РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чорны замак Альшанскі
Частка першая. Грозныя цені начныя
Раздзел I. Візіт устрывожанага чалавека
Раздзел II. Пад’езд кавалераў
Раздзел III. Дамы, манахі і паршывы беларускі рамантызм
Раздзел IV. Пра жанчыну з мінулага, абеляў у адстаўцы і пра тое, як чытанне Евангелля не прынесла аніякай карысці, акрамя маральнай
Раздзел V. Чалавек знік
Раздзел VI. Кароткі. Аб сівым антыквару і «барыгу»
Раздзел VII. Што было сказана ў «Новым Тэстаменце» і якую таямніцу схаваў у «Апакаліпсісе» Іаан Багаслоў…
Раздзел VIII. Зноў гасне неба
Раздзел IX. Кладна. Дарога. Адрашэнне
Раздзел X. Ідылія ў кантрастах
Раздзел XI. Белая Гара
Раздзел XII. Пачатак пошукаў
Раздзел XIII. Нарада двух кавалераў, аднаго ўдаўца і аднаго жанатага
Раздзел XIV. Пра вар’ятаў і дробязі, якія не вартыя і выедзенага яйка
Раздзел XV. Пра новую хату, спраўджаныя сны і пра тое, як забіваюць чалавека і ці лёгка другому двухногаму зрабіць гэта
Частка другая. Катакомбы, змрок і агонь
Раздзел I. У якім ніхто з «трох мушкецёраў» амаль нічога не ведае, а той, хто ведае, не можа расказаць
Раздзел II. У якім я зашмат балбачу і, насупор логіцы, шкадую правакатара
Раздзел III. Перад вачыма кахання, вачыма вар’яцтва і смерці
Раздзел IV. Загадкі і адгадкі. Палкоўнік, лейб-медыкус і пракуратар
Раздзел V. У якім я амаль складваю лапы, падводжу вынікі паражэння, але своечасова ўспамінаю пра пэўную аптымістычную жабку
Раздзел VI. Дзе іхнія сляды, дзе твае сляды? Хто знойдзе іх, хто знойдзе цябе?
Раздзел VII
Раздзел VIII
Раздзел IX
Раздзел X
Раздзел XI
Эпілог
РАЗДЗЕЛ X
ІДЫЛІЯ Ў КАНТРАСТАХ
        Раніцай, калі я, паснедаўшы, выйшаў з хаты, дык ажно ахнуў, настолькі ўсё вакол было хораша. Невялікая, двароў на пяцьдзесят – семдзесят вёсачка, “прыгарад”, шырока раскінулася па схілах акруглых мяккіх узгоркаў і патанала ў садах, дзе ўжо зялёнымі хмарамі марылі хмызы агрэсту. Нешырокая рачулка дзяліла гэтыя дзве грады ўзгоркаў і самую вёску. Яна змяілася, гэтая рэчка, хутка знікала з вачэй і злева і справа, і таму не адразу можна было зразумець, адкуль далятае пляск вады на млынавым коле. Справа, далёка, відаць было ссыпныя магазіны.
        І гэтыя зялёныя ад моху дахі, і ледзь прыкметны зялёны налёт на галінах дрэў. І гарлавое, лянотнае гарланне пеўняў, і зямля гародаў, чорная, ільсняная, якая аж паравала пад свежапабеленымі стваламі яблынь. І дзве вежы касцёла наводдаль.
        І над усім гэтым сіняе-сіняе глыбокае неба, якім аж хацелася дыхаць.
        Найперш я пайшоў да касцёла, бо першы кінуўся ў вочы. Дый хто ведае лепей гісторыю таго ці гэтага месца, як не настаўнік гісторыі і не ксёндз.
        Касцёл быў магутны, з дзвюма высачэзнымі вежамі. Тое велікапышнае і адначасова простае беларускае барока, якім яно было на пачатку XVII стагоддзя. А можа, на самым канцы XVI. На адной з вежаў быў “дзыгар” – каляндар-гадзіннік, які, на маё здзіўленне, ішоў.
        Дзверы касцёла, нягледзячы на будзённы дзень, былі адчынены. Убаку, пад разложыстымі старадаўнімі дрэвамі, стаяў матацыкл. Я падумаў, што гэта цывілізацыя і што вось нехта здорава ўмудрыўся падкаціць на ім пад самы касцёл свенты.
        У дзвярах з’явіўся чалавек невысокага росту ў цывільным, каротка стрыжаны. Шатэністыя валасы ўжо моцна сівелі. Усмешка была па-дзіцячы хітраватая, твар лісіны, але ў нечым прыемны. Такі, напэўна, быў ва Уленшпігеля. Насцярожвалі толькі вочы: то смяюцца, а то прамільгне ў іх нешта пранізліва-ўважнае, быццам пытае цябе да дна. То шэрыя прамяністыя, а то шэра-ледзяныя вочы.
        – Чы тутай ест пан пробашч?
        І тут загучала чысцейшая – у тэатры Купалы пашукаць – беларуская мова:
        – Так. Чым магу быць карысным грамадзяніну-у…?
        – Косміч Антон.
        – Леанард Жыховіч. Дык што прывяло вас у гэты гожы, але забыты куток роднай старонкі?
        – Ойча…
        – Які я вам “ойча”? Я быў і ёсць заходнебеларускі просты хлопец. Прынамсі, для вас, а не для касцельных дэвотак.
        У двух словах я, не адкрываючы сваёй мэты, сказаў, што прыехаў даследаваць замак, і паказаў дакументы.
        – Гм. Добра, хаця дакументы ёсць, – на маё здзіўленне, ён узяў іх і ўважліва разгледзеў. – А то за апошні час чагосьці дужа многія зацікавіліся гэтым няшчасным замкам… якога, магчыма, скора зусім не будзе.
        – Чаму?
        – Даб’юць людзі, калі не дабіў час.
        – А што?
        – Збіраюцца бурыць кавалак мура. Будуць рабіць двор для быдла.
        – Гм. Нават калі двор для быдла, – Жыховіч няўхвальна пакасіўся на мяне, але ўбачыў, што я ўсміхаюся, – то што, брамы няма?
        – Ёсць. Вузкая. А на выпадак пажару, прабачце, правілы пажарнай бяспекі прадугледжваюць два ўваходы. А касцёл глянуць не хочаце?
        – За тым і прыйшоў.
        Зайшлі. Ксёндз прысагнуў калена. Я, вядома, не.
        Продкі не кленчылі. Проста заходзілі, думалі, колькі ім трэба, і зноў выходзілі да жыцця.
        Вялізная пячора касцёла была тое, што завецца “змрок, напоены святлом”. У нефах паўцемра. Пад скляпеннямі, на алтарнай частцы, на калонах – радаснае і ўзнёслае святло. На роспісах, разьбленні, шматлікіх фігурах.
        Не маю тут змогі апісаць усё багацце старажытных абразоў. Некаторыя з XIV стагоддзя. Не магу апісаць і запісаў, якія зіхацелі цёмнай і светлай барвай, жоўтым і глыбока-сінім. Нельга апісаць і цудоўнай, старой дыспрапорцыі фігур алтара. Пра гэта нельга.
        Калі мы ўлезлі да аргана, які матава свяціўся чорным, залатым, крыху ржавым і прыглушанай зеленню, ксёндз раптам сказаў мне:
        – Гэта яшчэ што? А вось калі з карніза глядзець – галава закружыцца ад прыгажосці.
        Карніз апаясваў знутры, з трох бакоў, увесь храм, вісеў на вышыні метраў васемнаццаці, меў лёгкі схіл уніз і шырыню сантыметраў семдзесят.
        – Хадзем, – і Леанард Жыховіч лёгка пералез цераз балюстраду хораў, пайшоў, як па дарозе, па гэтым кашмары.
        – Не дрэйф! – сказаў я сабе і літаральна адарваў руку ад балюстрады. А пасля ўжо было ўсё адно. Я глянуў уніз, убачыў фігуркі людзей, з мезены палец, і фотаапарат адчувальна пацягнуў мяне ўніз. Ксёндз ішоў наперадзе і даваў талковыя, выразныя і ўразумляльныя тлумачэнні. Ён, здавалася, зусім не думаў, што іншы можа ісці па гэтым мосце ў пекла зусім не як па дарозе:
        – Бачыце, волхвы! Які каларыт!.. А Маці Божая – гэта ж цуд! Якая прыгажосць! Галава кружыцца!
        У мяне сапраўды кружылася галава ад “гэт-кай прыгажосці”! Я стараўся толькі ліхаманкава не чапляцца за мур, ды гэта і не ўдалося б, бо ён плаўна пераходзіў у паўкола скляпення.
        Калі я ўрэшце вылез зноў на хоры і зірнуў на маленькіх, бы ў перакулены бінокль, людзей унізе, я адчуў, што яшчэ хвіліна і я стану мокры, як мыш.
        – Ну як? – трыумфальна спытаў Жыховіч.
        – Цудоўна! – сказаў я. – Wunderbar. І часта гэта вы так “развлекаетесь”?
        – А што? – нявінна сказаў ён. – Голуб часам заляціць, б’ецца – нельга ж, каб разбілася божая істота. Ідзеш адчыняць акно.
        – Нельга, каб разбілася божая істота, гэта верна, – сказаў я, глянуўшы ўніз.
        Калі спусціліся ўніз, у сонечную паўцемру, мяне ўсё яшчэ нібы пагойдвала. Калісьці, падлеткам, я зусім не баяўся вышыні, мог сядзець на даху пяціпавярховага дома, звесіўшы ўніз ногі. Але “да яснай халеры”, як кажуць палякі, ногі ў трыццацівасьмігадовага зусім не такія, як у васемнаццацігадовага.
        – Што вас яшчэ цікавіць? – спытаў ксёндз.
        – Вітаўт Хвёдаравіч Альшанскі.
        – Той?
        – Той. Што то быў за чалавек?
        – Слуп веры. Шмат што для яе зрабіў. У прыватнасці, гэты касцёл.
        – Словам...
        – Словам, ледзь не блажэнны.
        – Beatus?
        – Beatus.
        – А што то за легенда пра ягоную жонку?
        – А, і вы чулі? Змова Валюжыніча і ўцёкі?
        – Легенда шырокавядомая.
        – Што ж, няўдзячная жанчына. Як многія з іх. Нездарма яе біскуп Геранім з Кладна папракаў. Уцяклі, скарб пабраўшы. Суддзя Станкевіч (а вы ведаеце, тады суддзя почасту быў і следчы), сярэдневяковы беларускі Холмс (а ён быў чалавек для тых часоў гуманны, катаванні, рэч тады звычайную, прымяніў толькі два разы ў жыцці), пагоню спыніў, а тады і сам магнат пакаяўся, што быў у гневе.
        – Але ж казалі...
        – І ён і людзі на Евангеллі кляліся, што ўцекачы жывыя... Шкада, скончыўся род. І апошні з іх павёў сябе не найлепшым чынам. Удавец, дзеці памерлі – яму б пра бога думаць. А ён...
        – Што ён...
        – Зблытаўся з немцамі, – коратка кінуў ксёндз.
        – Як?
        – Ну не з гестапа. Тут шэфам Кладзенскай акругі гестапа быў такі... а, ну яго. Дык Альшанскі звязаўся з імі толькі пад самы канец. А тут камрадамі яго былі камендант Альшан, граф Адальберт фон Вартэнбург, ды з айнзацштаба Франц Керн. І гэта горш, чым з гестапа.
        – Так, у поўным сэнсе горш.
        – Чаму згадзіліся з маёю думкай?
        – Гэта ведамства Розенберга. Рабунак каштоўнасцей. Набыткаў людскога генія за стагоддзі.
        – Так. І ўжо чаго яны ў Кладзенскай акрузе ні нарабавалі! Толькі вось Альшанскі цэлы быў. Аж пакуль у маі сорак чацвёртага не пачала гуляць па загаду Гімлера “kommenda 1005”, заціранне слядоў злачынства, “акцыі санітарныя”.
        – І што тады?
        – Тады палац Альшанскага разам са скарбамі згарэў. А сам ён прыбраўся з немцамі. Па чутках, неўзабаве памёр... Ну гэта ён адзін такі быў... А нагробак таго Альшанскага – вось ён.
        На высокім, метры ў два вышынёю, ложы з дужа-дужа рэдкага зялёнага мармуру ляжаў у паставе спячага чалавек у латах. Меч ляжаў пры баку, шалом адкаціўся набок. Магутная пастава, шырачэзныя грудзі, доўгія зграбныя ногі. Твар мужны, бровы нахмураныя, рот цвёрда сціснуты, але нейкая такая складка ў гэтых вуснах, што не хацеў бы я з ім звязвацца пры жыцці, і добра, што гэта мне не пагражае. Рассыпаліся буйныя валасы.
        І кагосьці мне нагадвае гэтая статуя. З тых, каго бачыў у жыцці. Крыштафовіча, які выратаваў мяне тады пад Альберцінам? Не, у таго твар быў мякчэйшы. Кагосьці з артыстаў? Габена? Не, у гэтага аблічча не такое простае, хаця такое ж суровае. Жана Марэ? Падобна. Або кагосьці з гістарычных асоб? Медычы? Калеоне? А, усе надгроб’і досыць падобныя адно на адно. Як большасць сяредневяковых статуй. Нягледзячы на некаторыя індывідуальныя рысы. Бо заказчык або нашчадкі хацелі бачыць у творы, у сваім партрэце нешта, акрэсленае самой эпохай.
        Мы выйшлі, я зірнуў на касцельную галерэю. Якраз у гэты момант пачаў мякка біць “дзыгар”.
        – У вайну стаяў, – сказаў ксёндз. – Але я, прыйшоўшы сюды, вырашыў адрапараваць. А рапараваў наш арганіст. Механік хоць куды. І нават каляндар працуе. Ну, пра сёе-тое не здагадаўся. Механізмы ж зусім не тыя. Месячны каляндар хлусіць, невядома якія там валікі-малаточкі і чамусьці увагнутыя люстэркі. Тут і Галілей не разабраўся б.
        – Я, на жаль, таксама. Прафан. Ну і як арганіст?
        – Выключны. Рэдкасць гэта – здабыць добрага арганіста. Толькі...
        – Што?
        – Часам гарэзнічае. Узяў аднойчы і сярод імшы “Лявоніху” разануў... Ну, а дзе іншага ўзяць?
        – Н-на, вясёлы ў вас касцёл.
        – Бываюць весялейшыя, – ён гукнуў касцельнага і аддаў нейкія распараджэнні.
        Мы падышлі да чырвонай “Явы”. Ксёндз спрытна адкінуў падножку.
        – Ваша?
        – Так, – ён ўбачыў маё здзіўленне. – Вось і адзін мой цывільны... гм... здзівіўся і паўшчуваў. “Што ж гэта вы так свой аўтарытэт падрываеце? Ксёндз. Ну, чаму матацыкл?” А я яму: “Таму, што грошай на машыну не хапае”.
        – Дзе тут замак?
        – А унь, цераз роў. Я не пайду з вамі. Брыдка часам глядзець.
        Матацыкл затрашчаў і вокамгненна знік з маіх вачэй. Я пакруціў галавою і пайшоў у бок замка.
        Зелянела трава. Мяккія, ужо жывыя, удзячныя вясне дрэвы рыхтаваліся да вялікай сваёй штогадовай справы: прабіць пупышкі, выпусціць лістоту, даць свету і людзям зелень, прыгажосць, кісларод, літасціва прыбраць з паветра тое, што надыхалі людзі са сваімі заводамі, а пасля пажаўцець ад гэтага і ад блізкага подыху зімы і, нічога не патрабуючы ўзамен, пакорліва, ціха і рахмана апасці долу. Але да гэтага яшчэ далёка, але якія радасныя ў прадчуванні гэтай працы былі дрэвы старажытнага, запушчанага, парадзелага дрэвамі і пагусцелага хмызамі парку, які даўно стаў падобны на лістоўны лес з ліпамі, таполямі, пагрозна ўзнесенымі патрыярхамі-дубамі і з падлескам ляшчыны, крушыны, глогу, парэчкі, перавітым ліянамі хмелю і калючым ажыннікам.
        Было дзіва як хораша.
        Бліснула наперадзе яшчэ чыстая, непазелянелая вада (гэта прыйдзе пазней, з цеплынёй): рэчка не рэчка, а хутчэй рукаў рэчкі, ператвораны калісьці ў роў. Лядашчы мосцік ляжаў над вадой. І тут я спыніўся, нібы мяне нехта ўдарыў.
        Вачам адкрылася нешта такое, што не да веры, чаго не бывае, не павінна быць сярод гэтай разнежанай весняй прыроды, сярод гэтых ласкавых дрэў і зялёнай травы.
        На тым баку ўзвышаўся мур і вежа (астатняе хавалі дрэвы), крыху-крыху толькі ў пражоўць, цёмна-свінцовага, амаль чорнага колеру.
        Замак. І які пагрозны, пачварны замак!
        І не на ўзгорку, не наводдаль, каб чалавек паспеў неяк падрыхтавацца, а твар у твар, як нечаканы цёс мяча.
        Ясна, што парк быў пасаджаны пазней, калі замак перастаў быць замкам, а стаў палацам, хай сабе і невыгодным, але прыдатным на тыя часы, і ўсё адно ўражанне было сапраўды ўразлівым, нібы чалавек падышоў да гушчару і раптам убачыў там разверстую ў рыку пашчу льва.
        І гэта было так, таму што я ўбачыў проста перад сабой цёмную і дужа нізкую арку брамы.
        І гэта была брама-праём, брама-тунель, брама-ўваход ў пячору страшнага гіганта-волата са злоснай казкі.
        Нават з нейкім трымценнем набліжаўся я да гэтай пашчы. І тут убачыў, што мур з абодвух канцоў замыкаюць дзве кутнія вежы. Пяць граняў знадворку. Шостая, відаць, выходзіла ва ўнутраны двор. Мур вышынёй метраў дзесяць – дванаццаць даходзіў вежам да пояса, да байніц сярэдняга бою. Вежы былі пустыя і часам свяціліся гэтымі байніцамі. Дахі на вежах спічастыя, і засталіся ад іх амаль толькі кроквы ды латы і толькі сям-там чарапіца.
        Замак разбiлi год дзвесце таму тагачасныя фашысты.
        Я iшоў брамаю-тунелем. Ага, праёмы пад завалу знешнiх, надворных, варотаў. Ніз тунеля, як і ўвесь, вiдаць, замкавы нiз, выкладзены цыклапiчнымi неабчасанымi валунамi. Сляды ўнутраных варот. Божа, даўжыня тунеля метраў пятнаццаць! Няўжо такой таўшчыні муры? Не, проста, вiдаць, над тунелем было памяшканне.
        І святло. Што ж, планіроўка простая. Квадрат. Кожны бок метраў па сто дваццаць. Злева тры вежы і справа. Насупраць, калі не лічыць дзвюх бакавых, яшчэ дзве, разам чатыры. А ўсяго, значыцца, па перыметры, восем. Мур збольшага, трэці на дзве, збярогся, сям-там развалены амаль данізу, але ўваход калісьці быў толькі адзін. І па перыметры муроў (таўшчыня, там, дзе развалена, на вока метра паўтара-два) рады вокан жылых памяшканняў. Вокан і дзвярэй. Так, дзвярэй, бо там, дзе муры не развалены, абкружае іх каменная галерэя, дзе закрытая аркамі і дахам, а дзе і адкрытая, унь, злева і там, дзе збераглася, проста перада мной. Там калодзеж. Справа, калі зірнуць за мур, над верхавінамі дрэў, вежы касцёла і “дзыгар”.
        Але і тут, усярэдзіне, унь, у левым далёкім куце, відаць рэшткі капліцы.
        Фасады замка бедныя, а тут, там, дзе сценка жылога памяшкання ўпала, відаць, што ўнутраны дэкор быў багаты.
        Верхнія паверхі некаторых вежаў былі, відаць, таксама жыллём. Унь ляпніны на столях, унь віюцца сляды дымаходаў.
        “Ах, ёлупень! Ах, бесталач, асталоп, паўдур’е, медны лоб, ёлуп хвашчоўскі! Ты правільна, бо змяя віецца і вінтавая лесвіца віецца, вырашыў навіваць пергаментную стужку на нейкі прадмет. І не стукнула ў мякінную тваю галаву, чаму “дымам”?
        Вось чаму. Унь яны віюцца, твае дымаходы. Іх назнарок часам рабілі такімі. Нават знадворныя коміны часам завівалі, каб дым з іх выходзіў калечкамі або вінтом. Яшчэ адно адрозненне, яшчэ адна магчымасць пакуражыцца перад іншымі не толькі шпіцамі і флюгерамі, рэшткі якіх відаць ужо там і сям, але і дымам. І гэта ж не ў адных Альшанах. У, медная твая конаўка!”
        На-а, замак. І ясна ж, што ёсць тут і патайныя калодзежы, хады, сховішчы, склады, студні, сутарэнні (ясна ж, арчастыя), лабірынты пераходаў, каменныя мяхі. Іначай які ж гэта замак? Што мы, горшыя за іншых? Цікава будзе тут пашукаць-папоўзаць.
        На першых паверхах памяшканні ніжэйшыя, там, дзе муры развалены, відаць, што скляпеністыя: дом у разрэзе. Жыла там, пэўна, варта ды прыслуга. Вышэй былі залы, высокія, з лепкай, нішамі для посуду. А унь камін. Мабыць, ёсць і патаемныя сходы, ясна ж, таксама вінтавыя. Што ж, палазім хаця ў прыёмных залах для гулянак-папоек, хаця нічога там няма, а ёсць толькі пройма, павуцінне, вільгаць і пыл.
        Толькі тут я апусціў вочы і разгледзеўся па двары. І добра зрабіў, бо давялося б абціраць туфлі.
        Відовішча было ахавае.
        Я заўсёды абураўся свінскім адносінам да большасці старых будынкаў. Чаму свінарнікі чамусьці ў большасці любяць змяшчаць у старажытных фальварковых абсадах, калі там самае месца для клуба, раддома, бальніцы, стадыёна, спортпляцоўкі. Зялёныя шаты, цень, кісларод. Але гэтыя ўстановы чамусьці стаяць на пустыры. А вакол пруцікі новых пасадак.
        Разбілі касцёл у Варончы – які клуб і які сад побач, якія раскошныя двухсотгадовыя алеі! Магутнае, спявучае, пышнае барока касцёла ў Шчорсах. Які музей (а музей вясковы побач, у цесным памяшканні)!
        Апраўданне знаходзяць у словах адной асобы, што трэба будаваць новае, а парахня (муры ў паўтара метра таўшчынёй) няхай рассыпаецца, хаця прыстасаваць “парахню” пад нешта бывае лягчэй, чым пабудаваць новае, якое часам, калі ёсць “парахня”, можа крыху пачакаць. Хай сілы і грошы будуць аддадзены яшчэ чамусьці.
        Што ж, і асоба была добрая свіння, і тыя з “апраўданнем”. Я звыкнуў ставіцца да гэтага больш-менш спакойна.
        Але тут нават мяне стукнула. Двор быў літаральна завалены розным ламаччам і хламам і тым, што было калісьці высокакаларыйным беларускім сенам. Словам, каровіны праснакі і авечы боб.
        А проста перад сабой, між першай і другой вежамі справа, я ўбачыў натоўп. У адным месцы мур быў даламаны амаль да зямлі на шырыню прыблізна трох метраў, а побач, на вышыні метраў чатырох, некалькі юнакоў з ламамі ў поце аблічча працавалі, разбіваючы цамянку: відаць, хацелі пашырыць пралом.
        Я падумаў, што гэта марныя штучкі, што тут і шар-баба не дужа б дапамагла і што той, амаль скончаны, пралом зрабілі не людзі, а час. Але тыя стараліся, што наверсе.
        Цэнтрам была група людзей. Адзін у сінім падношаным гарнітуры і ў ботах меў аблічча чалавека, які звыкнуў і падпарадкоўвацца, і загадваць, аблічча валявое і жарсткаватае, грубавата-часанае. Па пагляду старшыня калгаса, як яно пасля і выявілася. Было яму год пад пяцьдзесят, і быў ён здаровы, як конь. І змякчала выраз яго твару толькі гумарыстычная складка ў краёчку вуснаў. Не спадабалася мне толькі, што быў ён з чубком, як у бедалагі-нябожчычка фюрэра. З некаторых часоў я больш за ўсё на свеце не люблю такой прычоскі ды яшчэ вусікаў падобнага тыпу, якіх у чалавека, на шчасце, не было. А то б я зрабіў нешта несамавітае. Напрыклад, запусціў бы ў яго апаратам.
        “Гаспадар. Тым больш што і пасёлак сельсавета тыпу Альшаны ляжыць на тэрыторыі калгаса”.
        Побач з ім стаяў з партфелем у руцэ чалавек невысокага росту, таксама год пад пяцьдзесят, але зусім іншага тыпу. Твар шырокі, пасечаны дробнай сеткай зморшчын. І на гэтым твары цёмныя ўважлівыя вочкі. Чорная кароткая стрыжка, вялікія, нібы ў Буды, вушы. Ад яго на адлегласць у пятнаццаць сажняў прыемна тхнула перагарам, і, мабыць, таму твар ягоны быў дабрадушны. Тое, што называецца “вясёлы з пахмелу”. Быў ён прысадзісты, крыху сагнуты і махаў рукамі, не выключаючы той, з партфелем, больш за ўсіх.
        І яшчэ адзін кінуўся мне ў вочы. Убаку сядзеў на траве, на касагоры, магутнага складу і не менш чым сажнёвага росту чалавек з шырокім абліччам. Чорныя крылатыя бровы, сінія вялізныя вочы, арліны нос, гожы шырокі мужчынскі рот. Аблічча надзіва інтэлігентнае, хоць на прафесарскую кафедру, але нейкае трывожнае і дзікаватае, не такое, як у звычайных людзей.
        Аб тым, што гэта не прафесар, сведчыла толькі тое, што быў ён апрануты бедна: у паркалёвай расхрыстанай на грудзях сарочцы, картовых чорных портках, запраўленых у ялавыя старыя боты.
        Чалавек насіў кепку казырком назад (пасля я даведаўся, што гэта адна з яго заўсёдных адзнак, нават калі ён не быў у мучным пыле, а не хвілінны капрыз), і вакол яго круціліся дзесяткі два сабак усякага росту і масці і пераважна дрэннай пароды.
        – Тут, ці што, сутарэнні? – даляталі галасы.
        – Тут паўсюль сутарэнні. Як бы катора не правалілася.
        – Не. На вякі будавалі. Лупась, хлопцы.
        І тут я адчуў, што нешта мяняецца. Да групы дбайнікаў набліжалася два чалавекі ў атачэнні чародкі дзяцей і падлеткаў чалавек на дваццаць.
        Наперадзе крочыў невысокі худы мужчына ў дужа акуратным чорным гарнітуры і белай сарочцы з чорным гальштукам. Аблічча вясковага інтэлігента, простае і нічым не адметнае, хіба што шнарам, які перасякаў левае брыво. За акулярамі разумныя і раздумлівыя вочы. Валасы моцна сівыя на скронях.
        Другі быў высокі і плячысты і вельмі нагадваў нейкага амерыканскага каўбоя з фільмаў пра дзікі Захад. Саламяныя валасы, аблічча, прадубленае сонцам і ветрам да адцення цёмнага золата. Шырокі і высокі лоб, нос просты і нядоўгі, рот цвёрды, шчокі прыемна праваленыя.
        І ўсё гэта асвятлялі вочы такой глыбокай сіні, што рабілася радасна на душы.
        – Стой! Што вы гэта робіце? – яшчэ здалёк крычаў “каўбой”. – Якое ... па якім праве?
        – А ты не будзь у гарачай вадзе купаны, Змагіцель, – сказаў чалавек у сінім гарнітуры. – Трэба – значыць трэба.
        – Вы, Нічыпар Сяргеевіч, хаця і старшыня калгаса, – сказаў інтэлігент, – а і вам бы не шкодзіла ўсё ж паразважаць крыху над тым, што вы робіце.
        – А вы мне, Рыгор Іванавіч, таварыш Шаблыка, не ва ўсіх выпадках загадвайце, як мне гэтым калгасам кіраваць і што і як мне на яго карысць рабіць.
        – Небяспека супрацьпажарная патрэбна? – спытаў той, з партфелем, і “наставіцельна” ўзняў палец. – Патрэбна. Другі выхад патрэбен? Патрэбен.
        – Ды чаму тут гарэць? – спытаў нехта.
        – Не кажыце. І камень часам гарыць. І стрэльба раз на год сама страляе.
        – Гэта помнік, – спакойна сказаў Шаблыка. – Помнік культуры, помнік гісторыі нашай. І потым, хто вас прымушаў у ім загон для быдла рабіць? Зрабілі б убаку.
        – На гэта затраты трэба, – сказаў апартфелены.
        – Помнік. Пад аховай, – тлумачыў Шаблыка.
        – Які помнік? Адкуль відаць, што помнік?! – пачаў нервавацца чалавек з партфелем.
        – Вы не нервуйцеся, Тодар Ігнатавіч, – сказаў Шабыка. – Вы бухгалтар, вы можаце і не ведаць, што гэта – другая палова XVI стагоддзя.
        – Адкуль відаць?
        – Дошка была.
        – Дзе яна, дошка? – спытаў Тодар Ігнатавіч.
        – Здзерлі дошку! – узвіўся раптам крыкам “каўбой”. – У бур’яне яна валяецца! А ўсё ты, канторская скрэпка! Ты, Ганчаронак! Ты, чарнільная твая душа! Ты людзей падцкоўваеш, нібы гэты замак галоўны твой вораг.
        – Ціха, Міхась, – сказаў яму Шаблыка, але “каўбой”, відаць, зусім не ўмеў сябе трымаць і ўжо зусім азвярэў.
        – Скардзіцца на вас будзем. А табе, Ганчаронак, я дам дыхту. Я цябе неяк так прыму ў кулакі, так з морды мяса...
        Вочы Ганчаронка былі б страшнаватыя, каб не былі такія дурныя.
        – Я, між іншым, не толькі бухгалтар. Я і член пасялковага Савета.
        – А-а, – іранічна працягнуў Шаблыка. – Ну-у, калі член пасялковага Савета – тады абавязко-ова трэба бурыць.
        – Ды супакойцеся, – сказаў старшыня.
        – Вы яго паклічце да спакою, Альшанскі, – сказаў старшыні Шаблыка.
        “Альшанскі? Адкуль Альшанскі? З тых? Ды быць не можа. Апошні з немцамі ўцёк і памёр. Ідыёт. Мала, ці што, Альшанскіх. Адзін Гаўрыла ў Полацку?”
        – Кажу вам, зрабіце загон наводдаль, Альшанскі, – сказаў Шаблыка. – Іначай будзем скардзіцца.
        – Ну і валіце, – сказаў старшыня, – вам жа горай будзе.
        – Ты!Ты! – узбеляніўся “каўбой”. – Змагіцель. Ты... віслюк.
        – Пра новае думаць трэба, – сказаў старшыня, не пакрыўдзіўшыся на “віслюка”, бо не зразумеў.
        Я ўсміхнуўся. Я добра ведаю ўкраінскую мову і ведаю, як часам зручна абазваць другога такім чынам. Тыпова беларуская хітрынка. Спецыяльна ўжываць у якасці лаянкі замест нашай – лаянку з іншых славянскіх моў. І душу адвёў, і аблаяў, а той ніц не ўтаропае.
        “Віслюк” па-ўкраінску – “асёл”.
        – Так! Сапраўдны віслюк! Толькі віслюкі робяць такое.
        Затое Ганчаронак Тодар Ігнатавіч, бухгалтар і член пасялковага Савета, чамусьці асабліва пакрыўдзіўся на, відавочна, невядомае яму слова “віслюк”.
        – Ану, паўтары! Ану, паўтары, паўтары!
        – Я табе паўтару! – “каўбой” схапіў Ганчаронка загрудкі.
        – Высоцкі! – заблажыў той. – Чаго глядзіш на бандыцкае адроддзе?
        І тут ад натоўпу аддзяліўся высокі, выключна складзены і збіты мужчына год сарака з нечым. Валасы цёмна-русыя, светлыя вочы прыжмураны. У рухах лянівая грацыя, па якой відаць: можа быць нечакана рухлівы. Нос прамы, рот няўлоўна ўсміхаецца. У вялізнай далоні маленькая пужка.
        – Пастарайцеся, Ігнась Якаўлевіч, – сказаў ён сам сабе. – Ну што, сапраўды, за безабразія робіцца?
        І лёгка, як кацянят, развёў Ганчаронка і Змагіцеля, трымаў іх выцягнутымі рукамі.
        – Ну, няхораша. Ну, бойка будзе, – ляніва ўмаўляў ён. – Ну, міліцыя. Ну, пятнаццаць сутак. Ну, неба ў буйную клетку. Бухгалтар вялікага калгаса, член пасялковага Савета – і пятнаццаць сутак. Непрыгожа... Настаўнік роднага слова – і тратуар перад школай падмятае. Непрыглядна, экзамены скора. Вучні пра Сымона Скарыну слухаць хочуць, а вы...
        Чамусьці не паверыў я ягоным словам пра Сымона Скарыну. “Прыдурваецца, здзекваецца”, – падумаў я. Таму што была ў ім гэткая старасялянская ветлівасць і выхаванасць, але было і нешта дужа інтэлігентнае.
        – Ігнась! – гарлаў Ганчаронак. – Пусці, дай дарвацца.
        – Ды не пушчу, – ляніва сказаў Высоцкі.
        – Сука ты! Пусці! Пусці, адроддзе свінскае! Пусці, чорт смалены, дымны!
        І тут Высоцкі невядома чаму азвярэў.
        – Ты за брата... Колькі м-мож... Ты, гадзяня... Ты, выпоўзіна.
        Адштурхнуўшы Змагіцеля, ён схапіў Ганчаронка, выдзер у яго партфель, схапіў за карак і за руку і моўчкі пачаў карэжыць. Так, што стала страшна за жыццё таго.
        – П-пусці!.. П-пусці.
        Настаў час умяшацца і ратаваць усіх ад гарачнасці.
        Я пачаў наводзіць апарат, выбіраць пазіцыю. Нехта сыкнуў, і паступова авантура пачала сціхаць. Апошні выпусціў бухгалтара Высоцкі. Выгляд ва ўсіх быў збянтэжаны, а ў некаторых – спалоханы. Я нават не чакаў.
        – Вы хто такі? – першым ачомаўся Альшанскі.
        – А ці не ўсё адно?
        – А нашто вы гэта робіце?
        – А будзе харошая ілюстрацыя на тэму: “Правілы і нормы сацыялістычнага супольнага жыцця ў Альшанскім наваколлі”.
        І я шчоўкнуў яшчэ і мур з юнакамі на ім.
        – Гэй! Гэта яшчэ нашто? – крыкнуў здалёк старшыня Альшанскі.
        – Я Антон Косміч. Прыехаў даследаваць Альшанскі замак і касцёл. Маю адносіны да арганізацыі па ахове помнікаў, між іншым, і гэтага вось вашага замка. Застаў прыемную карціну разбурэння. І “запечатлел”. Да ведама сучаснікаў і на памяць нашчадкам. Удзячным нашчадкам.
        Дзеці вакол Шаблыкі зарагаталі. І гэты смех вывеў старшыню з цярпення:
        – Выньце плёнку.
        – І не падумаю.
        Ён кінуўся да мяне з грацыяй і спрытам бегемота. За ім Ганчаронак і Высоцкі. За імі Змагіцель і Шаблыка.
        – Падумалі б вы, Нічыпар Сяргеевіч, што гэта адна з прыкрас краю, – паказаў старшыні на замак Шаблыка.
        – Ты мне радзіму за мой кошт не ратуй, – кінуў яму старшыня.
        Да мяне падступілі Ганчаронак з Высоцкім.
        – Ты... ты адкуль... – вось-вось узялі б загрудкі.
        У гэты момант чалавек у мучным пыле, з кепкай казырком назад і з поўным картэжам беспародных сабак наблізіўся да нас, прайшоў між нас, як разжараны нож праз брус масла, стаў і ўтаропіў дзікаватыя ўважлівыя вочы ў нашы абліччы. Разглядаў, лунатычна хілячы галаву то на адно плячо, то на другое, і вочы былі нерухомыя, і я заўважыў, як усе нібы звялі, апусцілі рукі і адсунуліся. Чалавек паглядзеў, пакруціў адмоўна галавою і адышоў крокі на чатыры.
        – Н-не а. А? А-а-не! – ціха сказаў ён.
        Спрэчка зноў была пачала разгарацца.
        – Не смейце больш рабіць гэтага, – сказаў я.
        – Хто гэта тут такі яшчэ? – падлез Ганчаронак.
        – Змоўч, а то я табе.
        – А вы не крычыце на мяне, як нейкі афрыканскі папуас, – налязаў ён.
        – Новагвінейскі бушмен, – паправіў я.
        Чым бы гэта ўсё скончылася – невядома. Але ў гэты момант ад мура даляцеў крык двух дзесяткаў галасоў. Туды спяшаліся дзеці, і мы таксама кінуліся туды.
        На зямлі ляжаў, нязручна падкруціўшы левую руку, юнак год семнаццаці. Адзін з тых, што толькі-толькі былі наверсе і там дзяўблі ламамі. Гэты чарнявы юнак адзін з тых “кладзенцаў-гракоў”, як іх справядліва называюць.
        – Што з табой, Бронік? – з непрыхаванай трывогай спытаў Шаблыка.
        – Разбіўся? – гэта старшыня.
        – Здаецца, не, – юнак сеў, моршчачыся і падтрымліваючы правай левую руку.
        – Вывіх, – сказаў Ганчаронак. – Пацягніце за руку.
        – Не. – Шаблыка абмацваў хлопцаву руку. – Пералом. Хутчэй у бальніцу.
        Ведаю, я рабіў жорстка, не па-чалавечы, але трэба было стрымаць тую малпу, якая вырашыла рабіць такое з замкам, ды яшчэ і з рызыкай. Ну а каб не рука, а шыя. І таму я шчоўкнуў і гэтую сцэну.
        – Ну і вось, – ледзь не заплакаў Высоцкі, паказваючы на тое месца, дзе, відаць, хлопец пераламаў руку і дзе пінжак быў прадзёрты. – Во і пінжак раздзёр.
        – Падумаеш, адзін пінжак, – з пагардай адказаў мужны Бронік. – Мне гэта ўсё адно як Радзівілу, калі б у яго ў адным з маёнткаў парсючок здох.
        –Малі, хлопча, бога аб здароўі, бо маліць аб розуме табе позна, – сказаў я.
        Старшыня, Ганчаронак і Высоцкі відавочна сабраліся пакінуць поле бою. Але кінуць яго без слова азначала прызнаць сябе пераможанымі.
        Таму Альшанскі спытаў:
        – Гэта вы хаця дзеля чаго здымалі?
        – Бачыце, не так даўно быў “Фіціль” пра аднаго такога, – я сказаў гэта, хаця і ведаў, што кажу пустую пагрозу. – Магчыма, здымкі ў будучым і прыдадуцца.
        – Выньце плёнку, – сказаў Ганчаронак.
        – Вы, здаецца, не ахова, а гэта не нумарны завод, – адрэзаў я. – Выму. У цёмным пакоі з праявіцелем.
        Чаму так – не ведаю. Але ніколі не бачыў я чалавека, які б так усхваляваўся.
        – Вы...
        – Адставіць, – сказаў старшыня. – Сапраўды, пагарачыліся. Што нам, клінам сышоўся для загона гэты замак? Дый чаму тут, сапраўды, гарэць? Словам, будзе загон. Гэй, спускайцеся адтуль! – паглядзеў на дзяцей, што сачылі за сцэнай, і прыбавіў спецыяльна для мяне: – А з вамі пагаворым...
        – Так, – падхапіў Ганчаронак, – з вамі, што тут без году тыдзень, а падкопваецца пад аўтарытэт кіраўнікоў, мы яшчэ пагаворым.
        – Ахвотна. Тым больш што найболей падкопваюць аўтарытэт кіраўнікоў такія, як вы.
        Альшанскі, відаць, хацеў быў вылаяцца, але махнуў рукой.
        Яны пайшлі, і тут нечакана загаласіў ім услед чалавек у кепцы задам наперад:
        – Ага! Ага! Вось вам божая кара. Бурылі? Замак? А вы ведаеце, што тут было? Вось вам... Што тут было! Вось вам божая кара.
        І рушыў за імі ў суправаджэнні картэжу сваіх псоў.
        І толькі тут я зразумеў, што чалавек гэты – вар’ят.
        – Змагіцель Міхась Іванавіч, – “каўбой” працягнуў мне руку. – Мясцовы выкладчык беларускай мовы.
        – Шаблыка Рыгор Іванавіч, – сказаў другі. – Настаўнік гісторыі. Дзякуй вам, вы прыйшлі ў час.
        – Два Іванавічы, – сказаў я. – Што ж, Косміч Антон Глебавіч. Гісторык.
        – Мяркую, самая справа нам зараз накіравацца ў “Чайную”, – сказаў Шаблыка. – Я не люблю, але пасля сённяшняга ў мяне ад хвалявання і палёгкі аж калені дрыжаць.
        – І ў мяне, – сказаў “каўбой”. – Дый за знаёмства.
        Мы пакінулі ўрэшце запаскуджанае поле бою, зноў выйшлі ў парк, перайшлі мосцік, мінулі касцёл, аддыбалі метраў трыста ціхай вулачкай і ўвайшлі ў “Чайную”, проста невялікі пакой са стойкай, дзесяткам столікаў, акном на кухню і трыма вокнамі на сонную ціхую вуліцу.
        Маладая і надзіва свежая буфетчыца стаяла за стойкай і сумавала, бо народу яшчэ зусім не было: рана. “Каўбой” адразу па-каўбойску падкаціўся да яе:
        – Данусечка... Р-радасць мая... Як я рад бачыць вас па-ранейшаму маладой, як усход, поўнай, як поўня, свежай, як раса.
        – Гэ-э, ды ён помесь каўбоя з паэтам, – ціха сказаў я.
        – Ды ну вас, Міхась Іванавіч...
        – Я не Міхась. Я Змагіцель. Я ўсё змагу.
        – І мяне?
        – І вас, – люта адказаў настаўнік.
        Зрабіў жахлівую міну і, паказваючы на бутэльку каньяку, чулліва праспяваў:
        – “Дайте бедному шуту звездочку вон ту”.
        Тая засмяялася.
        – А што яму, – сказаў Шаблыка. – Малады, кавалер, дурэе.
        Мы селі за стол і выпілі за знаёмства.
        – Ну, гэтая гісторыя з Бронікам ім цяпер надоўга ахвоту да такіх штучак адаб’е, – сказаў Шаблыка.
        – Не кажы, – сказаў “каўбой-паэт”. – Ганчаронак гэта такая свіння, што не адвяжацца. Як нянавісць у яго нейкая сядзіць і да замка, і да многага. Ён гэта Альшанскага падбіў. Нутром чую.
        – Так, – Шаблыка круціў у руках акуляры. – Я б яго таксама лічыў, што гад паўзучы, каб мы разам з ім у гестапа не былі.
        – У гестапа? – я здзівіўся.
        – Ну так. Мяне ўзялі па падазрэнню за падполле, хаця прамых доказаў не было. Вядуць праз пакой, а ён стаіць рукамі ў сценку пад аховай сабакі. Убачыў – зрабіў выгляд, што не пазнаў, дай бог яму...
        – І як жа вы адтуль выйшлі?
        – Прадажныя яны былі. Нашага рэдка каго купіш. Аднаго-двух. А ў іх толькі аднаго-двух і не купіш. Выкупілі нас. Тым больш што доказаў не было. Ганчаронак, кажуць, трымаўся, язык праглынуўшы. А тое, што характар дзярмо, – справа дзесятая.
        – І ўсё адно, – зноў ускіпеў “каўбой”. – Я яму “бандыцкага адроддзя” не дарую.
        – А чаму... – і я асекся, бо ледзь не сказаў нетактоўнасці.
        Змагіцель торкаў відэльцам у катлету:
        – Тут сакрэту няма. Усе ведаюць. Быў я па дурасці пасля вайны некалькі месяцаў у бандзе, шчанюк зялёны, непаўналетні. Р-рамантыкі захацелася. У філіяле банды Боўбеля-Куляша. Самога-та не бачыў. І добра, што трапіўся мне харошы чалавек. Шчука было яго прозвішча. Ён мне і давёў, што я такое. Ну, я сваю віну выкупіў. Дзякуючы яму і мне мой філіял загадаў доўга жыць, часткова здаўшыся, а асноўную частку з самім Куляшом да Палінскага балота прыціснулі і знішчылі да апошняга чалавека. І сам Кулеш зранены ў багне патануў. А ён мне: “Бандыцкае адроддзе”. С-сука!
        – Ладна, супакойся, – паклаў яму руку на плячо Шаблыка.
        – Слухайце, а гэты хто, у кепцы казырком назад?
        – А-а. Людзвік Лапатуха, – сказаў сумна Шаблыка. – Вар’ят. Ціхі. Часам толькі незразумелае гаворыць. Ну і кепка. І сабакі яго страшэнна любяць. Бачылі? Табунамі ходзяць. Нямецкіх аўчарак толькі баіцца і кідае ў іх камяні.
        – Адкуль жа ён такі, няшчасны чалавек?
        – У нас тут у сорак чацвёртым немцы нейкую работу вялі, а пасля рабочых чалавек чатырыста, палякаў ды нашых, расстралялі ў паўкіламетры адсюль. Ды помнікі вы пасля самі ўбачыце, у парку стаяць. Наш помнік, агульны і польскі. Мы з адным польскім раёнам тут сябруем, то яны прыязджалі ды паставілі яшчэ сваім, – Змагіцель уздыхнуў. – Страшная была гісторыя.
        – А Лапатуха тут пры чым? – спытаў я.
        – Кажуць, што ці не яму аднаму ўдалося з-пад расстрэлу неяк уцячы, – задуменна сказаў Шаблыка. – Ці ён быў адзіным выпадковым сведкам. І крануўся, гледзячы на ўвесь гэты жах. Але цяпер ад яго ўжо ніхто нічога і ніколі не даведаецца. І быў жа добры, культурны чалавек. Скончыў гімназію і адзіны тады скончыў з усяе Альшанскай акругі універсітэт. Пражскі. Некалькі моў ведаў. А цяпер, бачыце, як яго скруціла. Толькі і можна дабіцца, што вартуе ён тут магілы. Прапаў чалавек. Мяхі на млыне цягае. Шкадуюць яго.
        Гаварыць далей на гэтую тэму было непрыемна і цяжка, і таму я перавёў размову на іншае:
        – Слухайце, а што гэта ў вас кажуць нібыта пра нейкую жанчыну з нейкім там чорным манахам?
        – Аа-а, працяг легенды з XVII стагоддзя, – скептычна ўсміхнуўся Шаблыка. – Валюжыніч і Ганна Альшанская. Чу-улі.
        – Ну не, – узвіўся “каўбой-паэт”. – Вы можаце смяяцца, казаць, што я ёлуп, а я веру: ёсць нешта такое. І за апошнія некалькі год зноў з’явілася. Ужо чалавек шэсць казалі. Людзі дарма шоргаць языкамі не будуць, і дыму без агню не бывае.
        – Дык што?
        – Кажуць, сапраўды, у некаторыя ночы з’яўляюцца. І калі прыйдзеш у такую ноч і падыдзеш добра, то ідуць. Часам па касцельнай галерэі, часам па замкавай. Часам па той і па другой. Размытыя, туманныя. Ідуць і знікаюць і нічога не гавораць.
        – Ты каньяку болей пі, – сказаў Шаблыка.
        – Ды я амаль і не п’ю. Як ты. Але веру, ёсць нешта такое. Праходжваюцца, ідуць.
        Мы глядзелі на ціхую і добрую вясковую вуліцу, на бярозы, якія рыхтаваліся зазелянець, на бялюткія стаўбуры яблынь на вугальна-чорнай ільснянай зямлі.
        – Н-на, – сказаў я, – гляджу я, у вас тут ідылія.
        – Ідылія, – сказаў Шаблыка. – З кантрастамі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.