РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Вячаслаў Адамчык
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чужая бацькаўшчына
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
I
I
        
        Быў лiстапад, было святога Мiхала – блiзiлася пара зiмы, а ў гэты год стаяла цяпло. Павярнуўшыся з полудня, павiльгатнеў вецер, памякчэла пад нагамi зямля, i крот стаў тачыць каля пустых, ужо зацягнутых, як раскаю, дробнаю макрыцаю градаў рудаватыя сырыя замежкi. У зацiшку за хатамi, каля чорных голых яблыняў, на якiх яшчэ трымаўся дзе збуцвелы, але чырванаваты з аднаго боку яблык, вiлiся слупом, нейкiя большыя ў гэту пару, камары.
        Уночы завязваўся туман, асыпаючыся наранкi iмжою: на мокрым зеленаватым галлi дрэў дрыжалi i налiвалiся, як сляза на вейках, кроплi вады. Сярод дня пазiрала белаватае сонца – туман разыходзiўся, падымаючыся жаўтаватымi, як дым ад сырога алешнiку, хмарамi. Адкрываўся свет – белаватае, выпаласканае дажджамi ржышча за вёскаю, зялёная рунь на грудку, рудая i пухкая, як выхаджанае цеста, ралля, сiвыя абымшэлыя каменнi пры чэрствай пясчанай дарозе, што выдавалi здалёк авечкамi.
        Праз рэдкае галлё пруткiх дрэў у вёсцы былi вiдаць каўпакi стрэх з зялёнымi пляйстрамi сырога моху, нечы не дакрыты яшчэ жоўтым, як воск, кулём хлевушок. На прывязаным уздоўж страхi тоўстым рублi стаяў мужчына, ляпаў шырокаю стрыхалкаю, падбiваючы густую шчотку саломы.
        Учуўшы цяпло ў гразкiх, без гною, хлявах, рыкалi каровы, i нехта выпускаў сваю на зрудзелы прыгумень, каб выветрылася, а потым гнаў вулiцаю да вады, забягаючы наперад, лёгка ляпаў рукою па шыi, заварочваў да рэчкi. З вёскi было вiдно, як праз голы i карычняваты, нiбы дзяркач, алешнiк блiшчыць настылым холадам вада.
        Узяўшы за дзве полкi спаднiцу i пераступiўшы калючы дрот, наўпрасты праз садок, дзе мiж радкоў карчыстых яблынь ляжалi на козлах накрытыя кажухамi яловай кары шарыя калоды вулляў, да рэчкi спускалася кабета з лазовым кошыкам у руцэ, з якога выпiраўся сiняваты авечы трыбух.
        У чорным лiсцi пад вiшнямi граблiся i цiўкалi, шукаючы яшчэ квактуху, цыбатыя, бясхвостыя байстручкi-кураняты, што вывелiся пад самую восень, недзе за хатаю, у дзiравым i сiвым, нiбы абсыпаным попелам, лопусе.
        Вулiцаю ехала падвода – па пяску пруткiмi вяршкамi шоргаў накiданы на воз малады алешнiк. Перакiдваючы лейцы i астаючыся ззаду воза, чалавек у суконным паўшубку з рудым цялячым каўняром кiраваў каня на брукаваны надворак – на гладкiх каменнях з грукатам падскоквалi колы.
        За рэчкаю смяялiся бабы, варочаючыся з маладога, жаўтлявага пад зiму, хвойнiку i несучы ў радзюжках кастрыцу – падкiнуць на подсцiл карове цi высыпаць на прызбу. Iхнi тонкi голас i смех быў доўга чуваць, нават яшчэ з надворкаў, калi яны ўвайшлi ў вёску i па адной адлучалiся ад купы, заварочваючы кожная пад сваю хату.
        Людзi ўпраўлялiся да зiмы. Мянялася квадра месяца – чакалiся халады. Трымаючы пад пахаю ўкручанае ў салявы мяшок шкло, па вёсцы хадзiў шкляр. За iм бегла i гаўкала, трасучы доўгiмi вушмi, жоўтая з крываватымi лапамi сучачка. Шкляр iшоў, задраўшы голаў i высока паднiмаючы ногi, як ходзяць сляпыя, i не азiраўся. Сучачка мiнула колькi хат, пагаўкала, стоячы сярод вулiцы, i, вiнавата ўгнуўшы голаў, пабегла назад.
        Вёска сцiшэла, толькi недзе далекавата, у другiм канцы яе, быў чуваць цяжкi, тупаваты грукат цапа. I раптам зноў зайшлася ад брэху i клубком выкацiлася на вулiцу аблавухая жоўтая сучачка.
        У другой ад канца хаце ўжо ведалi, што ў вёску iдзе нехта чужы – пiльная сучачка нiколi не брахала на тутэйшага чалавека.
        – I каго ж гэта там нясе? – не вытрывала мажная, сытая, як ялавiца, маладзiца i, стаўшы каленам на лаву, глянула ў запацелае акно.
        З белаватае ад перацёртага жвiру шашы, што хавалася ў карычняватай навiсi старых, карэлых бярэзiн, на пясчаную чэрствую дарогу, у вёску, звярнулi двое мужчын. Адзiн у кароткiм белым кажусе з нявыдубленых аўчын, у чорнай, як граковае гняздо, авечай шапцы, другi – у суконным рудым паўшубку. Той, што быў у паўшубку, выдаваў высокiм i, як можна было пазнаць па лёгкай хадзе, маладым.
        Мужчыны дайшлi да шарага, перакошанага ад старасцi крыжа з белым новым ручнiком, завязаным каля абразка, i завярнулi да першай, што глядзела на вулiцу адным кутным акном, хаты.
        – Да Чадоў пайшлi, – зняла з лавы калена i пакруцiла на клубах спаднiцу сытая маладзiца.
        – Мо швагiр з Восава? – аказалася старая, седзячы на палку, што быў замест ложка, i трымаючы растапыранымi пальцамi цяжкi клубок пражы – у кошыку на зямлi круцiўся высушаны ў печы i раз’еханы пачынак. Старая намотвала арэхавым юрком на клубок пражу. Каструбаватая нiтка суха трашчала ў юрку.
        – Чужыя саўсiм людзi, – маладзiца адышлася ад акна i развязала пад барадою белую ў сiнiя валошкi хустку. – Духата, каб мы не пачадзелi, – i яна пацягнула за адзiн ражок хустку, паказаўшы пышныя, пэўна наранкi вымытыя, цёмна-русявыя валасы, скручаныя на патылiцы ў тоўстую куклу.
        У хаце стаяла парная гарачыня – на стале i на лавах астывалi накрытыя чыстымi ручнiкамi гарачыя боханы хлеба. Ад iх пахла гаркаватаю падпаленаю скарынкаю i кляновым лiсцем. У хаце, густа запацеўшы, плакалi вокны – яны былi без дубэльтаў. Буйны серабрысты, як луска, пот збягаўся ў кроплi i сцякаўся па шкле на жаўтаватую нефарбованую шуфляду – на ёй ужо вымаклi чорныя палосы. Праз шырокiя вадзяныя рагi на шыбах было вiдаць, як па частаколе скача не злiнялая яшчэ, з нейкiм мокрым, як выскубеным, чубком пярэстая сарока.
        – Навiну ж нейкую прынясла, – сказала старая, ссоўваючы з высокага палка худыя жоўтыя ногi, каб раскруцiць сухi асыпаны пачынак.
        – Во, да нас iдуць тыя людзi, – пазяхнула маладзiца i зiрнула ў люстэрка, убачыла свой ружаваты ад гарачынi твар i асталася давольнаю.
        За вокнамi доўгiм хвастом мiльганула сарока, i на другi бок хаты, зайшоўшыся ад брэху, клубком пакацiлася заядлая сучачка. Маладзiца высунула галаву з-за сцяны i ўбачыла за акном тых самых мужчын.
        – I што ж гэта за людзi? – сказала яна i адступiлася ад акна.
        Дзверы знадворку рыпнулi – у сенях затупалi, загаварылi.
        Кабеты, сцiшыўшыся, пiльна глядзелi на дзверы. У клямцы падскочыў i дзынкнуў язычок. З цемнаты сяней паказаўся белы кароткi кажух, i ў хату ўсунулася калматая авечая шапка. Услед за старым, прыгiнаючыся, каб не зачапiцца галавою за вушак, зайшоў чарнявы, год дваццацi, хлопец з даўгаватымi, пачырванелымi ад холаду рукамi – суконны паўшубак быў яму караткаваты.
        – Дзень добры вам, – сказаў старэйшы, расшпiльваючы тоўстымi вузлаватымi пальцамi кажух i адкладваючы настаўлены каўнер. Маладзейшы стаяў за iм, мусiць, саромеючыся, што вiдаць з рукавоў яго доўгiя рукi.
        – Дзень добры, – азвалася старая i палажыла на прыпол свой цяжкi клубок.
        – Цi патрэбны вам малацьбiтэ? – глянуўшы спярша на маладзiцу, потым на старую, спытаў мужчына ў белым кажусе.
        – Чаму ж, патрэбныя, – сказала маладзiца, падсоўваючы на лаве хлеб. – Садзецеся…
        – О, i нагрэцца можна, – памацаў рукою лаву i прысеў на цеплаватае вiльготнае месца старэйшы мужчына. – Садзiся, Iмполь, за пастой грошы не плоцяць, – ён падсунуўся, даючы сесцi хлопцу.
        – У нас ужо i мышы добра памалацiлi, – ссунулася з ложка старая i, трымаючы на сашчэмленых руках вагкi клубок, панесла яго да печы – там ля комiна сохла яшчэ зеленаватая пража.
        – Нiчога, i нам хвацiць, – сказала маладзiца, падхапiўшы пад пахi два боханы хлеба, памкнулася да дзвярэй, каб, мусiць, палажыць iх у стопцы.
        Мужчыны аглядалi чужую хату: яшчэ не пабеленую, з замазанымi глiнаю пазамi, дзе выглядаў мох, з новаю, таксама яшчэ не беленаю печчу з сухiмi плямамi нiжай пячорак. Хата была без падлогi – на глiняным току было знаць круглыя ўмяцiны ад калодкi, якою трамбавалi глiну. Цi ад таго, што хата была новая i пуставатая – яна выглядала прасторнаю. Каля глухое сцяны стаяў драўляны, паточаны шашалем ложак, засланы жоўтаю ў чорныя елачкi радзюжкаю. У яго ўпiраўся шырокi дашчаны палок. Мiж акон на сцяне, спяшаючыся, цiкаў вялiкi ў драўлянай аправе гадзiннiк – на медным ланцужку вiсела алавяная гiра з iржавай (мусiць, для цяжару) шрубкай. З-за абраза на покуцi выглядалi жоўтыя чачоткi пiжмы i бурачковы таўкачык васiлькi.
        – А хто ж вам нараiў да нас зайсцi? – спытала маладзiца, вярнуўшыся ў хату i забiраючы пад пахi яшчэ два боханы хлеба.
        – Духам чуем, што ў хаце гаспадара нямашука, – у старога скрывiлася губа i стаў вiдаць чорны, дуплявы зуб. – Хто ж так прыбiвае? – паказаў ён на покуць, дзе быў крыва прыбiты трыкутнiк палiчкi. – Вiдаць, што бабская работа.
        – Гэта ж праўда, – засмяялася маладзiца, прыжмурыўшы адно вока. – Я прыбiвала, – прызналася ўжо яна, трымаючы пад пахаю два боханы i папiхваючы локцем непрычыненыя дзверы.
        – Мо людзi галодныя? – сказала старая, калi маладзiца вярнулася ў хату.
        – Во i праўда, мы сягоння капусты наварылi як на велькую сям’ю, – яна зiркнула толькi на маладога – ён засаромеўся i замыляў губамi, не ведаючы, што сказаць.
        – У такiм разе можам памагчы, праўда, Iмполь?
        – Во, цэлы гаршчок, – маладзiца падышла да прыпека, адняла засланку i, прыгнуўшыся, паглядзела ў печ. Мужчыны моўчкi глядзелi на яе белыя вышай лытак ногi, бо iх улетку хавала ад сонца нiзкая доўгая спаднiца.
        З прыпека запахла кiслаю капустаю. Малады каўтнуў слiну i зняў шапку – чорныя валасы яго адлiвалi сiнявою.
        – Падсажвайцеся да стала, – маладзiца паставiла на стол глiняную мiску i паклала дзве счарнелыя драўляныя лыжкi.
        Мужчыны паднялiся з лавы, распранулiся i, склаўшы тут, дзе сядзелi, адна на адну адзежу, зверху яшчэ прытаптаўшы яе шапкамi, падышлi да стала.
        Трымаючы анучамi гарачы гаршчок, маладзiца налiла ў глiняную мiску капусты: спярша рэдкага шчолаку, проста з гаршка, а потым гушчы, чэрпаючы ўжо лыжкаю.
        Стары паднёс расхiстаны, з клiнкамi ў ножках, заслон, папробаваўшы, цi будзе стаяць, сеў.
        Малады таптаўся зводдаль, усё хаваючы за спiну рукi – у яго паркалёвай рубашцы павылазiлi локцi.
        – Чаго ж стаiце, садзецеся! – маладзiца вярнулася да прыпека i прынесла тонкi, што ўжо з’еўся, нож.
        – Як даюць, то бяры, а як б’юць, то ўцякай, га? – абярнуўся i сказаў за плячо старэйшы мужчына.
        – А хто ж яго тут будзе бiць? Дый цi дасi такому рады? – зiрнула на хлопца i засмяялася, крывячы мяккую з залацiстым пушком губу, сытая маладзiца.
        – Можна, толькi дзе ўзяцца, – махнуў натапыраным чубком валасоў стары лысаваты малацьбiт.
        Малады, чырванеючы i не паднiмаючы вачэй, цiха прымасцiўся на заслоне.
        Мужчыны, сцiшыўшыся i моцна сёрбаючы, пачалi есцi. Маладзiца бачыла, як у Iмполя варушылiся скiвiцы. Яна глядзела на яго гладкi карак, на закручаныя ў лагчынцы валасы, на яго шырокiя плечы, на якiх не сыходзiлася тонкая паркалёвая рубашка, i падумала, што вот добра, што ён наняўся малацiць, i нават убачыла, здалося ёй, як ён сцiснуў бы яе гэтымi дужымi рукамi i яна не вырвалася б.
        На надворку затупалi ногi, i за вокнамi мiльганула шарая суконная хустка.
        – Во, мусiць, наша кудзельнiца iдзе? – сказала старая, атрасаючы з прыполу кастрыцу, што нацерушылася з пражы.
        Адчынiўшы дзверы i выставiўшы наперад праснiцу з барадою недапрадзенае кудзелi, у хату ўвайшла кабета ў шарачковым, завужаным у талii сачыку. З-пад суконнай хусткi выбiваўся пучок русявых валасоў з белаватаю сiваю пасмаю. На шчаку, недзе з-за вуха, лезла лiлова-пякучая чырвань – радзiмы знак. Жанчына, прыжмурваючы адно вока i перакошваючы разяўлены рот, пiльна ўзiралася на чужых.
        Яны, перастаўшы жаваць, азiрнулiся.
        – Во, малацiць будуць, – маладзiца сагнула ў локцях абедзве рукi i памахала iмi, паказваючы, як малоцяць.
        – Ы-ы-ы, – паставiўшы на ложак праснiцу, закiвала галавою кабета, i яе сiнi, скамянелы ад холаду твар памякчэў.
        Мужчыны, сумеўшыся гэтага крыку, яшчэ раз азiрнулiся. Кабета была нямая.
        – Гэта мая залувiца, – прызналася маладая гаспадыня. – Сястра майго нябожчыка.
        Нямая выглядала на адны гады з маладзiцаю, але, раскруцiўшы i зняўшы з галавы хустку, выдалася старэйшаю.
        – Нашто раздзяешся? – Маладзiца паказала на вядро, што стаяла на калодзе ў памялешнiку. – Пара карову паiць.
        Нямая пакiвала галавою, апранулася i, глянуўшы спадылба на чужых мужчын, выйшла з хаты.
        Стары аблiзаў лыжку, склаўшы тры пальцы, перахрысцiўся на абраз i падзякаваў за полудзень.
        – Няма за што, – азвалiся абедзве разам кабеты.
        – То як умовiмся з платаю? – спытаў ён, не абарочваючыся, а толькi настаўляючы вуха туды, куды гаварыў, да маладзiцы, – што скажа яна.
        – А сколькi ж бяруць цяперака за малацьбу?
        – Два злоты i кiля солi.
        Маладзiца насупiлася, пакусала край нiжняй губы i падняла голаў:
        – Дарагавата, але хай, бо мышы даўно авёс стачылi.
        Малады адсунуў мiску, выцер рукою губы i, седзячы за сталом, слухаў. Гаварыў толькi стары:
        – А колькi ж коп нажалi?
        – Чатырнаццаць.
        – Ого!
        – Нiчога, дзядзька, зiма з велькiм горам усё з’есць.
        – Як, Iмполь, да каляд змалоцiм? – стары, задраўшы рэдзенькi чубок, глянуў на маладога, пацёр шорсткую, у вострым, як нацярушаным, шкле сiвых валаскоў няголеную шчаку. – Управiмся ж па капе за дзень. Шэсць пасадаў… У пасадзе дзесяць снапоў… А дзесяць снапоў што? За гадзiну не саб’ём?
        – I больш, пэўня, – адкiдваючы з брыва навiслую кудзерку валасоў, малады падняўся з-за стала.
        – Тады мо сходзiм у гумно? – стары азiрнуўся на маладзiцу i адсунуў заслон, каб таксама ўстаць.
        Гумно стаяла ўпоперак пляца, вялiкае, з дзвюма палувенкамi паабапал дзвярэй. Хлеў i падпаветка, перасыпаныя са старога дзерава, былi ў адным пашарку з новаю хатаю. Мiж гумном i пашаркам хаты раслi старыя, тоўстыя ў камлях яблынi. Каля высокага, выплеценага з яловых частаколiн плота паднялiся недзе з непавысяканых карэнняў вострыя i голыя пасынкi маладых слiвак – вецер назмятаў туды белага курачага пер’я. Было чуваць, як з адчыненых дзвярэй хлява крычала, цi можа так гаварыла да скацiны, нямая. За хлявом, дзе стаяла сплеценая з саломы i не прыкрытая стрэшкай прыбiральня, у збузаваным гурочнiку куры дзяўблi гурок-насеннiк.
        Пад дзвярыма каля гумна ў нацярушанай мякiне граблiся трапяткiя вераб’i. Прыпадаючы да зямлi i варушачы кончыкам хваста, да iх краўся сыты шары кот. Згледзеўшы яго, вераб’i купаю паднялiся на палувенку i адтуль ужо, рассыпаючыся, падалi на зялёна-лiловы, прыхоплены першымi замаразкамi бэз.
        – Сядзiш тут, а мышы жыта стачылi, – маладзiца тупнула нагою на ката i, выняўшы з прабоя прывязаную на вяровачцы затычку, адчынiла абедзве палавiны дзвярэй.
        Мужчыны зайшлi ў гумно.
        – Мы як змалацiлi на насенне, то болей i не чапалi, – сказала маладзiца, прывальваючы каменем дзверы. – Старое ўсё яшчэ ямо.
        – Ого! – пакруцiў галавою стары, аглядаючы гумно. Яно аж пад кладку было заложана збожжам: адна старана жытам – тоўстымi, вязанымi па многа жменяў снапамi, каб, мусiць, лiчылася, што менш коп нажалi, другая старана – аўсом i ячменем. Там недзе лускаў перасохлымi струкамi гарох, пахла саладжавая канюшына i яшчэ леташняя, сточаная мышамi салома.
        Кот скочыў на пярыла i палез у старану, мусiць, счуўшы недзе iхнi пiск.
        У куце на таку стаяла яшчэ новая з зялёным колам сячкарня – пад ёю ляжала горба нарэзанай разам з канюшынаю сечкi.
        Малады крутнуў за кола – тупы, даўно не востраны нож пачаў жаваць спрасованую, што лезла з-пад брыля сячкарнi, шчотку саломы.
        – Ого, гостры, як у шаўца! – засмяяўся стары, кiнуўшы вокам на сячкарню.
        – Дзiва што, а хто ж мне яго навострыць? – зiркнула з-пад хусткi маладзiца, сцiскаючы яе абедзвюма рукамi пад падбародкам.
        – Давайце папробую, – малады выцягнуў са шчылiны ў сцяне пляскаты без ручкi напiльнiк.
        – Старайся, Iмполь, старайся, – пагладзiў шчаку, нiбы закрываючы рот, каб не было вiдаць, што ён смяецца, стары малацьбiт. – Можа, i для сябе робiш.
        Маладзiца спярша насцярожылася, потым крыва ўсмiхнулася, i на твары ў яе плямамi выступiла чырвань.
        – А чаму ж гэта для сябе, а калi i для другога зробiць? – нiбы не дагадаўшыся, што да чаго, перапытала яна i, узяўшы з кутка венiк, стала падмятаць сухi ток – з гумна на двор пацягнуўся вялы пыл.
        Iмполь, не абзываючыся, налёг пахаю на кола, зашоргаў напiльнiкам па нажы. У сечку, блiскаючы, зацерушыўся жалезны пылок.
        – Пакажэце ж вашы цапы, – стары, пераступiўшы емецце, падышоў да шула: там, на вялiкiм цвiку, вiселi цапы i граблi. – I лiхтар нам на заўтра патрэбны. Цi ёсцека ж ён у вас? – спытаў ён i зняў з цвiка цяжкаваты з гладкiм бiчом цэп.
        – Чаму ж не, толькi пазычылi некаму… I каму ж гэта? – разагнулася маладзiца i абкруцiла кругом шыi рог раз’еханай хусткi. – Цяперашнiм светам вока не спускай, а то гаспадарку i распазычыш.
        – Яно можа i так, – сказаў стары малацьбiт, перавязваючы ў цэпе расслабленае вушка. – Не тая, кажуць, гаспадыня, што збярэ гаспадарку, а тая, што ўдзержыць.
        – А дзе ж тут яе ўдзержыш? Пры гаспадарцы трэба спрыт i сiла, а тут сабралiся тры бабы, пабабску ўсё i робiм.
        – Яно ж i вiдно, – зняў з цвiка другi, з расколатым бiчом, цэп i абярнуўся да Iмполя стары малацьбiт. – Бiчы нам трэба было б памяняць, а то якая гэта будзе работа.
        – А дзе ж ты iх возьмеш? Хiба гэтыя якiм дротам перавязаць, – Iмполь папробаваў ногцем нож i крутнуў за ручку кола – на абслiзганыя дошкi, на жытнiя снапы ў старане востра пырснула жоўтая сечка.
        – Бiчы ёсць, – вымеўшы з гумна смецце, маладзiца кiнула ў куток сухi бярозавы венiк. – Мой нябожчык як палажыў iх сушыць, то i цяперака ляжаць за комiнам на печы.
        – Трэба будзе зрабiць, – сказаў стары, першым выходзячы з гумна i трымаючы абедзвюма рукамi пад пахаю цапы.
        Маладзiца стаяла каля дзвярэй, чакала, калi выйдзе Iмполь.
        – Дзякуй, Iмполька, – сказала яна, гледзячы яму ў твар.
        – Няма за што, – пацiснуў ён плячом, убачыўшы ў яе на верхняй губе малюсенькую карычневатую бародаўку.
        – Як жа ж няма за што? – адвярнулася яна ад яго вострага позiрку i пачала зачыняць дзверы. – Мужчын усё прасiла, ажно брыдка ўжо.
        – Алеся, ты тут? – крычала з-пад хаты маладым голасам прысадзiстая дзеўка ў малiнавай вязанай хустцы.
        – Го, тут! – адгукнулася гаспадыня, высоўваючыся з-за Iмполевых плячэй.
        – Газы пазыч.
        – А цi ёсць там у самiх?
        – Калi захочаш сабаку выцяць, то кiй знойдзеш, – засмяялася дзеўка, уцiкоўваючыся ў Iмполя.
        Заходзячы следам за старым малацьбiтом у сенi, Iмполь чуў, як зашапталiся, астаўшыся трохi ззаду, дзеўка з гаспадыняю, i дагадаўся, што гэта пра яго.

Крыніца: http://knihi.com/Viacaslau_Adamcyk/Cuzaja_backauscyna.html
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.