РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чорны замак Альшанскі
Частка першая. Грозныя цені начныя
Раздзел I. Візіт устрывожанага чалавека
Раздзел II. Пад’езд кавалераў
Раздзел III. Дамы, манахі і паршывы беларускі рамантызм
Раздзел IV. Пра жанчыну з мінулага, абеляў у адстаўцы і пра тое, як чытанне Евангелля не прынесла аніякай карысці, акрамя маральнай
Раздзел V. Чалавек знік
Раздзел VI. Кароткі. Аб сівым антыквару і «барыгу»
Раздзел VII. Што было сказана ў «Новым Тэстаменце» і якую таямніцу схаваў у «Апакаліпсісе» Іаан Багаслоў…
Раздзел VIII. Зноў гасне неба
Раздзел IX. Кладна. Дарога. Адрашэнне
Раздзел X. Ідылія ў кантрастах
Раздзел XI. Белая Гара
Раздзел XII. Пачатак пошукаў
Раздзел XIII. Нарада двух кавалераў, аднаго ўдаўца і аднаго жанатага
Раздзел XIV. Пра вар’ятаў і дробязі, якія не вартыя і выедзенага яйка
Раздзел XV. Пра новую хату, спраўджаныя сны і пра тое, як забіваюць чалавека і ці лёгка другому двухногаму зрабіць гэта
Частка другая. Катакомбы, змрок і агонь
Раздзел I. У якім ніхто з «трох мушкецёраў» амаль нічога не ведае, а той, хто ведае, не можа расказаць
Раздзел II. У якім я зашмат балбачу і, насупор логіцы, шкадую правакатара
Раздзел III. Перад вачыма кахання, вачыма вар’яцтва і смерці
Раздзел IV. Загадкі і адгадкі. Палкоўнік, лейб-медыкус і пракуратар
Раздзел V. У якім я амаль складваю лапы, падводжу вынікі паражэння, але своечасова ўспамінаю пра пэўную аптымістычную жабку
Раздзел VI. Дзе іхнія сляды, дзе твае сляды? Хто знойдзе іх, хто знойдзе цябе?
Раздзел VII
Раздзел VIII
Раздзел IX
Раздзел X
Раздзел XI
Эпілог
РАЗДЗЕЛ III
ПЕРАД ВАЧЫМА КАХАННЯ, ВАЧЫМА ВАР’ЯЦТВА І СМЕРЦІ
        У тыя наступныя дні зачасцілі да мяне ў маю “плябанію” госці. Часцей за ўсё Шаблыка са Змагіцелем, часам археолагі ў поўным ці частковым складзе. Бывала, што на культурную бяседу з’яўляўся дзед Мультан (адзін або са Стасікам і Васількам). Разы два ці тры наведваўся наш ксёндз.
        У той вечар кампанія сабралася ў поўным складзе. На бервяне, што замест прызбы ляжала ля “нашых” дзвярэй у “плябанію”, размясціўся худзенькі “Волат” (“Наша таўстуха Валянціна”), “бяляначка і замазурачка”. Таня Салей з Тарэсай Гайдучык, сама Сташка Рэчыц ды Шаблыка са Змагіцелем. Дзеду Мультану і ксяндзу я вынес крэслы, а мы з Генкам Седуном не без выгоды размясціліся проста на траве. Я паспеў ужо расказаць ім аб такіх-сякіх рэзультатах пошукаў, абмінуўшы, вядома, самае важнае. У прыватнасці, чамусьці, пра Лапатуху, пра братоў Высоцкага і, вядома ж, пра цень, які падаў на айца Леанарда Жыховіча, прысутнага тут.
        Гамарня была як на кірмашы. Атрымалася нешта накшталт сярэдневяковага дыспуту: кожны высоўваў свой тэзіс, а ўсе накідваліся на яго са сваімі антытэзамі, кожны быў як бы “адвакатам д’ябла”, асобай, неабходнай на кожным сярэневяковым дыспуце (не выключаючы і Беларусі), асобай, якая павінна была абвяргаць кандыдата, скажам, у бакалаўры, рознымі падступнымі і нават недазволенымі, ерэтычнымі пытаннямі. Дапусцім, кандыдыт высоўваў тэзу аб тым, што зачатак Марыяй Хрыста быў незаганны і нявінны і што ў дзень Успення (15-га, значыць, а па-новаму 28 жніўня) яе, яна адышла цнатлівай. На гэта “адвакат д’ябла” ставіў яму недазволеную падножку, за якую, каб гэта не на дыспуце, – гарэць бы “адвакату” на вогнішчы або сядзець у каменным мяху год і шэсць тыдняў1 (вядома, калі ў месцы суда быў каменны мех, а то пайшоў бы бяскарна). Дыялог між іх мог бы адбыцца такі:
        Д ы с п у т а н т: “... і ва ўспенні была цнатлівай”.
        А д в а к а т д ‘ я б л а: Не, былі ў яе пасля браты Хрысту. “...Маці і браты яго стаялі вонкі ля дома, жадаючы гаварыць з ім”... (Мацея 12,46).
        Д ы с п у т а нт: Тут маюцца на ўвазе аднадумцы, браты па ідэі.
        А д в а к а т: Не, ілюстрысіме. Крыху далей “І паказаўшы рукою... на вучняў сваіх, сказаў: вось маці мая і браты мае” (Мацея 12,49).
        Д ы с п у т а н т: Магчама, і тыя былі “браты па ідэі” (пачынае запінацца), але менш пасвечанымі, другога гатунку перад вучнямі.
        А д в а к а т (поўны трыумфу): А як тады зразумець крыху далей у таго ж Мацея (13,54 – 57), што, калі Хрыстос прапаведаваў у сінагозе ў Бетлеме Іудзейскім, усе здзіўляліся і казалі: “...адкуль у яго такія прамудрасць і сілы? Ці не цесляў ён сын? Ці не яго маці завецца Марыя, і браты яго Іякаў і Іёсі, і Сымон і Іюда? І сёстры яго ці не ўсе паміж нас? Адкуль жа ў яго ўсё гэта? І спакусілася аб ім. ” І ў пакаранне за іхняе бязвер’е ён не стварыў там шматлікіх цудаў. “Не бывае прарока ў сваёй айчыне”.
        Д ы с п у т а н т (прыперты да мура, але пагрозліва): Дык ты ў догмат непарочнасці Дзевы Марыі не верыш?
        А д в а к а т д ‘ я б л а (спалохана): Не, не. Лічу, што варты ступені бакалаўра, а пытанне хай вырашаюць на вышэйшым узроўні.
        (Гул ухвалення!)
        
        Нешта такое адбывалася і ў нас, толькі што без падножак. А калі ўсе ўдосталь нагарланіліся, раптам умяшаўся Шаблыка:
        – Ні пад якой вежай, ні ў якіх катакомбах іхніх скарбаў украдзеных шукаць не трэба. Абставіны ведаеце самі. Падскарбі, дзяржаўны казначэй, не занёс гэтых скарбаў у роспісь. Значыць, шэсцьсот тысяч залатых і на шэсць мільёнаў каменнямі, пабраныя Пятром Альшанскім са змоўшчыкаў, Міхала Слуцкага і іншых, ды пад шумок з каралеўскіх земляў, – у казну не вярнуліся ні тады, ні пры Вітаўце Альшанскім, што абрабаваў усіх паплечнікаў Валюжыніча, выдаўшы іх, ды яшчэ і павінен быў тыя грошы аддаць каралю. Уцяклі, відаць, з грашыма Грыміслаў Валюжыніч ды Ганна-Гардзіслава Альшанская.
        – Іх дагналі, – сказаў ксёндз.
        – Але іх і выпусцілі, – сказаў Шаблыка. – Бо да пагоні прыяднаўся суддзя Станкевіч. І патрабаваў, каб выпусцілі.
        – Маглі і перастрэць пасля іншыя людзі князя, – сказала Валя Волат.
        – Адкуль гэта вядома? – кінуў Шаблыка.
        – Божа мой, – умяшаўся раптам Змагіцель, – чаму вы такія сухія, чаму вы такія рацыяналісты? Чаму не верыце людскім байкам, чуткам, паданням? Бывае ж і ў іх зерне праўды. А што легенда тут кажа? А кажа яна, што ўцякалі яны, заганяючы коней. Па гэтых непралазных нетрах, яшчэ горшых, чым тады пад Навагрудкам. А там у той час нейкі князь памёр у дзесяцёх – на нашы грошы – кіламетрах ад горада, бо не маглі прывезці лекара. І што гналіся за імі, і што наздагналі недзе ля Замшан, а кіраваліся яны ва ўрочышча Цёмны Бор, каб пасля Альшанкай і “іншымі рэкі” сплысці ў Нёман, а адтуль бог-бацька ведае, куды кіравацца. Ці на захад, бо на ўсходзе часы былі смутныя, ці некуды пад Кладна, дзе яшчэ блукалі рассеяныя аднадумнікі. Але іх наздагналі і збіраліся ўжо вязаць, але Станкевіч, які адстаў, якраз выцерабіўся на паляну і загадаў адпусціць. І з грузам. І не аслухаўся Вітаўт Хвёдаравіч вярхоўнага суддзі.
        – То адпусціў? – жвавенька чаму ён з крадзеным спытала Таня Салей.
        – Што ж ён, прызнаўся б пры суддзі, што яны тое крадзенае вывозяць, якое князь у бунтаўшчыкоў украў і казне не вярнуў? – строга кінула і сваё пытанне-адказ Тарэса Гайдучык. – Прамаўчаць мусіў.
        Змагіцель вёў сваё далей:
        – Паехалі ўсе назад... І вось тут пагудка людская мовіць, што другая была перастрэча, што гналі яны ракой, хутчэй, вядома, чым нетрамі, і абагналі і ўцекачоў і пагоню, а засаду зрабілі ля Бярэзіны. І ўзялі абодвух. І нібыта (тут ужо кожны канчае па сваім гусце) ці, адабраўшы скарб, пусцілі на ўсе чатыры бакі, ці забілі.
        – Ды ці была тая другая засада? – спытала скептычная Таня. – Можа, тыя грошы і іншае даўно ўжо ў свеце рассеяліся.
        – Не ведаю, – сказаў Змагіцель, – але байку таксама трэба браць пад увагу. І калі грошы забралі, то чаму пазней, калі рэвізія каралеўская прыехала, Станкевіч на Евангеллі кляўся, што загадаў адпусціць уцекачоў, а Альшанскі – таксама на Евангеллі – кляўся, што, відаць, Валюжыніч з Ганнай грошы звезлі, а ён таго не ведаў і адпусціў, а сам тых грошай ані дэнарыя ў руцэ не трымаў, ані падвойнага літоўскага білона пад пазногаць не заціснуў.
        – І ўжо тыдні два мінула, – сказаў ксёндз, – калі ён разам з тым, і таксама на Евангеллі, кляўся, што ўцекачы жывыя. Не мог таго часу чалавек на крывое свядоцтва на святой кнізе пайсці. І сведкі кляліся, што жывыя.
        – Ну вось, – зноў сказаў Змагіцель, – і рэвізія была, і падчас той рэвізіі князь Альшанскі Вітаўт Хвёдаравіч нагла і хуткім чынам памрэ. Калі было, калі і ведаў нешта...
        – То канцы ў ваду, – сказаў Шаблыка, – і шукаць дарэмна.
        – Чаму дарэмна? – выбухнуў Змагіцель. – А надпіс патаемны? А можа, ён пра нешта іншае кажа? А скрынкі нямецкія? А нямецкая “акцыя” перад адступленнем? Хавалі ж пэўна нешта?
        Мне не падабалася гэтая размова пры ксяндзу. Лепей было б яму менш ведаць аб падзеях. І тых, у канцы пятнаццатага – пачатку семнаццатага стагоддзяў. І тых, у сорак чацвёртым. Пакуль я не давяду, што ён або адроддзе пекла, або чысты, як шкельца.
        А Сташка Рэчыц, можа, уражаная тонам, якім вёў апавяданне Змагіцель, раптам сагнулася (валасы колеру цёмнага чырвонага дрэва цяжка ўпалі ўніз) і тонкай рукой, трэскай, заціснутай у пальцах, намалявала на сцежцы план замка.
        – Вось так, – сказала яна. – Мы тут у вашу адсутнасць зрабілі разведку, прамацалі зямлю правей задняй вежы (гэта справа, як ад брамы ісці).
        – І што? – спытаў я.
        – Падмурак і рэшткі муроў яшчэ ад адной вежы. На самым беразе Альшанкі. Так што калі ўлічыць яе, то ваша трэцяя, гэта якраз і будзе другая ад краю, там, дзе была калісь Слуцкая брама, якую замуравалі. А ніяк не наступная ад яе, што лявей.
        – Не думаю, – пасля кароткага роздуму сказаў я. – Тая вежа стаяла паасобку. Вёў да яе падземны ход, бо не нашлі ж муроў, што ядналі тую, Надрэчную, з замкам. Тая, Надрэчная, была, відаць, Водаўзводнай, ахоўвала калодзеж, а можа, і прымітыўны водаправод, што вёў ад Альшанкі ў замак. І менавіта таму не магла яна быць “кутняй”. Кутняя – яна і ёсць кутняя, у куце крайняя. А значыць, трэцяя – гэта аніяк не Слуцкая, а тая, што лявей за яе.
        – Гэта яшчэ падумаць трэба, – яе вялізныя зялёна-блакітныя вочы з ценем лёгкай іроніі глядзелі на мяне.
        – Слуцкую калі замуравалі?
        – Месяцы за чатыры да смерці Вітаўта Хвёдарвіча Альшанскага.
        – Тым болей. Што можна схаваць у прахадной ды праязной вежы?
        Гэта, здаецца, падзейнічала.
        – І што маглі схаваць у даўно замураванай вежы людзі Гімлера і Розенберга, сам апошні Альшанскі? Як яны маглі схаваць – вось што самае галоўнае.
        – Так, мабыць, у гэтым вялікая рацыя ёсць, – сказаў ксёндз.
        Хутка яны разышліся, і неяк так здарылася, што дзяўчаты і Генка чкурнулі некуды, відаць, на танцы ў Альшанку, і мне давялося праводзіць Сташку на яе раскоп, на Белую Гару.
        Маўчалі. Ішла лёгкай-лёгкай хадой. Пэўна, вось так будзе ісці і тады, калі пройдзе пяцьдзесят кіламетраў. Сапраўдная, лятучая паходка бадзягі. Дакладныя, гожыя рухі.
        – Што гэта ваш сябар, Змагіцель, так дзіўна адлегласці лічыць: “дзесяць кіламетраў на нашы грошы”? Што, сваіх мер не было?
        – Былі. І вы гэта цудоўна ведаеце. Спачатку “пешы” і “конны” пераход, пасля, з адзінаццатага стагоддзя і да васемнаццатага года, самая распаўсюджаная – “вярста”. Што ў нас, што ў Польшчы, што ў Масковіі. Толькі ж паўсюль назва адна, а даўжыня – іншая. Ад паўтысячы да тысячы сажняў. Но?! А з канца XVIII стагоддзя нешта каля тысячы шасцідзесяці метраў. А ў нас на Беларусі да разбору ўвогуле дзве вярсты: малая – 789 сажняў і вялікая – 1000 сажняў.
        – То што, цяжка хіба перавесці?
        – Ну вось, скажам, прызначаю я вам спатканне на мяжы першай і другой вярсты ад Альшан. А вы, небарака, і не ведаеце, ці вам тысячу пяцьсот шэсцьдзесят метраў адысці, ці тысячу дзевяцьсот сорак восем.
        – А слупы верставыя?
        – “А рамізнікі тады нашто”? – працытаваў я.
        Мы засмяяліся. Пасля яна пакасілася на мяне сваімі “марскімі вачыма” і спытала:
        – А вы сапраўды прызначылі б мне спатканне? І як, у канцы малой ці ў канцы вялікай вярсты?
        – Прызначыў бы, калі вам так ужо захацелася б зрабіцца бедалагай.
        – Хіба такой ужо бедалагай?
        – Ды прыгледзьцеся да мяне лепей.
        І тут я прыкусіў язык. Неандэртальскі прашчур варага побач з гэтай яснай як дзень прагажосцю, з гэтымі чорнымі брывамі на загарэлым ужо абліччы, з гэтымі цяжкімі, каштанавымі з глыбінным залатым водбліскам валасамі. Не, гэта было фундаментальным глупствам. Не рэкну болей ані слова. Не трэба было й пачынаць.
        На шчасце, нас дагналі Альшанскі з Ганчаронкам. Некаторы час ім з намі было па дарозе.
        – Ну як? – спытаў старшыня.
        – Ды паступова разгортваецца клубок, – невядома з якой прычыны пусціў я пробны шар. – Але да канца ўсё яшчэ далёка.
        – Ды вось спрачаемся, у другой ці ў трэцяй ад рога, – другі раз за вечар “залажыла” мяне дурненькая Сташка.
        – А можа, і не ў іх, – пастараўся я выправіць становішча.
        І тут нечаканая падзея перапыніла небяспечную размову. Нехта, цьмяны ў сутонні, кінуўся з дарогі ў хмызы. Зашалахцеў за ім алешнік.
        – Хто такі? – ціха спытаў я.
        – А чорт яго ведае, – сказаў Ганчаронак. – Мо пара нейкая... А мо... Лапатуха. Чорт яго заўсёды ведае, адкуль і куды яго нясе. Чаго яго не адправіць куды трэба. І дагляд, і рэжым, і ежа.
        – І траўма, – сказаў Альшанскі.
        – Ды ён жа горш за ўсякую траўму сабе шкодзіць. То начуе ў бабкі Настулі – з жаласці яна яго пускае. А то ў нейкай з вежаў замка. І не толькі тады, калі цёплы час. Закалее неяк, а нам – адказвай.
        – Траўма, – Сташка ссунула свае чорныя бровы.
        – Ды ён бясшкодны. Нам шкада яго, – сказаў Нічыпар.
        – Лухта якая, – забурчаў Ганчаронак. – Бясшкодны вар’ят... Вось маўчыць-маўчыць, а потым – нападзе. Сцеражыцеся, усё можа быць.
        – Людзей на вачах ягоных стралялі. Дапускаю, што і сваякоў ягоных.
        – Эх, хлопцы, пабойваюся я яго, – уздыхнуў бухгалтар. – Калі нападзе, то я... сабаку ўдарыць не магу, а як жа чалавека... Ну добра, нам сюды.
        – А нам сюды, – сказаў я і павёў Стасю да мосціка цераз Альшанку.
        Мосцік той заслугоўваў хутчэй назвы “кладка”, мне давялося ўзяць спадарожніцу за локаць. І я адчуў яго вастрыню і цеплыню і як рука, вышэй сугібу, пакрылася лёгкай гусінай скурай, ці ад холаду, ці ад хвалявання. І зразумеў, што прызначыў бы ёй сустрэчу хоць на краі свету. І мне вельмі хацелася пацалаваць яе, і паплысці, паплысці куды пад гэтым зорным небам, над гэтай нястрымнай нешырокай ракой, і сказаць ёй нешта такое, чаго ні разу не казаў ніводзін мужчына ніводнай жанчыне. Мне здалося, што і яна нібы няўлоўна цягнецца да мяне.
        Але я прыкусіў язык. Я не меў права. Я быў на дзесяць з гакам год старэйшы за яе. Яна была – дзіця, а я – чалавек, які досыць ці не занадта многа пажыў.
        “Дзяўчына, што табе ўва мне”, – падумалася мне толькі словамі з нейкага старога падання.
        І таму я толькі пастаяў на вяршыні, на краі гарадзішча, з тугою прасачыў вачыма, як яна, танюткая трысцінка, ідзе да вогнішча, і змрочна паплентаўся назад да сваёй “плябаніі”.
        
        
        Вось так яно і было ў той вечар: зазірнуў мімаходам у вочы каханню, можа, таму, якое ўсё жыццё чакаў, і сам сабе сказаў: “Не трэба. Не смей. Не псуй жыцця выдатнаму чалавеку, які варты лепшага”. І сядзеў я на сваёй прызбе-бервяне, шалёна курыў, глядзеў у ноч і думаў пра Сташку і пра тое, ці такое яно было, каханне ў мінулым. Ці больш разлічанае, ці, можа, гэта ў нас яно больш разлічанае, а ў іх было куды болей мужнае і самаахвярнае?
        Здаецца, урэшце задрамаў. Плыў сіняй-сіняй, дужа цёплай ракой, што вілася між залатых берагоў. Нехта вабіў мяне з гэтых берагоў і знікаў, каб з’явіцца зноў, у іншым месцы. Я ведаў і не ведаў, хто гэта, бо яно не паказвала свайго аблічча.
        А потым паўсюль ужо была ярка-сіняя вада, а над галавою такое ж сіняе неба. А я ляжаў на спіне, адчуваючы неба вачыма, а ваду спінай.
        І я быў цэнтрам сусвету. А пасля ў гэтым сусвеце з’явілася чыёсць аблічча. І я, ані не здзівіўшыся, чамусьці сказаў уголас:
        
        Усё бачнае ізноў укрыюць воды,
        І божы твар адвобразіцца ў іх.
        
        – Спіцё. – Як праз туман, убачыў я аблічча Леанарда Жыховіча.
        – Не.
        Вочы ксяндза як навейвалі нешта.
        – Гэта добра, – злавесным, як мне праз паўсон здалося, голасам сказаў ён. – Думайце аб людзях, думайце аб сабе.
        І знік. А мне раптам так захацелася спаць, што я ледзь дабраўся да ложка і, як у яму нейкую, праваліўся ў сон.
        І гэта зноў быў той сон. Той і не той, працяг таго і нібыта не працяг.
        Удар і падзенне, імклівае, з рыштаванняў вакол шпіля касцёла. Бліжэй і бліжэй зямля. Чырвона-зялёны, як ззянне фосфару, а пасля – выбух яго. І цемра.
        Не, гэта проста цемра ночы. Гэта ажылі тыя словы Змагіцеля аб людскім погаласе пра тыя ўцёкі.
        І вось ноч, волатавыя стаўбуры дрэў, рэдкія зоркі ў рэдкіх прасветах лістоты і коні, што з хрыпеннем ірвуць грудзьмі паветра, не, вецер, амаль ураган. Але коні стаміліся, але за спіной усё бліжэй і бліжэй ляск іншых, варожых падкоў.
        І вось паляна, скупа асветленая бледна-зялёным святлом ветаха. На ёй, у дальнім яе канцы, трохкутныя або чатырохкутныя піраміды з дзікага, шэра-зялёнага ад моху камення.
        “Дзе я іх бачыў? Ага, ля Бяздоннага возера пад Слонімам і яшчэ… і яшчэ ля сцежкі, якой ішоў з Замшан у Цёмны Бор.
        Там мы прабіліся, мы вырваліся з іхняга кальца, але які ў гэтым толк, калі яны гоняцца, наступаючы на пяткі, а нашы коні змучаныя і ўжо вось-вось ворагі будуць тут. Конь Ганны, маёй цяпер ужо назаўсёды, Гардзіславы маёй, змучаны менш. І далей яна павінна ўцякаць адна, бо ратуе цяпер ужо дзве душы. А я застануся прыкрываць яе адыход. На каго яна падобная абліччам пад гэтым капюшонам? На Станіславу? На Сташку. На якую такую Сташку?”
        – Скачы, Ганусю. Ты лёгкая, твой конь не так выснажыўся… Ляці!
        – Дурны… “І ложа, і пошасць, і радасць, і болесць, і смерць адна на дваіх”.
        – Ляці!
        Позна. З трох бакоў паляны выязджаюць з пушчы коннікі, абкладваюць нас дваіх. Паўкруглы аршак2 усё болей замыкае кола вакол нас. Чалавек сорак. Некаторыя ў цэльнакутых латах, некаторыя ў калантарах, жалезных, пласцінамі, сёй-той проста ў кальчузе, два ці тры ў рабрыстых, кутых палосамі панцырах (з суцэльных шлемаў праз шчыліны відаць толькі бязлітасны бляск вачэй). А унь трох у лускатай усходняй зброі. А там некалькі ў карацановай зброі, таксама кальчужнай, але кожнае колца прыкрыта зверху сталёвай лускавінкай. У некаторых тыгрыныя шкуры на плячах (гусараў, ці што, пазычыў у нейкім бліжэйшым вайсковым аддзеле ці, можа, некаторыя сябры-гусары самі вызваліся прыняць удзел у ловах). Дзіды, шаблі, чаканы. Нібы на вялікі бой выехалі, а не на спайманне дваіх знясіленых людзей.
        І ўсярэдзіне паўмесяца – сам. Едзе на вараным кані, укрытым карацановай папонай. З-пад чорнага кунтуша ў залатыя травы выбіваецца адамашкавы3 жупан. На галаве шапачка футраная з блакітным пяром. Падпяразаны вясёлкавым турэцкім шалем. І аніякіх латаў.
        “Брэшаш, вельмішаноўны. Я ведаю. Пад жупанам амаль заўсёды ў цябе кальчуга. Дый пад шалем – паручуся – для вернасці пас металёвы”.
        А аблічча?! Крый божа нават у сне ўбачыць такое падабенства сатанінскае. Твар як з медзі літы, чорныя вусы, чорныя, але ўжо з сівінкай хвалістыя валасы, рот цвёрды, вочы колеру сталі, пранізлівыя. Вусны крывяцца, як дзве змейкі.
        – Ну што, верная жоначка? Што, нявестнік4? Ці ўдалася ж табе твая намова5? Ці паспяхова табе вялося маё дабро плюндраваць6?
        – Крадзенае яно, тваё дабро, – я адкідаю манашы капюшон: – А дзе някрадзена, то гэта юдавы грошы, цана прададзеных табою сяброў.
        Ён набліжаецца. Вараны топча верас, скошвае вочы і скаліцца, як д’ябал.
        – Ну што ж, – усміхаецца коннік. – Насмеліўся ты на жонку, на майно маё кусіціся7, то не скардзіся цяпер і на маю адправу8. Што выбіраць будзеш? Абешанне9, або тыдні два ва ўсніяным квасе10, каб шкура мацнейшая была, ці сляпымі вас у паток11?
        – Умёт ты, гразь, – адказваю я.
        Ён махае аршаку пальчаткай.
        – Спешыцца ўсім, – і ўскідвае галаву. – Ат чорт! Во нюх у заразы. І адкуль зведаў, куды скачам? Хітры чортаў ліс.
        Толькі праз нейкую хвіліну я чую далёкі спеў рагоў, які ўсё набліжаецца і набліжаецца. Пасля паміж чорных стаўбуроў-волатаў сям-там пачалі з’яўляцца водсветамі, а пазней усё мацней і мацней налівацца чырванню рухомыя, усё больш зыркія плямы.
        А пасля на паляну выехаў у суправаджэнні чатырох латнікаў з паходнямі ў левай руцэ (правая ва ўсіх ляжала ці на шыйцы гакаўніцы, ці на рукаяці шаблі) туга збіты, але не дужа высокі чалавек у простай, але вельмі, відаць, дарагой мясцовай чузе, жоўтых кабцях і файнавай, суконнай, шапачцы, аблямаванай тонкай палоскаю футра. І жазло кароткае ў руцэ, знак суддзі.
        Шапку зняў, рассыпаліся валасы, ледзь не па-сялянску падстрыжаныя “пад гаршчок”. Аблічча простае, хударлявае, хаця і шырокае ў выліцах і цвёрдых мускулах на шчоках, вочы пранізлівыя і крыху іранічныя.
        “Копны. Сам Станкевіч. Адзін з нешматлікіх непадкупных, адзін з тых, хто кожную справу да заслужанага і справядлівага канца даводзіць”.
        – Што ж гэта ты, княжа? Ты ж абяцаў. А тут кажуць: на ловы выехаў. Бачу я цяпер, якія гэта ловы. А ты ж абяцаў уцекінёраў не ганіці і не хапаці. Так бо, харошае тваё абяцанне, калі ў тваіх людзей на сёдлах ужы12 бачу. То што мне, цекачоў13 аж да самога Жыгімонта Трэцяга. Кроў шведская ды кроў Ягелонаў – ой як яны да сябе іншую кроў цягнуць. Проста як магнітам жалеза.
        – Ды мы й сапраўды на ловы, – не адводзячы вачэй, кажа князь. – На ловы, ды вось выпадкова на іх вылезлі. Відаць, заблыталі. То хаця да шляху давялі б. А з раніцы і ловы.
        – Самі на шлях выедуць. А вы вось лепей зараз нас выведзеце на тое месца, дзе табар перад ловамі разбіваць хацелі, начаваць, ды раніцай – з богам. Звяры ў яры, зубры ў яры. А адтуль, з месца табара, мы ўжо самі дарогу да замка знойдзем ды пачакаем вас, пакуль вы з палявання не вернецеся.
        – Ды нашто ж, найяснейшы? Калі вы завіталі ў маю сціплую камяніцу, то давайце або мы вас пакінем з намі ў табары, а раніцай разам у ловы…
        – Стаміўся я, ваша яснавяльможнасць. Адпачыць бы хацеў…
        – Або мы разам паедзем зараз у замак…
        – Ды нашто ж я псаваць буду вашу забаву. Вы нас толькі да табара, да начлегу праводзьце. Гэта ж і недалёка. Нейкія шэсць літоўскіх вёрстаў.
        – Польскіх гэта, лічы, дванаццаць, – буркнуў лоўчы.
        – Нічога, – сказаў Станкевіч, – час звыкнуць. І памятаць словы Вердума: “Mile podolskie, czyli ukrainskie, sa dwa razy tak wielkie, jak polskie, a im blizej Turcji, tym wieksza mila”14. Ну а там вы станеце біваком, а мы паедзем да замка… Вам трэба-такі развеяцца, бо з будучага тыдня і вам і мне прадбачыцца нешта нязвыклае і нас будуць чакаць не вельмі прыстойныя і прыемныя дні, – зірнуў на нас, пасля – на князя. – А гэтыя хай едуць, выберуцца. Я мяркую, няма чаго цаніць крышталёвы кубак, калі ён даў моцную трэшчыну ў дне. Дый не да сасудаў вам будзе.
        – А я і не збіраюся яго склейваць. Хай едуць.
        – Княжа, – ціхенька шапянуў лоўчы. – А завадныя коні, зменныя з грузам. Няўжо аддамо? Іх бы…
        – Хай забіраюць свае анучы, – кажа чуйны Станкевіч.
        – Дык там жа…
        – Змоўч, – шыпіць князь і моўчкі выцінае калючай шпорай лоўчага па назе. Цяпер шыпіць той. З болю.
        – Аконьвайцеся, чэрці, – бурчыць князь Вітаўт. – Я ўжо аконіўся.
        Пагоня ўзвіваецца ў сёдлы, пачынае знікаць між дрэў, рассейваецца між іх, знікаць. Меркнуць агні паходняў. Зніклі.
        Галава жанчыны падае мне на грудзі.
        – Божа, вечнай будзе слава твая, – кабета плача. – З пячы вогненнай, з пашчы львінай уратаваў ты нас.
        – Ну, Ганна… Ну, Сташка… Ну, Гардзіслава, – я гладжу яе валасы. – Цяпер усё, цяпер усё будзе добра.
        Але думкі мае не тут. Я думаю. Станкевіч адпусціў збеглую жонку князя. Ясна, не тыя часы, калі за пралюбадзейства каралі смерцю, хаця й такое сям-там яшчэ здараецца. І ўсім вядомая яго “сімпатыя” да князя Альшанскага. Ну і яшчэ: не ведаў, што пад плашчом я, Валюжыніч. А можа, ведаў? Шмат казалі пра яго, Станкевічаву, “любоў” да ўчынкаў караля Цыкмуна, хаця суддзя і памоўкваў. Ведаў. Напэўна ведаў. Таму і адпусціў. Не ведаў толькі, што ва ўюках на спінах завадных коней. Каб ведаў – сухімі не выйшлі б.
        А цяпер што? Цяпер напэўна ўратаваныя. Шэсць польскіх міляў, дванаццаць нашых. У цемры начнога лесу гэта гадзіны чатыры туды (без святла), ды праводзіны на шлях да замка, ды каб уздумалі ізноў ганіціся – яшчэ тры з гакам – чатыры гадзіны. Першыя тры гадзіны мы можам заблытваць сляды, яшчэ пяць гадзін чуйдух скакаць прэч з ягоных земляў. А там панясе нас рака ў адвечна вольны наш Нёман. Уратаваліся.
        Дык адкуль такое балючае, такое трывожнае адчуванне таго, што чакае нейкая немінучая, неакрэсленая пагроза, нейкая няўхільная бяда? Можа, варта было б вярнуцца і аддацца пад абарону суддзі, пад шчыт яго імя? Не, тады, можа, і засталіся б жывыя, але грошы тых, што ўзбунтаваліся, зброя, якую абяцалі тыя грошы, – нічога б гэтага не было. Памры, але аддай тым, каму яны меч, і жыццё, і магчымасць біцца.
        – Скачам. Чуйдух. Гардзіслава!
        Коні крыху адпачылі, і цяпер не трэба заганяць іх. Галіны хвошчуць па тварах, пушча гусцейшая і гусцейшая. І ў гэтым адна з надзей, хаця страшнае і падсвядома – невыразнае – чакае.
        …Цела на ўвесь свет. Ідуць па гульбішчы дама з чорным манахам.
        Ясна… Ясна… Я вар’яцею, вар’яцею… І не трапячу, як казаў нехта:
        
        Перад тварам кахання,
        Перад тварам вар’яцтва,
        Перад тварам смерці самой.
        
        …Ох, як баліць галава. Мае дзверы адчынены, і дзверы ў вартоўню Мультана адчынены, а за імі шэрая туманная раніца, мірыяды амаль нябачных кропелек вады, якія часам сутыкаюцца з нячутным звонам і звісаюць на жэрдках паркана, асядаюць на траве, заблытваюцца ў павуцінні і робяць яго вясёлкавым, калі ўзыдзе нясмелае сонца.
        – І што гэта такое? – бурчыць з вартоўні Мультан. – Стагнаў усю ноч, гаварыў нешта ў сне, нават зубамі скрыгатаў. Находзяцца вось так па сонцы цэлы дзень без шапкі, галаву напячэ, не ў час ядуць, накурацца, насмокчуцца гэтай суслы, вып’юць яшчэ гадасці нейкай.
        – Я не піў.
        – Ды я не супраць, каб піў. Я супраць, калі без мяне. Дык ідзі спаласніся, ды вяртайся бульбу смажаную есці, ды ступай па сваіх справах.
        …На рэчцы лёгкі туманец сцяліўся, крыху адарваўшыся ад вады. Запаўзаў пасмамі ў лазу і знікаў там. Я бабухнуўся ў яшчэ прахалодную ваду, вынырнуў і ўбачыў на процілеглым беразе Сташку. Відаць, ужо выкупалася, але ўсё адно стаяла з ручніком на плячы, сумная, стомленая і нібыта заспаная. І боль мой стаў лягчэй, бо цяпер балела не галава. І адчуваў я самае банальнае, ледзь не да слёз, замілаванне і самае банальнае пачуццё ў свеце. Каханне.
        І я зразумеў, што, вядома, буду маўчаць. І зразумеў адначасова, што на свеце нішто ўжо не здолее выдзерці гэта, вялікае, з маіх грудзей. Ніхто не дапаможа, ніхто не пазбавіць мяне ні ад яго, ні ад безнадзейнасці.
        Што мне заставалася рабіць. Перакінуцца парай нейкіх пустых слоў, а потым ляпнуць ні з пушчы ні з поля:
        – Давайце сёння ў клуб сходзім. Кіно, кажуць, новае.
        – Давайце, – згадзілася яна.
        І гэта звычайная згода, якая ні да чаго не абавязвала, пасяліла ўва мне такую беспрычынную радасць, што я не заўважыў ні Альшанскага, які пра нешта размаўляў з Лапатухам, ні Высоцкага, які перастрэў мяне ля самай плябаніі і працягнуў белы квадрацік складзенай тэлеграмы:
        – Вось, на пошце быў. Чаго, думаю, чалавеку дарэмна ў Альшаны швэндацца?
        – Дзякую вам, Ігнась Якаўлевіч.
        Ён пайшоў. А я некалькі разоў перачытваў надрукаванае, не ловячы аніякага сэнсу, аж пакуль не засяродзіўся. Тэлеграма была ад Шчукі: “Выязджай. Знайшоў шмат цікавага, знайшоў чалавека, які шмат ведае пра тую адправу ў трыццаць дзевятым. Андрэй”.
        Божа мой! Якое гэта ўсё было глупства ў параўнанні з тым, што перапаўняла мяне!
        
        
        Клуб, куды мы пайшлі вечарам, быў з тых клубаў, якія яны і дасюль бываюць у былых асобных калгасах, а цяперашніх “брыгадах”, “прыгарадах” цэнтральнай сядзібы. Там ледзь не паўсюль панастроілі ўжо новых, двух-, а то трохпавярховых будынкаў з глядзельнай залай, бібліятэкай-чытальняй, пакоямі для рэпетыцый і чорт яго ведае яшчэ з чым. А ў такіх, “прысёлках”, у чаканні лепшых часоў і лішніх грошай так і засталіся звычайныя, хіба што толькі па нейкай прычыне больш прасторныя хаты, у якіх раскашней.
        У Альшанцы такім “клубам” быў стары дом свяшчэнніка, крыху ў баку ад вёскі, на ўзгорку, побач з руінамі царквы, разбуранай у вайну прамым пападаннем бомбы. Досыць вялікая зала з будкай кінамеханіка і некалькімі міні-пакойчыкамі для грыміравання і рознага рэквізіту за сцэнай, на якую ў выпадку кінасеанса вешалі экран. І яшчэ пакой, крыху меншы, які служыў узімку і ў дождж фае і танцавальнай залай. Летняя танцпляцоўка была пад вялікімі папоўскімі ліпамі, на пустым пляцы, ля якога сям-там яшчэ дажывалі свой век каравыя і замшэлыя, даўно ўжо не пладзюшчыя ад старасці яблыні.
        Сюды нават электрычнасці не ўдасужыліся правесці, у чаканні ці новага філіяла-будынка, ці яшчэ чагосьці, і калі на ўзгорку пад вечар пачынаў тахкаць рухавічок – усім без усялякіх аб’яў было ясна, што ў клубе кіно, спектакль або танцы. Бо чуваць яго ў вячэрнім пацішэлым паветры было далёка, у самых ускраінных хатах.
        Шчыра кажучы, я не памятаю, ні які фільм ішоў, ні хто з публікі прысутнічаў. Адмеціла толькі чамусьці вока Генку Седуна ды сіямскіх блізнят, Шаблыку са Змагіцелем.
        Нехта бегаў па экране, гучалі стрэлы з пацалункамі і слязамі ў антрактах. Я, шчыра кажучы, і не глядзеў туды, а скоса глядзеў на танюткі ў паўзмроку профіль Сташкі і бласлаўляў бога, што наперадзе сядзеў нейкі бамбіза і я “вымушаны” быў, “каб нешта бачыць”, хіліцца ў бок Сташкі, дакранаючыся рукою яе рукі і, часам, датыкаючыся плячом яе пляча, хаця, вядома, з тым самым поспехам мог бы хіліцца да суседкі злева.
        Божа, якое гэта было шчасце, просты, нібы ненаўмысны, на імгенне, дотык. І божа, як я, вопытны і відалы чалавек, нагадваў зараз сабе самому таго натхнёнага, нясмелага і захопленага шчанюка, якім я быў даўно-даўно, калі гэтая, побач, была яшчэ дзіцем.
        І таму я не мог быць іншым. Таму мудрая натура так і распарадзілася.
        …Скончылася кіно. Моладзь засталася на танцы, сталыя, паглядзеўшы крыху, пайшлі бітай дарогай дамоў.
        – Застанемся? – спытаў я яе.
        Яна адмоўна пахітала галавою і павярнула мяне на сцежку, што вяла нацянькі, спачатку ўзгоркам, пасля маладымі зарасцямі ліпы, дубнячку і бяроз, пасля між вербаў, перавітых ліянамі ажыны, пасля ў нізінку-вымачыну, такую сабе дыхаючую на ладан паляну-балотца, а потым, праз невысокую граду, адразу да касцёла, замка і Белай Гары.
        Мы маўчалі. Я быў упэўнены, яна таксама думае пра тое, што ўзнікае паміж намі і што гэтаму нельга даваць волю.
        Зацёхкаў салавей у зарасцях, спачатку “пёк” сала, а пасля аж захлынаўся ад смакоцця і асалоды “тць-а, тць-а”, прыцмокваў.
        Яна парушыла маўчанне першая:
        – Якія ў вас смешныя выпадкі жыцця звязаны з кіно?
        – Ды вось… Ага, адзін прыйшоў у галаву. Як я адкрыў італьянскі неарэалізм. Адносіны да італьянскіх фільмаў у мяне пасля вайны былі… ну як да ўсіх, узятых “у якасці трафея пасля перамогі”… Можа, яны і не італьянскія былі, – я гаварыў гэта з палёгкай, бо вось урэшце знайшлі мы аб чым гаманіць, – але абавязкова тоўсты Джылі спявае нешта лакрычным голасам, ці графы з графінямі нешта там пакутуюць. Словам, перастаў я на іх хадзіць. І вось была ў мяне сустрэча важлівая якраз у час апошняй пары лекцый. А раз так, то я й дзвюма першымі вырашыў зманкіраваць. Дадому ісці – далёка і нязручна. Швэндаюся па вуліцах. Дай, думаю, у кіно схаджу. Афіша вісіць: “Усцін Малабазі”. Ну, думаю, грузінскае нешта, накшталт “Георгі Саакадзе”. Ну, на грузінскі можна схадзіць. Ды яшчэ калі гістарычны: у-га! Пайшоў! І тут надпіс на экране: “Італія”. Ледзь не плюнуў ды прэч не пайшоў. А потым назва: “У сцен Малапагі”. Адзін з першых неарэалістычных, якіх я, і насмяяўшыся і наплакаўшыся, слова нават гэтага яшчэ не ведаючы, пасля ніколі не прапускаў.
        Яна звонка засмяялася, ціхім і ласкавым смехам.
        – Так я і адкрыў… Стой! Стой, ані кроку!
        Мы былі якраз у самай катлавінцы. Месяц ці ўжо зусім збіўся на сход, ці, ветахам на апошнім дыханні, узыходзіў пазней, і ў мокрай нізіне было амаль зусім цёмна.
        Хіба ад слабых весніх зорак даходзіла нейкае падабенства святла. І ў гэтай цемрыве я хутчэй адчуў, чым убачыў, як аддзялілася ад стаўбура тоўстай чорнай вольхі не менш чорная постаць. Рушыла да нас.
        – Хто гэта? – як мага спакайней, спытаў я.
        Цень і надалей рухаўся моўчкі. Мала таго, справа ад цёмнай сцяны зарасцей аддзяліўся другі. Ісці далей было нельга. Я пакасіўся назад: яшчэ два цені адразалі нам паступова дарогу да клуба.
        Кідацца ў зарасці таксама было нельга: балота, хай сабе і неглыбокае, хай па калена ці па пояс – не ўцячэш, голымі рукамі возьмуць. Калі толькі яны – а наўрад – збіраліся абысціся голымі рукамі.
        Які ж я дурань. Як жа я мог страціць пільнасць? Не пайсці з людзьмі. Пайсці тут, ды яшчэ з дзяўчынай, ды яшчэ ведаючы пра ўвесь клубок таямніц, які звіўся ў гэтым гадзючым кубле.
        Яны набліжаліся ў цяжкім свінцовым маўчанні. Зараз кінуцца адразу чатырох, і тут ужо нішто не дапаможа.
        “Усё. Гэта канец”.
        І тут адзін з іх, той, што ззаду і злева, дапусціў нязначную памылку: кінуўся на некалькі імгненняў раней. Я зрабіў невялічкі скачок убок і рабрынай далоні секануў яго па тым месцы, дзе павінен быў знаходзіцца адамаў яблык.
        – Хлып! – пачулася ў цемрыве, і я зразумеў, што трапіў.
        І, адначасова, нібы сіла нейкая мною вадзіла, упаў як мага бліжэй да ног таго, другога, правага, які адразаў сцежку да клуба, і, імкліва перакаціўшыся некалькі разоў з боку на бок, лежачы яшчэ спінаю да ворага, які нагінаўся нада мною, сагнуў ногі і з сілаю выпрастаў іх, нібы стрэліў, проста таму ў прычыннае, або, як кажуць рускія, “неудобь сказуемое”, месца. Той выдыхнуў разам з паветрам прыдушаны енк, а я ўжо быў на нагах. Той склаўся ўдвая, а я ўжо схапіў Сташку за руку і штурхнуў яе на вольную ў гэта імгненне сцежку:
        – Сташка! Бяжы! Бяжы, калі ласка.
        Яна адбеглася на некалькі крокаў:
        – Не! Не!
        – Бяжы, так тваю!
        Гэта яе маруджанне каштавала мне таго, што трэці з нападнікаў паспеў адрэзаць мне дарогу да ўцёкаў, за Сташкай. А я скарыстаўся б ёю без фальшывага сораму. Такі няроўны напад – гэта ўжо занадта.
        Два корчыліся ад болю на пляцоўцы, толькі спрабуючы – адзін уздыхнуць, а другі выпрастацца. Але яшчэ два набліжаліся няўхільна, і я ўбачыў, як з рукава ў таго, хто адразаў мне шлях, вылецеў і срэбнай рыбкай бліснуў у руцэ нож.
        – Бя-жы!
        Але яна не ўцякала, а я нават не мог павараціцца, хаця адчуваў за спінаю, ужо блізка, сіплае дыханне другога.
        І тут Сташка раптам размахнулася, і нейкі цёмны прадмет праляцеў у паветры і ляснуў таго, другога, у патыліцу.
        – Каменем, гада!
        Чалавек з нажом ад нечаканасці павярнуўся ў бок той, што нападала, рука з нажом таксама падалася крыху ўбок, і тады я адным скачком пераадолеў адлегласць да яго і з ўсёй сілы нанёс яму ўдар у пераноссе, даслаўшы адначасова правы кулак проста яму пад лыжку.
        Я пераскочыў цераз яго – здалося мне ці не, што кепка ў яго на галаве была надзета казырком назад, – схапіў дзяўчыну за руку і даў такі клас бегу, што алімпійскі чэмпіён, паглядзеўшы на такое, запіў бы, прынамсі, на месяц.
        Толькі тут яна закрычала, нечакана моцным, адчайным голасам. Дый я, чуючы за сабою крокі чацвёртага, раптам загарлаў. На паляне нехта закрычаў нема, дзікім матам, не па-разумнаму.
        І нечакана з таго боку, куды мы беглі, адказаў нашым крыкам шматгалосы крык і тупат ног па сцежцы. Яшчэ праз хвіліну мы ўжо імчалі назад у атачэнні сама меней дзесяцёх чалавек.
        Свіст даляцеў з паляны, і калі мы вырваліся на яе, то ўжо толькі недзе далёка трашчалі пад нагамі плеці ажыны і лаўжы.
        Гнацца за імі было дурною справай. Яны відавочна ведалі нейкія больш плыткія сцежкі ў гэтым балоце.
        Выведзеных мною са строю яны, відавочна, з грэхам напалам, усё ж пацягнулі з сабою. І гэта было зразумела і страшнавата: значыцца, нават па аднаму можна было апазнаць увесь хаўрус.
        – Хто такія? – спытаў Шаблыка. – Пазнаў кагось?
        – Не, – я чамусьці не сказаў пра “лапатухінскі” спосаб нашэння кепкі. Мала хто мог яго ўжыць? Нашто з аднаго толькі падазрэння кідаць цень на чалавека. – Не пазнаў.
        І раптам выбухнула ўсё, што я стрымліваў у сабе:
        – З нажом. Хацеў купіць маё жыццё, сволач? А ты яго мне даў?.. Чым ты яго стукнула ў патыліцу, Сташка?
        – Пан... пантофляй... Ні-нічога больш не было...
        Вакол выбухнуў такі рогат, што я нават крыху спалохаўся. А яна раптам заплакала так, што ў мяне нешта як адарвалася ўсярэдзіне. І... упала галавою мне на грудзі. І гэта – я зразумеў – было нешта большае, чым проста словы палёгкі.
        – Як жа... Як жа гэта яны маглі?
        Што мне заставалася рабіць? Я проста гладзіў яе па галаве і казаў нейкія бязладныя словы, ад якіх яна хліпала яшчэ больш гаротна.
        – Ну, небарака... Ну, бедная мая, харошая... Ну кінь, кінь.
        – Ту-туфлем, – захлынаўся Змагіцель. – Ну, сволачы, дабяромся мы да вас, зальём мы вам гарачага сала з дзярмом за шкуру.
        – Змагіцель-урвіцель, – прабубнеў Шаблыка. – Добра, што хаця добра скончылася. Страшэнна гэта прыемна, калі ніхто не б’е вас доўбняй па галаве... асабліва калі другі раз... Вось пераканаецеся самі.
        Прыплёўся здорава задыханы Ганчаронак, і дзяўчаты з Белай Гары аж з віскам, без усякага ладу пачалі балбатаць пра здарэнне і яму.
        – Што? Уцяклі? – бязладна кідаў ён. – З нажамі? Вось быдла. Не можа быць! Ах, м-мярзотнікі.
        – Ва ўсякім разе, хаця і не ведаю, – сказаў Альшанскі. – Ва ўсякім разе, разбяромся.
        – І гэта ў нас, – божкаў Ганчаронак.
        Генка Сядун прыгладзіў свае цёмнахвалістыя валасы і раптам, не саромеючыся дзяўчат, сказаў:
        – У вас, у вас. Як мог бы сказаць адзін мой знаёмы акцёр (вечна ён лесуноў грае, ведзьмаў, словам, завуць яго “заслужаная баба-яга рэспублікі”), дык ён, пачуўшы пра гэтыя здарэнні тут у вас, сказаў бы:
        А што датычыцца маралі,
        То ў лесе на яе... начхалі...
        Я ўспомніў усе гэтыя пачварныя таямніцы, паперы, разварушаныя на маім стале, і нічога яму не сказаў.
        
        
        _______________
        1 За рэдкім выключэннем (чалавек быў “сцягам” нейкай апазіцыйнай групы ці руху) чалавека нельга было ў сярэдневяковай Беларусі замкнуць больш як на год і шэсць тыдняў. Езуітызм суддзяў часам выяўляўся ў тым, што пакараць смерцю па тых ці іншых прычынах нельга было, а год і паўтара месяца так званай горнай вязніцы было замала. Калі злосць была асабліва вялікай – садзілі ў вязніцу – яму ў дванаццаць локцяў ад акна, праз якое спускалі вязня, а пасля – скупую ежу. Голад, вільгаць, вечная цемра рабілі тое, што чалавек выходзіў адтуль праз год і шэсць тыдняў часцей за ўсё зламаны здароўем, часам звар’яцелы, а бывала – сляпы.
        2 Аршак – світа, атрад.
        3 Шаўковая візэрунчатая тканіна.
        4 Нявестнік – жаніх.
        5 Намова – падбухторванне.
        6 Плюндраваць – рабаваць, расцягваць.
        7 Кусіціся – квапіцца, рабіць замах, пасягаць.
        8 Адправа – прысуд і выкананне прысуду.
        9 Абешанне – павешанне.
        10 Усніе – шкура. Усніяны квас – дубільная кіслата.
        11 Паток – выгнанне.
        12 Ужа – вяроўка, канат, ліна.
        13 Цякач – ганец, вястун, скараход.
        14 Мілі падольскія, альбо ўкраінскія, у два разы даўжэйшыя за польскія, а чым бліжэй да Турцыі, тым большая міля (пол.).

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.