РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чорны замак Альшанскі
Частка першая. Грозныя цені начныя
Раздзел I. Візіт устрывожанага чалавека
Раздзел II. Пад’езд кавалераў
Раздзел III. Дамы, манахі і паршывы беларускі рамантызм
Раздзел IV. Пра жанчыну з мінулага, абеляў у адстаўцы і пра тое, як чытанне Евангелля не прынесла аніякай карысці, акрамя маральнай
Раздзел V. Чалавек знік
Раздзел VI. Кароткі. Аб сівым антыквару і «барыгу»
Раздзел VII. Што было сказана ў «Новым Тэстаменце» і якую таямніцу схаваў у «Апакаліпсісе» Іаан Багаслоў…
Раздзел VIII. Зноў гасне неба
Раздзел IX. Кладна. Дарога. Адрашэнне
Раздзел X. Ідылія ў кантрастах
Раздзел XI. Белая Гара
Раздзел XII. Пачатак пошукаў
Раздзел XIII. Нарада двух кавалераў, аднаго ўдаўца і аднаго жанатага
Раздзел XIV. Пра вар’ятаў і дробязі, якія не вартыя і выедзенага яйка
Раздзел XV. Пра новую хату, спраўджаныя сны і пра тое, як забіваюць чалавека і ці лёгка другому двухногаму зрабіць гэта
Частка другая. Катакомбы, змрок і агонь
Раздзел I. У якім ніхто з «трох мушкецёраў» амаль нічога не ведае, а той, хто ведае, не можа расказаць
Раздзел II. У якім я зашмат балбачу і, насупор логіцы, шкадую правакатара
Раздзел III. Перад вачыма кахання, вачыма вар’яцтва і смерці
Раздзел IV. Загадкі і адгадкі. Палкоўнік, лейб-медыкус і пракуратар
Раздзел V. У якім я амаль складваю лапы, падводжу вынікі паражэння, але своечасова ўспамінаю пра пэўную аптымістычную жабку
Раздзел VI. Дзе іхнія сляды, дзе твае сляды? Хто знойдзе іх, хто знойдзе цябе?
Раздзел VII
Раздзел VIII
Раздзел IX
Раздзел X
Раздзел XI
Эпілог
РАЗДЗЕЛ I
ВІЗІТ УСТРЫВОЖАНАГА ЧАЛАВЕКА
        Прозвішча маё Косміч. Хрышчаны (гэта ўсё бабця) Антонам. Бацьку, калі хочаце ведаць, звалі Глебам. Маці - Багуславай. Занятак бацькоў да рэвалюцыі? Бацька, скончыўшы гімназію, якраз паспеў на Зялёнага і Махно. Маці - гады тры-як кончыла гуляць у лялькі.
        Я даю вам гэтую разгорнутую анкету, каб не гаманіць доўга. Анкету з дабаўленнем міліцэйскага апісання прыкмет. А раптам нешта нараблю. Асабліва пры маёй схільнасці ўблытвацца ў розныя прыгоды, на якія мне да таго ж шанцуе.
        Мне трыццаць восем год без малога. Стары кавалер, як казала мая знаёмая Зоя Пярэрвенка, з якой у мяне тады якраз канчаўся - а мабыць, такі канчаўся - кароткі і, як заўсёды, не вельмі ўдалы раман.
        Гэткі стары-ы кавалер, які за вайной ды навукай не ажаніўся, а цяперака позна ўжо.
        Жыццяпіс гэтага старога кавалера пададзены пункцірам. На два гады раней, чым трэба, скончыў школу. Шчанюком з мокрым пыскам. У сорак першым. Напярэдадні. З выпускным балем, дзяўчынкаю ў белым і вальсам да раніцы. Дурны, збіты, зацяганы дрэннымі пісьменнікамі прыём. Але тут так і было. На жаль і тугу. Таму што той раніцай дзве першыя бомбы ўпалі на паштамт і кінатэатр. Мы з ёю былі ў кінатэатры, так што ўсё гэта здарылася на маіх вачах.
        Трос перад ваенкомам пасведчанне аб заканчэнні школы. Пашпарта яшчэ не было. Але паверылі. Быў... здаровая, словам, вымахала доўбня. Узялі.
        І сербануў я тут спаўна. Родны гарадок. Адступаем. Над паравым млынам адзіны ўцалелы рэпрадуктар, і з яго бравурны марш. І нараўлянін Каляда, камандзір майго аддзялення, увесь у пыльных бінтах, разануў па ім з аўтамата (мала іх яшчэ тады было, ледзь не адзінкі).
        Разануў, «каб не звягав, паразіт».
        Тут і скончылася мая ўзнёслая маладосць. Тут, а зусім не тады, калі мы прыкрывалі адыход нашых і Каляду забілі, а мяне, засыпанага зямлёй, узялі ў палон. Было гэта паўночней Оршы.
        Я ўцёк з эшалона пад Альберцінам. І тут жа ў Слоніме ледзь зноў не трапіў... Уратаваў мяне дзядзька Здзіслаў Крыштафовіч. Як толькі яго ні хвалілі: «паслугівач, і падбрэхіч, і...»
        Немцы пасля, у канцы сорак другога, павесілі яго, харошага чалавека, у вёсцы пад Слонімам.
        І добра хаця тое, што ўжо дзесяць год стаіць яму ў той вёсцы помнік.
        Вось так, сябры.
        Партызанка. Зноў армія. Моцна зранены ля Патсдама. Дэмабілізаваны.
        І пачалі мяне тут ва ўніверсітэце вучыць «уму маразму». У пяцьдзесят першым атрымаў дыплом, у пяцьдзесят чацвёртым аспірантуру скончыў. Дзіўлюся, як ад усёй гэтай навукі не стаў непапраўным дубам. Дысертацыю абараніў па «шашнаццатаму» стагоддзю. Дзеячы рэфармацыі. Гуманісты.
        Стаў кандыдатам, спецыялістам па сярэдневяковай гісторыі, неблагім палеографам. Напісаў некалькі дзесяткаў артыкулаў, тры манаграфіі - можна і доктарам рабіцца.
        Збіраюся. Вось-вось.
        «Малады таленавіты доктар гістарычных навук».
        Цьху!
        Асобныя прыкметы:
        Светлы шатэн, вочы сінія, нос сярэдні, рот - шчылінаю ў паштовай скрынцы на галоўпаштамце, морда - сумесь варага з познім неандэртальцам, рукі граблямі, ногі доўгія, нібы ў палескага злодзея.
        Спартыўныя дадзеныя:
        Сто дзевяноста адзін сантыметр росту, восемдзесят дзевяць кілаграмаў вагі. Плаванне - першы разрад, фехтаванне - другі - а каб вы спрахлі! Адносіны да баскетбола? Мог бы і ў баскетбол. Але на першай трэніроўцы нехта выцерся аб мяне потнай спінаю. Разумееце, не рабочы пот, не жаночы, а з рэзкага паху, валасатага цела, якое ледзь не сплывала тлушчам... Кінуў гэтую справу. Грэблівы занадта.
        Футбола не люблю. У гімнастыцы - нуль. Не ведаю, ці здолею пятнаццаць разоў падцягнуцца на турніку.
        Вось, здаецца, і ўсё, што цікавіць людзей.
        Ф-фу-у!
        А наконт таго, чым дыхаю, што толькі маё, дык гэта росшукі ў мінулым. Акрамя вышэйпамянёных прац напісаў яшчэ некалькі, накшталт... ну строга абгрунтаваных, дакументальных гістарычных дэтэктываў, ці што.
        Некаторыя з’явіліся ў часопісах. Некаторыя яшчэ чакаюць: «Злы лёс роду Галынскіх», «Забойства ў Дурынічах» і г.д. Калі вось гэтая гісторыя вас зацікавіць, я, з часам, пазнаёмлю вас і з тымі.
        Смешна? І праўда, смешна. Навуковы работнік і, раптам, пінкертонаўшчына ў мінулым. Мне таксама смешна. Затое - цікава.
        І вось пісаў, пісаў я - хутчэй ад жадання перамагчы пачуццё сваёй непаўнацэннасці, бо пісьменнік з мяне нікудышны, - гэтыя творы папулярнага цяпер жанру; пісаў, беручы замест таленту ўменнем разабрацца ў блытаніне актаў, фактамі і логікай. Пісаў і не ведаў, што ў той вечар лёс - цераз аднаго ўстрывожанага чалавека - ублытае мяне ў сапраўдны дэтэктыў.
        У той брыдкі сакавіцкі вечар я якраз рыхтаваўся да работы. Шчыра кажучы, не цярпелася дарвацца да яе: многія месяцы я займаўся не тым, чым хацеў.
        Для мяне гэтыя першыя хвіліны - ледзь не найбольшая асалода ў жыцці. Метадычна раскласці на стале рэчы: чыстая папера - справа, злева - месца для спісанай. Справа крыху далей - вымытая да рыпення попельніца. Ля яе нечапаны (абавязкова нечапаны!) пачак цыгарэт. Дзве ручкі запраўлены чарнілам. На падаконні злева свежазмолатая кава ў герметычным слоіку і кававы апарат. На стале ані парушынкі.
        Сам ты толькі што пагаліўся, узяў ванну, абавязкова надзеў новую чыстую кашулю. Перад табою бялюткі аркуш ільснянай паперы, і зялёная лямпа кідае на яго яркае ў салатавым паўзмроку кола. Ты можаш адкласці работу да раніцы - усё адно ўнутрана ты падрыхтаваны да яе. А можаш сесці і зараз.
        І чорт яго бяры, што за вокнамі шалее і коса імчыцца мокрая тхлань сакавіцкага снегу, што за ім ледзь відны вулічныя сіратлівыя ліхтары, скурчаныя цені лрахожых, рухомы вежавы кран непадалёк і чырвоную іголку тэлевышкі наводдаль. Нічога, што так тужліва калоцяцца аблепленыя снегам дрэвы і так бяздонна блішчыць пад рэдкімі ліхтарамі асфальт.
        Няхай. У цябе цёпла. І ты ўвесь, і скураю і нутром, падрыхтаваны да вялікай Работы, адзінага пэўнага, што ў цябе ёсць. І ўсё гэта - як быццам чакаеш найдарожшага спаткання, а яно чакае цябе, і сэрца замірае і падае. І незайманы, цнатлівы ліст паперы чакае першага пацалунка пяра.
        Званок!
        Я ўнутрана вылаяўся. Але стол быў прыбраны, і чакаў, і мог чакаць да заўтра, і, можа, гэта было яшчэ лепей, як лепей чакаць дарагога спаткання, каб даўжэй адчуваць лікуючую непатольнасць. Легчы спаць, ведаючы, што «заўтра» прынясе першую - заўсёды першую! - радасць, і прачнуцца з адчуваннем гэтай радасці, і ўстаць, і ўзяць яе.
        Да таго ж званок быў знаёмы, «толькі для сваіх». Дый хто пацягнуўся б некуды з хаты ў такую сабачую золь без пільнай патрэбы.
        Я адчыніў дзверы. На пляцоўцы стаяла, дыгаючы, як жораў, нагамі, худая тонкая постаць у цёмна-шэрым паліто, саматканым клятчастым шаліку, тоўстым, як коўдра, і ў бабровай шапцы.
        Бабёр гэты ад расталага снегу, шчыра кажучы, дужа нагадваў кошку пад дажджом. Вярнуўся ў родную стыхію.
        - Заходзь, Мар’яне.
        Ён нібыта юкнуў у перадпакой, ляпнуў за сабою дзвярыма, уздыхнуў і толькі тады сказаў:
        - А быці таму палацу княскаму багату, як касцёл, дый надалей фундаваць касцёлы.
        Мы з ім любілі часам паразмаўляць «у стылі барока». Але на гэты раз жарт у яго не атрымаўся: занадта бязраднай была ўсмешка, занадта няўпэўнена расшпільвалі паліто худыя доўгія пальцы.
        Гэта быў Мар’ян Пташынскі, адзін з нямногіх маіх сяброў, «ларнік вучоны» і сапраўды адзін з лепшых у краіне знаўцаў архіўнай справы, вядомы, праўда, значна больш як калекцыянер-аматар. Калекцыянер амаль неверагодна абазнаны і ўзброены найглыбейшымі ведамі, беспамылковым густам, сабачым нюхам на фальшывае і сапраўднае, сталёвай інтуіцыяй і чуццём на падробкі.
        Мы з ім любім адзін аднаго. Ён ледзь не адзіны чалавек з вучонага свету, які не ставіцца іранічна да маіх гісторыка-крымінальных росшукаў. А я люблю ягоныя бясконцыя апавяданні аб рэчах, паперах, пячацях, манетах і ўсім такім іншым.
        Абодва мы кавалеры (ад яго пайшла жонка, пусценькі коцік - актрыса), абодва ў вольны час ловім рыбу і спрачаемся, абодва прымаем адзін аднаго такімі, якія мы ёсць.
        І вось менавіта таму, што я ведаю яго, як сябе, я адразу сёння заўважыў, што ён не той, не такі. З пытаннямі, аднак, лезці не стаў.
        З апарата якраз забубніла, запырхала, палілася ў хмарках пары чорная, ільсняная на выгляд кава.
        - Вып’еш?
        - Хіба вадой развёўшы? - выгляд у яго быў вінаваты і беспарадны.
        Разбаўляць такую раскошу вадой - гэта было злачынства, але я не пратэставаў: у Мар’яна нядаўна быў мікраінфаркт.
        - Нельга мне, - сказаў ён. - А зусім без яе не магу.
        Хутка ў наш час зношваюцца людзі. Паспытаў Маўтхаўзена і яшчэ сяго-таго. Дзіва, што такое сэрца ў сорак год.
        ...Ён трымаў філіжанку доўгімі пальцамі і больш нюхаў, чым піў, і ноздры ягоныя трапяталіся ад асалоды, як у Адама ля забароненага дрэва. І аблічча ў яго было тое, што ў кепскіх раманах называюць «артыстычным»: просты нос, бліскучыя цёмныя валасы, глыбока пасаджаныя немалыя вочы...
        Я любіў яго. ён быў мой друг.
        Слухай, Антось. Мяне, напэўна, хочуць забіць.
        Мне здалося, што я недачуў.
        - Так. Забіць.
        - І варта, - сказаў я. - Такую святую Барбару ўпусціць, аддаць у рукі гэтаму гандляру ад калекцыянерства. Мілюціну Эдзьку.
        - Я не жартую, Антось.
        Толькі тут я зразумеў, чаму ён сёння «не той». На ягоным абліччы, звычайна такім паблажлівым і сардэчным, сяброўскім і ад прыроды добрым, ляжаў цень. Цень сталай трывогі, той, што ані на хвіліну не адпускае, гняце, цісне, задушвае ўвесь час сэрца. Нямоцна, але ўвесь час. І я адразу паверыў яму, бо такі твар у чалавека бывае толькі тады, калі справа сур’ёзная.
        - Ну што ты мне тут смалякі пляцеш? - сказаў я.
        - Ты маю Кнігу ведаеш.
        Кожную сваю новую кніжную знаходку ён называў з націскам «Кніга!».
        - Тыя тры. Пераплеценыя.
        - Ну, бачыў. Год яна ў цябе.
        Год і два месяцы... Ну... вось за яе.
        Я невыразна помніў тую кнігу. Тры кнігі памерам у аркуш, узятыя ў адзін пераплёт з рудой скуры канца XVI стагоддзя. Ні густу, анічога. А кнігі, сапраўды, дужа каштоўныя, толькі які ёлуп іх сабраў пад адной вокладкай: «Евангелле» 1539 года, выдадзенае накладам князя Юр’я Сямёнавіча Слуцкага, ды тут жа «Евангелле» Цяпінскага, ды да яго прышмараваны «Статут» 1580 года выдання, той, што пад даглядам Льва Сапегі рабіўся.
        Тры кнігі, пераплеценыя ў адзін пераплёт нейкім варварам. Каштоўныя кнігі. Але каб за іх?!
        - Вярзеш ты...
        Праўда, «Евангелле» Цяпінскага было надзвычай рэдкім экземплярам. З набору былі выцягнуты «літаркі», каб засталося пустое месца.
        Ясна, друк у Цяпінскага быў не той, што ў Скарыны. Бедны друк дужа беднага друкара. І нейкаму багатаму чалавеку гэта не спадабалася. І ён папрасіў аб адной такой кнізе, толькі без «літарак», для сябе. А на пустых месцах папрасіў нейкага мініяцюрыста намаляваць тыя літаркі фарбамі і золатам. Каб кніга выглядала на больш багатую. І мастак гэта зрабіў. З густам і ўмельствам. Але каб чалавек адчуваў сябе ў небяспецы за нейкія тры дзесяткі мініяцюр?
        - Распавядай, - сказаў я.
        Бо я верыў. Верыў гэтым устрывожаным вачам, злёгку скрыўленаму роту, неспакойным пальцам, нервовай спіне, напятай, як лук (вось-вось выскачыць звер).
        - Ходзяць за мною ўвесь час... За вокнамі снег падмяты раніцамі... І калі з работы вяртаюся... Сабакі нервуюцца, як прыходжу... Некалькі разоў заўважаў, што швэндаюцца на пустыры нейкія цёмныя асобы.
        - Ладна. Скажам, за кнігу. Адкуль ім ведаць, што яна ў цябе?
        - Меў дурасць. Выстаўка была ў лютым у публічнай бібліятэцы. Старадрукі. З бібліятэкі, дый з пры-ватных збораў таксама.
        - І што?
        - А тое, - ён усё ж глынуў ахалолай кавы. - Я стаю пры сваіх і тлумачу. Маячыць наводдаль нейкі чалавек. Высокі, год на восем за нас старэйшы, але яшчэ не сівы, цёмны бландзін. Аблічча бура-чырвонае, нібы загарэў, нягледзячы на зіму. Па тыпу і вопратцы - ну, не разбярэш: ці то настаўнік вясковы, ці то старшыня сельсавета. Рукі як, быццам не дужа спрацаваныя, але ўсё ж.
        Мар’ян сербануў яшчэ раз.
        - І просіць: ці не дазволіце зірнуць? І такая ў яго голасе пачцівасць, такая непадробная павага да сапраўднай вучонасці, так хвалюецца - аж чырванее, - што я дазволіў. Гартае як чалавек. Нават занадта асцярожна. За верхні рог старонкі. Прыглядаўся. Ледзь не чытаў некаторае. Прыемна было, што ёсць людзі, якія хаця й не ведаюць, а цікавяцца, любяць.
        Ён сядзеў на тахце, на стракатай лельчыцкай посцілцы, і ў паўцемры вадка блішчалі ягоныя вочы. Каву ён дапіў. Пальцамі ўзяў у замок сваё вузкае і моцнае калена.
        - І вось тут першае, што мне не спадабалася. «І дзе ж вы гэта дасталі?» - «На гары ў аднаго сярод непатрэбных кніг знайшоў». - «І няўжо гэта прадаюць і купляюць? І вы, можа, прадалі б?» - «Я шукаю... Не шкадую ні вушэй, ні вачэй, ні ног. Купляць такія рэчы ў мяне купіла няма. А прадаваць - так-сама не прадаю. Пасля маёй смерці ўсе гэтыя рэчы, за выключэннем некаторых, пойдуць музею майго роднага гарадка». - «А-а», - і нейкая такая скутасць у яго рухах. «То чаго б цяпер не прадаць?» Дый пайшоў... Дай - цыгарэту.
        - Шкодна табе.
        - Парашковае малако піць шкодна... Не спадабаўся ён мне пад канец... Быццам здаровы нейкі звер з металічным зубам абнюхаў усё, разведаў дый пайшоў... Трэ было б усё гэта ўжо зараз аддаць. Ды не магу. Дасюль не мог. Вышэй сіл было жывому разлучыцца з гэтым. Ты памятаеш, як я ўсё гэта збіраў. Як у Варонцы пад руіны кляштара ў сховішча замаскаванае на чэраве лазіў, як ад селядцоў ратаваў кнігі, як мне мой Мікола дастаўся, на якім дровы секлі, як мяне пад Слонімам у крамянёвай шахце заваліла, як я ўсё гэта растаўраваў, пылам дыхаў, ад хімікаліяў кашляў... Дабро, усё гэтае ад смерці ўратаванае, палюбуюся толькі да лета, дый аддам. Апусцее хата... І не сюды аддам, на пыл у запасніку, а ў свой Руцк. Там яны царамі стаяць будуць. Апусцее хата. Ну, ды гэта мне ненадоўга... Цяпер ужо скора. Дужа скора.
        - Плюнь.
        - Не, братка, ведаю. Цяпер скора.
        - Не курыў бы.
        - Не магу. Абмяжоўваю сябе, а не магу.
        Змяў цыгарэту. Прыгожы ён, калі думае. Не тое што мая варажская храпа. І дурніца ж гэная праклятая баба, ягоная былая жонка. Ах, матыль серабрысты! Ах, сю-сю! Ах, славуты Іванскі з гамерычнымі ляжкамі! Ах, Кафка! Ах, сцэна! А сама ані ў сцэне, ані ў Кафцы ані ў зуб нагою. Як скажа, то з поля вецер, са ..... дым. Ганарылася б, што хаця адзін чалавек у сям’і разумны. Я б на яе месцы такога ў пантофель цалаваў, як папу рымскага. Ды яна, чуў, і хацела вярнуцца, але не захацеў ён.
        - Пасля званок, - сказаў Мар’ян. - Малады інтэлігентны голас (зараз усе інтэлігентныя): «Прадайце». - «Не прадаецца. Гэта майго музея ў Руцку, а не маё». І яшчэ падобны званок, іншым голасам. А пасля ледзь не кожную ноч: «Прадайце, прадайце, прадайце».
        - Ты што, не ведаеш, як тэлефонных хуліганаў лавіць?
        - Спрабаваў. Званілі з аўтаматаў у розных канцах горада. «Прадайце! Прадайце!»
        - Набяры адзінку і пакладзі трубку. Ніякая зараза не дазвоніцца.
        - Не магу. Кожную ноч чакаю званка.
        - Што такое?
        - У Юлькі рак.
        Юлька - гэта ягоная былая жонка. Вось табе і маеш пірог з бобам. Я маўчаў. Адступілі некуды кепскія думкі аб ёй. Перад гэтым усе роўныя. Мне было сорамна.
        - Яна пра гэта яшчэ не ведала, як хацела вярнуцца. Ляжыць цяпер недзе ў Гомлі. Грошы патаемна дасылаю. Медсястра піша аб усім. Звоніць. Кажа: пасля аперацыі лягчэй. А я не веру. Думаю кожную ноч: вось званок. І ўсё здаецца, нібы я пра гэта ведаў і адштурхнуў. Зараз бы вярнуць. Ды не, не даруе.
        Бог ты мой, ён яшчэ і слова «дараванне» помніць, святы асёл! І ўвесь напяты, і ўвесь трывожны - чорт бы цябе, сабачага сына, любіў.
        - Ну, аб гэтым досыць. Вяртацца ёй да чалавека, які ў шлях выпраўляецца, няма чаго. Ачуняла б толькі, - твар яго раптам стаў рашучы. - І шкадаваць аб тым, што не збылося, не выпадае. Але званка чакаю. А замест яго - кожную ноч - яны. Ведаеш, трывожуся я.
        Мілы мой, я гэта з самага пачатку бачу. І тое, што кепска. І тое, што падобны ты на адзіную барокавую скульптуру ў маёй кватэры: на «смуткуючага» над тваёй галавой. Страшныя вочы. І гэты вянок. Як я гэтага не заўважаў?! Заўтра ж выселю яго ў другі пакой.
        - І... баюся, Антось. Ты ведаеш, баязліўцам не быў. Разам былі ў рознай калатэчы.
        - Ведаю.
        - А тут паршыва. Падыходзіць нехта да вокнаў. Сабакі бурчаць, як на нячыстую сілу. Нейкі пах аднойчы ў перадпакоі.
        - У міліцыю пазвані.
        - З-за няясных падазрэнняў? - ён раптам скалануў галавой і ўсміхнуўся. - До ўжо табе... А пострах? Пострах можа быць з-за сэрца. У сардэчнікаў гэта бывае, гэткія прыпадкі неасэнсаванага, беспрычыннага постраху. І ў мяне й раней былі. Не звыкаць.
        - Я ж табе і кажу. Кінь. Звычайныя барыгі. Хочаш кілішак каньяку?
        Трывога ўсё ж не пакінула яго.
        - Можа быць. Але чаму кніга? Чаму адна гэтая кніга? Чаму не мой Мікола? Не грамата Жыгімонта мытнікам - там жа адзін каўчэг чаго каштуе? Чаму гэтая кніга?
        - Не ведаю. Давай паглядзім.
        - Вось я і хацеў. Ды не рызыкнуў несці. Цёмна, - ён устаў.
        - Ну, бывай здароў, браце. І плюнь на ўсё.
        - Ты... заходзь да мяне паслязаўтра, Антосю. Разгледзім. Я хаця й архіўны работнік, а палеограф ты лепшы.
        Я вырашыў, што хопіць. Трэба пераходзіць на звычайны тон. Досыць гэтага, гнятучага, досыць. Бо амаль любому жаху, калі ён у плоці, мужчына можа разбіць нос.
        - То што, правялебны Мар’ян?... І псы бурчалі на сілу варожую, а ён, бес, у сенцах, спакушаючы правялебнага чысціню, смярдзеў брыдка...
        - Нібы творы доктара навук гістарыйскіх Цытрыны.
        - Забрахаўся, якія гэта «гістарыйскія»?
        - А «мусікійская» ж ёсць? То ж бо... «Цытрыны» і падобных яму.
        Мы разрагаталіся. Але ўсё адно я адчуваў, што на дне ягоных вачэй трывога.
        ...Ён пайшоў, а трывога засталася. Я падышоў да акна і глядзеў, як ён ідзе цераз вуліцу ў касых, імклівых струменях снегу, змешанага з дажджом.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.