РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чорны замак Альшанскі
Частка першая. Грозныя цені начныя
Раздзел I. Візіт устрывожанага чалавека
Раздзел II. Пад’езд кавалераў
Раздзел III. Дамы, манахі і паршывы беларускі рамантызм
Раздзел IV. Пра жанчыну з мінулага, абеляў у адстаўцы і пра тое, як чытанне Евангелля не прынесла аніякай карысці, акрамя маральнай
Раздзел V. Чалавек знік
Раздзел VI. Кароткі. Аб сівым антыквару і «барыгу»
Раздзел VII. Што было сказана ў «Новым Тэстаменце» і якую таямніцу схаваў у «Апакаліпсісе» Іаан Багаслоў…
Раздзел VIII. Зноў гасне неба
Раздзел IX. Кладна. Дарога. Адрашэнне
Раздзел X. Ідылія ў кантрастах
Раздзел XI. Белая Гара
Раздзел XII. Пачатак пошукаў
Раздзел XIII. Нарада двух кавалераў, аднаго ўдаўца і аднаго жанатага
Раздзел XIV. Пра вар’ятаў і дробязі, якія не вартыя і выедзенага яйка
Раздзел XV. Пра новую хату, спраўджаныя сны і пра тое, як забіваюць чалавека і ці лёгка другому двухногаму зрабіць гэта
Частка другая. Катакомбы, змрок і агонь
Раздзел I. У якім ніхто з «трох мушкецёраў» амаль нічога не ведае, а той, хто ведае, не можа расказаць
Раздзел II. У якім я зашмат балбачу і, насупор логіцы, шкадую правакатара
Раздзел III. Перад вачыма кахання, вачыма вар’яцтва і смерці
Раздзел IV. Загадкі і адгадкі. Палкоўнік, лейб-медыкус і пракуратар
Раздзел V. У якім я амаль складваю лапы, падводжу вынікі паражэння, але своечасова ўспамінаю пра пэўную аптымістычную жабку
Раздзел VI. Дзе іхнія сляды, дзе твае сляды? Хто знойдзе іх, хто знойдзе цябе?
Раздзел VII
Раздзел VIII
Раздзел IX
Раздзел X
Раздзел XI
Эпілог
РАЗДЗЕЛ XIII
НАРАДА ДВУХ КАВАЛЕРАЎ, АДНАГО ЎДАЎЦА І АДНАГО ЖАНАТАГА
        Раніцай я пазваніў у Кладна Максіму Смыцкаму, аднаму з лепшых, калі не лепшаму, знаўцу горада і гісторыі яго і наваколля. І, на шчасце, застаў яго дома.
        – Слухай, Максіме, ты гісторыю з Альшанскім замкам чуў?
        – Дружа, ты мяне за дзіця лічыш. Хутка пасадзіш за парту і прымусіш вучыць...
        – Што?
        – Ну, “сам сабе катлетку смажыў і запэцкаўся ў сажу” або “ў Мані верны быў баран, сабаку вярнейшым не быць: куды б дзяўчынка ні пайшла – баран за ёй бяжыць”.
        – Угм. Ты яшчэ ўспомні “Anna und Marta baden”1. Замак у Альшанах бурыць хацелі...
        – Хто?.. Ах, сек тваю векі... Хто?!
        – Гэтага сказаць не магу. Слова даў. Абяцалі не расцягваць. То вось ты як “ахова помнікаў культуры” пра гэта помні і пры выпадку настраш. Дошку новую павесьце.
        – Ах, чорт! І яшчэ легенда за ім такая прыгожая. Халлера!
        – Магчыма, яна і мае пад сабою нейкі грунт.
        – Які?
        – А ты пра бунт Валюжыніча чуў? І пасланне біскупа Кладзенскага?
        – “В лесу родилась елочка”.
        Ён быў вельмі падобны да Мар’яна. Гумар у нас амаль ва ўсіх адзін: гумар эпохі і яе манера жартаваць. І ўсё ж ён быў не тое, не тое. Хаця і энцыклапедыя на дзвюх нагах.
        І тут мне нешта цюкнула ў галаву.
        – Максіме, што ты знаеш аб расстраляных у апошні дзень немцамі ў Кладна?
        – Ёсць такі помнік. Стэла, праўдзівей. Толькі тут іх палову нібыта расстралялі. Частку далей, пад Беластокам. І невядома, каго дзе. Расстраляныя былі палякі і беларусы. Ва ўсякім разе, і там і там адэкватныя і двухмоўныя стэлы.
        – Тэкст памятаеш?
        – Памятаю, але лепей, дзеля вернасці, па картатэцы.
        Хвіліна паўзы.
        – Ёсць, слухай, – і далей тэкст.
        
        Tu spoczywaj? zwtoki
        22 bojownik?w Ruchi Oporu,
        zamordowanych przez hitlerowc?w
        w dzie? 17.VII.1944

        
        І далей пералік прозвішчаў:
        
        A.Ob?ocki z Krakowa.
        P.Romski… . . . .

        Яшчэ прозвішчы і пасля, як апошняе пацвярджэнне:
        I.Stankiewicz z Olszan.
        W.Wysocki z K?adna
        oraz 17 os?b nieznanych.
        Cze?? ich pami?ci.

        
        І ніжэй па-беларуску:
        
        Тут спачываюць астанкі
        22 байцоў Руху Супраціўлення,
        замардаваных гітлераўцамі
        ў дзень 17.VII.1944 года
        . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
        А.Аблоцкі з Кракава.
        П.Ромскі... . . . .
        . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
        І.Станкевіч з Альшан.
        В.Высоцкі з Кладна,
        а таксама семнаццаць чалавек невядомых.
        Вечная слава памяці герояў.

        
        – Дзякуй, Максіме. Да сустрэчы. – Я павесіў трубку.
        Чаму мне стукнула ў галаву спытацца пра гэта? У гісторыі гэтай усё было загадкай, і таму даводзілася прыглядацца да ўсіх. Што азначаў чалавек пад вокнамі? Выпадак у музеі? Усыпленне сабак? Забойства (так, я падсвядома ведаў, што то было забойства, і нават жадаў гэтага, іначай гэта была б занадта дурная смерць)? Запіска, напісаная маёй рукой? Дзіўныя і дзікаватыя людзі ў Альшанцы (а я ўмудрыўся праверыць: ніхто з іх ужо два месяцы не быў у нашым з Мар’янам горадзе)? Урэшце, уся гэтая гісторыя са старой легендай, і дзіўная яе сувязь з сучаснасцю, і дзіўны паварот старой казкі. Ды і ўвогуле, куды мог падзецца такі чалавек, як Валюжыніч? Хаця. Мог жа Кучум пасля апошняга разгрому пагнаць каня, і сляды яго, як кажа вялікі гісторык, “загубіліся ў цемры гісторыі”. І гісторыя гэта – мая гісторыя, а не тая – дужа паскудная, дужа шмат у чым страшная гісторыя.
        Вельмі мне не хацелася ісці да Хілінскага, але трэба было. Можа, даведаўся чаго ад Шчукі? Але я цягнуў і цягнуў. Выйшаў да “Святога Герарда”, купіў цыгарэт, на гэты раз “Шыпка” была, а “БТ” толькі адзін блок. І за гэта дзякуй добраму чалавеку, што прыберажэ.
        – І надоўга, таварыш Косміч?
        – Ды не, дні на два, а там зноў...
        – Усё шукаеце? – пытае ён.
        – Шукаю.
        – Бывае, што і знаходзіце?
        – Бывае, што й знаходжу... Часцей за ўсё знаходжу... Тут лобам і азадкам трэба мур прабіваць. – Я цягну візіт да Адама як магу. – Дурная справа няхітрая.
        – Угм. Тады ў гэтым горадзе тры чвэрці такіх, “няхітрых”.
        Я ўсё ж іду на галгофу. І калі Адам адчыняе мне дзверы, мяне, як у лоб чакухай. Той, што па абуху сякеры б’юць, калі яна завязне ў пні.
        ...сядзяць за сталом і чаёк папіваюць палкоўнік Шчука і Росцік Грыбок. Мяне ад гэтай ідыліі ўдарыла, нібы аб мур. І адначасова зноў узнік жах. Праўдзівей, ён жыў увесь час. Жах перад той запіскай. Перад уласным почыркам. Шчыра кажучы, ні да таго, ні пасля я, у самых складаных абставінах, не баяўся. Але адна справа забіць на вайне, у вулічнай бойцы з вулічным дзярмом, у стане афекту. І зусім іншая справа, калі вашывыя грошы ўстаюць паміж табой і другам, калі чалавек за спадчыну забівае адзінага друга. Так подла выбавіўшы яго з дому.
        Толькі тады, калі людзі – усе – зразумеюць гэта, толькі тады прыйдзе справядлівасць. Да гэтага яе марна чакаць.
        – Што гэта ў вас гаворка і шумна, нібы ў лазні?
        – Гулка, – нечакана сказаў Грыбок, – як у лазні або ў залі для наведвальнікаў у 9-й клініцы.
        – А што, і там пабываў? – спытаў я.
        – Пабываў. Але там ляжаць – гэта прабач мне, божа...
        І праўда, куды ён туды, такі Грыбішча? Дурное меркаванне.
        – Я ўсюль пабываў, – сказаў Росцік.
        – Ну на Паўночным полюсе не быў, – сказаў я.
        – Досыць вам, – раптам адрэзаў Шчука. – Вы што, не бачыце, што ён нежывы ад прадчуванняў? Гэта ўжо ў нас, мясцовых дурняў, звычка дасціпнічаць ледзь не пад сякерай.
        – Праўда, – прызнаўся я. – Часам страшэнна баліць галава. Праявы нейкія дзіўныя ў сне.
        – Ператаміўся ты, хлопец, адпачні, паспі, паплавай, закахайся, – сказаў Шчука. – Кінуў бы ты гэтую справу. Выедзенага яйка яна не варта. Падумай, што тут да чаго. Дзе плес, а дзе лес? Дзе пасцель, а дзе касцел? А каб заспакоіцца – скажу: почырк не твой, Антось. Экспертыза графалагічная. Амаль не адрозніш, але не твой. Папера – твая.
        У мяне закруцілася ў галаве. Яна за апошні час так трашчала, што я баяўся, а раптам гэта я ў забыцці чагосьці нарабіў. Таму на апошнія словы я не адрэагаваў.
        – Хто ў дом хадзіў? – сказаў Шчука. – Хто ведае почырк?
        – Ну-у, бацька... цётка... Вы... Ну, суседзі... Мар’ян... Зрэдку калегі па працы.
        – Адпадаюць.
        – Ну, на жанчын не падумаеш, – раптам сказаў Хілінскі, – дый была яна адна. І зараз яе няма.
        Я ўдзячны быў яму, што не даў мне назваць імя Зоі. Апошняя гэта справа мужыку каціць бочкі на жанчыну, якая была з ім.
        – Добра, – сказаў Шчука. – Гэта, напэўна, не звязана з усімі падзеямі, твая старая байка. Дарэчы, вазьмі кнігу і – вось тут на кальку зроблена некалькі копій... Арыгінал пакінем у сябе. А што ў цябе новага?
        Я коратка расказаў.
        – Вось гэта ўжо цікава, – сказаў Шчука. – І галоўнае, мы самі не ведаем пра расстраляных, хто, за што і як. Калі нешта цікавае даведаешся – гавары вось з ім, – кіўнуў на Адама. – А сам сваёй справай займайся.
        Эге ж, так я і магу заняцца толькі сваёй справай.
        – А пра таго Высоцкага, што ў трыццаць дзевятым павесілі, – цягнуў далей Шчука, – то я памятаю той працэс. Адзін з найбольш шумлівых. І сапраўды, казалі – падкладка палітычная. А больш нічога не ведаем. Архіў згарэў.
        Я зноў наліў сабе вады і выпіў.
        – Чаго ты п’еш, як з пахмелу? – спытаў Хілінскі.
        – Нешта смага апошні час мучыць. І ў галаве дзіўны туман... Ну, а як наконт тых, расстраляных? А наконт тых, што забілі ў Кладна?
        – Кажу табе, – сказаў Шчука, – архівы згарэлі. Архіў суда – згарэў. Пра Варшаву і казаць няма чаго. І кладзенскі архіў гестапа таксама невядома дзе. Згарэў? Ці не схавалі толькі самі немцы. Вывезці не паспелі. Занадта хутка нашы ішлі.
        – Лічы, – умяшаўся Росцік, – 26 чэрвеня Віцебск, 27-га – Орша, 28-га – Магілёў, 3 ліпеня – Мінск, напярэдадні – Вілейку. Бачыш, як абкруцілі, абклалі. Тваіх кладзенскіх расстралялі 17-га. Ну, а Кладна мы ўзялі 18 ліпеня. І значыць, маглі не паспець тыя вывезці архіў і нарабаванае ведамствам Розенберга.
        – А што ты рабіў, што быў скандал у Альшанцы? – Хілінскі круціў у руках адну з істужак.
        – Замак фатаграфаваў, – змрочна сказаў я. – Выдам пасля плёнку японцам.
        – Прыціснуць табе калісьці твой доўгі язык, – буркнуў Грыбок.
        – Не прыціснуць, – сказаў палкоўнік. – Таму з ім і дзелімся. Таму і размова з ім ідзе тут, а не там... Нягледзячы на некаторых.
        – Стужка гэтая не палімпсест2, – раптам сказаў Хілінскі. – Выскаблівалі пергамент па нейкай другой прычыне.
        – Маскіравалі нешта? – спытаў Грыбок.
        – Хто ведае? І думаю, што, можа, клей, якім прымацоўвалася стужка да прадмета, – пахмура сказаў Хілінскі. – Толькі што гэта за прадмет? Дзе яго знайсці? – І дадаў, гледзячы на тое, як я зноў п’ю ваду: – Усё ж думай і ты, Антось. Замест рэбуса.
        – Я той рэбус ужо і без прадмета разгадаў. Мяркую, правільна.
        – Схіляюся да тваёй думкі, Антось, што тут ёсць нешта, – сказаў Адам. – Наўрад ці чалавек не зашыфроўваў бы нешта не важлівае. Але... не лезь занадта ў справы Андрэя і унь... Росціка. Твая справа – гісторыя. Твая справа – вось гэта. А ты яму часам падай толькі тое, што палічыш як патрэбнае... І яны табе патрэбнае скажуць... Што цябе тычыцца. Дапамогуць. Але дапаможаш пасільна і ты.
        І ён з націскам сказаў:
        – Калі вырашаць за патрэбнае заняцца справай.
        – Смерць майго Мар’яна – і не палічыць за патрэбнае?..
        – Бо гаварыць пра свае справы з іншымі, – перабіў ён мяне, – яны не любяць. А часам проста не маюць права. І ты іх не вінаваць. Не лезь да іх, а яны – да цябе. Калі нешта сур’ёзнае здарыцца – разбяруцца самі.
        Я быў ледзь не ў ярасці, хаця й халоднай. Не лічыць за сур’ёзнае – такое?
        – Не лезь ты ў бутэльку, – сказаў Шчука. – Калі гэта было забойства – рана ці позна яго раскапаюць.
        – Хто гэта раскапае?
        – Мы.
        – Што ж, памагай бог, – суха сказаў я.
        Хілінскі выйшаў мяне праводзіць. Стоячы на гэтай занюханай пляцоўцы, размаўлялі.
        – Слухай, што гэта абазначае, тваё В?
        – Тры, – сказаў я.
        – Гм. Ну добра. І вось што, паспытай, хто такі Боўбель. Банды якога ў вайну і пасля вайны каля Альшан хадзілі.
        – Што, так важна?
        – Шчука лічыць.
        – Тады можна.
        – Лухта нейкая атрымоўваецца з гэтай палосай, – сказаў ён. – Акрамя вось тут: “Слуцкай брамы” і слова “смага”.
        – Чаму так?
        – Не ведаю... Ну а як, рыбка там у вас ловіцца?
        – Не ведаю, – у тон яму адказаў я.
        – Спытай, калі ловіцца, можа, й я да цябе пад’еду. А што яшчэ рабіць пенсіянеру?
        – Ведаеш, пенсіянер, – сказаў я. – Каціся ты да такой матары...
        – Качуся, – усміхнуўся ён і зачыніў дзверы.
        
        
        _______________
        1 Ганна і Марта купаюцца (ням.) – Заўв. рэд.
        2 Пергамент, на якім адзін тэкст выскаблены, а паўзверх яго напісаны другі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.