РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сэрца на далоні
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
39
40
17
        
17

        
        Артыкул называўся: «Хто ж такі доктар Савіч?» Ён пачынаўся цытатай з кнігі Гукана ў яго, Шыковіча, літаратурным запісе і з некаторых іншых дакументаў, афіцыйных і неафіцыйных. Гэтыя выказванні аўтар падмацаваў вытрымкамі з заявы самога Савіча на імя фельдкаменданта. Можа, гэтага даволі, каб нашчадкі праклялі і забылі імя гэтага чалавека?
        Але ёсць людзі, якія, нягледзячы ні на што, думаюць інакш пра Савіча.
        «Кандыдат медыцынскіх навук хірург Яраш, добра вядомы ў нашым горадзе...» Шыковіч коратка пераказваў, як пасля дзёрзка-смелага забойства начальніка паліцыі малады падпольшчык Яраш апынуўся ў доме доктара.
        «Могуць сказаць, што Савіч не выдаў падпольшчыка, баючыся за дачку. Не было б другіх фактаў – адзін гэты, безумоўна, не мог бы служыць доказам патрыятычнай дзейнасці доктара».
        Шыковіч пераказаў дакументы, якія знайшоў у архіве, – запіскі Варавы.
        Была ў артыкуле і запіска, якую паказаў Сербаноўскі... Але чэкіст чамусьці папрасіў пра яе пакуль што не ўспамінаць. Шыковіч не стаў спрачацца. З яго даволі было таго, што расказала Сухадол. Расказ яе займаў большую палову артыкула. Прыводзіў яго Шыковіч амаль цалкам, так, як запісаў на другі дзень свайго прабывання ў Загаллі. Там ён прачытаў гэты запіс Клаўдзі Сідараўне, выправіў па яе заўвагах.
        Вось тая частка артыкула.
        «...У той дзень, калі ўступілі немцы, у бальніцы заставаўся ён, Сцяпан Андрэевіч, ды я. Усе разбегліся. Нават хворыя паўцякалі, хто мог хадзіць. Але ў нас было чалавек дваццаць дызентэрыйных дзяцей. Доктар стараўся, каб эвакуіраваць іх. Ды каму хацелася браць у эшалон хворых з заразнай бальніцы?! Сцяпан Андрэевіч сказаў мне тады:
        «Застанемся, Клаўдзя Сідараўна, на сваім пасту. Толькі баязліўцы пакідаюць пост у цяжкі момант», – і прызначыў мяне старшай сястрой. З таго дня ўся бальнічная гаспадарка была на мне.
        Хутка самі немцы пачалі прывозіць нам хворых. Яны вельмі баяліся эпідэмій розных. Загады пісалі адзін за адным. Тады вярнуліся некаторыя з нашага персаналу. Лекараў, праўда, мала, больш сёстры ды санітаркі. Лекар адзін новы прыйшоў. Малады, худы, як жардзіна, у акулярах. Макейчык яго прозвішча было. Ды я адразу ўбачыла, што ў хваробах ён нічога не разумее і вельмі баіцца хворых, каб не заразіцца. Сказала я пра гэта Савічу, а ён мне ў адказ:
        «Не звяртайце ўвагі. Назначэнні яго сам буду правяраць. Вам раю: асцерагайцеся гэтага чалавека. Нічога не выказвайце пры ім».
        Тады я раскумекала, што да чаго і што гэта за гліста такая ў нас завялася.
        А неяк увосень ужо выклікае мяне Савіч і кажа:
        «Во, Сідараўна, штат ваш папаўняю. Бачыце, якія хлопцы!»
        Хлопцы добрыя. Двое. Адразу бачу – не абкружэнцы. Абкружэнцы былі ўжо ў нас. Скура ды косці. Каторых мы лячылі, каторых проста падкармлівалі. А гэтыя абодва ў целе. Толькі адзін, Лёша, бараду адпусціў. А ў другога, Вані, дык яна, мабыць, не расла яшчэ. Чаго гэта, думаю, такія хлопцы да нас у заразную пруцца? Дурні. Праўда, Лёша гэты як адкрыў рот, дык, можа, хвіліна прайшла, пакуль слова сказаў: заіка такі. Яго Сцяпан Андрэевіч прызначыў ездавым – дровы прывозіць, мёртвых адвозіць на могілкі. А Ваню – санітарам. Ён як дзяўчынка быў, маладзенькі, беленькі і ручкі белыя, да чорнай работы нязвыклыя. Шкада мне яго было. Дзіцятка горкае, што цябе прымусіла за заразнымі прыбіраць?
        А дзён праз колькі кліча мяне Сцяпан Андрэевіч, зачыняе дзверы ў сваім кабінеце і кажа шэптам:
        «Сідараўна, ёсць да вас просьба. Дайце, кажа, ключ ад вашай кладоўкі Ваню».
        Я не зразумела адразу, завялася:
        «Навошта яму ключ? Не дам я нікому ключа».
        Ён – галоўны лекар і мог загадаць мне, а ён просіць ласкава так:
        «Зразумейце, Сідараўна. Гэта вельмі патрэбна».
        Тады я і пытаюся ў яго:
        «Скажыце мне, Сцяпан Андрэевіч, хто гэтыя хлопцы?»
        «Я нічога ад вас не таю, Сідараўна, – адказаў ён. – Гэта разведчыкі савецкія. Ім трэба нешта перадаць па радыё нашым. Яны аблюбавалі вашу кладоўку».
        Кладоўка для бялізны была на гарышчы трэцяга корпуса, дзе размяшчаліся ізалятары.
        На другі дзень раніцой аддае мне ключы не Ваня, а Лёша і кажа ціхенька, але хуценька, ніколечкі не заікаючыся: «Дзякую, кажа, Клаўдзя Сідараўна. Утульная ў вас мясцінка там, зручная. Але мы вас будзем турбаваць не часта».
        Пасля я ведала, што яны перавозілі і пераносілі рацыю сваю ў розныя мясціны. Каб не засеклі іх.
        Сцяпан Андрэевіч у той час пайшоў служыць ва ўправу. Нашы, хто не ведаў яго добра, лаяліся: да немцаў падлізваецца. Некаторыя нават кінулі працу. Бо ён заставаўся галоўным лекарам. Але цяпер ён не сядзеў увесь час у бальніцы. Прыязджаў пасля абеду, рэдка зранку, на кансультацыю, на абход. Бальніцай загадвала яго намесніца Вакулава, Раіса Сяргееўна. Яна і да вайны ў нас працавала, у дзіцячым аддзяленні. Не старая яшчэ была, ды ў першыя дні вайны яе сына забіла бомбай, шаснаццаць гадоў хлопчыку было. Можа, ад гора такога яна ўся пасівела. Белая-белая была. І маўклівая. Рэдка слова ад яе пачуеш.
        Раісу Сяргееўну гестапа схапіла ў тую ноч, калі забілі Савіча. Тады шмат каго з нашых арыштавалі. Аптэкарку Надзю (прозвішча не помню ўжо), Васю Адзінца, шафёра санітарнай машыны; Сцяпан Андрэевіч, калі пайшоў ва ўправу, машыну гэтую раздабыў для бальніцы. Грузавічок з будкай. Здымалі будку, вазілі дровы з лесу, бо са склада немцы не давалі. Добра ведаю, што і ў лес машына пустая не хадзіла: часам ехала па дровы пяць чалавек, а назад вярталася двое. Хто ўцякаў з лагера – прытулак у нашай бальніцы меў. Ачуняе, падкорміцца чалавек – і ў лес. Я такім вопратку знаходзіла, купляла, выменьвала. Мяне аднойчы сама Раіса Сяргееўна папрасіла купіць дзесяць ватовак, грошы дала. Але яна – не як Сцяпан Андрэевіч – не з адкрытай душой. Яна быццам і не давярала мне, асцерагалася. Мне гэта, прызнаюся, крыўдна было. Сцяпан Андрэевіч вунь каго мне даверыў – разведчыкаў! Ды і не толькі разведчыкаў! Аднойчы Вася прывёз у машыне «хворага» – лысага чалавека з вясёлымі вачамі. Прывёз тады, калі Савіч у бальніцы быў. З машыны яго ссаджвалі, пад ручкі вялі, як напраўдашняга хворага. А паклікаў мяне Сцяпан Андрэевіч да сябе, гляджу: «хворы» гэты ходзіць па кабінеце, гладзіць лысіну і весела смяецца, падміргвае. Доктар таксама ўсміхаецца:
        «Трэба, кажа, Клаўдзя Сідараўна, гэтага хлопчыка памясціць у бокс у дзіцячае аддзяленне».
        А той смяецца:
        «Вы мяне коклюшам не заразіце, а то буду кашлем птушак у лесе палохаць».
        «Дайце, – кажа мне Сцяпан Андрэевіч, – на сённяшні вечар якое-небудзь заданне вартаўніку. А на прахадную пастаўце Лёшу. Няхай падзяжурыць. Гэтак жа зрабіце з сястрой. Выдумайце якую-небудзь прычыну. А самі падзяжурце за яе».
        Я ўсё зрабіла як трэба. У той вечар яны доўга раіліся ў працэдурнай. Лысы, Сцяпан Андрэевіч, Раіса Сяргееўна, Вася Адзінец і яшчэ тры ці чатыры незнаёмыя мужчыны, якіх прапусціў Лёша».
        Я хачу перапыніць расказ Клаўдзі Сідараўны, каб паведаміць чытачам, што Пракоп Варава, камандзір, пасля камісар атрада імя Чапаева, запіскі якога я знайшоў у архіве, быў лысы і вясёлы чалавек, як расказваюць тыя, хто яго ведаў асабіста. Гэта дае мне падставы меркаваць, што на нараду з падпольшчыкамі прыходзіў не хто іншы, як Варава.
        Памер газетнага артыкула не дае магчымасці прывесці расказ К. С. Сухадол цалкам дэталёва. Яна расказала, што недзе ў пачатку сорак другога года загінулі Лёша і Ваня. Прозвішча аднаго з іх было Калуноў, але каторага – жанчына, на жаль, не помніць, ды наўрад ці было гэта сапраўднае прозвішча. Іх схапілі на могілках, яны вялі перадачу з капліцы. Напэўна, гэта пра іх пісаў у сваёй запісцы Варава.
        Клаўдзю Сідараўну ў той жа дзень папярэдзіў Савіч, каб у выпадку арышту і допытаў яна нічога не гаварыла. Папрасіліся хлопцы на работу – узялі іх, больш нічога не ведаем, што яны рабілі, чым займаліся. Яе не арыштавалі. Але праз два дні ў бальніцы быў вобыск. Гестапаўцы перавярнулі ўсё дагары дном. Нічога не знайшлі. Але ў часе ператрусу лекар Макейчык, той самы, якога лічылі за фашысцкага агента, замест спірту (да спірту ён часта прыкладваўся) выпіў шклянку кіслаты. Знарок ці выпадкова – невядома. Пасля гэтага, як расказвае Сухадол, ёй доўга не давалі ніякіх даручэнняў. Увогуле ёй здавалася, што і Савіч і Вакулава прыціхлі, нават палонных больш не перапраўлялі за горад. Толькі Вася колькі разоў браў у яе прасціны і марлю. Пасля яна зноў пачала выконваць розныя, як сціпла кажа гэтая жанчына, дробныя даручэнні: узяць да сябе дзяўчыну і выдаць за пляменніцу, да некага схадзіць, нешта схаваць, нешта перадаць і г.д.
        Пасля забойства доктара яе не арыштавалі разам з другімі, але тры разы выклікалі ў СД і хітра распытвалі пра ўсіх, больш пра Вакулаву і Васю, менш пра Савіча.
        Дзіўны лёс гэтай жанчыны пасля вайны. У наш час, пасля дваццатага з’езда, пра гэта нельга не сказаць. Пасля вызвалення горада яна зайшла ў адну ўстанову «да высокага начальніка» і шчыра расказала яму ўсё, што ведала пра падпольную дзейнасць Савіча і Вакулавай. Яе ўважліва выслухалі. А праз некалькі дзён яна была зволена з бальніцы «за супрацоўніцтва з фашыстамі». Цяпер жыве ў далёкай вёсцы без пенсіі, нават без сядзібы. Жыве за тое, што збірае травы і лечыць хворых. За гэта мясцовыя медыкі абвясцілі яе знахаркай.
        Прыглядзіцеся, таварышы, хто жыве з вамі побач, узнайце чалавека, яго справы, яго біяграфію. Колькі на зямлі нашай безыменных герояў, сціплых і простых! Мы і дзеці нашы павінны ведаць іх імёны!
        Не ўсё яшчэ нам ясна і зразумела ў гісторыі доктара Савіча. Невядома, хто яго забіў. Невядома, навошта акупантам і нацыяналістам спатрэбілася камедыя з пахаваннем доктара. Але тыя факты, дакументы і расказы, якія маюцца, даюць мне права сцвярджаць: у інфекцыйнай бальніцы актыўна дзейнічала падпольная група, пра якую пакуль што нідзе не ўпамінаецца ў нашых афіцыйных дакументах. Кіраваў гэтай групай доктар Савіч, які меў сувязь з камандзірам партызанскага атрада імя Чапаева Пракопам Ігнатавічам Варавам.
        Я спадзяюся, што на артыкул гэты адгукнуцца людзі, якія здолеюць дапоўніць факты і выясніць тое, што няясна ў дзейнасці Савіча і другіх савецкіх патрыётаў, жывых і мёртвых, гераічныя справы якіх будуць натхняць многія пакаленні.
        К.Шыковіч».
        Артыкул спачатку выклікаў буру. Спачатку – у рэдакцыі. Першы ўзвіўся Рагойша.
        – Гэта ж прыём жоўтай прэсы! – крычаў ён. – Шыковічу захацелася набыць танную папулярнасць. Паласкатаць нервы абывацеля. Як сябра рэдкалегіі, я катэгарычна супраць надрукавання.
        Чуткім нюхам сваім Рагойша адразу адчуў, у кім шукаць надзейнага і аўтарытэтнага саюзніка. Гукан, напэўна, выкажацца супраць, а ён – першы аўтарытэт у горадзе па партызанскай гісторыі. Экземпляр артыкула тут жа апынуўся на стале ў старшыні гарвыканкома.
        Сямён Парфёнавіч чытаў, зачыніўшы дзверы, каб ніхто не перашкодзіў.
        Назву ён злосна падкрэсліў тоўстым карычневым алоўкам і паставіў напроціў на полі тоўсты клічнік, як бы сцвярджаючы гэтым, што для яго няма пытання ў тым, хто такі доктар Савіч.
        На цытаце са сваёй кнігі ён зламаў аловак і шыбануў яго ў кошык. Другі не ўзяў. Чытаў так, раптам сцішаны, засяроджаны, уважлівы. На твары яго не адбіваліся больш ні гнеў, ні раздражненне. Толькі неяк дзіўна ўсё больш і больш аплывалі худыя шчокі і адвісала ніжняя губа, нібы імкнулася дацягнуцца да паперы.
        Скончыўшы чытаць, ён згарнуў лісты, паклаў у рэдакцыйны канверт, пераламаў канверт, сунуў у глыбокую кішэню галіфэ і, шырока сігаючы, выйшаў з будынка гарсавета.
        Гэтак жа шырока крочыў ён па кабінеце сакратара гаркома, пакуль Тарасаў канчаў размову з загадчыкам аддзела. Тарасаў употай назіраў за ім і здзіўляўся: даўно ўжо ён не бачыў спакойнага Гукана такім устрывожаным.
        Не зачыніліся яшчэ дзверы за работнікам – і Сямён Парфёнавіч нецярпліва і непаважліва кінуў канверт на стол:
        – Чытаў?
        – Што гэта? – Тарасаў выцягнуў з канверта артыкул, глянуў, падумаў: «Ах, вось што цябе...» І чамусьці зманіў: – Не, не чытаў.
        А на самай справе чытаў. Рэдактар яшчэ ўчора прыслаў артыкул у гарком.
        – Пачытай. Хоць няма чаго чытаць. Дурная фантазія безадказнага пісакі. Знайшоў, ведаеш, нейкую бабу, знахарку, і на яе блытаным расказе хоча перагледзець гісторыю ўсяго падполля...
        – Няўжо ўсяго? – як бы здзівіўся Тарасаў, праглядаючы бегла артыкул.
        – Хоча абяліць таго, хто сам сябе счарніў. Адкрывацель знайшоўся! Але ж не ў гэтым сутнасць... Гісторыя ёсць гісторыя. Шыковіч яе не рабіў. Не Шыковічу яе і перарабляць. Тут небяспечная сама тэндэнцыя. Я табе папрок кіну, Сяргей Сяргеевіч. Патураеш ты яму. А ён з тых, хто лічыць, што калі партыя развянчала культ Сталіна, значыцца, трэба ўсё перавярнуць дагары нагамі...
        – Тэндэнцыя, безумоўна, шкодная, – спакойна згадзіўся Тарасаў, праглядаючы апошнюю старонку артыкула, а потым узняў галаву, глянуў на Гукана і сказаў: – Але я не бачу лагічнай сувязі. Пры чым тут гэтая тэндэнцыя да таго, што Шыковіч хоча даказаць ды амаль даказвае, што ў бальніцы была падпольная група. Ты цвёрда ведаеш, што яе там не было?
        Гукан шумна сеў з боку стала, ляпнуў сябе далоняй па грудзях.
        – Ды не ў гэтым справа, Сяргей Сяргеевіч! Тут галоўнае – метад. Пры такім метадзе пошукаў любы фашысцкі паслугач можа цяпер аб’явіць сябе падпольным дзеячам...
        – А хто тут аб’яўляе? – паклаў на артыкул рукі Тарасаў.
        – Ды хаця б баба гэтая...
        – Сухадол? – голас сакратара гаркома раптам стаў жорсткі. – Дзе ж яна служыла? У заразнай бальніцы?! – І рэзка падняўся. Але, мабыць, спалохаўшыся, што можа сарвацца, дастаў папяросу, запаліў і сказаў прымірэнча: – Не гарачыся, Сямён Парфёнавіч. А то як бы нам не вярнуцца да старой тэндэнцыі, якая таксама нямала шкоды нарабіла.
        Гукан зразумеў, што Тарасаў знаёміўся з артыкулам раней. Не мог ён, так бегла прагледзеўшы, запомніць прозвішчы і абставіны.
        «Ясна, Шыковіч узгадняў з ім. Цяпер, безумоўна, Тарасаў будзе падтрымліваць яго. З ім не дамовішся. Трэба ісці ў абком».
        – Ты пачытай уважліва. Як ён будуе артыкул. Робіць надзьмутую позу аб’ектыўнага шукальніка. А па сутнасці, рэвізуе рашэнні гаркома аб падполлі.
        – Сур’ёзна? – зноў як бы здзівіўся Тарасаў. – Ну, гэта мы паправім.
        «Паправім? Няўжо ён збіраецца друкаваць?»
        – Ты што, лічыш, што гэтую муру можна друкаваць?
        Тарасаў зноў сеў, падсунуўшы крэсла бліжэй да Гукана, каб не было так афіцыйна, убок выпусціў дым і, пранікліва зазіраючы ў глыбокія чорныя вочы Гукана, спытаў па-сяброўску інтымна, каб выклікаць на шчырасць:
        – А што цябе, Сямён Парфёнавіч, так усхвалявала? Жаданне Шыковіча рэабілітаваць Савіча? А калі ён сапраўды патрыёт?!
        – Сяргей Сяргеевіч, ты далёкі ад нашых партызанскіх спраў. Ты быў на фронце. А я ў самай гушчы варыўся. Ты не ўяўляеш умоў, у якіх мы вялі барацьбу. Акупанты, правакатары, здраднікі. Нарэшце, такія зайцы, якія баяліся вушамі паварушыць. А цяпер хочуць выдаць сябе за герояў. Ну, у атрадах, там ясна, на віду ўсё: хто герой, хто баязлівец. А вось тут, у горадзе... Я семнаццаць год разбіраюся з гэтымі справамі...
        «Нічога ты не разбіраешся. Напісаў за цябе ІІІыковіч кнігу, і ты цяпер выдаеш яе за непагрэшную ісціну», – падумаў Тарасаў з абурэннем. А сказаў з усмешкай:
        – Памруць гісторыкі, Сямён Парфёнавіч, калі ты захопіш манаполію на ўсе даследаванні.
        Гукан зразумеў іронію сакратара, і яна моцна апякла яго. Ён ажно адхіснуўся. Але зрабіў выгляд, што адваліўся на спінку крэсла, прыгладзіў рэдкія валасы, адпарыраваў амаль весела:
        – Ну, з Шыковіча гісторык, як з мяне... паэт.
        Тарасаў патушыў у попельніцы папяросу і адсунуўся разам з крэслам да стала. Быццам абодва работнікі захацелі разгледзець адзін аднаго з пэўнай адлегласці.
        – А гэта дрэнна, што мы з табой не паэты. На нашых пасадах нам трэба быць паэтамі. Неабавязкова, канешне, рыфмаваць. Рыфмачоў без нас даволі. А вось мысліць паэтычна, шырока і вобразна... – Сакратару самому падабалася гэтая нечаканая думка, і ён падняўся да акна з намерам трохі пафіласофстваваць. Але Гукан зірнуў на гадзіннік і таксама падняўся:
        – У мяне сустрэча з архітэктарамі. Не хочаш папрысутнічаць? Архітэктура блізкая да паэзіі.
        – Не, дзякую. Ты ж казаў, вы самі не разабраліся яшчэ. Не буду перашкаджаць вам спакойна разбірацца.
        – Дык што з гэтым? – зняважліва кіўнуў Гукан на стол, дзе ляжаў артыкул.
        – Пачытаем. Падумаем. Памяркуем.
        – Жывіцкаму пазвані, а то, чаго добрага, пад націскам напорыстага аўтара...
        – Не бойся. Без нашай з табой згоды не дадуць.
        Застаўшыся адзін, Тарасаў доўга, задумліва паліў каля адчыненага акна, разглядаючы вуліцу, машыны, прахожых. Потым дастаў з сейфа нейкі дакумент, пачаў чытаць яго не сядаючы. Зайшла работніца гаркома высветліць нейкае пытанне – ён схаваў дакумент у шуфляду стала. Пагутарыў з ёй, падпісаў паперы. Выйшла – павольна дачытаў гэтыя нейкія паўтары старонкі на машынцы, прагледзеў дакумент яшчэ раз, схаваў яго ў сейф і зноў паліў каля акна.
        Сказаў сам сабе сярдзіта:
        – Этыка!.. Даволі такой этыкі! Эх, Сяргей, Сяргей, страхуешся. Пасаромейся! Не бойся шышак.
        Рашуча падышоў да століка з тэлефонамі, набраў нумар.
        – Жывіцкі? Прывет. Што гэта ты марынуеш справаздачу аб злёце ўдарнікаў камуністычнай працы? Заўтра? Ох, аператыўнасць у вас! Шыковіч у рэдакцыі? Папрасі яго зайсці да мяне.
        Спытаў адразу ж, як толькі прывіталіся:
        – Што будзем рабіць, Кірыла Васільевіч?
        – Трэба друкаваць, – пераканана адказаў Шыковіч. – Я ўпэўнены, адгукнуцца дзесяткі людзей, якія дагэтуль маўчалі. Не разумею, Сяргей Сяргеевіч, чаго мы баімся.
        – Мы нічога не баімся. Але, можа, варта яшчэ пашукаць?
        – Такая публікацыя – даволі распаўсюджаны і плённы метад пошукаў.
        Тарасаў на хвіліну як бы задумаўся. Потым энергічна падышоў да сейфа, адчыніў яго, дастаў той дакумент, які паўгадзіны назад перачытваў.
        – Хачу паказаць табе яшчэ адзін дакумент. Гэта з той папкі, з якой ты знаёміўся ў Вагіна. Але тады я параіў гэта выняць.
        Кірыла амаль з хваляваннем узяў працягнутыя стандартныя лісты, сашчэпленыя, і адразу чамусьці глянуў на другую старонку, на подпіс. Дакумент быў копія, і подпіс, як і ўсё іншае, надрукаваны на машынцы: «С.Гукан, былы камісар партызанскай брыгады імя Чапаева, сакратар Чыгуначнага райкома партыі». Дата: 16/Х 1945 г.
        Гэта была заява ў органы дзяржаўнай бяспекі. Яна пачыналася словамі:
        «Мне стала вядома, што ў горад з Германіі, дзе яна прабыла каля двух год, вярнулася дачка ворага народа і здрадніка, фашысцкага прыслужніка доктара Савіча С.А. – Савіч Соф’я Сцяпанаўна».
        Прачытаў гэта Кірыла і адчуў, як кроў балюча ўдарыла ў скроні і ў цемя. Перасохла ў горле. Ён каўтнуў паветра.
        Тарасаў як бы ўглыбіўся ў газету, але ўпотай сачыў за выразам твару Шыковіча.
        У заяве характарызаваўся Савіч. Ён не толькі служыў у нямецкай управе, ён яшчэ, выходзіць, правакатар. Меў сувязь з некаторымі падпольшчыкамі. З адным з партызанскіх атрадаў, з якім – не гаварылася. Але ў выніку яго «падпольнай дзейнасці» адзін за адным правальваліся і гінулі нашы людзі, зрываліся адказныя аперацыі. Падпольная арганізацыя вынесла здрадніку і правакатару Савічу смяротны прысуд.
        Далей Гукан пісаў, што дачка жыла з бацькам, вяла яго добрую гаспадарку і «мела цесныя адносіны» з гітлераўскімі афіцэрамі, якія ўвесь час кватаравалі ў «гасцінным доме Савіча».
        – Подласць! – злосна кінуў Кірыла, скончыўшы чытаць.
        – Не абурайся. – Тарасаў падсунуў яму пачак з папяросамі. – Быў час усеагульнай звышпільнасці.
        – Але ж можна было даведацца, з якім «камфортам» яны вывезлі яе ў Германію і дзе трымалі там.
        – Гэта, бадай, можна было, але, відаць, не хапала часу. Мнагавата было такіх спраў.
        Шыковіч прыпаліў і прагна зацягнуўся дымам.
        – Дзякую, Сяргей Сяргеевіч. Для мяне ў гэтым дакуменце больш важна другое. Чаму Гукан нічога не сказаў пра тое, што Савіч быў звязан з падпольшчыкамі? З кім канкрэтна? І з атрадам... З якім? Не сказаў ні тады, калі мы пісалі кнігу, ні цяпер, калі я хадзіў да яго з запіскамі Варавы. Чаму?
        – Вось і паспрабуй высветліць чаму. У псіхалагічным плане, – ледзь прыкметна ўсміхнуўся сакратар гаркома.
        – Можна сказаць яму пра гэта? – спытаў Кірыла, працягваючы заяву Гукана.
        – Лепш не адразу. Такі лабавы ход наўрад ці дапаможа знайсці ісціну.
        – Прыйдзецца чакаць, пакуль Яраш дазволіць пагаварыць з Савіч. Можа, яна што праясніць.
        Яраш шырока замахнуўся. Застракатала катушка. Блешня, зіхатнуўшы на сонцы, плёснула на сярэдзіну ракі. Яраш даў блешні патануць, і плынь аднесла яе і леску яшчэ далей. Нарэшце ён пачаў круціць катушку павольна-павольна. Катушка ледзь чутна папісквала.
        Кірыла стаяў крокаў за пяць. Мачаў з абрыву блешню свайго спінінга ў мелкую ваду, з цікавасцю сачыў, як чырвона-срэбная пялёстачка то лажыцца на жоўты пясок, то выскаквае на паверхню.
        «Зараз зачэпіць», – думаў ён пра сябра, пазіраючы, як той павольна круціць – блешня паўзе па дне. Чамусьці хацелася, каб Яраш зачапіўся і адарваў усю леску. Яму абрыдла гэтае бясконцае кіданне.
        Сонца з-за ракі біла ў вочы. Лёгкі вецярок шастаў лазнякі. Хацелася сесці ў цяні пад стогам і пагутарыць.
        Блешня Ярашава, не зачапіўшы нават ніводнай водарасці, зайграла на мелі.
        «Чорт!» – вылаяўся пра сябе Шыковіч.
        Яраш зноў гэтак жа прыгожа размахнуўся, далёка закінуў блешню і зноў моўчкі вёў з той жа задумлівай павольнасцю. Кірыла больш не вытрымаў:
        – Чаму ты маўчыш?
        – Я думаю, – адказаў, не павярнуўшыся нават, Антон Кузьміч. – Я, здаецца, пачынаю разумець сэнс таго, што ты робіш. Пасля твайго расказу...
        – Дзякуй Богу. Нарэшце дайшло да тваіх заспіртованых мазгоў. Ты павінен заўтра ж дазволіць мне пагаварыць з Зосяй!
        – Не! – пагнаў Яраш блешню шпарчэй. – Не! Ты – як азартны ігрок. Табе абы хутчэй выйграць. А ў мяне – жыццё чалавека. Я ніколі не іграю жыццём.
        Кірыла размахнуўся і што ёсць сілы не кінуў, а пляснуў блешню ў ваду.
        – Ты халодны, што той шчупак! – кіўнуў ён назад, дзе ў траве сутаргава раздзьмухваў жабры, задыхаючыся ад паветра, светлы рачны шчупак, злоўлены, як ні дзіўна, Шыковічам. Нечаканая ўдача сябра распаліла рыбацкі азарт Яраша, а таму ён і не пераставаў кідаць.
        – Не хваліся ты сваім шчупаком. Дрэнь шчупачок. А галоўнае – усё адно дома не павераць, калі я не пацверджу.
        – Пайшоў ты... Эскулап! Канавал!
        – Мыло, ошэнь мыло, – бяскрыўдна бубніў Яраш, зноў закінуўшы блешню. – А ты ведаеш, што канавал вельмі тонкая прафесія?
        – Антон, ты мяне сваім дурацкім спакоем давядзеш, што я нап’юся сёння.
        – Выпі ракі.
        – А-а, чорт! Дулю ж ты ў мяне з’ясі, а не юшку. – І, шыбануўшы ў траву спінінг, Кірыла з ваяўнічым намерам рушыў да шчупака.
        Тады і Яраш кінуўся яму наперарэз, схапіў за рукі.
        – Э-э! Што ты дурны – я ведаю. Але выкінуць такога шчупака!
        Шыковіч хацеў падставіць яму ножку. Але Антон Кузьміч лёгка падняў мяккі пяціпудовік, панёс да абрыву.
        – Астуджу я тваю гарачую галаву.
        – Чакай. Вунь на тым беразе людзі. Знарок патану – цябе пасадзяць.
        Яраш адпусціў сябра. Яны селі на мяккую атаву, звесіўшы ногі з абрыву. І так, ужо сур’ёзна размаўляючы, прасядзелі, пакуль з неба не палілося ў раку расплаўленае золата захаду.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.