РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сэрца на далоні
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
39
40
12
        
12

        
        У прыёмнай было нямнога народу, значна менш, чым звычайна, калі ідзе бюро. Чалавек сем панурых мужчын. Двое – знаёмыя Шыковіча: загадчык кафедры ў педінстытуце Левановіч і галоўны архітэктар горада Гамбіцкі.
        Кірыла прывітаўся з імі і з Ларысай Пятроўнай, сакратаркай. Гамбіцкі як сарваўся з крэсла, каб падаць руку, так і пакаціўся ад акна да дзвярэй, ад дзвярэй да акна. Ён сапраўды нагадваў шар, адглянцаваны, бліскучы, галава голая, як бубен, пінжак на пузе выцерты аб чарцёжную дошку і такія ж выцертыя штаны.
        Кірыла пацікавіўся, чаго выклікаюць.
        Ларыса Пятроўна, сярэдніх год жанчына, стары работнік, абвяла ў надрукаваным на машынцы парадку дня яго пытанне чырвоным алоўкам.
        – «Аб выхаванні дзяцей», – прачытаў ён уголас і не адразу зразумеў.
        – За сыноў будуць пясочыць, – растлумачыў з кутка пануры Левановіч, доўгі, сутулы, з суровым тварам аскета, і цяжка ўздыхнуў: – Эх, сыны, чортавы сыны!
        – Ясна, – па-сяброўску ўсміхнуўся сакратарцы Шыковіч. Гэта яго не ўстрывожыла, за Славіка ён цяпер спакойны.
        Да яго падкаціўся Гамбіцкі, выхапіў з кішэні вялікую хустку, абмахнуў ёю твар.
        – Дык у вас хоць сыны. А ў мяне – дачка... Дачка! – прашыпеў з гневам, з абурэннем, спалохам і пакаціўся да дзвярэй.
        Было душна. Кірыла скінуў пінжак, павесіў на крэсла. Гамбіцкі паглядзеў на яго спачатку са здзіўленнем, потым – з удзячнасцю. І тут жа сцягнуў з плеч свой цесны пінжачок, які трашчаў па ўсіх швах. І ажно павесялеў, няшчасны. Дагэтуль, мабыць, лічыў, што здымаць пінжак у гаркоме няёмка. Падкаціўся да століка ў куце, націснуў клапан пустога сіфона, уздыхнуў, напіўся з графіна – і зноў да Шыковіча:
        – Растлумачце, чаго ім не хапае? Чаму яны растуць такія, нашы дзеці?
        – Дзеці як дзеці. – Кірылу чамусьці зусім не хацелася разважаць на гэтую тэму. Раптам зноў прыгадалася аперацыя.
        Загнаўшы машыну ў двор рэдакцыі, ён ішоў сюды цераз парк, пастаяў над абрывам каля ракі, углядаючыся ў засмужаную лугавую даль. Гэта хораша супакоіла, ён пачаў думаць пра свой «хірургічны» эксперымент з гумарам.
        Аперацыя працягвалася, калі ён пайшоў з бальніцы, – значыцца, усё ў парадку.
        А тут – зноў перад вачамі сэрца. І трывога... Не, больш чым трывога. Амаль страх за жыццё жанчыны, якую ён упершыню ўбачыў на аперацыйным стале, але якая здавалася цяпер вельмі блізкай і роднай, як сястра, як жонка, як дачка... Дзіўна.
        Ён спытаў у сакратаркі:
        – Ларыса Пятроўна, вы сэрца бачылі?
        – Чыё? – усміхнулася яна, відаць, думаючы, што ён спытаў з алегарычным сэнсам.
        – Чалавечае.
        – Бачыла. У анатамічным музеі. Наглядзелася – тыдзень не магла есці.
        Кірыла паморшчыўся; жаданне расказаць пра аперацыю адразу знікла. Ён зноў застаўся сярод людзей у адзіноце са сваім незвычайным, да болю вострым уяўленнем, прыгожым і страшным.
        Пазваніў у бальніцу. Дазваніцца туды было нялёгка: то ніхто не адказваў, то занята. Нарэшце адазваліся.
        – Скажыце, калі ласка, аперацыя скончылася? – спытаў ён далікатна, ветліва.
        – Якая?
        – Якую рабіў Яраш.
        – Так.
        – Як «так»? Што?
        – Нармальна.
        Сястра (ці лекар) адказвала голасам манахіні – халодным, бясстрасным. Шыковіча гэта ўзлавала.
        – «Нармальна»! Чорт бы вас!.. Калі вы навучыцеся адказваць па-чалавечы? Фармалісты ў белых халатах! Паклічце Яраша!
        Голас адразу змяніўся, зазвінеў ручайком: відаць, там, у бальніцы, падумалі, што гаворыць нехта з высокага начальства.
        – Антон Кузьміч не можа падысці. Ён у палаце. Каля хворай. Пасля такой аперацыі, зразумейце... Што перадаць доктару Ярашу?
        – Вось так заўсёды гаварыце з кожным, хто вам пазвоніць.
        Шыковіч паклаў слухаўку.
        – Хто-небудзь з вашых блізкіх? – спытала паўшэптам Ларыса Пятроўна.
        Ён кіўнуў: але!
        – Цяжкая аперацыя?
        – На сэрцы. Набыты парок.
        Яна ўстрапянулася, паглядзела на яго спачувальна. І ўсе, хто пачуў, таксама зацікавіліся.
        – Я магу сказаць Сяргею Сяргеевічу, што ў вас такі дзень. Сказаць?
        – Не, не трэба.
        – Вас будуць крытыкаваць.
        – Мяне заўсёды крытыкуюць. Такая ў мяне прафесія.
        Бясшумна адчыніліся абабітыя дэрмацінам дзверы ў кабінет першага сакратара. Групай вывалілі работнікі тэлестудыі: галоўны рэжысёр, сакратар партбюро, загадчыкі рэдакцый, акторы тэатра. Відно было, што ім не церпіцца пагаварыць, паспрачацца, таму і спяшаліся хутчэй у калідор, на вуліцу. Толькі актор Павел Стэльмах затрымаўся, прывітаўся з Шыковічам за руку.
        – А ты чаму не быў? Ты ж таксама сябра мастацкага савета.
        – Хапае другіх клопатаў.
        – Далі нам за перадачы для моладзі, – паведаміў шэптам, азірнуўся на дзверы: – Тукала – дуб. Не слухаў мяне. Ну, будзь...
        Шыковіча крыху закранула, што яго не запрасілі на абмеркаванне работы тэлестудыі: ён з’яўляўся бадай самым актыўным сябрам савета.
        «Хто гэта пастараўся? Тукала? Ці гаркомаўскія «палітыкі»? Каб перад персанальнай справай патрымаць для строгасці ў прыёмнай?»
        Ён не вызначаўся залішняй самалюбівасцю, але яго заўсёды абурала, калі дзе пачыналася палітыканства – гульня ў важнасць і строгасць. А галоўнае, у яго ёсць што сказаць пра тэлеперадачы.
        Ларыса Пятроўна сутыкнулася ў дзвярах з Тукалам. Той далікатна ўступіў ёй дарогу ў кабінет. Убачыўшы Шыковіча, Тукала прыветліва, па-сяброўску ўсміхнуўся і накіраваўся да яго. Але Кірыла знарок адвярнуўся да акна.
        «Што, наківалі табе – лезеш цалавацца? Не, ты мяне папросіш яшчэ, кар’ерыст няшчасны».
        – Заходзьце, таварышы, – запрасіла Ларыса Пятроўна.
        Шыковіч рушыў першы, абмінуўшы разгубленага Тукалу.
        Павітаўся з сябрамі бюро. Усе – знаёмыя людзі, з якімі прыходзіцца сустракацца амаль штодня і якія нязменна праяўляюць цікавасць да яго працы шаблонным запытаннем: «Чым новенькім парадуеш нас?»
        Цяпер на яго «добры дзень» адказаў адзін Тарасаў. Гукан не адарваўся ад папер і не глянуў нават. Затое сакратар гаркома камсамола Васіль Грыбок тарашчыў крыху лупатыя бясколерныя вочы з бесцырымоннай нахабнай цікаўнасцю. Так глядзяць у судзе на злачынцу.
        Шыковіча перасмыкнула ад гэтага.
        «Што ты ўставіўся, як малады баран на новыя вароты?»
        Сакратар па прапагандзе Тужыкаў таксама разглядаў Шыковіча праз свае вялікія, у рагавой аправе акуляры, але зусім інакш, бяскрыўдна. На прывітанне ён адказаў кіўком галавы, сумна ўсміхнуўся і цяпер як бы хацеў нешта падказаць ці здагадацца загадзя, пра што ён, Шыковіч, будзе гаварыць. Яму было балюча, што большасць з тых, каго сёння будуць слухаць па такім незвычайным пытанні, – людзі ідэалагічнага фронту, яго памочнікі. Злосці на іх сакратар не меў. Былы дырэктар школы, ён, магчыма, лепей, чым хто другі, ведаў, якая гэта складаная рэч – выхаванне дзяцей.
        Дырэктара машынабудаўнічага завода Лукашэнку нават самыя нечаканыя персанальныя справы мала цікавілі, калі яны не мелі дачынення да выпуску станкоў.
        Лукашэнка быў сам канструктар і вынаходца і на ўсіх такіх пасяджэннях займаўся тым, што абдумваў дэталі новых канструкцый, занатоўваў у вялікую запісную кніжку разлікі і формулы. Ён адарваўся ад сваёй запісной толькі таму, што сярод вінаватых бацькоў быў інжынер яго завода. Дырэктар дакорліва паківаў яму галавой. Пакуль рассаджваліся, Гамбіцкі падышоў да Гукана і нешта шаптаў яму на вуха.
        Тарасаў пачакаў, пакуль яны скончаць шаптацца. Не дачакаўся. Сказаў:
        – Сядайце, таварыш Гамбіцкі. Архітэктурныя справы вырашыце пасля, – і абвёў позіркам сваіх светлых вачэй усіх – і сябраў бюро і «падсудных». – З каго пачнём, паважаныя бацькі?
        – Усё адно – з каго. Але я так мяркую, што пісьменніку нашаму належала больш, чым каму, задумацца над такімі пытаннямі, – сказаў Гукан, зноў-такі нават не глянуўшы ў бок Шыковіча.
        – Ну, што ж... Раскажыце, таварыш Шыковіч, як вы выхоўваеце сваіх дзяцей.
        Кірыла падняўся і... раптам адчуў, што не ведае, пра што гаварыць. Ён не вызначаўся красамоўствам увогуле. А ў такіх абставінах – тым больш. Яму варта было, пакуль сядзеў у прыёмнай, прадумаць сваё выступленне. Але яго мала закранула, што выклікаюць з-за сына. Хвалявала другое – аперацыя.
        І цяпер зноў, узіраючыся ў шырокі добры твар Тарасава, Кірыла бачыў... сэрца на далоні. На вялікай, умелай, чулай, ласкавай далоні Яраша. І захацелася яму расказаць пра ўсё гэта сябрам бюро – пра Яраша, Зосю, пра чалавечае сэрца, якое можна адрамантаваць... Але ён усведамляў, што цяпер на хаду не знайсці яму лагічнай сувязі, «трывалага мастка» паміж адным і другім і яго, безумоўна, не зразумеюць, падумаюць, чаго добрага, што ён знарок «расказвае казкі», «водзіць бюро за нос». З чаго ж пачаць?
        Ажно ўспацеў ад думак. Дастаў хусцінку і выцер лоб, шыю. Цяпер ужо ўсе, хто прысутнічаў, глядзелі на яго, адны – з цікаўнасцю, другія – са спачуваннем, трэція – з трывогай. Ён стрэўся позіркам з Гуканам, той, можа, адзін з усіх глядзеў амаль зларадна.
        «Чаму?»
        Успомніліся словы Гукана. З іх ён і пачаў упэўнена і смела:
        – Але, Сямён Парфёныч, я многа думаў пра гэта. Вельмі многа. Не толькі як бацька, але як сябра партыі, грамадзянін... Не здымаючы з сябе адказнасці за паводзіны майго сына, я хачу разабрацца... пранікнуць у сутнасць... з вашай дапамогай, таварышы: чаму сярод нашай увогуле здаровай, адданай партыі моладзі трапляюць вось такія...
        – Як ваш сын, – кінуў Грыбок.
        – Як мой сын. Хоць сын мой не самая небяспечная з’ява, як я разумею. Ёсць горшыя прыклады...
        – Гаварыце за сябе. Па сутнасці, – сказаў сакратар Чыгуначнага райкома Красоўскі, малады высокі брунет, апрануты ў асляпляльна белы, модна скроены часучовы касцюм. Шыковіч мала ведаў гэтага чалавека. Глянуўшы на яго, падумаў: «Сам ты ў студэнцкія гады, відаць, быў хват», – і адчуў непрыязнасць, адказаў раздражнёна:
        – Маё жаданне разабрацца – не па сутнасці хіба? Я не буду апраўдвацца, але хачу сказаць: у тым, што мой сын вырас, на жаль, не такім, якім бы хацелася і мне, і грамадству, – не толькі віна бацькоў... Думаецца, што ўсе разам мы робім у гэтай важнейшай справе сур’ёзныя промахі... Школа, камсамол...
        – Вы не ўмееце выхоўваць, а вінаваты камсамол! Здорава! – хмыкнуў няўрымслівы Грыбок.
        Шыковіч глыбока ўдыхнуў гарачае паветра, якое гнаў у адчыненыя вокны лёгкі скразняк, і – быццам захлынуўся ім.
        Тарасаў пастукаў алоўкам па стале, папярэдзіў:
        – Таварышы, не перашкаджайце. Дайце яму сказаць.
        Грыбок паслухмяна апусціў галаву. Але Шыковіча ўзлаваў наскок гэтага маладога пеўня. І ён не стрымаўся, каб не спытаць уедліва:
        – А вы лічыце, таварыш Грыбок, што гарком камсамола працуе ідэальна?
        Грыбок змаўчаў. Адказаў Гукан, паважна, ветліва:
        – Кірыла Васільевіч! Гарком мы будзем слухаць асобна. А цяпер слухаем вас. І ў нас во колькі яшчэ пытанняў. – Ён паляпаў далоняй па стосе папер, што ляжаў перад ім, і адштурхнуўся ад стала, выпрастаўся ў крэсле; найвышэйшы ростам, як бы ўзняўся над усімі і глядзеў паверх галоў.
        – Але, – пацвердзіў першы сакратар з нечаканай строгасцю. – Без доўгай прэамбулы, таварыш Шыковіч.
        – Добра, Сяргей Сяргеевіч. Як я выхоўваю сваіх дзяцей? Было б недарэчнасцю сказаць – абсалютна правільна, бо абсалютна правільнае выхаванне, у маім разуменні, само па сабе – абсалютнае глупства. Але я адно магу сказаць: у галоўным мы – я і жонка – ніколі не давалі дрэнных прыкладаў...
        – У чым – у галоўным? – спытаў Гукан.
        – У чым? Я быў дармаедам? Несумленным перад грамадствам, перад партыяй? Хітраваў? Браў хабары? Жыў не па сродках? Вы мяне ведаеце, Сяргей Сяргеевіч. І вы, Сямён Парфёнавіч. Усю вайну я быў на фронце. Пасля настаўнічаў. Жонка і зараз настаўнічае. Можа, хто-небудзь скажа, што праца журналіста лёгкая?
        – Чакайце, – перапыніў яго Тарасаў. – Чаму вы задаяце такія катэгарычныя пытанні? Ніхто не сумняваецца, што вы працуеце сумленна.
        – Дык у чым жа заключаецца выхаванне дзяцей? Адносіны ў сям’і? Я жыў і жыву з жонкай, далібог жа, душа ў душу. Абодва працуем. Паважаем працу адно аднаго. Скандалаў нашы дзеці не чулі. Калі спрачаемся, то па прынцыповых пытаннях. Між іншым, часцей за ўсё менавіта з-за гэтага самага выхавання. Яна педагог, і, думаю, нядрэнны. Але ў адносінах сваіх дзяцей робіць тую ж памылку, якую робяць многія маці ў інтэлігентных сем’ях. Асцерагаюць ад фізічнай працы. «Я сама зраблю». Год дзесяць ужо мы не трымаем нават хатняй работніцы. Прынцыпова. Усё робім самі. І я не сказаў бы, што сын мой Уладзіслаў – гультай і лежабока. Безумоўна, занятыя працай, нешта мы прагледзелі. Пасля дзесяцігодкі хлопец пачаў адбівацца ад рук. За яго ўчынкі, і ў прыватнасці за апошні ўчынак, я бяру віну на сябе. Вас не віню, таварыш Грыбок, хоць мог бы сказаць пра работу камсамольскай арганізацыі тэлестудыі. Няма там ніякай работы. Але пра гэта – пасля. А што датычыць майго сына, то думаю, што больш, таварышы, вы нічога благога пра яго не пачуеце. Хлопец нарэшце трапіў у добрыя рукі – у брыгаду Ганчарова.
        – На станкабудаўнічы? – здзівіўся Тарасаў і глянуў на Лукашэнку. Той нарэшце адарваўся ад сваіх формул.
        – Да нас? Цікава. – Аднак дырэктар зусім не выказваў гэтым «цікава» здзіўлення. Не. У яго быў свой погляд на моладзь: пасталеюць – паразумнеюць. Але затое ажно падскочыў уважлівы Грыбок.
        – Яшчэ як цікава! Проста з турмы, без перасадкі, – у брыгаду камуністычнай працы. Куды там глядзіць Клецень? Вы бачыце, Сяргей Сяргеевіч, што робіцца!
        Шыковіч адчуў, што спіну яго, павернутую да акна, абадзьмуў халодны вятрыска, непрыемны, калючы.
        «Няўжо яны супраць, каб Славік быў у брыгадзе?»
        Больш, чым пры любой другой акалічнасці дагэтуль, спалохаўся за сына. І разгубіўся. Як даказаць, што нельга выганяць хлопца з брыгады, куды ён пайшоў з радасцю. Што гэта не толькі жорстка і несправядліва... Зноў – каторы раз ужо! – уявілася жывое чалавечае сэрца. А слоў, важкіх, пераканаўчых, каб абараніць сына, не было. Кірыла пакутліва шукаў іх.
        Яму сказалі раз і другі: «Сядайце». Кірыла дайшоў да сэнсу слова толькі тады, калі перад ім падняўся Гукан. Гаварыў старшыня роўна, не павышаючы і не паніжаючы голасу, націскі рабіў стукам алоўка аб стол, паўзамі. Атрымлівалася важка, пераканаўча, салідна.
        Шыковіч, думкі якога насіліся ад аднаго полюса да другога, успомніў, што Кушнер, намеснік старшыні гарвыканкома, камічна перадае Гуканаву манеру выступаць, і не стрымаў усмешкі.
        – ...Вы думаеце, калі працуеце вы, жонка, дык гэтага даволі? Не, Кірыла Васільевіч. У нас працуюць усе. Дармаедаў у нас адзінкі. Але акрамя працы ёсць яшчэ маральныя прынцыпы, грамадскія паводзіны чалавека... І яны часта з’яўляюцца рашаючымі ў выхаванні дзяцей. Гляньце на сябе! Уважліва гляньце на свае паводзіны! Вы аналізуеце другіх – прааналізуйце сябе. Вы здзіўляецеся, чаму ваш сын вырас такі? А я не здзіўляюся. Быццё вызначае свядомасць. Дабрабыт нашага народа расце. І я не супраць таго, што вы купілі машыну. Трэба вам машына. Але на ёй ездзіць ваш сын.
        – Я забараніў яму.
        – Ездзіў. Машына, лішнія грошы, кампанія... Дзяўчаткі, выпіўкі... А ў бацькоў тым часам другія клопаты. Машыны ім мала – трэба дача. Абуджаюцца дробна-ўласніцкія тэндэнцыі.
        Шыковіч слухаў надзіва спакойна. Разумеў: Гукан «задае тон». Кірыла ненавідзеў гэты тэрмін – «задаць тон», народжаны ў часы культу. Але ў такой сітуацыі, відаць, інакш нельга. Трэба пагаварыць з бацькамі такіх сынкоў з усёй суровасцю! Што ж, няхай сабе валяць на яго, што хочуць, – усё стрывае, абы толькі пакінулі Славіка ў брыгадзе.
        Тарасаў таксама не любіў «задавання тону». Ён, кіраўнік новага тыпу, умеў і думаць і вырашаць па-новаму. Але і ён упачатку прыняў выступленне Гукана як зусім натуральнае. Гукан выпраўляе сваю памылку. Яны, сябры бюро, не дамаўляліся аб парадку – як заслухоўваць бацькоў, але відавочна, што пачынаць трэба было не з Шыковіча. Не самы небяспечны выпадак. І не той бацька. Яго разважлівы роздум, трапныя адказы на заўвагі сябраў бюро ў нейкай меры згладзілі вастрыню пытання і навучылі другіх, як абараняцца. Тарасаў, назіральны і праніклівы, бачыў, што нават твар Левановіча пасвятлеў, а непаседлівы, вяртлявы Гамбіцкі стаў менш выціраць лысіну і больш круціцца, шэпчучы нешта суседзям.
        – Зазнаўся ты, Кірыла Васільевіч, – нечакана з разважання аб уласніцкіх тэндэнцыях зрабіў вывад Гукан, чамусьці перайшоўшы раптам на фамільярнае «ты». – Адрываешся ад жыцця. Закапаўся ў архівах...
        «А пры чым тут архівы?» – падумаў Шыковіч.
        – Лічыш, што табе ўсё можна, усё дазволена і ўсё даруюць. Не! Дысцыпліна ў партыі адна для ўсіх! Адны нормы. Ленінскія. А як сябе паводзіць камуніст Шыковіч? – Пытанне прагучала сурова, асуджальна, без кроплі фамільярнасці, аловак гучней, чым звычайна, стукнуў па стале. – Машына, дача – адзін бок... А паводзіны ў калектыве?.. Калі камуніст свайго таварыша па рабоце выкідвае з кабінета...
        «Паскардзіўся, паскуда», – падумаў Шыковіч пра Рагойшу са злосцю.
        – А другому, адказнаму работніку, пагражае, што выкіне праз акно...
        «І гэты таксама скардзіўся? Ёлуп! Зусім страціў пачуццё гумару».
        – Каментарыі, як кажуць, наўрад ці патрэбны. – І пагрозліва стукнуў алоўкам.
        Тарасаў насцярожыўся. Не, у Гукана гэта больш чым «задаць тон».
        «Што гэта яны, сааўтары, ганарару не падзялілі, ці што?» – падумаў ён. Аб выпадку з Рагойшам яму расказваў Тужыкаў, і ён згадзіўся з думкай сакратара па прапагандзе: не трэба ўсё валіць у адну кучу; Рагойша вядомы інтрыган, і можна зразумець, што ў Шыковіча пасля такога здарэння з сынам не вытрымалі нервы. Варта ўсё-такі разбірацца ў пачуццях людзей. Не з кожнага факта трэба рабіць палітыку.
        – А калі бацька ўсё дазваляе сабе, то чаму сыну адставаць? Не, ён хоча быць наперадзе. У яго размах большы. Кулакоў яму мала, за каўнер схапіць – глупства. Яму атамную бомбу давай...
        Шыковіч бачыў, як, схіліўшыся над сталом, паківаў галавой Тужыкаў, крыва ўсміхнуўся, паправіў акуляры. Сцёр далоняй з шырокага твару ўсмешку Тарасаў. Мабыць, Гукан убачыў, што пра бомбу – не ўхваляюць, і загаварыў больш горача і гнеўна:
        – Як вы думаеце, таварыш Шыковіч, што вырасце з дзіцяці, якому бацькі ні ў чым не адмаўляюць? Усё падносяць на залатой талерцы. Машыну, дачу, вучобу, работу... Не паступіў у інстытут – куды жадаеш, сынок? На тэлестудыю? Калі ласка. Выгналі адтуль – навошта прымушаць яго падумаць, папакутаваць, пашукаць... З помпай, як героя, – на лепшы завод, у лепшую брыгаду. У брыгаду камуністычнай працы! Падумайце, таварышы! Ці не выклік гэта?..
        Цяпер словы Гукана балюча білі сваёй несправядлівасцю. Ён мог усё гаварыць пра бацькоў. Кірыла, бадай, з усім згадзіўся б: нічога не скажаш, выхоўваць-такі не ўмеем. Але калі Гукан робіць вунь якія вывады з таго, што Славік пайшоў на завод, калі вядзе да таго, каб патрабаваць выгнаць хлопца з брыгады, – з гэтым Кірыла не мог згадзіцца. Зноў хлынуў пот. Стрымліваў і супакойваў Тарасаў; глядзеў добрымі вачамі і нават кіўнуў: трымайся.
        – Мы ж добра ведаем, Шыковіч – лепшы сябра хірурга Яраша. А Ганчароў – прыёмны сын Яраша. Добры хлопец, а, на жаль, не вытрымаў такога націску, паддаўся.
        – Эх, чорт! – абурыўся Грыбок. – І тут блат! Ну, не! Тут яго не будзе! Дарожку закрыем! Такіх сынкоў на вярсту не падпусцім да камуністычных брыгад!
        Флегматычны Тужыкаў рэзкім рухам зняў акуляры, махнуў імі, гатовы запярэчыць.
        Але яго апярэдзіў Шыковіч.
        – А такіх – куды? – усхапіўся ён з месца. – У турму, ці што? Дык няма ў кодэксе...
        – Вы чулі, Сяргей Сяргеевіч? – таксама ажно падскочыў Грыбок.
        – Чулі! – адказаў яму Тужыкаў. – А праўда – дзе такіх выхоўваць?
        – Дзе? – сумеўся Грыбок і асеў, з’ядаючы вачамі першага сакратара.
        – Я мушу заявіць, таварышы сябры бюро, – працягваў між тым Шыковіч, – з усёй сур’ёзнасцю і адказнасцю сябра партыі, што абвінавачванне мяне, Яраша, Ганчарова, усяе брыгады ў нейкім блаце... – гэта, мякка кажучы, глупства. Ганчароў і яго хлопцы самі прапанавалі Ўладзіславу пайсці да іх у брыгаду. І я лічу, што яны паступілі правільна. І радуюся, што сын згадзіўся. Значыцца, разумее... Мяне не здзіўляе, Сямён Парфёныч, ваш погляд на такія рэчы. Цяжка глянуць на свет па-новаму. Здзіўляе малады Грыбок.
        – Я?
        Гукан стаяў, упёршыся алоўкам у стол, і спакойна чакаў, пакуль выказваліся другія. Ніхто, магчыма, не прыкмеціў, як змяніўся ён пры апошніх словах Шыковіча: на шчоках выступілі сінія плямы, а карак наліўся крывёю, дзіўна неяк скрывіліся вусны. Калі ўсе нарэшце сціхлі, Гукан сказаў усё тым жа роўным голасам:
        – Прапаную вынесці Шыковічу суровую вымову, – і сеў.
        Прапанова з’явілася нечаканасцю для ўсіх – і сябраў бюро, і прысутных. Гамбіцкі быццам прыліп да крэсла, у Левановіча выцягнуўся і без таго доўгі твар. Не менш спалохаліся і другія бацькі: калі Шыковічу вось так, дык што будзе ім?
        Ашаломлены Кірыла спытаў шэптам:
        – Завошта?
        – За няправільнае выхаванне дзяцей, – Гукан стукнуў алоўкам па стале, – раз. За грубыя паводзіны ў калектыве, за парушэнне партыйнай этыкі, – і зноў стукнуў, – два. За прыватнаўласніцкія тэндэнцыі, – не стукнуў. – Між іншым, мне вядома, што дача Шыковіча і Яраша збудавана незаконна. Няправільна, зноў-такі па блату, я не баюся паўтарыць гэтае слова, адведзены ўчастак. Лічу, што гарком павінен высветліць усе акалічнасці.
        «Што гэта ён так уз’еўся на Шыковіча? – думаў Тарасаў. – Праўду кажуць: сааўтары – што палюбоўнікі адной жанчыны. Абавязкова счэпяцца. Трэба будзе разабрацца».
        Калі на пасяджэннях узнікалі вось такія складаныя сітуацыі, Тарасаў любіў паназіраць за людзьмі. Хто як рэагуе? Хто каго падтрымлівае? Гэта лёгка чыталася па тварах. Бо здаралася, што чалавек займае ўпачатку адну пазіцыю, а ў канцы – зусім супрацьлеглую, зрэдку бывае і так, што ў думках ён за адно, а на словах – за другое. Такіх Тарасаў не любіў. Маўклівага для прапагандыста, упартага, цяжкаватага па характару Тужыкава ён паважаў за тое, што той заўсёды трымаўся пэўнай думкі. Такога лёгкі вецер не паверне, толькі добрая бура. Мабыць, адчуваючы, што сябры бюро разышліся ў сваіх адносінах да таго, што сказаў Гукан, Тужыкаў шчыра раіў вачамі: «Скажы ты, Сяргей Сяргеевіч». Тарасаў паслухаўся гэтай парады.
        – З дачамі мы разбяромся, – сказаў ён да Гукана, потым – да Шыковіча: – Паводзіны вашага сына, таварыш Шыковіч, – ганебныя паводзіны. І мы вас сур’ёзна папярэдзім. Не толькі вас. Увогуле будзем сурова патрабаваць ад камуністаў, каб яны адказвалі за сваіх дзяцей, за выхаванне моладзі. Гэта закон нашага жыцця. Я асабіста ўхваляю, што ваш сын пайшоў на завод. Калі праўда, што хлопцы з брыгады Ганчарова самі яго ўзялі, то хвала ім і чэсць. Думаю, што яны больш шырока разумеюць сваю ролю ўдарнікаў камуністычнай працы. Правільна разумеюць. Не замыкаюцца. Змагаюцца за кожнага чалавека. Як, таварышы прапагандысты? Правільна я разумею, што такое брыгада камуністычнай працы? – Ён глядзеў на Грыбка, і ў светлых вачах яго скакалі іскаркі хітрага смеху.
        – Правільна, Сяргей Сяргеевіч! – умомант згадзіўся Грыбок.
        «Ну і флюгер!» – ужо без злосці і абурэння падумаў Шыковіч. Разам з усведамленнем, што пагроза быць выгнаным з брыгады ад Славіка адведзена, прыйшла дзіўная фізічная слабасць. Зашумела ў вушах, самлелі ногі, высахла ў роце. Наступіла разрадка пасля нервовага напружання гэтага багатага на ўражанні, цяжкага дня. Ён нават дрэнна чуў, хто яшчэ што гаварыў пра яго і Славіка. Помніў: Гукан настойваў на сваёй прапанове.
        «Завошта?» – хацелася спытаць зноў, але Кірыла і гэтага не здолеў зрабіць, толькі са здзіўленнем падумаў: «Што мае да мяне гэты чалавек? Што яму не спадабалася? Я да яго заўсёды з адкрытым сэрцам».
        Адкрытае сэрца...
        Нутро гарэла ад смагі. Але не хапіла смеласці падняцца і наліць з графіна, што стаяў на сакратарскім стале. Раптам з’явілася боязь самлець – як там, у аперацыйнай. Грыбок цяпер амаль што абараняў яго і абмяжоўваў спагнанне папярэджаннем. Красоўскі падтрымліваў Гукана. Кірыла падумаў: «Цікава, якая сям’я ў сакратара райкома? Дзеці ёсць? Трэба даведацца», – хоць адчуваў, што наўрад ці будзе займацца гэтым. Не хопіць энергіі. Здавалася, што яе ўвогуле ўжо няма, энергіі, што ён разрадзіўся, як акумулятарная банка, – увесь, ад галавы да ног.
        Сябры бюро пагадзіліся на вымове. Шыковіч не аспрэчваў, не апраўдваўся – абы хутчэй. Нават не запытаў, якая вымова – без занясення ці з занясеннем ва ўліковую картку. (Пасля даведаўся – не запісана.)
        Калі паднялі Левановіча, Кірыла спытаў:
        – Мне можна ісці?
        – Чаму? Паслухайце другіх. Вам будзе карысна. І цікава, – сказаў Тужыкаў.
        А Тарасаў, які больш пільна назіраў за ім, нечакана дазволіў:
        – Ідзі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.