РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сэрца на далоні
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
39
40
22
        
22

        
        Машы падабалася гэтая гульня – сустракацца па чарзе то з адным, то з другім. Яе калегі, напэўна, вельмі здзівіліся б, каб даведаліся, што яна, Маша Літвін, сур’ёзная, разважлівая, акуратная, сумленная і не такая юная ўжо – дваццаць тры гады, – здольная на гэткія жарты. Ды і не такая красуня, каб так млелі хлопцы. Сама яна таксама лічыла сябе непрыгожай, пакутавала ад гэтага, старалася ўпрыгожыць сябе моднымі плаццямі і прычоскамі, але ўпотай амаль рыхтавалася пражыць «векавухай» (так у іх вёсцы называюць старых дзевак). Ды раптам гэтыя хлопцы, кожны па-свойму, адкрылі яе прыгажосць, адкрылі для сябе, а самае галоўнае – для яе самой. Яна асабліва адчула гэта на канцэрце і пасля належным чынам асэнсавала. Канцэрт, праўда, выклікаў цэлую гаму пачуццяў, самых супярэчлівых, але ўсё-такі найважнейшым для яе было адкрыццё: яна можа падабацца. Гэта акрыліла яе. Яна была ўдзячна і Славіку, і Тарасу. Яны былі розныя, вельмі непадобныя, але шмат у чым дапаўнялі адзін аднаго. Каб сплавіць іх характары, рысы і звычкі ў адно, то вельмі можа быць, што ў такога хлопца яна закахалася б адразу, такі набліжаўся б да яе ідэалу.
        Тарас ёй здаўся спачатку сумным. Нават у кампаніі сваіх хлопцаў на канцэрце ён, брыгадзір, трымаўся неяк збоку, тон задавалі смяшлівы Косця і не вельмі гаманкі, але надзвычай дасціпны Генрых. Але пасля двух-трох спатканняў яна пераканалася, наколькі ён глыбейшы і разумнейшы за Славіка, як многа ведае – так многа, што ёй зрабілася боязна. Ён расказваў сур’ёзна, але цікава. Ён да ўсяго ставіўся з цяжкаватай сур’ёзнасцю, з большай, чым нават яго прыёмны бацька, які ўмеў павесяліцца і пажартаваць. А Славік, наадварот, падабаўся ёй за несур’ёзнасць, за лёгкасць, бесклапотнасць. І за іронію.
        З усяго ён смяяўся. Разыдзецца – не дае літасці нікому: ні бацьку, ні сястры, ні сябрам, ні нават сабе. Праўда, да адных, як да Ходаса, іронія злосная, да другіх – бяскрыўдна-паблажлівая. Адну маці, прыкмеціла Маша, ён ніколі не чапаў. Можа, таму Маша і даравала яму гэтыя насмешкі з усіх, нават з Яраша.
        З Тарасам было цікава, са Славікам – весела.
        На трэцім ці чацвёртым спатканні Тарас нарэшце пацалаваў яе, і яна не запярэчыла, не адштурхнула, як Славіка; яна з цікавасцю чакала ўсе вечары – калі ж ён адважыцца?
        Славік зрываў пацалункі, як крадзеныя яблыкі. Знянацку. Яна не дазваляла. Яна вырывалася, давала яму лёгкія аплявухі. Ён падстаўляў шчокі і казаў:
        – Бі, бі... Але май на ўвазе, я лічу, за кожную аплявуху – сто пацалункаў. Ты не расплацішся.
        Ён аднойчы напомніў, што прасіў яе аб адной ласцы – пацалаваць край яе плацця. Яна засмяялася:
        – Пацалуй.
        Ён тут жа на вуліцы (добра, што час быў позні) укленчыў на тратуары, абняў яе ногі і... пацалаваў калена. Такой дзёрзкасці Маша не чакала. Узлавалася, пайшла дадому. Клала слухаўку, калі ён назаўтра, напаслязаўтра, штодня званіў у бальніцу.
        Славік засумаваў. Яму ўсё абрыдла: піжоністыя сябры, модныя дзяўчаткі, ліпсі, пласцінкі з мексіканскімі песнямі, «Паплавок». Яму хораша было толькі з Машай. Таму ён надумаў падпільнаваць яе. Зрабіў засаду на ціхай вуліцы, дзе яна жыла. Дачакаўся, калі, ужо добрым прыцемкам, яна выйшла з дому. Пайшоў назіркам. На суседняй такой жа ціхай вуліцы з прысадамі ліп Маша сустрэлася з хлопцам. Не, не проста сустрэлася. Яны пацалаваліся ў цяні старога каштана. Як малаткі застукалі Славіку ў скроні. Здрада! Чорная здрада! Ён сціснуў кулакі, гатовы кінуцца на саперніка. Але аслупянеў, калі па голасу пазнаў Тараса. Гэта не было абурэнне, не было, бадай, і здзіўленне. Пачуцця свайго ён нікому не мог бы пасля расказаць. Гэта – як удар моцнага электраразраду: ніякіх адчуванняў – і шок.
        Схамянуўся Славік толькі тады, калі пачуў, што яны ідуць на яго. Стала чамусьці страшэнна боязна сустрэцца з імі, ён кінуўся ўцякаць. Павярнуў у нейкі завулак, выйшаў на другую вуліцу... А калі прыйшла злосць і прага помсты, ён вярнуўся назад, але не знайшоў іх. Згараючы ад рэўнасці і крыўды, падумаў, што яна павяла яго да сябе. Кінуўся да яе дома, загрукаў кулакамі ў зачыненыя аканіцы. Выйшаў гаспадар з добрым кіем у руцэ.
        – Паклічце Машу.
        Гаспадар глядзеў на яго як на п’янага. Цярпліва і лагодна растлумачыў, што яе няма дома – пайшла ў кіно. Славік не паверыў, хацеў праскочыць у фортку. Гаспадар паказаў кій.
        Цэлую ноч ён блукаў па вуліцах. Пад раніцу заснуў на лаўцы прывакзальнага сквера. Адтуль з’явіўся на завод у сваім вячэрнім модным гарнітуры. Рабочыя ў прахадной скептычна азіралі яго. Тарас сустрэў у цэхавай раздзявалцы, здзівіўся:
        – Ты дзе гэта быў, што не паспеў пераадзецца?
        – Дзе? – Славік утаропіўся на яго сваімі чырвонымі ад бяссоння вачамі.
        Тарас усміхаўся.
        «Усміхаешся? Радуешся? Чакай жа! Я табе пакажу радасць! Святымі прыкідваліся, гады! Дэмагогію разводзілі аб новай маралі!»
        Яго апанавала халодная разважлівасць у пошуках помсты. Хацелася прыдумаць нешта такое, каб разваліць іх брыгаду, скампраметаваць Тараса і наогул нарабіць груку на ўвесь горад. Але разам з тым яму было ўсё-такі шкада пакідаць завод. Гэта яго стрымлівала ад нечага такога, што магло сапраўды нарабіць вялікага шуму. Проста нахуліганіць – пасадзяць. Садзіцца яму больш зусім не хацелася. Праўда, ён зноў лез пад кран. Зноў пасварыўся з Нінай. Запусціў ключом у Косцю, які паспрабаваў быў пакпіць з яго настрою. Мацюкнуў Галыгу, калі той мацюкнуў яго. Гэта такі нарабіла шуму. Начальнік змены лаяў усіх. Але каб яго, ды яшчэ вучань!.. Пабялеў, затупаў нагамі:
        – Шчанюк! Малюска! Выганю! Сёння ж разлічу.
        Тарас і хлопцы абаранілі Славіка. Яны асцерагалі яго, як скулу. Пакуль ён сустракаўся з Машай, яго нельга было пазнаць: уважлівы, старанны, дасціпна-вясёлы. Хлопцы радаваліся: становіцца чалавекам. І раптам за адну ноч змяніўся, што яго нельга пазнаць, у другі бок, назад.
        Хлопцы мусілі пагадзіцца з Косцевай думкай, што яны слаба ўплываюць на яго. Толькі на заводзе ды ў тыя вечары, калі ім удаецца ўтрымаць яго ў сваёй кампаніі. А што ён робіць, калі застаецца адзін? З кім сустракаецца? З кім сябруе?
        Яны выпрацавалі цэлы план актыўнай разведкі, размеркавалі ролі і абавязкі. Была якраз субота, кароткі рабочы дзень.
        – Што ты думаеш рабіць сёння? – спытаў у Славіка Косця.
        Ён паблытаў ім карты.
        – Паеду на дачу. Нашы едуць. Паблукаю па лесе. Можа, апошнія цёплыя дні. -І раптам да Тараса: – Паедзем разам! – За дзень ён не мог прыдумаць ніякай помсты. А тут у яго нечакана бліснула думка.
        Тарас успомніў, што Галіна Адамаўна неяк упікнула, што ён пачаў забывацца на сям’ю. Ды і Косця маргаў: згаджайся!
        
        
* * *

        
        – Асцярожна ж, хлопчыкі, – ласкава сказала Валянціна Андрэеўна, калі яны выйшлі з дачы, абодва са стрэльбамі на плячах. Маці радавалася, што Славік пасябраваў з Тарасам, з рабочымі хлопцамі і, здаецца, бярэцца за розум. Цяпер яна згаджалася з мужам, што трэба было адразу ўладкаваць хлопца на завод.
        Валянціна Андрэеўна доўга з замілаваннем глядзела ім услед.
        Яны выйшлі на луг. Быў ціхі, але па-вераснёўску бадзёры ўжо адвячорак. На небе ляжалі пашматаныя воблакі, нізкія, высокія, перыстыя і дажджавыя. Быццам нейкая цэнтрабежная сіла разагнала іх у бакі, да небасхілу: у зеніце ясна, а з бакоў блакіт закрылі дагістарычныя кашлатыя звяры, знясіленыя ветразі, што павіслі пасля буры. Сонца засланіў вялізны аднагорбы вярблюд. Але праменні прабіліся паверх горба і пазалацілі воблака-крыло.
        Ад лугавых узгоркаў, выпаленых сонцам да попельнага колеру, дыхала сумным настроем восені. Цешыла вока атава ў лашчынах, але і яе колер мала нагадваў колеры вясны: ніводнай краскі, адна цёмная, як зацвілая вада балота, зялёнасць. На адным з узгоркаў стаяла маладая асінка, амаль уся ўжо чырвоная. Яны прайшлі міма. Тарас пагладзіў асінку рукой і засмяяўся – золатам сваіх лісцяў яна нагадала яму Машу. Славік зірнуў на асінку і, напэўна, усё зразумеў.
        «Смяешся, гад? Радуешся? Хутка ты ў мяне заплачаш». Ён выплюнуў недакурак цыгарэты і запаліў новую. Ён паліў усю дарогу. Гэтае яго глытанне цыгарэт, маўклівасць і асабліва тое, што ад яго патыхала каньяком, не падабаліся Тарасу, насцярожвалі яго.
        «Ну і характар! Не ведаеш, што ён выкіне праз хвіліну. То ў яго славесны панос, то маўчыць як анямелы».
        Яны наблізіліся да густога зарасніку высокай лазы. За гэтай лазой – невялікая старыца, на якой любяць начаваць качкі.
        Раптам Славік спыніўся, павярнуўся да Тараса, які ішоў крыху ззаду. Абразліва плюнуў міма яго недакурак. Зняў з пляча стрэльбу, паставіў прыкладам на пясок сцежкі. Вочы яго гнеўна бліснулі і тут жа пацямнелі.
        – Адзін з нас сёння павінен памерці! – сказаў ён злосна і сур’ёзна.
        Тарас, хоць і адчуваў нешта нядобрае, усміхнуўся, як бы зацікаўлены гульнёй.
        – Умова: разыходзімся і сыходзімся ў лазняку. Хто ўбачыць першы... выпадковы стрэл... Няшчасны выпадак... Больш двух год не дадуць... Не бойся!
        Каб не бліскалі так вочы, не перасмыкаліся вусны і пальцы ліхаманкава не гралі па гранёных ствалах дубальтоўкі, то гэта можна было б палічыць за чарговы Славікаў жарт, няхай недарэчны, дзіцячы, але жарт. А так – Тарас узлаваўся.
        – Для такой гульні ты папрасіў бы Віцю. І не стрэльбы трэба вам – кіі. А я перарос. Ды і табе час...
        – Ты – гад! – закрычаў Славік, пырскаючы слінай. – Ты... Ты... Ты – падлюга! Я ненавіджу цябе!
        – Завошта?
        – Завошта?! Яна мая дзяўчына. Я першы пазнаёміўся!.. Я першы!..
        – Ціў, – свіснуў Тарас. – Чакай, ты пра каго гэта?
        – Хадзем, а то я цябе прыкончу на месцы! – шалеў Славік.
        Тарас нарэшце ўсё зразумеў. Маша неяк прызналася, што яна сустракалася са Славікам. Не сказала толькі, што страчаецца па чарзе з імі. Ён не прыдаў гэтаму значэння. Мала хто з кім раней сустракаўся! Аж вунь яно як павярнулася! Аднак што гэта за метад вырашаць такія пытанні? Скажы, калі ласка, які сярэдневяковы рыцар!
        – Дурань! Яна што, твая прыватная ўласнасць? Ты прысвоіў яе? Ідыёт! У яе свая галава на плячах. І не такая пустая, як твая. Яна сама можа выбраць, з кім ёй страчацца. Пайшоў ты! – Тарас моцна вылаяўся, павярнуўся і, паправіўшы на плячы стрэльбу, шпарка закрочыў назад.
        У душы Славік узрадаваўся, што Тарас адмовіўся ад «каўбойскай дуэлі». Ён, безумоўна, быў упэўнены, што Тарас адмовіцца, калі яму яшчэ там, на заводзе, ускочыла ў галаву гэтая вар’яцкая думка. Але калі ішлі па лузе, спалохаўся: а раптам згодзіцца? Страляе ён лепш і ростам вышэйшы.
        Адмовіўся, спалохаўся, уцякае – гэта, бадай, ужо яго, Славікава, перамога. Няхай паспрабуе цяпер расказаць пра ўсё на камсамольскім сходзе ці дзе хоча – як з яго можна пасмяяцца! А па якіх матывах ён выганіць яго з брыгады?
        Аднак гэтага мала, трэба замацаваць перамогу. Тым больш што злосць не астыла, кіпела.
        – Стой! Буду страляць! – Славік ускінуў стрэльбу і выпаліў угору.
        Тарас уздрыгнуў. Ён ішоў з незараджанай, а гэты тып, выходзіць, зарадзіў яшчэ дома.
        «Ад такога вар’ята ўсяго можна чакаць». Ён спыніўся, павярнуўся:
        – Страляй!
        Славік з узнятай стрэльбай пасунуўся на яго:
        – Хто цябе будзе страляць! Каб прасмярдзеў увесь луг. У цябе ж поўныя штаны ўжо. Дрыжыш? Збялеў?
        Сапраўды, Тарас пабляднеў і дрыжаў. Ён быў з тых, каго ўвесці ў такі гнеў, калі чалавек губляе ўладу над самім сабой, амаль немагчыма. Але няхай сцеражэцца той, хто ставіць сабе такую мэту! А неразумнаму Славіку, відаць, здалося, што ён і напраўду ўтаптаў свайго саперніка ў гразь – спалохаў, зняважыў, збэсціў. Што яму яшчэ дадаць? І ён з усяго размаху даў Тарасу кулаком у сківіцу. Той трохі пахіснуўся, адступіў на крок убок, шырэй расставіў ногі. Крыва ўсміхнуўся:
        – Хіба так б’юць?
        Здаецца, амаль не замахваўся, а Славік адляцеў крокаў за пяць, пляснуўся патыліцай на калючую сухую траву. Стрэльба вывалілася з рук.
        Падхапіўся і пеўнем кінуўся на Тараса. Той даў яму ўдарыць сябе. А потым зноў як бы і не моцным ударам спрактыкаванага баксёра адкінуў яго яшчэ далей. Славік завыў ад шаленства і не падхапіўся, а папоўз да стрэльбы. Тарас кінуўся наперарэз. Падняў Славіка, убачыў, як заплывае ў яго падбітае вока. Спытаў:
        – Хопіць ці яшчэ?
        Славік да крыві пракусіў яму руку. Тарас за гэта аддзячыў яго дзвюма лёгкімі аплявухамі, без удару ўжо адкінуў у лазняк. Схапіў яго стрэльбу і адбег, схаваўся ў кустах. Славік не кінуўся шукаць яго. Сядзеў у лазе, закрыўшы далоняй падбітае вока, і ціха скуголіў – ад злосці, крыўды і болю...
        Валянціна Андрэеўна жахнулася, убачыўшы Тараса з дзвюма стрэльбамі.
        – А Славік? – кінулася яна насустрач.
        – Ляжыць там.
        – Як ляжыць?
        – Я набіў яму морду. Не ўмее абыходзіцца са стрэльбай. Ледзь не падстрэліў мяне.
        Маці глыбока ўдыхнула халоднае вячэрняе паветра і тады толькі пачула, што сэрца няроўнымі штуршкамі пагнала гарачую кроў у пахаладзелыя ногі.
        – Што ў вас здарылася там? Тарас!
        – Нічога. Ён раскажа, – адмахнуўся Тарас, перадаўшы Валянціне Андрэеўне стрэльбу.
        Але размову пачула Наташа. Ускочыла ў пакой, паведаміла бацьку і маці з захапленнем:
        – Тарас набіў Славіку морду.
        – Што ты вярзеш? – абурылася Галіна Адамаўна.
        Малая сустрэла брата на парозе, павісла на шыі:
        – Тарасок, раскажы, як ты вучыў яго страляць.
        – Каго?
        – Каго! Славіка!
        Тарас анямеў: ці не сачыла за імі Наташа? Гэтая праныра прасілася на паляванне. Вось яшчэ не хапала такой сведкі!
        – Божа мой! – пляснула далонямі Галіна Адамаўна. – Ды ў цябе распухла шчака. Што здарылася?
        Падняўся з качалкі Антон Кузьміч, падышоў, павярнуў сына да акна, лёгка свіснуў – здзівіўся.
        – Нічога, сілу мае. Баліць? У панядзелак зробім здымак, каб трэшчыны не было.
        Бацька нічога не распытваў, як заўсёды. Ён чакаў, спадзяваўся, што сын раскажа сам.
        Тарасу зрабілася раптам страшэнна брыдка на душы і сорамна, быццам гэта ён зрабіў нешта вельмі ганебнае. Каб можна было нікому не расказваць, забыцца і нават не ўспамінаць! Але нельга. Ён не ўмее зманіць бацьку. Можна, праўда, змаўчаць. Але сітуацыя такая, што гэта, напэўна, выкліча падазронасць. Не трэба, каб з’яўлялася падазронасць! Яны сябры. Нарэшце, толькі ён, Яраш, можа парадзіць, як яму паводзіць сябе далей з гэтым няшчасным шалапутам.
        – Хадзем, тата, пагуляем. Я маю табе нешта расказаць.
        – Ах, сакрэцікі? – закрычала абураная Наташка. – Ну і хадзіце! Ну і гуляйце! Зазнавакі вы! Я таксама маю сакрэт, у сто разоў цікавейшы за ваш, і ніколі вам не раскажу. – Яна ледзь не плакала ад незадаволенай цікаўнасці.
        – Не лезь, Натка, у мужчынскія размовы.
        – Падумаеш, мужчыны!
        Яраш некалькі разоў свіснуў, адзін раз засмяяўся. Больш за ўсё яго ўразіла і здзівіла Маша. Вось дык рамантычна-задумлівая ціхоня! Ён вінаваты, што запрасіў яе сюды, пазнаёміў хлопцаў. Недарэмна казалі ў старажытнасці, калі здаралася бяда – вайна, сварка, бойка: не абышлося без жанчыны!
        Потым яны абодва колькі хвілін маўчалі. Зайшло сонца. Па-асенняму хутка згусціўся змрок. Пад соснамі стала амаль ужо цёмна.
        Яны думалі ў лясной цішыні. Антона Кузьміча кранула сынава даверлівасць.
        – Ты кахаеш яе?
        – Яна падабаецца мне.
        – Яна доўга сустракалася з ім?
        – Не ведаю. Яна сказала, што сустракалася, а ці многа разоў – я не распытваў.
        – Яму таксама яна сказала?
        – Наўрад.
        – Ты моцна пабіў яго?
        – Не. Нармальна.
        – Ведаю я тваё «нармальна»! Нельга было без мардабою?
        – Я не талстовец. Ён ударыў першы.
        – Трэба расказаць Валянціне Андрэеўне.
        – Навошта?
        – Ты ж расказаў мне. І ўсё стала на месца. А ён не здагадаецца зрабіць гэта...
        Валянціна Андрэеўна, не даслухаўшы, занепакоілася. Маці ёсць маці. Славік здаўся ёй маленькі, бездапаможны, збіты да паўсмерці дарослым і дужым хлопцам. У яе з’явілася нядобрае пачуццё да Тараса, хоць сваім цвярозым розумам яна добра ўсведамляла, што больш разумна, як зрабіў Тарас, зрабіць нельга – у руках у іх была смерць.
        Яны ўтраіх шукалі Славіка на лузе. Маці гукала. Адгукалася рэха.
        Нізіны зацягвала туманам.
        Халадала.
        Матчына трывога расла. Яраш супакойваў жанчыну:
        – Упэўнены, Валя, што ён драпануў у горад. Яму сорамна паказвацца на вочы. Давайце паедзем – і ён будзе дома.
        Яна папрасіла:
        – Антон, не расказвай Кірылу. Баюся, ён не зразумее.
        Недарэчна, што чалавек, які павінен разумець усе рухі чалавечай душы, раптам не зразумее ўласнага сына. Ён, Яраш, усіх разумее.
        Шыковіч сядзеў дома, чытаў новы раман свайго сталічнага сябра.
        Яраш сказаў, што забыўся зрабіць важнае назначэнне цяжкаму пасляаперацыйнаму хвораму.
        – Што ты забыўся – гэта, мабыць, хлусіш, ты ніколі нічога не забываеш. Тут вось, – Кірыла ляпнуў па часопісе, – адзін разумны герой кажа: найлепшаму сябру не давярай дзвюх рэчаў – машыны і жонкі.
        – Не вельмі разумны твой герой.
        – А я табе давяраю дужа часта і машыну і жонку.
        – Валя паедзе са мной, між іншым.
        – А яна што там забылася?
        – Не бойся, едзе і Галіна. Няхай пракатаюцца.
        – Цісніце на ўсе педалі. Не будзеце хоць перашкаджаць.
        Антон Кузьміч не мог не ўзяць жонкі, бо добра ведаў, што спакойнай Галіна не будзе, ведаючы, што ён паехаў у ноч з жанчынай, хоць гэтая жанчына і Валянціна Андрэеўна, жонка сябра, маці дарослых дзяцей.
        
        
* * *

        
        Валянціна Андрэеўна супакоілася толькі каля дома, калі ўбачыла, што вокны кватэры асветлены.
        У яе быў свой ключ. Яна ўвайшла непрыкметна. Заглянула праз шкляныя дзверы ў пакой. Славік ляжаў на канапе без сарочкі, мокры ручнік закрываў левае вока і шчаку. На падлозе стаяла раскаркаваная бутэлька дарагога каньяку. Быў уключаны прыёмнік. Далёкая спявачка даволі прыемным меца-сапрана спявала на чужой мове сумную песню.
        Славік ствараў сабе настрой. Яму хацелася, каб была роспач, душэўная дэпрэсія, каб зрабіўся ненавісным увесь свет. Але такі настрой не прыходзіў. Была, праўда, злосць, заставаўся боль. Але недзе ў мазгавых глыбінях цяплілася думка, што ўсё скончылася для яго не так ужо дрэнна. Жыла недзе побач са злосцю ранейшая павага да Тараса. Разам з тым яму хацелася пераканаць сябе, што ён завёў брыгадзіра ў больш няёмкае становішча, чым апынуўся сам. «Няхай паспрабуе растлумачыць мой нявыхад на работу».
        Але тут жа зноў закіпала злосць і на Тараса і на Машу. Зноў пачыналася напружаная работа разгарачанага мозгу: як адпомсціць ім? Потым з’явілася думка, што ўчынак яго наіўны (больш за ўсё ён баяўся наіўнасці і сентыментальнасці), і сэрца пачалі апякаць дробныя і непрыемныя іскры сораму. Гэта, бадай, было самае пакутлівае пачуццё. Ён тушыў гэтыя іскры маленькімі глыткамі каньяку.
        Не расплюшчваючы вачэй, ён працягнуў руку па бутэльку... І раптам адчуў, што хтосьці забраў бутэльку з-пад яго рукі. Ён падхапіўся з прымхлівым страхам.
        Каля канапы стаяла маці.
        – Мама?! – і зноў упаў на падушку.
        Валянціна Андрэеўна паставіла бутэльку на стол. Падсунула крэсла, села побач, як каля хворага. Паглядзела ў яго здаровае вока. Моўчкі адгарнула ручнік, разглядзела сіняк.
        – Не глядзі так, мама, – папрасіў Славік.
        – Божа мой! Які ты малы яшчэ і дурны. Калі ты ў мяне паразумнееш?
        Малы задзіра, ён крычаў не так даўно ў адказ на папрокі маці: «А чаго яны самі лезуць?» Цяпер ён крыкнуў амаль гэтак жа:
        – А чаму яны не даюць мне жыцця?
        – Хто табе не дае жыцця?
        – Усе!
        – Хто «ўсе»? Усе жадаюць табе дабра. Усе хочуць, каб ты стаў чалавекам.
        – І б’юць па мордзе?
        – А ты хацеў, каб стралялі? Дурань! Скажы дзякуй. – Яна паднялася ў злосці і пайшла на кухню, захапіўшы каньяк.
        Славік зразумеў, што маці ўсё ведае. Тарас расказаў. Гэта страшэнна ўразіла: выходзіць, Тарас мог адразу проста так вось пра ўсё расказаць. Можа, смяяўся нават? Смяяліся ўсе разам: Яраш, бацька, маці, малая Наташка... Дуэль здалася цяпер да дзікасці наіўнай. Сорам пекануў жаркім полымем. Славік закрыў увесь твар мокрым ручніком.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.