РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Вячаслаў Адамчык
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чужая бацькаўшчына
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XI
XI
        
        Каля доўгага, паднятага на цэментовых слупках пакгауза з навiслым прычолкам i вузкiмi задратаванымi вокнамi сабралiся грузчыкi.
        Сядзелi на выступе новае, усланае з сырых негаблёваных дошак падлогi, што прыходзiлася якраз упоравень з падлогаю нiзкiх вагончыкаў вузкае калейкi. Сюды, да пакгауза, ад брукаванае рампы, застаўленай штабелямi папяроўкi, па жалезных, паўяданых у зямлю шпалах беглi тонкiя ржавыя рэйкi. З другога боку блiшчалi роўныя, як нацягнутая навоем пража, са струпамi патушаных ужо каля стрэлак лiхтароў, пуцi шырокай чыгункi.
        Там, за пакгаузам, чмыхаў паравоз, цяжка лязгала жалеза буфераў i пасвiстваў у бляшаны свiсток з гарошынай счэпшчык – падавалi вагоны.
        Грузчыкi, чакаючы работы, курчылiся ад холаду i хавалi ў кiшэнi скачанелыя рукi, каля калень у iх целяпалiся, зашморгнутыя вяровачкай на запясцi, палатняныя торбы з полуднем.
        Пасля ўчарашняга дажджу востры сiвер, сцягваючы вiльгаць, сушыў зямлю. Каля пакгауза камянела сiвая, трохi зеленкаватая, перамешаная з цэментам гразь. За шарым блочным дэпо вузкай калейкi, дзе ў шырокай пройме дзвярэй быў вiдаць нiзкi з доўгiм комiнам паравозiк, выяснiлася неба – вецер ссоўваў адтуль цяжкую, як адломаная крыга лёду, сiняватую хмару. Там недзе збiралася вызiрнуць позняе сонца. У ружаваты, адслонены пасак неба вострым чарапiчным дахам упiралася белая высокая вадакачка. У глыбокiх нiшах вузенькiх вокнаў вiлiся i крычалi каўкi.
        На другi бок пуцей, на чорную абсмоленую страху прысадзiстага склада, стракатаю хмараю апускалiся галубы. Там, у тупiку, стаялi нагружаныя ружаватымi сырымi дошкамi доўгiя платформы, блiшчала, як аблiтая тлушчам, круглая рудая цыстэрна.
        Ад рэек густа пахла мазутам, перагаранаю цёплаю смалою нясло ад чорных, складзеных у штабель там, за пуцямi, новых шпалаў. Дыхала салодкiм чадам – недалёка ад загнутае помпы мiж рэек тлеў i лускаў чырвонымi вуглямi высыпаны з паравоза шпур. Марудны ў замусоленай рагатыўцы чыгуначнiк, шоргаючы шуфлем, сыпаў яго ў жалезную тачку.
        – Гэй, вязi сюды, дай пагрэцца! – крыкнуў i саскочыў з выступу падлогi на ржавыя, паўяданыя ў зямлю жалезныя шпалы тоўсты, мардаты грузчык з круглым i лiловым, як слiўка, носам.
        – Iдзi бяры шуфель – пагрэешся, чаго ж! – пераважваючы цераз рэйкi тачку, азваўся чалавек у чорнай рагатыўцы.
        – Пшэцеш, каб да свое жонкi ў помач паклiкаў, то пэўна не адказаўся б…
        – Гы-гы-гы, – затраслiся ад рогату грузчыкi. Высыпаўшы за вадакачкаю растоплены ў мiгатлiвыя лiловыя пляйстры перагараны вугаль, чыгуначнiк, нiбы нiчога не чуючы, папхнуў тачку назад.
        – Ну, як сабе хочаш: скупы два разы трацiць, – крыкнуў зноў яму ў спiну мардаты грузчык, тутэйшы, з Дварчанаў, паляк Вунгер, па мянушцы Лялька.
        – А што, у яго жонка добрая? – спытаўся даўганосы, з косым трохi вокам, што глядзела недзе ўбок, а не на Вунгера, грузчык у злiнялых плацянковых портках са скручанымi i падвязанымi вышай костачак калошамi.
        – О, холера ў бок, бабця, як рэпа, – пакруцiў тоўстаю булаватаю галавою Вунгер. – Толькi не з твоiм, Восiп, носам, – i крыва засмяяўся, выскаляючы шырокiя, як лапаты, верхнiя зубы.
        – Чаму не з яго? – перапытаў Iмполеў брат Платон, драбнейшы за яго, Iмполя, рыжы, губаты, з рыжымi вейкамi, што сядзеў тут, перабiраючы ў кiшэнях i кiдаючы ў рот вялiкiя сухiя крошкi. – Дзе вывеска, там i крама…
        – Гы-гы-гы, – заплюшчыўшы вочы, душылiся ад смеху i налiвалiся чырванню ў тварах грузчыкi. З’ехаўшы з выступу падлогi i ўзяўшыся за жывот, не мог устояць на нагах маладзейшы тут за ўсiх, з рэдзенькаю, яшчэ не чапанаю брытвай, атаваю шчацiны, што занялася каля вушэй i на вострым вуграватым падбародку, верасаўскi Сяргей Рэпка.
        – Што праўда, то праўда, – Вунгер выцер рукой чырвоныя, налiтыя слязьмi вочы. – Каб Восiп за парог чапiўся ды на свой нос не абапёрся, то пэўна ўпаў бы.
        Восiпава вока пачало касiць, заязджаючы ў куток.
        – Глядзi лепш на сябе. Ты майго носа не носiш.
        – Скажу, што i табе не лёгка – пацягай гэткi дышаль.
        – Пацалуй ты мне, Лялька…
        – Ну, знаеш… – Вунгер раптам перастаў смяяц ца. – Адзiн, кажуць, пацалаваў – тры гады аблiзваўся.
        Грузчыкi зашмыгалi насамi, запэрхалi сухiм кашлем, адварочваючыся i закрываючы рукамi рот – iх яшчэ рваў смех.
        – Ну, хлопцы, што задужа, то не здрова, – Платон Верамей, скрывiўшыся, выплюнуў з рота перамешаныя з тытунём горкiя крошкi i саскочыў на зямлю. – Аднаго можна так i заездзiць. Праўда, Восiп?
        Восiп адвярнуўся, затрубiў носам i, адкiнуўшы крысо доўгага паўшубка, памянцiў рукою па злiнялых портках.
        Восiп быў трохi як недапечаны, сюды на работу яго прыводзiў Платон. Яны прыходзiлiся сваякамi i былi з Дубатоўкаў, самае блiзкае ад Дварчанаў вёскi, адкуль былi, калi не лiчыць Вунгера i верасаўскага Сяргея Рэпку, усе грузчыкi.
        Адсюль, ад станцыi, вёску заступаў напалавiну падкопаны стромы груд: белаваты, як чэрствы хлеб, пры сподзе пазарастаны травою i купешкамi, што, адарваўшыся ад тоўстае губы абвiслага берага, ехалi сюды ўнiз. Пры самым беразе, вывалiўшы, як япрук, гладкi азадак, сядзеў вялiкi ружовы камень. Збоку ад грудка, высунуўшыся белым атынкованым шчытом з цёмнага акенцам, стаяла першая дубатоўская хата. Далей, падступаючы да станцыi, зелянела цёмнае i густое, што атава пад восень, маладое дубатоўскае жыта.
        Год пяцьдзесят назад, калi тут вялi чыгунку, казна адабрала палавiну лепшае дубатоўскае зямлi. Сплацiць за яе не паспелi – пачалася вайна, прыйшлi немцы, потым палякi. Дубатоўцы ўжо не ведалi, з каго спаганяць грошы.
        Цяпер яны жылi са станцыi – кралi, што нарвецца пад руку: скрутак дроту, кавалак рэйкi, канчар дошкi цi старыя рассохлыя шпалы. Валаклi ўсё, бо ведалi, што ўсё прыдасца ў гаспадарцы. А найбольш пiльнавалiся падхватнае работы: на станцыi, разгрузiўшы вагон солi цi наладаваўшы платформу папяроўкi, можна было зарабiць якi злот.
        Работы было вобмаль – дубатоўцы мянялiся: сёння ты робiш, заўтра – я.
        Чужых сюды, на станцыю, дубатоўцы не падпускалi. Стычкi былi найболей з Ведравiчамi, маленькаю, хат на трыццаць, вёсачкаю, што сыходзiлася з Дварчанамi з другога боку. Завiнулiся яны даўно, яшчэ за сервiтут – куток пашы, якi нiяк не маглi раздзялiць: дубатоўцы згубiлi свой межавы план.
        I цяпер яны ўзялi ў нораў: раз ведраўскi, спуску не давай – бi i не прагадаеш, ён вiнаваты. I бiлi, падпiльнаваўшы дзе на кiрмашы, на фэсце, i не вельмi зважалi – стары цi малы. Скончылася ўсё тым, што ведраўцы зарэзалi Сямёна Качаргу, урэднага i зацятага да бiтвы хлопца.
        Было гэта ў леташнюю весну тут, на станцыi.
        Сыраватай ранiцай, прыпазнiўшыся i пацепваючыся ад дрыжыкаў, дубатоўцы падышлi сюды, да пакгауза, а тут ужо на выступе падлогi, звесiўшы босыя ногi з аброшанымi калошамi, сядзелi ведраўцы. Рагаталi, жмурачыся ад нiзенькага сонца, чакаючы работы.
        Дубатоўцы, знiякавеўшы, спынiлiся каля рампы i ўсе, нават не змаўляючыся, пачалi азiрацца кругом сябе, каб знайсцi што падхватнае ў руку.
        – Хлопцы, бi гэтую мошку! (На ведраўцаў была мянушка «мошкi».) – крыкнуў Качарга, першым выдраўшы з рампы важкаваты камень.
        Ведраўцам як заняло дух – яны сцiхлi, пераглядаючыся мiж сабою, чакалi, што будзе далей, але, убачыўшы, што дубатоўцы дружна нагнулiся над рампаю, як спуджаныя авечкi, падбiваючыся адзiн аднаму пад ногi, сыпанулi на другi бок пакгауза. Iм наўздагон, цяжка круцячыся, паляцелi круглыя ка меннi, дзе цюкаючы i адскокваючы ад рэек.
        Перад самым вуглом нечы камень насцiг высокага, у шарачковым пiнжаку хлопца. У таго неяк раптам заплялiся ногi, i ён тыцнуўся носам мiж мокрых ад расы рэек у маладую, яшчэ не выпалатую траву. Двое ведраўцаў, вярнуўшыся, падхвацiлi яго пад пахi.
        Дубатоўцы падбеглi туды, за пакгауз, але ў iхнiх руках каменняў ужо не было.
        – Чаго ж стаiш? Хадзi блiжай, хадзi! – асмялелi ўжо ведраўцы, прыпынiўшыся па другi бок пуцей, каля шчыльна абгароджанага старымi шпаламi вугальнага склада, дзе чмыхаў дымам, паднiмаючы над комiнам адарванае драцяное сiтца, мурзаты паравоз.
        Ачуняўшы, на нагах ужо стаяў той высокi у шарачковым пiнжаку хлопец, круцiў галавою, як круцiць ёю пабiты баран.
        – Ну хадзi, раз ты такi храбры, – патрос недзе ўжо, мусiць, выкашчаным з травы каля плота клямарам плячысты, на крывых нагах, ведравец. – Хадзi! Чаго ж баiшся?..
        Дубатоўцы круцiлi галовамi i суха паплёўвалi, паказваючы чырвоны кончык языка.
        Сямён Качарга маўчаў, скрывiўшы набок галаву i падняўшы адно брыво, цiкаваў туды, на ведраўцаў, як цiкуе, напалохаўшы курэй i сеўшы на кол, пануры каршун. I ў яго гэтак драпежна загiнаўся нос, як загiнаецца дзюба ў каршуна.
        Ведраўцы, трасучы кулакамi, крычалi адзiн перад адным:
        – Ну хадзi, раз такi рызыкант!
        – Чаго ж напусцiлi ў порткi?
        – Гы-гы, ваякi!
        – Завяжы калошы!..
        Сямён Качарга крыва засмяяўся, памалу пераступiў цераз рэйку i пайшоў туды, ганарыста задраўшы голаў, як, бывае, iдуць адзiн да аднаго, завiнуўшыся за што, дзецi. Дубатоўцы, згледзеўшы каля пакгауза кучу ржавых кастылёў, кiнулiся туды, сапучы, граблi iх у рукi. Нехта адрываў ад пажарнага шчыта вострую, з кароценькай ручкай кiрку.
        Але ведраўцы не ўцякалi. Падпусцiўшы блiжай да сябе Качаргу i бачачы, што ён ужо далекавата адлучыўся ад сваiх, неяк цiшком i прыгнуўшыся рушылi да яго. Прытоптваючы рукою натапыраную, з пакладзенаю ўсярэдзiне папераю, кепку. першым бег той самы з крывымi нагамi ведраўскi хлопец, махаў доўгiм, што збiваюць паколатыя шпалы, клямарам. За iм краўся, як кот да мышы, малады, гадоў семнаццацi цi дзевятнаццацi, хлопец у выцвiлым кароткiм пiнжаку. Адставiўшы назад руку, хаваў нешта ў ёй.
        Качарга раптам спынiўся, не ведаючы, што рабiць – стаяць цi ўцякаць ужо назад.
        – Не пускай! Рашай яго тут, на месцы! – махнуў клямарам крываногi.
        Закрываючыся локцем, Качарга пачаў адступацца назад. Зачапiўся нагою за рэйку. Упаў, перакручваючыся i абапiраючыся на рукi. Але падняцца ён ужо не ўскораў.
        Апярэдзiўшы крываногага, да Качаргi падскочыў той маладзенькi ведраўскi хлопец, замахнуўся, раптам паказаўшы складаны, з доўгiм, вузкiм лязом нож, i, выскаляючы зубы, цяў iм Качарзе ў спiну, якраз недзе пад левую лапатку.
        Абапiраючыся на рукi, Качарга пастаяў ракам, потым, як хто яго папхнуў, тыцнуўся тварам у залiтыя мазутам шпалы. Перавярнуўся на спiну i, задыхаючыся ад удушлiвае гарачынi, пачаў драць рукамi грудзi.
        – Тваю маць! Што робiш? Што! – прысядаючы i трасучы кулакамi, заенчыў нехта з дубатоўцаў. Яны ўжо спяшалiся на помач, на бягу шпурлялi гэтымi доўгiмi жалезнымi кастылямi.
        Убачыўшы, што нарабiлi бяды i што дабром гэта не мiнецца, ведраўцы крута завярнулi назад, рассыпалiся хто куды.
        Дубатоўцы якi мiг пастаялi над Качаргою, убачыўшы, як у яго ўжо сiнеюць губы i ён вяне, мяняецца ў твары, кiнулiся за ведраўцамi, не спускаючы вока з таго маладога хлопца ў выцвiлым картовым пiнжаку.
        Рашылi б яго, пэўна, на месцы. Але ён, як ведаючы, што далёка не ўцячэ, заскочыў у аптэку, што была якраз блiзенька да станцыi, i ўскораў закiнуць на прабой у дзвярах тоўсты крук.
        А тут надарыўся палiцыянт Гура – прыйшоў купляць лякарства.
        Ведраўскага хлопца засудзiлi, але далi ўсяго тры гады – на дубатоўцаў даўно мелi вока гмiна i пастарунак.
        Пасля гэтага сюды, на станцыю, ведраўцы не патыкалiся. Пiльнуючыся падхватнай работы, з ранiцы да вечара каля невялiкага, пабеленага, з вострым чарапiчным дахам вакзала, каля станцыйных складоў i заваленай дзеравам рампы тулялiся адны дубатоўцы.
        На дварчанскай станцыi штатнымi грузчыкамi былi толькi двое татараў, братоў Кулемiных, ды пры сiндыкаце, да якога належалi пакгауз i склад – даўнейшая нямецкая бойня ў канцы Дварчан, сталую работу мелi: дварчанскi паляк Вунгер, дубатоўскi Платон Верамей ды верасаўскi Сяргей Рэпка.
        Сёння ў сiндыкат прыйшло ажно чатыры вагоны цэменту, i работы павiнна было хапiць усiм – i сталым, i падзённым грузчыкам.
        Падбiваючы полы стракатай, падпяразанай шырокiм паскам ясёнкi i расставiўшы кароткiя рукi, сюды подбегам iшоў сiндыкацкi загадчык, чырвоны, з тлустымi, абвiслымi шчокамi Давыдоўскi. З-пад яснай, у цёмную клетку, збiтай набакiр кепкi лезлi кудзеркi сiвых, як дзiчка-воўна на благой авечцы, валасоў.
        Разам з iм сiгаў цыбаты, у даўгаватым, па каленi, паўшубку з цыгейкавым каўняром станцыйны вагаўшчык.
        Прыжмурваючыся ад ружаватага з пазалочаным абадком сонца, што ўсё вiсела за дэпо, забэрсаўшыся, як у сетцы, у чорным галлi старога явара, грузчыкi глядзелi на Давыдоўскага i ўсе разам, уцяўшы галовы ў плечы, чакалi, што скажа ён.
        – Ого, сiла ёсць, – пакаўзнуўся ён на высушанай, з белаватым лядком лужыне.
        – Сiла ёсць, абы была работа, – пацёр пасiнелыя рукi Восiп, i вока яго пачало хавацца недзе пад века.
        – Вi чуеце, што ён кажа, га? Вi чуеце? – Давыдоўскi злавiў i кiнуў наводлiў рэдзенькую, што набегла пад носам, кроплю. – Каб ты, Ёська, здароў быў, каб ты!
        Засмяяўся адзiн толькi вагаўшчык, паказваючы жоўтыя ад курыва зубы. Дубатоўцы маўчалi.
        – Так сколека тут вас? – Давыдоўскi ўсадзiў руку ў адтапыраную, абшморганую кiшэнь ясёнкi, забразгаў ключамi.
        – Усiх разам восем чалавек, – сказаў i кiнуў у разяўлены рот сухую крошку хлеба Платон Верамей.
        – Восем, восем, больш не просiм, – пакручваючы на тоўстым, нiбы ўджаленым, пальцы звязак ключоў i неяк коса, нiбы пятамi ўперад, ставячы ногi, Давыдоўскi пайшоў на другi бок пакгауза.
        За iм, унурыўшыся, пацягнулiся ўсе грузчыкi.
        Каля пакгауза, упiраючыся шырокiмi бакамi ў выступ падлогi, стаялi чатыры кароткiя вагоны, зпад задняга, што не меў ручнога тормаза, тырчалi сырыя драўляныя калодкi.
        – Так сколека, кажаш, – падняўшыся па дашчаных сходах на выступ падлогi, перапытаў Давыдоўскi i павярнуў усыпаную сiвымi стручкамi патылiцу, вызiраючы Платона Верамея.
        – Усiх разам восем, – адазваўся за Верамея Вунгер.
        – Ага, значыць, восем, – прыплюшчыў адно вока Давыдоўскi, i рот у яго разявiўся. – Тады двух пойдуць чысцiць цыстэрну. Дзе гэты наш Рэпка? Га?
        – Тутака я, – аказаўся Сяргей, задзiраючы голаў i спатыкаючыся на сходах.
        – Ты чуеш што?
        – Што? – Рэпка ссунуў чорныя, што зраслiся над пераноссем, бровы.
        – Трэба пачысцiць цыстэрну. Ты чуеш што? Вунь тую, што ўчора была з бензiнай.
        – Ну чую, чую… Каго толькi ўзяць яшчэ?
        – Ну каго, Ёсiпа, каго?
        – Чаму гэта мяне? – азваўся недзе ззаду ўсiх Восiп. – Сколека там заробiш?
        – Сколека дам, толека i заробiш, – парыпваючы выступам падлогi, Давыдоўскi падышоў да першага вагона, там ужо, збiраючыся зразаць пломбу, вагаўшчык нешта запiсваў у кнiжачку з ружаватымi квiтамi.
        – Ну, Восiп, iдзём, iдзём. Чаго азiраешся, як баран на гавечку. – Сяргей Рэпка абышоў вагоны i, прыгнуўшыся, скочыў на шпалы.
        Восiп, як голуб, зiрнуў адным вокам унiз i вярнуўся назад, на сходы.
        – Гэй вы, – крыкнуў Вунгер, калi Восiп схаваўся за вагонамi. – Люк!.. Нiжнi люк не забудзьцеся адчынiць!
        За вагонамi нiхто не азваўся.
        – Вот афэрмы.
        – Пашлi дурнога, а за iм другога, – плюнуў Вунгер.
        – Ну што яны, маленькiя, цi што, – зломкам жалеза Платон Верамей поркаўся ў шчылiне, каб зрушыць з месца распламбаваныя дзверы вагона.
        Прытаптаўшы пры сцяне верхнюю адзежу i кiнуўшы туды торбы з полуднем, дубатоўцы дружна падскочылi да яго i з крыкам: «Опля! Яшчэ раз – разам!» – адсунулi цяжкiя, на жалезных колцах, дзверы. З вагона запахла цёплым сухiм цэментам – у шырокай пройме дзвярэй шарэлi роўненька i аж пад самы дах складзеныя папяровыя мяхi.
        Большы тут за ўсiх Платон сцягнуў зверху шапаткi пляскаты мех. На шырокую спiну Вунгера, што ўжо стаяў, сагнуўшыся i выцягнуўшы назад тоўстыя, кароткiя рукi, закурыўся сiваваты, як попел, цэмент.
        – Гэй, не лезь раней бацькi ў пекла! Дай склад адкрыю! – закрычаў Давыдоўскi, адкiдваючы завалу i расчыняючы шырокiя, на дзве палавiны, дзверы.
        Услед за Вунгерам у цемнаваты пакгауз сунулiся дубатоўцы. Прыгнуўшыся, сапучы ад натугi, асцярожна пераступалi цераз парог – няслi, трымаючы спадыспаду рукамi, па два пляскатыя мяхi. Твар у iх чырванеў, на шыi выступалi, надуваючыся тоўстымi вяроўкамi, жылы, некаторых пахiствала ад цяжару.
        – I куды яны рвуцца, куды? – цiснуўся ў вузкiм праходзе мiж новых сiненькiх арфаў i махаў кароткiмi рукамi Давыдоўскi, падымаючы з бэлек вераб’ёў, што з адчайным цвiрканнем ляцелi ў другi канец пакгауза.
        – Сюды, сюды нясi, – паказаў ён у пусты, за арфамi, кут.
        Грузчыкi, прысядаючы, асцярожна спускалi з плячэй мяхi. Вунгер першым скiнуў свае, браў iх, як падушкi, за абодва рагi, нёс перад сабою ў зацярушаны поцемкам кут, складаў адзiн на адзiн.
        Грузчыкi, выдыхнуўшы з сябе той дух, што спiраў грудзi, вольна выпроствалi спiны i, нацягнуўшы глыбей на галаву шапку, звесiўшы доўгiя рукi, iшлi назад.
        – Гэй, давай-давай, варушыся, адры тваю качана, – пырскаў смяшком з вагона Платон Верамей.
        – Не падганяй, бо не вельмi паедзеш, – ганарыста агрызалiся грузчыкi.
        – Не аднеквайся, давай-давай!
        Грузчыкi зноў адзiн за адным падыходзiлi да вагона, станавiлiся спiною i нагiналiся, выцягнуўшы назад тоўстыя з патрэсканымi далонямi рукi.
        Асiплым, пракураным голасам там, у пакгаузе, пачынаў спяваць Вунгер:
        
Ты мне мувiла, жэ замонж не пуйдзеш,
А тэраз з iнным шлюб взенла…
        
        – Во, чуеш, ён, мусiць, iзноў успомнiў жонку таго каляяжа, – сцягваў верхнiя мяшкi i жмурыўся, каб не запарушыць вочы, Платон Верамей.
        – Эх, мувен пану, кавал рэпы! Персi, як цясто на макарон! – гукнуў з цемнаты пакгауза Вунгер.
        – Гы-гы-гы, а ты ўжо i памацаў, – зарагатаў нехта з грузчыкаў.
        – Для хцонцэго нiц труднэго.
        – Хi-хi, га-га, – душылiся ад смеху грузчыкi.
        – I чаго вас дрэчыць, чаго? Дайце паслухаць, вунь нешта чалавек крычыць, – Давыдоўскi, прыклаўшы да вуха далонь i схiлiўшы набок голаў, падбег на край падлогi.
        Сюды, да пакгауза, падняўшы ўгору абедзве рукi i трасучы iмi, бег i крычаў нешта той самы чалавек у чорнай рагатыўцы.
        – I што ён крычыць? Вы чуеце, што ён крычыць? – Давыдоўскi азiрнуўся на грузчыкаў.
        Выцiраючы ад цэменту сухiя рукi, яны падыходзiлi ўжо сюды, дзе стаяў Давыдоўскi. Нейкi ўжо насцярожаны, з вытрашчанымi вачмi, з вагона выскачыў Платон Верамей – на яго пляскатай з выгнутым брылём кепцы, на грудзях, на зморшчаных рукавах старога шарачковага пiнжака бялеў пыл.
        – I што там такое? – высунуўся з пакгауза i прыпёрся адным плячом да вушака Вунгер.
        – Хлопцы вашы вуньдзека, хлопцы!.. – падбегшы сюды, задыхнуўся чыгуначнiк у чорнай з лакiрованым брылём рагатыўцы.
        – Што хлопцы, ну што? – затрос абедзвюма рукамi Давыдоўскi.
        – Задушылiся ў цыстэрнi…
        – Перахрысцiся, чалавек, што ты кажаш!
        – Ну, – засоп задыханы чыгуначнiк i выцер рукою белы пад рагатыўкаю лысаваты лоб. – Вунь аднаго ўжо дасталi.
        Грузчыкi раптоўна змянiлiся з твару, падцялi губы, апускалi, хаваючы адзiн ад аднаго, вочы.
        – Ну што? Што стаiмо? – Платон Верамей зверавата азiрнуўея на ўсiх i першым скочыў з выступу падлогi, з рыжае раскалмачанае галавы ў яго звалiлася i лягла дагары, паказаўшы чорнае ад поту дно, кепка. Ён скоранька падхапiў яе.
        Дубатоўцы адзiн за адным скакалi на тлустую ад мазуту зямлю мiж рэек. Прысядалi i хваталiся адною рукою, каб не звалiлася кепка. Астатнiм злазiў, задзiраючы стракатую ясёнку, тоўсты, няспрытны Давыдоўскi. Платон Верамей ужо бег пуцямi туды, да нiзкага прысадзiстага склада з абсмоленым блiшчастым дахам, дзе за чырвоненькiмi вагонамi, за доўгаю, наладаванаю белымi сырымi дошкамi платформаю стаяла цыстэрна. Там вiлiся стракатаю хмаркаю патрывожаныя галубы.
        – Гэй, стой, поезд вунь! – крыкнуў Верамею чыгуначнiк у рагатыўцы, зiркаючы то на чорны паравоз, што высунуўся з-за пераезднае будкi, аглушыўшы ўсё раптам нiзкiм грукатам, то на Верамея, што бег, высока паднiмаючы ногi i пераскокваючы цераз рэйкi.
        На стрэлках суха, як церлi жалеза аб жалеза, завiшчалi колы, паравоз, здаецца, аж хiснула ўбок – па рэйках пайшоў тугi звон. З паравоза высунуўся мурзаты з белымi зубамi машынiст, трымаючы ў руцэ драцяны абруч жэзла. На вагоны з цэментам, на бляшаны, ужо мутнаваты, як вада ўвосень, дах пакгауза падаў клубкамi белы з жоўцю дым.
        Перад грузчыкамi, мiльгаючы вялiкiмi чырвонымi коламi, праляцеў чорны паравоз, дыхнуў распараным цяплом i мазутам, мяккаю багнаю загойдалася тугая зямля.
        Угiнаючы на стыках рэйкi, затахкалi, замiльгалi дзвюма дзiрачкамi чорныя ад мазуту колы вагонаў. Грукат закладваў вушы.
        Ганяючы вецер, ляцелi, злiвалiся ў адзiн цёмнакарычневы бясконцы пас вагоны. Не спыняючыся, поезд мiнаў станцыю.
        Нарэшце пас абарваўся, раптоўна адсланiўшы перад вачыма свет. Пахiстваючыся, з цяжкiм жалезным грукатам паляцеў астатнi вагон. У тамбуры, пад доўгiм застрэшкам, курчыўся, хаваючы, як у муфту, у рукавы свае скачанелыя рукi, кандуктар.
        Грузчыкi пачалi перабягаць гэтыя, яшчэ, здаецца, гарачыя, выкатаныя да сiвага алавянага бляску рэйкi, у якiх ныў тугi грукат i звон.
        Астаўшыся ад усiх, соп i блытаўся ў доўтiх полах ясёнкi распараны, змакрэлы Давыдоўскi.
        Каля цыстэрны ўжо стаяў палахлiвы, як на пажары, галас. Растрывожаным мурашнiкам варушылася купка нейкiх чужых, што збеглiся сюды, людзей.
        Перабiраючы рукамi тонкiя пруты жалезных драбiнцаў, на цыстэрну лез Платон Верамей. У адкрытым люку хавалася ўжо нечая зiмовая, з зашпiленымi наверсе вушкамi, кепка.
        – Стой, куды лезеш! Стой, кажу! – задыхнуўся ад крыку Давыдоўскi i, ужо не могучы бегчы, прыцiшыў хаду – трымаўся абедзвюма рукамi за грудзi. – Люк нiжнi адчынi, люк!..
        – Адчынiлi даўно… Чаго ён там? – нехта са злосцю аказаўся з купкi. – Схадзiў, бачыш, па розум… Трэба было гаварыць iм!
        Купка расступiлася. Сапучы адзiн аднаму ў плечы гарачаю параю, задзiраючы галовы, дубатоўцы шылiся туды, блiжай да цыстэрны, дзе на тлустай, выгаранай ад мазуту зямлi, у неглыбокай, даўгаватай, як начоўкi, ямцы, падвярнуўшы галаву i ўпiраючыся цеменем у шпалу, выпручваўся, дзёр абцасамi тлусты пясок, выгiнаў спiну, як хацеў з-пад некага выцерабiцца, зжоўклы ў твары, страшны, з перакошаным ротам даўганосы Восiп.
        Рукi яго з растапыранымi пальцамi выцягвалiся i дрыжалi, як дрыжаць i выцягваюцца лапкi ў падбiтай насмерць пташкi. З кутка рота, пенячыся бурбалкамi, iшла слiна.
        – Паветра яму дай, паветра, – разводзячы локцямi дубатоўцаў, да Восiпа лез Вунгер.
        – Ага, гэта ж як чад…
        – А што, i праўда…
        Вунгер укленчыў, з сухiм трэскам разлупiў у Восiпа на грудзях паркалёвую ў жоўтыя выцвiлыя пасачкi рубашку, загаляючы худыя, сiняватабелыя з чорным пушком грудзi.
        Восiп пачаў раптам неяк вянуць, згортвацца, як сыры лiст на агнi, захлiпаючыся, хроп. У нерухомых жаўтаватых зрэнках чах нежывы бляск.
        Вунгер злавiў яго вялiкую руку, знайшоў вышай костачкi пульс, паслухаў, пакруцiў галавою i падняўся, абцiраючы з каленяў пясок:
        – Гэты ўсё… гэты ўжо гатоў.
        Падцiнаючы губы, грузчыкi моўчкi саплi. Чулi, як мурашкамi па спiне казычацца холад.
        – Хлопцы, а гэты жывы, яшчэ жывы! – з люка цыстэрны высунуўся i схаваўся зноў руды, пабiты воспаю твар татарына Кулемiна.
        – Няўжо? – на зямлi заварушылiся, пачалi падбягаць да чорнай смярдзючай цыстэрны – ад яе ўдушлiва пахла бензiнам.
        – Во, пульс яшчэ б’ецца! – глуха, як з глыбокае ямы, закрычаў Кулемiн.
        – Цягнi ж скарэй! – стоячы на жалезных, прыробленых да цыстэрны драбiнцах, у люк пераважыўся, усунуў голаў Верамей. Цi то ад страху, цi то ад пруткасцi, ногi ў яго дробненька калацiлiся.
        – Пад пахi вазьмi, цi чуеш? Пад пахi!
        – Хлопчыкi, памажэце ж iм, хлопчыкi!.. – за драбiнцы чапляўся, не дастаючы кароткаю нагою да нiжняе ляскi, тоўсты Давыдоўскi.
        Усунуўшыся глыбей у люк i згубiўшы там сваю кепку, Платон Верамей выцягнуў наверх ужо звялага, з абвiслаю галавою Сяргея Рэпку.
        Да цыстэрны кiнулiся, замiнаючы адзiн аднаму, i стаўклiся, як бяспамятныя з гарачкi, дубатоўцы.
        Трымаючыся адною рукою за драбiнцы, а другою абхапiўшы Сяргея Рэпку, як нясуць, абхапiўшы, пад пахаю тоўсты сноп, Платон Верамей спускаўся да зямлi. На Рэпку задзiраўся шарачковы пiнжак з чырвонаю радзюжнаю падкладкаю, з порткаў выязджала палатнятая згамтаная сарочка, паказваючы сiняе вышэй клуба цела.
        Падступаючыся, выцягнуўшы ўгору рукi, дубатоўцы падхвацiлi Рэпку i ўсе разам, збiўшыся з хады, паняслi яго далей ад Восiпа, на рудаватую, як зайцава поўсць, траву.
        З перапалоханым дзiвам за iмi беглi, шастаючы нагамi па высушанай замаразкам чэзлай траве, i цесна абступалi iх пазбяганыя адусюль чужыя людзi.
        – I чаго вы ўсе працеся туды, чаго? – з цыстэрны вылез i крычаў ужо чырвоны, сп’янелы ад удушлiвага бензiнавага духу татарын Кулемiн. – Вот, скажы ты, дзiва знайшлi! Каб доктара хоць паклiкалi.
        Некаторыя прыпынiлiся, пачалi азiрацца.
        – Дзе ж той дохтар жыве, дзе?
        – На Касцельнай!.. Пятроўскi вунь!..
        – I проўда ж!
        – Я збегаю, я, – з купкi выбег дробны, год шаснаццацi, з заечай чырвонай губою, хлопец.
        – Ага, збегай, сынок, ага, – замахаў абедзвюма кароткiмi рукамi Давыдоўскi.
        Угнуўшыся, высока падкiдваючы абцасы, хлопец абмiнуў цыстэрну, пераскочыў iржавыя тут, у тупiку, рэйкi i схаваўся за рогам дашчанага склада, падняў з даху стракатую хмару галубоў. З усяе моцы ляпаючы тугiмi, як макраватымi, крыллямi, галубы паднялiся ўгору, з мяккiлi шумам паплылi, робячы шырокi круг, коса завярнулi назад, але не селi. Перапалохаўшы, iх зноў паднiмаў угору тонкi бабскi крык. З блiзкае вулiцы, што была за чыгуначнымi складамi, сюды збягалiся задыханыя, устрывожаныя мяшчане. Нехта нёс, разлiваючы, у палiваным белым кубку ваду.
        – Ах, божачка, што з iмi? – бабы навальвалiся на чужыя плечы, дыхалi гарачынёю ў вуха, глядзелi, як Вунгер трос, узяўшы за плечы, i ўжо не мог адтрасцi Сяргея Рэпку.
        – I з чаго ж гэта, га?
        – Як з чаго? – трохi паварочваў назад голаў – збоку былi вiдаць пукатае карае вока i добра не выгаленая бародаўка на шчацэ – чалавек у чорнай рагатыўцы. – Чысцiлi цыстэрну, а там яшчэ газ ад бензiну быў. Люк трэба было адкрыць – праветрыць, а яны палезлi абсэсам…
        – Няхай крые бог! А я i не ведала, што бензiна – гэтакая атрута.
        – Дзiва што, як чад.
        – А-яй-яй-яй!
        Чыгуначнiка ўжо абступiлi, цiснулi, каб паслухаць, тыя, хто толькi прыскочыў сюды.
        – То чаму ж не ратавалi? – чалавек у доўгай суконнай бурцы, падвязанай жоўтым путам, паторкаў ялаўцовым пужальнам у сваю кепку – падсунуў яе вышай на лоб.
        – Ага, скажаш, – абярнуўся да яго чыгуначнiк у вострай i зашмальцаванай ззаду рагатыўцы. – Такi газ… Усунься, не ведаючы. Добра, што грузчыкi блiзка былi ды вунь зналi, што трэба нiжнi люк адкрыць. А то ж дастаў бы ты iх? Скажаш…
        Людзi круцiлi галовамi i цiха адыходзiлi ад чыгуначнiка, лезлi ў цесны круг, што самкнуўся над нябожчыкамi.
        Восiпа таксама прынеслi ўжо сюды, на гэтую сухую белаватую траву ў счарнелых калiвах палыну i нiзкага крываўнiку. Вострая, трохi раздвоеная Восiпава барада з нявыгаленым худым падбародкам задралася ўгору. Каля вуха, займаючы мочка, разыходзiлася, паўзла па пашчэнку цёмна-лiловая пляма. З твару не сыходзiла i ўжо камянела зацятая пакута. Поруч, падкурчыўшы каленi i неяк нядобра падагнуўшы руку, цiха, як у салодкiм ранiшнiм сне, застыў Сяргей Рэпка. У кутку яго пасiнелых, падцятых губ тлеў прыхаваны смех – здаецца, Сяргей пасмiхваўся яшчэ з доўгага Восiпава носа.
        Апусцiўшы звялыя, сiвыя ад цэменту рукi, каля iх стаяў Вунгер, утрапёнымi вачыма глядзеў недзе на чырванаватую скалмачаную нагамi траву, на жаўтлява-зялёны здратаваны мох, што заняўся тут пад самую восень.
        – Вады можа дайце, – сказала, працiснуўшыся сюды, у цесны круг, баба з палiваным кубкам.
        Вунгер павярнуў голаў, зiркнуў на яе адным вокам i нiчога не сказаў.
        – Што з тае ўжо вады, – Платон Верамей жменяю прыгладзiў жаўтаватыя, рэдзенькiя над лобам валасы i раптам заморгаў чырвонымi векамi, засоп носам i, не выцiраючы слёз, пашыўся з круга: – Трэба ж iсцi сем’ям наказаць…
        – Шапку не забудзьцеся, шапку! – апомнiўся i крыкнуў, падступаючыся i гледзячы цераз чужыя галовы, Вунгер.
        Людзi заварушылiся. Сюды ўжо, разводзячы адною рукою цесны круг, а ў другой трымаючы тоўсты, як куфэрак, сакваяж, цiснуўся немалады распаўнелы доктар з белаю, клiнком, бародкай. На яго вастраватым носе паблiсквала высокая дужка пенснэ.

Крыніца: http://knihi.com/Viacaslau_Adamcyk/Cuzaja_backauscyna.html
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.