РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чорны замак Альшанскі
Частка першая. Грозныя цені начныя
Раздзел I. Візіт устрывожанага чалавека
Раздзел II. Пад’езд кавалераў
Раздзел III. Дамы, манахі і паршывы беларускі рамантызм
Раздзел IV. Пра жанчыну з мінулага, абеляў у адстаўцы і пра тое, як чытанне Евангелля не прынесла аніякай карысці, акрамя маральнай
Раздзел V. Чалавек знік
Раздзел VI. Кароткі. Аб сівым антыквару і «барыгу»
Раздзел VII. Што было сказана ў «Новым Тэстаменце» і якую таямніцу схаваў у «Апакаліпсісе» Іаан Багаслоў…
Раздзел VIII. Зноў гасне неба
Раздзел IX. Кладна. Дарога. Адрашэнне
Раздзел X. Ідылія ў кантрастах
Раздзел XI. Белая Гара
Раздзел XII. Пачатак пошукаў
Раздзел XIII. Нарада двух кавалераў, аднаго ўдаўца і аднаго жанатага
Раздзел XIV. Пра вар’ятаў і дробязі, якія не вартыя і выедзенага яйка
Раздзел XV. Пра новую хату, спраўджаныя сны і пра тое, як забіваюць чалавека і ці лёгка другому двухногаму зрабіць гэта
Частка другая. Катакомбы, змрок і агонь
Раздзел I. У якім ніхто з «трох мушкецёраў» амаль нічога не ведае, а той, хто ведае, не можа расказаць
Раздзел II. У якім я зашмат балбачу і, насупор логіцы, шкадую правакатара
Раздзел III. Перад вачыма кахання, вачыма вар’яцтва і смерці
Раздзел IV. Загадкі і адгадкі. Палкоўнік, лейб-медыкус і пракуратар
Раздзел V. У якім я амаль складваю лапы, падводжу вынікі паражэння, але своечасова ўспамінаю пра пэўную аптымістычную жабку
Раздзел VI. Дзе іхнія сляды, дзе твае сляды? Хто знойдзе іх, хто знойдзе цябе?
Раздзел VII
Раздзел VIII
Раздзел IX
Раздзел X
Раздзел XI
Эпілог
ЭПІЛОГ
        

        ЭПІЛОГ
        Канец пад’езда кавалераў

        
        Некалькі год назад і прыблізна праз месяц пасля падзей, на якіх я скончыў сваe апавяданне, мы з Хілінскім сядзелі ў ягонай кватэры за шахматнай партыяй.
        І патрыя тая была не партыя, а суцэльная нескладуха, і настрой у нас таму быў не з лепшых.
        А за акном стаяў мяккі і добры ліпеньскі вечар. І тут ясна, што не за дурацкімі шахматамі трэба было сядзець, а недзе ў лесе ля вогнішча. Над ракою. Чысціць рыбу на вясле, абдзіраць цыбулю, скрэбці бульбу.
        Словам, усe, што хочаце, толькі не гэта.
        – Ну што, па малому каньяку? – прапанаваў Хілінскі, раптоўна змяшаўшы фігуры.
        – Адзін з польскіх, здаецца, дэтэктываў так і пачынаўся: “Капітан піў усe, акрамя какавы”.
        – Дрэнны пачатак, – сказаў Хілінскі. – У нас бы яго рэдактар неадменна зарэзаў.
        – Вып’ем за рэдактараў, якія разумеюць гумар.
        Выпілі. І зноў нібы праляцеў над намі ціхі анeл, а прасцей кажучы, нібы нарадзіўся недзе злодзей.
        – Ты чаму не пытаеш, чым уся гэтая гісторыя скончылася? – раптам спытаў Адам.
        – Мяне яна перастала цікавіць. Ведаю, скончыцца яна так, як трэба. І кожны атрымае, чаго заслужыў. Я зрабіў што мог. Проста ў памяць аб усіх гэтых людзях, што адышлі заўчасна. Цяпер ужо гэта справа іншых. І я сярод іх не маю гонару быць.
        – Альшанскі атруціўся ў камеры, – глуха сказаў Хілінскі. – Тыдзень назад. Мне Шчука казаў. І апошнія словы ў паказаннях былі такія: “Больш не маю чаго сказаць. Пражыў большую частку свядомага жыцця і пражыў яго дарэмна, не зрабіўшы, акрамя пачатку дарогі, амаль нічога людскага. Магчыма, больш сурова, чым вы судзіце мяне, я суджу сябе. І асуджаю. На смерць”.
        – То што ж, адкуль атруту здабыў? Не аглядалі?
        – Аглядалі. Гэты чалавек казаў праўду аб магчымасці пайсці прэч, калі толькі захоча. Пад каронкамі верхніх клыкоў хірургічным метадам была зашытая маленькая капсула з атрутай. Даўно. Можа, яшчэ пры немцах. Мала чаго eн мог ад іх спадзявацца. І вось прыдалася. Лыжкаю, як рычагом, націснуў і раздушыў. Моцна, відаць, даводзілася ціснуць – зламаў два ніжнія разцы.
        – Хто яму тады зрабіў такое?
        – А хто цяпер можа гэта зведаць?.. Значыць, чакаў, ведаў, што кожнай вяроўцы бывае канец. І ведаеш, чамусьці нават шкада... Вось гэты быў з вартых ворагаў. Не смоўж нейкі. З такімі цяжка і небяспечна, але й прыемна мець справу.
        Сядзеў, выпрастаўшыся ў крэсле. Нават у нізкім крэсле – высокі, сівы. І зараз не містэр Сміт і не славянская храпа, а проста паджылы, стомлены чалавек. Між гэтых паліц з кнігамі, мноства з якіх eн, мабыць, не паспее перачытаць.
        Сухі твар з абвіслымі павекамі. У гожай мужчынскай руцэ пачаты келіх.
        – Яшчэ і жартаваў у апошнюю гадзіну. Нібы намякаючы: “Гэта называецца: урэшце пасля празмернага зацікаўлення гісторыяй перайшоў да цеснага кантакту з сучаснасцю”.
        – Змоўкніце, Адам.
        Eн моўчкі згадзіўся са мною. За акном свяцілі праз шаты ліпаў начныя агні, якіх апошні Альшанскі ўжо не мог бачыць. І міжволі думалася, што некалі іх не ўбачым і мы. Якое глупства перад гэтым былі ўсе намаганні, прывілеі, скарбы, улада над душамі і целамі?! Якое гэта ўсe было тройчы клятае глупства!
        – Я павінен быў прадбачыць, – сказаў Хілінскі. – Гледзячы на ягоную прафесійную вопытнасць, не забываючы аб веданні Усходу... І яшчэ: мяне аднойчы ўразіла адна думка: хто мог пасля Нюрнбергскага прысуду перадаць Герынгу ампулу з цыянкалі?
        – Кажуць, жонка падчас развітальнага пацалунку?
        – Не. Псіхіка не тая. І я падумаў, што там магло быць вось так... як з гэтым. Не ведаю, ці меў я рацыю. Пасля ж пэўна аглядалі? Але магло быць: здаўна чакаў канца, бо жывeльна баяўся смерці, а калі даведаўся, што літасці не будзе, што ратунку няма ніадкуль, што шыбеніца, – тады скончыў. Усe ж хаця і гнюсная, паскудная, гнілая дрэнь, разбэшчаная гэтым сіфілісам неабмежаваных улады і раскошы, але ўсe ж у былым ваенны чалавек.
        – Кіньце, Хілінскі. Вы й самі бачылі ваенных, якія клалі ў порткі горш за іншага цывільнага. Ды ў лекара і не было жаху. Проста не хацеў жыць.
        Я пачаў нібы здагадвацца і рабіцца відушчым:
        – Я, здаецца, разумею хаду вашых думак. Скажыце, была б яму?..
        – Не ведаю. Аб смерці Мар’яна eн не ведаў, аб “подзвігах” тых мярзотнікаў – таксама. Можа, і не была б.
        – Ясна, – сказаў я. – І eн, аднак, заслужыў забыццe. Бо нашто яму ўжо было жыць? Ды яшчэ за кратамі... Шмат... Ён заслужыў.
        Хілінскі моўчкі працягнуў мне цыгарэты.
        – Свае, – сказаў я.
        Дастаў новы пачак, раздзeр яго зубамі. Хілінскі назіраў за мной:
        – Што, крушэнне звычак старога кавалера?
        – Так. Калі ўжо крушэнне ўсяго пад’езда кавалераў, то чым я лепшы. Росцік ажаніўся.
        – Дый яшчэ сeй-той, – усміхнуўся eн.
        – Хата Лыганоўскага стаіць пустая. З часам паселіцца нехта. Пэўна ж таксама жанаты. Будзе і ў нас на сходах спачатку віск, а пасля й заравуць, як сірэны.
        – Ах, чорт, – Хілінскі раптам стукнуў кулаком па сталешніцы. – Падлюга, дурань няшчасны. Меў ты рацыю: які матэрыял прапаў... Разумны, дасціпны, адукаваны, бывалы, таленавіты, як чорт. Ведаеш, які лекар? Казалі калегі – цар і бог. Адным веданнем псіхікі чалавечай больш рабіў, чым іншыя рознымі там рэзерпінамі і серпазіламі. І так не змагчы, так паскудна распарадзіцца ўласным жыццeм! Патрэбныя яму былі тыя струхнелыя рэліквіі, даўно знішчаная слава роду. Такі лекар, такі чалавеказнаўца! Мала яму было гэтага для самапавагі... З атрэб’ем звязаўся, з пазаддзем, з падонкамі. І сам стаў падонкам. У, асeл!
        Выпілі яшчэ трохі. І я са здзіўленнем убачыў, што мой “нязломны” сусед крыху захмялеў.
        Глядзеў на партрэт у авальнай раме. Ніколі я не бачыў такога значнага твару. І такога прыгожага адначасова.
        І ў Адама так змяніўся твар, так задрыжалі вусны, што я не здзівіўся б, каб eн, упершыню на маіх вачах, заплакаў.
        – Помста ўсe ж eсць, – глуха сказаў eн. – Ёсць. За кожную кроплю крыві, за кожную слязу. Не цяпер, дык заўтра. Не самому, дык нашчадкам. Іхні суд або суд сумлення, – помста eсць. Яна не спіць. І запісвае ў кнігу лeсаў, і абурваецца на галаву злачынцаў або дзяцей іхніх разорам, бядой, вайной. І нікому не ўцячы. І я ўпэўнены, і гэта дае мне сілу жыць – рыгнецца яна і тым, хто яе забіў. Страшна рыгнецца. І толькі гэта дае мне сілу жыць, думка, што я, наколькі сіл слабых хопіць, памагу запабягчы гэтага на будучае. І толькі гэта... сілу жыць.
        Нервова зацягнуўся:
        – Ты пачакай, калі задумаеш расказаць пра ўсe гэта. Ты трохі пачакай.
        – Я пачакаю. Можа, і некалькі год.
        Стук аддаўся ў сценку. З суседняй кватэры. Маeй. Жонка клікала нас піць чай.
        – Ну а ты што надумаў? – спытаў, заплюшчыўшы вочы, Хілінскі. – Якія вынікі на жыццe зрабіў? Усe ж, што ні кажы, падзеі з табой адбыліся не на кожны дзень.
        – Не ведаю, – сказаў я. – Ведаю толькі адно. Пастараюся пражыць жыццe, рэшту яго, спаўна. Як у гэтыя дні. Аддаць сябе поўнасцю братам. І тады я пайду на спатканне з богам, калі eн у мяне eсць, сваімі нагамі і простай хадой. Не паўзучы. Не згінаючы нават каленяў. І не буду маліць у яго, як не маліў ні ў каго пры жыцці. І я скажу адкрыта: “Я адрабіў спаўна і па сваeй ахвоце сваю катаргу на зямлі. Я зрабіў нават болей таго, што мог. І не для сябе, а дзеля іх, дзеля гэтага акіяна, народа майго. І цяпер я прыйшоў да цябе не кленчыць аб узнагародзе. Дай тое, што мне належыць па працы маeй, калі ты eсць. А калі няма – я не буду шукаць узнагароды за справы свае. Нідзе”.
        – Аман, – сказаў Адам.
        Міргалі за адчыненым акном бясконцыя агні.
        О, жыццe!
        
        
        Канец

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.