РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сэрца на далоні
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
39
40
29
        
29

        
        Шыковіч пісаў дакументальную аповесць пра падполле. Але «белая пляма» – група інфекцыйнай бальніцы – моцна перашкаджала завяршэнню работы. Уласна кажучы, не было ніякай «белай плямы». Пра гэтую групу ён ведаў цяпер больш, чым пра любую другую. Аднаго толькі не разумеў: навошта гестапа спатрэбілася такая правакацыя з Савічам? Гэтага не разумелі многія. Выказвалі сумненні. Яны злавалі Кірылу: жыве яшчэ недавер да людзей! Хіба жывыя людзі – Сухадол, Зося – не самыя лепшыя дакументы? Праўда, ніхто, акрамя хіба Гукана і Рагойшы, так адкрыта не паказваў, што не верыць іх расказам. Аднак недзе паміж радкамі выказванняў самых аб’ектыўных і шчырых людзей Шыковіч чытаў: усё-такі Зося – дачка, Сухадол – нейкая лекарка, да таго ж не такая ўжо актыўная падпольшчыца, старая жанчына, якая з-за склерозу і даўнасці магла шмат што наблытаць.
        Урэшце і сам даследчык зразумеў, што не хапае яму той нітачкі, знайшоўшы якую можна разблытаць увесь клубок. Тут трэба было або шукаць гэтых кончыкаў ніткі, або секчы гордзіеў вузел. Ён шукаў настойліва, упарта. Ездзіў у цэнтральны партызанскі архіў. Доўга сядзеў там, выкарыстаўшы свой адпачынак. Шукаў падпольшчыкаў. Ах, каб яму далі магчымасць апублікаваць артыкул! Тады людзі, безумоўна, прыйшлі б самі. Тарасаў абяцаў, але ўсё чамусьці адцягваў.
        Шыковіч у адным памыляўся: яму здавалася, што ўсёй гэтай справай па-сапраўднаму займаецца адзін ён. Ды яшчэ Яраш. І ўсё. Ён не думаў, што падполлем займаюцца многія людзі, па розных лініях, у розных аспектах. Яго пошукі, магчыма, толькі з’явіліся тым каталізатарам, які паскорыў рэакцыю. Неўзабаве ён зразумеў гэта.
        У лістападзе ўжо, калі за акном лёталі «белыя мухі», пазваніў Сербаноўскі. Кірыла даўно не бачыўся з капітанам і ўжо амаль страціў надзею, што той можа нечым памагчы яму. Сербаноўскі прасіў зайсці да яго заўтра.
        – А сёння нельга? – з нецярплівасцю спытаў Шыковіч.
        – Не, заўтра. У адзінаццаць.
        Капітан за гэты час зрабіўся маёрам. Вырас. Але здавалася, яшчэ больш схудзеў: глыбей запалі вочы і як бы пабольшалі вушы – адтапырыліся наперад, быццам чалавек насцярожана ўслухоўваўся ў падманную цішыню. Вітаючыся, Шыковіч адчуў мазалі на яго далоні, успомніў пра хворую жонку і пашкадаваў гэтага засяроджанага і, відаць, упартага ў любой працы чалавека. Але Сербаноўскі нечакана выявіў даволі бадзёры настрой і добрую, амаль сяброўскую прыязнасць.
        – Што маем новае, Кірыла Васільевіч?
        – Па групе чыгуначнікаў знайшоў гару новых дакументаў, па групе Савіча... – Шыковіч развёў рукамі. – Акрамя ўсяго іншага, гэтыя людзі здорава ўмелі маўчаць.
        – Але, – згадзіўся чэкіст. – Не дзеля ўласнай славы яны змагаліся. І не думалі, што нам з вамі прыйдзецца не спаць начамі, каб даследаваць іх дзейнасць.
        Не спыняючы размовы, маёр набраў нумар тэлефона, коратка загадаў:
        – Арыштаванага Дымара да мяне.
        Шыковіч устрапянуўся:
        – Што-небудзь новае?
        – Зараз пабачыце і пачуеце, – усміхнуўся Сербаноўскі. Падняўся з-за стала, пацягнуўся, падышоў да акна і адчыніў фортачку. – Як ваш сябра Яраш жыве?
        Шыковіч насцярожыўся: ці не дайшла і сюды, у гэты старажытны будынак, плётка пра сувязь Антона о Зосяй? Адказаў жартам:
        – Рэжа людзей без літасці.
        – Мне Вагін расказваў: здорава ён выступіў на сесіі. Малайчына!
        – Але. Прыйшлося каму-нікаму пачухацца.
        Пастукалі ў дзверы.
        – Заходзьце! – гучна крыкнуў Сербаноўскі. Хутка ўзяў ад сцяны крэсла, паставіў на вугал стала, з таго боку, дзе сядзеў сам. Кіўнуў Шыковічу: – Сюды, калі ласка...
        Кірыла хутка перасеў.
        Ён чакаў убачыць у арыштаваным грамілу з бандыцкай мордай, а ўбачыў раптам у дзвярах старога – сівога, сухога, з пакорліва-дабрадзейным выразам твару. Салдат з аўтаматам на грудзях пачаў дакладваць:
        – Таварыш маёр...
        Сербаноўскі спыніў яго знакам рукі:
        – Пасядзіце ў калідоры.
        – Слухаюся, таварыш маёр! – Шчоўкнулі абцасы, бясшумна зачыніліся дзверы.
        Стары, як бы раптам успомніўшы, сарваў з галавы кепку:
        – Добры дзень, грамадзянін следчы.
        – Добры дзень, – адказаў Сербаноўскі як быццам і ветліва, але Шыковіч адразу адчуў знявагу і агіду ў яго голасе.
        Маёр стаяў каля акна, залажыўшы рукі за спіну. Шыковіч упершыню ўбачыў яго такім – высокім, стройным, паважным і нават гордым, магчыма, за сваю нялёгкую, але пакуль што вельмі патрэбную прафесію. Ва ўсякім разе, у гэты момант ён зусім быў не падобны на таго сутулага, са змораным тварам капітана, якога Шыковіч некалі сустракаў на вуліцы і чамусьці неўзлюбіў завочна, пакуль не пазнаёміўся, не пачаў разам працаваць.
        – Сядайце, – паказаў Сербаноўскі арыштаванаму на крэсла, што стаяла амаль пасярод пакоя.
        Стары цяжка ўздыхнуў і сеў. Маёр прайшоў міма яго і зайшоў з другога боку стала на сваё месца.
        «Няўжо гэты дзядуля сур’ёзны злачынца? – думаў Шыковіч, разглядаючы арыштаванага. – Такі бяскрыўдны твар. Тонкія кісці, пальцы рук, як у музыкі. Няўжо з інтэлігентаў? Не, ёсць у ім нешта лакейскае. Хутчэй афіцыянт які-небудзь. Сумеў агледзець мяне так, каб не сустрэцца позіркамі. Ацаніў касцюм».
        Сапраўды, сівы дзядуля прыкінуў па адзенню: хто гэты другі – цывільны ці пераапрануты чэкіст? Пазнаваць людзей па вопратцы ён умеў добра.
        – Грамадзянін... – Сербаноўскі як бы забыўся прозвішча і заглянуў у паперы, – Дымар-Сокалаў-Беразоўскі... Я ўсё забываю, якое з гэтых прозвішчаў ваша сапраўднае?
        – Ну Дымар, Дымар, Ды-ы-ма-ар, – раздражнёна праскрыпеў стары.
        Сербаноўскі ўскінуў галаву, сказаў:
        – Я прашу вас спакайней.
        – Ды я спакойны, грамадзянін следчы. Я ўжо спакойны, – раптам скіс, згорбіўся арыштаваны, нахіліўся, кранаючыся кепкай падлогі.
        – Чым вы займаліся да вайны, Дымар?
        – Рабіў закройшчыкам у атэлье.
        – У часе вайны?
        – Трымаў сваю майстэрню, кравецкую. Невялічкую.
        – А яшчэ чым займаліся?
        – Эх, грамадзянін начальнік! – ляпнуў раптам стары кепкай па падлозе, выпрастаўся, упершыню не хаваючы вачэй, паглядзеў на Шыковіча. – Не абрыдла вам цягнуць адно і тое ж па дзесяць разоў?
        – Адказвайце на пытанні!
        – Ну, выконваў некаторыя заданні паліцыі, – глуха, у падлогу, адказаў Дымар.
        – Чые яшчэ заданні выконвалі?
        – У СД не служыў! – пісклява крыкнуў арыштаваны. – Чаго не было, таго не было! Я ўсё вам сказаў. Нагаворваць на сябе мяне не прымусіце!
        – Чакайце, чакайце. Не прыкідвайцеся дурнем. Нам добра вядомы ўзаемаадносіны СД і паліцыі. І вам яны не горш вядомы. Якія канкрэтна заданні вы выконвалі?
        Прозвішча выпала ў Шыковіча з галавы – эпізадычная асоба, а яму трэба было ў працэсе запамінаць сотні розных прозвішчаў, беларускіх, расейскіх, нямецкіх. Але калі ён пачуў аб прафесіі гэтага чалавека, то адразу прыгадаў Ярашаў расказ. Не стрымаўся, звярнуўся да Сербаноўскага:
        – Прабачце, Анатоль Барысавіч. Як імя, імя па бацьку арыштаванага?
        – Адказвайце, Дымар!
        – У вас жа запісана.
        – Пытаюць у вас.
        – Назар Авяр’янавіч.
        – Гэты тып шпіёніў за Ярашам, – сказаў Шыковіч маёру.
        Дымар зноў выпрастаўся, з неўразуменнем паглядзеў на Шыковіча, які задае пытанні зусім не прафесійна. Значыцца, не чэкіст, не вышэйшы начальнік. Хто ж? Сведка?
        – Вы ведаеце Яраша? – спытаў у яго Сербаноўскі.
        – Не, не, – хутка, не падумаўшы, адказаў здраднік. – Такога прозвішча не чуў.
        – Кузьма Клешч. Пажарнік. Ведалі такога?
        Дымар на хвіліну задумаўся, непрыгожа, па-старэчы, звесіўшы сківіцу, ад чаго рот ператварыўся ў нейкую бясформенную шчыліну. Потым як быў узрадаваўся:
        – Ах, Клешч? Пажарнік? Помню, помню. Прызнаюся, меў заданне прасачыць за ім. Меў, меў... Але. Грамадзянін начальнік! Прашу запісаць гэта. Не выдаў. Не. Не выдаў, хоць раскусіў, што гэта за птушка. Аро-ол! – на высокай ноце, як бы з захапленнем выгукнуў стары шакал і раптам хіхікнуў: – Гэта ж ён Лучынскага... фота яго пасля размножвалі. А я не выдаў. Добры чалавек. Спадабаўся мне. Значыцца, жыве Кузьма Клешч? Хе-хе, Клешч. Вось вам яшчэ факт. Запішыце. Не выдаў я добрых людзей!
        – Гэта запішам, – сказаў Сербаноўскі, сапраўды старанна занатоўваючы ўсю размову, яго проста-такі прафесійна ўзрадавала, што Яраш ведае здрадніка і на працэсе будзе такі аўтарытэтны сведка.
        – Ад каго вы, Дымар, атрымалі заданне шпіёніць за Кляшчом?
        – Усё ад таго ж Швагерава.
        – А Лотке вы ведалі? – спытаў Шыковіч.
        – Лотке? Немец? Першы раз чую.
        – У той час, калі вы шпіёнілі за Ярашам, Лотке быў механікам у пажарнай.
        – Я пажараў не тушыў, – нахабна і нечакана дзёрзка адказаў здраднік.
        – Вы іх распальвалі, – кінуў Сербаноўскі, запісаўшы і гэты дыялог.
        Нечаканыя адкрыцці далі новы матэрыял, новых сведкаў.
        У Шыковіча цудоўная памяць. У падполле ён улез грунтоўна. Але ён, Сербаноўскі, ведае, што больш за ўсё зараз цікавіць пісьменніка. Дзеля гэтага і паклікаў яго сюды.
        Узяўшы з папкі пажоўклы аркуш з вучнёўскага сшытка, Сербаноўскі паказаў яго арыштаванаму.
        – Вы пісалі?
        – Ну я. Я. Я! – зноў раздражнёна, перакасіўшы твар і прыціснуўшы дзвюма рукамі кепку да грудзей, праскрыпеў Дымар.
        Маёр падсунуў аркуш да Шыковіча. Кірыла ўбачыў тую ж запіску начальніку следчага адзела паліцыі пра Савіча, якую ўжо аднойчы Сербаноўскі паказваў яму.
        – Ён?
        – Ён. Паўмесяца адмаўляўся. Не хацеў прызнаваць ніякіх экспертыз. Пакуль не выклікалі з далёкіх краёў таго, каму адрасавана запіска.
        Здраднік сядзеў, панурыўшы галаву, быццам і не слухаў, не чуў, пра што гавораць следчы і гэты, другі, незнаёмы.
        – Грамадзянін Дымар, што вы можаце сказаць пра доктара Савіча?
        – Што я магу сказаць пра Сцяпана Андрэевіча Савіча? – Ён па-жаночы гаротна схіліў сваю маленькую сівую галаву набок, паківаў ёй. – Я магу толькі сказаць, што гэта быў залаты чалавек. Я пятнаццаць гадоў шыў яму касцюмы і паліто. Прымяраў на даму. І заўсёды выходзіў з гэтага дома начаставаны вось так. – Дымар правёў далоняй па шыі; дзіўна мяняліся інтанацыі яго голасу: то ён скрыпеў, як старая асіна, то сыпаў, як гарохам, то цягнуў павольна, з амаль лірычнай задумлівасцю.
        – І вы гатак аддзякавалі яму? – не вытрымаў Кірыла.
        Здраднік закаціў вочы пад лоб, быццам намерваўся прачытаць пакаянную малітву.
        – Усё зло ў свеце ад грошай. Хацеў выбіцца ў людзі... – Ён цяжка ўздыхнуў.
        – На смерці другіх?
        Спачатку Кірыла слухаў спакойна. Больш было прафесійнай цікаўнасці да гэтай быццам выкапанай пачвары, да таго, як ён паводзіць сябе, і наогул да ўсяго працэсу допыту, чым абурэння, гневу. Але калі дайшло да Савіча, калі здраднік з цынічным прытворствам пахваліў нябожчыка, у Кірылы перавярнула ўсю душу. У яго не было выпрацаванага гадамі спакою Сербаноўскага. Яго прафесія дазваляла яму даваць волю сваім пачуццям. Ён адчуваў, як усё мацней і мацней грукае сэрца, аж пачало звінець у вушах. Ён зняў са стала рукі свае, каб яны былі далей ад цяжкага чарнільнага прыбора. Мабыць, маёр адчуў, што робіцца з ім, бо сурова сказаў арыштаванаму:
        – Давайце, грамадзянін Дымар, без філасофіі. Што дало вам падставы напісаць такую запіску?
        – Чуццё. Я ды каб не ведаў Савіча! Хе. Як аблупленага. Я ніколі не верыў, што ён шчыра служыць немцам. Ён заказаў у мяне касцюм. Я на прымерках пачаў «мацаць», чым жа ён дыша. Даверліва расказаў яму пра зверствы гітлераўцаў. А ён кажа: мы самі вінаваты. І супраць партызан нешта сказаў. Хе, Савіч супраць партызан! Я падумаў тады: «Каго ты хочаш правесці, доктар Савіч? Хе».
        – Ну і гніда! – кінуў Шыковіч з агідай.
        Здраднік уздрыгнуў, але тут жа натапырыўся, як певень, віскнуў:
        – Прашу не абражаць! Я чалавек...
        – Які ты чалавек! Ты горш вошы тыфуснай!..
        – Кірыла Васільевіч! – дакорліва паківаў галавой Сербаноўскі.
        – Калі да мяне будуць вось так, я не скажу больш ні слова. – І Дымар надзьмуўся, ужо з інакшым выразам адвесіўшы сківіцу.
        Шыковіч толькі цяпер убачыў, што ўсе зубы ў яго ўстаўныя. Ад гэтага зрабілася так брыдка, што Кірыла баяўся, каб не званітавала.
        – Гэта вы засвоілі, – сказаў Сербаноўскі, набіраючы нумар тэлефона. – Ало. Швагерава да мяне. – Паклаўшы слухаўку, паўтарыў: – Свае правы вы засвоілі, – і сказаў Шыковічу: – Аднойчы, калі ён вывеў мяне з цярпення вось так, як вас, і я павысіў голас, ведаеце, што сказаў гэты «законнік»? «Можа, ударыць хочаце? Ага, баіцеся! Не той час». Ніколі, ні ў які час, я не стаў бы пэцкаць рукі аб вас, Дымар. Брыдка.
        Шыковіч спытаў ужо амаль спакойна?
        – Усё ж цікава, што вас прымусіла прадаваць людзей фашыстам? Лепшых людзей.
        Дымар заплюшчыў адно вока, быццам крыўляўся, як блазен, і не адказваў.
        – Раскажыце, як вы сталі Беразоўскім, – загадаў маёр.
        Здраднік заплюшчыў другое вока і звесіў сівую галаву на грудзі.
        Расказаў сам Сербаноўскі:
        – Вам гэта павінна быць цікава, Кірыла Васільевіч. Знішчыўшы дакументы на Дымара, ён сімуляваў прыступ эпілепсіі. Упаў на вуліцы ўвечары. У Куйбышаве гэта было. Так, Дымар? Натуральна, трапіў у бальніцу. Апрытомнеў – цап-мац, пуста ў кішэнях. Усё нібыта вычысцілі: дакументы, грошы, гадзіннік. Прозвішча? Беразоўскі, Сяргей Пятровіч. Па даведцы з бальніцы атрымаў новы пашпарт. Хутка асталяваўся ў Вольску. Лепшым краўцом лічыўся ў рабочых цэментавых заводаў.
        Дымар на міг падняў галаву, і дзіўная ўсмешка скрывіла яго бяскроўныя вусны.
        У пакой, атрымаўшы дазвол, увайшоў каранасты барадач у ватоўцы, у высокіх юхтовых ботах. Постаць яго, хада, рукі выдавалі чалавека фізічнай працы. Можа, таму недарэчнымі і непатрэбнымі здаваліся акуляры на яго барадатым шырокім твары.
        Шыковіч угледзеў, з якой нянавісцю зірнуў на дзябёлага барадача мізэрненькі Дымар.
        Швагераў – былы следчы паліцыі – прывітаўся і дысцыплінавана пачакаў каля парога, пакуль Сербаноўскі не паказаў яму, куды сядаць.
        – Ну, чым вы займаецеся? – спытаў маёр.
        – Аглядаю горад. Які горад вырас! Які горад! – і ўздыхнуў на поўныя грудзі не то ад захаплення, не то шкадуючы, што горад збудаваны без яго.
        – Горад – песня, – згадзіўся Сербаноўскі.
        – Песня?! Гэта вы добра сказалі. – Швагераў, не здымаючы акуляраў, выцер чыстай хусцінкай вочы.
        – Скажыце, Швагераў, што даносіў вам Дымар пра Кузьму Кляшча?
        Падследчы насцярожана павярнуў галаву да сведкі. Швагераў задумаўся.
        – Я вам напомню. Пра таго хлопца, які пакараў Лучынскага.
        – Ах, пра Яраша?
        – Скажыце, адкуль вы ведаеце яго сапраўднае прозвішча?
        – Пасля таго здарэння хутка ўстанавілі, што ніякі ён не Клешч, а студэнт медтэхнікума Яраш. Уся паліцыя была паднята на ногі, каб знайсці яго.
        – Хочаце ведаць, у каго ён хаваўся? У доктара Савіча.
        Кашлатыя бровы Швагерава варухнуліся ад здзіўлення. А Дымар каўзануўся на крэсле і праскрыпеў:
        – Пра Кляшча я нікому слова не сказаў.
        Швагераў паківаў галавою:
        – Мне пра Яраша ён не гаварыў.
        – Швагераў, я не хачу вам лішні раз напамінаць, што значыць для вас шчырасць і сумленнасць.
        – Таварыш маёр! За сваю віну я пятнаццаць год меў. Нядаўна пачаў жыць нанова. Адчуў сябе чалавекам. Вы чыталі мае характарыстыкі... Дык няўжо вы думаеце, што я буду цяпер выблытваць гэтага... павука?
        – Сам ты павук! – злосна агрызнуўся Дымар.
        – Быў, – спакойна згадзіўся Швагераў. – Але цяпер стаў чалавекам.
        – Вы ведалі, – Сербаноўскі глянуў у паперы, – Лотке? Механік у пажарнай быў перад здарэннем з Лучынскім.
        – Лотке? – Швагераў хмыкнуў. – Якіх толькі прозвішчаў у яго не было. Гэта Ганс Крафт. Каланіст з Украіны. Шпіён.
        – Агент СД?
        – Безумоўна.
        – Дымар быў знаёмы з Крафтам?
        – Не, не быў! Не ведаю ніякага Крафта! – паспяшаўся адмовіцца стары правакатар.
        – А па-мойму, быў, – сказаў Швагераў. – Нешта мне прыпамінаецца, што, калі ты шыў мне касцюм, Крафт таксама прыйшоў на прымерку. Тады ён быў у форме чыгуначніка.
        – Мала каму я шыў! Усіх...
        – Ясна! – перапыніў Сербаноўскі. – А цяпер паўтарыце коратка свае паказанні па справе Савіча.
        Швагераў зразумеў, што паўтарыць трэба для гэтага, другога, незнаёмага яму чалавека ў цывільным, і павярнуўся да Шыковіча, пачаў расказваць яму:
        – Ну, Савіча мы лічылі надзейным. Вядома, для «новага парадку». Многія дзеячы выклікалі падазрэнне. Ён – не. І раптам яго запіска, – кіўнуў на Дымара, потым на стол, – тая, што ў справе. Я ведаў яго манеру, – зноў кіўнуў на свайго былога сябра. – Там, дзе няпэўна, ён гаварыў вусна, дзе пэўна, заўсёды пісаў, каб пакінуць дакуменцік, відаць.
        – Хлусіш! – праскрыпеў Дымар.
        – Навошта ж мне хлусіць? Я нават разгубіўся. Прызнаюся, было жаданне самому злавіць такога сама, як доктар Савіч. Падзяка, грошы, кар’ера, няхай яны спрахнуць... Мы ж там адзін аднаму не верылі, адзін аднаго хаваліся, каб перахітраваць, вырвацца ўперад. Але пабаяўся я сам... Вялікая адказнасць. Куды мне! Начальніку сказаў. Той, помню, таксама разгубіўся. Калі, кажа, Савіч з імі, з нашымі, значыцца, з партызанамі, нікому, кажа, з нас не будзе веры ад СД. Уцячэ Савіч – труба будзе нам. Узяць яго без доказаў – таксама не лягчэй. Адным словам, ламаў галаву начальнік. Мне нічога не даручыў, хоць справай з медыкаментамі займаўся я. Але мы яшчэ раней дамовіліся весці яе, як звычайную крымінальную. Гэта, ведаеце, куды прасцей: крымінальнымі справамі менш цікавіліся. Хто з іх данёс у гестапа, – ён, – зноў ківок у бок Дымара, – ці начальнік паліцыі – гэтага я не ведаю.
        – Сам ты!.. Сам данёс! – раптам закрычаў Дымар. -А цяпер хочаш зваліць на мяне? Хочаш быць чысценькім? Не выйдзе!
        – Не, я не чысценькі. Але я ў сорак чацвёртым прыйшоў з лесу. Вось я, судзіце. А ты дзе быў? Не я пачаў шпіёніць за Савічам. Я наогул ні за кім не шпіёніў. Я вёў справы як следчы.
        – Па сутнасці, – заўважыў Сербаноўскі.
        Швагераў зноў павярнуўся да Шыковіча.
        – Натуральна, што Савічам занялося само гестапа. Не паспелі мы агледзецца, як усё здарылася... Пасля я даведаўся, што ў дзень налёту і смерці доктара гестапа стала вядома, што ў яго хаваецца прадстаўнік партызанскага штаба. Ад каго, якім чынам яны даведаліся пра гэта, ніхто мне не сказаў. Але, безумоўна, гэта паскорыла развязку. У паліцыі казалі, што Савіч адстрэльваўся. Сапраўды, былі забіты два гестапаўцы і тры ці чатыры ранены. Забілі Савіча ці сам застрэліўся – пра гэта маўчалі. Хто мог разявіць рот, калі афіцыйна было аб’яўлена, што доктара забілі партызаны? Пасля нашаму начальніку расказаў п’яны ад’ютант фельдкаменданта лейтэнант Крэйман, што ў часе аперацыі «Доктар» – яны назвалі гэта цэлай аперацыяй – машыны гестапа былі абстраляны з суседняга саду з аўтаматаў. Відаць, тады і былі забіты і ранены гестапаўцы. Мяркую, што гэта і навяло іх на думку аб’явіць, што Савіч забіты партызанамі. Вы пыталіся, навошта трэба была акупантам такая правакацыя? Я так думаю: баяліся прыкладу. Калі агласіць, што шасцідзесяцігадовы доктар, кіраўнік аддзела гарадской управы, вёў актыўную барацьбу, як бы гэта ўзняло дух падпольшчыкаў і ўсіх патрыётаў. А так, наадварот, магло дэмаралізаваць тых, хто быў звязаны з Савічам. Па гэтай справе я ведаю яшчэ, што лекар інфекцыйнай бальніцы Акулава...
        – Вакулава, – паправіў Шыковіч.
        – Мне добра помніцца, што начальнік сказаў – Акулава. А можа, і не так... Столькі прамінула год! Дык вось гэтая жанчына ў калідоры гестапа, па дарозе на допыт ці з допыту, спрабавала вырваць у канваіра аўтамат. Вядома, была застрэлена на месцы. Мабыць, гэтага яна і хацела. Такі выпадак быў не адзіны. Скатаваныя людзі кідаліся на аўтаматы.
        – Швагераў, чаму ў вашых паказаннях на працэсе пра Савіча нічога не сказана?
        – Ні следчы, ні суддзі, пэўна, не надалі запісцы ўвагі і не націскалі на гэты факт. А каму, грамадзянін начальнік, хацелася браць на сябе лішнюю справу? Каб атрымаць «вышку»? Ваенны час. Ваенны трыбунал. Маё шчасце, што я сам з’явіўся.
        Шыковіч спытаў пра другія групы, пра правалы – хто вінаваты, хто выдаў? Дымар маўчаў. Швагераў адказваў ахвотна і, здавалася, шчыра, але не без хітрасці: стараючыся так падаць усё, каб нідзе не ўблытаць сябе. А вядома, што «паліцыя агульнага парадку» крымінальнымі злачынствамі займалася між іншым і ў большасці выпадкаў забойцаў, рабаўнікоў, зладзеяў рабіла правакатарамі, агентамі; галоўная дзейнасць паліцыі, у тым ліку і следчага аддзела, была скіравана на выкрыццё савецкіх патрыётаў, на дапамогу гестапа і СД. Таму былы следчы з надзвычайнай асцярожнасцю абыходзіў небяспечныя мясціны. Але Шыковіч і Сербаноўскі ведалі значна больш, чым думалася Швагераву; мелі магчымасць супаставіць факты, параўнаць яго паказанні з іншымі крыніцамі. Што-нішто ён усё-такі праясніў і ўдакладніў. Раскрыў, напрыклад, структуру і метады шпіянажу, даўшы Кірылу новы матэрыял для кнігі. Калі нарэшце арыштаванага адвялі, а сведка пайшоў чакаць вырашэння свайго лёсу: застанецца ён толькі сведкам ці сядзе на лаву побач з агентам, Сербаноўскі сказаў:
        – Вось цяпер, я думаю, ніхто ўжо не затрымае ваш артыкул. Устаўляйце запіску, карыстайцеся пратаколам допыту – і друкуйце. Толькі назву прыйдзецца мяняць. Думаю, што больш не існуе пытання, хто ж такі доктар Савіч?
        – Асабіста для мяне яго даўно не існавала.
        – Але патрабаваліся доказы.
        – Дзякую вам.
        – Няма за што. Святы абавязак.
        – Як вам удалося выкапаць гэтага дыназаўра?
        – Няхай гэта застанецца нашай прафесійнай тайнай.
        Яны хораша, з разуменнем усміхнуліся адзін аднаму, як два добрыя сябры, якія агульнымі сіламі зрабілі карысную справу.
        
        
* * *

        
        – Хадзем да Зосі. Я люблю прыносіць людзям добрыя весткі.
        Яраш, надзвычай узбуджаны расказам пра Дымара, хадзіў па сваім кабінеце, прыгадваў паводзіны агента, калі той сачыў за ім, выкрываў філасофію здрады. Нечаканая прапанова Кірылы захапіла яго знянацку.
        – Да Зосі? – Ён спыніўся каля акна і як бы раптам патух: уся яго магутная і прыгожая постаць у чорным світэры ў нейкі міг зрабілася каржакавата-нязграбнай. Ён згорбіўся, выгнуў шыю, быццам убачыў нешта незвычайнае ў белай ваце паміж рамамі.
        – Няўжо баішся? – укалоў Кірыла без злоснага намеру.
        Яраш крута павярнуўся да сябра. На твары яго з’явілася пакутлівая грымаса.
        – Я даў клятву... Галі.
        – Ух, людзі добрыя! Да чаго мы дажылі!
        – Я ніколі не парушаў сваіх клятваў. – Голас Антона Кузьміча ўпаў да шэпту.
        Кірыла ўзлаваўся. Падхапіўся, адскочыўшы ад крэсла, як гумавы мяч, пакаціўся да кніжных паліц, што займалі ўсю сцяну. Загрымеў на поўны голас, забыўшыся, што ў суседнім пакоі Наташа:
        – Ты прабач... Я паважаю клятвы... Паважаю Галіну... Але калі на кожны бабскі капрыз... Не будзе ж жыцця...
        Яраш знясілена апусціўся ў тое ж мяккае крэсла, дзе толькі што сядзеў Шыковіч, выцер далонямі твар.
        – Кінь! Я сам ведаю. Але калі не хапае розуму і, я ўжо казаў табе, звычайнай інтэлігентнасці... Што рабіць? Скажы, інжынер душ?
        Пасля прымірэння Галіна вырвала ў яго гэтую клятву – што ён ніколі больш не наведае Зосі. Ён пакляўся з бяздумнай лёгкасцю, абы замацаваць прымірэнне, бо бачыў, як цяжка перажываюць разлад дзеці. Пасля зразумеў, што такая клятва абражае яго. Хіба ён у чым вінаваты? Магчыма, у яго і не было б патрэбы і ахвоты заходзіць больш да Зосі. А цяпер яму рабілася брыдка за ўласную слабасць і бязвольнасць і часта хацелася пайсці да Зосі на злосць жонцы. Дзіўна, што жаданне такое мацнела з кожным днём. Ён змагаўся з ім. Ён сумленны чалавек і сапраўды ніколі не парушыў свае клятвы. Урэшце, справа не ў клятве. Ён проста вышэй за ўсё гэта і не дазволіць, каб подласць плеткароў і жончына неразумнасць давялі іх да разрыву, што было б трагедыяй і для іх абаіх і яшчэ большай – для Віктара і Наташы.
        Так ён думаў. Але ад гэтай лагічнай разважлівасці не рабілася лягчэй. Ён мог усё дараваць, але нічога не дараваў сабе – памылак, слабасці, неразумных слоў, непатрэбных учынкаў. У той міг ён пазайздросціў Шыковічу і ўзлаваўся за гэта на сябе і на яго.
        Кірыла раптам спыніў разважанні, якія ён было пачаў, аб ролі мужа ў выхаванні жонкі. Мабыць, ён адчуў, што сябру непрыемна і цяжка выслухоўваць гэта. А можа, упершыню адчуў непавагу да таго, кім захапляўся, хаваючы сваё захапленне за кепліва-жартаўлівымі словамі. Яшчэ ўлетку на дачы ён неяк сказаў пра Яраша: «Такі вялікі і такі маленькі перад жонкай». Гэта быў жарт. Аднак, магчыма, падсвядома хацелася, каб яго лепшы сябра і герой быў вялікі ва ўсім. Зашпіліўшы верхні гузік на сарочцы і падцягнуўшы гальштук перад чорнымі тамамі энцыклапедыі, Шыковіч грубавата сказаў:
        – Чорт з табой! Пайду адзін, – і рушыў да дзвярэй.
        У суседнім пакоі зірнуў цераз Наташына плячо ў кнігу, якую дзяўчынка чытала, дакрануўся далоняй да яе белых шаўкавістых валасоў. Яна глянула на яго і ўсміхнулася вінавата, як бы просячы за штосьці прабачэння, можа, за тое, што падслухала іх размову, ці, можа, за бацькаву нерашучасць.
        Кірыла апранаўся ў калідоры. Калі выйшаў Антон, ён таксама пачаў моўчкі апранацца. Праз адчыненыя дзверы Наташа глядзела на бацьку з ухвалой і страхам, нібы несла адказнасць за яго ўчынкі.
        На дварэ добра прымарозіла. У паветры кружыліся сняжынкі. Але асфальт вуліцы быў сухі і шэры ў цьмяным святле ліхтароў, пабялелі толькі лункі каля ліп і каштанаў.
        Шыковіч даўно ўжо прыкмеціў: у іх горадзе найбольшы рух на тых вуліцах, што ідуць паралельна цэнтральнай, а на тых, што перасякаюць яе, нават у нядзелю ціха і бязлюдна, хоць гэта бадай самыя прыгожыя вуліцы, нешырокія, зялёныя, утульныя, асабліва іх кароткія ўчасткі ад Савецкай да ракі. Шыковіч любіў гэтыя вуліцы. Любіў гуляць па іх.
        Яны ішлі не спяшаючыся. Звычайная рабочая хада ў Яраша такая, што побач з ім трэба ісці ўподбег, каб не адстаць. А тут ён ішоў надзіва павольна – магчыма, усё яшчэ вагаўся. Яны як бы знарок забыліся, да каго і з якой прычыны ідуць.
        – Што, аднак, ты думаеш рабіць з дачай?
        – Паеду, раскладу пасярод кабінета касцёр, пагрэю вочы... Асалода на ўсё жыццё.
        – Не вярзі лухты, Кірыла.
        – А як інакш ты яе знясеш за месяц? Куды?
        Тры дні назад яны атрымалі рашэнне аблвыканкома, у якім ім прапаноўвалася ў месячны тэрмін знесці дачу. Матывы: зямельны ўчастак адведзены райвыканкомам незаконна. Яраша гэтая бюракратычная паперка здзівіла, пакрыўдзіла і расстроіла, Кірылу – абурыла.
        – Гуканаў ход канём! – адразу здагадаўся ён.
        – Але ж гэта не яго сфера.
        – Ты наіўны чалавек, доктар.
        – Навошта яму?
        – Даць нам лішні клопат, выбіць з нармальнай каляіны, адцягнуць увагу, абвінаваціць у прыватна-ўласніцкіх тэндэнцыях. Зусім нядрэнна прыдумана. Заадно паказаць сваю прынцыповасць і непрымірымасць да перажыткаў...
        – Але як маглі прыняць такое рашэнне, не пагаварыўшы нават з намі? Быццам мы з табой дармаеды нейкія, – перажываў Яраш.
        Яны хадзілі ў выканком. Іх ветліва прымалі, выслухоўвалі, спачувальна паціскалі плячамі. Здавалася, ніхто нічога не ведае. Толькі намеснік старшыні Мухля чамусьці ўзлаваўся:
        – А што вы хацелі, таварыш Шыковіч? Будаваць асабнякі, калі людзі не маюць яшчэ звычайных кватэр? Вам волю дай – палову калгаснай зямлі захопіце...
        Кірыла таксама ўзлаваўся.
        – Ясна. Значыцца, ты хапуга і спекулянт, доктар Яраш! – сказаў ён сябру, які панура маўчаў, барабанячы па замку партфеля.
        Мухлю стала няёмка перад Ярашам.
        – Ніхто так не думае. Не кідайцеся словамі, Шыковіч. Мы абавязаны былі паправіць райвыканком.
        – Іншым чынам гэта нельга зрабіць?
        – Падумаем. Пастановы часам адменьваюцца.
        Але пастанова не адмянілася. У той дзень яны атрымалі напамінак з раёна, на зямлі якога стаяла дача. Райвыканком скасаваў сваё, трохгадовай даўнасці, рашэнне аб адводзе ім зямельнага ўчастка. Абжытая будыніна не мела права стаяць на зямлі.
        Ад злосных жартаў Кірыла паступова перайшоў да менш злоснай сур’ёзнасці і разважлівасці:
        – Днямі бюро гаркома займалася майстэрнямі для мастакоў. Абавязалі гарсавет знайсці патрэбныя памяшканні. А я сам, за сумленна запрацаваныя грошы збудаваў сабе майстэрню. Мне не дача патрэбна! Мне трэба цішыня!
        Ён гаварыў гучна, размахваў рукамі. Прахожыя азіраліся на яго, як на п’янага. Захапіўшыся, ён не заўважыў, што той, каму ён усё гэта гаворыць, бадай не слухае яго. Яраш раптам страціў цікавасць да гэтай дачнай праблемы, і яму стала ўсё адно, што будзе з іх дачай. Няхай хоць сапраўды Кірыла распальвае там касцёр.
        Калі падыходзілі да дома, дзе жыла Зося, Антона Кузьміча апанавала незразумелае хваляванне. Такога пачуцця ён не ведаў ужо даўно, магчыма, з гадоў юнацтва. Было радасна і боязна. Амаль страшна, аж халадзела пад сэрцам. Ён прыслухаўся да сябе, каб зразумець, што гэта. І не мог зразумець. Боязь жонкі? Але адкуль гэтая радасная нецярплівасць? Як у юнака перад першым спатканнем. Дзіўна. Можа, яму няёмка перад Машай, якая, напэўна, будзе там? Не, няпраўда, што пачуцця такога ён не ведаў сто год. Яно ўжо неяк з’яўлялася і, здаецца, зусім нядаўна. Калі? З якой прычыны? Нешта знаёмае, блізкае і адначасова далёкае, забытае. Пэўна, адно – парушана душэўная раўнавага. Кім? Ці чым?
        Многа год ён меў той спакой, упэўненасць, што нараджаюцца ад веры, ад пераканання ў карыснасці сваёй дзейнасці, ад пазнання людзей і з’яў ва ўсёй іх дыялектычнай складанасці. Былі, безумоўна, хваляванні: перад цяжкімі аперацыямі, перад нараджэннем дзяцей, у часе іх хваробы, пасля сварак з жонкай, ад яе беспадстаўнай рэўнасці. Але ўсё гэта было проста і ясна як божы дзень, яно ядналася адным акрэсленым паняццем – быццё. А гэтае хваляванне не падобна ні на адно з тых, ранейшых. Ён спытаў у Кірылы:
        – Ты не баішся, што наш візіт падмацуе плёткі?
        – А ты баішся ўсё-такі?
        – Баюся, – прызнаўся Яраш, каб хоць чым-небудзь вытлумачыць свой душэўны стан. – Ты ведаеш Галіну.
        – Ты проста дрэнна выхаваў яе. Ідэаліст – вось ты хто. Хірург-ідэаліст – унікальная рэдкасць. Мае сталічныя калегі, якія пішуць слязлівыя вершы, у сто разоў больш практычныя і зацвярдзелыя... Каб я напісаў, што былы падпольшчык, славуты хірург так заціснуты жончыным абцасам...
        – Трапло ты. Абараняй свае тэндэнцыі. Але май на ўвазе, што я думаю аддаць сваю палавіну нашаму прафсаюзу пад летні дзіцячы сад.
        Шыковіч сігануў наперад, зазірнуў знізу ўгору сябру ў твар, каб пераканацца, сказаў той сур’ёзна ці жартам. Яраш глядзеў удалеч, некуды ў канец вуліцы, быццам хацеў нешта разглядзець у святле цьмяных ліхтароў.
        – У нас розныя прафсаюзы. Не памірацца. У іх аднолькавыя характары. – Шыковічу спадабаўся ўласны жарт, і ён засмяяўся.
        Яраш таксама хмыкнуў.
        Ім адчыніла Маша.
        – Ах, вы?! – здзівілася яна. – Калі ласка! – Аднак не адступала ад дзвярэй, не прапускала іх, быццам хацела адцягнуць час і даць некаму схавацца ці замясці нейкія сляды.
        Шыковіч нахіліўся і жартаўліва нырнуў пад яе руку, якой яна ўсё яшчэ трымалася за адчыненую палавіну дзвярэй.
        «Няўжо плётка дайшла і да яе?» – амаль са страхам падумаў Яраш.
        Маша збянтэжана адступіла, і ён нерашуча ўвайшоў у калідор. З пакоя выйшла Зося. Яраш не бачыў яе больш за месяц. За гэты час яна яшчэ больш памаладзела і папрыгажэла. У добра скроеным сінім плацці, з двух’яруснай прычоскай-куклай, расчырванелая, яна мела амаль элегантны выгляд. Як лёгка жанчыны харашэюць!
        Зося выявіла шчырую радасць, збянтэжанасці ў яе не было ні кроплі. Яна сказала надзвычай проста:
        – Якія вы добрыя, што не забываеце нас. Хоць зрэдку заглядваеце на аганёк. Распранайцеся. У нас ёсць чай.
        Але праз адчыненыя дзверы Яраш убачыў у пакоі Тараса. Хлопец сядзеў за нізкім сталом, застаўленым чайным посудам, услухоўваўся ў галасы і крыху дзіўна ўсміхаўся. Хоць Яраш ведаў, чаму ён тут, і ў душы ўхваляў яго выбар – абы толькі сур’ёзна, але нечаканая сустрэча з сынам тут, у Зосі, збянтэжыла яго, магчыма, нават больш, чым Машу. Ён адчуў сябе як бы ў нечым вінаватым. Што сказаць Тарасу, калі зойдзе ў пакой? Як будзе паводзіць сябе Тарас? Прыйдзецца прасіць яго, каб не прагаварыўся дома, а то зноў будзе скандал.
        Ад гэтай думкі зрабілася да балючасці непрыемна. Тое, што ён вымушаны рабіць з гэтага бязвіннага наведвання тайну, уніжала і абражала. А ўніжэнне для яго, гордага і незалежнага, было самай страшнай карай.
        Яраш пашкадаваў, што прыйшоў сюды.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.