РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чорны замак Альшанскі
Частка першая. Грозныя цені начныя
Раздзел I. Візіт устрывожанага чалавека
Раздзел II. Пад’езд кавалераў
Раздзел III. Дамы, манахі і паршывы беларускі рамантызм
Раздзел IV. Пра жанчыну з мінулага, абеляў у адстаўцы і пра тое, як чытанне Евангелля не прынесла аніякай карысці, акрамя маральнай
Раздзел V. Чалавек знік
Раздзел VI. Кароткі. Аб сівым антыквару і «барыгу»
Раздзел VII. Што было сказана ў «Новым Тэстаменце» і якую таямніцу схаваў у «Апакаліпсісе» Іаан Багаслоў…
Раздзел VIII. Зноў гасне неба
Раздзел IX. Кладна. Дарога. Адрашэнне
Раздзел X. Ідылія ў кантрастах
Раздзел XI. Белая Гара
Раздзел XII. Пачатак пошукаў
Раздзел XIII. Нарада двух кавалераў, аднаго ўдаўца і аднаго жанатага
Раздзел XIV. Пра вар’ятаў і дробязі, якія не вартыя і выедзенага яйка
Раздзел XV. Пра новую хату, спраўджаныя сны і пра тое, як забіваюць чалавека і ці лёгка другому двухногаму зрабіць гэта
Частка другая. Катакомбы, змрок і агонь
Раздзел I. У якім ніхто з «трох мушкецёраў» амаль нічога не ведае, а той, хто ведае, не можа расказаць
Раздзел II. У якім я зашмат балбачу і, насупор логіцы, шкадую правакатара
Раздзел III. Перад вачыма кахання, вачыма вар’яцтва і смерці
Раздзел IV. Загадкі і адгадкі. Палкоўнік, лейб-медыкус і пракуратар
Раздзел V. У якім я амаль складваю лапы, падводжу вынікі паражэння, але своечасова ўспамінаю пра пэўную аптымістычную жабку
Раздзел VI. Дзе іхнія сляды, дзе твае сляды? Хто знойдзе іх, хто знойдзе цябе?
Раздзел VII
Раздзел VIII
Раздзел IX
Раздзел X
Раздзел XI
Эпілог
РАЗДЗЕЛ VI
КАРОТКІ. АБ СІВЫМ АНТЫКВАРУ І «БАРЫГУ»
        Мне ўсё ж давялося яшчэ зайсці да Клепчы, хаця я не жадаў гэтага горай за смерць. Здарылася так, што вечарам наступнага дня ён пазваніў мне і ласкава праінфармаваў, што ні ў адным камісійным магазіне горада тых карцін – прабачце – няма і што, значыцца, меў месца крадзеж. Значыцца, усё было проста.
        – Не, не проста, – сказаў я ў трубку. – Не ведаю, як з ягонай смерцю, але ён не паехаў бы на Романь, чакаючы звестак ад жонкі. Маглі скарыстацца адсутнасцю. Бо нехта, скажам, абяцаў за Евангелле вялікія грошы. Шукалі яго, не знайшлі, прыхапілі, што трапілася пад руку, ды і ўсё. А маглі і забіць у нейкі невядомы спосаб.
        – То што б вы параілі, шаноўны Антон Глебавіч?
        – Я ведаю? Я стаў бы шукаць таго, хто ўмаляў прадаваць яму кнігу, мо ён і падгаварыў узломшчыкаў.
        – А можа, сапраўды схапіла сэрца, упаў, захлынуўся? А кватэру абрабавалі пасля?
        – Вашы гіпотэзы, вы і правярайце.
        Я паклаў трубку. Я цярпець яго не мог за адно толькі падазрэнне.
        У гэтыя дні я зрабіў адно адкрыццё. Круціў кнігу і так і гэтак і знайшоў у дзвюх мініяцюрных чырвоных літарах нібы ўплеценыя ў завіткі лісцікі, кветкі і візэрункі – ініцыялы. Можа, мне гэта і здалося, але як часам бачыш у пляме на сцяне партрэт або пейзаж, так бачыў я ў дзвюх мініяцюрах ініцыялы ПДА – Пятро Давыдавіч Альшанскі – і ВХА – Вітаўт Хвёдаравіч Альшанскі. Гэта, здаецца, сцвярджала той факт, што Евангелле належала ім, але я не ведаў, чым гэты так званы факт можа мне дапамагчы. Ну, скажам, мог быць такі пабуджальны матыў, як выкраданне фамільнай каштоўнасці. Але дзе там, да д’ябла, члены той фаміліі? Хутчэй за ўсё, што матыў быў адзіны: спекуляцыя.
        І вось праз два дні шаноўны пан Клепча пазваніў мне і ветліва запрасіў да сябе. Самі разумееце, што гэта было не тое запрашэнне, якое можна ігнараваць. Я з’явіўся і ўбачыў у прытульным такім кабінеціку дзве карціны, прыхіленыя да сценкі.
        – Яны?
        – Ясна, што яны. Унь, бачыце, на адваротным баку “Кромвеля” зацыраваны след пашкоджання.
        – Ягоны почырк? – ён працягнуў мне квітанцыю.
        – Почырк не ягоны. Подпіс ягоны.
        Ён пачырванеў. Людзі ягонага тыпу не любяць, калі ім заўважыш, што яны няправільна гавораць. Мне і памаўчаць бы, але занадта ён мне абрыднуў.
        Пасля я меў яшчэ два прыемныя знаёмствы. Адно – з сівенькім дзядком – антыкварам, гэткай сабе дзюбатай птушачкай з надзіва элегантнымі і рухавымі ручкамі. Другое – са здаравенным выпешчаным бамбізам, такім фацэтам у шэрым гарнітуры з мяккай дарагой воўны. І гальштук да гэтага гарнітура пасаваў, і срэбны стары сыкгнет, менавіта сыкгнет, а не пярсцёнак. Не пасавалі толькі вышыбайлавы вусікі, але гэта ўжо ад густу кожнага чалавека.
        – Дык я вам і кажу, – гарачыўся дзядок, – што тут і графічнай экспертызы не трэба. Гэта Пташынскага рука – мне ўжо і не ведаць.
        – Словы, – сказаў Клепча.
        – Што словы?! Што?!
        – Словы, кажу, надта спецыфічныя, ведаеце.
        Тут ён мне ўпершыню спадабаўся. Але дзядок узвіўся:
        – Крымінальныя раманы пішаце?! Дэтэктывы друкуеце?! То што вы хочаце, каб людзі не ведалі спецыфічных выразаў? Што?! А што датычыцца, што вы карцін не бачылі, то я галоўны антыквар, то я такі быў у ад’ездзе і квітанцыі схаваў, а карціны на складзе былі. І вось іх выставілі, што?! Вы ж бачыце, калі здаў.
        – За два дні да смерці, – сказаў Клепча, – вось чаму было шмат грошай. Слухайце, а вы гэта дакладна ведаеце, хто званіў Пташынскаму наконт кнігі?
        – Ну, хіба я што? Я дакладна! Спыталі б з самага пачатку ў мяне, і не спатрэбілася б тых дурных падазрэнняў, так? І ён рады быў сам сказаць з пачатку. Вось ён хацеў купіць, Барыс Гутнік! Ужо я што, Бору не ведаю, каб не ведаць, хто хацеў купіць.
        – З якой прычыны хацеў купіць?
        – Кнігалюб. А што, нельга?
        – Гандлюе кнігамі.
        – Дык я ж не чуў. Часам мяняе.
        Прывялі і Бору, таго самага выпешчанага бамбізу.
        – Я званіў, – спакойна прызнаўся ён, разглядаючы дагледжаныя пазногці. – Толькі ніякага шантажу не было. І ніякага “чалавека вясковага выгляду”, што быў на выстаўцы кнігі, не ведаю… Так, разы тры званіў. Усё думаў, што перадумае… Ну, проста хацеў гэтую кнігу.
        – Для працы?
        – Не ўсе, хто любіць кнігу, ужываюць яе для працы. Я проста люблю кнігу. А вы хіба не?
        Хацеў бы я ведаць чалавека, які ў наш адукаваны век прызнаўся б, што ён цярпець не можа кніг. Хоць да гэтага мы, дзякуй богу, дараслі.
        Клепча сумеўся, а малады бамбіза дужа сур’ёзна вёў далей:
        – Гэта адзіная мая страсць, таварыш лейтэнант. За гэта, па-мойму, не судзяць. І калі ўжо “кнігі суць рэкі, што напаяюць сусвет”, то як можна вінаваціць таго, хто прагне і п’е. Ясна, званіў, не хацеў выпускаць з рук.
        – Вам не здаралася гандляваць кнігамі? – спытаў Клепча.
        Гутнік палез у кішэнь пінжака і выняў газету.
        – Гэта яшчэ нашто?
        – Сёння якраз, ідучы сюды, атрымаў. Беластоцкая “Ніва”. Бачыце, падзяка за тое, што перадаў у бібліятэку дзвесце пяцьдзесят назваў кніг. Каб гандляваў, наўрад ці зрабіў бы такое. Менш каштоўныя, як лепшых набярэцца, адразу аддаю. Можаце праверыць.
        – А мы і праверылі, – сказаў Клепча, – тут вы не хлусіце, усё праўда. І тут аддавалі, і ў Віцебск, і польскім беларусам.
        Я не ведаў, чаго Клепча трымае пры гэтых допытах мяне. Папрасіў дазволу закурыць, бо “аж вушы ў мяне ад жадання папухлі”, раскрыў пачак.
        – Дайце і мне, – папрасіў раптам бамбіза. – Дзякуй. Што-то такое? “БТ”? Курэц з мяне ніякі, але, разумееце, расхвалявала мяне гэтая гісторыя.
        Няўмела зацягнуўся, аж шчокі да зубоў прыліпнулі і, паказваючы на газету, сказаў нібы проста ў прастору, але з відавочным жаданнем ушкуліць Клепчу:
        – Імя надрукавалі. Ветлівыя людзі. А тут і сабака не скажа “дзякуй”.
        Гэты чалавек пачаў выклікаць да сябе прыхільнасць. Нават ягоныя вусікі не здаваліся ўжо мне фатаўскімі.
        Ідучы дадому, я думаў, што і апошнія ўскосныя доказы рухнулі. Нічога не дало ўскрыццё, нічога не дало знікненне карцін. Ні ў кватэры, ні на месцы, дзе загінуў Мар’ян, не было знойдзена аніякіх слядоў. Наконт кнігі званіў ні ў чым не вінаваты кнігалюб, дый невядома, ці кнігу шукалі ўзломшчыкі, што ўсыпілі сабак.
        …Мінуў тыдзень. Ніхто мне не званіў, ніхто не выклікаў мяне, і па гэтых прыкметах я зразумеў, што следства з поваду заўчаснай смерці Мар’яна Пташынскага, хутчэй за ўсё, зайшло ў тупік.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.