РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Заўтра ёсьць учора
1. Арышт
2. Міласэрнасьць уначы
3. Новыя гаспадары
4. Нападзеньне ў пуні
5. Катаваньне ў клясным пакоі
6. Забойства
7. Абуджэньне
8. Вульгарная прыгажуня
9. Маёўка
10. Двубой
11. Лара ліхадзейка
12. Расправа
13. Чорная бездань
14. Д'ябалава гулянка
15. Гвалтаваньне
16. Дзірка ад кулі
17. Сустрэча старых сяброў
18. На папраўку
19. Іспыт на трываласьць
20. Руіны
21. Знаходка
22. Дзядзька
23. У судзе
24. Па сьледзе забойцы
25. Адзін крок паперадзе
26. Пачатак каханьня
27. Вось і сустрэча
28. У пошуках слушнасьці
29. Выклік
30. Сьмяротная паездка
31. Вяртаньне да жыцьця
3. НОВЫЯ ГАСПАДАРЫ
        
3. НОВЫЯ ГАСПАДАРЫ

        
        Назаўтра, раньнім ранкам, прыйшлі немцы.
        Не спаткаўшы ніякага супраціву, нямецкі танкавы атрад напару з мотапяхотай спакойна прайшоў па пыльнай дарозе. Гэта была ўражальная па ўсіх мерках карціна.
        Вяскоўцы прыцягнуліся да гасьцінца й стаялі ціха паабапал, разьзявіўшы раты, пакуль Вэрмахт вёў наступ. Гэтыя чужынцы разграмілі тое, што было абвешчана самым магутным войскам у сьвеце. І што яны нясуць з сабой цяпер?
        Няпэўнасьць да таго, як паставяцца немцы да іхнага прыходу да дарогі, зьнікла; вяскоўцы супакоіліся, усьмешкі зьявіліся на іхных тварах. Некаторыя сьмельчакі махалі рукамі ўзброенай працэсіі, і запыленыя, потныя жаўнеры на танках і грузавіках лагодна ім адказвалі.
        Па-за гэтай сцэнай добрай волі глыбока ў сэрцах вяскоўцаў хаваліся блытаныя пачуцьці. Хто скажа, чаго ад гэтых новых гаспадароў чакаць?
        Старыя знаўцы рабілі свае заўвагі з асьцярогай. Іхныя сэрцы тачыла падазронасьць. За сваё жыцьцё яны перажылі цяжар Першай усясьветнай, раны ад якой залізвалі ці ня больш за дзесяць гадоў. Беларусь, іхная краіна, была здабыла незалежнасьць, але ненадоўга. Перацягваньне каната паміж двума драпежнікамі-чужынцамі аднавілася, і адразу пасьля вайны іхная краіна была падзелена й калянізавана Масквой і Варшавай. Цяжар каляніяльнага гнёту даўся кожнаму ў такія знакі, што людзі рады былі ўжо хоць якім пераменам. Як быццам жылі яны ў нейкім адасобленым пекле, і жыцьцё іхнае было сьмяротным шляхам уніз па сьпіралі.
        Марыя Каравай з маці сустрэлі новы дзень з трывогай. Што зробяць немцы, калі прыйдуць і ўбачаць чырвонаармейца ў іхнай хаце? Яны ставілі пад небяспеку і жаўнера, і саміх сябе. Чалавека не выкідаюць з хаты, нават калі гэта й чужынец, нават у гэтай краіне. Але яны мусяць нешта рабіць. Жаўнеру патрэбен час, каб ачуняць, а Марыін ложак -- гэта не шпіталь.
        Гэтак яны стаялі ля хаты на цёплым сонейку -- Марыя, трымаючы Аленку на руках, -- і ціха размаўлялі.
        -- Бедны хлопец, -- гаварыла Аксіньня. -- Кажа, ён з Ленінграду. Толькі ажаніўся й павінен быў пайсьці ў войска. Недзе ж ягоная жонка трывожыцца аб ім, як і ты аб сваім Валодзю. Госпадзе, халера на гэтую вайну!
        -- Ці не сказаў, як яго завуць?
        -- Дык... неяк Кол... дай успомніць... Калпакоў, здаецца. Так-так. Ваня Калпакоў, казаў.
        -- Ці падабаецца ён табе, мама?
        -- Падабаецца? Я ня думала... Не скажу, што ён не падабаецца мне. А што?
        -- А мне нешта... Калі ён так уперыўся ў мяне блізка тады ўначы, у мяне было нейкае пачуцьцё... Неяк...
        -- Ну? -- спанукнула яе маці.
        -- Ай, ня ведаю... Мне здавалася, як быццам ён не на мяне глядзеў, а празь мяне. Забаўна, так? Можа, я й памыляюся. Ён зараз хворы. Але маё шостае пачуцьцё неяк насьцярожвае мяне... Ай, я ня ведаю, мама.
        -- Дзіўна ты гаворыш. У мяне такое ж уражаньне. Але ён жа ня можа нам нічога зрабіць, і яму патрэбна дапамога. Хто б ён ні быў ці ёсьць, мы мусім дапамагчы яму, Маня. Можа, гэта Бог нам яго паслаў. Падумай пра свайго Валодзю.
        -- Так-так, мама, ты маеш рацыю. Ты ня думаеш, каб хто з суседзяў даведаўся пра яго?
        -- Якім чынам? Ён прыйшоў зусім позна, і ніхто нават не заікнуўся ні аб чым сёньня раніцай. Акрамя хіба Ніна...
        -- Варта было б паклікаць яе яшчэ раз на перавязку, га?
        -- Трэба.
        -- Ці ён паеў што ўначы?
        -- Не. Ён зусім быў ня ў стане. Але ўраніцу трохі пад'еў.
        
        Праз два дні ў вёску заявіліся немцы.
        Пяхотны атрад -- з маладым бялявым, блакітнавокім лейтэнантам на чале -- пракаціў да школы, выцягваючы за сабой усіх са свайго жытла.
        Нават яшчэ перад тым, як нехта ў цывільным, што прыехаў зь імі, загаварыў на ламанай беларускай, вяскоўцы, па аднаму й групамі, з чаканьнем у вачах сабраліся на вуліцы перад школай.
        Ланцуг пехацінцаў з аўтаматамі трымаў іх воддаль ад афіцэра, які са школьнага ганку ўважліва аглядаў незнаёмыя абветраныя сялянскія твары. Затым ён прагаркаў першы загад новай улады, які быў перададзены цывільным тлумачом далей да натоўпу.
        Зь лейтэнанцкай тарабаршчыны сяляне дазналіся, што адзін магутны дабрадзейны й высакародны хлопец зь імем Адольф Гітлер ажно дзеля залатой будучыні ўсяе Эўропы ўзяўся вызваліць усе паняволеныя народы, сярод іх і беларусаў, ад жыда-бальшавізму ды ў дадзены момант як мага хутчэй выконвае сваю бескарысьлівую задачу. Вельмі хутка плёнам надзвычайнай шчырасьці Адольфа дзеля беларускіх сялянаў станецца ліквідацыя ненавісных калгасаў. Кожны, хто здольны й хоча працаваць, будзе надзелены зямлёй.
        З гэтакае навіны твары ў напружаным натоўпе прасьвятлелі й пачуліся ўхвальныя галасы.
        Лейтэнант паклікаў да парадку й працягваў.
        Ув адказ на велікадушнасьць фюрэра вызваленыя мусяць дапамагаць трымаць новы парадак, дапамагаць немцам зьліквідоўваць рэшткі ненавіснага жыда-бальшавізму. Усе знаныя камуністы мусяць быць неадкладна выдадзены мясцовым нямецкім уладам, якія разьбяруцца зь імі адпаведна з новым законам. Уся зброя, радыё, машынапіскі й іншыя такога кшталту рэчы мусяць быць выдадзеныя немцам; дэзэртэрам Чырвонае Арміі ані ў якім разе не даваць прытулку, а паведамляць аб іх мясцовай нямецкай вайсковай камэндатуры. Карацей, немцы разьлічваюць на поўнае супрацоўніцтва. Любы, хто ня будзе выконваць гэтыя загады, будзе адпаведна пакараны.
        Лейтэнант Вэрмахту скончыў чытаньне абвесткай, што заўтра ці пасьлязаўтра будзе зарганізаваны шкілет мясцовай адміністрацыі, каб дапамагаць руплівым немцам па ўкараненьню фюрэравага дабраславеньня. На дапамогу немцам і дзеля аховы саміх жа грамадзянаў будзе сфармавана і паліцыя.
        Пасьля гэтага немцы хуценька дэпартавалі, відаць, каб прасунуць прамень фюрэравага сьвятла далей і надзяліць ягонымі дабраславеньнямі жыхароў наступнай калектываванае вёскі.
        Загад, які зачытаў вэрмахтаўскі афіцэр, быў прышпілены да дзьвярэй школы.
        Усеагульная ўвага сканцэнтравалася на гэтай файна надрукаванай паперцы, дзе пад распасьцерлым крылы арлом і свастыкай быў тэкст па-нямецку й па-беларуску. Яна выяўляла сабой незнаёмы твар новага гаспадара, якога належала было пільна разгледзець і дэталёва вывучыць. Сяляне ўзгарузьдзіліся вакол яе, павыцягваўшы шыі, камэнтавалі кожны параграф. Найважнейшы інтарэс выклікаў пункт пра ліквідацыю калгасаў і надзяленьне зямлёй кожнага, хто хоча апрацоўваць яе сам.
        Асьцярожна, наўмысьля марудзячы, не жадаючы пакуль ляпіць ніякіх высноваў, сяляне павольна абмяркоўвалі такую вялікую навіну. Дадому ўжо ніхто не сьпяшаўся, хатнія справы пачакаюць. Зараз трэ было ўсе навіны абсмакаваць і даўпець, што можа прынесьці заўтрашні дзень.
        Марыя засталася ўдома з Аленкай і Валодзем. У Аксіньні не было ні часу, ні сьмеласьці затрымлівацца з натоўпам. Паранены жаўнер у іхнай хаце стаў пагрозьлівым, як і само жыцьцё. Гэты дамоклавы меч, якога яшчэ раней трэ было пасьпешна пазбавіцца, цяпер у любы момант мог абрынуцца на іхныя жыцьці.
        Ваня Калпакоў быў паеўшы, выспаўшыся. Ён зацікавіўся новым парадкам і правіламі немцаў і сам памеркаваў, што дзеля сваёй жа карысьці яму б варта было перабрацца ў якое іншае месца. Менавіта тады ўпершыню і ўзгадалася лесьнічоўка як магчымае месца для надзейнага прытулку.
        Лесьнічоўка была жытлом лесьніка, прызначанага дзяржавай даглядчыка лесу. Хата была амаль за вярсту ад іх, у глыбіні лесу. З-за характару савецкага рэжыму яна сама па сабе была аб'ектам нянавісьці тутэйшых, бо ўтрымлівала ў сябе дзяржаўнага функцыянера, які разам са сваімі сабакамі не даваў людзям карыстацца багацьцямі іхнага ж лесу. Вечна абцяжараным галечай і нястачай матар'ялаў людзям патрэбнае было дрэва на дровы й на будаваньне. Таксама як і дзікія ягады й грыбы, якіх у беларускіх лясах процьма. І да ўсяго гэтага, зрэшты, беларусы проста любяць лес і хараство прыроды гэтак жа моцна, як, скажам, ангельцы любяць мора.
        Савецкі каляніяльны рэжым ніколі не зьвяртаў увагі ні на патрэбы, ні на зацікаўленасьці простых людзей. А гэта значыць, што людзям прыходзілася красьці ?государственную собственность?, у якую ўваходзіла ўсё, што толькі ні знаходзілася ў лесе, нават ягады й грыбы. З тымі, каму не пашанцавала й хто быў злоўлены за гэтым, распраўляліся вельмі жорстка.
        У дадатак да гэтай шкоды абразай было й тое, што лесьніком заўсёды быў расеец -- чужнік у гэтай калянізаванай краіне. Сам па сабе гэты факт быў прычынай на тое, каб ставіцца да такога чыноўніка з падазронасьцю й недаверам. Ён быў чужым бюракратам, які стаяў на варце ля брамы таго, што жыхары лічылі найбагацейшай доляй іхнай зямлі. Дый мала таго, але вартаўнік звычайна сам меў лыч у пуху: сам жа краў і прадаваў драўніну вышэйшаму начальству.
        Карацей кажучы, аднаго сухога летняга дня, два гады таму, зайшлася хата лесьніка шызым дымам. Толькі пуня, што была падалёк ад згарэлай ушчэнт хаты, засталася адна сярод бярозак.
        Улады так і не злавілі падпальшчыка. Цішком -- бо навучыўшыся за гады паняволеньня -- многія, адылі, намякалі, што былі надта ўсьцешаны тым пажарам, хаця ненавісны чыноўнік проста пераехаў у іншую лесьнічоўку.
        Пакінутая пуня падалася цяпер Марыі з маці магчымай схованкай для жаўнера пад іхнай апекай.
        Уначы Марыя схадзіла ў суседнюю вёску, дзе жыў ейны стрыечны брат, і папрасіла дапамагчы вынесьці жаўнера з хаты. Разам яны зрабілі якіясь насілкі й па начной цемры занесьлі Калпакова да павеці былой лесьнічоўцы. Паклалі яго там на сене, дзе было выгодна, што ў тым ложку. Страха пуні, як ім падалося, была даволі крэпкая, каб захоўваць ад дажджу й сьнегу.
        Усе, з жаўнерам разам, былі задаволены такім вырашэньнем. Марыя паабяцала штодня прыносіць ежу, мо, зацемна, каб пазьбегнуць суседзкіх цікаўных вачэй.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.