РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чорны замак Альшанскі
Частка першая. Грозныя цені начныя
Раздзел I. Візіт устрывожанага чалавека
Раздзел II. Пад’езд кавалераў
Раздзел III. Дамы, манахі і паршывы беларускі рамантызм
Раздзел IV. Пра жанчыну з мінулага, абеляў у адстаўцы і пра тое, як чытанне Евангелля не прынесла аніякай карысці, акрамя маральнай
Раздзел V. Чалавек знік
Раздзел VI. Кароткі. Аб сівым антыквару і «барыгу»
Раздзел VII. Што было сказана ў «Новым Тэстаменце» і якую таямніцу схаваў у «Апакаліпсісе» Іаан Багаслоў…
Раздзел VIII. Зноў гасне неба
Раздзел IX. Кладна. Дарога. Адрашэнне
Раздзел X. Ідылія ў кантрастах
Раздзел XI. Белая Гара
Раздзел XII. Пачатак пошукаў
Раздзел XIII. Нарада двух кавалераў, аднаго ўдаўца і аднаго жанатага
Раздзел XIV. Пра вар’ятаў і дробязі, якія не вартыя і выедзенага яйка
Раздзел XV. Пра новую хату, спраўджаныя сны і пра тое, як забіваюць чалавека і ці лёгка другому двухногаму зрабіць гэта
Частка другая. Катакомбы, змрок і агонь
Раздзел I. У якім ніхто з «трох мушкецёраў» амаль нічога не ведае, а той, хто ведае, не можа расказаць
Раздзел II. У якім я зашмат балбачу і, насупор логіцы, шкадую правакатара
Раздзел III. Перад вачыма кахання, вачыма вар’яцтва і смерці
Раздзел IV. Загадкі і адгадкі. Палкоўнік, лейб-медыкус і пракуратар
Раздзел V. У якім я амаль складваю лапы, падводжу вынікі паражэння, але своечасова ўспамінаю пра пэўную аптымістычную жабку
Раздзел VI. Дзе іхнія сляды, дзе твае сляды? Хто знойдзе іх, хто знойдзе цябе?
Раздзел VII
Раздзел VIII
Раздзел IX
Раздзел X
Раздзел XI
Эпілог
РАЗДЗЕЛ X
        

        РАЗДЗЕЛ X
        Бывай!

        
        Не думаю, каб калі-небудзь яшчэ міліцыю з Альшан праводзілі такім скопам і такім лікаваннем. Хіба што тады, калі разгромлена была пасля вайны банда Боўбеля, а сам ён, як лічылі, загігуў.
        Дорага абышлася потым людзям гэта “загібель”. Але хто ж мог бачыць у сціплым Ганчаронку тую поскудзь. Шчука быў адзін з нешматлікіх, хто выслізнуў з ягоных кіпцюроў, дый то не бачыў “пагрозу наваколля” ў вочы.
        Цяпер уся наша “кампанія” стаяла каля нашага “рафіка” і абменьвалася апошнімі цікавымі заўвагамі наконт нядаўняга і даўняга агульнага мінулага.
        Археолагі ў поўным складзе, цвярозы, як шкельца, Вячорка, Мультан са сваімі малымі. Гэты, як заўсёды, балбатаў нешта ўдзячным слухачам.
        – Дак я і кажу. Кундаль мой прызвычаіўся, каб яму здароўе, рыбу лавіць. І дахаты насіць.
        – Гэ, дзеду, – торгаў яго Стах, – ведаем мы, як ён яе ловіць. Ты ўжо не фаліся.
        – А як? Як?
        – З куканаў ва ўсіх суседскіх рыбакоў здымае, – сцвярджаў бязлітасны Стах.
        – Ну, скажаш. Мо і Васілька сведка?
        – Та-а. Ён і яйкі крадзе. Я ж нічога нікому не кажу.
        І Вячорка брахаў сваё:
        – У мяне суседа пры немцах стараста дужа часта на лупцоўку пасылаў. За бабу помсціў. То той нашыў сабе на азадак, на порткі спадыспаду, кажушаную латку. Портак не здымалі, бо параўнанне не на карысць старасту было.
        – Ай, Чэсевіч, брэшаш, – гэта Шаблыка.
        – Праўду кажу. Але аднойчы даведаліся, то порткі загадалі зняць, і тут ужо й латка не дапамагла... Пасля ён старасту таго стрэліў.
        Рагочуць Шчука і ксёндз.
        – То і мяне падазраваў? – у Жыховіча на вачах слёзы ад смеху. – То чаго не сачыў7
        – А ён, – ківок у мой бок, – і збіраўся. “Прасачыць бы, думае, за ім”. І тут жа сам сабе адказаў: – Як?
        – “Прасо-очыш. Ну, выйшаў ксёндз, зайшоў – гэта прасочыш. А вось хто да ксяндза пайшоў? Ты ж на цвінтары станеш, а не ляжаш пад яго дзвярыма. Як Ас”.
        – Ну, Холмс. І падумаць, што я тады над студняй уратаваў яму жыццё. І, шчыра кажучы, – гэта самая кепская справа, якую я калі-небудзь у жыцці зрабіў.
        Гэта былі яны, мае людзі, маё кола, свет, у якім было не страшна, а лёгка жыць. І нават іхняя гаварлівасць у апошнія гэтым разам хвіліны з імі была даравальная, бо мы звыкнуліся адно з адным.
        Маўчалі, праўдзівей, гаманілі ціха, толькі Сташка з Хілінскім. І па тым, як яны раз-пораз паглядалі на мяне, можна было здагадацца, аб чым ішла ў іх гаворка. Сташка была сумная і ціхая і болей ківала галавой у адказ на словы суседа.
        – А Велінец – гумарыст, – залівалася чамусьці Тарэса.
        – Добры сабе гумарыст, – бубнеў Сядун, – гэта ён з дзеўкамі гумарыст. А тады, у лагчыне... У яго ж за вонкавай кволасцю сіла. Ды гнуткая, як сталёвы прут, сціснутая, як спружына.
        – Ты, пане Змагіцель, дзіўна разумееш свае адносіны з людзьмі, – удавана сердаваў Шчука. – Думаеш, чаму столькім ты насаліў, чаго яны гыркаюць нават на твой цень.
        – Гэта не трубныя словы, – вельмі сур’ёзна і ціха сказаў “каўбой”. – Жыццё маё сапраўды, а не з трыбуны належыць грамадству. І пакуль я жыву – мая прывілегія рабіць дзеля гэтага грамадства ўсё, што ў маіх сілах. Падабаецца гэта некаторым ці не. А я хачу дзеля яго поўнасцю знішчыць сябе да моманту, калі памру.
        – Развітвайцеся, – сказаў Хілінскі, – час.
        І быў я абцалаваны ўсім хаўрусам аж да апошняга. І зразумеў я, што трымаў сябе ўвесь час збольшага годна і як трэба. І гэта было добра, бо яны палюбілі мяне, а дабіцца такога – то была нялёгкая справа.
        Усе мае селі ў машыну. Усе астатнія глядзелі на іх, не дужа ведаючы, што і казаць, як заўсёды ў апошнія секунды.
        Стаялі купкаю. Адна Сташка стаяла наводдаль і не глядзела ў мой бок нават тады, калі мае ногі самі панеслі мяне.
        – Бывай, Сташка.
        – Бывай.
        – Бывай, Сташка Рэчыц. Я дужа, дужа кахаю цябе. Я ўжо і не думаў, што мне будзе дадзена ў жыцці вось так пакахаць.
        – І я.
        Я ўзяў яе за плечы.
        – Слухай мяне. Праз месяц скончыцца твой сезон. Я дужа хачу, каб мора чакала да сябе не мяне аднаго.
        – І я таксама.
        – І я вельмі прашу цябе, ты нікуды не заязджай, калі скончацца раскопкі. Ты адразу з вакзала ці там з аэрапорта прамуй да мяне.
        – Так адразу?
        – Мы з табой трыста з лішнім год ведаем адзін аднаго. І ўсё маладыя. Цяпер я хачу паступова, вельмі паступова старэць разам з табой. Досыць. Час пакласці канец майму “пад’езду кавалераў”.
        Усе маўчалі, калі я пацалаваў яе. Ніхто нібыта нават не бачыў.
        І вось маленькая купка людзей пачала меншаць і меншаць. Пасля пачалі менець усечаныя шасцікутныя вежы, чорныя муры, ліпы, залітыя сонцам, арка брамы. Пасля, з гары, бліснуў на імгненне блакітам стаў, рэчка і яе рукаў, што трымалі замак у абдымках.
        Мільгнулі званіцы касцёла, хаткі, рассыпаныя ў даліне. Усё тое, дзе я столькі часу перажываў жах, небяспеку, холад таямніцы, дзе я знайшоў цеплыню, сяброўства і каханне. Цяпер ужо назаўсёды, калі захоча гэтага лёс.
        Узгорак вырастаў за намі, паступова закрываючы вёску.
        – Бывай, Альшанка, – шапянуў я касцельнаму шпілю. – Бывайце, сябры. Бывай, Сташка мая. Бывай.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.