РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чорны замак Альшанскі
Частка першая. Грозныя цені начныя
Раздзел I. Візіт устрывожанага чалавека
Раздзел II. Пад’езд кавалераў
Раздзел III. Дамы, манахі і паршывы беларускі рамантызм
Раздзел IV. Пра жанчыну з мінулага, абеляў у адстаўцы і пра тое, як чытанне Евангелля не прынесла аніякай карысці, акрамя маральнай
Раздзел V. Чалавек знік
Раздзел VI. Кароткі. Аб сівым антыквару і «барыгу»
Раздзел VII. Што было сказана ў «Новым Тэстаменце» і якую таямніцу схаваў у «Апакаліпсісе» Іаан Багаслоў…
Раздзел VIII. Зноў гасне неба
Раздзел IX. Кладна. Дарога. Адрашэнне
Раздзел X. Ідылія ў кантрастах
Раздзел XI. Белая Гара
Раздзел XII. Пачатак пошукаў
Раздзел XIII. Нарада двух кавалераў, аднаго ўдаўца і аднаго жанатага
Раздзел XIV. Пра вар’ятаў і дробязі, якія не вартыя і выедзенага яйка
Раздзел XV. Пра новую хату, спраўджаныя сны і пра тое, як забіваюць чалавека і ці лёгка другому двухногаму зрабіць гэта
Частка другая. Катакомбы, змрок і агонь
Раздзел I. У якім ніхто з «трох мушкецёраў» амаль нічога не ведае, а той, хто ведае, не можа расказаць
Раздзел II. У якім я зашмат балбачу і, насупор логіцы, шкадую правакатара
Раздзел III. Перад вачыма кахання, вачыма вар’яцтва і смерці
Раздзел IV. Загадкі і адгадкі. Палкоўнік, лейб-медыкус і пракуратар
Раздзел V. У якім я амаль складваю лапы, падводжу вынікі паражэння, але своечасова ўспамінаю пра пэўную аптымістычную жабку
Раздзел VI. Дзе іхнія сляды, дзе твае сляды? Хто знойдзе іх, хто знойдзе цябе?
Раздзел VII
Раздзел VIII
Раздзел IX
Раздзел X
Раздзел XI
Эпілог
РАЗДЗЕЛ VII
        

        РАЗДЗЕЛ VII
        Пра жыццёвую неабходнасць грунтоўнага вывучэння
        стараславянскай граматыкі і алфавіта,
        пра без пяці хвілін дактароў навук,
        якія таксама бываюць асламі,
        і адну дапамогу, якая прыйшла непапраўна позна

        
        Мы сядзелі з Хілінскім на беразе става, там, дзе ўпадала ў яго Альшанка. Вельмі шырокі ў гэтым месцы стаў сям-там парыў, стаялі над ім маленькія і рэдкія слупы туману, ледзь падсвечаныя нованароджаным сонцам.
        Вудзілі. Праўдзівей, вудзіў адзін ён, хаця не часта, але падсякаючы то плотку, то невялікага галаўня. Ужо дзесяткі з два такіх сноўдалі ў яго вядзерцы, часам без дай прычыны пачынаючы ліхаманкава, як па камандзе, брохаць.
        – Усё ясна, – сказаў ён, выслухаўшы мяне. – І ясна, што Лапатуха павінен быў загінуць пасля лекарскага заключэння Лыганоўскага. Нехта збаяўся таго, што да чалавека вернецца псіхічная раўнавага.
        – З тых, што прысутнічалі?
        – Чаму? Кожны з іх мог расказаць пра гэта камусьці са сваякоў ці знаёмых.
        – Лыганоўскі такі з’ехаў.
        – Ну так. Сказаў: “Калі кожнае маё слова на гэтай цудоўнай і высокамаральнай старонцы будзе весці да такіх вынікаў, дык я знікаю, і няхай яны тут жывуць па сваіх норавах і звычаях. Мне да іх цяпер, што Кутузаву да Англіі”.
        – А што было Кутузаву да Англіі?
        – Ну, калі мы надта ўжо насіліся і панькаліся з новай саюзніцай, дык ён сказаў “пфуй” і імператару і такой палітыцы і дадаў нешта ў сэнсе: “А по мне так хоть сейчас же провались этот остров – я бы и не охнул”.
        – Т-та-ак, гуманнасцю тут фельдмаршал не вызначыўся.
        – І ўсё ж я нікога не бачу з прысутных там, хто мог бы такое ўчыніць, каго мінулае звязвала б з гэтым няшчасцем.
        – Мы яшчэ вельмі мала знаем. І таму не можам прадбачыць і прадухіліць учынкі гэтага або иншых.
        І ты маеш рацыю: маглі камусьці і расказаць.
        – “Прадухіліць”. А тут праз гэтае няведанне гінуць і гінуць людзі. Вы не загінулі ўчора толькі дзівам.
        – Думаеш, штучны абвал?
        – А як жа. Упаў кавалак муру там, дзе ламалі. І тут да сатрасення далучылася сіла, прыкладзеная да пліт.
        Шмаргануў. На гэты раз акунька.
        – Кінь, – нечакана папрасіў ён. – Кінь. Не твая гэта справа. І гэта пачынае рабіцца вельмі небяспечным. У наступны раз для цябе гэта можа не скончыцца так удала. А тут яшчэ твой нервовы стан. Кожны можа сказаць, што справай займаўся псіх. Даверу не будзе.
        — І няхай не будзе. – Ува мне раптам прачнуўся гумар шыбеніка, чаго я ад сябе аніяк не чакаў. – Тут столькі разумных, што абавязкова патрэбен хаця адзін вар’ят. Калі не Лапатуха, то няхай ужо буду я.
        — Ну-ну. Вар’яты часам павінны выказваць парадоксы. І ерэтычныя меркаванні. Нават замахвацца на аўтарытэты. Асабліва калі да гэтага грашылі перадавымі поглядамі.
        — Ну так. Звышчалавечая пагарда да лаянкі і ўхваленняў... І куды ж гэта я ўваліўся, куды трапіў? І ў якую ж банду бандзюкоў могуць завесці чалавека перадавыя погляды? А многія ж лічаць свае погляды перадавымі. А ў каго сумленне атрафіраванае – тыя ўсе сябе ў перадавых лічаць. Вынаходзяць газы, атам, прэнг, шавінізм, гістарычныя ўчынкі, эшафоты. І вучаць тае маралі, толькі калі ведаюць, што на яе махнулі рукой... Адкрываюць, адкрываюць тое, да чаго нікому няма справы. А вот звычайнага сродку ад зубоў, ад галаўнога болю ды, урэшце, ад радыкуліту, калі ў чалавека азадак баліць... Чалавецтва крыкам ад гэтага крычыць, а ім слабо. Яны корпаюцца ў глаголіцах...
        – Ну-ну. Ты даеш. Проста пурытанскі...
        Ды раптам так і ўтаропіўся ў мяне.
        – Ты што, марскога змея ўбачыў?
        Ён, відаць, нават занепакоіўся, бо я нібы скарчанеў, утаропіўшыся ў адзін пункт.
        Мая вуда паспяхова сплыла б на сярэдзіну става, каб ён не перахапіў яе.
        – Ну вось. Вось і ў цябе. Ды глядзі, як павёў асцярожна... А, чорт! Ды што ўрэшце з табою?
        Але тут я пачаў калаціцца ад смеху. Спачатку ціхага, а пасля зусім ужо нясцерпнага і нястрымнага.
        – Ды што з табой, хлопча? Сапраўды ты з глузду з’ехаў, ці што?
        – Ідыёт! Ідыёт!
        – Згодзен, але чаму?
        – Я сказаў... ой... пра глаголіцу.
        – Не ты першы.
        – І толькі тут мне стукнула ў галаву... Мы шукалі пад трэцяй вежай.
        – Правільна. «ВЕДЗЕ» трэцяя літара, што ў кірылічным алфавіце, што ў глагалічным.
        – Так. І ў глагалічным... ах-ха-ха!.. «АЗЪ», А – першая літара і мае пад цітлам значэнне адзін, «БУКЫ», Б мае значэнне – два, а «ВЕДЗЕ», В мае значэнне – тры... Ой, трымайце мяне! І нас ледзь не засыпала і не забіла пад трэцяй вежай.
        – Та-ак. Не бачу нічога смешнага. Своеасаблівы гумар.
        – Справа ў тым, што і «АЗ, БУКЫ, ВЕДЗЕ» – сапраўды адзін, два і тры. Так у глаголіцы. Але ў кірыліцы – не мае лічбавага значэння. І ніколі не мела, як Ж, як дзвервь (ђ), як Ш, Щ, Ю і іншыя. Не мела.
        – Як-як?
        – А вось так. І, значыць, S ступ уніз, гэта азначе 6, а не восем ступ уніз. Б і Ж не мелі ў старажытнай Беларусі лічбавага значэння. А – першая вежа, Б – ніякая, разумееш ты, ніякая. А В – гэта другая вежа ад кутняй. І, значыць, памыліліся не толькі мы, але і тыя, што хацелі нас засыпаць. Яны нічога не ведалі, яны толькі сачылі за намі. А ўсё, што мы... ох... яно пад другой вежай.
        Я знямог ад смеху, зусім знясіліўся:
        – А божа мой! Ёлуп! Ёлупень! Асёл раменныя вушы.
        – Нічога, асёл на чатырох нагах дый то спатыкаецца.
        – Ну досыць. Я больш не дазволю гэтаму аслу спатыкаца. Мулам мне зрабіцца, калі гэта не так.
        З гэтага моманту я цвёрда вырашыў, што ніхто, нішто і ніколі ў аслы мяне не запіша. Гісторыя калісьці пакажа, так гэта ўсё здарылася ці не так.
        Яшчэ толькі адно. Пакуль мы дайшлі да месца, дзе нам трэба было разыходзіцца, я перадаў Хілінскаму
        ўсе свае меркаванні па гэтай справе. Няхай перадае далей каму захоча. Я не хацеў далей рызыкаваць. Ці мала што магло здарыцца са мною ў гэтым ідыёцкім кутку?
        Ён слухаў уважліва, а потым, нічога не каменціруючы, сказаў толькі нейкім нібы безуважным голасам:
        – Падобна на тое, – і дадаў пасля паўзы: – І вось яшчэ што. Гэта табе пажытак для разважанняў. “БТ” ніколі, з самага заснавання ларка, кіяскёру не адпускалі.
        Што мне было да “БТ” і да гэтага небаракі? Мяне ўразіла іншае.
        – Дык, значыць, пошукі ідуць? Іх не кінулі?
        – Ат, – адмахнуўся ён, – нічога я не ведаю. Шчука неяк абмовіўся. Я думаў, гэта табе будзе цікава...
        Калі не – прабач.
        Праз дзень ціхі наш прыстанак ператварыўся ў стоўпатварэнне вавілонскае. Сноўдалі паміж Альшанамі і Альшанкай розныя машыны і розныя людзі. Прыязджалі нават з Кладзенскага і са сталічнага музеяў. Завіхаліся вакол руіны, фатаграфавалі, абмервалі.
        Мяне гэта не датычылася. Я зрабіў сваё і на гэты раз спадзяваўся, што без памылкі.
        Я проста рабіў тое, што і дагэтуль. Разам з хлопцамі са школы, Шаблыкам і Змагіцелем, разам з археолагамі (дзе прыбыль, там памагатых гібель) выносіў смецце і друз. На гэты раз з другой вежы.
        Гэта частка яе, частка замураванай некалі брамы, абвалілася ў той дзень, выклікаўшы абвал і над намі.
        Тыя, прыезджыя, накшталт славутых гогалеўскіх пацукоў, “панюхалі ды і пайшлі прэч”. Прашу ў іх прабачэння. Усе тыя дні я, нібы прадчуваючы нешта нядобрае, прабываў у самым дрэнным настроі. Хацелася раўці і кідацца на людзей. Баюся, што нават вочы ў мяне наліліся крывёю, як у бычка.
        Прыходзілі і адыходзілі мясцовыя. Часам на ўзгорку людзі збіраліся нават у маленькія паасобныя купкі, дзе ажыўленыя, а дзе і змрочныя. Нібы нейкі дух неспакою і трывогі павіснуў над Альшанкай.
        – Ну што, наклёўваецца нешта? – спытаў Нічыпар Альшанскі.
        Стаяў ён наводдаль разам з Вячоркам, Высоцкім і Ганчаронкам.
        І хаця, адгробшы чарговую порцыю рознай парахні, на глыбіні шасці ступ ад “мацерыка”, мы сапраўды толькі што знайшлі выбіты на камені контур карабля, я адказаў унікліва:
        – А чорт яго ведае. Тут такая галаваломка, што нельга быць пэўным ні ў чым... Можа, нешта і знойдзецца, а хутчэй за ўсё, не.
        Я не хацеў рассыпаць амаль завершанага ўзору ў сваім калейдаскопе.
        Магчыма, я памыляўся, але я не хацеў сапсаваць справы аніводным неабдуманым учынкам, аніводным неасцярожным словам.
        Да вечара мы расчысцілі амаль усю пляцоўку. Я ўжо нават прыблізна бачыў, дзе пліты на падлозе драбнейшыя. Там можна было дапусціць існаванне замураванага лаза. Таму я спецыяльна не даў рабіць хлопцам раскопку да канца.
        – Досыць на сягоння. Заўтра з раніцы зоймемся зноў.
        Яны бурчалі. Азарт ёсць азарт, асабліва калі справа падыходзіць да канца.
        – Нічога, нічога. Пакіньце крыху прыемнага чакання і на заўтра.
        — Прыемнага, – досыць здзекліва сказала Сташка. – Нічога там прыемнага не будзе. Проста хочацца
        хутчэй дакапацца.
        Я пазмрачнеў:
        — Калі нават я маю рацыю, то адзін дзень нічога ўжо не дасць і нічога ўжо не зменіць. Калі нават
        здагадкі правільныя. Таму што людзі, мы, у гэтым выпадку спазніліся з дапамогай. На добрыя тры з паловай стагоддзі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.