РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чорны замак Альшанскі
Частка першая. Грозныя цені начныя
Раздзел I. Візіт устрывожанага чалавека
Раздзел II. Пад’езд кавалераў
Раздзел III. Дамы, манахі і паршывы беларускі рамантызм
Раздзел IV. Пра жанчыну з мінулага, абеляў у адстаўцы і пра тое, як чытанне Евангелля не прынесла аніякай карысці, акрамя маральнай
Раздзел V. Чалавек знік
Раздзел VI. Кароткі. Аб сівым антыквару і «барыгу»
Раздзел VII. Што было сказана ў «Новым Тэстаменце» і якую таямніцу схаваў у «Апакаліпсісе» Іаан Багаслоў…
Раздзел VIII. Зноў гасне неба
Раздзел IX. Кладна. Дарога. Адрашэнне
Раздзел X. Ідылія ў кантрастах
Раздзел XI. Белая Гара
Раздзел XII. Пачатак пошукаў
Раздзел XIII. Нарада двух кавалераў, аднаго ўдаўца і аднаго жанатага
Раздзел XIV. Пра вар’ятаў і дробязі, якія не вартыя і выедзенага яйка
Раздзел XV. Пра новую хату, спраўджаныя сны і пра тое, як забіваюць чалавека і ці лёгка другому двухногаму зрабіць гэта
Частка другая. Катакомбы, змрок і агонь
Раздзел I. У якім ніхто з «трох мушкецёраў» амаль нічога не ведае, а той, хто ведае, не можа расказаць
Раздзел II. У якім я зашмат балбачу і, насупор логіцы, шкадую правакатара
Раздзел III. Перад вачыма кахання, вачыма вар’яцтва і смерці
Раздзел IV. Загадкі і адгадкі. Палкоўнік, лейб-медыкус і пракуратар
Раздзел V. У якім я амаль складваю лапы, падводжу вынікі паражэння, але своечасова ўспамінаю пра пэўную аптымістычную жабку
Раздзел VI. Дзе іхнія сляды, дзе твае сляды? Хто знойдзе іх, хто знойдзе цябе?
Раздзел VII
Раздзел VIII
Раздзел IX
Раздзел X
Раздзел XI
Эпілог
РАЗДЗЕЛ VII
ШТО БЫЛО СКАЗАНА Ў «НОВЫМ ТЭСТАМЕНЦЕ» І ЯКУЮ ТАЯМНІЦУ СХАВАЎ У «АПАКАЛІПСІСЕ» ІААН БАГАСЛОЎ…
        Працаваць я не мог. Бавіцца – таксама. Неадчэпныя думкі аб Мар’яне і ягоным нечаканым канцы мучылі мяне і ўдзень і ўначы. Заставалася адно: тупа і ўпарта сядзець над ягонай кнігай і думаць, думаць, думаць. Думаць без усякай надзеі да нечага дадумацца, без усякай змогі звесці канцы з канцамі. Адзінае, што было тут ненадрукаванае, гэта маргіналіі1 , каментарыі хуткапіссю. Часцей за ўсё містычнага характару, накшталт: “Збылося пры каранаванні” або “спраўдзілася ў вешчым сне такога і такога”.
        Мне ўжо даўно хацелася плявацца, і аднак…
        У той вечар я вырашыў зрабіць апошнюю спробу.
        Пад зялёным абажурам гарэла асабліва моцная лямпа. Святло біла мне ў вочы, і таму я апусціў каўпак яшчэ ніжэй, каб яно падала толькі на кнігу. Ці я выснажыўся за апошнія дні, ці так падзейнічала ціша, але я на хвіліну задрамаў і, мабыць, асунуўся ніжэй у крэсле. А калі расплюшчыў вочы, яшчэ замглёныя сном, убачыў на левай балонцы ледзь прыкметныя цёмныя кропкі. Узняў галаву – яны зніклі. Апусціў – зноў з’явіліся. І тады я зразумеў, што бачу не кропкі, а ледзь прыкметны “цень ад кропак”, ад нейкіх шурпатасцей паперы. Заплюшчыў вочы, правёў кончыкамі пальцаў і адчуў іх навобмацак. Я перагарнуў балонку і ўбачыў, што гэтым невідочным, мікраскапічным пукатасцям, якія і давалі падобны на россып парушынак цень, адпавядалі значна меншыя за шпілечную галоўку ўмяцінкі, зробленыя, можа, тупым канцом іголкі. Пазней я ўпэўніўся, што ў гэтым месцы яны яшчэ былі буйныя. Каб не шчаслівы збег абставін, каб не гэтае нізкае месцазнаходжанне крыніцы святла і маіх вычэй – я так бы нічога і не даведаўся. Але толькі гэта і было шанцаваннем. Далей прыйшла чарга на ўменне.
        Гэтыя націскі былі размешчаны без усялякай сістэмы. Я налічыў дзевяць такіх пад літарай А, дзесяць пад літарай С і г.д. Калі гэта і быў тайнопіс, то такі, якога не разгадаеш. Крыптаграма? Анаграма? А чорт яго ведаў, як называўся той спосаб у сярэднія вякі. Выскачыла мне з галавы тая назва. Ну, я вам тады растлумачу сутнасць. Патэнтнага бюро тады не было, бюро адкрыццяў таксама. Скажам, вучоны рабіў нейкае адкрыццё, але хацеў мець яшчэ крыху часу, каб яго праверыць. Але як зрабіць, каб не перахапіў нехта іншы, каб пасля можна было давесці свой прыярытэт? Тады ён зашыфроўваў вынаходніцтва.
        Яно, скажам, заключалася ў адным сказе: “У шэфа доўгі, чырвоны ад віна нос”. Няўдалы прыклад, бо тут давялося б шыфраваць зусім па іншай прычыне, не па навуковай, а па адміністрацыйнай, але няхай.
        І вось наш навуковец выпісваў адтуль, колькі разоў сустракаецца тая ці іншая літара, і запісваў гэта так: ў-1, о-3, р-1, ы-2, і-2, у-1, ф-1, н-3, в-2, с-1, ч-1, г-1, а-3, ш-1, э-1, д-2. Або: ўооорыыіі і г.д.
        Калі чалавек паміраў, таямніца аб шэфавым носе памірала разам з ім. Не ведаю, ці можа ў такім выпадку дапамагчы нават самая складаная электронная машына з безліччу перабраных і выпрабаваных варыянтаў.
        Той, хто адкрыў нешта, завяраў шыфроўку ў натарыуса, рассылаў іншым буйным вучоным і пасля спаў спакойна, ведаючы, што ніхто гэтага не разгадае, што ўчастак застаўся за ім.
        А ўрэшце быў факт, калі, здаецца, Галілей – я не астраном і таму, магчыма, расказваю вам легенду або ў нечым скажаю рэчаіснасць, але сутнасць гісторыі была прыблізна такая, і я пра гэта недзе чытаў – застрахаваўся такім чынам і, ледзь не Кеплер, не паленаваўся перабраць усе магчымыя варыянты і падстаноўкі літар і заявіў, што зашыфраваны сказ гучыць так: “Прывітанне вам, блізнюкі, Марса параджэнне!” А калі гэта так, то Галілей адкрыў спадарожнікі Марса. Было, праўда, некалькі лішніх літар, здаецца, тры, але тады і гэта назнарок рабілі, дзеля большай упэўненасці.
        Праз некаторы час Галілей усё праверыў і выступіў з паведамленнем, што змест ягонага адкрыцця, калі адкінуць шэсць лішніх літар, такі: “Высачайшую планету трайною назіраў”.
        Выявілася, што ён адкрыў кольцы Сатурна.
        Але я ніколі не быў Галілеем і ніколі не буду Кеплерам, дый чорт яго возьме цярплівасці на два гады падстановак і варыянтаў, каб пасля зведаць цікавы факт, што ў жонкі такога і такога ногі крывыя і валасатыя.
        Таму я падумаў, што ўмяцінкі могуць быць і на іншых аркушах і што я іх проста не заўважыў. Гэтыя я прыкмеціў на першай балонцы “Апакаліпсіса”, і, па логіцы думкі, можна было меркаваць, што і астатнія, калі яны ёсць, будуць зробленыя невядомым шыфравальшчыкам на першых балонках кожнай кнігі.
        Гадзіны дзве заняло прагляданне на святло, аж пакуль я не дабраўся да “Новага тэстаменту”. І тут я заўважыў…
        
        Я выпісваў літары. Нешта атрымлівалася.
        «Я есм перыв(Гэта значыць первы, першы – аўтар наблытаў, бо тэксту кнігі не хапала.)і опошні...»
        Мне карцела ўзяцца за “Апакаліпсіс”. Неяк падсвядома я меркаваў, што асноўная частка тайнопісу там, што мозг сярэдневяковага чалавека абавязкова павінен быў бы праводзіць нейкую паралель паміж сваёй таямніцай і таямнічасцю “Адкравення”, што ён павінен быў нібы спаборнічаць у незразумеласці з самім апосталам Іаанам. Але я стрымаўся і вырашыў сачыць слова за словам, аж пакуль не заяснее надзея.
        Вы ўжо ведаеце, што ў агульную вокладку былі пераплецены без усялякага парадку і без якой бы там ні было сістэмы кнігі зусім рознага зместу. Урэшце, я дабраўся да Статута 1588 года.
        
        Нашч…
        Я поўзаў па гэтых радках, літарах і націсках, слепячы вочы нізкім агнём пяцісотватнай лямпы.
        
        …атку разумному – нашчадку разумнаму.
        Я ўпаў у нейкую раз’юшанасць работай, у нейкі шалёны азарт. Усё ж гэта была шыфроўка пачатку ХVІІ стагоддзя. Яшчэ быў жывы Леў Сапега, яшчэ не нахлынулі шведы, яшчэ старажытная мова гучала, гучала на поўны рот й ва ўрадзе і ў судзе. І паступова на асобным аркушы ўзніклі выпісаныя мною словы:
        
        Ён назнарок не дзяліў сказа на словы, гэты шыфравальшчык. Але тут ён дапусціў адну ўласцівую ўсім людзям памылку: пісаў літары як найгусцей менавіта там, дзе словы дзяліліся. Я праверыў, дзе стаіць “ъ” пасля зычнай, і пераканаўся, што гэта так. І тады я стаў дзяліць сказ на словы і, адначасова, перакладаць яго. Шкодзіла тое, што невядомы аматар таямніц назнарок парушаў сучасную яму старабеларускую граматыку, каб цяжэй было здагадацца. А можа, недастаткова ведаў яе. Але ж зусім адступіць ад яе ён не мог. Ён заўсёды так ці йначай заставаўся ў яе палоне.
        Нашчадку разумнаму вяную (завяшчаю) медзь пасярэбраную. І кому медзь, таўчы В (тры) фунты (з) паловаю. Чарговасць (такая): карэнчыкі лацне (зручна) пачатак схавалі, медзь укрыла астанняе (астатняе).
        Не дужа гэта было зразумела, але нейкі сэнс намячаўся. Што ж, далей, давай далей.
        ...аче каженикъ галавою кепъ ни украдзеш (нрзбрл.) бязецна загамую бо клюкою розумны складзи змю лсвцаю дымам складзи канонъ вшыткае вакол меди каб меци занехаеш (нрзбрл.) за завораю.
        Каб ты дзе згарэў бы са сваёю шыфроўкаю, халера! Але нічога не зробіш, папаўзеш далей, хаця вучоныя нашы так і не ўдасужыліся за сто год даследаванняў зрабіць адносна поўны слоўнік старабеларускай мовы (слоўнічкі ў канцы некаторых гістарычных прац у лік не ўваходзяць, дый каштуюць няшмат).
        аче (калі) каженикъ (скапец) галавою, кепъ.
        Чамусьці мне прыйшло ў галаву венгерскае кер, і зусім не прыйшло да галавы, што й па-польску дурань – кіер. Ото я й выявіўся – кепъ.
        “Калі скапец галавою, дурань, (то) не ўкрадзеш (нрзбрл) подла. Загамую (затрымаю), бо клюкою (тут не хапала слова, але можна было ўявіць, што “клюкою”, ключом хітрасці або розуму). Разумны, (то) складзі змяёю, лесвіцаю, дымам…” Дымам? Пры чым тут дым?!
        “Канонъ (то бок пярэдадне, а можа, у значэнні спачатку) вшыткае (усё цэлае, усё да канца) вакол медзі, занехаеш (не звернеш увагі, выпусціш з увагі (нрзбрл) за завораю (за завалаю)”.
        Пасля я паспрабаваў перакласці ўсё гэта на сучасную чалавечую мову. Атрымалася, за выключэннем цёмных месц, так:
        “Я, першы і апошні, нашчадку разумнаму завяшчаю медзь пасярэбраную. Іншаму, медзь таўчы, у тры фунты (з) паловаю. Чарговасць такая: карэньчыкі зручна пачатак схавалі, (а) медзь укрыла астатняе. Калі (ты) скапец галавою, дурань, (то) не ўкрадзеш (нрзбрл) подла. Затрымаю (бо) цябе ключом (хітрасці?). (Калі) разумны, (то) складзі змяёю, лесвіцаю, дымам… Складзі спачатку ўсё цэлае вакол медзі. Не звернеш увагі (нрзбрл, можа – “застанецца”?) за завалаю…”
        Калі я запісаў апошнюю літару – мяне аж у пот кінула. І нельга сказаць, каб сэнс гэтага запісу стаў больш ясны пасля перакладу. Як і раней, я не ведаў, у чым тут справа, што да чаго і як.
        Я падрыхтаваў сабе вады з варэннем, кінуў туды некалькі кубікаў лёду, узрэзаў свежы пачак цыгарэт, скінуў туфлі і заваліўся на тахту, пакурваючы і прысёрбваючы ваду, бо ў мяне ад гэтых дурацкіх лінгвістычных практыкаванняў глотку нібы наждаком прадзерлі.
        Чорт яго ведае, нешта такое, схаванае пад карэннямі, – яно спачатку.
        А тое, што потым, нехта схаваў пад меддзю, халера на тую медзь і на тое дрэва з карэннямі. І калі ты не дурань, то гэтае нешта, гэтую медзь, гэтыя карэнні або тое, што схавана пад імі, абкруці змяёю і дымам вакол яшчэ нейкай медзі, каб нешта не засталося за завалаю… Ну, а як абкруціш, то што будзе? Другое прышэсце? Булён з бобам? Дуля з макам пад нос?
        Я ўстаў, падышоў да акна і прыпаў лобам да халоднай шыбы. Стаяла ўжо ноч. У чорнай люстры шкла адбіваўся мой твар, агеньчык лямпы, а праз усё гэта праступаў непрытульны гарадскі краявід з апошнімі агнямі ў вокнах і з чорным асфальтам, па якім навыперадкі скакалі расхвастаныя, раздзертыя ветрам вадаспады дажджу.
        Быў на мяжы таго, каб кінуць усё гэта. Больш ва ўсёй кнізе не было паметак, і бог яго ведае, што схаваў пад сваім тайнопісам той даўні чалавек, па костачках якога прагрукатала ўжо некалькі стагоддзяў.
        “Кіну”, – вырашыў я.
        Але ў той жа момант я ўявіў, як далёка за мяжой горада, на новых могілках, дзе нават і дрэў яшчэ няма, а толькі пруткі выбіваюцца з халоднага глею, ляжыць у гэтай самай ледзяной персці тое, што было калісьці Мар’янам, лепшым, адзіным, можа, апошнім маім сапраўдным сябрам на гэтай клятай зямлі. Ён завяшчаў мне гэтую таямніцу, ён непакоіўся, ён, магчыма, загінуў з-за яе. Бо хоць вы мяне расстраляйце, а я не верыў, што ўсё тлумачыцца так проста: завалам сэрца і падзеннем у ваду. Я не верыў. У мяне было першабытнае, жывёльнае прадчуванне, як у сабакі, што ўсё гэта не так, і калі слядоў не знойдзена, калі нішто не ўкрадзена, калі ніхто невінаваты з дапытаных да гэтага часу – гэта не азначае, што іх няма, што новых слядоў не будзе. Урэшце, я проста быў абавязаны перад ягонай памяццю.
        І таму я зноў закурыў, сціснуў палаючую галаву халоднымі рукамі і, сабраўшы ўсю сваю напятую, сцюдзёную рашучасць, паспрабаваў засяродзіцца, сканцэнтраваць усю сваю ўвагу толькі на адным.
        “Медзь… змяя… дым… Пры чым тут, да д’ябла, дым?.. Медзь напісана там, як мед… А мо гэта не “медзь”, а “мёд”? Лухта сабачая лезе ў галаву, шаноўны сябар Косміч, лухта і трызненне сівой кабылы! Таму што які асёл будзе хаваць нешта там у мёд? Хіба забітага на вайне знатнага чалавека залівалі ў труне мёдам, каб давезці цэлым да радавой магільні ці да бальзаміроўшчыка? Але ўявіце сабе чалавека, які расшыфраваў, шукаў, забіў на гэта палову жыцця і ўсё толькі дзеля таго, каб адшукаць труп. Гэта, прабачце, гумар шыбеніка. Дый потым, што можна намотваць вакол мёду? Не, ясна ж, што гэтае нешта трэба матляць вакол нейкага меднага прадмета. А нашто?.. Не, з гэтага канца нічога не выходзіць… Карэнні скрылі пачатак. Дрэва з карэннямі… Стоп! А чаму дрэва? Пра дрэва нідзе не сказана!.. І ўрэшце існуюць на свеце амонімы… Так… Ну, ну… Карэньчык можа быць не толькі ў дрэва… Карэньчыкі могуць быць тытунёвыя… Карэньчык можа быць… у… кнігі. У кнігі, чорт пабірай! У кнігі!”
        Я кінуўся да стала, дзе ляжала кніга. Я не мог пачакаць, не мог абдумваць усё гэта далей. Таму што яшчэ аднаго расчаравання я не вынес бы. Я страшэнна баяўся і адначасова нібы загадзя – і цвёрда – ведаў, што не памыляюся. Бо я быў ідыёт, які нават не здагадаўся, што лепш за ўсё можна замаскаваць рэч на вачах ва ўсіх.
        Карэньчык шчыльна прылягаў да аркушаў, але не быў прашыты ніткамі, і гэта мяне крыху супакоіла. Я ўзяў жалезную лінейку і пачаў асцярожна прасоўваць яе за карэньчык. Лінейка ўваходзіла дужа павольна і з ціхім патрэскваннем: аддзіраўся клей. І гэта было так, нібыта сталёвы ланцэт з патрэскваннем рэзаў маю ўласную плоць. Ну так, гэта было варварства, ясна, але я не мог болей чакаць. І я не рэзаў па кнізе, а проста адсоўваў гэтую рудую скуру, хай сабе і аддзіраючы прыклеенае. Пасля склею зноў. Грунтоўна і старанна.
        Ён, урэшце, адстаў. Я зірнуў у прасвет і заўважыў, што там нібы нешта жаўцее. Дзе пінцэтам, а дзе і пальцамі я цягнуў, варушыў і паступова выцягнуў гэтае жоўтае…
        …І амаль крыкнуў, уражаны, калі на стол перада мною лягла, урэшце, складзеная ўдвая стужка пергаменту. Доўгая стужка, на якой былі раскіданы літары, напісаныя старажытным, чорным і парудзелым атрамантам. Інкаўстам, як называлі яго продкі ў тыя часы.
        Я тут жа змераў пергамент. Даўжынёю ён быў, як разгорнеш, у 63 сантыметры, шырынёю – у 49 міліметраў. Літары былі раскіданы, як ім хацелася, але нават там, дзе яны складалі радок (заўсёды пад пэўным вуглом да палоскі), – я нічога не мог зразумець. А між тым гэта не магло быць адвольнай камбінацыяй знакаў, бо суседнія радкі гучалі так:
        ZІN РЯЪ ХМНВ FІNІS.
        Прынамсі, адно слова Finis было зразумелае. І слова тое было лацінскае. І азначала яно “канец”. Але варта было перайсці да суседніх кавалкаў, напісаных родненькай нашай кірыліцай, і адразу выходзіла лухта накшталт такога:
        
        Скажыце, вы чулі калі-небудзь пра слова, якое пачынаецца з цвёрдага знака, або пра цвёрды знак, які выгодна размяшчаўся пасля галоснай? Я – не.
        І я чытаў, і ўсё гэта гучала, як у звар’яцелага рабіна, што чытае беларускую кнігу на яўрэйскі манер, з канца.
        А чорт! А чаму і сапраўды не ўявіць, што гэта напісана “з канца”, наадварот. Скажам, метадам, які тады лічыўся дасканалай шыфроўкай, а цяпер перайшоў у карыстанне дзяцей, калі яны гуляюць у таемныя суполкі.
        Тады першай літары алфавіта павінна адпавядаць апошняя.
        А – гэта я, а я – гэта а.
        Гм, вось і адпаведныя кавалкі “яа”. І яшчэ “яа”. І яшчэ. Значыць, гэта “ая”. Падобна на тое, што канчаткі прыметнікаў жаночага роду, тыпу “тоўстая”, “дурная”. Ну што ж, у гэтым нешта ёсць. Цалкам магчыма, што гэта і ёсць дзіцячыя хітрыкі “літарэі”, калі алфавіт дзялілі напалам, першую палову пісалі злева направа, а другую справа налева, пад ёю, і пасля замянялі літару з верхняга радка літарай з ніжняга і наадварот.
        Што ж, паспрабуем і мы.
        Колькі ж гэта ў яго было літар у старабеларускім алфавіце? Ну, у часы Кірылы Тураўскага было сорак дзве. Але нават ужо ў той час амаль не ўжывалася літара – дзерв. А ўжо да ХVІ стагоддзя і пагатоў.
        Шыфравальшчык наўрад ці ўжываў яшчэ й такія знакі, як юсы простыя і ётаваныя. Выкраслім і іх. Літары “от”, “ксі”, “псі” не былі ў пашане ў старажытных беларусаў, асабліва ў мірскіх дакументах. Продкі вызначаліся рацыяналістычнасцю і схільнасцю спрашчаць непатрэбна складаныя рэчы. Што ім было ў аўтаматычна перанесеных з грэчаскага алфавіта знаках? Падумаеш – “ксі” ў слове “Аляксандр”? Можна і дзвюма літарамі напісаць.
        Я доўга думаў над тым, ці ўжываў мой чалавек такія літары, як “зяло”, “і дзесяцірычнае”, “фіта”, “яць” і г.д. І вырашыў, што не ўжываў. Замест іх цалкам можна ўжыць звычайныя з і ф. А яму трэба было як мага спрасціць сваю справу.
        Такім чынам, складзены мною “алфавіт шыфравальшчыка” набліжаўся да сучаснага беларускага алфавіта, з тым выключэннем, што ў ім не было літар э (яе ў той час увогуле не было) і, вядома, ў. Бо кірылаўскі алфавіт яе не ўжываў, і мы нават не ведалі б, ці існаваў такі гук у нашай тагачаснай фанетыцы, каб не ўскосныя меркаванні і каб не беларускія кнігі, што пісаныя арабскім шрыфтам, які мае і дз, і мяккае ць, і шмат іншых рэчаў такога роду.
        Затое, па роздуме, я ўключыў у алфавіт літару ш (шта), досыць распаўсюджаную ў тагачасных тэкстах. Такім чынам, у мяне атрымалася трыццаць літ ар, або два рады па пятнаццаць.
        На адным баку былі такія літары (я, вядома, даю сучаснае іх напісанне, а не вычварнае тагачаснае).
        
        І больш нічога да самага канца ўсёй шасцідзесяцітрохсантыметровай паласы. Я падставіў літары.
        ЯК ЛА ТІ Н
        “Як латін…” Нешта складалася. Але чаму толькі гэта? Напісаў, пасля раздумаў і перагарнуў стужку? Можа быць.
        Першая літара на адвароце щ. Гэта значыць е. “Як латіне”.І тут добра. Пя значыць ра. Што ж яны ра? Пако етнас? Глупства, пане дабрадзею. Але вось дзесяты радок хмнв Finis падыходзіць – куть Finis. “Як латіне ракуць Finis”. Што ж, гэта чалавек яшчэ й тут шыфраваў? Пісаў першы радок, дзесяты, дваццаты, а пасля запаўняў прамежкі іншымі радкамі? Але дваццатым радком было нейкае дурацкае ані ы б. Гэта я малпячай сваёй часткай падумаў расшыфраваць усё з налёту.
        Калі я пераклаў літарэю на звычайную нармальную чалавечую мову, на палосе з’явілася такое.
        Першая палова стужкі:
        
        Другая палова стужкі:
        
        Пытанне першае: чаму пісаў наўскос? Пытанне другое: чаму пергамент увесь носіць сляды колішняй змятасці і, сям-там, плямы ад клею? Пытанне трэцяе: якім метадам запісу карыстаўся той чалавек?
        Вось слова “капь”, старая мера вагі. Яна паўтараецца. Ясна, што гэтыя радкі павінны быць побач, бо хутчэй за ўсё тут пералічваецца нешта. Але паміж словамі капь зта і капь срла не дзесяць, а адзінаццаць радкоў. Не, гэта зноў не тое. Ты зноў ледзь не ўдарыўся па лёгкай дарозе. Зноў. І таму зноў пакарай сябе цяжкай працай, чалавеча.
        Думай, хлопец! Як бы ні здавалася, што сэнс лёгкі, – думай. Думай! Варушы мазгамі. Чаму палоса змятая? Чаму наўскос? Чаму плямы клею, белыя кавалкі, чаму не змяты менавіта той канец, на якім тыя, адзіныя на ўвесь другі бок, літары?..
        У кніжным шыфры ёсць словы: “…складзі змяёю, лесвіцаю, дымам… Складзі спачатку ўсё цэлае вакол медзі”.
        І тут мяне як стукнула. Я ўспомніў адзін сярэднявечны беларускі спосаб дасылання таемных лістоў. Два военачальнікі, дыпламаты або змоўшчыкі загадзя рабілі сабе два прадметы аднолькавай формы. Кожны меў пры сабе адзін з іх. Калі трэба было даслаць данясенне, адзін з іх наматваў на свой прадмет палосу паперы, даўжыня і шырыня якой былі загадзя абумоўленыя. Пасля тэкст пісалі ўздоўж гэтага прадмета. Потым палосу разматвалі. На раскручанай стужцы нічога нельга было зразумець, бо словы, часткі слоў, нават літары былі цяпер у самых розных яе канцах. Той, хто атрымоўваў данясенне, накручваў яго на свой прадмет пад загадзя агавораным вуглом… і чытаў… Ганец не ведаў зместу. Выпадкова трапіўшы ў рукі ворага, ён нічога не мог выдаць. Усе, нават злосныя непрыяцелі, ведалі гэта, і рабілася такое не з недаверу да ганца, а проста каб чалавека не мучылі дарэмна.
        Пакуль што ўсё сыходзілася. І змятасць. І рады, пісаныя “наўскос”. І плямы клею, бо ім для зручнасці, каб не раскручвалася падчас пісання, замацоўвалі стужку. І нават тое, што некалькі літар было на адным баку, а ўсё астатняе на другім. Відаць, прадмет быў складанай формы і шыфравальшчык перакруціў палосу, каб яна зручней абвілася вакол нейкага выступу. Паспрабуйце, сапраўды, навіць вакол чагосьці непаслухмяны пергамент! Гэта вам не пакорлівая папера.
        Усё сыходзілася, усё было, акрамя… акрамя таго, што я не меў і ніколі не мог мець – прадмета, на які тая стужка навівалася тры з паловай сотні год назад.
        Адзін разумны нашчадак меў частку чагосьці важлівага, тое, што “скрылі карэнні”. Але ён не ведаў, у руках якога другога разумнага нашчадка знаходзілася “медзь”, тое, на што трэба матляць, не ведаў яе формы. А значыць, усе мае намаганні пайшлі “на псы”.
        …Чаму “на псы”? Думай, хлопец, думай! Справа, вядома, будзе дужа цяжкая, калі той “прадмет”, скажам, меў форму двух конусаў, складзеных асновамі. Дужа цяжкай, але і тут магчыма. Ды толькі наўрад ці карысталіся яны прадметам такой складанай формы… Часцей за ўсё палоса пергаменту ці паперы матлялася на жазло пэўнай даўжыні… А што такое жазло?.. Гэта той самы кій… А што такое кій? Кій – гэта, калі вызначаць прыбліжана, той самы цыліндр, хай сабе складанай канфігурацыі, дзе таўсцейшы, а дзе і танейшы. Калі гэта так, то чаму не вырашыць задачу, якая здавалася нязмерна цяжкай мазгам звычайнага сярэдневяковага чалавека (“наш, просты сярэдневяковы чалавек”) і якую зараз можа вырашыць нават вучань дзевятага класа, калі ў яго, вядома, на плячах галава, а не кавун.
        Я пішу ўздоўж прадмета. Палоса можа навівацца на гэты прадмет пад любым вуглом. Вугал між карацейшай адлегласцю па нармалі (шырыня палосы), аднесеныя да даўжыні радка ёсць косінус вугла намоткі. Змераў даўжыню радка пад вуглом. Яна – 58 міліметраў. А шырыня самой палосы – 49 міліметраў.
        49\58 = 0,82
        Ну вось, гэта пайшло ўжо крыху цікавей. Дзе гэта мая лагарыфмічная лінейка? Я ж не карыстаўся ёю з часоў раскопу ў Гарадзішчы і звязанай з гэтым гісторыі. Чорт пабірай, гэта мог дадумацца толькі бацька: падсунуў яе пад насценны прайгравальнік, каб не драпаў фарбы.
        Ну, 0,82 бяром у квадрат. Атрымоўваецца, што матлялі пад вуглом у 200. На жаль, прадмет, здаецца, і сапраўды быў складанай канфігурацыі. Мяркуючы па змятасцях, крыху таўсцейшы на абодвух канцах і ўсярэдзіне. Але гэта нічога. Дзе вугал іншы – адпаведна і разлічым. Дый, нягледзячы на патаўшчэнні, шаг (вугал намоткі) будзе адзін, павінен быць адзін. Проста ў такіх месцах пергамент будзе заламвацца, заходзіць пад наступны віток або напаўзаць на яго, і, значыцца, вугал амаль не зменіцца, а проста застануцца на стужцы белыя, незапоўненыя літарамі месцы. Што мы й бачым у нашым выпадку.
        Цяпер іншае. Цяпер больш складанае. Як вылічыць дыяметр рэчы, на якую трэба матаць усё гэта? Трэба знайсці хаця б адзін радок, які супадае. Скажам, напісана:
        / ма / ма /
        І тады разгарнуць стужку і змераць адлегласці паміж складамі, замерыць яе.
        
        А гэта штука роўная ?D.
        Пашукаем такі радок. Ёсць такія радкі. Вось па сэнсу бадай такое: “етнас… цю моею… о маю то ма”. “(Шт)., о маю, то ма… етнас… шо моею”. Або – капь срла. Малайчына, што пералічваў, разумнік, што даў мне гэты ключ! Ты й не думаў, што даеш мне не вядомае табе ?D. Ты не меў і зялёнага паняцця, што адсюль, D дыяметр рэчы, на якую ты матаў сваю таямніцу, роўны змеранай адлегласці між радкамі, што супадаюць. Роўнай гэтай адлегласці, падзеленай на 3,14. Галавастыя людзі твайго семнаццатага стагоддзя таксама ведалі гэта, але ведалі крыху іначай – як-то яны гэта ведалі? – ага, яны, наколькі мне памятаецца, ведалі гэта, прынамсі на Беларусі, як 22\7. Што ж, і гэта хлеб, амаль тое самае з разыходжаннем у чацвёртым знаку. Але ты наўрад ці вадзіў знаёмства з галавастымі людзьмі. Галавастыя людзі, яны непакояць, таму вы іх не любіце, стараецеся не паважаць, і гэта галоўная ваша памылка ўва ўсе часы, шаноўныя панове-магнаты. Таямніца твая нават для галавастых тваёй эпохі ляжала на паверхні.
        Вось яна, твая таямніца. Тваё “жазло” было дыяметрам у два сантыметры з двума-трыма міліметрамі. Дыяметр патаўшчэнняў па канцах даходзіў да чатырох сантыметраў, патаўшчэнне на сярэдзіне – да трох (што б то магла быць за рэч? Але гэтага я пэўна ніколі не даведаюся, дый малаважна!).
        Усе гэтыя патаўшчэнні, вельмі шаноўны, практычна можна адкінуць. Вось так! Дарэмна задурваў сабе галаву.
        …Я пайшоў на кухню і пачаў шукаць сярод свайго прычындалля нейкі прадмет дыяметрам у два сантыметры.
        І знайшоў. Чапёлка, якой бяруць з агню патэльні, была акурат два сантыметры два міліметры дыяметрам, хоць кранцыркулем мерай.
        Што ж, цяпер падрыхтуем тры-чатыры дакладныя копіі з паперы, каб пергамент застаўся непарушны, каб не падзерці яго, каб не пэцкаць клеем. Проста перавядзём праз капірку – і не алоўкам, а канцом запалкі – усе гэтыя літары. Гатова. Ну вось, а далей бяром, хлопец, цыліндр вылічанага дыяметра, чапёлку і, пад вылічаным вуглом, накручваем на яго паперу, чытаючы тэкст.
        Я мучыўся з гэтым доўга. Прыклейваў і прымінаў тыя месцы, дзе былі белыя плямы, і зноў мераў вугал намоткі, і вёў-вёў далей, аж да пасінення.
        Зроблена.
        Я прыклеіў канец, пачакаў, пакуль клей падсохне, і пачаў чытаць уздоўж прадмета, нібы кукурузу грыз. Толькі што вачыма:
        
        І далей:
        
        Пры далейшым павароце цыліндра выявілася наступнае.
        
        Тут яму не хапала месца, але, гледзячы па тым, што апошнія словы былі лаянкай “лайно (гной, памёт, адкіды), псіно”, – чалавек, які запісваў гэта, аж задыхаўся ад ярасці, аж гарэў ад жадання дадаць яшчэ нешта. І таму ён загарнуў палосу і напісаў на месцах, дзе было не запісана яшчэ некалькі слоў:
        
        Калі запісаць па-чалавечы, то тэкст гэты гучаў так.
        «Якь латіне ракуть Finis ані судъ ані падсудакъ ані паконъ не взыщуть і што маю, то матнасцю моею буде і што не володевъ, а падскарбі нажывъ.
        А шукаті ту кгмахъ кутні ложніца ключавая пуста. А друга от куту там глыбе контрафекту окрут ступъ плінфай бо заклавъ бі клет ніжні ложа дубаснае ложніца камена і тымъ па жываце заволаныхъ ні дачакаціса за завораю еда бог струбе клетъ врхні павкапь зта капь срла каменію не мал сыкгн скоец ман універсалы грам якмсці а кустодъ кальваріе зрецелна а невісно бо Z і N пад камараю овай.
        Пачынь кмотръ а кмотра жона лайно псіно з вопю і людожртм до сурм ала агела агні довеку АМАНЪ».

        Нельга было сказаць, каб і гэта было так ужо зразумела. Але тут хаця можна было скласці слоўнічак і падставіць пад незразумелыя словы сучасны сэнс. І я пачаў лазіць па ўсіх выпісках, па ўсіх сваіх картатэках, па слоўнічках у “Гісторыі кнігі”, у Карскага, у іншых кнігах.
        Паконъ – закон. Кгмахъ – гмах. Ложніца – спальня. Контрафект – малюнак, вобраз. Окрут – карабель. Плінфа – старажытная вельмі пляскатая цэгла. Дубасны – з яловай кары. Заваланыхъ – закліканых. Завора – завала, засаўка. Еда – мабыць, егда – хіба, няўжо, інакш. Павкапь, капь – два і чатыры пуды. Скоецъ – манета. Кустодъ – вартаўнік. Невісно, нявісны – гэта архаічнае сляпы, невідушчы. Значыць, і тут нешта “слепа”, “нябачна”, а можа, і проста “не знойдзеш”. Кмотръ – кум. Лайно – ну, гэта слова з лексікона Зізанія і азначае нечыстоты, адкіды, гной, памёт. Калваріе – месца кары, лобнае месца, галгофа, могільнік (ад лацінскага calva – чэрап).
        А што такое людожртм? Мабыць, “людажэрствам”. Хітрыў, зараза, цітлы не ў належных словах ставіў, не там, дзе трэба.
        Падставім цяпер тое, што зразумела. Перакладзем.
        “Як лаціняне кажуць: Finis (канец)! Ані суд, ані падсудак (чыноўнік, або пісар земскага павятовага суда), ані закон не ўзышчуць, і што маю, то маетнасцю (маёмасцю) маёю будзе, і (тое), што не валадзеў, а падскарбім (дзяржаўным казначэем) нажыў.
        А шукаць тут гмах кутні, спальня ключавая, пустая. А трэцяя, ад куту2 , там, глыбей малюнка карабля, восем ступ цэглаю, бо заклаў (абы?) клець (паверх ніжні), ложа з яловай кары, спальня каменная, і тым пасля жыцця закліканых за завалаю не дачакацца, хіба (што) Бог устр(у)бе (уструбіць). Паверх верхні – паўкаць золата, каць срэбра, камення не (об)мал(ь) (нямала), сыкгнеты, макеты (ускрыты?), універсалы (я)го к(аралеў)скае м(о)сці, а вартаўнік лобнага месца відаць, а не знойдзеш, бо Z i N (?) пад хамараю (?) гэтай.
        Спачні, кум і кумава жонка, гной сабачы, з лямантам і людажэрствам да сурмаў анёла (і ў) д’яблавым агні давеку”.
        Такі прыблізна быў сэнс гэтага страшнаватага ў чымсьці дакумента. Але што такое “хамара” і што такое “Z i N”?
        Хамара. Слова гучала не па-славянску, хаця і нагадвала наша “камора”. Падобна на старажытнаяўрэйскае? Ці арабскае? Ці грэчаскае? Але ў першых дзвюх мовах я разбіраўся, як… А трэцюю ледзь ведаў. І, аднак, палез у слоўнік. І, дурням шанцуе, знайшоў.
        
        Што азначае “скляпенне”:
        Але што такое Z i N? Што гэта мне нагадвае? Хімічную формулу? Але адкуль у тыя часы хімія і яе формулы? Алхімія – гэта так. То што гэта, што?.. Алхімія… Алхімічны знак?
        Я пачаў пакутліва ўспамінаць усё, яшчэ не забытае мною, з тых часоў, калі вывучаў вядзьмарскія працэсы, алхімічныя знакі. – золата або сонца. А як беларускі алхімік абазначаў рэторту? Ага, . А спірытус?.. Т-так... – нягашаная вапна.
        Што ж такое Z i N?
        І тут раптам нібы ўсплыло нешта з самага дна памяці. Ну, так, так. Z i N – знак замазвання. Знак, які ставілі, калі нейкае рэчыва замазвалі на , на гадавы або і большы тэрмін.
        І, значыць, сказ гэты трэба было чытаць прыблізна так:
        “…вартаўнік лобнага месца. Відаць, а не знойдзеш, бо замазана пад скляпеннем гэтым”.
        Сэнс быў малазразумелы – аўтар пагарджаў усякай граматыкай, нават склонамі, але ад гэтага не менш страшны. А можна было, іначай расставіўшы знакі прыпынку, зразумець усё гэта і так:
        “Лобнае месца відочнае, а не знойдзеш, бо замазана пад скляпеннем гэтым”.
        Але нават пры такім, усё яшчэ цьмяным, хаця і больш зразумелым, прачытанні было ў гэтым запісе нешта трывожнае, нешта страшэнна змрочнае, падступна-вытанчанае і гнюснае. Я скураю адчуваў гэта. І ведаў, што цяпер я не кіну гэтай загадкі, які ні быў бы адказ.
        Загадкі, схаванай пад нейкім невядомым скляпеннем. Загадку, якую я павінен быў вырашыць у памяць майго сябра, была яна прычынай яго смерці або не была.
        
        
        _______________
        1 Маргіналіі – паметкі на палях.
        2 На пергаменце – “друга от куту”. (Заўв.рэд.)

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.