РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чорны замак Альшанскі
Частка першая. Грозныя цені начныя
Раздзел I. Візіт устрывожанага чалавека
Раздзел II. Пад’езд кавалераў
Раздзел III. Дамы, манахі і паршывы беларускі рамантызм
Раздзел IV. Пра жанчыну з мінулага, абеляў у адстаўцы і пра тое, як чытанне Евангелля не прынесла аніякай карысці, акрамя маральнай
Раздзел V. Чалавек знік
Раздзел VI. Кароткі. Аб сівым антыквару і «барыгу»
Раздзел VII. Што было сказана ў «Новым Тэстаменце» і якую таямніцу схаваў у «Апакаліпсісе» Іаан Багаслоў…
Раздзел VIII. Зноў гасне неба
Раздзел IX. Кладна. Дарога. Адрашэнне
Раздзел X. Ідылія ў кантрастах
Раздзел XI. Белая Гара
Раздзел XII. Пачатак пошукаў
Раздзел XIII. Нарада двух кавалераў, аднаго ўдаўца і аднаго жанатага
Раздзел XIV. Пра вар’ятаў і дробязі, якія не вартыя і выедзенага яйка
Раздзел XV. Пра новую хату, спраўджаныя сны і пра тое, як забіваюць чалавека і ці лёгка другому двухногаму зрабіць гэта
Частка другая. Катакомбы, змрок і агонь
Раздзел I. У якім ніхто з «трох мушкецёраў» амаль нічога не ведае, а той, хто ведае, не можа расказаць
Раздзел II. У якім я зашмат балбачу і, насупор логіцы, шкадую правакатара
Раздзел III. Перад вачыма кахання, вачыма вар’яцтва і смерці
Раздзел IV. Загадкі і адгадкі. Палкоўнік, лейб-медыкус і пракуратар
Раздзел V. У якім я амаль складваю лапы, падводжу вынікі паражэння, але своечасова ўспамінаю пра пэўную аптымістычную жабку
Раздзел VI. Дзе іхнія сляды, дзе твае сляды? Хто знойдзе іх, хто знойдзе цябе?
Раздзел VII
Раздзел VIII
Раздзел IX
Раздзел X
Раздзел XI
Эпілог
РАЗДЗЕЛ XI
БЕЛАЯ ГАРА
        Мінулі святы, звычайныя, усім вам вядомыя святы ў маленькім пасёлку. З трыбунай, абцягнутай чырвоным, з самаробнымі сцягамі і з сонцам і першымі, нясмелымі яшчэ намёкамі на зелень, з дэманстрацыяй, якая складаецца пераважна са школьнікаў, і з цікаўным парсюком, які вылез на вуліцу на агульнае ажыўленне, акурат на дарозе дэманстрацыі: людзей паглядзець і сябе паказаць.
        А потым рыпае сям-там гармонік, перад клубам танцуюць пары. І закрадаецца ў сэрца сум, што табе гэтага ўжо зусім не хочацца,што твае балі адшумелі і пракаціліся.
        Прайшоў з настаўнікам і вучнямі, проста каб не быць аднаму, каб паглядзець на ажыўленне іншых, а вечарам уцёк з вячоркі ад Вячоркі (сапраўды, почасту яны ў яго бывалі) да Змагіцеля ў яго кавалерскую хату (бацькі памерлі), куды скора з’явіўся й Шаблыка, і хораша мы з імі праводзілі свята, хаця нічога асабліва смажанага, печанага ў нас і не было.
        Чысла трэцяга я заўважыў за рэчкай, на ўзвышшы, што ляжала наўскос ад замка, чалавечыя фігуркі і зразумеў, што археолагі, разведка якіх з’ехала незадоўга да майго прыезду, прыехалі ўжо экспедыцыяй.
        Вырашыў ісці да іх. Трэба ж было пазнаёміцца з будучымі “калегамі” па рабоце. Тым больш што як давядзецца лазіць – усё адно заўважаць і спатрэбяцца тлумачэнні. Хісткім мостам перайшоў рэчку, адразу зразумеў: узгорак, які ляжыць перада мной, – гарадзішча. Старое, адно з ранніх славянскіх у гэтых краях. Пазней стаяла на гэтым месцы, магчыма, і крэпасць недзе ХІ – ХІІ стагоддзяў.
        Я ўскараскаўся наверх, убачыў звычайную карціну: няроўны квадрат метраў сто пяцьдзесят на дзвесце з узвышэннямі па краях і лёгкім прагібам пасярэдзіне, россып чарапкоў, драбнюткіх, з пазногаць мезенца, вымытых з восені дажджамі, велізарны, зусім яшчэ голы дуб у адным з рагоў пляцоўкі і людзей, якія сядзелі пад ім між раскіданага майна, розных там скрынак, пакункаў, бочак і бог ведае чаго яшчэ.
        Было там трое дзяўчат ва ўзросце год дваццаці і хлопец гады, можа, на два старэйшы за іх, якога я адразу пазнаў, бо сустракаліся ў нейкай сям’і. Сядзеў з гітараю ў руках белазубасты, худы, цёмнахваліставалосы і “большие надежды подающий” будучы археолаг Генка Сядун уласнай персонай. А за яго спінаю ўзвышаліся дзве чатырохмесныя жылыя палаткі і дзве палаткі пад інструмент і іншае. На такім фоне Генка ў сваіх страшэнна пацёртых, але сапраўдных тэхасах з мустангам на азадку, у чырвонай чорнаклятчастай каўбойцы выглядаў – “заскучаешь”. А дзяўчаткі былі звычайныя, толькі што мілыя па маладосці, з той пароды студэнтак-лабарантак, справа якіх шыфраваць, апрацоўваць матэрыялы, сядзець на раскопе і займацца расчысткай.
        – “О сустрэчы ў джунглях ці на моры”, – убачыўшы мяне, заспяваў Генка.
        Быў ён слаўны, між іншым, песнямі ўласнага сачынення, хаця голасу, як большасць сучасных спевакоў, зусім не меў. Але бог з імі, уважаючы на адсутнасць голасу і слыху, сучаснаму спеваку амаль беспамылкова можна прадказаць бліскучую будучыню.
        І, дзіўна, чым больш да таго ж дурнейшая была Генкава песня, тым большым поспехам яна карысталася сярод равеснікаў. А так што ж, хлопец як хлопец. Вось і зараз... імправізуе.
        
        О сустрэчы ў джунглях і на моры...
        Качка, шторм – гары яно агнём.
        На Басфоры ж гэнай гары мора –
        Ты меня не спр-рашивай о нем.
        
        – Антону Глебавічу Космічу прывітанне,– ускочыў ён, калі я падышоў.
        – Прывітанне і таварышу Генадзю, які імя па бацьку пакуль што не заслужыў.
        – Знаёмцеся, – звярнуўся прахвост Генка да дзяўчат, – прыва-т дацэнт Косміч. А гэта Тана Салей, Тарэса Гайдучык, Валянціна Волат. Наша таўстуха.
        “Волат” быў самы худзенькі і малы і таму засаромеўся горш за ўсіх, а ўсе аж заліліся чырванню: як “вузкія” спецыялісты яны крыху ведалі пра мяне. Трэба іх было ратаваць.
        – Ну і вы з ім пазнаёміліся, дзяўчаты. Наш дурань.
        Дзяўчаты захіхікалі: напружанне было хоць і грубасцю, а знята.
        – А хто ж у вас тут начальнік?
        – Ну а чаму не я? – абурыўся Генка.
        – Такіх шалапутаў начальнікамі не прызначаюць.
        – Яшчэ як часта, – зрабіў жаласную міну Генка. – Толькі тады яны адразу перастаюць... шалапутамі. А мне майго шалапуцтва шкада.
        – Цябе, ясна, са студэнтамі працаваць паставілі. З такімі ж прайдзісветамі.
        – Мы про-ойдзем... Нас дваццаць будзе на раскопе, ды трыццаць школьнікаў наймём, – ён напяваў. – Усе гарадзішчы ўсёй Еўропы мы раскапаем... кетмянём. У прыватнасці, гэтае гарадзішча ранняга сярэдневякоўя.
        – Стася Рэчыц у нас начальнік, – ледзь не шэптам сказала “таўстуха”, Валя Волат, удзячная мне за дапамогу. – Зараз яна прыйдзе.
        Рэчыц? Я, вядома, чуў гэтае імя па некаторых публікацыях, але асабіста яе не бачыў. Ні студэнткай, бо якраз тады часова адышоў ад выкладчыцкай работы, ні ў апошнія тры гады. Па чутках, яна была ў аспірантуры ў Ленінградзе. А спецыяліст, зноў жа па чутках, добры.
        – Унь... падымаюцца, – сказала бялявенькая, кірпаносенькая, жывенькая Таня Салей. – З кім жа гэта?
        – Дзед Мультан, – сказала Тарэса, вельмі падобная на Таню, толькі што чарнявая і крыху болей строгая. (Верхавод сярод трох, але сапраўды не “гайдук”, а толькі “гайдучык”.)
        Па колішняму ўз’езду на гарадзішча (а я, дурань, пёрся схілам, ледзь не ўторкнуўшыся носам у зямлю) ішлі два чалавекі. Адзін год сямідзесяці, але яшчэ магутны і вузлаваты, як корч. Калісь, пэўна, высокі, а зараз крыху сагнуты, так што рукі звісалі. А побач з ім ішла лёгкай хадою жанчына ў сіняй сукенцы і такой самай сіняй хусцінцы на галаве.
        – Дзень добры, – сказаў дзед. – Мультан маё прозвішча.
        – Станіслава Рэчыц.
        – Антон Косміч.
        – Той?
        – Сорамна, але выходзіць, што той. А вы тая?
        – Ну, калі заўважылі дзесь, дык тая.
        Цяпер я мог разгледзець іх лепей. У дзеда былі сінія, зусім не выцвілыя, вочы, сівая кучма валасоў, доўгія сівыя вусы пры дужа кепска голенай барадзе, нос тоўсты, рот усмешлівы і іранічны.
        І пры гэтым мядзведжым абліччы ён яшчэ і гаварыў то тэнарком, то хрыплаватым басам і ўвесь час збіваўся са старэчай саліднасці на нейкую мітуслівасць, нібы ніяк не мог забыць, што ў юнацтве быў шалапутам. Стараўся, і часам атрымоўвалася, але да канца не мог.
        Жанчыне, а можа, дзяўчыне
        – дваістае ўражанне – магло быць год дваццаць пяць. На дзесяць з гакам маладзейшая. Калі я загінаўся ў вагоне для быдла на перагоне Баранавічы – Слонім, была яшчэ зусім дзіцем.
        Тонкія яшчэ рукі з вострымі локцікамі, але развітыя высокія грудзі і ногі доўгія, мускулістыя. Мабыць, шмат хадзіла.
        Рухі дакладныя, гожыя. Выраз аблічча і голас прыемныя, мяккія.
        І – рыжая. Але была гэта не тая бясколерная, апельсінавая рыжына, што здараецца часцей за ўсё, а быў гэта колер цёмнага чырвонага дрэва, што заўсёды адлівае глыбінным золатам. І скура чыстая, без рабаціння, малочна-белая, зусім без блакітнага адцення, што часта ўласцівае скуры рыжых. Ніякай касметыкі нідзе, ды яна “ў полі”, пад ветрам і сонцам, і непатрэбная. І тым больш здзіўлялі натуральна цёмныя бровы і веі ў кантрасце з вялікімі вачыма зялёна-блакітнай глыбіні.
        “Ну, досыць пяліцца, Косміч. Гэты пірог не для нас, дый не такая ўжо стаіць цаца перад табою. Бывалі лепшыя”.
        – Зайдзіце на хвіліну да нас, – паказала яна на палатку.
        – Куды мне туды, – забасіў Мультан. – Я яе звалю.
        У палатцы было вельмі чыста і прытульна. Чатыры засланыя тапчаны, чатыры спальныя мяхі ў галовах, галінка ядлоўцу ў вазачцы, брызент падлогі пасыпаны аерам.
        – Што ў вас – сёмуха?
        – У нас заўсёды – сёмуха.
        Я амаль адразу заўважыў у яе прыстрасць да парадку, а пасля, па меры знаёмства, і слабасць да грунтоўных і прыгожых рэчаў. Прычым – танна. Замовіць, напрыклад, мясцоваму ганчару дакладную копію старажытнага збана, гаршка, місы. Аблітых падобнай паліваю. Проста каб прыемна стаялі на стале.
        – Ну што ў вас, Антон Глебавіч?
        Я расказаў. Без падрабязнасцей, без гісторыі расшыфроўкі. Проста сказаў, што павінна быць пад знакам карабля, недзе пад другой вежай ад кутняй вежы падзямелле. Яна не здзівілася – мала для чаго нейкае там падзямелле можа быць патрэбна гісторыку.
        Яна ўзяла шчуп і сказала:
        – Ну што ж, хадзем, паглядзім.
        Выйшлі на пляцоўку. Мультан – невядома чаго прыцёгся сюды, рабіць, ці што, не было чаго – паплёўся за намі. Часам згінаўся і падбіраў нешта. Заразіўся падчас разведкі чалавек.
        – Што за шчуп у вас такі цікавы?
        – Паглядзіце.
        Шчуп, востраканечны прут, якім зручна мацаць грунт на пясках, быў зроблены ў выглядзе паморскай шпількі-заколкі. Куты і адзін канец закручаны ў папярочны авал. Каб якраз пралезла рука і добра трымалася ў стальной пятлі. Канчаўся авал вытанчаным завітком.
        У другім шчупе канец пятлі-ручкі змыкаўся і, як стужка, тройчы абвіваўся вакол штыра шчупа.
        – Сама замовіла. Вось бярыце пакуль гэты. У абодвух па метру даўжыні. Можна мераць глыбіню ў раскопе. І на пясках мацаць зручна, – уздыхнула з усмешкай. – Але галоўным чынам для сабак.
        Яны пайшлі па краі гарадзішча. У спіну ім Генка заспяваў прачулым, дураслівым голасам на матыў “Степь да степь кругом”:
        
        В той степи глухой
        И-сто-рик у-мирал.
        
        І пасля невялікай паўзы (як на гэта адрэагуюць):
        
        Перешли жене
        Вещи тощие,
        Передай ключи
        От жилплощади…
        А другой жене
        О том промолчи,
        От жилплощади
        Не давай ключи.
        
        Я нагнуўся і падняў камень, але Генка ўжо слізгануў за палатку.
        – Што, і сапраўды другой не даваць ключоў? – засмяялася яна.
        – Дзякуй богу, не маю такога шчасця ні ў другі, ані ў першы раз.
        – Чаго ж “дзякуй богу”?
        – А так.
        – Чаго ж так?
        – Спакайней. Я ўжо гады за плячыма маю.
        – Якія там гады, – здалёк, дачуўшы, сказаў Мультан, – якія вашы гады? Унь я, вы думаеце, чаму такі зарослы? Неахайны? Брытвы не маю? Маю. І ў лазню два разы на тыдзень хаджу. А шчэць, як у кабана, бо жонка загадала галіцца раз на месяц. Бо яшчэ раўнуе, зараза.
        Ён наблізіўся, і так мы падышлі да краю гарадзішча, адкуль замак наводдаль было відаць, як на плане. Адсюль і разбурэнні было відаць лепей.
        – Бураць, – ціха сказала яна. – Паступова.
        – І дошка здзёртая, – сказаў я. – Валяецца унь у бур’яне.
        – Куды яна ўцячэ? – буркнуў Мультан.
        – А хто яе ўкрадзе?
        – Удзячныя жыхары і ўкрадуць.
        – Не дам, – сказаў Мультан. – Я ж вартаўнік. Касцёла. І заадно замка.
        – Ну, дзед, вы наварутеце, – сказаў я.
        – Ого-го, ды яшчэ як. А дошка? Прыбіць дошку, і як быццам усю справу зрабілі. А дошка – сёння яна ёсць, заўтра няма, буры, Ванюха!
        – Мае рацыю, – сказала яна. – Унь была дошка на Ружанах, на беларускім Парфеноне, валяліся ў двары бочкі з-пад мазуты. Няма яе – тыя ж бочкі. Ну дык дзе там, кажаце?
        – “Другая ад кута”.
        – Ад якога кута? Дзе той кут?
        – І праўда, куты чатыры. Так што практычна пад кожным...
        – Практычна на псы твая работа, хлопец, – сказаў Мультан.
        – А далей ступ пад знакам карабля,– безнадзейна сказаў я.
        – Восем ступ пад знакам карабля, – паўтарыла яна, палічыўшы на пальцах. – Н-на, нягуста.
        Мультан калупаў наском бота зямлю.
        – Вось што, – буркнуў ён урэшце. – Так ты тут нічога не знойдзеш. Я вось што зраблю. Я табе ўнука свайго малодшага, Стасіка, прышлю. Ён сапраўдны Мультан. І ён з Васільком Шубайлам, сябрам сваім, такія сарвігаловы, што ўвесь замак з галавы да пятак аблазілі. Можа, яны табе ў нечам памогуць.
        – Дзякуй, дзед. Ад дзяцей у такіх выпадках сапраўды можа быць болей карысці, чым ад дарослых.
        – То ж бо.
        – Што ж, – спытаў я ў Сташкі. – Вы капаць пачынаеце? Але ж яшчэ мокра.
        – Падрыхтоўка. Пачнём па-сапраўднаму, калі вучняў, у якіх экзаменаў няма, адпусцяць і як крыху падсохне.
        – Шаблыка тут ім памог, – сказаў дзед.
        – Угу. Варта капаць. У выпадку чаго і вам дапаможам. І заходзьце да нас.
        – Што ж, буду рад.
        Мы стаялі над адкосам. Вецер ляцеў, з боку замка, ад невялікай ракі. Відаць былі справа і злева ставы, і на левым з іх лялечны адсюль будынак млына. Было шырока-шырока.
        – А гарадзішча гэта завецца Белая Гара, – сказала яна.
        – Так. Белая Гара, – сказаў дзед.
        Да касцёла нам з дзедам было па дарозе. Ішлі, мянцілі языкамі пра тое-сёе. Ля плябаніі кінуўся нам у ногі рыжы пёс, сумесь дварнягі з ірландскім сетэрам. Прыціснуўшы вушы, пачаў ласкава скуголіць.
        – Кундаль. Кундаль, – трапаў яго дзед. – Бач ты, быч ты, які тлусты. Як мех. Нічога, на паляванне з табой пойдзем. Скінеш тады тлушч. Пойдзем на паляванне?
        Сабака аж скакаць пачаў ад радасці.
        – Верыце, прызвычаіўся, зараза, каб яму здароўе, рыбу лавіць. Часам такую здаравенную прынясе. І не ведаю, ці ён нырае пад яе, як вадалаз, ці як. Зайдзіце да мяне, – сказаў Мультан. – Паглядзіце на вартоўню. Вось так кожную ноч. Жонка, дзеці ды ўнукі ў хаце, а я тут. Таму баба галіцца часта і забараніла... Раўнуе, халера.
        Вартоўня была самай незвычайнай з вартоўняў, якія мне калі-небудзь даводзілася бачыць. Цэлыя два пакоі. І вялікія.
        – Тут уваход асобны, – сказаў дзед. – І ні к сялу ні к гораду гэты асобны ўваход. Кліру паменела, то аддалі пад вартоўню мне. А рэчаў столькі, што ўсе непрыгодныя, ды яшчэ некаторыя з былога палаца таксама ўсе сюды знеслі і скінулі.
        Гэта было сапраўды так. У першым пакоі былі грубка, тапчаны, стол і табурэткі, але акрамя таго яшчэ і зламаная фісгармонія, і крэсла з высокай “біскупскай” спінкай, і стары буфет чорнага дрэва (шклы ў ім адсутнічалі, і на паліцах было відаць конаўкі, шклянкі, чайнік, бульбу і цыбулю россыпам).
        У другім пакоі ў куце ляжалі дошкі ікон і рулоны іконных палотнаў, стаяў таксама стол на “арліных” ножках ( кіпці арлінай лапы сціскалі шары, на якіх стол і стаяў) і пара інвалідаў-крэслаў.
        І ў абодвух пакоях на сценах віселі партрэты. Некаторыя былі прадзёртыя, некаторыя пацямнелі да таго, што амаль немагчыма было нешта на іх разгледзець. А пасярэдзіне аднаго быў круг расплаўленай фарбы: відаць, ставілі вядро з кіпетнем.
        А партрэты былі, можа, і не дужа мастацкія, але музейныя. На некаторых відаць было лацінскія надпісы або славянскую вязь.
        – Ксёндз сюды перацягваў. Што з хат адкупіў, што на гарышчах знайшоў.
        – Палац жа згарэў.
        – Гэ-э, не так многа ў тым палацы і дабра было. Сёе-тое паспелі выцягнуць.
        – Куды ж яно падзелася?
        – А хто яго ведае. Тут перад вызваленнем такое чынілася. А пасля, як немцы ўцяклі, а нашы яшчэ не прыйшлі, было яшчэ горш.
        – А што?
        – Боўбель-Кулеш разгуляўся. І разабраць нельга было, хто каму галаву скручвае.
        – А добра тут у вас. Мне б сюды перабрацца.
        – Што, вячоркі ў Вячоркі абрыдлі?
        – Ды я й сам магу. Але тут ужо занадта.
        – І вось глядзі ты, харошы чалавек, загадчык клуба – пашукаць, дарма што адукацыі не хапае, а вось гэткая паляндра ўчамярылася – і нічога зрабіць нельга.
        Уздыхнуў:
        – Трэба пагаварыць з ксяндзом. Глядзіш, і мне ўначы не так сумна будзе. Не будзеш жа ўсю ноч хадзіць, часам і пасядзіш... Пагавару... І Стасіка вам заўтра ў дапамогу дашлю. Ён – Мультан, а я ўжо на старасці пачынаю вулічную нашу мянушку апраўдваць – “Пацяруха”. Пацяруха старая і ёсць.
        Ён вывеў мяне з цвінтара.
        – Дзед, – сказаў я, гледзячы на галерэю, – а што гэта пра жанчыну з манахам байкі брэшуць?
        І тут дзед пасур’ёзнеў:
        – Гэ-э, каб гэта байкі! Праўда. Сам бачыў.
        – І ў замку бачыў?
        – У замак ноччу не хаджу. Баюся. І ўсе баяцца. Кажуць, і там. А я вось тут бачыў, на гульбішчы. Ідзе нешта светлае, як само святло, а побач цень, нібы сама ноч.
        – Ой, дзед!
        – Брашу, думаеш? Каб мне са старой і ўнукамі дня не пражыць.
        – Спецыяльна прыйду глянуць.
        – Яны не кожную ноч. Я аднойчы набраўся смеласці, улез на галерэю (у выпадку чаго, думаю, пальну са стрэльбы). Зніклі. Спусціўся на цвінтар – зноў ідуць.
        У хаце я застаў стан ціхага адчаю. У той дзень Зеляпушчанак павінен быў праводзіць брата, які прыязджаў да яго на свята з Данбаса, і яшчэ пры мне яны пайшлі на аўтобусны прыпынак у Альшаны.
        Марыя Сямёнаўна, поўная, добрая, сінявокая, была ўся ў слязах і ламала рукі. Невядома чаго, ці ад адчаю, ці таму, што яны ў яе кожную вясну і восень нясцерпна балелі. Была яна ў “цукровым” звяне. А вы ведаеце, што такое цукровы бурак. Ні па сартыроўцы насення, на па прарэджванню ўсходаў машын пакуль што не прыдумана.
        “Трэба будзе прывезці ёй з Мінска гліцэрыну, – падумаў я. – Гэта ж трэба, не чуць пра гліцэрын. А рукі ж такія чорныя, парэпаныя, страшныя”.
        – Што, не прыходзіў яшчэ?
        – Не. Антоська, любенькі, даражэнькі, сустрэнь ты яго, калі ласка, схадзі ты, сынок, у Альшаны, пашукай ты яго.
        – Па якой дарозе?
        Альшаны вёска доўгая, і таму ў Альшанку з яе вядуць аж тры дарогі. Марыя Сямёнаўна вінавата глядзела на мяне, і я зразумеў, што давядзецца перамераць нагамі ўсе тры.
        – Добра. Дайце толькі гумовікі ягоныя і ліхтарык.
        – Сыночак, Бога маліць буду. А гумовікі – на. Бо і сапраўды, можа, у поле выбрыў, можа, у Выдраў яр скаціўся, можа, у канаве недзе ляжыць. А па іх жа яшчэ вада з пушчы бяжыць. Снег жа яшчэ, мабыць, у пушчы.
        Уздыхнуўшы, я пайшоў ад асветленых вокан у цемру.
        Скакаў па дарозе агеньчык ліхтарыка. Я абследаваў Выдраў яр, там, дзе ён падыходзіў амаль да дарогі, – нічога. Перад самімі Альшанамі пацягнуўся лес з густым падлескам. На ўзлессі нешта цямнела. Я павёў ліхтарыкам убок. Ля дрэў стаяў Ганчаронак, відаць, толькі што скончыўшы спраўляць малую патрэбу, і я апусціў ліхтар. Мала прыемнага, калі на цябе свецяць у такі момант.
        Здалося мне ці не, што ў гэты момант нешта варухнулася ў хмызах.
        А бухгалтар – я чуў крокі – пашыбаваў да мяне, лёгка пераскочыў канаву і стаў побач.
        – А-а, Антон Глебавіч, – сказаў прыязна, нібы нічога між намі не адбылося. – А я думаю, хто гэта свеціць. Закурыць не знойдзецца?
        – Ёсць,Тодар Ігнатавіч. Вазьміце вось ліхтарык, пасвяціце.
        Я ўзрэзаў пачак нажнічкамі.
        – Вялікі сцізорык, – сказаў ён. – Усё ёсць.
        – Усё. Нават, бачыце, выцягач, каб гільзу з казённіка выцягваць. Паляўнічы нож.
        – І ногці можна пастрыгчы. Ну добра, хадзем. Да Альшан побач, усё весялей.
        “Чаго ты пад лес пёрся? Мала табе было прыдарожнага кювета, каб яшчэ цераз яго скакаць ды тупаць па ўзараным? Урэшце, не мая справа. А дарога сапраўды карацей, калі ўдвух”.
        – Якія справы вас сюды прывялі, Антон Глебавіч?
        – Замак буду абследаваць. Цікавая тут адна гісторыя з ім звязана.
        – Новая?
        – Ды не, дужа старая. Цёмная гісторыя тут трыста з лішнім год назад адбылася.
        – А каму справа да трохсотгадовай гісторыі? – засямяяўся ён, відавочна здзіўлены.
        – Мне.
        – Ну хіба што вам. А тут і нядаўніх хапае. Унь лепей бы Шаблыку спыталі пра падполле, пра гестапа.
        – Спытаю і пра гэта. Не мне, дык іншым прыдасца. Тым, што для новай гісторыі існуюць.
        – Кгм.
        …Назад я вяртаўся другой дарогай. У адным месцы мне здалося, што ў полі за канавай чарнее нейкі кшталт, і я скочыў туды, ды не разлічыў і чарпануў вады вышэй адной халявы.
        Не, гэта проста ляжаў кароткі абрэзак бервяна.
        – Цьфу ты, чорт! – вылаяўся я ад сэрца.
        Я падыходзіў ужо да Альшанкі, і справа ад мяне цьмяна праступалі дрэвы і цямнейшы за ноч чорны сілуэт замка. І тут раптам я спыніўся. Рэзка, быццам знянацку наляцеў грудзьмі на нешта вострае.
        У адной з вежаў замка гарэў агонь.
        Невялічкі, ён у гэтай цемры здаваўся ружова-сінім. І калі я ступіў некалькі крокаў наперад, знік. А калі я павярнуў назад, загарэўся зноў.
        “Што такое? Каму спатрэбілася запальваць агонь у гэтай чорнай, мёртвай, як труна – не, мярцвей за труну, – будыніне?”
        …У цемры, у закінутай, даўно мёртвай вежы роўна і злавесна свяціў агонь. І нельга было не думаць, адкуль і чаму.
        Востра і самотна гарэў уначы агонь.
        …Марыя Сямёнаўна ўсё яшчэ была ў слязах. Я крэкнуў, разумеючы, што давядзецца зноў ісці ў ноч, трэцяй дарогай. Сцягнуў боты.
        – Дайце, гаспадынечка, сухія анучы.
        Бог, відаць, пачуў мае маленні. Ледзь я паспеў абуць боты, як на двары пачуўся рык матора, прабегла па вокнах святло ад фараў, пачуўся ў сенцах тупат, а пасля дзверы адчыніліся і на парозе ўсталі постаці Нічыпара Альшанскага і Рыгора Шаблыкі, якія вялі пад рукі тленныя рэшткі таго, што было пару гадзін таму назад Міколам Чэсевічам Зеляпушчанкам, а па-вулічнаму Вячоркам. Ён быў мокры з ног да галавы і ледзь вязаў лыка. А за гэтай тройцай ішоў настаўнік беларускай мовы Міхась Іванавіч Змагіцель і толькі што не перастаўляў рукамі “нябожчыку” ногі.
        – Вось, – сказаў ён. – У кувеце знайшлі.
        Гаспадыня ахнула, заплакала, на гэты раз з радасці, і кінулася разуваць гаспадара, сцягваць з яго плашч, порткі, пінжак.
        Агульнымі намаганнямі мы ўзвалілі яго на ляжанку, і Марыя Сямёнаўна кінулася па нейкі спіртавы настой, каб расціраць.
        – Жоначка, ты ж мне лепей глотку ўсярэдзіне гэтым разатры, – бубніў Вячорка.
        – Дам, дам. А божа мой. А дзякуй вам, добрыя людзі. А жывога ж хаця прывезлі.
        Я пасмейваўся. Незласлівасць гэтая нагадала мне першае вясковае вяселле, на якім я быў. Паспаць мяне тады адвялі ў суседнюю хату. Я ляжаў, а ў вушах усё яшчэ аднастайна гудзела ўсё той самае:
        
        А на шэрым кані
        У яб-лы-кі
        Едзе ў Зосеньчын двор
        Мі-цеч-ка.
        
        Раніцай, калі я прачнуўся, у печцы палаў агонь, гаспадыня ставіла туды гаршкі. І тут адчыніліся дзверы і два хлопцы ўнеслі ў хату трэцяга. Адзін нёс ногі, другі – галаву (не плечы, а менавіта галаву), а сярэдзіна звісала самастойна і пагойдвалася, як гамак. І тады гаспадыня пляснула рукамі і зусім без злосці, а толькі з бязмерным здзіўленнем працягнула:
        – А-а сы-но-чак мой! А ты ж казаў, што на сваіх нагах прыйдзеш!
        Варыяцыю таго здарэння бачыў я перад сабою зараз. Ох і добры ж наш народ да такога! І я толькі падумаў, што калі так будзе далей – давядзецца з’язджаць. З’язджаць ад Вячоркі хаця б да дзеда Мультана.
        Вячорка абмацваў здаравенныя гузакі на галаве і мармытаў гаротна:
        – Білі мяне. Ой, білі мяне!
        Пасля мы даведаліся, што ніхто яго не біў, што яны з братам узялі “пасашок” перад аўтобуснай станцыяй, брат уехаў, а Чэсевіч замест дамоў патупаў рэвізаваць свой клуб і там некалькі разоў ударыўся галавой, а пасля, замест таго каб легчы ў клубе на канапе, папраставаў дахаты.
        – Ішоў-ішоў, – мармытаў Вячорка, – надта далёка ішоў. І ў канаву ўпаў… І ляжу ўпоперак… як грэбля… І вады з аднаго боку многа, і яна цераз мяне пе-ра-ліваецца, цур-чыць… І машыны паўз мяне з фарамі “в-ву-у, в-ву-у, в-ву-у”. А яны не спыняюцца.
        – Угм, – сказаў Альшанскі. – Добра, што нас крыху занесла і святло на канаву ўпала. Ляжыць, сапраўды, як грэбля. І адзін палец часам ад кулака адстаўляе. Гэта яму здавалася – салютуе. На поўны рост і ўсёй рукой.
        – Дык мо чарачку, людцы вы мае?
        – Сёння не хочацца, – сказаў Шаблыка.
        – А вядома ж, мае даражэнькія. Бо гэта ж на гэткага шабадранца нагледзецца, дык век не захочаш.
        Яны пайшлі. А Вячорка варушыўся на ляжанцы, увесь чырвоны ад расцірання, і мармытаў досыць бязладна:
        – В-ву-у, в-ву-у... А я салютую... А тут цені ішлі... Два... І сталі... Гамоняць... Не бачаць, што побач.... грэбля ляжыць... Яйкі каменныя, страшныя... Другая справа за паўночнай вежай... Яйкі...
        Блёкат быў незвычайны, але зусім без сувязі, і я ведаў, што заўтра гаспадар і не здолее ўспомніць пра свае начныя прыгоды. Таму я ўзяў ад Марыі Сямёнаўны чарку (мяне ўсё ж крыху марозіла ад прамочаных ног) і выйшаў з хаты, каб ісці ў сваю прыбудоўку.
        Глухая, як махровая сажа, ляжала над Альшанкай і, здавалася, над усім светам ноч. Нідзе ані агеньчыка. І толькі наводдаль узвышалася моцна ўсечанай пірамідай асветленая зверху слабым зарывам двух вогнішчаў нямая Белая Гара.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.