РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чорны замак Альшанскі
Частка першая. Грозныя цені начныя
Раздзел I. Візіт устрывожанага чалавека
Раздзел II. Пад’езд кавалераў
Раздзел III. Дамы, манахі і паршывы беларускі рамантызм
Раздзел IV. Пра жанчыну з мінулага, абеляў у адстаўцы і пра тое, як чытанне Евангелля не прынесла аніякай карысці, акрамя маральнай
Раздзел V. Чалавек знік
Раздзел VI. Кароткі. Аб сівым антыквару і «барыгу»
Раздзел VII. Што было сказана ў «Новым Тэстаменце» і якую таямніцу схаваў у «Апакаліпсісе» Іаан Багаслоў…
Раздзел VIII. Зноў гасне неба
Раздзел IX. Кладна. Дарога. Адрашэнне
Раздзел X. Ідылія ў кантрастах
Раздзел XI. Белая Гара
Раздзел XII. Пачатак пошукаў
Раздзел XIII. Нарада двух кавалераў, аднаго ўдаўца і аднаго жанатага
Раздзел XIV. Пра вар’ятаў і дробязі, якія не вартыя і выедзенага яйка
Раздзел XV. Пра новую хату, спраўджаныя сны і пра тое, як забіваюць чалавека і ці лёгка другому двухногаму зрабіць гэта
Частка другая. Катакомбы, змрок і агонь
Раздзел I. У якім ніхто з «трох мушкецёраў» амаль нічога не ведае, а той, хто ведае, не можа расказаць
Раздзел II. У якім я зашмат балбачу і, насупор логіцы, шкадую правакатара
Раздзел III. Перад вачыма кахання, вачыма вар’яцтва і смерці
Раздзел IV. Загадкі і адгадкі. Палкоўнік, лейб-медыкус і пракуратар
Раздзел V. У якім я амаль складваю лапы, падводжу вынікі паражэння, але своечасова ўспамінаю пра пэўную аптымістычную жабку
Раздзел VI. Дзе іхнія сляды, дзе твае сляды? Хто знойдзе іх, хто знойдзе цябе?
Раздзел VII
Раздзел VIII
Раздзел IX
Раздзел X
Раздзел XI
Эпілог
РАЗДЗЕЛ II
ПАД’ЕЗД КАВАЛЕРАЎ
        Раніцай мяне разбудзіў залівісты крык пеўня, а пасля адчайнадушнае, надрывістае кувіканне парасяці: відаць, неслі ў мяху.
        – Не хачу-у! Пусці-і-це! Пусці-іце!
        Як на вёсцы. І кожную нядзелю мне вось так прыемна. І гэта адна з прычын, чаму я люблю сваю хату.
        Прыемна гэта сказаць: мая хата, мой пад’езд, мой двор. Асабліва ўспамінаючы вайну, і як пасля намучыліся з бацькам па чужых кутах, і як пасля жылі ў адным пакоі камунальнай кватэры з калідорнай сістэмай. А пасля адзін. І вось два. І тут бацьку пацягнула дажываць у свой гарадок да сваёй сястры, а маёй цёткі.
        – Не магу. Як нібы зрабіў сваю справу. А тут яшчэ кожную нядзелю пеўні, каровы, коні – ну кліча нешта, і ўсё. Каб яшчэ не раён гэты кляты. А тут бачу – парсючок, пярэсценькі. Я ж, здавалася б, гараджанін, я ж араць не ўмею. А тут – ну хоць бы рыдлёўку ў рукі… Бэз зазелянеў, зямля пахне, тлустая такая. На агрэсце зялёнае воблака… Паеду да Марыны. Там сад, будзем двох корпацца. А ты – толькі цяпер, глядзі, жаніся.
        Ён меў рацыю. Нават мне немагчыма ўседзець на месцы кожную нядзелю, калі цераз тракт ад майго дома адкрываецца рынак худобы: коні, каровы, свінні, залатыя рыбкі, авечкі, галубы, трусы, лясное звяр’ё, птушкі, сабакі і ўсё жывое.
        Да таго як агарадзілі квартал – дзядзькі з вазамі стаялі сабе на тратуарах, а здаравушчыя мацёры, адваліўшы саскі, ляжалі, мілыя, на газоне.
        Аднойчы мой сябар Алесь Гудас (а ён жыве на першым паверсе) у нядзелю сядзеў за пісьмовым сталом, а проста пад акном яго кабінета спыніўся воз. Дзядзькі нешта прадалі і вырашылі замачыць куплю-продаж. З рыльца. Убачылі яго і пачалі круціць пальцамі каля лоба. І сапраўды, дурань нямочаны: людзі весяліцца збіраюцца, нядзеля, а ён працуе. Алесь пакруціў пальцам у адказ, прынёс і падаў ім у акно шклянку. Тады яны першую налілі яму. Жонка пасля ледзь з глузду не з’ехала: адкуль выпіўшы? У хатніх туфлях, не выходзіў, у хаце ані кроплі спіртнога, а ён глядзіць і не дужа разумна ўсміхаецца.
        Харошы куток! Шкада, калі рынак куды-небудзь перанясуць. І, галоўнае, у двух кроках ад “вёскі”, ад таго куточка, занесенага на брук, вулачка, далей бульвар і шумны вялікі горад. І дома і замужам.
        З таго часу – як я не хаджу на работу і блытаю дні – крык пеўня ў нядзелю, праз добрае згасанне сну, для мяне як дадатковы каляндар.
        Увосень я абараняю доктарскую. Два месяцы законнага водпуску ды тры нескарыстаных за мінулыя гады. Я дужа рабіў, дужа-дужа многа рабіў, каб вось так, адзін раз, уволю палайдачыць і рабіць тое, што мне хочацца. Кніга выйшла. Амаль да верасня я вольны. Бог мой, ніякіх бібліятэк, ніякіх архіваў, калі толькі сам гэтага не захачу!!!
        Я лічу, што кароткі адпачынак – глупства. Не паспееш прыехаць, раскруціць вуды, падыхаць – на табе, збірайся назад. Не варта і пэцкацца.
        І вось цяпер я адпачну. Упершыню, можа, за дванаццаць год. Добра скінуць з тахты ногі, адчыніць у холад акно, прамерзнуць, зрабіўшы два-тры нядбалыя практыкаванні, памахаць рукамі і нагамі (замяняць сапраўдную працу, ад якой звіняць мускулы, гімнастыкай – лухта зялёная і трызненне сівой кабылы). Добра, калі струмені вады сякуць па плячах і спіне! Добра, калі скура чырванее ад суровага ручніка! Добра, калі трэскаецца аб бок патэльні яйка, і сквірчыць вяндліна, і чарнее кава ў белай-белай філіжанцы!
        Добра адчыніць дзверы на пляцоўку свайго трэцяга пад’езда, “пад’езда старых кавалераў”.
        А, усё адно. Калі абрыдаць, то абрыдаць! Калі апісваць людзей, то апісваць. Бо амаль кожны з нашага пад’езда граў сякую-такую ролю ў нашай гісторыі.
        У маім доме пяць паверхаў і чатыры пад’езды. Мой пад’езд трэці. Завуць яго “пад’ездам старых кавалераў” нездарма. Па невыказнай іроніі лёсу ўсе мужыкі ў ім (пра незамужніх дзяўчат не кажу) або нежанатыя, або ўдаўцы, або… Але гэта сумная гісторыя, і пра яе не трэба ў такую раніцу, калі снег растаў, калі паветра бадзёрае, а неба па-вясенняму нясмела і пранізліва блакітнае.
        На кожным паверсе ў нас па дзве кватэры. Пачну, вядома ж, з майго паверха. Ён самы важлівы не толькі ў гэтай аповесці, але і наогул. Зямны шар круціцца вакол эгацэнтрызму.
        Дзверы ў дзверы са мной жыве Адам Пятровіч Хілінскі, які часам запрашае мяне згуляць у шахматы і ўзяць чарку каньяку. Мянушка ягоная – “палкоўнік у цывільным” (мая чамусьці “Тоха”, так называюць нас усе фраеры двара).
        Хто ён? Не ведаю. І ведаю гэта лепей за іншых, бо ён некалькі разоў, ведаючы пра мае “гістарычныя дэтэктывы” і, магчыма, чытаючы іх, расказваў мне розныя выпадкі з мэтаю, што вось бы мне тое і напісаць ды зрабіць, бо пішуць і робяць нецікава і мала. А я не мастак на такія справы, то я адмоўчваўся.
        Я гляджу на яго не так, як суседзі. Мне ён здаецца гэткім “Абелем у адстаўцы”.
        Можа, яно так ёсць на самай справе? Хто ведае? Я яго не пытаю.
        І ён не скажа. Ведаю толькі, што хату – на горшую недзе выменяў: “Што мне, я адзін. І гэтай бы замнога, каб не кнігі ды фоткі”.
        Гэта адзіны мой друг на пад’езд. Не друг, уласна, а прыяцель па шахматах, па самотнай мужчынскай выпіўцы. Нячаста толькі. Бо метад жыцця ў яго дзіўны. Бывае, што ўдзень спіць, а начамі чорт ведае дзе. Часам месяц-другі няма ўдома. Завітае на гадзіну – і зноў няма.
        Я не распытваю пра яго работу, калі сам не ўспомніць чагосьці. Па-першае, не ведаю, пра што можна спытаць. Па-другое, не ведаю, на што можа адказаць, і не хачу ставіць чалавека ў нязручнае становішча. Па-трэцяе, увогуле не люблю ніякіх устаноў, нават больніц. Кашмар! Твары хворых, плявальніцы, пах. Яшчэ з даваеннага дзяцінства, з крывава-чырвонага плаката ў зубной лячэбніцы.
        Толькі на кватэры я магу звесці з некім знаёмства. На службе чалавек не сам сабою, не тая асоба, якая толькі й цікавіць мяне.
        Нават са сваім шэфам я разгаварыўся толькі тады, калі ён запрасіў мяне ў госці.
        Так і тут. Мабыць, я псіх, але што зробіш? Але розум у яго жывы. Сам мог бы пісаць, а не падбіваць мяне.
        Высокі, сівы, увесь нейкі дужа неславянскі – такіх толькі ў замежным кіно ўбачыш. Англіец? Нарвежац? Але падобен на дужа выцягнуты трохкутнік – плечы шырокія, а клубоў амаль зусім няма, і ногі пры хадзе, каб не парушыць гэтага трохкутніка, заўсёды ставіць блізка адну да адной.
        Апрануты заўсёды бездакорна, ды яшчэ й з доўгай люлькай у зубах: “Містэр Сміт на Бобкін-стрыт”. І толькі на паляванні, ці рыбалцы (ездзілі некалькі разоў), або ў кватэры, дзе няма старонніх, усё гэта замяняецца тыпова славянскай, мала таго, беларускай разбоўтанасцю. Сон дзе папала: куцавейкаю ля вогнішчаў, пяцьсот разоў “лісіцу” спаймаў; стаптаныя чобаты – лата на лаце. І ўсё адно, нават у лахманах, – фацэт, нічога не скажаш. І азартны, зараза. Аднойчы, калі бесталковы сабака шукаў у другім баку, проста сам, ва ўсёй амуніцыі, з чаўна ў ваду скочыў. Па качку.
        Знаёмства наша пачалося з балбатні ў двары. Гаварылі ўсе нешта пра чалавечыя захапленні. Ён маўчаў, ну я і вырашыў спытаць яго, а якое ў яго хобі.
        – Бабачкі, – адказаў ён не толькі сур’ёзна, але й змрочна.
        – Матылі?
        – Я з вамі па-беларуску гавару. Жанчыны.
        Нічога сабе манера жартаваць. На самай справе хобі ягонае – гравюры і кнігі. Частка знікла ў той час, калі гаспадарку вяла адна сястра, але нават тое, што засталося, здзіўляе. Багацюшчы кнігазбор: гісторыя права, філасофія, біялогія асабліва. Хрыбта гэтага падбору я, шчыра кажучы, так і не здолеў намацаць.
        Пасля бібліятэка тая папоўнілася, ды яшчэ з’явіліся на сценах розныя егіпецкія, інданезійскія, афрыканскія рэчы.
        Сястра і зараз прыходзіць са сваёй кватэры, дапамагае весці гаспадарку, прыводзіць і сваю хатнюю работніцу. Раз на два тыдні. Астатняе робіць сам. Ён гэта ўмее лепей, чым я. Уладкавацца паўсюль з максімальным камфортам.
        Пра сябе гаварыць ён не любіць. Аднойчы толькі выплыла сёе-тое наверх. Глядзелі мы “Іванава дзяцінства”. Геніяльны фільм. Справа, відаць па ўсім, адбываецца на Беларусі. І хлопчык з Беларусі. Вось там гэты хлопчык і задае пытанне, нешта накшталт: “А што такое Трасцянец, ты ведаеш?” Тут я і адчуў, як яго скаланула.
        Ну, пра яго пакуль што досыць. Пачнем зверху. На пятым паверсе тры майстэрні мастакоў. Хто яны дома – не мне меркаваць, але, на маю думку, у майстэрнях сваіх усе мастакі – кавалеры, за выключэннем, магчыма, цалкам сумленных ды дурняў, што, можа быць, адно і тое ж. Калі паўз мае дзверы коціцца запознены вал спрэчкі або раніцай ціха пазвяквае шкло ў чамадане, я ведаю, гэта альфа і амега маіх мастакоў.
        На чацвёртым паверсе жыве ўдавец Кяневіч з падлеткам-сынам, не дужа цікавы чалавек, а насупраць яго, з мамаю, Росцік Грыбок, чалавек дваццаці аднаго годзіка.
        Грыбок з аднаго ведамства з прыяцелем Хілінскага, палкоўнікам крымінальнага вышуку Андрэем Арсенцевічам Шчукам, які почасту заходзіць да Хілінскага гуляць у шахматы (тады той з нас, хто прыйшоў пазней, вымушаны капацца ў бібліятэцы). Яшчэ яны ездзяць разам на паляванне і рыбалку, і часам да іх прыядноўваюся я. Таму што мы ў нечым падобныя. І паляванне, і рыбалка, і патрэбнасць вечна ні з Дняпра, ні з поля дасціпнічаць.
        Так што ў нас поўны давер і адноснае веданне адзін аднаго.
        Хілінскі сам захацеў жыць менавіта ў гэтым доме і Грыбка (проста любіць яго) перасяліў за сабой. А мо проста так.
        Грыбок ніякі не грыбок, а здаравенны грыбіна, хаця і зусім малады, свежанькі, крамяны. А ўсё ж грыбок. Па цвёрдых (так і хочацца мне заўсёды ўшчыкнуць) шчочках, па цёмна-карычневых вачах, па агульнаму адчуванню чысціні, баравой яснасці і лёгкай, па ўзросту, ну… бяздумнасці, ці што.
        Ну, давайце спускацца з маёй пляцоўкі разам са мной. Лёгкае рэха крокаў па прыступках.
        Другі паверх. На ягонай пляцоўцы жыве лекар, да якога я, дзякуй богу, яшчэ ніколі не хадзіў і хадзіць не хачу і вам ніколі не раю, і няхай ён увогуле застанецца без працы і гладыёлусы разводзіць. Бо ён псіхіятр і, здаецца, працуе ў доме вар’ятаў. Калі я сустракаю яго, мне заўсёды хочацца заспяваць маскоўскую песеньку:
        Балалаечку свою
        Я со шкафа достаю,
        На Канатчиковой даче
        Тихо песенку пою.
        
        
        Вижу – лезет на забор
        Диверсант, бандит и вор,
        Я возьму свою гранату
        И убью его в упор.
        Комплекс гэта нейкі, ці што?
        У гэтага чалавека ў дзвярах ёсць вочка, якое ўставіла адна з жанчын, што часам прыязджаюць да яго. Мне ўвесь час здаецца, што гэта ён пабойваецца масавага візіту сваіх пацыентаў на дом. Імейка ягонае, да вашага ведама, Вітаўт Шапо-Калавур-Лыганоўскі. Калі б такое мне – я б ажаніўся з Жаклін Кенэдзі. Не, не ажаніўся б. Бо з ёю, як казаў адзін мой знаёмы, ужо “ажаніліся дзве гэтыя старыя балканскія малпы. А я лепей ажанюся з… Мерлан Мурло”.
        Аднойчы ішлі разам да тралейбуса, і неяк размова перайшла на тое, хто адкуль, на імёны і г.д.
        “Чорт яго ведае адкуль такое, – сказаў ён. – Пра свайго прадзеда толькі й ведаю, што імя. Інтэлігентны. Мабыць, з лапцявой шляхты. Гонар, пэўна, вось і ўся музыка. Грошай няма, то давай паболей прозвішчаў”.
        А вось і ён сам. Выключна складзены, з пародзістым бронзавым абліччам, нібы сярэдневяковы кандацьер з медаля. Хвалістая грыва срэбных валасоў, рот з цвёрдым прыкусам, шэрыя вочы глядзяць пільна. Рэдка мне даводзілася бачыць прыгажэйшы мужчынскі твар. І разумнейшы таксама.
        Гаворыць з маладым чалавекам, сваім суседам. Той у меру прыстойны, у меру ладны, у меру мілавідны. А ўвогуле, пра яго толькі й можна сказаць, што ў яго руцэ вядро для смецця.
        – Дзень добры, суседзе.
        – Дзянёчак і добры.
        Першы паверх. Злева на пляцоўцы кватэра, у якой ці кінастудыя, ці тэатральны інстытут, ці балетная студыя (так і не зразумеў што, а пытаць нязручна) размясціла інтэрнат на чатырох сваіх дзяўчатак. Там часта песні, весялосць, гітара. Вечарамі яны з хлопцамі нейкімі стаяць у пад’ездзе ля радыятараў, і раніцаю там многа недакуркаў. Калі я іду, дзяўчаты праводзяць мяне вачыма. Досыць часта. І я з гэткай жарабячай вясёласцю дрыгаю паўз іх зухаватымі нагамі.
        Значыць, пакуль што я яшчэ нішто сабе. Хо-хо!
        Дзяўчаткі гожанькія, з пульхнымі роцікамі, з дурнаватымі яшчэ, нібы ў кацянят, шырокімі “глядзелкамі”, з пышнымі агонамі валасоў. Штонікі абцягваюць формы, якія з часам абяцаюць зрабіцца дужа ладнымі.
        Прыгожыя. Толькі не для мяне. Мне без малога сорак, а з іх самай старэйшай, на вока, дваццаць – дваццаць адзін. Звязацца? Каб праз дзесяць год рогі наставілі? Гэткае задавальненне саступаю вам. Стары я для іх. Часам, калі ўспомніш бомбы, і палон, і ўсё, што потым, дык нават здаецца – і ўвогуле стары.
        Справа на першым паверсе дзвярэй няма. Там уваход у сутарэнне. Даведка аматарам дакладных лічбаў.
        
        
        Кватэра № 22 – дзявоча-цыганская багема (масленае масла).
        Кватэра № 23 – цікавы малады чалавек з вядром.
        Кватэра № 24 – Вітаўт-Ксаверы-Інэзілья-Хасэ-Марыя Шапо-Калавур-Лыганоўскі, майстар па чалавечых мазгах з медным абліччам Скалігера Кан-Грандэ.
        Кватэра № 25 – азартны палкоўнік з Бобкін-стрыт.
        Кватэра № 26 – я з усімі сваімі комплексамі.
        Кватэра № 27 – Кяневіч са сваім даўгалыгім парасткам.
        Кватэра № 28 – паляначка з Грыбком. “У лузе на адной назе…”
        Пяты паверх – тры майстэрні нежанатых мастакоў.
        
        
        Двор. Звычайна новы двор з маладымі дрэўцамі, лавачкамі, газонамі, выбітымі на бубен футбольным мячом. Толькі што ў двары засталіся ад знесеных хат ускраіны двухпавярховы дамок, дуб, зарасці ясеню, пара груш ды некалькі асуджаных яблынь і вішань.
        Дворнік Кухарчык дае мне “драстуйце”. Гэткі сабе доўбня з каляным абліччам і кароткімі валасамі. І паўсюль ён лезе, дае парады, расказвае. І ўсё яму трэба ведаць, а мяне ён чамусьці лічыць самым разумным чалавекам вуліцы. Мяне гэта крыху абражае: чаму толькі вуліцы. Але яго не саб’еш, і ён узнікае за спінаю (у яго ёсць уласцівасць і ўмельства ўзнікаць як з-пад зямлі) і задае пытанне. Часцей за ўсё ўражанне пасля пытання, нібы праглынуў жарынку, адначасова атрымаўшы ўдар пад лыжку.
        – А кітаец кітайца ў твар адрозніць?
        – А вось цікава б ведаць, Антоне Глебавічу, які сэнс у кіпарысах, што на поўдні?
        Сёння гэта:
        – Не ведаеце часам, як “дворнік” па-латышску?
        – Setnieks, – “часам ведаю” я.
        – Цікава, і там і там амаль аднолькава.
        І ён працуе і думае.
        Выходжу з двара. Вуліца. Не “вясковы” бок, а “гарадскі”. Аўтобусы, дамы, рэклама, марсіянская трынога тэлевежы наводдаль. Шум гарадской плыні, упарты і неўблажымы.
        І як апошні акорд таго, што ёсць мой дом і мой двор, тытунёвы кіёск, у якім сядзіць стары знаёмы, “брыгадзір Жэрар”, як яго называю я, Герард Пахольчык, якому я актыўна дапамагаю выконваць план.
        Ён і сапраўды, як герой, сядзіць у сваёй будцы. Просты, сярэдняга расточку, вусаты. У дзіцячых, шырока раскрытых вачах наіў. І схожасць з дзіцем падмацоўвае жаўтавы пух на галаве.
        Гэты таксама з цікаўных, як і Кухарчык. Але той з “мітуслівых” цікаўных. А гэты “цікаўны філосаф”. Той лезе, падазрае, сумняваецца, гэты – сядзіць на троне і пытаецца ўедліва і сур’ёзна. Той бачыць непатрэбнае і неістотнае, гэты – “зрит в корень”. Той толькі слухае – гэты яшчэ дае й парады з вышыні вопыту, набытага ў бяседах з разумнымі людзьмі. А вочы сочаць і свідруюць і бачаць усё.
        Але абодвум уласцівы шырокі дыяпазон зацікаўленняў. Толькі першы цікавіцца сэнсам кіпарысаў, якія не даюць ні пладоў, ані драўніны, а другога цікавіць палітыка ў Непале і ўвогуле ўсё ад касмічных пералётаў і спосабу варыць малінавае варэнне – і аж да тэорыі чырвонага ссоўвання і лётаючых талерак, якія ён абавязкова называе НЛА (неапазнаны лётаючы аб’ект).
        Купляю пачак “БТ”. Глядзіць пільна, нібы наш разведчык у стаўцы Гудэрыяна.
        – Дзіўна вы неяк цыгарэты адкрываеце. Тут пацягнуў за стужачку дый… А вы нажніцамі. І толькі ражок. І вось ужо колькі месяцаў гляджу – заўсёды толькі правы ражок. Можна ж вось за стужачку дый крышку зняць.
        – Я, пане мой вялебны Герардзе, тое, што ў кепскіх старых раманах называлі “стары кавалер з устойлівымі звычкамі”.
        – “Устоявшимися привычками”, – перакладае начытаны Герард. – Ды нашто ж ражок?
        – Партсігараў не люблю. А здымаць усю крышку – тытуню тады ў кішэнь натрасеш.
        – Ды чаму ж правы?
        І сапраўды, чаму правы? Чаму я заўсёды першым узуваю левы туфель?
        – Літары туды глядзяць.
        – А-а.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.