РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чорны замак Альшанскі
Частка першая. Грозныя цені начныя
Раздзел I. Візіт устрывожанага чалавека
Раздзел II. Пад’езд кавалераў
Раздзел III. Дамы, манахі і паршывы беларускі рамантызм
Раздзел IV. Пра жанчыну з мінулага, абеляў у адстаўцы і пра тое, як чытанне Евангелля не прынесла аніякай карысці, акрамя маральнай
Раздзел V. Чалавек знік
Раздзел VI. Кароткі. Аб сівым антыквару і «барыгу»
Раздзел VII. Што было сказана ў «Новым Тэстаменце» і якую таямніцу схаваў у «Апакаліпсісе» Іаан Багаслоў…
Раздзел VIII. Зноў гасне неба
Раздзел IX. Кладна. Дарога. Адрашэнне
Раздзел X. Ідылія ў кантрастах
Раздзел XI. Белая Гара
Раздзел XII. Пачатак пошукаў
Раздзел XIII. Нарада двух кавалераў, аднаго ўдаўца і аднаго жанатага
Раздзел XIV. Пра вар’ятаў і дробязі, якія не вартыя і выедзенага яйка
Раздзел XV. Пра новую хату, спраўджаныя сны і пра тое, як забіваюць чалавека і ці лёгка другому двухногаму зрабіць гэта
Частка другая. Катакомбы, змрок і агонь
Раздзел I. У якім ніхто з «трох мушкецёраў» амаль нічога не ведае, а той, хто ведае, не можа расказаць
Раздзел II. У якім я зашмат балбачу і, насупор логіцы, шкадую правакатара
Раздзел III. Перад вачыма кахання, вачыма вар’яцтва і смерці
Раздзел IV. Загадкі і адгадкі. Палкоўнік, лейб-медыкус і пракуратар
Раздзел V. У якім я амаль складваю лапы, падводжу вынікі паражэння, але своечасова ўспамінаю пра пэўную аптымістычную жабку
Раздзел VI. Дзе іхнія сляды, дзе твае сляды? Хто знойдзе іх, хто знойдзе цябе?
Раздзел VII
Раздзел VIII
Раздзел IX
Раздзел X
Раздзел XI
Эпілог
РАЗДЗЕЛ XV
ПРА НОВУЮ ХАТУ, СПРАЎДЖАНЫЯ СНЫ І ПРА ТОЕ, ЯК ЗАБІВАЮЦЬ ЧАЛАВЕКА І ЦІ ЛЁГКА ДРУГОМУ ДВУХНОГАМУ ЗРАБІЦЬ ГЭТА
        Раніцаю я другі раз зайшоў са сваёй прапановаю да дзеда Мультана. І мне спадабалася ў яго яшчэ болей.
        – Калі ласка, – сказаў ён, – мне што? Толькі начамі самотна будзе. Я начамі хаджу.
        І вось я перабраўся ў другі пакойчык небывала вялікай “вартоўні” дзеда. Той, асабліва прытульны, нягледзячы на запушчанасць. Прытульны ад старых партрэтаў, ад складу непатрэбных ікон у адным з кутоў, ад таго, што адны дзверы (другія вялі непасрэдна ў дзедаву вартоўню) і акно выходзілі проста на абсады і цераз нізкі каменны мур – у цяністы ўжо зараз сад. Калі высунуцца ў акно, справа было відаць “першакасцёл”, да якога пасля быў прыбудаваны гмах навейшага з яго цудоўным іканастасам моранага дубу з пазалочанымі фігурамі (роўны яму мне давялося бачыць хіба што ў Будславе).
        Першым госцем быў Шаблыка. Прынёс вялізны пачак паперы: нямецкія лістоўкі і нашы лістоўкі, газеты, у якіх казалі аб нападах партызан і аб нападах на партызан. І аб расстраляных дзеячах руху апору, і аб заложніках. Было нават з дзесятак нумароў “Нашага шляху”.
        – Нашто ты гэта г… трымаеш?
        – Трэба ведаць, хто ёсць хто і хто быў хто. Нават калі гэта бессаромная прапаганда. Гэх, браток, колькі такой бессаромнай прапаганды на свеце! Глядзеў я пасля вайны “Індыйскую грабніцу”. Вывад: “немец спрытны хлопец, паўсюль пройдзе”. Нейкія там фільмы пра “Агента 007” – “англічанін спрытны хлопец, паўсюль пройдзе”… Цьху! На жаль, нават першакласныя людзі часам не паўсюль праходзяць. “Тому в истории мы тьму примеров слышим”. Вось, можа, нешта цікавае пра тых і знойдзеш. Хаця наўрад: у апошнія дні тым было не да газет… Вось дастаць бы газеты тых часоў, калі брат Высоцкага правакатара забіў. Хаця адкуль іх дастанеш? Такі пажар пракаціўся.
        – Ну, мабыць, не ўсё ж згарэла.
        З другім візітам з’явіліся Васілька Шубайла і Стасік Мультан. І мы адразу пашыбавалі з імі да лазу ў падпол касцёла, проста квадратнай адтуліны, за якой ход ішоў уніз, як быццам тут збіраліся ссыпаць у бункер бульбу.
        – Вы, дзядзька, можаце плячыма не пралезці, – сіпатым шэптам сказаў Васіль.
        – Пралезе. Рукамі наперад. Там нешта накшталт прыступкі. Да яе сантыметраў пятнаццаць.
        Яны слізнулі туды, як маляўкі пад камень. Але нічога, пралез і я. Адна рука наперад, другую – пад сябе, каб далонню падштурхоўваць чэрава. Непрыемна, калі звісаеш над пустою цемраю.
        Але і сапраўды, не больш чым пятнаццаць сантыметраў да каменнай пляцоўкі.
        Не люблю я гэтых падзямелляў, асабліва запушчаных. Затхла, паўсюль кавалкі атынкоўкі, стаяць саркафагі, і ў кожным нечае былое жыццё. Вартае ці не вартае гэтага саркафага – іншая справа. І асабліва мяне мярзіць такое відовішча пасля таго, як давялося мне бачыць “зацны гроб” аднаго вялікага саноўніка былых часоў. Мумія ляжала ў мундзіры пры ўсіх рэгаліях, але… без портак. Порткі былі суконныя, і іх з’ела моль. Варта было ліслівіць, царадворстваваць, выракаць людзей на горшае, забіваць іх, каб пасля ляжаць без портак.
        – Вось дойлід, – сказаў Стах. – Камісія нейкая з год назад прыязджала, здымала века. Як жывы, ляжыць, толькі трохі ўсох.
        Галасы нашы гулка выбухалі пад скляеннямі, так што й гэтых маглі б разбудзіць. І ўсё ж я непамерна здзівіўся, калі паўзмрок прарэзала вертыкальная смуга святла. Нечакана павярнулася вакол восі вялізная і, як я цяпер бачыў, непамерна тоўстая дошка (раней я думаў, што проста на ёй калісьці нешта было напісана, ды фарба злезла), і ў гэтым святле ўзнікла постаць чалавека са свечкай у руцэ.
        – Хто там? – спытала постаць, і я пазнаў ксяндза. – А-а, гэта вы?.. Якім чынам вы тут?
        Я паказаў рукою на лаз.
        – Нашто ж вы так? Я сам бы мог паказаць. І было б зручней.
        – Прабачце, дзеці сказалі, што іншага ходу няма.
        – І дарэмна сказалі. Ну добра, дзеці, ідзіце, гуляйце.
        Ён паказаў на патайныя дзверы, але малыя кінуліся ў лаз.
        – Каб мне іхні спрыт, – усміхнуўся ксёндз.
        – Яго ў вас і зараз хапае.
        – Не. Для некаторых рэчаў ужо не. Тут пад касцёлам, дый пад замкам, цэлая сістэма хадоў. Кажуць, ёсць і ход, што злучае касцёл і замак. У некаторыя з іх я не рызыкую хадзіць. Дужа рэдка не хапае смеласці. Часцей – спрыту. Хочаце, я вам некаторыя пакажу.
        – Чаго ж, ахвотна, – я падумаў, што, можа, гэта ў нечым дапаможа маім пошукам.
        – То хадзем.
        Я праціснуўся за ім у атвор. То была нейкая касцельная прыбудова (я кепска разбіраюся ў гэтай тапаграфіі). Жыховіч адамкнуў нейкія нізкія дзверы, і вачам адкрыўся нешырокі калідор з нізкай скляпенчатай столлю. Гэта было падобна на пячоры ў Кіеўскай лаўры. Толькі што вакол быў дзікі камень, а не сцэментаваны пясок.
        – І доўга ён цягнецца? – Мы прайшлі ўжо, мне здалося, метраў сто пяцьдзесят, і канца гэтаму не было відаць.
        – Да канца не даходзіў. Тут ёсць і іншыя хады, бакавыя, але я іх не ведаю. І ніхто не ведае. Тут падчас татарскага набегу недзе ў тысяча пяцісотым, ці што, годзе хавалася ўсё насельніцтва Альшан і навакольных вёсак.
        – То што, катакомбы старэйшыя за касцёл?
        – Непамерна старэйшыя.
        Я ішоў наперадзе. Раптам я адчуў нібы павеў нечага па твары. Полымя свечкі затрапятала, адбіткі замітусіліся па камені.
        – Асцярожна!
        У той самы момант я паслізнуўся, адчуў, што падаю, і раптам адчуў неверагоднай сілы штуршок у спіну. Такі, што ўзляцеў у паветра, мабыць, з метр патрымаўся так, а пасля не дужа мякка прызямліўся ў пыл, адчуваючы, што ступакі мае вісяць над пустатой.
        – Езус Марыя! Матка Боска Астрабрамска. Матка Боска Бытэньска.
        – Што гэта было?
        – Студня. Я ж сказаў, асцярожна!
        Я сапраўды ледзь пераскочыў дзякуючы ксяндзоваму штуршку круглы чорны правал у падлозе. А можа…
        – І чаго вы паслізнуліся? Ну так і ёсць, – ён узняў свечку ўгору. – Калонія кажаноў! Бач, за зіму які блін на падлозе атрымаўся.
        Ён звесіўся і правіснуў, гледзячы ўніз. Пасля ўзяў каменьчык і кінуў у чорную пашчу. Праз незлічоныя стагоддзі адтуль даляцела нібы звонка, а нібы і глуха: “Глок”. Тут мы абодва, калі аб гэтым можна меркаваць пры свечцы, збялелі.
        Наступныя пару хвілін ішлі моўчкі. Калі-нікалі трапляліся ў сценах закратаваныя адтуліны пад іржавымі замкамі.
        – Ключы ў каго?
        – Ключы ў мяне, – сказаў ксёндз. – І ад замкавых хадоў таксама. У мяне і ў Мультана. Дзеці панадзіліся лазіць. Каб не зваліўся каторы. Добра вам у яго? Хаця, чаму ж? Чалавек добры, станоўчы. Патомны вартаўнік. Ад прапрадзеда, а можа, й раней.
        …Арганіст у пустым касцёле, калі мы папрамавалі праз прэсбітэрыюм на выхад, зноў граў нешта падобнае на “Бычка”.
        – Чаго ён так?
        – А, я ж вам казаў. Ён аднойчы падчас імшы і “Лявоніху” ададраў.
        – І нічога яму?
        – Трымаю. Я ж вам казаў: майстра на ўсе рукі. Тут і арганіста знайсці цяжка, а гэты… яшчэ і гадзіннік адрамантаваў. І каляндар амаль што. І сонечны і месячны.
        Мы паволі ішлі да замка. А мяне ўсё не пакідала думка, чаму ён хацеў забіць мяне? А мо я і сапраўды паслізнуўся? Тады – што азначалі словы Вячоркі? Ведае нешта ці проста п’яная балбатня?
        – Чуткі хадзілі, вы нешта шукаеце? – спытаў ён. – І трапіла вам у рукі нейкая шыфроўка?
        “Ясна. Усё тая злашчасная балбатня ў машыне па дарозе ў Езна”.
        Сяк-так, у самых агульных рысах, я расказаў яму аб нязначным, асабліва напіраючы, што нічога не расшыфраваў, бо мне невядомы прадмет, вакол якога трэба тую стужку намотваць.
        – Ведаючы матэматыку, гэта не так цяжка, – здзівіў ён мяне, а пасля яшчэ раз здзівіў: – Літарэю спрабавалі? А можа, спалучыць яе з Кеплераўскім прынцыпам?
        “Чаму ён мне зараз дапамагае, – падумаў я. – Што за чалавек? Адкуль?” А ён, нібы сапраўды ведаючы мае думкі, раптам сказаў:
        – Вы сабе можаце што хочаце думаць пра тое, што адбывалася тут трыста год таму. Гэта і дурню невядома. А вось што рабілася тут на нашай памяці! Гэта разблытаць! Тады, магчыма, і таямніца нашага правалу выйшла б на свет.
        – Ну а калі б і раскрылі правакатара. Што тады вы?
        – Хрыстос казаў, што ворагам трэба дараваць не да сямі разоў, а да сямідажды сямі…
        – І вы?..
        – Я, на шчасце, не Хрыстос. І нават не самы лепшы з яго служак.
        – Гэта як?..
        – Каб улады побач не было – кішкі матляў бы, – раптам праз зубы працадзіў ксёндз. – За маю апошнюю. Мне можна. Я – крыважэрны. Я – рука Ватыкана.
        І я зразумеў: гэты сапраўды матляў бы кішкі. Не “рукой Ватыкана”, а сваёй, вось гэтай, здатнай на ўсё. Пры ўспаміне аб сябрах і аб каханні, якое загінула недзе ў сутарэннях СС або СД – хто ведае?
        Я пайшоў ад яго ў самых растрапаных пачуццях. Нашы рамантыкі мінулага стагоддзя сказалі б, што пагрозныя “цені”, “анёлы начныя” кружлялі над маёй галавой. Чаму кніга? Нашто дзве смерці? Чаму чатырыста забітых у вайну? Каменныя брылы мне на галаву? Ксёндз над студняй? Банды Боўбеля і Куляша? Лапатуха? Бязладная балбатня Вячоркі пра цені і нейкія страшныя яйкі?
        Цені, анёлы начныя. Кашмарны, бязлітасны свет.
        Я не ведаў, што ўсё гэта – ружовая дзіцячая казка ў параўнанні з тым, што чакала мяне.
        
        Канец першай часткі

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.