РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сэрца на далоні
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
39
40
30
        
30

        
        Грукат крана над галавой быў для Славіка цяпер як нечаканы гром для забабоннага грэшніка. Ён уціскаў галаву ў плечы, палахліва азіраўся і, калі плыла цяжкая дэталь, адступаў, а то і зусім хаваўся за высокія станіны. Ён баяўся падняць вочы вышэй крука – да шкляной будкі, у якой сядзела кранаўшчыца, «дзятлік» з востранькім носікам і вострым чубком, бо сваю чырвоную касыначку Нінка заўсёды чамусьці абпінала «домікам», ад чаго твар яе яшчэ больш завострываўся. Славік баяўся сустрэчы з ёй.
        Кран панёс да ўпаковачнай гатовы станок. Яго ўрачыста суправаджалі кіраўнікі цэха і амаль уся Тарасава брыгада. Акрамя Славіка. І Генрыха. Яны былі заняты другім станком: прыладжвалі зманціраваны электрыкамі праграмны вузел. Гэтую тонкую складаную і марудную работу заўсёды браў на сябе будучы інжынер. А ў Славіка гэта была апошняя стадыя вучнёўства, набліжаўся экзамен на разрад, і трэба было, хоць збольшага, ведаць зборку ўсіх вузлоў.
        Усунуўшы галовы ў люкі тумбы, яны падганялі счапленне электраматора з перадачай аўтаматычнага з’ёмшчыка дэталей.
        Разгружаны кран вяртаўся з лёгкім гулам. Ён ляцеў па доўгім пралёце цэха з хуткасцю цягніка. Звінелі шыбы і дрынчалі незамацаваныя дэталі і ключы на станку.
        І раптам усё сціхла: кран спыніўся, замёр. Славік упусціў гайкі, якія падаваў Генрыху. Спіной сваёй, што вытыркала з-пад станка, ён адчуў, што цяжкі крук павіс якраз над ім. Больш таго, ён адчуў позірк Ніны, яна высунулася са сваёй шкляной будкі і глядзіць... глядзіць на яго.
        Славік уціснуўся глыбей пад станіну. Хацелася ўсяму залезці ў вузкі люк, схавацца, ператварыцца ў электравузел, каб рухаць станок, а самому нікога не бачыць, нічога не адчуваць.
        Не раз за сваё нядоўгае жыццё ён чыніў шкоду. Здаралася, што колькі дзён жыў з бояззю кары. Але ніколі яшчэ ў яго не было такога страху. Агіднае і цяжкае пачуццё! Яно скавала ўсю яго істоту. Яно – як невылечная хвароба, як рак, пра які чалавек ведае і нічога не можа зрабіць для свайго ўратавання, толькі слухае, чакае, калі, як ён праявіць сябе і нанясе апошні ўдар.
        Станок уздрыгнуў, як жывая істота, – кран паволі рушыў далей.
        Славік стоена ўздыхнуў. Генрых сказаў:
        – Пасвяці сюды.
        Славік падняў вышэй «пераноску», ад яркага святла якой слязіліся вочы.
        Генрых кінуў на яго кароткі позірк і рухамі штукара пачаў мацаваць маленькія гаечкі. Недасведчанаму чалавеку, які бачыць станок толькі звонку, можа здацца, што такая аграмадзіна складзена з адных вялікіх і цяжкіх дэталей. Так упачатку здавалася і Славіку. А тут ёсць дэталькі не большыя за гадзіннікавыя, асабліва ў электраабсталяванні. Між іншым, гэтая складанасць і прываблівала няўрымслівага хлопца. Каб усё было проста і аднастайна, як яму ўяўлялася па школьнаму знаёмству з заводамі, адно і тое з хвіліны ў хвіліну, з дня ў дзень, то, напэўна, даўно ўсё абрыдла б. А на зборцы заўсёды нешта новае.
        – Што ў цябе з Нінай? – спытаў Генрых, працягнуўшы руку па гайкі і пракладкі.
        Рабро станіны здушыла Славіку грудзі. Пракладкі прыліплі да потнай далоні.
        – А-а... нічога. Ходзім у кіно...
        – Ты ж не любіш яе.
        – А хіба нельга так?
        – Як «так»?
        – Ну... разам працуем, разам гуляем.
        – Я сам, стары, раней глядзеў на дзяўчат несур’ёзна. Нібы яны для адных танцулек створаны. З Нінкай нельга так, май на ўвазе. Яна не такая, як тыя... У яе ўсё сур’ёзна. І планы яе сур’ёзныя і простыя: выйсці замуж, нараджаць дзяцей... Некаторыя моднікі фыркаюць: мяшчанства. Ёлупы! Схіліце галовы! Гэта жыццё ў яго натуральным выглядзе. Самі вы мяшчане!
        «Чаму ён гаворыць гэта мне? Няўжо ведае? У вочы, у вочы б яму глянуць».
        Але «зайчыкі» ад яго прафесарскіх акуляраў сляпілі. І Славік – што той трусік перад кобрай. Толькі вушкамі варушыў. Куды знікла дасціпнасць, кідкасць: ты мне слова – я табе дзесяць. Ён, акулярысты чорт, здаецца, працуе, а зіркае, усё бачыць. Разбіць пераноску, ці што? Быццам незнарок.
        Нарэшце Славік скінуў чары. Выскаліўся:
        – Думаў, хоць адзін чалавек як чалавек. А ты – як Ходас і Тарас. Маралісты! – і завыў у вантробе станка: – Сумна жыць, Генрых!
        Ён неаднойчы хіліў Варэніка на свой бок вось такімі жартамі. У яго і Косці найлепшае пачуццё гумару.
        – Думаеш, калі сапсуеш камусь жыццё, табе стане весялей?
        – А каму я псую? Пайшлі вы ўсе...
        Хвілін праз колькі Тарас накіраваў яго ў склад па дэталі. Славік напусціў на сябе такую бестурботнасць і весялосць, каб нікому і ў галаву не ўлезла, што ў яго штось нядобрае на душы.
        Ён ішоў паміж станкамі, як па лесе. Насвістваў. І раптам з-за станка – яна, Нінка. Носік – чырвоны, вочы – злыя.
        – Славік!
        Ён спалохана азірнуўся.
        – Такая цана тваім словам? Дзе твае вочы бессаромныя? Цяпер табе нічога не трэба? Ведай жа: або на сябе рукі налажу, або цябе станінай прыдушу. Цяпер мне ўсё адно не жыць. – Яна ўсхліпнула.
        А побач, за станком, – галасы. Здаецца, начальнік цэха.
        Славік схапіў яе за руку.
        – Чаго ты? Дурная, дурная... У мяне проста часу няма. Я на падрыхтоўчыя курсы ў політэхнічны паступіў. Кожны вечар... Ну добра. Сёння, сёння...
        Ішоў знаёмы рабочы, і Славік, узрадаваны, пакінуў дзяўчыну і закрочыў побач з ім. Расказваў новы анекдот. Хацеў смяяцца. Выціскаў з сябе смех, бо ўсё скаваў страх, новы, невядомы. О, жорсткае жыццё! Ніякай радасці і гэтулькі пакут! Ён праклінаў той час і міг, калі яму прыйшла ў галаву гэтая дзіўная думка – пазабаўляцца з ёй, адпомсціць за свой спалох у першы дзень.
        Месяц ён вадзіў яе ў кіно, у тэатр і гаварыў, гаварыў, гаварыў. Пра ўсё на свеце ён ведаў. Заходзіў проста ў інтэрнат, пакідаючы ў строгай каменданткі свой заводскі пропуск. Сяброўкам яе па пакоі падабаўся: вясёлы. Адны, праўда, папярэджвалі: «Ой, глядзі, Нінка, загаворыць ён цябе». Другія падбадзёрвалі: «Хапай, Нінка, на ляту. Закруці яму галаву. Чаго на свеце не бывае! Вунь Лідка за інжынера выскачыла. Цяпер вітацца, зараза, не хоча».
        Яна ведала, што не вызначаецца прыгажосцю. Але дзявочае сэрца перамагло розум, нараджаючы адвечную наіўную ілюзію. Хіба адны прыгожыя падабаюцца? Славік пакарыў тым, што не саромеўся паказацца з ёй на людзі – у кіно, у тэатры, знаёміў са сваімі знаёмымі, прыгожа апранутымі хлопцамі і дзяўчатамі, і рабіў гэта, здавалася ёй, з гонарам. Для простай дзяўчыны, якая была яшчэ ў палоне вясковых уяўленняў, гэта з’яўлялася найвышэйшым доказам яго кахання. Магчыма, было і другое: цяга чалавека, які жыў у беднасці і нястачы, да прыгажэйшага, вышэйшага, лепшага.
        У тую нядзелю ён з’явіўся ў інтэрнаце раніцай і запрасіў яе на дзённы сеанс. А калі выйшлі з кіно, прапанаваў зайсці да яго дадому. Нінка на міг сумелася, але не ўтрымалася ад спакусы паглядзець, як ён жыве. Увогуле, як жыве пісьменнік? Хіба гэта не цікава? Адначасна мільганула патаемная дзявочая думка, што хлопец хоча паказаць яе сваім бацькам. Славік не прызнаўся, што дома нікога няма. Бацькі разам з Ярашамі паехалі на дачу садзіць нейкія адмысловыя дэкаратыўныя кусты, па якія «стары конь» ездзіў ажно на Ўкраіну. Іра з курсам у калгасе, паехалі выбіраць бульбу.
        Славік адчыніў дзверы і сам «здзівіўся», што ў кватэры ніводнай душы жывой. Ён паказаў ёй бібліятэку, бацькавы кнігі. Потым уключыў радыёлу і ўсё ставіў «нярасейскія пласцінкі». Пад гукі прыгожай і незразумелай музыкі выставіў на стол доўгую і тонкую пляшку, таксама не нашу. Віно Нінцы не спадабалася – кісляціна. Але яна ведала, што ўсе інтэлігенты п’юць чамусьці кіслае, а не смачнае салодкае віно, а таму асушыла два высокія келіхі. І ёй стала хораша і весела. Яна сама прапанавала:
        – Давай патанцуем.
        Яна любіла танцаваць, а Славік не. Ён хадзіў з ёй усюды, толькі на танцы ў заводскі Дом культуры не пайшоў ні разу.
        Яны закружылі ў кабінеце вакол маленькага століка, паўз шкляныя шафы, з якіх глядзелі на іх маўклівыя і суровыя кнігі.
        Славік пацалаваў дзяўчыну. Нінка шчасліва засмяялася. Яна заўсёды так смяялася, калі ён цалаваў яе. Праходзячы міма канапы, Славік «спатыкнуўся» і... паваліў дзяўчыну на канапу. Пачаў цалаваць прагна вусны, шчокі, шыю.
        – Славічак... Родненькі... не трэба, Славічак... Пасля, пасля... даражэнькі... – шаптала яна, цалуючы з такой жа прагнасцю, балюча.
        Ён быў у тым узросце, калі сніў пра гэта. І думаў бясконца. І шукаў.
        Але адбылося зусім не так, як у сне і ў думках... Калі праз хвіліну наступіла працверазенне, ён замест задавальнення адчуў нешта зусім супрацьлеглае – сорам само сабой, але яшчэ агіду, да гэтага, да сябе, да яе. Раптам убачыў, якая яна непрыгожая, Нінка. І адразу чамусьці ўспомніў Машу, якую даўно не бачыў, але не забываў. Зашчымела сэрца. Нясцерпна захацелася, каб побач была Маша, каб яе рукі абдымалі, яе залатыя валасы датыкаліся яго шчок. І ўсё больш расла непрыязь да Ніны. Нават злосць... Чаму яна так лёгка аддалася? Можа, ён не першы?.. Як лашчыцца!..
        – Славічак... даражэнькі... цяпер мы звязаны з табой назаўсёды.
        Яго нібы агнём апякло.
        «Звязаны... назаўсёды... Усё жыццё з ёй? З-за адной хвіліны? Што яна вярзе? Чаго яна хоча?»
        І да ўсяго непрыемнага – яшчэ страх. Як удар. У галаву, у грудзі. Ажно пот выбіла.
        А ў гэты момант – званок. Яны падхапіліся. Славік спалохаўся, разгубіўся. Кінуўся да радыёлы, выключыў. Настойліва прагучалі кароткія тры званкі. Іра! Так звоніць яна. А калі бацькі? Славік уключыў радыёлу зноў. Крутнуў рэгулятар гучнасці залішне. Музыка запоўніла кватэру.
        Здалося, што Нінка знарок павольна наводзіць парадак у сваім туалеце. І робіць гэта перад ім бессаромна. Славік узненавідзеў яе ў гэты міг. Шыкнуў злосна:
        – Хутчэй! – і пабег да дзвярэй. Прыслухаўся. Доўгі званок. Але, Іра. Злуецца. Ён адчыніў. Сястра ляпнула яго па твары рукавіцай, з якой пасыпаўся пясок.
        – Соня! Не дазваніцца!
        У яго рыбацкай куртцы, у штанах, у акулярах яна падобна была на геолага. Кінула шапку ў калідоры на столік і, нібы ўчуўшы нюхам прысутнасць старонняга, заглянула ў кабінет. Славік убачыў, як Ніна, недарэчна (о, як недарэчна!) абшмаргнуўшы плацце, прывіталася, сарамліва і лісліва. Іра не адказала. Яна глядзела на незнаёмку амаль з жудасцю. Здавалася, не толькі вочы, але і акуляры яе расшырыліся. Потым кінула позірк на брата, позірк бязлітасны, знішчальна-грэблівы, крута павярнулася і пабегла ў свой пакой. Хаця б слова сказала.
        «Кобра!» – хацелася крыкнуць Славіку. Аднойчы, калі яны сварыліся, ён ляпнуў гэтую абразлівую мянушку. Рэакцыя была нечаканая: на яго страшэнна ўзлавалася маці, ніколі ён не бачыў маці такой расхваляванай і злоснай. Таму ён баяўся гэтага слова. Не крыкнуў ён нічога ўздагон сястры яшчэ і таму, што злосць на яе тут жа перайшла на Нінку. Але, ва ўсім вінавата гэтая «дзятліха». Не знайшла другога жэста, як абшмаргнуць плацце. Варона.
        Разгубленая, пакрыўджаная дзяўчына страціла сваю ўпэўненасць і ад гэтага сцялася, змізарнела. Апранала паліто і палахліва азіралася. Але гэта яшчэ больш раздражняла Славіка. Фу, якая недарэка! Дзе былі яго вочы? Як ён мог звязацца з такой?
        Але за дзвярамі кватэры, на лесвіцы, Нінка, як бы страсянуўшыся, як тая птушка, уміг набыла ранейшую ўпэўненасць.
        – Пыхлівая якая сястра твая! Падумаеш, пані!
        – А што яна, цалавацца з табой павінна была? – груба адказаў Славік.
        – А чым я горшая за яе?
        У Славіка хапіла тактоўнасці змаўчаць. Калі вёў Нінку ў дом, тады ён не баяўся, што ўбачыць нехта з суседзяў. А цяпер баяўся. Узрадаваўся, што на лесвіцы нікога не сустрэлі. Але на вуліцы было многа народу, і яму пачало здавацца, што многія, асабліва жанчыны, глядзяць на іх з разуменнем і насмешкай. Дагэтуль ён дэманстратыўна знаёміў сваіх стыляжных сяброў з рабочай дзяўчынай і пляваў на іх кпіны. Цяпер жа халадзеў ад думкі, што можа сустрэць каго-небудзь з гэтых сяброў. Вынаходлівы і не дужа далікатны, ён не мог прыдумаць, як пазбавіцца ад яе, застацца аднаму. А яна, як ніколі, стала гаманкая. Расказвае пра сваіх дзяўчат, што Верка збіраецца замуж. Яго спалохала гэтае слова – «замуж». Дайшлі да Палаца спорту, і ён узрадаваўся нечаканай думцы:
        – Я ў басейн. На трэніроўку.
        ...Безумоўна, паводзіў ён сябе пасля як апошні дурань. Не здолеўшы перамагчы сваю антыпатыю, не пайшоў больш у інтэрнат, не запрасіў Нінку ні разу ў кіно, пазбягаў сустрэчы адзін на адзін у цэху. Яна, аднак, праз колькі дзён падпільнавала яго, заплакала:
        – Я табе аддала ўсё. А ты... Зняславіў, насмяяўся... З дзіцем хочаш пакінуць?
        «З дзіцем», – во адкуль гэты страх.
        «Няўжо яна можа зацяжараць?!» – ні на хвіліну не пакідала яго думка з таго дня. Ён купіў тоўстую кнігу «Акушэрства», прачытаў у пустым асеннім парку ўсё пра цяжарнасць і закінуў кнігу ў кусты. Не, нічога яшчэ яна не ведае. Але зацяжараць можа, калі не ад яго, то ад каго другога, ахвотнікі знойдуцца. А зваліць на яго. Чым больш ён думаў пра гэта, тым больш пераконваў сябе, што Ніна абавязкова гэтак зробіць, і ўсё больш пачынаў ненавідзець дзяўчыну за гэтую яе ўяўную каварнасць. Яе пагроза прыдушыць яго станінай спалохала Славіка значна менш. Але ўстрывожыла Генрыхава пытанне. Што, калі яна расказала сяброўкам, а яны Косцю, які жыве ў інтэрнаце побач і часты госць у дзяўчат? Тады, напэўна, ужо ведае ўся брыгада. Даведаецца ўвесь цэх, завод. Чаго добрага, пачнуць разбіраць на сходзе.
        Не, няма чалавеку волі на зямлі. Тысячу ўмоўнасцей звязваюць рукі і ногі, тысячу страхаў падпільноўваюць на кожным кроку. Ён, Славік, доўгі час лічыў, што пазбавіўся ад такіх «перажыткаў і забабонаў», як сумленне, сорам, каханне, пакланенне аўтарытэтам і г.д. Ні д’ябла не атрымалася. Ён не толькі такі, як усе, ён горшы – сентыментальны слюнцяй. А вінаваты бацькі, гэта яны так выхавалі. І ў такім абкружэнні перарабіцца, выходзіць, проста-такі немагчыма. На турыстаў крыкнуў – у каталажку, вузкія штаны надзеў – у сатырыкон, дзяўчыну пацалаваў – прымусяць жаніцца. Жах!
        Дзень той, аднак, скончыўся спакойна: станіна яго не прыдушыла, у камітэт камсамола не выклікалі.
        Але Славік не ўзрадаваўся гудку. Ён паабяцаў Нінцы сустрэцца ўвечары. А страчацца зусім не хацелася. І не страчацца боязна.
        З цэха і заводскіх варот яны выйшлі разам з Тарасам. Брыгадзір часта затрымліваўся, часам і зусім заставаўся начаваць у інтэрнаце. А тут раптам спяшаўся дадому, да Ярашаў. Хоць як сказаць – спяшаўся, калі прапанаваў пайсці пехатой? Тым больш не спяшаўся Славік. Дома ў яго былі складаныя адносіны з Ірай. Яны, на здзіўленне маці, зусім перасталі сварыцца паміж сабой. Сястра глядзела на яго з грэблівай пагардай. А ён баяўся адказаць нават злосным позіркам. Ён проста пазбягаў яе. Не чапаў. Абы ціха было.
        Тарас доўга ішоў моўчкі. У яго быў свой клопат: адносіны ў сям’і Ярашаў – у яго сям’і. З малых год ён ведаў рэўнасць Галіны Адамаўны і цяпер, калі ўсё разумеў, шкадаваў бацьку. Першая паведаміла яму Наташа, што маці зноў да кагосьці прыраўнавала. Дзяўчынка была ў роспачы: маці ўпершыню груба абразіла яе. Пасля іх нечаканай сустрэчы на кватэры ў Зосі Антон Кузьміч упершыню расказаў сыну пра свае адносіны з жонкай, расказаў усю праўду... Тарасу зрабілася балюча: як можна ўскладніць простыя і ясныя рэчы, забрудзіць чысцейшыя чалавечыя адносіны! Хочучы шчыра дапамагчы ім, ён паспрабаваў пагутарыць з Галінай Адамаўнай. Але тая груба перапыніла яго: «Я цябе прашу не ўмешвацца ў нашы справы». Ён, Тарас, не прыхільнік таго, каб лезці ў чужую душу. Але ж нельга і абыякавым заставацца, калі двое добрых і блізкіх людзей, пражыўшы разам многа год, раптам не разумеюць адно аднаго. Як многа яшчэ гэтага неразумення!
        – Катка сёлета, відаць, не дачакаешся. Бр-р, – скурчыўся Славік і наставіў каўнер свайго лёгкага кароткага паліто.
        Снег, што выпаў тыдзень назад, раставаў. Было сыра, слізка і холадна. Тарас у скураной куртцы на футры, у галёшах крочыў размашыста, упэўнена. Славік з галёшаў смяяўся – старамодна! – і ў даўганосых чаравіках коўзаў па талым снезе, пераскакваў лужыны, лаяў недарэчную зіму. Гаварыў ён прыкладна гэтак жа, як ішоў: скакаў з прадмета на прадмет, з пагоды на кінаафішу, адтуль на валёнкі і бахілы сустрэчнага селяніна... У сувязі з чым усплыла раптам гэтая думка, ён і сам не здолеў бы растлумачыць. Ляпнуў нечакана не толькі для Тараса, а вельмі можа быць, што і для самога сябе:
        – У цябе моцна ўтрэскалася адна дурніца.
        Баючыся злоснага жарту, Тарас змаўчаў, толькі глянуў на Славіка як бы з недаверам.
        – Не верыш? Не цікавішся хто? Мая сястра. Іра.
        – Яна ўпаўнаважыла цябе сказаць пра гэта?
        – Ну што ты! – засмяяўся Славік. – Яна авечка. Я прачытаў у яе дзённіку.
        – Прыгожа, няма чаго сказаць!
        – А ты не прачытаў бы дзённіка сястры, каб ён трапіў табе на вочы? Не люблю прытвораў! А я чытаў з цікавасцю. Як яна цябе там узносіць! Культ Ганчарова.
        Тарас паверыў, што на гэты раз Славік кажа праўду. Ён сам неаднойчы прыкмячаў, як Іра глядзіць на яго, як стараецца застацца разам. І, можа, каб не з’явілася Маша, нейкія пачуцці варухнуліся б і ў яго душы. Але з якой мэтай Славік сказаў яму пра каханне сястры цяпер? Ён успомніў: Маша гаварыла яму, што Славік званіў ёй двойчы ці тройчы, зноў дамагаўся спаткання. Яна не пайшла, безумоўна. А ці праўда, што не хадзіла? А можа, зноў пачала гарэзлівую гульню? Не, не. Не хацелася думаць пра Машу дрэнна.
        Не адказваючы па сутнасці, Тарас спытаў:
        – Ты скажы мне, што ў цябе з Нінкай?
        Славік паслізнуўся, вылаяў гарадскія ўлады і дворнікаў, што не чысцяць тратуараў. Гэта памагло яму схаваць сваю збянтэжанасць.
        – Што ў цябе з Машай, то ў мяне з ёй. Ходзім у кіно. Сёння пойдзем. Чаму гэта цябе зацікавіла?
        – Хлопцы не вераць, што ў цябе гэта сур’ёзна. Глядзі. Пакрыўдзіш дзяўчыну...
        – О, вялікія маралісты! Вам хацелася, каб я тут жа жаніўся, схадзіўшы два разы ў кіно. Аднак самі вы не вельмі спяшаецеся з гэтым актам... Філосаф гэты акулярысты тры гады Зою мацае, а сам брэша. – Славік нечакана моцна ўзлаваўся, мацюкнуўся гучна, не зважаючы, што ішлі яны па даволі люднай вуліцы. – Абрыдлі вы мне як горкая рэдзька! Усе! Адзін Косця чалавек...
        Тарас даўно ўжо не звяртаў увагі на любую яго балбатню, але гэтыя словы пакрыўдзілі. Столькі яны важдаліся з ім, столькі даравалі ўсяго, а ён вунь якой думкі пра брыгаду.
        «Пэўна, сакратар парткома меў рацыю, не будзе з яго толку, прыйдзецца развітацца». – Тарас уздыхнуў, аднак, з жалем, яму амаль па-бацькоўску зрабілася шкада гэтага шалапута.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.