ты не ўяўляеш...
        Муж расказваў у першыя гады сумеснага жыцця мноства розных гісторый са сваёй дзейнасці падпольшчыка. Галіна нават употай сумнявалася ў верагоднасці некаторых з іх. І большасць гэтых гісторый яна ўжо забылася, бо ў апошнія гады Антон рэдка ўспамінаў сваё падполле. Тым больш яна забыла прозвішчы людзей, пра якіх ён расказваў, якія былі яго таварышамі па барацьбе ці ворагамі. Але незнаёмую ёй Зосю Савіч яна помніла. Помніла, як тая ратавала Антона. І вось гэтая жанчына, пра якую ён успамінаў асабліва цёпла, з’явілася. Адкуль? Сустрэліся яны выпадкова ці яна шукала Яраша? Галіна Адамаўна забылася на сваю крыўду, на рэўнасць да Тамары.
        Іншае насцярожыла яе. Павярнулася на бок, тварам да мужа. Ён зразумеў гэта так, што жонка зацікавілася, яшчэ больш палагаднеў і пачаў расказваць падрабязна:
        – Майзіс папрасіў мяне пракансультаваць хворую. Мітральны стэноз. Сама хворая прасіла. Я прыйшоў у палату... І раптам хворая шэпча: «Віктар». Маю падпольную клічку. Уяўляеш? Не, ты падумай толькі. Васемнаццаць год я лічыў чалавека мёртвым. І вось... Яна не ўсё расказала мне... Але я здагадваюся, што яна перажыла. Чатыры гады, як яна ў нашым горадзе... і пазбягала сустракацца. Дачка доктара Савіча. Гэтым сказана шмат што. Але чаму дачка павінна адказваць за бацьку, калі нават той і сапраўды быў ворагам? Я перавёў яе ў нашу клініку. Гэта заняло час. Яна чула пра мае аперацыі і просіць аперыраваць яе. Буду аперыраваць! Здаецца, супрацьпаказанняў няма. Трэццяя стадыя па Бакулеву.
        Галіна з палёгкай уздыхнула.
        У яе была дзіўная рыса, выпрацаваная ўласнымі адчуваннямі лекара. Ніколі яна не раўнавала мужа да яго пацыентак. Многія з тых, каго ён лячыў, аперыраваў, запрашалі яго пасля ў госці, і яна смела адпускала яго аднаго. Пацыенткі ў яе вачах пераставалі быць жанчынамі небяспечнымі. А таму мужава паведамленне аб тым, што Савіч цяжкахворая і ён будзе яе аперыраваць, адразу супакоіла Галіну Адамаўну. Яна нават страціла цікавасць да падзеі, якая яўна ўсхвалявала Антона. Цяпер яна адчула сваю віну перад ім, і ёй хацелася хутчэй загладзіць яе. Яна ціха паклікала, перапыніўшы яго расказ:
        – Хадзі сюды, Антон.
        Ён змоўк, пастаяў звіліну каля стала, як бы раздумваючы – ісці ці не ісці. Наблізіўся нерашуча.
        Яна пацягнула яго за руку, пасадзіла на тахту, прыпала да рукі вуснамі.
        – Даруй мне, Антоша. Я дурная. Слабая і дурная жанчына.
        Яго заўсёды кранала, калі Галіна вось так прасіла прабачэння, ён губляўся, як юнак перад чужой жанчынай, і не ведаў, што адказваць.
        – Нічога, нічога. Добра. Я не злуюся. Чаго не бывае ў жыцці. Я ведаю тваю недарэчную рэўнасць.
        – Ты слаўны, разумны. Я люблю цябе.
        – І я люблю цябе. – Ён пацалаваў яе мокрую, салёную шчаку, вочы, вусны.
        Яна абвіла яго шыю гарачымі рукамі і ап’яніла знаёмай цеплынёй, пахам рэчкі, водарам лугу.
        – Чакай, я раздзенуся.
        Антон уміг скінуў свой лёгкі касцюм і, кладучыся, пацалаваў жончыны калені. У Галіны прыгожыя ногі, і ён любіў іх цалаваць...
        Пасля такой нервовай успышкі, прымірэння і блізасці Галіна засынала адразу і спала моцна.
        Яраш у тую ноч не мог заснуць. Перад вачамі стаяла Зося. Якія толькі думкі, уяўленні не лезлі ў галаву.
        Урэшце ён не вытрымаў: ціха падняўся і, захапіўшы касцюм, выйшаў на двор.
        Ноч стаяла ціхая, бязросная і духмяная. Адспявалі ўжо салаўі. Не прачнуліся яшчэ раннія птушкі. Было гадзіны дзве. Лес навокал здаваўся высачэзнай крапасной сцяной, якая абкружала гэты маленькі свет з адзіным домам, у верхнім акне якога гарэла святло. З гэтай крэпасці вялі ў прастор толькі адны вароты на луг: прасвет паміж дубамі і вольхамі, што раслі ўздоўж ручая. Але сёння і гэтыя вароты былі зачынены: над лугам неба цёмнае, яно злілося з зямлёй, кустамі і дрэвамі. Адзінокія цьмяныя зоркі віселі над лесам, як далёкія сігнальныя ліхтары вялікага свету.
        За старыцай «драў дранку» дзяркач. Жалобна крыкнула нейкая птушка, можа, трапіла ў зубы драпежніку. Недзе далёка закугакала сава. Ярашу яе крык здаўся плачам дзіцяці, якое заблудзілася ў начным лесе. Ён таксама адчуў адзіноту і смутак. Захацелася да святла, да людзей – у вялікі свет. Прымірэнне з жонкай раней заўсёды прыносіла радасць і заспакаенне. Ад сённяшняга прымірэння застаўся на душы непрыемны асадак. Яна робіць трагедыю з таго, што ён затрымаўся на нейкія дзве-тры гадзіны. Смешна!.. Калі жыве яшчэ ў памяці вялікая трагедыя вайны... Калі трагічны лёс асобных людзей, што пачаўся тады, прадаўжаецца сёння... Праз два-тры тыдні ён ускрые грудную клетку, дабярэцца да сэрца жанчыны, спакутаванай і мужнай. Па-сапраўднаму мужнай. Хто ведае, чым скончыцца гэтая аперацыя...
        Яраш адышоў на колькі крокаў ад дома і ўбачыў у акне схіленую галаву Шыковіча. Кірыла пісаў.
        Яраш падняў гнілушку, што свяцілася пад нагамі, і кінуў у акно.
        Шыковіч высунуўся і пагразіў кулаком, прашыпеў:
        – Вар’ят. Спалохаў.
        – Хадзем пагуляем.
        – Доктар! Ты гуляеш у дзве гадзіны? Прагрэс! Іду. Да д’ябла фельетон! – уміг спусціўшыся з «куратніка», як ён называў мансарду, на зямлю, Кірыла гаварыў пра сваю працу: – Які я фельетаніст! Я лірык. Мне заўсёды не па сабе, калі я раблю чалавеку непрыемнасць, калі нават я і ўпэўнены, што чалавек гэты дрэнь. Адзін стары дурань кінуў старую жонку і сышоўся з маладой. Я гаварыў са старой. Крыклівая, грубая баба. Але і маладая – дрэнь... Чакай. А ты не будзеш чытаць мне мараль, што карысна рана лажыцца і рана ўставаць? Не есці мяса і не піць гарэлкі?
        – Не бойся. Ты прасіў мяне падрабязна расказаць табе пра падполле. Маю жаданне расказаць сёе-тое.
        – Во-о! Гэта размова! Але што гэта цябе прарвала? То двух слоў не выцягнеш, то раптам сярод ночы...
        – Толькі не перапыняй сваімі дурацкімі рэплікамі.
        – Усё. Маўчу як рыба.
        Расказ Антона Яраша
        Павел пазваніў па тэлефоне. Гэта было ў суботу, у канцы жніўня. Ці, можа, у пачатку верасня. Добра помню адно: мы толькі што прачыталі ў газеце, што нямецкія войскі ўварваліся ў Сталінград. Праўда, нават хлуслівы нацыяналістычны лісток не паведамляў наперад, як рабіў часта, што горад заняты «непераможнай арміяй фюрэра». Пісалі, што ідуць жорсткія баі. Але колькі гарадоў было занята перад гэтым! Помню, добра помню, што боль... той невыказны і неапісаны боль, які адчувалі мы, калі здаваўся наш горад, быў самы моцны. Як ні за адзін горад. Ці таму, што гэта горад з такой гісторыяй. Ці таму, што вораг на Волзе!.. Волга! Маленькія стратэгі, мы ўсе ўскладвалі тады вялікія надзеі на шырокія водныя рубяжы. Боль гэты выліўся ў злосць. Не ведаю, што адчувалі другія. У пажарную падбіраліся людзі надзейныя ў адносінах да «новага парадку», амаль гэтак жа, як у паліцыю: усялякі зброд, крымінальнікі. Але помню, што «калегі мае» таксама ў той дзень былі чамусьці злосныя. Мы сварыліся. Мацюкаліся так, што чырванелі сцены. Ні раней, ні пазней за ўсё сваё жыццё я нідзе не чуў, каб людзі так мацюкаліся. Я не адставаў ад іншых. І мне нават цяпер агідна ўспамінаць тую сваю фальклорную красамоўнасць. З-за частых пажараў паламаўся графік дзяжурства, і мы добрых гадзіны дзве высвятлялі, чыя ж чарга: хто недапрацаваў, а хто перапрацаваў у мінулы тыдзень. Чамусьці ў тую ноч ніхто не хацеў дзяжурыць. Начальнік наш – брандмайстар Хіндэль, «свой немец» (ён і да вайны працаваў у нашай пажарнай) – затыкаў далонямі вушы і прасіў стомлена, жаласліва:
        «Маен гот! Маен го-от! Няма на вас Бога. Пасаромеліся б маіх сівых валасоў». І раптам зрываўся і сам пачынаў крычаць і мацюкацца: «Сціхніце вы, дзіравыя шлангі! Мяшкі з пяском! Абгарэлыя панчохі! Каб на вас...»
        Ён быў мяккі, слабахарактарны чалавек, і яго ніхто не баяўся. Баяліся «сапраўднага немца» Лотке, які займаў пасаду механіка, але ўсюды сунуў свой нос, як і належала агенту гестапа. Каб ён з’явіўся, сварка адразу сціхла б і дзяжурыў бы той, каму Хіндэль сказаў. Ён сказаў Гвоздзіку, быў у нас такі п’янчужка. Той ківаў на мяне, да яго далучыліся яшчэ двое-трое. Я паслаў іх... Другая частка маіх калег падтрымлівала мяне. Хлопцы паважалі мяне за сілу. На пажарах я часам працаваў за трох. Дзе сапраўды трэба было тушыць агонь. Помню – такія дробязі запамінаюцца – тэлефон не званіў, а слаба брынчаў, як бляшанка. Але Хіндэль уздрыгнуў. Ён баяўся гарадскога тэлефона. Смела, адразу ён браў слухаўку толькі аднаго апарата, які званіў гучна і рэзка, – дзяжурны з вышкі паведамляў аб пажары. Хіндэль працягнуў руку і застыў, чакаючы, што званок сціхне і яшчэ адна непрыемнасць міне яго. Але тэлефон не сціхаў. І брандмайстар мусіў падняць слухаўку.
        «Каго? Кузьму Кляшча? – Хіндэль паглядзеў на мяне, аднак слухаўку не перадаў, ён заўсёды насцярожваўся, калі званілі каму-небудзь з яго падначаленых, праяўляў празмерную пільнасць. – А хто пытае? Павел Харытонавіч? А навошта вам Клешч? Хто ён вам? Друг, зямляк, сваяк? Адкуль вы звоніце? З управы?»
        Я падышоў і бесцырымонна забраў з яго рук слухаўку. Тэлефон працаваў пагана, голас як з таго свету, але я пазнаў Паўла. Ён запрашаў на вечар да сябе. На імяніны. Будзе што выпіць. З вёскі прывезлі самагонку. Я перапытаў:
        «Колькі? Тры пляшкі? Усяго? На чацвярых? Ну, мне гэта – што сабаку муха».
        Пажарнікі заржалі. І тут я ўбачыў Лотке. Нізкі, крываногі, як стары кавалерыст, у чорнай зашмальцаванай скураной тужурцы, у акулярах з нейкімі зеленаватымі шкламі, ён стаяў на парозе і слухаў. Уважліва слухаў. Я яшчэ раз пераканаўся, што ён ведае расейскую мову. Але за тры месяцы, як я ў пажарнай, ён ні разу не выдаў сябе. Слухаць слухае, быццам хоча ўнікнуць у музыку чужых слоў. А потым усё перапытвае па-нямецку. Ён выдатна іграў сваю ролю. Гэтак жа, як і я. За год акупацыі я папоўніў сваё веданне нямецкай мовы так, як не папоўніў бы, каб скончыў яшчэ тры інстытуты. Але ў гэтай кампаніі я гаварыў дзесятак хадавых перакручаных слоў, не больш.
        Гвоздзік, відаць, спадзеючыся, што яго падтрымае Лотке, пачаў ныць:
        «Ён самагонку будзе піць, а я за яго дзяжур. Не буду!»
        Лотке спытаў у Хіндэля: пра што спрачаюцца? Той растлумачыў не вельмі далікатна, але з нямецкай дакладнасцю. Я ніяк не мог уцяміць тады іх узаемаадносін. Ды і дагэтуль не разумею, няўжо Хіндэль не здагадваўся, хто такі Лотке, і не ведаў, што механік гаворыць па-расейску не горш за яго, «фольксдойчэ»?
        «Чыя чарга дзяжурыць?» – спытаў Лотке.
        Хвіліну назад Хіндэль схіляўся, што дзяжурыць павінен Гвоздзік. А тут раптам цвёрда сказаў:
        «Дзяжурыць будзе Клешч! – і сурова загадаў мне па-расейску: – Дзяжурыць пойдзеш ты!»
        Я замаліў:
        «Пан начальнік, – у прысутнасці Лотке ўсе мы цвёрда трымаліся субардынацыі, дысцыпліны, – вы ж самі чулі, што мяне толькі што запрасілі на імяніны і я даў згоду. Што падумае чалавек? Лепшы сябра. Прашу вас».
        «Адпусціце яго», – кінуў Лотке, не гледзячы ні на мяне, ні на Хіндэля.
        Начальнік закіпеў.
        «Гэта не пажарная каманда, – выдавіў ён па-нямецку, потым крыкнуў па-расейску: – А банда п’яніц! Ці тое было...» – Пэўна, ён хацеў сказаць: «Ці тое было пры Саветах!», але ўспомніў і асекся.
        Лотке сказаў:
        «Вы стары асёл, Хіндэль».
        «Добра, добра. Няхай будзе Гвоздзік. Гвоздзік!»
        Той ускочыў, як падменены:
        «Слухаюся, пан начальнік!»
        А Лотке зноў сказаў спакойна, без злосці, без націску:
        «Вы стары баран, Хіндэль», – і пайшоў з дзяжуркі.
        Гвоздзік мацюкнуўся. Хіндэль суміраваў па-нямецку:
        «Я стары асёл і стары баран», – і вылаяўся па-расейску.
        Я змаўчаў, бо мне гэтая кароткая размова і заступніцтва механіка не падабаліся больш, чым каму другому. Дзіўныя прафесіі меў я ў акупацыі! Першую выбраў сам – грузчыка: трэба было рабіць, каб жыць. Там я звязаўся з падпольшчыкамі. Пасля ўзрыву эшалона з авіябомбамі давялося хавацца. Схавалі мяне хлопцы дасціпна: уладкавалі ў нямецкі шпіталь вартаўніком у трупярню. «Начальнік морга», як здзекліва называлі мяне самі немцы. З мёртвымі фашыстамі я абыходзіўся далікатна і любоўна. Гэта забаўляла і страшыла жывых. Яны любаваліся маёй фізічнай сілай і цешыліся з маёй дурноты. Я добра-такі іграў прыдуркаватага здаравяка, які мог выпіць дзве шклянкі чыстага спірту і з’есці пяць шпітальных абедаў. Але нават у мяне, студэнта-медыка, будучага хірурга, не вытрымалі нервы. Звычайнаму чалавеку звыкнуцца з мёртвымі... Я папрасіў Паўла знайсці мне новую работу. І што, ты думаеш, ён прапанаваў мне неўзабаве? Асенізацыйны абоз. Не смейся. Я не прызнаюся дзецям, што працаваў залатаром. Вядома, я абразіўся. Але Павел даказаў мне, што начныя паездкі, начны пропуск, найлепшая магчымасць перавозак небяспечнага грузу – гэта зусім нядрэнна для маёй галоўнай прафесіі – падпольшчыка. Сапраўды, хутка я сам пераканаўся, што новая праца мая была шмат у чым зручная. Галоўнае, амаль не трэба было вытыркацца на людзі ўдзень у звычайным выглядзе. Мой рост, мая постаць – залішне прыкметныя, а горад наш у акупацыю быў не вельмі густанаселены. Зручнасць была, нарэшце, у тым, што побач са мной працавалі тупыя, абмежаваныя людзі, поўныя крэціны. Наўрад каму прыйшло б у галаву засылаць у такую ўстанову шпіка. А калі я рабіў вылазку ўдзень зусім у новай ролі (у рэдакцыю, напрыклад, калі атрымаў заданне выканаць прысуд над Хмарай, я прыходзіў як паэт, прыносіў чужыя вершы – любоўную лірыку), то амаль быў упэўнены, што не сустрэнуся са сваімі калегамі па начной рабоце. Многа правалаў было выпадковых. Сустрэнецца добры чалавек, але плясне ўголас сапраўднае прозвішча, стары адрас ці яшчэ што – і гатова, правал.
        Карацей кажучы, калі месяцы праз тры Павел прапанаваў мне работу чыстую – у пажарнай, я не вельмі каб узрадаваўся. Але гарком вырашыў (так перадаў Павел) «наблізіць мяне да паліцыі», і я пайшоў на гэтае «збліжэнне». Я – салдат. Новая работа не спадабалася з першых дзён. Не сама работа. А гэты Лотке, наш маўклівы механік. Я раскусіў яго адразу, адчуў хітрага ворага і ўпачатку занерваваўся. За цэлы год мне нідзе яшчэ не прыйшлося працаваць пад штодзённым наглядам агента гестапа. Я выказаў сваю трывогу Паўлу. Ён усміхнуўся і адказаў:
        «Я думаў, у цябе больш вопыту. Усе мы так працуем. Думаеш, мне ва ўправе лягчэй? Дакажы яму сваю лаяльнасць».
        І я па сваёй маладосці, не вельмі разумнай смеласці пачаў азартную гульню: давесці, каб Лотке самавыкрыўся. Я адзін з усяе каманды не баяўся Лотке. Лаяў у яго прысутнасці, называў «нямецкім казлом», казаў, што механік з яго, як з г... куля. Ён рабіў выгляд, што нічога не разумее. Але калі гэты ж паскудны Гвоздзік, дробны шпіёнчык, перадаў яму праз Хіндэля, як я лаюся, Лотке зрэагаваў. Неяк пастукаў пальцам па лбе і сказаў лагодна:
        «Вялікая і дурная галава. Ты можаш лаяць мяне, але калі ты будзеш абражаць нямецкую нацыю, – вочы яго пры гэтым нядобра бліснулі, – ты пазнаеш яе сілу».
        Хіндэль пераклаў і ад сябе злосна папярэдзіў:
        «Калі ты не заткнеш свой дзіравы шланг, я заткну яго сам. Так заткну, што ты да смерці не пырснеш».
        Тады я пайшоў на «прымірэнне»: запрасіў Лотке выпіць з намі (хлопцы раздабылі спірту). Але механік ветліва адмовіўся, памацаўшы свой худы жывот:
        «Кранк».
        «Ну і хрэн з табой. Нам больш застанецца», – сказаў я.
        Ён запытаў у перакладчыцы, што я сказаў. Яна пераклала:
        «Клешч сказаў, што вельмі шкада, што пан механік не можа з імі выпіць чарку віна».
        Гэтае няшчаснае дзяўчо баялася аднолькава і Лотке і нас. Перакладала яна архідрэнна, але ганарылася сваім веданнем нямецкай мовы. Я падумаў: як бы яна здзівілася, каб раптам я пачаў рэзаць па-нямецку ў дзесяць разоў лепш за яе ці Лотке гэтак жа па-расейску. Мяне забаўляла такая гульня. Лотке пацмокаў і пацвердзіў:
        «Але, шкада. Я таксама шкадую».
        Актор быў, падла.
        Адна акалічнасць бянтэжыла мяне: ні разу я не ўбачыў, каб Лотке шпіёніў за мной у нерабочы час. Ён вось так нечакана з’яўляўся ў дзяжурцы, на вышцы, хадзіў па пятах у часе пажараў. Але ні разу не вынырнуў на нашай ускраіне, дзе я кватараваў, не трапіў на вочы ў другім месцы. У мяне нават часам узнікала думка: а ці не перабольшаны мае падазрэнні?
        Аднак на сустрэчу з Паўлам у той вечар я не пайшоў. Па дарозе дадому заглянуў каля Сеннага рынку да вядомай спекулянткі самагонам і... «напіўся». Выпіў адну шклянку, а ішоў далей і... мераў вуліцу, заводзіў гутаркі з хлапчукамі. Гаспадыня мая, добрая і ціхая мяшчанка, з тых, што ўсё жыццё жывуць з гароду. Ёй тады было год сорак, ужо сын служыў у арміі... Але жанчына ёсць жанчына... Яна кахала мяне, і ёй вельмі хацелася прыручыць назаўсёды такога хлопца. Хто я ў сапраўднасці, яна, безумоўна, не ведала, але гатова была за мяне каму хочаш выдрапаць вочы. Даглядала і асцерагала, як малога. Гэта была адзіная жанчына, з якой я жыў да таго, як ажаніўся. Можаш паверыць?
        Яраш звярнуўся з пытаннем, і Шыковіч парушыў сваё абяцанне маўчаць, адказаў з уласцівай яму жартаўлівай лёгкасцю:
        – Ты ў гэтым перада мною не апраўдвайся. Перад Галяй апраўдвайся.
        – Перад Галяй, – задумліва паўтарыў Яраш і змоўк.
        Яму зноў зрабілася балюча і прыкра. Прыгадалася недарэчная сцэна рэўнасці. І, бадай, ніколі ён яшчэ не думаў пра сваю жонку так жорстка і непачціва, як падумаў у тую хвіліну. Вось яна спіць, заспакоеная і задаволеная. А ён не можа заснуць.
        Пакуль ён расказваў, а Шыковіч моўчкі слухаў, яны прайшлі колькі разоў па сцежцы да ручая, а потым пайшлі ўздоўж ручая пад дубы. Дубоў тут была вузкая дзялянка, далей пачынаўся бор. І вось тут на мяжы гаю і бору было ў іх абжытае месца, дзе яны амаль штовечар палілі касцёр. Яны любілі агонь. Усе любілі – дзеці, жонкі. Часам пяклі бульбу ў прысаку і сала на ражне. Яраш, гаспадарлівы чалавек, нават змайстраваў тут лавачку.
        Яны даўно ўжо стаялі каля свайго старога вогнішча. На зямлі чарнела куча сухога галля. Было такое правіла: удзень дзеці збіралі дровы, увечары палілі. Але ў мінулы вечар, відаць, касцёр не палілі: не было «бога агню» – Яраша.
        У часе паўзы Антон сеў на сваю лавачку, а Шыковіч апусціўся на калені, чыркнуў запалку. Весела затрашчала сухое галлё. Водбліскі ўпалі на дрэвы, пазалацілі сосны і пасерабрылі дубы. На зямлю ляглі няроўныя цені. А за мяжой святла яшчэ больш згусцілася цемра.
        Не ўпершыню начны агонь заварожваў Яраша. Хацелася глядзець, як гуляе, пераліваецца полымя, і маўчаць. Цяпер жаданне памаўчаць зрабілася асабліва моцнае. Ён падумаў, што дарэмна паклікаў Кірылу. Трэба было прыйсці сюды аднаму і запаліць гэты цудадзейны агонь. І, напэўна, да раніцы ўсё прыйшло б у норму.
        Шыковіч адсунуўся ад агню і лёг на вытаптанай зямлі. Інтуітыўна ён адчуваў настрой сябра і, верны слову, цярпліва чакаў.
        – Ты ведаеш, гэтая жанчына жыве і цяпер. Усё там жа на Падгорнай, у сваім доме. Калі пасля вызвалення я прыйшоў да яе, яна ўжо ведала, хто я. І ў яе не было ніякіх прэтэнзій, толькі павага і... збянтэжанасць. Вярнуўся яе сын, інвалід, без рукі. Яна жыла радасцю, што сын жывы. Знаёмячы нас, яна сказала, што я вядомы кіраўнік падполля і што яна таксама аказвала маленькую дапамогу падпольшчыкам. І вельмі была рада, калі я пацвердзіў гэта. Ёй хацелася, каб сын, франтавік, быў найлепшай думкі пра сваю маці... Я расказаў Галі пра гэтую жанчыну яшчэ да таго, як мы пажаніліся. Тады яна змаўчала і сказала, што ўсё разумее... А цяпер упікае.
        Шыковіч зразумеў, што ў Антона адбылася сур’ёзная сутычка з жонкай. Але няўжо дзеля таго, каб выказаць гэты свой боль і крыўду, ён рабіў такі доўгі ўступ і экскурс у далёкае мінулае? Не. Безумоўна, ён мае расказаць нешта большае. Шыковіч сказаў жартам:
        – Здаецца, ты робіш лірычнае адступленне ад сюжэтнай лініі.
        – Але, – адразу згадзіўся Яраш і на момант задумаўся, мабыць, успамінаючы, дзе ён адхіліўся. – Лізавета Пятроўна, жанчына гэта, гаспадыня мая... яна, мабыць, адчувала нешта і баялася за мяне... А таму любіла, калі я прыходзіў, як пажарнік, як служачы сур’ёзнай і патрэбнай установы, падвыпіўшы. Але я ніколі яшчэ не прыходзіў вось так – «у дым». Яна смяялася, раздзяваючы мяне, ласкава лаяла... Напаіла квасам. Памыла ногі... Я гэта добра помню... Мне было няёмка і сорамна. Але я іграў ролю п’янага. Трэба было апраўдаць, чаму я не пайшоў на імяніны. Трэба было праверыць гаспадыню. Жыло ў мяне нейкае інтуітыўнае, падказанае бог ведае якім пачуццём адчуванне, што менавіта ў гэты вечар я выкрыю Лотке, даведаюся, хто мой «прыліпала». Упершыню ў той дзень з’явілася падазрэнне, што памочнікам Лотке з’яўляецца гаспадыня... Я «захроп» на ўвесь дом, а сам уважліва слухаў. І хутка пачуў:
        «Можна да вас?»
        «Калі ласка».
        «Кватарант дома?»
        «Дома».
        «Дзе?»
        «Спіць».
        «Спіць? Так рана спіць? Ай-яй...»
        «Выпіў чалавек».
        «Выпіў? Няўжо выпіў? Ай-яй... Так выпіў, што зваліўся з ног? Такі дуб. Ай-яй».
        «Гэтая зараза любога зваліць з ног».
        «Можа, можа».
        І, мабыць, не паверыўшы гаспадыні, што я дома, чалавек з тоненькім, далікатным галаском заглянуў у мой пакой.
        «Ай-яй, храпе на ўсе застаўкі».
        Я не верыў сваім вушам. З месяц назад пасяліўся гэты пажылы ўжо, гадоў пад пяцьдзесят, чалавек у доме насупраць, цераз вуліцу. Назар Авяр’янавіч Дымар. Яго шмат хто ведаў. Закройшчык, працаваў да вайны ў цэнтральным атэлье. А ў акупацыі трымаў маленькую майстэрню тыпу «амерыканкі»: «Рамонт верхняй вопраткі. Хутка. Танна». У яго быў свой дом у раёне таварнай станцыі. Але згарэў, калі нашы самалёты бамбілі скапленне ваенных эшалонаў. Пры бамбёжцы загінула жонка. Так ён расказваў мне і ўсім на вуліцы. Мы з ім амаль штодзённа сустракаліся. Сядзелі на лавачцы каля яго кватэры. Да гэтага пажару ён не паліў. А цяпер пачаў. Прызнаваўся, што і да чаркі цягне. Расказваў пра жонку – плакаў. Але нашых не вінаваціў. Уздыхаў: «Вайна. Што зробіш. На вайне няма вінаватых». Гэтай філасофіі ён прытрымліваўся ў разважаннях на многія тэмы, звязаныя з вайной, з дзейнасцю гітлераўцаў. Я разумеў яго: асцярожнасць. А я – чалавек, блізкі да паліцыі. Мне нават здалося, што ён сувязны нейкай падпольнай групы; для гэтай мэты і майстэрня арганізавана. І вось гэты чалавек з’явіўся ў такі вечар, каб праверыць, дзе я. Заглядвае ў пакой. Раней ён ніколі не заходзіў да мяне вось так, папросту. Куды знікла яго далікатнасць. Гаспадыня запытала, навошта я яму.
        «Табачку хацеў пазычыць, цэлы дзень не паліў. Ажно вушы напухлі».
        Няўжо ён? Ці гэта выпадковасць? Стары чалавек. Акуратны. Спакойны. Я ляжаў і ўспамінаў, аналізаваў усе сустрэчы і размовы з ім. Прыгадалася, што разы два я сустракаў яго нечакана на далёкіх ускраінных вуліцах. Але ці мала спраў магло быць у краўца, які паўжыцця працаваў тут і ведаў паўгорада людзей... Праз гадзіну ён з’явіўся зноў.
        «Спіць усё яшчэ?»
        «Спіць».
        «Ай-яй... А я думаў, прачнуўся. У мяне сотачка спірту ёсць. Пахмяліцца пасля такога перабору – найлепшае лякарства. Асабліва чысты спірт. Адразу здымае боль галавы».
        І зноў заглянуў у мой пакой.
        Цяпер, бадай што, можна было не сумнявацца. Шпіён нерваваўся: я збіў яго з панталыку. Ён яўна не выконваў нейкага вельмі пэўнага задання. Ох і ўзлаваўся я на яго, на гэтага старога здрадніка! Рукі свярбелі – устаць і прыдушыць, як паганага шчанюка. Няма нічога больш агіднага за здрадніка і шпіёна. Але мая злосць была падвоеная: як магло здарыцца, што я з першага дня раскусіў мацёрага агента СД Лотке і больш за месяц вадзіў за сабой такога нікчэмнага «прыліпалу»? Але самае дзіўнае, ведаеш што? Гаспадыня мая, расказаўшы раніцай, як двойчы прыходзіў Назар Авяр’янавіч, нечакана заключыла: «Не падабаецца мне, Кузя, гэты чалавек».
        З Паўлам я сустрэўся на другі дзень, у нядзелю. Не вельмі ўпэўнены, што Лотке не ведаў, ад каго я атрымаў запрашэнне на імяніны, я не пайшоў да яго на кватэру, хоць належным чынам і застрахаваў сябе і ад краўца і ад любых другіх «хвастоў». Я пайшоў на Балотную да цёткі Любы, каб гэтая «пранырлівая гандлярка» схадзіла на Каштанавую да Паўла і звяла нас. І там сустрэў Паўла. Ён прыйшоў туды з тым жа намерам – выклікаць мяне.
        Як заўсёды, ён быў інтэлігентна апрануты – у капелюшы, у добрым касцюме, у гальштуку. Паліў цыгарэты. Як належала работніку ўправы. У любых абставінах ён трымаўся надзвычай спакойна і ўпэўнена і не надта асцярожна. Часам нават парушаў тыя правілы канспірацыі, якія сам устанаўліваў. Неяк на зборы нашай пяцёркі мы сказалі яму пра гэта. Ён адказаў, што ў падпольнай рабоце нельга вынайсці правілаў, прыгодных на ўсе выпадкі, што часам людзей выдае звышасцярожнасць.
        Павел спытаў, чаму я не прыйшоў учора. Я расказаў пра «велікадушнасць» Лотке. Павел усміхнуўся, здалося мне, крыху зняважліва.
        «Асцярожны ты хлопец. Доўга жыць будзеш...»
        Закрануты, я ўспыхнуў, пачаў апраўдвацца:
        «Ты сам вучыў нас... Не думай, што я спалохаўся».
        Ён ласкава абняў мяне за плечы. Мы стаялі ў зацянёным пакоі, акно якога выходзіла ў сад. Вялікі куст бэзу, яшчэ зялёны і густы, засланяў гэтае акно. Помню, што дзень быў хмурны і ветраны. Наступала восень.
        Павел сказаў:
        «Дзівак. Хто можа падумаць, што ты баязлівец! Ты правільна зрабіў. Тым, што не прыйшоў, ты насцярожыў нас. Мы своечасова разышліся. Была аблава. У горадзе пачаліся арышты. Трэба быць, як ніколі, пільным».
        Тады я расказаў пра краўца.
        Павел нахмурыўся.
        «А вось гэта горш, – сказаў ён. – Калі твая здагадка пацвердзіцца, прыйдзецца спусціцца табе з пажарнай каланчы. Шкада. Зручнае месца. Хораша відна, дзе трэба паліць. Краўца праверым. Я сёння ж дам заданне хлопцам. Сам нічога не рабі. Вадзі яго за нос. Табе ёсць іншае заданне. Ваенны савет вынес прысуд Лучынскаму, начальніку гарадской паліцыі, здрадніку Радзімы. – Ён адступіў у глыб пакоя, да ложка, і з гневам дадаў: – Пёс гэты вельмі актыўны. Залішне здагадваецца пра тое, да чаго гестапа не дапяла б. Падумай, як гэта зрабіць найлепшым чынам».
        Пра дзейнасць Лучынскага я сам збіраў звесткі. П’яныя паліцаі расказвалі пра садызм свайго начальніка. І я люта ненавідзеў гэтага чалавека. У мяне даўно гарэла жаданне стукнуць яго. Таму, атрымаўшы заданне, я адразу задумаўся: у галаве закруціліся магчымыя варыянты аперацыі, планы яе – як, дзе...
        Я глядзеў у акно і думаў. І раптам:
        «Антон».
        Прызнаюся, я ўздрыгнуў, бо даўно ўжо не чуў свайго сапраўднага імя.
        Павел сядзеў на нізкім табурэціку і, схіліўшы галаву, разглядаў кляймо фабрыкі на падкладцы капелюша.
        «Масква, – сказаў ён, ласкава пагладзіўшы пабляклы велюр. – Аня купляла». І ўздыхнуў. Я падумаў, што мне здалося, што ён паклікаў. Але праз момант, не ўзнімаючы галавы, ён паўтарыў: «Антон! Калі здарыцца што са мной і Кацяй, не пакінь Тарасіка. Прытулі».
        У мяне перахапіла дыханне і голас. Пакуль я сабраўся з думкамі, каб нешта адказаць, Павел падняўся і працягнуў руку:
        «Бывай. У мяне многа спраў сёння. Выпрацуеш план – звяжыся са мной. Падвернецца пад руку – дзейнічай самастойна. Але без рызыкі. І напэўна!»
        Я так і не паспеў нічога сказаць яму наконт сына.
        Мабыць, углыбіўшыся ва ўспаміны, Яраш змоўк. Кірыла падняўся, сабраў галавешкі і кінуў іх у жар. Зноў затрашчаў вясёлы агеньчык. Асвяціў схіленую доктараву постаць.
        Шыковічу закарцела здагадацца, чаму раптам Антону сярод ночы захацелася так падрабязна расказаць пра сваё падполле. Звычайна, калі яго прасілі, ён расказваў неахвотна і скупа. Нават пасля таго, калі ён, Шыковіч, зацікавіўся падполлем і пачаў збіраць матэрыял, сябра яго ні разу яшчэ не расшчодрыўся на такі вось расказ. Так зрэдку кідаў некалькі мазкоў, эпізодаў, дэталей, і то часцей дзецям – Віцю, Іры, Славіку – з педагагічнай мэтай: вось так ішло змаганне за жыццё, якое вы маеце.
        Шыковіч, як губка, упітваў гэтыя эпізоды, дэталі. Ён знарок не патрабаваў спецыяльнага расказу, каб не збіцца на біяграфію толькі аднаго чалавека. Чэрпаў матэрыял з іншых крыніц, а Яраша як бы трымаў у рэзерве. Ён пачаў збіраць матэрыял для аповесці, але хутка пераканаўся, што пра падполле іх горада трэба сказаць нейкае новае слова ў нарысавым жанры. Таму ў апошні час больш цікавіўся дакументамі. Яму крыху не падабалася, што Яраш выбраў для расказу такі час і месца, калі нічога нельга занатаваць. А на сваю памяць у сорак пяць год ён не вельмі ўжо спадзяваўся.
        Але пры ўсёй сяброўскай блізкасці ён не адважваўся што-небудзь сказаць, няхай і жартам, з гэтай прычыны, адчуваючы, што Антона па-сапраўднаму нешта ўсхвалявала. Каб перапыніць паўзу, Шыковіч сказаў:
        – Зямля дыша цеплынёй. Лажыся. Не шкадуй касцюма.
        Яраш абышоў вогнішча і лёг з другога боку. Разам з дымам кастра патхнула добрай папяросай. І яму таксама захацелася запаліць. Ён кінуў паліць год шэсць таму. Толькі пасля цяжкіх аперацый яго цягнула запаліць. А так – не. А тут раптам ажно засмактала ў грудзях, перасохла ў роце. Але ён напружыў волю і не папрасіў у Шыковіча папяросы. Каўтнуў горкую сліну.
        – Дні праз тры цётка Люба паведаміла мне, што Павел арыштаваны. Каб ты ведаў, што я перажыў. Які боль! І страх. І разгубленасць. Не было Паўла. У каго спытаць парады, што рабіць? Гестапа лёгка можа дакапацца, што мы трымалі сувязь. Уцякаць? Але ўцячы – гэта, напэўна, выдаць сябе. І тады ўжо не будзе ніякай магчымасці выканаць заданне гаркома. І Паўлаву просьбу. Дзе Тарасік? Што з ім?
        Цётка Люба паведаміла мне пра арышт на рынку, калі я купляў у яе піражкі. Аглушаны, спалоханы (мне не сорамна прызнацца – дрогнула сэрца, чаго там таіцца), я не паспеў спытаць пра Кацю, Тарасіка. Ды і нельга было гутарыць доўга. Якая можа быць гаворка паміж гандляркай і пакупніком! Навокал шпікі.
        Пасля дзяжурства я пайшоў да цёткі Любы на кватэру. Яна спалохалася:
        «У суседнім доме засада. Арыштаваны стары рабочы друкарні і яго жонка».
        Люба праслязілася, гэтая «жанчына-камень», як мы называлі яе. Скардзіцца:
        «Я два гады з суседкай не размаўляла. Яна маіх курэй атруціла. Жылі як ворагі. І не ведалі, што адну справу робім. Божа мой. Можа, на смерць людзей павезлі. Што яны падумаюць пра мяне? І цяпер... Цяжкая мая доля... Жандара-фрыца і «бобіка», што сядзяць там, я самагонкай пачаставала, піражкамі. Каб другімі вачамі глядзелі на мой дом. Але як затое зірнула на мяне суседка з таго боку! Чаго добрага, падумаюць людзі, што гэта я выдала Рамана Ціханавіча».
        Скажу табе, страшная рэч у такіх абставінах – падазронасць. Мне і цяпер сорамна, што я падумаў у той міг: «А можа, праўда гэтая гандлярка – правакатарка?»
        Цётка Люба нібы пачула мой душэўны шэпт, бо адразу высушыла вочы. Выставіла на стол пляшку.
        Я спытаў пра Паўлаву сям’ю.
        «Кацю арыштавалі разам з братам. Куды дзяваўся хлопчык, невядома. У кватэры наш чалавек быў – няма. Там усё разрабавана. Заўтра суседзяў абыдзем. Няўжо і дзіця забралі, ірады?»
        Жанчына сказала гэтыя словы так, што знікла мая падазронасць. Не, такая жанчына ніколі не здрадзіць! Ні мужу, ні дому, ні справе. Ні тым больш Айчыне.
        Магчыма, з-за пошукаў дзіцяці і новых сувязей я не спяшаўся з выкананнем задання. Бо ведаў: пасля такой акцыі, калі застануся жывым, мне прыйдзецца пакінуць горад. Як жа я знайду Паўлавага сына? Безумоўна, былі і другія прычыны. Не было з кім параіцца. Не трапляў зручны выпадак. А пасля Лучынскі некуды паехаў. Казалі – у Варшаву. Вопыт пераймаць, ці што. Знік і Лотке. Хіндэль сказаў, што ў механіка захварэла маці і ён паехаў на пабыўку ў Нямеччыну. Але дні праз два адзін з пажарнікаў убачыў Лотке каля казармы зондэркаманды, што размяшчалася ў Бярозках, дзе цяпер туберкулёзная бальніца. Ясна: агент выконваў іншае заданне. У горадзе ішлі арышты. Мне ніяк не ўдавалася звязацца з кім-небудзь з кіраўнікоў падполля, сябрамі гаркома. Настрой у мяне быў цяжкі, жахлівы. Я зразумеў, што пры ўсёй незвычайнасці заданняў, якія мне давялося выконваць, падпольшчык я малавопытны і слаба загартаваны. Маладому, самаўпэўненаму, мне адзін час здавалася, што я ўсё магу, што я ледзь не галоўная фігура ў падполлі. Цяпер жа разумеў: усё, што я зрабіў, гэта заслуга тых, хто нябачна, асцярожна і мудра кіраваў дзейнасцю такіх, як я. І тое, што я на волі, таксама іх заслуга, хоць самі яны, магчыма, у кіпцюрах гестапа.
        За тыя дні я стаў другім чалавекам. За тыя два тыдні. З дня арышту Паўла прайшло роўна два тыдні. Калі чакаеш нечага незвычайнага, жывеш у напружанасці, запамінаецца кожны дзень. Гэта адбылося васемнаццатага верасня. Я змяніўся з начнога дзяжурства на каланчы. Ноч і раніца былі ясныя і халодныя. Па-асенняму. Помню, я моцна акалеў. Ніколі не быў прыхільнікам выпіўкі, але ў тую раніцу мне хацелася хутчэй сагрэць душу і цела. Ведаючы, што ласкавая гаспадыня з-пад зямлі дабудзе для мяне чарку, а цёплая пасцеля само сабой чакае, я спяшаўся дадому. Але пры выхадзе з пажарнай мяне затрымалі гестапаўцы. Не, не арыштавалі. А ветліва папрасілі вярнуцца назад. Яны ўмелі быць ветлівымі ў такія моманты, гэтыя звяры.
        У людзей, якія ішлі на работу, яны правяралі дакументы, але дазвалялі прайсці. Чаму не выпускалі нас? Мы населі на Хіндэля (ён, як заўсёды, з’явіўся на службу раней за ўсіх), няхай пойдзе высветліць. Стары немец вярнуўся спалоханы, усхваляваны і на наша запытанне адказаў крыкам і лаянкай:
        «Той, хто хоча ўсё ведаць, нядоўга жыве ў наш час...»
        Невядома, ад чаго ён нас перасцерагаў. Чаму не сказаў праўду? Гестапа не рабіла сакрэту. Наадварот, як мы зразумелі пасля, яны хацелі, каб сабралася больш людзей. Відаць, не спадзяваліся на добраахвотны збор. Ты помніш, да вайны пажарная была на плошчы. Не толькі з каланчы, але і з вокнаў другога паверха, дзе змяшчалася дзяжурка, плошча была як на далоні.
        І мы ўбачылі... Я першы ўбачыў... Прыйшлі грузавікі, доўгія, як лесавозы. І салдаты-сапёры пачалі згружаць... Я не адразу зразумеў, што гэта. Нехта іншы з пажарнікаў глянуў у акно і ахнуў:
        «Шыбеніцы!»
        Але, гэта былі шыбеніцы. З нямецкай акуратнасцю зробленыя недзе ў майстэрні, трывалыя, нават пафарбаваныя ў нейкі брудна-шэры колер. Масавая вытворчасць! Салдаты хутка і ўмела ламалі брук і закапвалі іх у зямлю. У адзін рад – ад увахода ў парк да царквы. На адной адлегласці. Рабілі яны хутка і спрытна, можна было падумаць, што гэта іх штодзённая работа. Я зразумеў... здагадка гэтая абпаліла мозг.
        Павесяць падпольшчыкаў... Маіх таварышаў, кіраўнікоў... Магчыма, Паўла. Што я мог зрабіць, каб ратаваць іх?
        Яраш змоўк. Астывала вогнішча. Шыковіч часта і шумна дыхаў. Праз тоўстыя камлі дубоў пачаў прасвечвацца белы луг. Сонна адгукаліся першыя птушкі. Дзесьці далёка-далёка за ракой спявалі пеўні.
        – Я не ўмею і не люблю расказваць пра гэта. У мяне няма слоў. Яны здаюцца мне абразлівымі, звычайныя словы. Я не маю права расказваць спакойна. Але, бачыш, расказваю. Прайшлі гады... Я добра ведаю фізіялогію, вучэнне Паўлава... Але калі адзін хворы неяк пачаў даказваць мне, што мозг можа згарэць ад думак, я паверыў яму. Бо помню, як стаяў тыя дзве гадзіны, учапіўшыся рукамі ў падаконнік. Каб прысутнічаў Лотке, я, безумоўна, выдаў бы сябе. Як толькі не згарэў мой мозг ад тысячы планаў выратавання асуджаных! Яны мяняліся з маланкавай хуткасцю. Першыя здаваліся рэальнымі. Я паміраў, але выратоўваў таварышаў. Але па меры таго як разгортваліся падзеі на плошчы, я бачыў, пераконваўся: памру – і нічога не зраблю. О, яны ўмелі застрахаваць сябе ад любых нечаканасцей у часе пакарання нашых людзей! Машына іх дзейнічала безадказна.
        Шыбеніц паставілі чатырнаццаць. Калі сапёры скончылі сваю працу, у кузаў машыны забраўся тоўсты фашыст у форме жандармерыі. Грузавік ціха і плаўна падыходзіў да шыбеніцы, вельмі дакладна спыняўся, і кат замацоўваў вяроўку. Петлі былі загадзя завязаны з двух бакоў. Ён хутка накідваў малую пятлю на перакладзіну і, каб заціснуць і... праверыць трываласць, хапаўся за вялікую пятлю рукамі і павісаў над кузавам. Усе рухі ката былі разлічаныя, дакладныя, ніводнага лішняга, як на канвеернай лініі. І гэта было жудасна.
        Кадры мяняліся... Грузавікі з сапёрамі адышлі. На нейкі момант плошча апусцела. А потым з вуліцы, якая называлася пры іх Паркавай, выехаў узвод матацыклістаў. Яны разгарнуліся за шыбеніцамі і накіравалі кулямёты на парк, на царкву і на Савецкую вуліцу. Праз хвіліну па Гандлёвай прайшлі два бронетранспарцёры. Яны сталі ў супрацьлеглых баках плошчы, і іх буйнакаліберныя кулямёты пагражалі руінам цэнтра горада і нашай пажарнай. Кулямётчык глядзеў на мяне. Я бачыў яго вочы, маладыя, насцярожаныя, пільныя.
        Прагрукатала па бруку зондэркаманда.
        Карнікі ўтварылі першы ланцуг вакол шыбеніц. Воддаль, таксама ланцугом, стала паліцыя ўнутранага парадку – «бобікі». Яны ж выконвалі другую ганебную місію: зганялі народ. Праўда, першыя з’явіліся добраахвотнікі, тыя, хто хацеў выслужыцца перад акупантамі. Яны прыходзілі па адным, па два, нясмела аглядаючыся, не давяраючы адзін аднаму, ціснуліся бліжэй да паліцыі, але стаялі асобнымі кучкамі. Потым паліцаі прыгналі рабочых станкабудаўнічага завода і друкарні. Рабочыя адразу зліліся ў адну групу. Сталі яны каля самай пажарнай сцяны, наблізіўшыся да бронетранспарцёра. Паліцыя адціснула рабочых, а бронетранспарцёр адсунуўся заднім ходам бліжэй да шыбеніц, і кулямёт, які глядзеў на мяне, быў скіраваны на рабочых. Жанчынам, якіх паліцаі прыгналі з другога боку, не дазволілі зліцца з рабочымі. Іх паставілі асобна.
        Сабралі чалавек пяцьсот.
        Здаецца, дурны і подлы Гвоздзік крыкнуў у дзяжурцы: «Хлопцы! Лезем на каланчу! Камуністаў будуць вешаць».
        «Але, на каланчу! Адтуль відней», – падумаў я, не ведаючы, які чарговы план з’явіцца там, у вышыні. Усе мае планы рушыліся. Што можна зрабіць аднаму супраць матацыклістаў, бронетранспарцёраў, сотні гестапаўцаў? Але я ўсё яшчэ спадзяваўся, што з’явіцца нейкі асаблівы план. Каб там, на каланчы, стаяў кулямёт, як на вышцы каля паліцэйскай управы! А то ў мяне не было нават пісталета.
        Каля лесвіцы мяне затрымаў Хіндэль.
        «На каланчы гестапа», – ціха сказаў ён і, узяўшы за локаць, павёў у свой кабінет. Мы сталі ўдвух, беларус і немец, каля адчыненага акна і моўчкі глядзелі на плошчу, на злавесныя шыбеніцы, на якіх вецер гойдаў вяроўкі, на гестапаўцаў і на натоўп. Што адчуваў Хіндэль у той час? І ўвогуле, што за чалавек ён быў?
        Прыехала «высокае начальства» – фельдкамендант Шміт, начальнік СД штурмбанфюрэр Бругер, афіцэры гестапа і СС. Следам за імі лакеі – бургамістр Цішчанка, начальнік паліцыі Лучынскі, іншыя здраднікі. Я шмат каго з іх добра ведаў. У мае падпольныя абавязкі ўваходзіла вывучэнне ворагаў.
        І вось... Недзе ўнізе на Савецкай непрыемна зараўла сірэна. Два вялікія чорныя фургоны, за імі грузавік з эсэсаўцамі хутка выехалі на плошчу і, крута павярнуўшыся, спыніліся каля першай шыбеніцы. Гестапаўцы саскочылі з машыны, адчынілі дзверы фургонаў, па двое залезлі ўсяродак і пачалі выкідваць асуджаных. Так выштурхоўвалі спакутаваных людзей, што колькі чалавек не ўтрымаліся на нагах і ўпалі на брук.
        Хіндэль прашаптаў па-нямецку:
        «Нельга біць асуджаных. Сволачы!»
        Здалёк яны былі падобны адзін на аднаго, нашы таварышы. Асабліва мужчыны. З чорнымі ад катаванняў тварамі, ускудлачанымі валасамі, у падраных сарочках, са звязанымі за спіной рукамі, босыя... Але ўсё адно я адразу пазнаў Паўла. Ён выскачыў з фургона не першы. Але адразу прайшоў наперад і стаў побач з чалавекам з белай галавой. Гэтага чалавека я таксама пазнаў. Разы два сустракаў у Паўла. З тых, каго я ведаў, ён быў, бадай што, самы старэйшы, выглядаў за паўсотню год. Але, знаёмячыся, назваў сябе, як юнак, сур’ёзна, без усмешкі: «Саша». Так да яго звяртаўся і Павел. У часе сустрэч чалавек гэты больш маўчаў і слухаў, што казалі другія. Але па тым, як ён слухаў, я адразу зразумеў, што гэта адзін з кіраўнікоў падполля. Калі пасля я запытаў у Паўла, хто такі Саша, той адказаў з хітрай усмешкай:
        «Саша. Пакуль што проста Саша».
        Тады нават крыху пакрыўдзіла, што мне, падпольшчыку, які выканаў ужо не адно баявое заданне, не давяраюць. Але канспірацыя ёсць канспірацыя, гэта я разумеў. І ўсё-такі цяпер мне шкада, што я так мала ведаў Аляксандра Якаўлевіча Дубецкага – другога сакратара гаркома. Ды і другіх таксама... Тады там, у пажарнай, помню, балюча было, што я не ведаю нават прозвішчаў сваіх таварышаў. Не, я ўсё яшчэ ліхаманкава думаў, як памагчы ім, перашкодзіць пакаранню. Няхай бы лепш і я і яны, асуджаныя, загінулі ад куль, у барацьбе, чым на шыбеніцах. Але што я мог зрабіць? Адзін мой рух – і мяне знішчылі б. Вязняў было больш чым чатырнаццаць. Я палічыў – дваццаць тры чалавекі. Шэсць жанчын... Але, жанчын было шэсць. Яны трымаліся разам, у цэнтры групы.
        Фургоны адышлі. На іх месца стаў грузавік з адкінутымі бартамі, з прымацаванымі ззаду ўсходцамі. Па ўсходцах гэтых у кузаў падняліся два чалавекі – тоўсты гестапавец-кат, які вешаў вяроўкі, і малады фашыст у форме армейскага афіцэра. Юрыст. Ён пачаў чытаць прыгавор крыклівым голасам. Але дрэнна ён вывучыў расейскую мову, каверкаў словы, і толькі асобныя з іх я разбіраў. Звычайнае фашысцкае абвінавачванне ў бандытызме, забастоўках, дыверсіях. І раптам... усё гэтае з нямецкай дакладнасцю адрэпетаванае прадстаўленне было паламана. Звонкі і ясны жаночы голас заглушыў словы прыгавору песняй. Якой песняй! Той, якую я спяваў дагэтуль толькі аднойчы, шэптам, на кватэры ў Паўла. І слоў яшчэ ўсіх не ведаў. Але музыка яе жыла ў маім мозгу, у сэрцы.
        
         Пусть ярость благородная
         Вскипает, как волна,
         Идет война народная,
         Священная война.
        
        Шыковіч адчуў нешта накшталт прыступу астмы: з шумам выдыхнуў паветра.
        Яраш на момант змоўк, падняўся з зямлі і, стоячы, паўтарыў словы песні, ціха, пранікліва:
        – «Идет война народная, священная война». І песню падхапілі ўсе асуджаныя. Матыў яе, без слоў, перакінуўся ў натоўп рабочых. Начальнік СД закрычаў, адарваўся ад світы, падбег да асуджаных, пагражаючы пісталетам. Гестапаўцы прыкладамі аўтаматаў глушылі песню. Бронетранспарцёр пасунуўся на рабочых, ледзь не задавіўшы паліцаяў. Даў чаргу кулямёт. Кулі прасвісталі каля нашага акна. Хіндэль баязліва адсунуўся за сцяну. А я глядзеў... Я глядзеў... Знік з кузава «пракурор». Застаўся адзін кат. І вось гестапаўцы за рукі паднялі туды першага асуджанага. Яны спяшаліся. Яны білі яго. Білі Паўла. Гэта быў ён. Павел не ішоў пакорліва. Ён так ірвануўся, што два дужыя гестапаўцы зваліліся з кузава на зямлю. Павел закрычаў у натоўп:
        «Таварышы! Браты нашы і сёстры! Адпомсціце за нас! Біце праклятых фашыстаў! Каб духу іх не было на нашай зямлі. Мы паміраем з верай у перамогу! За Радзіму! За партыю нашу! За народ!»
        Не ўсё, безумоўна, удалося яму сказаць. Яны білі яго, шматгалосым гоманам глушылі яго словы. Але ён крыкнуў менавіта гэтыя словы. Я пачуў іх сэрцам. І яшчэ ўбачыў, як да машыны падбег Лучынскі, доўгі, сутулы. Гэты панок, подлы нацыяналіст, заўсёды хадзіў з нагайкай. Войт, прыслужнік. Ён ударыў гэтай нагайкай Паўла па твары. Заварушыўся натоўп. Загаласілі жанчыны. Я не помню, што я зрабіў: застагнаў, заскрыгатаў зубамі?.. Але Хіндэль схапіў мяне за руку і пацягнуў ад акна.
        «Адыдзі! Дурань! Ідыёт! Ты чуеш? Пачуюць». Ён лаяўся па-расейску, па-нямецку, у яго выцягнуўся, пабялеў твар і дзіўна трэслася барада. Я адпіхнуў яго. Але ў гэты міг, калі я адвярнуўся, Паўла павесілі. Машына адышла, і цела яго сутаргава курчылася ў паветры.
        Павел! Паша! Друг ты мой дарагі! Ні да каго, здаецца, я не меў такой любові, як да цябе, вясёлы, ясны, сардэчны чалавек. Жудасна захаладала ў мяне ўсярэдзіне. Быццам спынілася кроў. І астылі думкі. Яны сталі цвярозыя, халодныя, жорсткія. І адразу прыйшло непахіснае рашэнне. Цяпер я ведаў, што мне рабіць. Я не выратую вас цяпер, сябры мае, бо адзін, без зброі, перад такой зграяй ашалелых ад крыві сабак. Але я буду помсціць. Помсціць! І першая кара будзе таму, каму вы калектыўна вынеслі прысуд. Лучынскі памрэ сёння!»
        «Сёння!» Відаць, я падумаў уголас, бо Хіндэль спытаў:
        «Што «сёння»?»
        Я не адказаў. Яму зрабілася блага. Ён пачаў ванітаваць, узваліўшыся на пісьмовы стол. Я застаўся каля акна адзін. Вось ужо павесілі другога чалавека. Трэцяй была дзяўчына. Партызанская сувязная Надзя Кузьменка. Пасля я даведаўся: яе арыштавалі на дарозе, знайшоўшы ў кошыку пад грыбамі міну. Яна крычала пракляцці катам. Натоўп маўчаў. Натоўп, напэўна, застыў, як і я. Кожны чалавек у гэты міг да нечага рыхтаваў сябе. Прымаў рашэнне.
        Здавалася, што жудасная машына карнікаў запрацавала без перашкод, па дэталёва прадуманаму д’ябальскаму плану. Чарговую ахвяру дужыя гестапаўцы хапалі пад рукі, падымалі ў кузаў. Грузавік падыходзіў пад шыбеніцу. Кат ускідваў пятлю на шыю.
        Машына адыходзіла, паварочвалася. Хутка. Спрытна. Механізавана. Начальства і варта заспакоіліся. Адзін з афіцэраў пачаў рабіць фотаздымкі.
        І раптам адбылося нечаканае. І для нас і для фашыстаў. На царкве зазванілі званы. Вось на гэтай царкве, што на плошчы.
        Я не адразу зразумеў. Падумаў, што арганізавалі яны. Ды не! Гэта не быў пахавальны бом. Не фарс. Не! На ўсё наваколле загучаў грозны заклік. Званы зазванілі так, як званілі яны адвечна, калі ішла бяда – нашэсце ворага, навадненне, пажар. Званы клікалі:
        «Падымайся, народ! Падымайся, народ!»
        І людзі паднялі галовы. Натоўп як бы вырас. А каты спалохана замітусіліся. Нешта крычалі Бругер і Шміт. Лучынскі кінуўся да царквы. За ім гестапаўцы. З бронетранспарцёра пачалі біць з кулямёта па званіцы.
        А званы ўсё клікалі: «Падымайся, народ! Падымайся, народ!»
        Не ведаю... І цяпер не ведаю, праз гэта ці так было задумана... Але пакаранне спынілі. Павесілі адзінаццаць. Тры шыбеніцы засталіся пустыя. Астатніх арыштаваных адвезлі назад у турму. Большасць з іх у хуткім часе расстралялі.
        Калі чалавека, які званіў, забілі, званы доўга яшчэ грозна гудзелі, так моцна ён расхістаў іх. Чалавеку было семдзесят шэсць год. Стары, глухі, адзінокі званар. Кузьма Ягоравіч Сарока. Як ён трапіў на званіцу? Знарок? Выпадкова? Але безумоўна адно: убачыў ён адтуль, як караюць прышэльцы нашых людзей, і не вытрываў. Ведаў, што ідзе на смерць. Пайшоў. Без страху. Па тым, як яны стралялі там, на званіцы, і як пачалі сціхаць бомы, я зразумеў, што чалавека забілі. Але зразумеў другое, галоўнае – што ён свядома ішоў на гэта. Помню, я пашкадаваў, што гэты невядомы змагар не зацягнуў туды кулямёт. Адных званоў мала. У мяне, па крайняй меры, будзе пісталет і граната. Але яны былі схаваны на кватэры.
        Калі плошча апусцела, я пайшоў на кватэру. Па горадзе ўсюды патрулі паліцыі і гестапа. Яны тройчы спынялі мяне і правяралі дакументы.
        Ліза кінулася насустрач, устрывожаная і радасная:
        «Я ўсе вочы праглядзела. Чаму так позна? Кажуць, людзей вешалі?»
        У гэты момант, упершыню за той дзень, апанавала слабасць. Самлелі ногі. Я знясілена апусціўся на канапу, відаць, збялеў.
        «Што з табой?»
        «Павесілі Паўла», – сказаў я і... заплакаў.
        Яна ведала Паўла, ён заходзіў раней, і ёй падабалася, што я сябрую з такім чалавекам, інтэлігентным, разумным, служачым управы.
        Цяжка сказаць, чаму я даверыўся ёй у той момант. Бываюць душэўныя рухі, якія немагчыма растлумачыць.
        Жанчына ў той міг, відаць, шмат што зразумела, бо заціснула рот далонямі. Потым глянула ў вокны, зачыніла на кручок дзверы. І ні пра што больш не запытала. Знікла, напэўна, яе надзея зрабіць мяне мужам. І яна адразу пастарэла, асунулася, шчыра засмуцілася, калі я адмовіўся ад снедання. Я таксама больш нічога не тлумачыў ёй. Надзеў лепшы касцюм, дастаў з тайніка пісталет і гранату.
        Яна спытала:
        «Ты больш не вернешся?»
        «Не ведаю».
        Я адказаў шчыра. Хіба я мог ведаць, што са мной будзе?
        Яна пацалавала мяне.
        «Будзь асцярожны, Кузя. Ведай, табе ёсць куды вярнуцца».
        План быў просты. Усё робіцца простым, калі чалавек перастае думаць пра сябе, пра жыццё... Калі галоўнае – дасягненне мэты.
        Паліцыя размяшчалася ў асобным двухпавярховым будынку насупраць управы. Я мог пайсці проста туды. Але я пайшоў на плошчу, пустую і жудасную ў той дзень. Вецер, халодны асенні вецер пагойдваў целы павешаных і вяроўкі на трох шыбеніцах. Для каго яны пакінуты? Не, мяне жывым фашысты не возьмуць! Я развітаўся з таварышамі. Стаў насупраць Паўла, крокаў за дваццаць, бліжэй вартавы не падпусціў. На Паўлаву шыю была накінута яшчэ адна пятля – павешана дошчачка з надпісам: «Я кіраваў бандай, якая забівала нямецкіх салдат». Надзі Кузьменка яны напісалі:
        «Я ўзрывала нямецкія эшалоны».
        Увогуле, яны пускалі паглядзець на вісельнікаў, для гэтага пакараных пакінулі на шыбеніцах – каб устрашыць гараджан. Але я стаяў, мабыць, занадта доўга. Бо вартавы раптам пагразіў мне аўтаматам і закрычаў, каб я праходзіў. Чаго добрага, яшчэ стрэліць. Што ім значыла забіць аднаго чалавека! А мне паміраць так недарэчна нельга! Таму я паслухмяна пайшоў, развітаўшыся з Паўлам, з таварышамі, якіх я не ведаў пры жыцці, але смерць іх зрадніла нас.
        Вартавы паліцай ведаў мяне. Я сказаў яму, што хачу паступіць да іх на службу. Ён узрадаваўся:
        «Давай. Такія хлопцы нам цяпер во як патрэбны!»
        «Начальнік у сябе?»
        «Толькі што прайшоў».
        Але сакратарка-перакладчыца затрымала мяне. Гэтую асобу я таксама ведаў: Павел хадзіў з ёй нават разы два ў кіно, каб выведаць, чым яна дыхае. І заключыў: «Дрэнь поўная». Яна сказала, што ў спадара Лучынскага важная нарада і наўрад ці прыме ён мяне. Я адказаў, што ў мяне пільная справа.
        «Якая?»
        «Хачу паступіць у паліцыю».
        Яна паглядзела на мяне зацікаўлена і больш прыветліва.
        «О,тады пачакайце».
        Здраднікам падабалася, калі іх большала. Магчыма, кожнага з іх цешыла думка: «Не я адзін».
        Сакратарка была стройная брунетка, гадоў дваццаці пяці, але са стомленым ад бяссонных начэй тварам распусніцы. Ды, мабыць, траплялі ёй у апошні час мужчыны падношаныя, тыпу Лучынскага. Бо калі яна бліжэй агледзела мяне і падумала, што я буду служыць побач, у яе юрліва заблішчалі вочы. Яна пачала заляцацца. Мне зрабілася агідна. Я думаў пра помсту, ішоў на смерць, а тут трэба было «сушыць зубы», гаварыць чорт ведае пра што. Хацелася стукнуць яе з пісталета, а потым тых, усіх, што за дзвярамі, абабітымі жоўтым дэрмацінам. Сакратарка сказала мне, хто там: «Заступца і следчы».
        Не, раней трэба іх. У мяне не хапала сілы чакаць. Я падняўся і наблізіўся да дзвярэй. Але яна загарадзіла дарогу. Аўчарка пільна сцерагла свайго гаспадара.
        «О, ты нецярплівы. Але начальнік не любіць. Май на ўвазе».
        Яна наступала на мяне і адціскала ад дзвярэй. На маё шчасце, халуі хутка выйшлі. Яны шапталі нешта адзін аднаму на вуха і задаволена ўсміхаліся. Лысы намеснік начальніка паліцыі Левашоў ушчыпнуў сакратарку за мяккае месца, кіўнуў на мяне:
        «Ці не хахаля ты такога знайшла, Мура? У гэтага ёсць брандспойт».
        Яны цынічна зарагаталі.
        «Нахабнікі», – сказала яна ўслед ім, як бы апраўдваючыся перада мной.
        І пайшла ў кабінет, каб далажыць пра мяне. Выйшла не хутка ці, можа, мне так здалося – цягнуліся хвіліны. Помню, што я раптам захваляваўся, пачуў, як грукае сэрца. Яшчэ міг, адзін міг – і я адпомшчу за Паўла, за таварышаў. Дзверы адчыніліся. Яна, Мура, сказала: «Прахадзі» і прапусціла мяне. Я зачыніў за сабой дзверы асцярожна, быццам яны былі з танюсенькага шкла. Ступаў па дывановай дарожцы на пальчыках, пачціва і ціха, каб не спужаць звера. Круціў у руках шапку. Лучынскі глянуў насцярожана, трымаючы руку пад сталом, можа, на кнопцы званка ці на пісталеце. Але пазнаў мяне (ён інспектаваў пажарную і разоў колькі з’яўляўся на пажары) і заспакоіўся. Паклаў абедзве рукі на паліраваны стол двухметровай даўжыні, як бы абняў гэты сімвал сваёй улады. Выпрастаўся ў высокім крэсле. Сядзеў, як на троне. Яны ўсе ігралі, гэтыя мізэрныя пустыя людзі, здраднікі, уяўлялі сябе фюрэрамі і былі такімі ж бяздарнымі акторамі, як і Гітлер.
        Я спыніўся крокі за тры ад стала ў пачцівай паставе. Я загадваў сабе: «Не выдаць... Ніводным рухам не выдаць сябе!» Хоць і марудзіць нельга было: мог зайсці хто-небудзь з паліцаяў.
        «Дык, кажаш, хочаш перайсці ў паліцыю? Чаму? Пажарная – тая ж паліцыя. І нам патрэбны там адданыя людзі».
        «Хачу помсціць за бацькоў, пан начальнік»,
        Кузьма Клешч – сын раскулачанага, у паліцыі былі мае анкеты.
        Лучынскі крыва ўсміхнуўся:
        «Мы нікому не помсцім. Мы будуем новую Беларусь».
        Пры гэтых словах ён адсунуў нагайку, якая ляжала на стале, каля правай рукі.
        Я меўся застрэліць яго ва ўпор, а таму глядзеў толькі на вузкі твар, на лоб у кароне прыгожых пасівелых валасоў. Я цэліўся, выбіраючы момант. І раптам нагайка... Тая, якой ён ударыў Паўла. Адной гэтай дэталі было даволі, каб маланкава змяніўся план. Я скочыў да стала. Я кінуў цераз стол усю сілу свайго цела. Каб ён не паспеў націснуць кнопку, ударыў кулаком у пераносіцу. Ударыў так, што пасля ў мяне было запаленне надкосніцы ўказальнага пальца. Я схапіў нагайку, накінуў скураную пляцёнку яму на шыю і што ёсць сілы рвануў за канцы – за тоўсты, абглянцаваны, з раменьчыкам, і тонкі, з мяцёлкай калючых дроцікаў. Хруснулі шыйныя храшчы. Спадар Лучынскі вываліў ненатуральна доўгі язык. Вылезлі з арбіт вочы... Я падсунуў крэсла да сцяны, каб цела не ўпала і не нарабіла грукату. Было брыдка і пагана: ніколі яшчэ не выконваў прысуд такім чынам. Звычайна страляў ці кідаў гранату... Але ўсведамленне, што я выканаў справядлівы прысуд, адплаціў за смерць таварышаў у дзень іх пакарання, дало новыя сілы, новы імпульс жыцця і барацьбы. Не, цяпер не хацелася паміраць! Я скочыў да дзвярэй: ці не ідзе хто? За шчыльнымі дзвярамі прыглушана стукала машынка. Ціха. Вярнуўся да стала і на нейкім нямецкім цыркуляры буйна напісаў:
        «Гэта першы акт помсты за павешаных. Дрыжыце, каты! Смерць здраднікам!»
        Выйшаўшы, зачыніў дзверы за сабой гэтак жа ціха і асцярожна, як і тады, калі заходзіў у кабінет. Мура ўсміхнулася мне:
        «Дамовіўся?»
        «Ага».
        «Да нас ці на ўчастак?»
        «Да вас. Да заўтра».
        «Да заўтра», – задаволена развіталася яна.
        Але ў доўгім і пустым калідоры з’явілася жаданне пабегчы. Я ледзь стрымаў сябе. Дайшоў да лесвіцы, учапіўся рукой у поручні і зноў-такі прымусіў сябе сысці з другога паверха не спяшаючыся. Вартавы таксама спытаў:
        «Узяў?»
        «Але».
        «З цябе – куш. Пакуль што цыгарэту».
        Я памацаў пісталет і гранату. Цыгарэт не было.
        «Аддаў Муры», – прыгадалася, што яна паліла, калі я выходзіў.
        «Ого, хутка ты знаёмішся, – зарагатаў вартавы. – Але заўтра з пустымі кішэнямі не прыходзіць, у нас свае законы».
        «Ведаю».
        А сам лавіў кожны гук – ці няма трывогі?
        Па вуліцы я пайшоў шпарка. Накіраваўся на Савецкую. Спадзяваўся, што на цэнтральнай будуць людзі і я схаваюся сярод іх і здолею перабрацца ў Залінейны раён. А там – некалькі явак. Я паспеў выйсці на Савецкую. Але ў той дзень яна была бязлюдная. Рэдкія прахожыя, і то, відаць, большасць – агенты ў цывільным.
        І тут мяне дагнала трывога. Гукі яе даляцелі не з паліцыі – з гестапа, ажно з Паркавай. Зараўлі сірэны і маторы, загаўкалі аўчаркі. Вуліца ўміг яшчэ больш апусцела. Нават агенты, відаць, кінуліся да тэлефонаў, каб даведацца, што здарылася, атрымаць указанні. Я не паскорыў хаду, каб не выдаць сябе. Але імкнуўся хутчэй дасягнуць разбуранага бамбардзіроўкай квартала, каб схавацца ў руінах. І раптам – бываюць жа стрэчы! – насустрач Лотке. У вопратцы рабочага. Я зрабіў выгляд, што не пазнаў яго, і прайшоў міма. Але інстынкт вопытнага агента і, безумоўна, падазронасць, якую ён меў да мяне ўвесь час, прымусілі яго дзейнічаць.
        «Стой! Руки вверх!» – У гэты раз ён крыкнуў на чысцейшай расейскай мове.
        Я павярнуўся... Падняў рукі. Але з правай вылецела лімонка. Я паспеў убачыць, як Лотке кінуўся ў акно майстэрні па рамонту гадзіннікаў. Раней чым грымнуў выбух, дзынкнула вітрыннае шкло. Я схаваўся ад узрыву ў нішы замураваных дзвярэй. А потым кінуўся ўніз, звярнуў у першы праезд і пайшоў па задворках. Я ішоў назад, паўз двор управы, амаль паўз самую паліцыю, дзе стаяў гоман галасоў. Па шуму матораў, брэху сабак лёгка было здагадацца, што гестапаўцы абкружаюць кварталы па той бок Савецкай, кварталы руін. І, аднак, я шкадаваў, што не перасек галоўную магістраль. Там быў увесь горад, разбураны і цэлы. Там жылі нашы людзі, адтуль быў выхад у поле, у лес. А тут я быў заціснуты ў невялікім раёне паміж цэнтральнай вуліцай, якую цяпер ужо не перайсці, і ракой, за якую таксама не перабрацца. Уздоўж вуліцы – управа, паліцыя, правей – казармы зондэркаманды, над ракой – элеватар, прыстань са складамі, на беразе – вартавыя вышкі, агнявыя кропкі. І паміж гэтым – некалькі ціхіх вуліц, да якіх не дайшоў пажар і дзе заставаліся жыць нашы людзі. Нашы... А ці ўсе нашы? Гэта своеасаблівы раён. Дарэвалюцыйнай забудовы. Сяліліся тут пры цару галоўным чынам чыноўнікі. Пасля рэвалюцыі шмат якія дамы былі нацыяналізаваны, сталі камунальнымі. Але больш за ўсё эвакуіравалася ў пачатку вайны менавіта з гэтых камунальных кватэр. Рабочыя, савецкія служачыя. А хто застаўся... Не ўсе яны, відаць, нашы. Акрамя таго, я ведаў, што тут кватаруе многа немцаў – афіцэры, камерсанты. Праўда, была ў мяне перавага: я выдатна ведаў гэты раён, не толькі кожны завулак, але кожны дом і сад. Я жыў тут, калі вучыўся ў медвучылішчы.
        У адзін міг я ўзважыў усе мінусы і плюсы. Тут жа выявіў яшчэ адзін мінус: я быў ранены. Асколкам уласнай гранаты. Ніша не схавала мяне ўсяго, і асколак пацэліў у нагу, вось сюды... Я нават намацаў яго. Штаніна набрыняла крывёю. Рана няцяжкая. Але па крывавым следзе лёгка ідуць аўчаркі. Таму я мусіў спусціцца ў склеп разбуранай крамы, падраць споднюю кашулю і перавязаць нагу. Патраціў некалькі хвілін. За гэты час пачалі абкружаць раён узрыву. Цяпер ужо не толькі шум матацыклаў, але і нямецкія каманды даляталі да мяне. Мабыць, упэўненыя, што я нікуды не дзенуся, немцы, здавалася, не вельмі ўжо спяшаліся.
        У невялікіх руінах таго раёна схавацца нельга, я добра разумеў. Трэба выходзіць. І я выйшаў у Пушкінскі завулак, рушыў да ракі. Схаваць могуць толькі людзі, савецкія людзі. Я зазіраў у вокны драўляных дамоў. Я ведаў гэтыя дамы, але не ведаў людзей. Жыдоўская сям’я, дзе я кватараваў, эвакуіравалася. Другіх знаёмых тут не было. Якія знаёмыя ў студэнта!
        Прайшла міма добра апранутая жанчына, агледзела мяне залішне зацікаўлена. Што прыцягнула яе ўвагу? Я намагаўся не кульгаць, закрываў рукой прабітую палу пінжака. З двара выбег афіцэр, на хаду зашпіляючы гузікі. Я сціснуў ручку пісталета. Але немец не зачапіў мяне, глянуў абыякава і пабег у бок цэнтра. Мабыць, яго выклікалі па трывозе.
        Я звярнуў у вузкі безыменны завулак, па якім некалі хадзіў да ракі. Можа, і цяпер спусціцца да ракі і паспрабаваць пераплыць яе? Але на тым беразе бязлесны луг. Кожны, хто з’яўляецца там, бярэцца на мушкі кулямётаў. Не, ратунак можа быць толькі ў адным з гэтых дамоў. Але ў якім? Аўчаркі брахалі ўжо недзе каля ўправы. Калі натрапілі на след, яны будуць тут цераз дзве-тры хвіліны. Нельга марудзіць.
        Я азірнуўся і... убачыў дом, у які мяне пацягнула нейкае асаблівае чуццё. У такія моманты з’яўляецца інтуіцыя, якая вядзе беспамылкова. Дом гэты стаяў не ў рад з іншымі дамамі, а ў глыбіні добрага саду. Прыгожы асабняк. Аднойчы я быў у гэтым доме. Прыходзіў здаваць экзамен гаспадару яго доктару Савічу.
        – Савіч? Той Савіч? – не вытрымаў і выказаў сваё здзіўленне Шыковіч.
        – Але. Той Савіч, пра якога Гукан з тваёй дапамогай піша, як пра здрадніка. Той Савіч, які супрацоўнічаў з немцамі, узначальваў аддзел управы і якому фашысты арганізавалі пышнае пахаванне.
        – Тысяча і адна ноч. І ты пайшоў у гэты дом?
        – Але. Сігануў цераз паркан, пераканаўшыся, што завулак пусты. Безумоўна, я рызыкаваў. Я ведаў, хто такі Савіч. Больш таго, я ведаў, што ў доме кватаруе лекар нямецкага шпіталя. Што ж... паміраць, дык з музыкай, чорт вазьмі! Я ішоў ужо ў той дзень раз на смерць. Яна дала адтэрміноўку. І калі не было іншага выйсця, калі любы варыянт даваў яшчэ менш шанцаў... Але, акрамя ўсяго, была нейкая інтуіцыя... Была вера ў гэтага чалавека. У Сцяпана Савіча. Я ведаў не Савіча-здрадніка, а Савіча-лекара, буйнейшага інфекцыяніста, бясстрашнага чалавека, які за сорак год лекарскай дзейнасці патушыў дзесяткі эпідэмій. Яго паважалі ў горадзе. Няўжо такі чалавек мог прадацца?
        Зваліўшыся ў чужы сад, як з неба, я спалохаў мілую істоту. Яна карміла трусікаў. Клеткі з трусамі стаялі паўз паркан у два паверхі. Я пазнаў дзяўчыну. Дачка Савіча. Калі мы прыходзілі да хворага доктара здаваць экзамен па інфекцыйных хваробах, яна, падлетак, школьніца, падавала нам чай. Доктар, знаёмячы нас з ёй, сказаў: «Гэта мая гаспадыня». Але імя яе за тры гады я, безумоўна, забыўся.
        Яна войкнула, а потым сурова спытала:
        «Што вам трэба? Хто вы?»
        «Цішэй! – шыкнуў я. – Я друг тых, каго сёння павесілі».
        «Павесілі? А каго павесілі?»
        Я ўзлаваўся. Калі ідзе такая вайна, калі штохвіліны гінуць людзі, жывуць, аказваецца, вось і так: за высокім парканам, у добрым садзе, кормяць трусікаў... Жаруць трусяціну... І не ведаюць, што робіцца навокал.
        «Людзей, якія не сагнулі спіны. Чуеце? Аблава! Схавайце мяне!» Узлаваны, я не прасіў – загадваў.
        І яна зразумела. Схапіла мяне за руку і шпарка пабегла да дома. У калідоры спынілася, задыханая, узбуджаная.
        «Куды ж вас схаваць? Пад кухняй ёсць пограб. Хочаце туды?»
        Я паверыў у яе шчырасць і цалкам даверыўся ёй. Але на парозе кухні яна спынілася. Перадумала.
        «Не, у пограб дрэнна. На другім паверсе пакоі нямецкага лекара пана Грота, ён кватаруе ў нас. Я зачыню вас у яго пакоях. Добра? »
        Я згадзіўся і на гэта. Яна збегала некуды, вярнулася з ключамі. Мы падняліся ў мансарду, у добра абстаўленыя пакоі. Пакідаючы мяне, яна ўсміхнулася ласкава і разгублена.
        «Ключа ў мяне няма. Няхай шукаюць Грота. У тым пакоі за шафай дзверы на гарышча. А там у нас чорт нагу зламае».
        Я падзякаваў. Яна зачыніла дзверы на ключ. Але праз хвіліну вярнулася і прашаптала ў замочную шчыліну:
        «Слухайце, вы... Як вас? Калі яны ўсё-такі ўварвуцца сюды, вы будзеце страляць?»
        «Буду!» – цвёрда і бязлітасна адказаў я.
        «У шафе ў Грота стаіць аўтамат».
        О, дзяўчо гэтае было не з баязлівых! Дарэмна я ўпачатку блага падумаў пра яе. З той хвіліны я адчуў да яе павагу. Безумоўна, учынкі яе ў той міг маглі быць не ад свядомага пераканання, а ад жадання рамантыкі, што ўласціва такому ўзросту. Але было бясспрэчна – чалавек наш, сумленны. Інтуіцыя не падвяла. І гэта радавала.
        У завулак яны ўскочылі ў той жа міг, як я застаўся адзін у шыкоўнай кватэры нямецкага афіцэра. Я ўбачыў іх праз акно. Гестапаўцаў з сабакамі і паліцаяў. Але я перабольшваў ролю аўчарак. Не такія яны ўжо разумныя і не такі ўжо ў іх тонкі нюх, як пра гэта расказвалі легенды. Звычайныя сабакі. Усе тры чамусьці кінуліся ў адзін двор. Безумоўна, следам за імі туды ўскочыла ўся зграя гестапаўцаў і паліцаяў. Пачаўся вобыск. Пошукі ў тым доме занялі хвілін дзесяць. Потым з’явілася тая модна апранутая жанчына, якую я сустрэў. Я пазнаў яе нават з такой адлегласці. Яна паказала гестапаўцам на гэты безыменны завулак. У мяне ёкнула сэрца. Няўжо яна бачыла, як я пераскочыў цераз паркан?
        Гестапаўцы кінуліся сюды. Я заглянуў у шафу. Сапраўды, там стаяў аўтамат. Я не адважыўся набліжацца да акна, каб сачыць за імі. Маглі ўбачыць. Але вось сабакі загаўкалі, заскуголілі каля таго месца, дзе я пераскочыў паркан. Значыцца, напалі на след. Я дастаў аўтамат.
        І раптам у садзе пачаўся дзікі вэрхал: вой, брэх, піск, крык. Я жахнуўся. Няўжо яны кінуліся на маю ўратавальніцу? Яна датыкалася да мяне, брала за руку. Забыўшыся на небяспеку, я наблізіўся да акна. І ўбачыў: аўчаркі рвалі трусоў.
        Ты ведаеш, што зрабіла гэтае дзяўчо? Не кожны вопытны падпольшчык мог бы дадумацца. Яны выпусціла трусоў. Больш таго, яна забіла аднаго і кінула на сцежку каля таго месца, дзе я пералез паркан. Раз’юшаныя, галодныя сабакі, учуўшы пах крыві, ашалелі. Гестапаўцы не маглі іх стрымаць. Дзве аўчаркі пераскочылі паркан і, убачыўшы трусоў, пагналіся за імі.
        А ў фортку грукалі гестапаўцы.
        Гаспадыня спалоханым голасам крычала з ганка:
        «Я баюся вашых сабак! Я баюся вашых сабак!»
        Відаць, нехта з гестапаўцаў пералез і адчыніў калітку.
        Тады яна закрычала абурана: «Панове! Панове! Што вы робіце? Гэта трусы пана Грота! Хірурга шпіталя пана Грота. Яго трусы. Божа мой! Што мне скажа пан Грот?»
        Сабак нарэшце ўгаманілі. Цяпер яны толькі гырчалі, даядаючы трусяціну.
        Яе спыталі ветліва:
        «Скажыце, фрэйлейн, сюды ніхто не заходзіў?»
        Яна ўсхліпнула:
        «Трусы пана Грота! Гэта дом доктара Савіча. І ў нас кватаруе пан Грот, хірург шпіталя».
        Гестапавец ці, магчыма, паліцай паўтарыў пытанне па-расейску.
        «У нас заўсёды зачынена фортка. Тату пагражаюць, што яго заб’юць за тое, што ён служыць у немцаў. Я казала яму: навошта яму служыць? Ён мог прымаць хворых дома, як доктар Грайпінер. У Грайпінера хутка будзе свая клініка. А тату сапраўды могуць забіць. Няшчасныя трусікі!.. Што скажа пан Грот?»
        Яна іграла наіўную дурную дзяўчынку. Але гестапаўцам не было калі слухаць яе балбатню. Старэйшы закамандаваў:
        «Пашукаць!»
        Яны зайшлі ў дом. Сабакі не пайшлі, бо іх цікавілі больш трусы, а не мой след. Ды і ад следу, як я пасля даведаўся, нічога не засталося. Гэтая дзяўчынка зрабіла яшчэ адзін надзіва хітры ход: яна паспела працерці ганак і падлогу ў калідоры растворам фармаліну.
        З пакояў першага паверха далятаў да мяне гул галасоў, але слоў нельга было разабраць. Потым я пачуў іх крокі на лесвіцы. І яе голас:
        «Там жыве пан Грот. Але ён не пакідае ключа. Ён не верыць, што я магу ўпільнаваць дом. Вы можаце, безумоўна, паламаць дзверы. Вы падушылі яго трусікаў. Але што скажа пан Грот? Ведаеце, давайце лепш я пазваню яму, няхай ён прывязе ключы. Ён хутка, у яго свая машына. Тады вы самі растлумачыце яму, што гэта вашы сабакі падушылі яго трусоў. Каб ён не думаў, што я не ўпільнавала».
        «Ну і знайшоў сабе трашчотку гэты Грот», – сказаў адзін гестапавец, націскаючы на ручку дзвярэй.
        Другі, недзе ўнізе, засмяяўся:
        «А так яна нічога. Маладзенькая. Ножкі стройныя».
        Відаць, глядзеў, нахабнік, на яе ногі знізу. Крокі пачалі спускацца, аддаляцца. І ўсё звінеў яе галасок. Яна ўсё яшчэ нешта гаварыла пра свайго тату, пра пана Грота і пра трусоў. Я пачуў шум машыны. Потым падрабязны даклад аб пошуках нейкаму начальніку. Магчыма, што гэта быў сам Бругер. Выслухаўшы, ён рэзюмаваў:
        «Ідыёты! Перавярнуць дагары ўвесь раён, але знайсці гэтую сволач! Вось яго фатаграфія».
        Працавалі яны аператыўна, нічога не скажаш: менш як за гадзіну пасля здарэння была размножана мая фатаграфія.
        Я чакаў: будуць яны «пераварочваць» дом Савіча ці не? Прызнаюся, у той міг мне не хацелася страляць у іх ні з пісталета, ні з аўтамата. Я разумеў, якую небяспеку наклікаў бы ўзброеным супраціўленнем на гэтую мілую «трашчотку». Пры ўсёй суровасці і бязлітаснасці таго дня мне да болю стала шкада яе. Ёй трэба жыць! Трэба жыць... каб прынесці камусьці многа радасці.
        Нам пашанцавала: у дом яны больш не вярнуліся. Бругер верыў доктару Савічу. «Пераварочвалі» суседнія дамы.
        Праз некаторы час яна зайшла да мяне. Ціхенька адчыніла дзверы, моўчкі прайшла да канапы, зморана села, выцерла далоняй лоб. Але вочы яе блішчалі радасна і ўзбуджана.
        «Ух, здаецца, мінула. Як я баялася! Ох, каб вы ведалі, як я баялася. Цяпер я ведаю, што такое «душа ў пятках». Яна скінула басаножку і памацала сваю пятку; гэта было наіўна і смешна, і яна сама засмяялася: «А хораша я вадзіла іх за нос. Вы чулі? З мяне магла б выйсці актрыса. Да вайны я хадзіла ў драмстудыю пры клубе чыгуначнікаў».
        І яна ўздыхнула, успомніўшы той дарагі даваенны час.
        Я спытаў, як яе імя.
        «Софа... Мама звала – Соня, а тата і цётка – Зося. Мама мая на дваццаць гадоў маладзей за тату, і яе забралі ў армію, мама – хірург. У нашу армію, – з гонарам падкрэсліла дзяўчына і тут жа ўздыхнула. – А тата працуе ў немцаў. Парадокс. Праўда? Цёця Марына памерла два месяцы назад. Пасварылася з татам, а ў яе хворае сэрца. Тата вельмі перажывае цяпер. А што гэта я, тата, тата... А вы, можа, не ведаеце, хто мой тата... Гэта – доктар Савіч. Вы гараджанін? У горадзе яго многія ведаюць».
        Я адказаў, што ведаю Сцяпана Андрэевіча, ён вучыў мяне.
        Гэта яе проста ашаламіла. Яна падскочыла, наблізілася і пільна ўгледзелася ў мой твар.
        «Божа мой! Цяпер я, здаецца, успамінаю. Вы прыходзілі да таты здаваць экзамены, калі яго аперыравалі з прычыны тромбафлебіту».
        І раптам стала задумліва-сур’ёзнай. Спытала:
        «Скажыце, вы ведалі, што тата працуе ў немцаў?»
        «Ведаў».
        «Ведалі і прыйшлі ў наш дом?»
        «Ведаў і прыйшоў, бо ўпэўнены, што доктар Савіч не прадасць мяне».
        Яна доўга глядзела мне ў вочы, а потым нахілілася і... пацалавала ў шчаку. Пацалавала не па-дзявочы, сарамліва ці гарэзліва, а па-даросламу, сур’ёзна, з удзячнасцю.
        Мая першая падпольная клічка была «Віктар», і я чамусьці сказаў яе, а не сапраўднае імя, хоць пасля зразумеў, што гэта недарэчна, непатрэбна і няшчыра перад Зосяй.
        «Дзякую вам, Віктар. Цяпер вы мне брат. І я вас схаваю, як брата. Так схаваю, што фрыцы за сто год не знойдуць. Хадземце. А то праз гадзіну прыйдзе Грот. Ён дакладны».
        Тады я спытаў:
        «Думаю, у доме, дзе жывуць два лекары, знойдзецца скальпель і пінцэт?»
        «Скальпель? Навошта вам скальпель?»
        «У бядры маім сядзіць асколак гранаты».
        Вельмі магчыма, што толькі ў той міг яна адчула ўсю сур’ёзнасць барацьбы, свайго мімавольнага ўступлення ў гэтую барацьбу, небяспекі, якая цяпер пагражала ёй, бацьку. Трусы, фармалін, балбатня з гестапаўцамі – усё гэта, відаць, рабілася ў парыве, у захапленні незвычайнасцю, усё гэта была амаль гульня ў хованкі маладога здаровага хлопца. А тут яна зразумела. І разгубілася, спалохалася, замітусілася.
        «Што ж рабіць? Хадземце ў бацькаў кабінет, там усё ёсць. Не, не... Нельга. Могуць прыйсці. Давайце сюды... на гару. Аўтамат паставім на месца... Вось так... Крыві не накапала?» – агледзела падлогу. Потым адчыніла невялічкія сцянныя дзверы, і мы апынуліся ў каморы, завешанай вопраткай. Дзесяткі паліто, касцюмаў, плаццяў. Нешта зашыта ў прасціны, мабыць, футры. Пахла нафталінам.
        «Багата жыве доктар Савіч. Шкада дабра, таму і да немцаў падаўся», – падумаў я нядобразычліва.
        Мы падлезлі пад вопратку і яшчэ праз меншыя дзверкі выйшлі на гарышча – вузкі тунель паміж сцяной мансарды і дахам. Аднекуль здалёк цадзілася святло, і было відаць, што тут сапраўды «чорт зламае нагу». Старыя крэслы, карціны, дываны, верстакі, рыбацкія сеткі, мяшкі, посуд – усё гэта было нагрувашчана абы-як. Мы ледзь прабраліся. Нават паўзлі праз нейкую шчыліну. Гэта быў праход пад выступам акна. Такім чынам мы перабраліся на другі бок, за глухую сцяну мансарды, дзе было больш прасторна і светла.
        Тут на старым матрацы Зося зрабіла мне прытулак. Праз другі ход, праз люк у столі над кухняй, яна прынесла прасціну, падушку, коўдру, інструменты, бінты, вату, ёд.
        І я зрабіў сабе аперацыю – дастаў асколак. З яе дапамогай. Перад гэтым мы паспрачаліся. Я лічыў сябе ўжо закончаным медыкам. Медтэхнікум, як тады называлі, курс інстытута... Ва ўсякім разе, даўно ўжо пазбавіўся фальшывай сарамлівасці, калі што тычылася хваробы. Але, ведаеш, перад гэтай дзяўчынкай мне стала сорамна агаляць сябе. Я папрасіў яе адысці. Яна запярэчыла.
        «Я ніколі не хацела быць лекарам. Але я дачка лекараў», – сказала яна рашуча.
        І такі добра памагла мне. Ва ўсякім разе, крыві не баялася і павязку зрабіла прафесійна.
        А потым прыйшоў Грот. Мы пачулі, як ляпнулі за сцяной дзверы. Зося нырнула ў люк. Цяжкія крокі. Іх галасы, яго і яе. Словы глухлі ў сцяне. Пра што яны гаварылі? Я ненавідзеў немца двайной нянавісцю: і за тое, што ён афіцэр гітлераўскай арміі, і за тое, што адарваў Зосю і не дае ёй з’явіцца сюды. Аднаму мне было цяжка. Вечарэла. Узняўся вецер. Стары бляшаны дах грымеў на тысячу ладоў. А мне здавалася, што над горадам ідзе страляніна, што крычаць жанчыны, дзеці. Уявіліся павешаныя, так, як ні разу яшчэ за гэты доўгі і страшны дзень. Вецер гойдае іх целы. Счарнелыя твары. Счарнелы твар Паўла. Той жывы, ясны твар, па якім заўсёды гуляла ўсмешка, то гарэзлівая, вясёлая, то хітрая, то сумная. Ён стаяў перада мной жывы і прасіў: «Антоша, калі са мной што здарыцца, не забудзь Тарасіка». Я не знайшоў Тарасіка. І мне хацелася раўці ад крыўды і болю.
        Пачуўся глухі барытон Савіча. Недзе ўнізе. Туды ж спусціўся немец. Галасы сціхлі. Напэўна, селі вячэраць. У светлай сталовай, за круглы стол, накрыты белым абрусам. Упершыню я ўспомніў, што цэлыя суткі нічога не еў. Але есці не хацелася. Гудзела ў галаве. Хто такі Савіч? Зося горача падзякавала, калі я сказаў, што ўпэўнены, што доктар Савіч не прадасць мяне. Але яна не сказала: прыйдзе тата і зробіць вам аперацыю, не павяла ў бацькаў кабінет. Чаму? Ці скажа яна яму пра мяне?
        Тысячы думак адразу. Яны палілі мозг. Я адчуваў, што пачынаецца гарачка. Калі страчу прытомнасць, пачну трызніць – выдам сябе, выдам яе... І я напружваў усе сілы...
        Сцямнела. А вецер не сціхаў. Асенні. Халодны. Злы. І я такі праваліўся ў жудасную яму. Там, клубком сплёўшыся, качаліся ваўкадавы. Гледзячы на іх, іржалі эсэсаўцы, і морды ў іх таксама сабачыя. Раптам Лучынскі страшэннай доўгай рукой, як у Вія, паказаў на мяне: «Вось ён!» Я ўцякаў. А яны гналіся за мной. З надзвычайнай лёгкасцю я скакаў цераз парканы, цераз дамы нават. А яны не адставалі. У мяне калацілася сэрца. Вось-вось дагоняць.
        Апрытомнеў я ад дотыку да твару халоднай мяккай далоні і шэпту над вухам:
        «Родненькі мой! Што з табой? Гарачка? На, выпі вось гэта. І з’еш».
        У поўнай цемры дзяўчына сунула мне цёплую пляшку. Памагла падняць галаву. Я выпіў салодкую вадкасць, ад якой пахла парэчкамі і вермутам. Яна падбадзёрвала:
        «Пі, пі. Ты стагнаў. Не трэба стагнаць. Нельга. Каб я магла застацца тут з табой! Я пільнавала б цябе. З’еш вось гэта».
        У руцэ маёй апынуўся кавалак мяса, відаць, трусяціны.
        «Яны селі гуляць у шахматы, бацька і Грот. Абодва нечым усхваляваны, нешта хаваюць ад мяне. А я – ад іх. Каб мне застацца з табой, Віктар. Я пільнавала б цябе».
        Пітво і ежа падмацавалі. Я зразумеў, чаго яна баіцца. Прыйшлося заспакоіць яе, што я не буду больш стагнаць і крычаць:
        «Гэта ў сне. Больш спаць не буду».
        Яна бясшумна знікла. Але пакінула мне сілу і заспакоенасць. Цяпер я адчуваў яе прысутнасць, яе клопат. І мне не было страшна ў цемры, пад дахам, які гудзеў і ляскатаў. Каб толькі не залішні быў яе клопат, а то якраз яна, а не я, можа праваліць нас. Цяпер ужо я думаў не пра сябе – пра нас.
        Мне сапраўды стала лепш. Ва ўсякім разе, прытомнасць больш не траціў.
        Недзе апоўначы пайшоў дождж. Тысячы малаткоў загрукалі па блясе. Потым па маёй галаве. Аглушылі. І я праваліўся ў пустую яму, дзе не было ні сабак, ні гестапаўцаў.
        Прачнуўся, калі развіднела. Адчуванне ранішняе – здаровае. Нават нага не вельмі балела. Больш балеў палец на руцэ, і я доўга не мог успомніць – ад чаго. У думках – цішыня. І на двары ціха. Ляпнула фортка. Галасы. Нехта пайшоў. Хутка з’явілася Зося. Прынесла сняданак – кашу, малако, яблыкі. Смачна і многа. Была яна засяроджаная, сур’ёзная, не такая гаварлівая, як учора. Паведаміла з болем і смуткам:
        «Яны павесілі адзінаццаць чалавек. На плошчы. Якое зверства! А нашы задушылі начальніка паліцыі», – і таксама з болем.
        «Сабаку – сабачая смерць», – не вытрымаў я.
        Яна глянула на мяне і... здагадалася:
        «Ах! Гэта – вы?!»
        Цяжка зразумець, чаго больш было ў яе воклічы: здзіўлення, захаплення, інтэлігенцкай грэблівасці ці страху? Я спалохаўся, што цяпер гэтае аранжарэйнае дзіця будзе баяцца мяне. Страшна стане ёй заставацца адзін на адзін з чалавекам, які можа вось так проста задушыць другога.
        «Я выканаў прыгавор народа. Гэтаму гаду даўно быў вынесены прысуд. У мяне не было другой зброі...»
        Гэта было як апраўданне, і самому мне стала непрыемна. Чаму я апраўдваюся? Не, яна зразумела. Уздыхнула цяжка і сказала:
        «Я хачу ненавідзець іх, як вы. Хачу і не магу. Грот добры чалавек. Культурны, ветлівы».
        Яна меркавала аб фашыстах па адным нямецкім лекары.
        «Для таго каб ненавідзець іх так, трэба ўбачыць тое, што бачыў я!» – і горача пачаў расказваць ёй пра расстрэл ваеннапалонных у кар’ерах цагельнага завода, пра катаванні нашых людзей у сутарэннях гестапа, пра жудасці жыдоўскага гета, пра зверскае забойства дзевяцігадовага хлопчыка, майго суседа, віна якога заключалася ў тым, што, гуляючы на вуліцы, ён напісаў на снезе слова «Гітлер»... І пра барацьбу, якую вялі армія, народ, партызаны. Пра падполле ў горадзе. Пра Паўла. Як крычаў ён да людзей апошнія словы перад карай. Не, яна жыла не так ужо ізалявана. Многія факты даходзілі да яе. Але паводзіны бацькі, якога яна любіла і з маленства верыла кожнаму слову яго і ўчынку... А потым гэты Грот. Ён хітра капаў на дзявочы розум. Быццам асуджаў жорсткасці ўлад. Але тут жа апраўдваў іх тым, што нібыта з нашага боку вайна вядзецца антыгуманна, у парушэнне ўсіх канвенцый. Факты фанатычнага забойства нямецкіх салдат і чыноўнікаў вымушаюць улады да такой жорсткасці. Вайна ёсць вайна. А вось каб наш народ скарыўся, яны, немцы, рабілі б толькі адно: неслі б сваю высокую культуру. Ён многа і часта казаў ёй пра вялікую культурную місію нямецкай нацыі.
        Паслухаўшы Зосю, я зразумеў, што не такі ўжо ён бяскрыўдны, хірург Грот. Шмат у чым ён страшнейшы за тых, што страляюць і вешаюць. Розніца хіба ў тым, што ён проста разумнейшы за іх. Юная чыстая душа рвалася да змагання, а яе хітра скоўвалі ланцугамі хлуслівых слоў і перакананняў. Ператваралі ў чысценькую культурную кухарку. Хацелі, каб у будучым яна ведала толькі тры «К»: кірхен, кюхе, кіндэр. Яны даручылі ёй усю гаспадарку, каб у яе не заставалася часу на што другое. У доме мог быць дзяншчык, работніца. Не, яна гаспадарыла адна. Грот і бацька памагалі ёй. Ну, Грота я разумеў. За год пабачыў усялякіх фашыстаў. Але Савіч... той Савіч, які ўсё жыццё смела змагаўся з эпідэміямі... Навошта яму завязваць вочы ўласнай дачцэ? Добра, што яна вось такая выйшла з савецкага жыцця, са школы. Без бунту, без шуму, аднак ірвала ўсе іх путы.
        «Якая была б падпольшчыца!» – падумаў я, калі яна між іншым расказала пра трусоў і фармалін.
        Мы з ёй гутарылі гадзіны дзве. Потым яна спахапілася: «Ой, трэба ж абед гатаваць!» Савіч і Грот з’яўляліся на абед роўна ў гадзіну дня. З нямецкай дакладнасцю.
        Пасля абеду мы гутарылі зноў. Шэптам, безумоўна. Яна нахілялася да мяне, і я адчуваў яе гарачае дыханне. І мне было хораша...
        На трэці дзень раніцай мяне наведаў сам гаспадар.
        – Савіч? – зноў перапытаў здзіўлены Шыковіч.
        – Савіч. Ён з’явіўся нечакана. І не праз люк. Відаць, яму цяжка было падымацца па крутой лесвіцы. А адтуль, з пакояў Грота. Я пачуў чужыя крокі і схапіўся за пісталет. Ён прадугледзеў гэта. Сказаў з-за вугла: «Не ўздумайце страляць. У мяне мірны намер». Я схаваў пісталет пад коўдру, але не выпускаў з рукі.
        Савіч наблізіўся. Сівы, ссутулены, стары. Зусім сівы. З белай-белай галавой. У часе акупацыі я стараўся не трапіць яму на вочы, каб ён не пазнаў свайго былога студэнта. Зрэдку бачыў здалёк. Як ён змяніўся! Куды дзеўся той стройны рухавы жыццярадасны мужчына, якога мы любілі ў тэхнікуме, нягледзячы на яго патрабавальнасць. «Навошта такому старому працаваць у немцаў, ды яшчэ ўзначальваць аддзел аховы здароўя? Чыё здароўе ён ахоўвае? Сваё ўласнае не мог захаваць», – саркастычна падумаў я.
        На гарышчы быў паўзмрок. Але Савіч адразу пазнаў мяне.
        «Антон Яраш?»
        Цудоўная памяць!
        «Чакай. Чакай. Высокі. Бландзін. Дык гэта ты – Лучынскага? – хваравіта гэтак зморшчыўся. – Непрыгожы акт».
        Мяне ўзарвала:.
        «А вешаць людзей на плошчы – прыгожы акт? А што варты нейкі халуй у параўнанні з тымі людзьмі?!»
        «Цішэй ты! Гром! – прашаптаў ён. – Не аднаго сябе ставіш пад удар. Не забывай».
        Я адразу прыкусіў язык.
        Ён сеў на матрац, памацаў сухой далоняй мой лоб.
        «Паранены? Зося бінты цягае».
        «Паранены», – прызнаўся я.
        «Пакажы».
        Разбінтаваў. Агледзеў рану.
        «Хто аперыраваў?»
        «Сам. З дапамогай Зосі».
        «Агідная дзяўчынка! Труса забіць не можа. Крыві баіцца. Ну што ж... Гангрэны няма. Праз тыдзень будзеш танцаваць. Калі-небудзь станеш добрым хірургам».
        У той міг я адчуў да яго сімпатыю. Не, чорт вазьмі, усё-такі гэта яшчэ той Савіч, якога я ведаў! І ў мяне мімаволі вырвалася:
        «Дзякую, Сцяпан Андрэевіч!»
        «Няма завошта мне дзякаваць, – незадаволена прабурчаў ён. – Зосі дзякуй». І, памаўчаўшы, сказаў сурова, выціснуўшы па адным слове: «Ты вось што... Ляжы... тут... Ціха ляжы... Але крый божа... кранеш... Зосю...»
        Я не адразу нават зразумеў, што значыцца «кранеш». А зразумеў – задыхнуўся ад абразы і абурэння:
        «Што ж, я, па-вашаму, фашыст?»
        Ён паляпаў мяне па шчацэ.
        «Ну, ну... Не крыўдуй. Я сам некалі малады быў».
        «Маладосць ад маладосці розніцца».
        Савіч стоена ўздыхнуў:
        «Але... Цяжкая ў вас маладосць. Ну, будзь здароў. І будзьце асцярожныя...»
        І пайшоў. Яшчэ больш, здавалася, згорбіўся. А праз колькі хвілін з’явілася Зося. Шчаслівая, але ў слязах. Кінулася ў парыве да мяне, абняла, пацалавала.
        «Віктар, даражэнькі, ты ведаеш... – Зноў на «ты», як у тую, першую, ноч. – Ты ведаеш... Ён нічога не сказаў. Прытуліў мяне да сябе... Пацалаваў. І заплакаў. Тата заплакаў. Божа мой! І толькі ўвесь час паўтараў: «Будзьце асцярожныя! Будзьце асцярожныя!»
        Яны не прыкмецілі, як развіднела. Быў канец чэрвеня, самая кароткая ноч. Прачыналіся птушкі, напаўнялі гоманам лес. А два чалавекі жылі ў мінулым, у іншай ночы, далёкай і страшнай. Толькі калі над дубамі са свістам праляцелі дзве качкі, гучна шлёпнуліся ў старыцу і кракнулі, Яраш, перапыніўшы расказ, падняў галаву. Здзівіўся:
        – Раніца? Ну вось, па сутнасці, усё, што мне хацелася расказаць табе. Пра ўсё іншае як-небудзь пасля.
        Шыковіч маўчаў – пераварваў тое, што пачуў. Гатовы сюжэт. Гатовыя вобразы. Але спачатку трэба выясніць, хто ж такі Савіч.
        Стомлены Яраш сядзеў на лавачцы і слухаў раніцу.
        Нарэшце Шыковіч адчуў, што яму холадна на зямлі. Самлелі нага і рука. Падняўся, пацягнуўся.
        – Ну, брат, даў ты харч майму склератычнаму мозгу. Але скажы шчыра, Антон, чаму ты расказаў усё гэта? Маўчаў, маўчаў і раптам – бух, адразу, у адну ноч... Сярод ночы...
        – Чаму я расказаў? – Яраш як бы задумаўся на хвіліну. – Учора я спаткаў Зосю.
        – Савіч?! – Кірыла пераскочыў вогнішча. – Дзе? Чакай. Ты ж казаў, што дачка Савіча загінула.
        – Так я думаў семнаццаць год.
        – Ну і ну! Дзе ты яе спаткаў?
        – У бальніцы.
        – Хворая? Чакай. Калі хавалі Савіча?
        – У маі сорак трэцяга.
        – З верасня да мая яна павінна была даведацца, хто ж яе бацька. Трэба распытаць яе.
        – Ніякіх роспытаў. Да аперацыі. Я буду аперыраваць яе. Набыты парок...
        – Сэрца? – Кірыла свіснуў. – А раптам зарэжаш?
        Яраш уздрыгнуў і адказаў жорстка, злосна:
        – Дурань! Я нікога не рэжу. Я лячу. – І, напэўна, адчуўшы, што сказаў груба, прапанаваў па-сяброўску цёпла: – Хадзем на луг. Сустрэнем сонца.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.