РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чорны замак Альшанскі
Частка першая. Грозныя цені начныя
Раздзел I. Візіт устрывожанага чалавека
Раздзел II. Пад’езд кавалераў
Раздзел III. Дамы, манахі і паршывы беларускі рамантызм
Раздзел IV. Пра жанчыну з мінулага, абеляў у адстаўцы і пра тое, як чытанне Евангелля не прынесла аніякай карысці, акрамя маральнай
Раздзел V. Чалавек знік
Раздзел VI. Кароткі. Аб сівым антыквару і «барыгу»
Раздзел VII. Што было сказана ў «Новым Тэстаменце» і якую таямніцу схаваў у «Апакаліпсісе» Іаан Багаслоў…
Раздзел VIII. Зноў гасне неба
Раздзел IX. Кладна. Дарога. Адрашэнне
Раздзел X. Ідылія ў кантрастах
Раздзел XI. Белая Гара
Раздзел XII. Пачатак пошукаў
Раздзел XIII. Нарада двух кавалераў, аднаго ўдаўца і аднаго жанатага
Раздзел XIV. Пра вар’ятаў і дробязі, якія не вартыя і выедзенага яйка
Раздзел XV. Пра новую хату, спраўджаныя сны і пра тое, як забіваюць чалавека і ці лёгка другому двухногаму зрабіць гэта
Частка другая. Катакомбы, змрок і агонь
Раздзел I. У якім ніхто з «трох мушкецёраў» амаль нічога не ведае, а той, хто ведае, не можа расказаць
Раздзел II. У якім я зашмат балбачу і, насупор логіцы, шкадую правакатара
Раздзел III. Перад вачыма кахання, вачыма вар’яцтва і смерці
Раздзел IV. Загадкі і адгадкі. Палкоўнік, лейб-медыкус і пракуратар
Раздзел V. У якім я амаль складваю лапы, падводжу вынікі паражэння, але своечасова ўспамінаю пра пэўную аптымістычную жабку
Раздзел VI. Дзе іхнія сляды, дзе твае сляды? Хто знойдзе іх, хто знойдзе цябе?
Раздзел VII
Раздзел VIII
Раздзел IX
Раздзел X
Раздзел XI
Эпілог
РАЗДЗЕЛ VIII
        

        РАЗДЗЕЛ VIII
        Два прывіды ў лагчыне нечысці
        і дама з чорным манахам,
        або паршывы беларускі рэалізм

        
        ...Мы ўмыліся ў рукаве рэчкі, развіталіся, і я пайшоў праводзіць Сташку і яе каманду да лагера. Там ужо весела скакала вогнішча і шыпеў на ім кацёл з нейкім супам, мяркуючы па паху, курыным, а ля яго чарадзейнічала худзенькая Валя Волат. Усе расселіся навокал.
        – Што гэта вы так позна? – спытала сённяшняя кухарка.
        – Свіння палудня не знае, – адказаў Сядун. – Дый не толькі мы вінаватыя. Певень жа яшчэ не зварыўся.
        Я адчуваў, што Генка зноў нешта рыхтуе.
        – А ўсё яна, – сказаў вісус, ківаючы на дзяўчыну. – Не трэба было ёй глядзець, як пеўня рэзалі. У яе
        вока жывіць.
        Уздыхнуў з фальшываю скрухай:
        – Так доўга мучыўся певень.
        Тут Валя мяне здзівіла. Відаць, Генкавы блазноцтвы ўжо нават ёй ў глотцы сядзелі.
        – Гэ-эх, – сказала яна, – не чалавек, а засуш. Ды яшчэ такая засуш, што й пустазелле ў полі сохне.
        – Сам ён пустазелле, – сказала раптам Тарэса.
        – А мая ж ты даражэнькая, а мая ж ты таечка. А я ж з табою жаніцца хацеў.
        – З якою па чарзе? – спытала Тарэса. – Жаніся, толькі не са мною.
        – Жаніся, каб дурні не перавяліся, – дадала Валя.
        Генка прыціхнуў, разумеючы, што тут ужо ўсе хочуць прыціснуць яму хвост. Нават пасля ежы гжэчна
        сказаў “дзякуй”, але Волат і тут была няўмольная:
        – Дзякуй за абед, што паеў дармаед.
        – Літасці! – узмаліўся Сядун.
        Але дзяўчатам і самім ужо не хацелася дабіваць “дармаеда”. Зляцеў ціхі анёл.
        Я не ведаю нічога лепшага за вогнішча. Яно прываблівае заўсёды. Але асабліва ў такім вось свеце, залітым аліўкава-залацістым святлом поўні. Паўсюль мяккая аднатоннасць, паўсюль нешта такое, што вабіць невядома куды. І ў гэтай трохі нават серабрыстай месячнай імгле – цёплы і рухомы чырвоны мазок.
        Мастакі разумеюць гэта. Добрыя мастакі.
        – Мне час, – сказаў я, уздыхнуўшы, і ўстаў.
        – Бадай што, я вас праводжу да краю гарадзішча.
        Прахалода начнога паветра на абліччы. Асабліва ласкавага пасля цеплыні вогнішча. Мы ішлі ў гэтай імгле. Вогнішча аддалялася і ператваралася ўжо ў плямку, у жывую іскру. Ледзь прагнутаю чашай, аліўкава-серабрыстай пад поўняй, ляжала перад намі паверхня гарадзішча, адакрэмленая ад астатняга свету ценем ад валоў.
        – Месячны кратэр, – сказала яна.
        – Станіслава, ты не перадумала?
        – Аб чым?
        – Не раскайваешся?
        – У чым?
        – У тым, што сказала ўчора.
        – Не, – ціха сказала яна. – І думаю, што не буду каяцца. Да самага канца.
        – І я. Да самага канца. Усё адно блізка ён будзе ці далёка. Толькі я не ведаю, чым я заслужыў ад Бога такое.
        – А гэтага нічым не заслугоўваюць.
        – Ні абліччам, ні маладосцю, ні ўчынкамі, ні нават вялікімі справамі.
        – Часам. Калі такое ўжо і без таго з’явілася. А яно прыходзіць проста так.
        Я узяў яе далоні ў свае. Потым у маіх пальцах апынуліся яе локцікі, потым плечы.
        Я прыцягнуў яе сабе да грудзі, і так мы сталі, злёгку пагойдваючыся, нібы плылі ў нерэальным месячным зарыве.
        Пасля, праз незлічоныя гады, я адпусціў яе, хаця гэты свет поўні быў сведкам таго, як мне не хацелася гэтага рабіць.
        – Бывай, – сказаў я. – Да заўтра.
        – Да заўтра.
        – Што б ні здарылася?
        – Што б ні здарылася з намі ў жыцці – заўсёды да заўтра.
        – Баюся, – сказаў я. – А раптам нешта непапраўнае?
        – Усё адно да заўтра. Нічога такога няма, каб адабраць у нас вечнае “заўтра”.
        Ногі самі неслі мяне па схіле. Я здатны быў біць нагамі, як жарабя пасля зімовай стайні. Усё нутро нібы
        захлыналася, да краёў перапоўненае радасцю.
        Была, аднак, у гэтай радасці адна халодная і разважлівая жылка ўпэўненасці. Упэўненасці і ведання, якія вырасталі б і выраслі, калі б я даў ім волю. Я ім, аднак, гэтай волі не даваў занадта, поўны тым, што толькі вось адбылося, нованароджаным пачуццём лікавання.
        І я не даваў волі раптоўнаму азарэнню, якое прыйшло і не адпускала мяне, зрабіўшыся ўпэўненасцю і веданнем. І ў гэтым была мая памылка.
        Але я проста не мог, каб у маім новым адчуванні еднасці з усім гэтым бязмежным, добрым і мудрым светам жылі падазрэнні, нянавісць і зло.
        Я ўступіў у невялічкую лагчынку, лепей сказаць, нават шырокі раўчук. Злева і справа былі досыць стромыя сценкі адхонаў, сцежка вілася па дне і выходзіла ў нешырокі праём, за якім, не міргаючы, стаяла вялізная нерухомая зорка.
        Цьмяна і таямніча стаялі ў катлавіне ў нейкім нікому не вядомым парадку вялікія і меншыя валуны. Гэта было месца, у якім старая народная фантазія ахвотна змясціла б пляцоўку для ракавання рознай больш ці менш шкоднай язычаскай нечысці. Яна вымірае, але ўсё адно ў такія вось поўневыя ночы, калі вакол светла і толькі тут пануе паўзмрок, сюды збягаюцца на начную капу, начны суд Вадзяніцы, Балотныя Жанчыны, феі-Мятлушкі, Вогнікі з балатоў, Карчы, Лесавікі, Хахолы і Хохлікі і іншыя напаўзабытыя бажышчы. Успамінаюць, плачуць па былым, твораць свой суд.
        
        Сталёвыя воды туманам сплываюць,
        Ледзь дыхаюць пасмы пажоўклай травы.
        Ў нізіне, дзе замак спачые сівы,
        Апошняя фея цяпер памірае.
        
        Гэтая лагчына – апошні куток іхняга калісьці бязмежнага каралеўства. Гэтыя ледзь бачныя камяні – іхнія былыя павержаныя троны. Троны ў лагчыне, у якой густа настаялася іхняя трывога, бездамоўе і асуджанасць. Іхняя апошняя безнадзейнасць у мёртвай пустцы бездухоўнасці.
        І адзіная жывая – ці жывая? – істота ў гэтым свеце закінутасці і пахмурай тугі.
        Не, я не быў тут адзінаю жывою істотай. Перада мною якраз на тым месцы, дзе сцежка нырала ў вузкую расселіну, каб метраў праз дзесяць вырвацца на прастор, узвышаўся дужа высокі цень чалавека.
        Гэты цень узняў руку і павольна апусціў яе. Усё гэта чынілася ў поўным маўчанні, у якім было нешта такое, што абяцала нядобрае.
        Я азірнуўся назад – яшчэ адзін цень цяпер блакіраваў другое выйсце, тое, якім я забрыў у гэтую пастку.
        А я ж усё ўжо зразумеў, я ведаў і мог спадзявацца на такое. Але я, аслеплены сваім шчасцем, здушыў свае прадчуванні, не даў ім волі.
        І цяпер плаціўся за гэта.
        – Вы хто? – удаючы поўную безмяцежнасць, спытаў я.
        Ён маўчаў. І раптам на цёмнай пляме аблічча цьмяна праявілася белая падкова. Невядомы ўсміхаўся.
        – Урэшце можаце і маўчаць. Я ведаю і так.
        Іхнія паставы лепей за ўсе словы казалі аб тым, што гэтаму майму веданню я і абавязаны гэтым начным спатканнем і што яно не можа не скончыцца для мяне кепска. Бо майго маўчання аб гэтых ведах нельга было купіць, але можна было здабыць, перастрэўшы вось так на вузкай сцежцы. Яны і перастрэлі. І гэта была не першая іхняя спроба здабыць маўчанне за кожную цану.
        – Здароў, Ганчаронак, – кінуў я, пакасіўшыся на таго, што падыходзіў ззаду. – І ты здароў, Высоцкі, – гэта пярэдняму. – Што, спакой абрыднуў аматару “ціхага жыцця”?
        – Ну здароў, – гэта працадзіў урэшце першыя свае словы Высоцкі. – Добрай ночы, Косміч.
        – Наўрад ці яна будзе добрая.
        – І тут ты не памыляешся, – з лянотным спакоем сказаў ён.
        – Дарэмна вы задумалі, хлопцы. Дарэмна распачалі. Маё маўчанне ўжо нічога не каштуе. Я парушыў яго. І калі са мной нешта здарыцца – тыя людзі зробяць свае высновы. І на гэты раз хістацца сабе не дазволяць. Марудзіць не будуць.
        – А нам і не трэба. Гэта не здабыццё маўчання, – азваўся Ганчаронак. – І нават не зусім помста.
        Проста падвядзенне ітогаў. Ты зрабіў сваю справу, прывёў нас да табой жа адкрытага сховішча. А ўжо ўскрыць яго – тут нам цалкам хопіць твайго маўчання да раніцы. Гэта для нас яно будзе – да раніцы. Для цябе яно будзе на неакрэслены час. Нават калі разлічваць на трубу архангела.
        – Для вас яна таксама ўструбіць, – сказаў я. – Хутчэй, чым спадзеяцеся.
        – Гэта мы, як кажуць, яшчэ паглядзім, – сказаў Ігнась.
        – Ну дык што, – прапанаваў я, – прысядзем ды пагаворым.
        – Цягнеш? – гэта Ганчаронак. – Выгандлёўваеш пару хвілін? Не дапаможа.
        – Не, не цягну. Проста пастараемся наталіць вашу і маю цікаўнасць. Узаемна. Цікава ж, праўда, як працавалі нашы галовы?
        – Твая скора працаваць не будзе, – сказаў Ганчаронак.
        – Кінь, – перарваў Высоцкі, – і сапраўды цікава. А часу нам хопіць, нават зашмат будзе. Патрэбнае нам можна і перахаваць лёгка. Астатняе хай гарыць.
        – А тое, што патрэбна не табе і мне?
        – Можа, і знойдзецца. А можа і згарэць, хрэн з ім... Сапраўды, давайце сядзем ды ціхамірна пагаворым.
        І ён паказаў мне на вельмі высокі валун узбоч сцежкі.
        Самі яны селі на два ніжэйшыя, каб мець большую за мяне свабоду ў рухах. Начная капа нечысці пачалася.
        – Ну вось і пагаворым, – ляснуў сабе па калене Высоцкі.
        Сеймік быў, як кажуць, невялічкі, але вельмі пажондны. У двух яго ўдзельнікаў (я быў упэўнены ў гэтым) акрамя перавагі грубай фізічнай сілы – можа, не такой ужо і вялікай перавагі – з поўнай пэўнасцю можна было знайсці у кішэнях нажы, а ў кагосьці, можа, і сімпатычны маленькі кастэт, а ва ўнутраных кішэнях пінжакоў або пад пахай – пісталеты.
        – Пачынай, – нібы прыспешваючы, сказаў Ганчаронак.
        – Пачну, – сказаў я. – Пачну з таго, што калі нават і не на сто працэнтаў, але я ведаю вашу гісторыю, ваша мінулае. Як? Лічыце, што спачатку гэта былі проста няясныя здагадкі. Я не ведаю, якім чынам вы даведаліся аб кнізе і таямніцы, схаванай у ёй. Але вы ведалі. Магчыма, яшчэ з часоў вайны, з часоў апошняга Альшанскага. На жаль, вы не здолелі прысутнічаць пры фінале трагедыі і дакладна не ведалі, дзе і што ў дадатак да старога скарбу схаваў апошні князь. Таму што ў справу ўмяшалася гестапа, якое хавала архіў, і айнзацкаманда, якая хавала нарабаванае. І тая і тая арганізацыі размясцілі свае схованкі ў небяспечнай блізкасці да старадаўняга скарбу. Ім здалося, што больш надзейнага месца не знойдзеш. І яны не былі схільныя інфармаваць старонніх, ды яшчэ тутэйшых, адкрываць ім свае таямніцы. Наадварот, прыхаваўшы ад вас вашыя ж справы, яны прымусілі вас застацца тут надзейнымі вартаўнікамі сваіх каштоўнасцей і ў выпадку чаго абаронцамі іх, бо вы заадно баранілі свой спакой і сякую-такую будучыню... На такую неспадзяваную непрыемнасць, калі нехта пачаў бы шукаць і капаць.
        Яны пераглянуліся.
        – Але гаспадары не выжылі. Стары Альшанскі хуткім чынам памёр. Кніга знікла невядома дзе. Вы не маглі і падумаць, што яна закінутая на гару ў хаце дзеда Мультана, дзе яе знайшоў Пташынскі. Затое ў вас была надзея, што не ўсё згублена, пакуль кніга невядома дзе, а нават і знойдзеная дасць мала карысці таму, хто знайшоў. Бо яму трэба здагадацца аб існаванні шыфраванага паведамлення, раскрыць яго і... гэтага мала, мець ў руках рэчавы прадмет, без якога, як лічыў старадаўні князь, дый вы таксама, расшыфроўка таямніцы немагчымая. Ні ён, ні вы не падумалі, што, маючы на плячах хаця нейкае падабенства галавы, можна абысціся і без наяўнасці рэчы.
        – Якой рэчы? – праціснуў праз зубы Ганчаронак.
        – Я шмат над гэтым думаў. Выпадак дапамог мне, а вы сваімі паводзінамі падмацавалі маю здагадку.
        Гэта “мед”, медзь, гэты таўкач у вас, Ганчаронак. І ступа, якая, я амаль упэўнены, у вас, Высоцкі. Што ж вы не склалі сваіх набыткаў у адну агульную скарбніцу? Баяліся, не давяралі адзін аднаму. Збіраліся шантажаваць адзін аднаго агульным няпэўным мінулым?
        – Брэшаш, – сказаў Высоцкі.
        – Чаму брашу? Вы проста не знайшлі кнігу. Так супалі абставіны. Непатрэбныя былі ні злачынствы, ні новыя і новыя вашы ахвяры.
        – Тут ты зглупіў, – сказаў Ганчаронак. – Мы з часам здагадаліся, што ты нейкім незразумелым чынам зрабіў звышнатуральнае, хаця меў у руках толькі трэць таямніцы. Нам заставалася толькі сачыць за табой.
        – І з некаторага часу вы здагадаліся, куды вядзе мяне ў гэтым лабірынце мая ніць. І тады я стаў непатрэбны. І тады вы пачалі рабіць шматлікія спробы. Вам цяпер трэба было абавязкова прыбраць мяне з дарогі. Каб не перашкаджаў. Адной была спроба закідаць мяне камянямі падчас “дуэлі ліхтароў”. Другой – напад чатырох (здагадваюся, хто былі астатнія два, і здагадваюся, чаму яны сёння не тут). І трэці замах, які ледзь не скончыўся поспехам. Абвал.
        – Чацвёрты ўвянчаецца, – сказаў Ганчаронак.
        Я цягнуў. Бессаромна цягнуў. Выйсця для мяне амаль не было. Была толькі слабая надзея, што нехта прыйдзе ў “плябанію”. Да мяне. Што можа нехта спахапіцца, і мяне пачнуць шукаць. Мне трэба было як мага затрымаць іх, каб ім менш засталося часу да раніцы. Калі гэта зараз узыходзіць сонца? Гм, недзе а палове чацвёртай. Заставаліся нейкія тры з невялічкім гакам гадзіны.
        Трэба было як мага ратаваць справу, калі я ўжо не мог уратаваць сваё жыццё. Ратаваць справу, за якую налажыла галавою столькі людзей.
        Мне дужа не хацелася кідаць перадчасна гэты лепшы са светаў (ці лепшы, калі па ім швэндаецца такая сволач?), але як ужо такое было кімсьці прадвызначана, то я хацеў быць апошнім, які заўчасна яго кіне.
        Каб пасля мяне болей – ніхто.
        Свет быў да краёў заліты абыякава-прыўкрасным святлом поўні. Лагчына, у якой мы сядзелі, да краёў, аж з коптурам, перапоўнена цёмным прысмеркам. І справа ад сябе бачыў я чалавека з тварам, які быў пасечаны дробнай сеткай зморшчын, і з вушамі вялікімі, як у Буды, а злева – другога, вялізнага і моцнага, які з лянотнай грацыяй разваліўся на камені.
        – Вы лічылі, што, калі разнесяце мур каля вежы, вам лягчэй будзе забрацца ў яе сутарэнні. Пад шумок. То адны разбіраюць, то вы. І вось Ганчаронак з усім уласцівым яму шармам пераконвае старшыню ва ўсёй мэтазгоднасці зачыніць мячэць і зрабіць у ёй свінюшнік.
        – Якую мячэць?
        – Ну, прабіць запасны ўваход у замкавы двор і зрабіць у ім даржнік, скацінны двор... А тут я, з фотаапаратам. І нават старшыню напускаць на мяне не трэба, каб самім застацца ўбаку. Старшыня сам на ражон лезе. Дошку ж ахоўную знялі. Закону няма бурыць, а тут – на гарачым... Невялічкая, але непрыемнасць. А тут яшчэ два Іванавічы, што яму на гэтым краязнаўстве даўно вушы аб’елі. А вам з гэтым іхнім “Ведай свой край” ды “Ніхто не забыты, нішто не забыта” і пагатоў. Бо вам якраз і трэба было, каб людзі менш ведалі свой край і трывала забылі пра некаторых тыпаў і іх учынкі.
        – Ігнась. Я яго зараз ромбну, – сказаў Ганчаронак.
        – Дай спакой. Хіба табе не цікава, да чаго ён там дадумаўся? Хай балбоча. Далёка ён сваіх ведаў не данясе. А нам цікава будзе ведаць, чаму ён западозрыў. Я ўжо не дужа разумным выглядаў, а пра цябе й казаць няма чаго. Настолькі тупая жывёліна, што падазрэнняў не павінна было быць.
        Ганчаронак палез рукою ў кішэнь.
        – Кінь, – сказаў Высоцкі, – нож ты добра кідаеш, але яго праз кішэнь, як кулю, скажам, не кінеш.
        Сядзі і слухай.
        – Часта трапляўся ты мне, Тодар, на дарозе. Часам ноччу. І скакаў цераз канаву, поўную вады, каб малую патрэбу справіць. А нашто?
        – А на тое... Сустрэліся тут з адным...
        – А да гэтага, на другой дарозе, пра “страшныя яйкі” размаўлялі? – Я спадзяваўся толькі, што хлусня і дапушчэнні, збудаваныя на пяску, не занясуць мяне ўбок.
        – Ч-чорт.
        – Полем вы адтуль ішлі, каб вярнуцца іншай дарогай, чым той.
        Хто “той” было для мяне цёмнай ноччу, як многае і многае ў гэтай справе. Многае, аб чым я ўжо ніколі не даведаюся. Але я павінен быў удаваць, што мне вядома куда болей, чым на самай справе (толькі б не перагнуць!), і таму нават брахаць з большай ці меншай доляй верагоднасці.
        – Вы спяшаліся. Тым болей што тады, падчас дарогі на станцыю, у грузавіку, я прабалбатаўся, што звязваю ўсё, што адбываецца, не толькі з тым скарбам, але і з падзеямі перад уцёкамі немцаў. Тут ужо трэба было і справу з Лапатухам неяк давесці да ладу (дуэль ліхтароў), а заадно і са мной, калі ўжо ноччу палез у вежу, трапіўся пад руку. І ўцякаць нават не было як. Прывязаныя да архіваў... То ж бо ты тады на станцыі, Высоцкі, так на дзядзьку ў піжаме псіхануў. Сапраўды, едзе сабе куды хочаш, а ты, “тубылец”, вымушаны на месцы сядзець, дрыжаць і чакаць на вынікі. Дый дзіўна, што чалавек не ведае, дзе ягонага брата расстралялі, у Кладна ці ў Беластоку. Больш усё ж на Кладна чуткі кажуць. І прозвішча на помніку чорным па белым.
        – Якую справу з Лапатухам? – нібы нічога пасля ўпамінавення аб ім не слухаў, спытаў Высоцкі.
        – А вы думалі, што калі ён замак за сваю крэпасць лічыць, вас штодня бачыць і падсвядома пабойваецца, і напускае на сябе большую дурыну, чым на самай справе, то ён можа нейкі там патаемнічак уладкаваць. Для вернасці вы тады ноччу ў вежы і мур ламалі. У падазроным для вас месцы.
        – Разумны ты чалавек, Косміч, – з млявай пагрозай сказаў Высоцкі. – Разумны. Толькі ты, як поляк, мондры по шкодзе. Спахапіўся позна.
        – Так, я ведаю. Але не думаю, каб вы дужа выйгралі ў часе. Не толькі вас тут нешта трымае. Трымае тут сёе-тое і яшчэ аднаго чалавека.
        – Загадкамі гаворыш, – сказаў Ганчаронак.
        – Але.
        – Ну, далей, – сказаў Высоцкі.
        – Пра спробу ўзлому маёй кватэры, пра “маю” запіску да Мар’яна я казаць вам нічога не буду. І без таго доўгі сказ. Не ведаю таксама, што вас вяло да другой вежы? Пэўна, лагічны працяг, праекцыя на будучае, маіх учынкаў. Але трэцяй вежай я вас на хвіліну збіў з панталыку.
        – Ненадоўга, – сказаў Высоцкі.
        – Правільна. Іначай вы б мне там магілу не ладзілі. Тады б апошняй ахвярай быў бы не я, а Лапатуха.
        Надта вам словы лекара не спадабаліся, што той Людзвік можа ачомацца, апрытомнець... Так, многае адбывалася. Шмат аб чым я не ведаю, шмат аб чым не ведаеце і вы.
        “Цягнуць болей няма чаго. Ды я і стаміўся. Дужа стаміўся духам. Хутчэй бы, сапраўды, канец.
        Доўжыць гэтую камедыю няма ані сілы, ні жадання”.
        – Вас так ці іначай спаймаюць. Рана ці позна. І тады ўсе будуць адпомшчаныя. І я таксама.
        – Ды не, – сказаў Высоцкі, – пакуль тое, дык гэта перад намі адкрыты шлях. І калі мы возьмем усё ў свае рукі – малойчыкі накшталт вас не спатрэбяцца.
        – Некаторыя і раней казалі тое самае. Дзе яны? Але як гэта, на агульнае няшчасце, і здарыцца – вось толькі тады мы па-сапраўднаму і спатрэбімся. Нават тыя, каго зараз не дужа бяруць усур’ёз (з розных бакоў), аматары і знаўцы “справы”.
        – Гэта яшчэ чаму? – уеў Ганчаронак. – Пакуль мы тут гаспадары. І з часам будзем гаспадарамі поўнымі. У нас здаровы сэнс.
        – Не будзеце, – я быў амаль спакойны. – Думаеце, божыя і чалавечыя законы адмененыя на карысць гэтага кутка ці якога-небудзь іншага на зямлі? Толькі таму, што мы нарадзіліся тут? А нейкі там Гітлер у Германіі? А Уласаў у Расіі? Не, гэтыя законы нідзе не адмяняюцца. Карабель ваш дужа стары і зараз ляціць на рыфы.
        – То што ж нам, бедным, рабіць? – у фальшывай скрусе спытаў Высоцкі.
        – А трэба было вучыцца з дзяцінства сумленнасці, якая ў тым моры жыцейскім замест навігацыі.
        Вывучыць яе, і жыць, і плысці сабе. Або пагарджаць ёю і тады, – будзьце вы праклятыя ў вякі вякоў!
        – Што ж, пагаварылі. – Высоцкі дастаў пісталет.
        Я гатовы. Мне амаль не страшна. Так, нібы крыху смокча пад лыжкай. Але тут я ўзнімаю вочы.
        ...Далёка-далёка, за цемрай, за месячнай імглою, гарэла іскра вогнішча. Як жа я мог не падумаць пра яе?!
        “Выхаду! Выхаду кожнай цаной, акрамя прыніжэння!”
        Ён прымерваўся. Прымерваўся і я. Мне трэба было толькі, каб ён страціў спакой, каб рука ў яго не была цвёрдая.
        І таму я пусціў у ход апошнюю сваю здагадку, амаль сумежную з упэўненасцю:
        – Што ж, да хуткага спаткання, Высоцкі... І ты да хуткага спаткання... Боўбель.
        – Што-о?!
        – Боўбель. З двайной бухгалтэрыяй. Па даходах і па трупах. Перадрыжалі вы, бедалагі. Што,
        Боўбель, усе гэтыя гады не піў, толькі рот гарэлкай паласкаў?
        – Здагадаўся, – хмыкнуў Ганчаронак-Боўбель. – Анягож.
        – Ясна, уцёк ты тады балотнай сцежкай. Аднаму табе вядомай. Адзін уцёк. А сябры-сведкі накрыліся. Таксама двайную бухгалтэрыю вёў? Са сваёй бандай і з немцамі? А ты, Высоцкі, ці не мачаў ты пальцаў у кроў павешаных у Кладна? Архіў вам быў патрэбны. Грошы – абодвум.
        – Ну вось, – перапыніў Высоцкі. – Тут табе і канец. Мала мы вас, гадаў, перакоцалі.
        – Брудныя вы падлы... На што спадзеяцеся?
        Пісталет рыўцом узняўся ўгору, пасля пачаў апускацца. І тут я адкінуўся назад і ўпаў за валун. Упаў на правы бок (крый божа, каб не на руку!), клубком, як трэба падаць з каня, адкаціўся далей ад каменя.
        У момант падзення проста нада мною сцёбнуў, як тоўстым бізуном, стрэл. Я падымаўся ўжо, але падвяла, паехала па вільготнай траве правая нага, і я ледзь не торкнуўся ў дзірван носам, адначасова адчуўшы, як нешта апякло левы плячук вышэй ключыцы.
        Ганчаронак-Боўбель кінуў-такі нож, і, каб я не асклізнуўся, не тыцнуўся, нож гэты зараз стырчэў бы ў мяне з-пад левай лапаткі.
        Цяпер нож ляжаў на траве, і я падхапіў яго: усё ж нейкая зброя ў руках. Хаця што азначала тая зброя супраць пісталета?
        ...І тут успыхнула вакол з дзесятак кішэнных ліхтароў, і я, аслеплены, убачыў толькі, як з адхону ўскінулася ў паветра доўгае, чорнае ў гэтым святле цела і нібы злілося з постаццю Высоцкага, насела на яго. Адначасова з гэтым ляснуў другі стрэл, які не трапіў у мяне толькі таму, што “фурман”, “возны”, ці як там яго, упаў. І сабака ўжо прыціснуў яго да зямлі і трымаў у пашчы ягонае правае запясце.
        У наступны момант яны пакаціліся па зямлі, і нічога ўжо не было разабраць. А я скочыў на Боўбеля. З нажом. Той прысеў, каб унікнуць удару, бо я ў гарачцы мог-такі паласнуць яго або ўсадзіць яму некуды нож па самую рукаятку.
        Ён зручна ўнікнуў нажа і тым самым вельмі зручна падставіў падбароддзе якраз пад маё калена, якім я не замарудзіў і лупянуць яго з усёй сілы, так, што аж ляснулі зубы і ён закінуўся дагары, усёй спінай і патыліцай прыпячатаў матку-зямлю.
        І тут я насеў на яго, перахапіў правую руку з шыпастым кастэтам.
        Мне трэба было дарвацца да гэтай глоткі.
        Трэці стрэл аднекуль. Куды? Я не ведаў гэтага, здатны дзерці, ірваць на кавалкі, грызці.
        Калі мяне адцягнулі, крывавы туман усё яшчэ стаяў у мяне ў вачах. Я выскаляў зубы і хрыпеў. І толькі паступова праз гэты туман пачалі праступаць у святле ліхтароў абліччы. Перш за ўсё я ўбачыў Шчуку... Пасля невядомага міліцыянера, які толькі што надзеў на Высоцкага наручнікі. У Ігнася з правага перадрамення сплываў цурок крыві.
        – Застрэліцца хацеў, – сказаў міліцыянер. – Здолеў-такі перакінуць тую цацку ў левую руку. Каб не стукнуў па ёй – тут бы яму і апошняе рыданне.
        Цяпер я ўжо адрозніваў і Велінца, які ледзь адцягнуў Рама за ашыйнік, і яшчэ двух невядомых, якія закручвалі за спіну рукі ўсё яшчэ напаўпрытомнаму Боўбелю.
        Плылі переда мной абліччы Змагіцеля... Дзеда Мультана з дубальтоўкай у руцэ... Шаблыкі... Вячоркі...
        Седуна... Сташкі.
        Агні закруціліся ў маіх вачах. Зямля пайшла некуды ўбок.
        Хілінскі (ён трымаў мяне справа) сціснуў мой локаць.
        – Трымайся. Трымайся, браце. Нічога. Мінула ўсё.
        А я рэшткамі прытомнасці, якая амаль знікала, падсвядома адчуваў, што не... не... яшчэ не ўсё. Нешта
        настойліва свідравала мозг, павінна было вось-вось усё праясніць, але бясследна знікала пры першай спробе спыніць, затрымаць яго, здагадацца. Апошніх шкельцаў так і не было ў гэтым калейдаскопе аблуднай хлусні і падступнай подласці.
        Пад’ехала машына. Не ведаю, як яна завецца цяпер. А ў сярэдневяковай Беларусі воз, якім адвозілі затрыманых, называўся “кошыкам для салаты” або “для капусты”.
        “Вось так. Несучасны вы чалавек, таварыш Косміч. Несур’ёзны”.
        Арыштаваных павялі туды. Боўбель паспрабаваў было рэкнуць нешта накшталт : “Не я пачынаў. Гэта другія...”
        – Расчараваны я ў табе, – пагардліва плюнуў Высоцкі і сказаў нахабна: – Ну вось, цяпер на пэўны час будзем гасцямі міністра ўнутраных спраў.
        – Мабыць, і не толькі, – сказаў я.
        Трэба было адпомсціць гэтай навалачы за “трубу архангела”, і я вырашыў пусціць апошні пробны шар:
        – Ад усёй душы спадзяюся, што гэта апошнія твае гасціны...
        Ён не пашкадаваў сліны і сплюнуў таксама ў мой бок.
        – Апошнія, Ігнась Высоцкі... Ён жа Крыштоф за польскім часам... Ён жа Уладак пры немцах... І хто яшчэ пасля вайны... Кулеш?
        Высоцкі раптам ірвануўся ў мой бок з такою сілай, што міліцыянеры ледзь затрымалі яго. Твар у яго зрабіўся барвяна-сіні, жылы надзьмуліся на лобе. З глоткі вырываліся ўжо амаль не словы, а пагрознае і ўражанае, ашалелае хрыпенне. І выглядаў ён, як пакінуты і загублены назаўсёды ў свеце, дзе пануе бясконцы кашмар.
        – Ты... Гад... Ты.
        – Нічога, – сказаў я, – твой інсульт вылечаць. Каб ты ў трэці раз не вымкнуў кудысь. Каб хоць на трэці раз атрымаў тройчы заслужаную вышку.
        Знік перакошаны твар. Калі машына ад’ехала, я сеў на траву і пачаў збіраць і складаць у купку нейкія галінкі і трэсачкі.
        Сташка падышла да мяне і паклала далонь на маю галаву.
        ...Зноў гарэла вогнішча на Белай Гары. Бульба, што мы напяклі, была з’едзена, хаця й была апошняя, а не першая, асенняя.
        Усё адно было смачна. Ды яшчэ з буйной кухоннай соллю.
        І зоры над галавой. І сябры вакол. І вочы ўсіх глядзяць у адзін на ўсіх агонь.
        – Проста паскудныя тварыны, – азваўся ўрэшце я, ужо амаль супакоены.
        – Во, – сказаў Адам, – каб гэта Клепча чуў, ён бы адразу няўхільна і пранікнёна прамовіў: “Нешта я ані разу не чуў ад вас слоў “свядомы” і іншых”.
        – А ты паступай свядома, – у тон яму азваўся я, – а не плявузгай. А то свядома мянціць языком і без цябе шмат аматараў.
        – А ён адразу да твайго дырэктара, – усміхнуўся Шчука. – І скажа, што не месца сябру Космічу ў дружных шэрагах навукі, бо ён дае іншым выспятка ў азадак.
        – Хопіць, – мне ўжо самому стала моташна ад тэмы. – Закурым, ці што?
        Хілінскі павучальным тонам сказаў:
        – Хто не курыць і не п’е – той здаровенькі памрэ.
        Я застыў з пачкам цыгарэт у руцэ. Зноў нешта нібы раптоўна стукнула ў маю свядомасць. Але што?
        Гэтага я так і не мог да канца зразумець. А тут і Адам сваім пытаннем досыць недарэчы парушыў маю сабранасць.
        – Як ты дайшоў да сваіх вывадаў?
        – Цьху. Зноў сканцэнтравацца не далі. Тут дзіўнае не тое, што я дайшоў, а што столькі рэчаў старонніх маю думку адцягвала ўбок, а я, нягледзячы ні на што, усё ж здагадаўся. Як вы кажаце, “дайшоў”.
        Сапраўды, з чаго ўсё пачалося? Ага, здаецца, так.
        – Аднойчы мне проста стукнула ў галаву... Ну, нібы раптам сумясцілася несумяшчальнае. Смерць, пакаранне смерцю двох братоў Высоцкага. Калі яны адбываліся? З чым супалі?
        – Ну, прысуд Крыштофу Высоцкаму гэта, здаецца, канец жніўня, – сказаў Шаблыка. – Ці сярэдзіна.
        – А што першага верасня адбылося?
        Паэт з мордай каўбоя і такімі самымі манерамі ціха кінуў:
        – Вайна.
        – Ну вось. Маглі замарудзіць? Маглі.
        – Мацыеўскі выехаў.
        – І мог не даехаць. Або падумаць, штo перад тварам вечнасці... адзін нейкі.
        – Ясна, – сказала Сташка.
        – Трубіць яму ўрачысты марш, – сказаў Сядун.
        – Маршы – паскудства, – сказаў раптам Мультан. – Не люблю маршаў. Дрэнь. Што ваенны, што вясельныя. Усё адно бойка будзе. І невядома яшчэ, якая будзе страшнейшая. З ворагам ці з бабай. Так што мне нават дзіўна, з чаго гэта некаторыя (няўлоўны позірк у мой бок) самі ў мех лезуць.
        – Ваісціну, – падтрымаў яго Вячорка. – Так ужо я кавалерам зайздрыў. Думаю, вось разумныя людзі.
        – А далей? – спытаў Шчука.
        – А калі быў арыштаваны і асуджаны Уладак Высоцкі? Мы ведаем, першыя два гады ён недзе па-за Кладна. Пасля з’яўляецца. Служыць у пашпартным аддзеле ці як там. Гэты час супадае з тым, калі была разгромлена арганізацыя, у якую ўваходзіў наш цяперашні... Словам, Леанард Жыховіч. Яго не схапілі – лішні повад для дурнога майго падазрэння. А ён і асеў тут, каб сачыць за ўсімі, хто цікавіцца замкам. Пыталі ў яго?
        – Так, кажа, што была размова з нейкім членам арганізацыі аб Альшанцы і гэтак далей. Той, здаецца, таксама не трапіў у гестапа. Але твар ягоны ксёндз памятаў невыразна, – сказаў Шчука.
        – Дык калі быў пан Уладак арыштаваны і асуджаны?
        – Шаснаццатага ліпеня, здаецца, – сказаў Шаблыка. – “Прысуд выканаць у дваццаць чатыры гадзіны”.
        – Нашы калі горад узялі?
        – Васемнаццатага, – буркнуў Шчука. – Усё адно не супадае. Паспелі б яго пусціць у расход.
        – Так, – сказаў я. – А што адбылося семнаццатага?
        – Ах, чорт, – узвіўся Хілінскі. – Паўстанне ў горадзе. Вось пра гэта, Шчука, неяк ты і не падумаў.
        Цяпер ясна, чаму раптам выскачыў жывы, як чорт з табакеркі.
        – Верна, паўстанне, – сказаў я. – Ноччу на семнаццатае. Перадчаснае паўстанне, бо нашы былі яшчэ на досыць дальніх пераходах. Ну так, крымінальныя пазбівалі замкі якраз у той час, калі паўстанцы выламалі турэмную браму. Ахова ўцякла. Так што горад быў наш. Палову ночы і палову дня. Усіх арыштаваных выпусцілі. Але тут паўстанне падавілі пагранічныя войскі, што адступалі, і паліцаі. Частку нашых абяззброілі і пасадзілі ў турму назад. І пачаліся спешныя расстрэлы. У адзін з іх трапіў наш Высоцкі. А калі не трапіў? Васемнаццатага нашы ўзялі горад.
        – І што? – спытаў Вячорка.
        – А тое, што, акрамя іншага, таго, аб чым я ім казаў і вам цяпер сказаў, я падумаў: а раптам Крыштоф, адзін раз уцёкшы ад смерці, мог і другі раз уцячы... І адразу пасля вызвалення зноў аджыла банда Куляша. Не ведаю, з кім ён там супрацоўнічаў, каго прадаваў, перад кім прыніжаўся... Але адно ясна. Аднаго забойства хлопца ў Замшанах хопіць, каб на тым чалавеку паставіць крыж. І ўжо не сумнявацца, што ён на кожнае, на самае страшнае злачынства здатны. Ну а як вы ішлі?
        – Аб гэтым пасля, – сказаў Шчука. – Мы ішлі прыблізна той самай дарогай, што і ты. Але мы перш за ўсё шукалі. Ты – думаў. Ды яшчэ дапамог нам азартам, на які мы не маем права. Словам, знайшлі мы ўсё ж людзей. Знайшлі сведкаў.
        – І што сказалі сведкі? – спытаў Мультан.
        – А сведкі, – нявесела сказаў Шчука, – тыя, што засталіся, мала чым нас парадавалі. Цётка была з ім на апошнім спатканні. Усё ж гэта яна канчаткова штурхнула Крыштофа на ягоны шлях. Спатканне далі. У моры справядлівай нянавісці яна была таксама і адзіным чалавекам, які яму спачуваў... Не дапамагло яе спачуванне. Вайна. Агульнае замяшанне, збянтэжанасць. І ён у гэтым тлуме пакінуў турму. І след ягоны згубіўся ў натоўпе. Дзе ён быў, калі мы прыйшлі, – бог ведае. Можа, тады і склалася ядро яго будучай банды. А калі прыйшлі немцы, ён ужо дзейнічаў па лясах. І адначасова быў звязаны і з акупантамі. Таксама двайная бухгалтэрыя. Пра гібель падполля мы ўжо ведаем сёе-тое, а даведаюцца яшчэ больш. Перад прыходам нашых ён дзейнасць сваю часова прыпыніў. Займаўся гандлем на чорным рынку. І тут немцы з уласцівай ім педантычнасцю пачалі праглядаць турэмныя акты. І жандары трапілі на смяротны прысуд Крыштофу. Устанавіць яго тагачаснае імя ім было лягчэй лёгкага. І вось тут такое. Усе думалі, што ён загінуў у вулічнай экзекуцыі, як людзі падполля, як ахвяры аблаў. Шкадавалі. А ён на такую высокую смерць права не заслужыў.
        Дый не памёр, як бачыце. Ці сутыкнуліся на ім два ведамствы: тое, што патрабавала кары яшчэ па старым прысудзе, і тое, дзе ён працаваў асведаміцелем, – не ведаю. Гэта яшчэ выясніцца. Як выяснілі мы ўсё і наконт Боўбеля... Твая здагадка была верная і наконт яго, Косміч. Толькі што здагадка не факт.
        – А сучасныя іхнія ўчынкі?
        – Сучасныя – ужо факт. Ну, уставайце, хлопцы. Час.
        Мы развіталіся з экспедыцыяй і пачалі спускацца з гарадзішча.
        Маўчалі, дый не хацелася болей гаварыць пасля перажытага і перадуманага сёння.
        – А ўсё ж без тваёй галавы ім цяжка давялося б, – сказаў Хілінскі, паклаўшы далонь мне на плячо.– Без расшыфроўкі таго тайнопісу.
        – Без першай трывогі, якую падняў бедалага Мар’ян.
        – Цяпер яны даведаюцца. Цяпер лягчэй.
        Месяц, што пачаў ужо хіліцца, заліваў касцёл пранізлівым і бязмерна журботным святлом, рабіў чорны гмах замка менш грувасткім. Ён здаваўся ўжо ў гэтым святле і не такім чорным, а нібыта адліваў крыху ў блакітнае.
        – Пройдзем праз замкавы двор, – нечакана сказаў я.
        – Гэта нашто? – спытаў Мультан.
        – А раптам дама з манахам...
        – Ты што, у глупствы гэтыя верыш? – здзівіўся Шчука.
        – Веру не веру, але праз гэта не здолею я паехаць адсюль зусім супакоены. Не можа быць, ведаю.
        Але ж я сам бачыў.
        – Хадзем, – вельмі ціха сказаў Хілінскі.
        Я ведаў, што толькі ў яго не было скептычнага недаверу (як у Шчукі, Велінца і Шаблыкі), паэтычнай здатнасці верыць, якая больш за жаданне верыць у неверагоднае (як у Змагіцеля) і забабоннай веры Мультана і Вячоркі (“Цалкам магчыма. Янку Целюку аднойчы патрызнілася, ды і я нешта такое бачыў”).
        Толькі ў ім быў несапсуты ніякімі меркаваннямі і акалічнасцямі просты давер да мяне. Давер, які перш за ўсё прагнуў праверыць, а што там робіцца на самай справе.
        Давер, які і ёсць фундамент усякага навуковага і ненавуковага поступу. Той давер, які не дазволіў Марыну Гетальдзічу смяяцца з вопыту Марка Антонія дэ Дамініса над лінзамі і геаметрычнай оптыкай, а Галілею не дазволіў узяць пад сумненне навуковую сумленнасць абодвух (аж да разгадкі імі таямніцы “божага моста”, “брамы новага свету”, вясёлкі), прадоўжыць іхнія доследы і ўрэшце стварыць і ўдасканаліць тэлескоп1.
        Гэты верыў і ведаў, што калі я так кажу, то “нешта напэўна было, а вось што – трэба памацаць”.
        Наша кампанія, што якраз уваходзіла ў цёмны тунель брамнай аркі, збоку, відаць, моцна нагадвала “Начны дазор” Рэмбранта. Такія сабе нашчадкі кашчавых гёзаў, крыху ацяжэлыя гараджане з прэтэнзіяй на ваяўнічасць і мужнасць (гэта дзеля прыгажунечак, якія глядзяць на іх праз шчыліны ў аканіцах).
        Двор, заліты святлом, цёмныя галерэі-гульбішчы на супрацьлеглым уваходу ягоным баку, грузлыя гмахі вежаў моцна паадбавілі гэтай ваяўнічасці, прымусілі ўсіх змоўкнуць і рухацца ўсё павольней, а пасля і наогул спыніцца.
        Толькі Шчука, зваліўшы нейкую бляшанку, чартыхнуўся:
        – Ну, давядзецца ўзяць за бакі Альшанскага, цяперашняга, вядома, што ён такое паскудства тут развёў. Накласці на яго, чорта, штраф. І не з калгаснай кішэні, а з асабістай. Тады заспявае.
        Астатнія стаялі моўчкі. Нічога не адбывалася.
        – Ну дзе ж тут твае “прывіды”? – з гумарам спытаў старшына Велінец.
        Я зірнуў на гадзіннік і ўзняў вочы ў неба.
        – Калі я маю рацыю – павінны дачакацца.
        – Да заўтра чакаць? – спытаў ён. – Вось чалавек, які з ягоным ды цярпеннем памылку зрабіў, не пайшоўшы да нас.
        – Пайшоў амаль, – буркнуў я. – Нічога добрага з гэтага не атрымалася.
        – Колькі яшчэ чакаць? – гэта быў ужо Вячорка.
        – А я нікога не прымушаю чакаць, Мікола Чэсевіч.
        Хілінскі моўчкі дакрануўся да майго локця.
        – Павінна быць вось-вось. Калі я не памыляюся, – шэптам адказаў я.
        – Унь, – амаль прасвістаў глоткай Мультан, – унь замільгацела нешта.
        На левым баку галерэі сапраўды нібы ўзнікла, заварушылася нешта. А пасля выявіліся і амаль невідочна для вока паплылі ўправа два невыразныя цені: цёмны і святлейшы.
        – Яны, – здушаным голасам сказаў Хілінскі.
        Гэта сапраўды здзіўляла, і ўражвала, і магло да паўсмерці спалохаць непадрыхтаванага.
        Плывуць... Плывуць. Заліты фантастычным прывідным святлом двор. Два светлыя муры і вежы, што ў гэтым святле прыдбалі колер абгарэлага і запыленага чыгуну. І два муры чорныя і асабліва льсняна-чорная цемра на галерэі, і ў цемры гэтай рухаюцца дзве здані. Светлая постаць, цёмная, і аддзяляе яе ад астатняй цемры вузкая палоска святла.
        – Не рухайцеся!
        Я кінуўся амаль бегма да правага ўзыходу на гульбішча, узбег па ім і рушыў насустрач невыразна цьмяным праявам.
        Бліжэй... Бліжэй... І раптам яны зніклі. Тут жа ля мяне. Не здані і не прывіды, проста дзве плямы, што ператварыліся ў невідзімак.
        – Яны зніклі, – даляцеў з двара голас Шчукі. – Але ты, ты асветлены, Антоне.
        Я ўскінуў галаву і замёр, ледзь не аслеплены.
        Ад званіцы касцёла, ад дыска дзыгара клалася проста мне на цела і аблічча, біла ў вочы жарало, сноп рэзкага, яскрава-блакітнага святла.
        – Сюды! Хутчэй.
        Я пачуў тупат ног. Праз хвіліну людзі ўсе ўжо былі на галерэі.
        – Зірніце! Унь! – паказаў я.
        – Што такое, – прыслеплены Шчука міргаў вачыма. – Што гэта такое?
        – Я здагадваюся, што гэта такое, – кіўнуў Хілінскі.
        – Гадзіннік, – сказаў я, – сапраўды старамодны, старажытны нават, “дзыгар”. Толькі адзін тут тып памыліўся. Тут нерухомы “дзённы” гадзіннік з рухомымі стрэлкамі і рухомы – больш вялікі цыферблат “месячнага” гадзінніка. Ён за нерухомым дзённым. І ён круціцца, хаця і бязладна, бо не да канца адрапараваны. А пад ім непарушная стрэлка... І нерухомыя постаці “святаў”.
        – То што? – спытаў Мультан.
        – Арганіст і ксёндз казалі мне, што там дзеля нейкай мэты сістэма моцных люстраных рэфлектараў...
        Ну вось, у пэўныя дні прамень месяца трапляе на іх. І вось ідзе галерэяй цёмны цень, ад нерухомай стрэлкі, а за ёю светлы цень, адбітак ад рэфлектара.
        – Вось і ўсё, – сказаў Вячорка. – Баечкі.
        Лягла цяжкая паўза.
        – Дурында ты, – сказаў яму прыгнечаны Змагіцель і пасля кінуў мне: – І ты не лепшы. І собіла ж табе такую казку, прыгажосць такую ў друз расшкуматаць. Патрэбнае яно камусьці было, тваё тлумачэнне.
        Я і сам шкадаваў, што ўбачыў і даў убачыць іншым яшчэ ў адной з’яве паршывы наш рэалізм.
        
        
        _______________
        1 Марын Гетальдзіч (1568 –1628) – славуты югаслаўскі матэматык, астраном і фізік, які шмат увагі аддаў аптычным даследаванням. Марк Антоній дэ Дамініс, або Маркантун Гасподнеціч (1560 – 1624) – славуты харвацкі грамадскі дзеяч і вучоны, аўтар тэорыі прыліваў і адліваў, тэорыі вясёлкі і праламлення святла. Памёр у сутарэннях інквізіцыі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.