РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Вячаслаў Адамчык
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чужая бацькаўшчына
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XVIII
XVIII
        
        Назаўтра яшчэ зацемна былi ў Дварчанах. У спiну падганяў сiверны настылы вецер. Сыпала зверху i мяло, падкручваючы, понiзу сухi малады снег.
        Не агледзелiся, як пад’ехалi да белае атынкованае хаты з выплеценым лазовым шчытом.
        З-за сыпкага, намеценага слаямi ў гародчыку кургана на вулiцу глядзелi зеленаватыя ад марозу неашалёваныя вокны. З тоўстае страхi дробнай пытляванай мукою курэў белы пыл, вiўся пад застрэшак, шоргаючы па сцяне, асядаў на высокую, выкладзеную сухiм картаплянiкам прызбу. Там хадзiў, схаваўшыся ад ветру, i заглядаў адным вокам у зашэрхлае акно рабы, з цыбатымi, у лапцях, нагамi i жоўта-пазалочанай шыяй певень. Лопаючы вялымi крыллямi, туды падлятала i не магла заляцець цяжкая жоўтая курыца.
        – Вот, хлопчыкi, мы i прыехалi, – першым з саняў саскочыў стары малацьбiт у сваёй закуранай снегам авечай шапцы. Падышоў да дзвярэй, выбiў аб вушак шапку i пакруцiў драўляную закрутку.
        Кудахнуўшы, певень адскочыўся ад дзвярэй i, топчучы порсткi картаплянiк, бокам пайшоў на другi бок прызбы.
        Разварочваючы сыпкi курган, Iмполь завярнуў каня на надворак.
        У абкладзеным кастрыцай хлевушку, што быў прыбудованы да кароткiх сеняў, дробненька замэкала, учуўшы людзей, каза.
        – Ага, дак у вас гаспадарка свая, – атрасаючы з цёплай суконнай хусткi снег, засмяялася Алеся. – А казалi, што нiчагутка няма.
        – А чаму ж… Во, свая кароўка… Чуеце? – азваўся з зацiшных сеняў стары малацьбiт.
        Iмполь моўчкi, сцягнуўшы з мяшкоў радзюжку, укрываў сiвага ад снегу i заiнелага каля лапатак ад гарачынi каня.
        У шарыя сенi, скрыпнуўшы з хаты дзвярмi, высунулася высокая, у доўгай зялёнай спаднiцы з чорнымi шлякамi i выцвiлай хустцы, насупленая баба.
        – Балазе знайшоўся.
        – Во, бачыш, тры мяшкi жыта зарабiў… I палатна скрутак, – стары малацьбiт, чапляючыся за высокi парог, выбег з сеняў, выкашчыў з гарохавiння тое, адабранае ў зладзеяў палатно.
        Старая высунула з сенцаў свой даўгавiды твар, паглядзела, хто гэта яшчэ там на надворку. Адно вока яе, з адвiслым чырвоным векам, слязiлася.
        – Ты тут больш з’ясi, чым заробiш, – яна паглядзела гэтым вокам на Iмполя.
        Ён угадаў старую Кайтанiху. Некалi яшчэ малым, ходзячы ў Дварчанскую школу, Iмполь баяўся гэтай худой, як плотка, у доўгай спаднiцы i заўсёды з сукаватым грушавым кiйком старое бабы. Местачковыя дзецi казалi, што яна вiламi запарола свайго мужыка i што яна вядзьмарка: умее ганяць пярэпалахi, качаючы па жываце яйцом, i вылiваць у мiсачку з вадою, якую ставiць на галаву, растопленае волава, i нават вылiзваць языком з вока страмяку. Яна i цяпер – насупленая, з чырвоным вывернутым нiжнiм векам – здавалася Iмполю страшнаю.
        Кайтанiха яшчэ павяла гэтым чырвоным векам на Алесю, памармытала нешта i, зашастаўшы доўгаю спаднiцаю, схавалася ў хаце.
        Покуль насiлi разам са старым малацьбiтом на сашчэмленых руках з саняў у сенi мяшкi з жытам i перасыпалi ў высокую, на асьмiн восем, кадушку, Iмполя брала цiкавасць спытаць: кiм жа прыходзiцца стары малацьбiт Кайтанiсе?
        I не ўцерпеў, выбiваючы аб вушак астатнi пусты мяшок i адварочваючыся ад пылу, паказаў галавою на дзверы, абабiтыя паласатаю радзюжкаю, з-пад якое выглядвала салома:
        – А гэта ваша жонка?
        – Ат, – падсоўваючы касматую, у жаўтаватых, выцвiлых стручках авечую шапку, стары малацьбiт выцер рукою змакрэлы лоб. – Маё жыццё такое: пакуль цэп, патуль хлеб. Во ёсцека дзе прыткнуцца, i добра… Гэта не тое, што ў цябе, – i дыхнуў сiваю параю. – Пiльнуйся яе – не прападзеш… Маладзiца яна разумная. I з выгляду – дзеўка другая не дакажа.
        Пераступiўшы парог, Iмполь плюшчыў вочы ад снегу, што курыўся са страхi ў сенi, суха шархацеў, як пясок, па сцяне, асядаючы на сухi, у чорных замакрэлых слядах, глiняны ток.
        – Але i па праўдзе скажу, – стары з-за Iмполевага пляча зiркнуў туды на двор, дзе каля саняў, адвярнуўшыся ад ветру, стаяла Алеся, i падняў на Iмполя свае жаўтаватыя, затканыя дробнымi чырвоненькiмi жылкамi вочы: – Нораў яна мае… Ого! Свякрусе i залувiцы жыцця ад яе не будзе. Згонiць iх са свету. А табе што? Калi якая нявыкрутка, за шапку ў ахапку… У нас з табою, як кажуць, пакуль цэп, патуль хлеб. Каб, маючы рукi, сёння чалавек прапаў?.. А так маладзiца яна красавая…
        Iмполь пераступiў парог. У санях усаджвалася Алеся, хавала ў порсткае гарохавiнне ногi.
        – Пачакай! Куды цябе гонiць? Мы ж яшчэ, здэцца, па чарцы не зрабiлi, га? – высунуўся з сеняў услед за Iмполем стары малацьбiт.
        – Iншым разам, дзядзька, няма калi, – азiрнулася Алеся.
        Перакiдваючы цераз яе голаў лейцы, Iмполь выкiроўваў на вулiцу каня.
        Ужо за брамаю, усаджваючыся ў мяккае, засланае радзюжкаю гарохавiнне, уепомпiў тое нязвыклае слова старога малацьбiта: «красавая яна ў цябе» – i прыгледзеўся збоку да Алесi: з-пад суконнае ў балонку хусткi быў вiдаць яе твар з роўненькiм караткаватым носiкам, на губе збоку – карычняватая, з залацiстым валаском бародавачка, на вастраватай натапыранай стрэшцы брыва дзвюма скалачкамi расы блiшчыць расталы снег.
        Яна ўчула яго позiрк, павярнулася да яго:
        – Чаго ты, Iмполька?
        – I праўда, што красавая ты…
        – Як ты кажаш?
        – Красавая!
        – Вой, нiколi не чула. – Яна адкiнула назад голаў i засмяялася, паказваючы белы радок нiжнiх зубоў.
        – Толькi во бародаўка з валаском.
        – А ты толькi цяпер агледзеў?
        – Чаму ж цяпер… – ён задыхнуўся ад сустрэчнага ветру – з зацiшку нiзкiх, абкураных снегам будынкаў конь выйшаў на востры скразняк. З гарбатай, пасярэдзiне вылiзанай ветрам аж да жаўтаватага лёду вузкай шашы санi зносiла на нiзкi, выкладзены цэментовымi плiтамi ходнiк.
        Алеся схапiлася абедзвюма рукамi за Iмполя, цягнучы яго да сябе, зазiрнула спаднiзу ў вочы:
        – А хто ж табе пра красавую нагаварыў? Мусiць, усё гэты стары трапашка?
        Перад шырокай галоўнай вулiцай Iмполь прыпынiў каня, даючы дарогу сустрэчнай фурманцы – лёгкаму чорнаму вазку, не паварочваючыся да Алесi, спытаў:
        – Ды куды ж паедзем?
        – Спярша во ў краму. На рубашку хачу табе набраць. Абнасiўся ж начыста…
        Iмполь падганяў каня да белага атынкованага дамка з дашчаным ганкам, што стаяў тут у пачатку вулiцы, адразу за аптэкай. Прывязаў да шула ў плоце лейцы, укрыў радзюжкай каня i ўвайшоў у цемнаватую з затхлым, удушлiвым пахам нафталiну краму. Алеся, паставiўшы на прылавак сплеценую з шырокiх лучынак карзiну, аглядала пляскатыя скруткi паркалю i батысту. Адкiнуўшы ражок, мацала двума пальцамi белы ў жоўтыя вузенькiя пасачкi паркаль. На суконнай, накiнутай на плечы i голаў хустцы раставаў, пералiваючыся ружаватаю расою, снег. За прылаўкам, кiваючыся на адзiн бок i ледзьве дастаючы кароткаю нагою да падлогi, хадзiў стары крамнiк у чорнай аксамiтавай ярмолцы i карычняватай, пашытай з аўчын камiзэльцы, адзетай на пiнжак.
        – Во глянь, i недарагое. – Алеся падклала пад ражок паркалю далонь – палюбавалася, цi прыгожа. – А што? Харошая будзе рубашка. У нашага Змiтрыка такая.
        Утаптаўшы паркаль у жаўтаватую з лучынак карзiну, паказала яшчэ на шары ў палоскi корт:
        – I гэтага яшчэ. На свянтэчныя порткi.
        – Во як ты яго даглядаеш, – крамнiк зiркнуў спадылба чорным вокам i раскатаў тоўсты скрутак, намотваючы полку на акаваны бляшкаю метр.
        – А хто ж яго дагледзiць? – засаромелася Алеся, дастаючы недзе з-за пазухi ўкручаныя ў аблямаваную тоненькiмi карункамi хустачку грошы: выняла сярэбраныя, з прыгожай маладзiцай на рэшцы, дзесяць злотых.
        – Хто? – крамнiк надрэзаў тоўстымi кравецкiмi нажнiцамi корт i з тугiм звонкiм лускам разлупiў яго. – А кажуць, мужыка любi, як душу, а калацi, як грушу.
        – За што? – чмыхнула злымi ноздрамi Алеся.
        – Чым аўчыну больш мнуць, тым яна лепшая, – папляваўшы на пальцы, крамнiк адлiчваў рэшту.
        На вулiцы, калi ўжо ад’ехалi ад крамы i зварочвалi назад на пераезд, захлынаючыся ад сiвернага ветру, спытала:
        – Можа, ён i проўду кажа?
        – Хто?
        – Гэты кульгавы Герцык.
        – Ты нешта да ўсяго сёння прыймаешся. Но-о! – Iмполь махнуў пугай, падагнаў змакрэлага, з зачэсанаю ветрам на адзiн бок грывай каня.
        З-пад крамы завярнулi назад. Мiнуўшы пераезд з паласатым, паднятым, як аглобля, шлагбаумам i сiненькаю ашалёванаю будкай, над якою з бляшанага комiнка растрывожаным густым роем вiлiся iскры, скiравалi на вузенькую, перамеценую выспамi снегу касцельную вулiцу.
        Абапал яе цiснулiся старыя з аблушчаным мелам на сценах драўляныя хаты. Падкручваючы ўгору снег, са стрэх мяла, аж круцiлася ўсё ў вачах, завея. Абкурвала чорныя слiўкi ў гародчыках, рагатыя, яшчэ з леташнiмi падпоркамi пад сукаватымi лапамi, яблынi, нiзкiя, рэдкiя платы з высокiмi брамамi. На надворках у зацiшку нагнала роўныя са стрэхамi хлевушкоў, слаiстыя, з тоўстымi брылямi курганы.
        У канцы вулiцы ў сiвай, як пара над гарачым чыгуном, iмгле бялела высокая цагляная атынкованая брама. Нехта высунуўся адтуль з шырокiм дашчаным крыжам, што бяруць у касцёле, каб нясцi перад труною, калi хаваюць нябожчыка. За карычнева-голымi абветранымi клёнамi паднiмаўся ўгору дзвюма вежамi чырвоны цагляны касцёл. Вострыя жалезныя крыжы ўпiлiся ў каламутнае неба. Вецер зносiў адтуль лёгкiх кавак.
        Было чуваць, як на ветры трашчалi сухiм намерзлым галлём тоўстыя, абкураныя з аднаго боку снегам старыя дрэвы.
        У зацiшку каля каменнага муру Iмполь прыпынiў каня, абапёршыся рукою аб драбiнкi, ускочыў першым у сыпкi снег. Выставiў рукi, каб ссадзiць з саняў Алесю , падхапiўшы яе пад пахi, як ссаджваюць малое, укручанае ў хустку дзiця.
        – Вой, яшчэ што выдумаў! – скрывiла свой чырванаваты, напечаны сухiм сiверным ветрам i папрыгажэлы твар Алеся. I, мусiць, давольная, пераступiла драбiнкi, раптам увальваючыся глыбока ў снег i ўскрыкнуўшы ад жаху.
        Адчынiўшы ў пройме брамы настылыя, з жалезным крыжыкам, дзверцы, Iмполь прапусцiў наперад сябе Алесю.
        Глыбокая, аж да цэментовых плiт расчышчаная i ўжо нанава перамеценая снегам сцежка абягала хмурны касцёл. Снег абсыпаў чорны, гладзенька абчасаны каменярамi гранiтны надгробак, што цяжарам прытаптаў магiлку. З кургана выглядвалi цэментовыя слупкi з абвiслым iржавым ланцугом. На цвiнтары пры каменным падмурку касцёла хавалi ксяндзоў. За жалезнымi, у карунках, аградкамi, над снежнымi капцамi стаялi гладзенька адпалiраваныя чорныя мармуровыя крыжы. Трапятлiвым холадам на iх зiхацелi сiняватыя блёсткi.
        Выгiнастым вужом сцежка прыпаўзла да плябанii – нiзкага цаглянага дамка з жоўтым шкляным ганкам i драбiнкамi, як для курэй, на бляшанай страсе.
        На настылым шкляным ганку з калючай шараватай намараззю на вузенькiх ажурных балонках Алеся з Iмполем прыпынiлiся. Доўга абiвалi жоўтым рысавым венiкам ногi, выцiралi iх аб выплецены з саломы кружок, што ляжаў перад белымi фiлянговымi дзвярамi з медзяною фiгурнаю ручкай.
        Адчынiлi iх i сумелiся, ачуцiўшыся яшчэ ў адным калiдорчыку, сонным i цёплым – у сцяне сапла белая кафельная грубка. Праз дзiрачкi ў чыгунных дзверцах ружаватай чырванню, як вуха процi сонца, свяцiўся, мiльгаючы, жар. Рэдзенькая чырвань трапяталася на выфарбаванай падлозе, на белых фiлянговых дзвярах. Тут iх было аж трое.
        Алеся спатыкнулася на ходнiку, не ведаючы, мусiць, за якую клямку брацца.
        Пусцiўшы ў калiдорчык слепаватую, раптоўную яснасць, кутнiя дзверы адчынiлiся самi, з-за iх вызiрнула абсыпаная густымi кудзеркамi завiўкi дзявочая галоўка.
        Маладая, год дваццацi трох, ахмiстрыня ў паркалёвай сукенцы з кароткiмi рукавамi, у фартушку з нагруднiкам – прыгожая, як потым прыгледзеўся да яе Iмполь, – паклiкала iх увайсцi ў кухню.
        – Вы да ойца прабошча? – спытала яна, адкiдваючы з сiняга вока кудзерку ясна-жаўтлявых валасоў.
        – Ага, – Алеся спусцiла з галавы на плечы цёмную ў балонкi суконную хустку, астаючыся ў белай паркалёвай.
        – То проша сядаць, ён скора будзе, – ахмiстрыня паказала на беленькi пафарбованы ўслонiк.
        Iмполь стаяў у парозе, косячыся на кафельную плiту з вялiкiмi чыгуннымi кругамi, дзе смажылася на чорнай панiве рыба, на кухонным столiку, засланым белай у сiнiя клеткi цыратай, стаяла палiваная бляшаная талерка з нарэзаным i ўкачаным у муку шчупаком.
        Ад шыпучай панiвы пахла падсмажаным алеем i цыбулькай. Iмполь глынуў слiну, учуўшы раптам малады здаровы голад. Збiраючыся ў мястэчка, яны толькi патаўклi звараных картопляў у буйную соль.
        – Прошэ, нех панi сяда, – ахмiстрыня зноў паказала на белы пафарбаваны ўслонiк.
        – Мы насядзелiся, нiчога – пастаiмо! – адмахнулася Алеся, аглядаючы невялiкую кухню з высокiм точаным буфетам i белымi, для посуду, палiчкамi. У тыльнай сцяне падазрона свяцiлася незашчэпленае ашалёванае аконца – туды, мусiць, падавалi ксяндзу есцi: ахмiстрынi няможна было заходзiць у сталоўку. «А дзе ж яна спiць?» – падумала Алеся, прыгледзеўшыся да гэтай маладзенькае спрытнае дзяўчыны ў лёганькай сукенцы i зялёных пантофлях з ружовымi пышнымi кутасiкамi.
        Недзе там у сталоўцы паволi затупалi цяжкiя ногi, i ў ашалёваным акенцы мiганула чорная сутана.
        Ахмiстрыня, зняўшы са столiка ажурную хлебнiцу, падала яе ў ашалёванае аконца.
        Iмполю збоку было вiдаць, як адтуль, з акенца, высунулася тлустая, рыжаватая ад рабацiння рука i ўшчыпнула ахмiстрыню за купiнку натапыраных грудзей. Iмполь азiрнуўся на Алесю, бачыў, як у яе змянiўся твар i выцягнулiся ад здзiўлення губы.
        Ахмiстрыня лёгка ляснула па гэтай руцэ, чырванеючы i аглядаючыся на Iмполя з Алесяю. Адапхнуўшы рыжаватую руку, зашаптала ў акенца:
        – Тутай людзе!..
        Iмполь з Алесяй угнулi галовы, тупа глядзелi ў падлогу, надавалi выгляд, што быдта нiчога не бачаць.
        Ахмiстрыня вярнулася да плiты, адсланiўшы акенца. У яго ўсунулася чырванаватая галава з белымi, аж зеленаватымi, зачасанымi на радок валасамi. Выкацiўшы бялкi, з-пад чорных, як падфарбаваных, броў на кухню з цiкавасцю зiркнулi пукатыя вочы.
        Лёгка, нячутна ходзячы ў зялёных з ружовымi кутасiкамi хатнiх пантофлях, ахмiстрыня падавала туды, у ашалёванае аконца, шклянку густога, на чырвоным сподачку, чаю, жоўтую, пасыпаную макам булачку.
        Iмполь глытаў цягучую салодкую слiну.
        Ксёндз паснедаў скоранька: з ашалёванага белага аконца была чуваць глухая малiтва. Iмполь разабраў тыя, невядомыя яму словы, што чуў яшчэ некалi ў высокiм халодным касцёле з дрыготкiмi свечкамi, прыкленчыўшы з мамай перад вялiкiм абразом маткi боскай: «Glоriа Раtri еt Filiо еt Sрiгitui Sаnсtа»*.
        * Хвала айцу i сыну i духу святому.
        I тады ксяндзу пазвоньвалi блiшчастымi срэбнымi званочкамi, прыкленчыўшы перад прыгожым алтаром, далiкатна прычасаныя дварчанскiя хлопчыкi. Iмполя разбiрала зайздрасць, хацелася i яму стаяць там за баляскамi i пазвоньваць гэтакiм блiшчастым званочкам.
        Востра зацюкалi пустыя фарфоравыя талеркi – ксёндз паставiў iх на аконца, скрывiўшы набок голаў, вызiрнуў сюды, на кухню.
        – Проша вэйсць!
        Ахмiстрыня за медную ручку лёганька пацягнула да сябе выфарбаваныя беленькiя дзверы, пускаючы туды, у ядальню, Iмполя з Алесяю. Услед за чорнай, шырокай у падоле сутанай, з-пад якое мiльгалi блiшчастыя абцасы чаравiкаў, Iмполь з Алесяю прайшлi яшчэ адзiн, цемнаваты ад завешанага гардзiнаю акна, пакойчык.
        Над нiзкiм, засланым белым вясковым абрусам столiкам, нiбы з-пад страхi павук, спускаўся аранжавы абажур. Як дробны конiк у траве, цiкаў бляшаны будзiльнiк з блiшчастым каўпачком званочка. Каля абклеенай шпалерамi сцяны стаяла абабiтая чорным хромам канапа. У кутку каля акна – прыгожа вытачаная, палакiраваная жоўценькая этажэрка. На верхняй палiчцы – нiкеляваны крыжык з чорным распятым Езусам. На падлозе простыя, вытканыя, бурачковыя, з белымi i жоўтымi па краях пасачкамi ходнiкi.
        Прысадзiсты, у чорнай сутане з белым падкаўнерыкам ксёндз адставiў ад стала крэсла.
        – Проша сядаць.
        Нязвыкла, па-кабечы, падгладжваючы сваю сутану, сеў сам.
        – Мы, ойча, да вас, – зачырванелася Алеся, перабiраючы кутасы свае суконнае хусткi. – На запаведзь, во, хочам даць…
        Iмполь таптаўся ззаду на бурачковым ходнiку, баючыся сысцi на жоўценькую падлогу. З-за Алесiнага пляча цiкаваў на ксяндза – зверху бачыў, як у таго праз рэдзенькiя белавата-зялёныя валасы з выкладзеным натапыраным чубком свiцiлася чырвоная лысiна, над гладкiм лобам чорнымi застрэшкамi вiселi густыя вялiкiя бровы. Застрэшкi раптам заварушылiся – ксёндз падняў вочы:
        – Сконд вы естэсце?*
        * Адкуль вы?
        – З Верасава, Мондрых Алеся буду… – естэма, – паправiлася Алеся.
        – Знам, знам, то весь пiякув i зладзеюв, мейсцовэ яндро цемносцi*.
        * Ведаю, ведаю, гэта вёска п’янiц i зладзеяў, мясцовае ядро цемнаты.
        – Што вы, пане ксенжа, кажаце! Нямашука ў нас п’янiцаў, хiба ў Рабках.
        Ксёндз усмiхнуўся, зiркнуўшы на Iмполя, спытаў:
        – А вы цо, длуго ходзiлi ў паннах?*
        * А вы што, доўга былi дзяўчынаю.
        – Удава я…
        – А хлопак ладны…
        – Ды ўжо ж, якi трапiўся.
        – Я-то нiц: кажды дба о собе, тылько буг о вшысткiх.*
        * Я нiчога: кожны дбае пра сябе, толькi бог пра ўсiх.
        Алеся расшпiлiла свой каптан, чуючы раптам гарачыню ў гэтым маленькiм, з ружаватымi шпалерамi пакойчыку.
        Адкрыўшы накрывачку ў драўлянай, прыгожа вытачанай чарнiлiцы, ксёндз дзюбнуў пяром у густое, з зеленаватым адлiвам чарнiла, спытаўшы, запiсаў прозвiшча ў шырокую разлiнаваную кнiгу i разагнуўся, зарыпеў крэслам.
        Алеся пашлупалася за пазухаю, дастала зноў завязаную на тонкi тугi вузельчык хустачку з грашыма…
        Ужо на дварэ, курчачыся ад холаду i азiраючыся на плябанiю, сказала Iмполю:
        – Гэта ж намаўляў нябожчыцу маму, каб аддала мяне да яго ў служанкi. Казаў, вывучыць…
        – А ў яго навука нiчога сабе…
        – Цьфу!.. Стары корч! – Алеся адвярнулася ад ветру.
        З-за касцёла мяло, гнала скразняком сухi, сыпкi снег. Раз’юшана падвываў i тоненька, нудна пасвiстваў вецер. Недзе бухаў на страсе касцёла адарванаю бляхаю. Суха трашчалi голымi лапамi клёны.
        Прыцярушаны снегам, панура стыў за жалезнаю брамаю Iмполеў конь. Iмполь зняў торбу з аўсом, адкруцiў лейцы ад парэнчы, усеўся поруч з Алесяю. Конь з натугаю вырваў з глыбокага кургана санкi, на голым лёдзе падмеценай ветрам шашы борзда пайшоў, угiнаючы i хаваючы ад ветру голаў.
        Густая iмгла снегу зацягвала вулiцу. Паднiмалася кудаса. У тэлефонным дроце блутаўся вецер, раз’юшана выў на розныя галасы. Шарая каламуць снегу засцiлала мястэчка, замятаючы па вокны нiзенькiя атынкованыя хаткi.
        – Я ж фарбы так i не купiла, – крыкнула, каб перакрычаць вецер, Алеся.
        – Так што? Будзем варочацца? – Iмполь прыпынiў каня.
        – Гэткаю бураю? Дзе ты бачыў!.. Едзьма ўжо дахаты.
        На грудку, перад паваротам на Дубатоўкi, нехта зачарнеўся ў сiвой кудасе.
        Шпаркi конь нагнаў высокага, без шапкi мужчыну – на плячах у яго пакалыхваўся драўляны карычняваты крыж з жаўтлявым распяццем Хрыста.
        Вецер перабiраў рэдзенькiя, сiваватыя ад нацярушанага снегу валасы. Нешта як знаёмае ўгадаў Iмполь у гэтым мужчыну, у яго хадзе, у яго суконнымм каптане з шырокiм на спiне хлясцiкам.
        Апярэджваючы, прыгледзеўся да чалавека з карычняватым абшарпаным крыжам, i пякучы боль, востра кальнуўшы, сцяў сэрца. Iмполь скарэй, можа, учуў, чым пазнаў, што гэта быў Платон, яго брат. Успомнiлася, што бачыў яго, але не пазнаў каля дварчанскага касцёла.
        Учуўшы дзiлiньканне медзянога званка, Платон азiрнуўся на фурманку, нехаця сышоў у глыбокi снег, заграз у iм аж па самыя каленi.
        – Тыр-р-р! – Iмполь з усяе моцы цяў да сябе лейцы, раптам асаджваючы разагнанага каня.
        – Вой, чаго ты? – ад нечаканасцi Алеся пахiснулася плячамi назад.
        – Гэта ж во Платон, мой брат, – не выпускаючы з рук лейцаў, сказаў Iмполь.
        Платон стаяў у глыбокiм снезе, аберуч трымаючы на плячы драўляны крыж са скачанелым аблушчаным Хрыстом. Вецер турзаў над вухам абледзянелы завiтак рыжаватых, некалi пышных, а цяпер зрадзелых, з далёкiмi залысiнамi валасоў. Сiнелi ад холаду пакрэплыя рукi. На рыжаватачырвоных бровах стыла раса.
        Зломаным, сагнутым брылём з кiшэнi суконнага чорнага каптана выглядала кепка.
        – Няхай крые бог, вы хоць шапку адзеньце!
        Iмполь не даў ёй дагаварыць, саскочыў з саняў.
        – Што ж там удома? Чаго ты з крыжам iдзеш?
        – Дзяўчына памерла. Мая меншанькая самая. Ад водры. Учора наранкi. – Абсiвераныя, сухiя Платонавы губы задрыжалi i, скрывiўшыся, вывернулiся брыдкай чырванню.
        Iмполь, зiркнуўшы на брата, угнуў голаў, схаваў свае вочы.
        – Заўтра, во, хавацьму, – Платон злавiў языком каля кутка рота ўжо, мусiць, астылую слязу.
        – Дык мо падкiнуць, падвезцi дахаты?
        – I проўда ж… А то прастыне чалавек, – Алеся тулiлася ад ветру, нацягвала вышай на плечы аб’еханую суконную хустку.
        – Сколека тут iсцi, – Платон глянуў на чарнаватую ад конскага памёту дарогу, што высокаю грэбляю, адлучыўшыся ад шашы, гiнула ў густой, як туман, завеi. Перакладаючы на другое плячо крыж, папытаў, каб не маўчаць:
        – А ты яшчэ ўсё ў Верасаве?
        – Ага, во ў iх, – кiўнуў галавою Iмполь на санi, дзе, укруцiўшыся ў хустку i адвярнуўшыся ад ветру, сядзела Алеся.
        – Калi ж дахаты?
        – Ды як ужо табе сказаць… – Iмполь наступiў нагою на цвёрдую груду снегу, раздушыў яе.
        Платон уздыхнуў, недаслухаў, намацваючы нагамi пад маладым снегам цвёрды след ад палазоў, сышоў на дарогу. Вецер iрваў у яго з рук пакладзены на плячо плазам дашчаны крыж, налiзваў недзе на вочы рэдзенькiя валасы, сек па чырвоных адтапыраных вушах калючым снегам.
        – Ой, каб хоць шапку адзеў, – падсоўваючыся далей на санях i даючы месца Iмполю, забедавала Алеся.
        – Гэта ж крыж, як ты яго ў шапцы нясцiмеш, – Iмполь увалiўся ў санi, чапiў адною ляйчынаю каня. Пад палазамi завiшчаў снег.
        Ехалi маўчучы. Нечаканая весць пра гора адняла мову, тупым, як цяжкая выбiтая сякера, болем перабiла ўсе мыслi.
        Угiнаючы голаў з сiваю, абсыпанаю снегам грываю, ледзьве варушыўся конь. Вецер перабiраў, сыпаў на аглоблю доўгi хвост. Недзе тоненькая грала валасiнка.
        Па полi, па жоўтай, як жытняя мука, скарынцы, з шоргатам мяло малады сiняваты снег, круцiла вiхрам. Абапал шашы густа шумелi i гнулiся ў адзiн бок старыя карэлыя бярэзiны, у тэлефонным дроце блутаўся сляпы вецер, тоненька, аж шэрхла скура, скавытаў; з дробненькiм бразганнем на шарых патрэсканых слупах звiнелi цяжкiя шкляныя кубкi. Зводдаль шашы трашчалi папрывязваныя да калкоў шчыты, з аднаго боку iх падпiралi высокiя з вострымi спiнамi курганы.
        Як выпушчаную нiтку ў матку, Алеся нарэшце злавiла сваю мысль. Адгарнуўшы з вока край тоўстае абынелае хусткi, зiрнула на Iмполя, на яго чырвоны, апечаны ветрам твар, загаварыла:
        – Можа, грэх i казаць. А я ўсё думаю: вот бог малое дзiцятка забраў, а нашу старую пакiнуў…
        – Цi ж богу раскажаш, – Iмполь нацягнуў нiжай на лоб суконную ў тоўстым рубцы кепку: з шашы мяло, гнала ў вочы калючы снег.
        – А чым жа ж дзiця перад богам саграшыла?
        – Такая ўжо яго доля.
        – Ты кажаш – доля? – Алеся захлынулася ад стрэчнага ветру. Змоўкла, стаiўшыся, думала, успамiнаючы тую цёплую, астатнюю мамiну восень, калi аж да самых пакроў хадзiлi босыя, i мама тады, трэплючы лён, распарыўшыся каля агню, застудзiлася. Схапiўшы запаленне, праляжала яна тыднi тры, мусiць, разам з крывёю выпляваўшы ўсе лёгкiя.
        Спомнiўся i той вечар, калi маме зрабiлася саўсiм блага. Яна, ужо не могучы падняць ад падушкi голаў, сухiмi перапаленымi губамi ледзьве вымавiла:
        – Сена прынясi, Улас. Памiрацьму я…
        Бацька тады нават засмяяўся.
        Зазлаваўшы, мама нават набралася моцы i закрычала:
        – Ён выскаляецца, ах, божа мой лiтасцiвы!.. I радзюжку дастань неўжываную.
        Калi яна, Алеся, як не без памяцi, збегаўшы, прывяла цётку Марылю, бацька ўжо засцiлаў на лаве тое, недзе наскубленае спадыспаду ў гумне сена блакiтненькаю ў чырвоныя балонкi радзюжкаю, якая яшчэ i сёння неўжыванаю ляжыць на сподзе Алесiнага куфра. Шосты ўжо год. Беражэ Алеся i тую падушачку, што скiнула з-пад галавы мама, калi бацька падсунуў, каб мякчэй было ляжаць, пэўна ж, не ведаючы, што чалавек на пер’i будзе доўга ў цяжкiх муках канаць. Мама тады, ужо неяк сама, адапхнуўшы ўсiх, каб не трымалi пад пахi, памаленьку дайшла да лавы, з нейкаю маўклiвай пакутлiвай злосцю, нiчога не кажучы, сцягнула з лавы падушку, хацела падаткнуць пад сена, але ўжо не здужала i выпусцiла яе на зямлю.
        У той вечар, лежачы ўжо на сене i, як трэба яшчэ перад смерцю, трымаючы ў складзеных руках крыжык i запаленую свечку, яна згаварыла разам з цёткай Марыляй, што стаяла прыкленчыўшы пры лаве, чыстую малiтву i цiха, як зморанае дзiця, заснула.
        Яны ўсю тую ноч, чакаючы бяды, не спалi.
        Пад ранiцу ўжо – сусед Iкон Жыток збiраўся на кiрмаш, грукаў, выкочваючы з-пад паветкi калёсы, – яна, прачнуўшыся, папрасiла пiць. Алеся, нават тады зарадаваўшыся, што маме во i нiчога, нiбыта адлягло, нiбыта стала лепш, прынясла конаўку вады. Маму паднялi пад плечы, але вада ёй ужо не пайшла…
        Алеся ўчула, як недзе з вейкаў вецер сарваў i наўскасяк па шчацэ пагнаў настылую халодную слязу. Нiчога не бачачы, глядзела на гэты сiвы, перамешаны кудасай свет, на шашу, што жаўтаватым пасачкам бегла назад, рабiлася вузшай, там яе роўным вяночкам абступалi старыя абветраныя бярэзiны. Над галавою густа цякло, як вада, доўгае карычневае вецце. Нема выў i енчыў, разарваўшыся ў тэлефонным дроце, раз’юшаны вецер. Чорным роем з неба гнала i вiрыла снег, шоргала, як жвiрам, па плячах.
        Конь звярнуў з цвердаватае бясконцае шашы на замеценую дарогу, збiўся са спорнае хады, грузнучы па каленi сам i цягнучы, як па глыбокай вадзе, санi. Назад памаленьку паплыў абкураны снегам сiвы дубовы крыж. Вецер iрваў на iм счарнелы кужэльны ручнiк.
        Пад’ехалi да Верасава. Алеся з трывогаю падумала пра блiзенькае цяпло хаты, пра старую свякроў, што будзе глядзець спадылба, i раптам нешта пякучае аблiло яе сэрца: «Як жа ж будзе жыцца з iм, з Iмполем, што во сядзiць, каторая пара, не абзываючыся?»
        I ён, як чуў яе мыслi, штурхануў нiбы няўзнак локцем:
        – Го, цi не заснула там?
        Саскочыўшы з саняў i топячыся па каленi ў сыпкiм маладым кургане, пайшоў адкiдаць браму.
        Чуткая сучачка, згледзеўшы сваiх, вышмыгнула праз шчылiну непрычыненых веснiчкаў i, завiшчаўшы, пакацiлася да саняў.

Крыніца: http://knihi.com/Viacaslau_Adamcyk/Cuzaja_backauscyna.html
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.