РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Заўтра ёсьць учора
1. Арышт
2. Міласэрнасьць уначы
3. Новыя гаспадары
4. Нападзеньне ў пуні
5. Катаваньне ў клясным пакоі
6. Забойства
7. Абуджэньне
8. Вульгарная прыгажуня
9. Маёўка
10. Двубой
11. Лара ліхадзейка
12. Расправа
13. Чорная бездань
14. Д'ябалава гулянка
15. Гвалтаваньне
16. Дзірка ад кулі
17. Сустрэча старых сяброў
18. На папраўку
19. Іспыт на трываласьць
20. Руіны
21. Знаходка
22. Дзядзька
23. У судзе
24. Па сьледзе забойцы
25. Адзін крок паперадзе
26. Пачатак каханьня
27. Вось і сустрэча
28. У пошуках слушнасьці
29. Выклік
30. Сьмяротная паездка
31. Вяртаньне да жыцьця
12. РАСПРАВА
        
12. РАСПРАВА

        
        У прыцемках коні пайшлі рысьсю.
        Марыя сядзела ззаду заладаваных саломай саней побач з трыма ўзброенымі аўтаматамі мужыкамі. Яна глядзела на засьнежаныя сілуэты партызанскіх зямлянак, паўздоўж якіх яны зараз праяжджалі. Лагер выглядаў сонным за выключэньнем рэдкіх вартавых. Некаторыя пазнавалі й віталі Лару, і да вушэй Марыі даляталі слабыя гукі зь іхных вуснаў.
        Яны мінулі ўзьлесак, і пярэдняя пара коней, падганяная Ларай, пайшла ў галоп. Задняя -- узялася наўздагон. Прыгнуўшыся ў санях, яны несьліся праз адкрытае поле, і марозны вецер, напару з глухім стукам конскай папругі, завываў у іхных вушах. Спусьцілася цемра, а Лара ўсё падганяла коні.
        Усе маўчалі.
        Усё яшчэ агаломшаная тым, што пачула ад Лары, Марыя сядзела прыгнечаная, трымаючыся за поручань. Да гэтага часу яна ўжо спасьцерагла прызначэньне гэтай місіі. Яе ўзялі з сабой, каб яна стала сьведкай забойства, разбою -- Бог ведае чаго.
        Яны праехалі па мясьціне, якая -- як вызначыла Марыя -- была некалі вёскай. Вялізныя цагляныя печы з выцягнутымі ўверх комінамі стаялі самотна сярод засьнежаных камянёў. Дзе-нідзе -- недаедзеныя вогнішчам рэшткі жытла. Марыя падзівілася, што ж магло здарыцца зь людзьмі. Магчыма, спаленыя жыўцомі, што сталася ўжо звычайнай справай.
        -- Калінаўка, -- прамовіў Сьцяпан, быццам адказваючы на Марыіна пытаньне. -- Фашысты змардавалі жыхароў, спалілі ўсіх і ўсё, на Каляды якраз.
        Шкілеты цагляных печаў і комінаў, сплываючы удалячынь, здаваліся кастлявымі пальцамі, што паказвалі ў нябёсы, паклікаючы помсты.
        Празь яшчэ адну палову гадзіны адчайнай паездкі паўзноч Лара запаволіла й спынілася каля зарасьніку на схіле. Група зьлезла з саняў і стала ўглядацца ў адным накірунку. За далінай, недзе з паўмілі, быў хутар, якраз на схіле, пасярод вёскі. Мусіў даўней належаць камусьці з улады, напэўна, сябру Партыі.
        -- Гэтта ж, пэўна, там тая падла жыве? -- сказаў адзін з партызанаў.
        -- Дык жа ж забраў прэдседацельскае жытло. Напэўна, добра ліжа фашысцкую задніцу, -- сплюнула Лара.
        -- Пойдзем адразу ці спачатку разьведаем, Ларыса Сямёнаўна? -- запытаўся другі партызан.
        -- Міша й Патапыч, -- зьвярнулася Ларыса да двох, -- вы абое йдзіце паглядзіце, ці там бясьпечна. Ня йдзіце праз усю вёску, будзьце як мага незаўважнымі, глядзіце сабак. Будзьце асьцярожнымі ўдвая. Мы чакаем вас тут.
        Абодва мужчыны зьніклі ў шэрай цемрадзі. Тры мужчыны й дзьве жанчыны, нерухомыя й пільныя, прыслухоўваліся да гукаў зь вёскі. Урэшце пачулі сабачы брэх.
        -- Яны хочуць разбудзіць іх к ядронай мацеры, -- пракаментавала Лара. -- Тыя падлы могуць схавацца. Сьцяпан, ты дакладна ведаеш, што яны ўдома сёньня?
        -- Рыгор запэўніў мяне, кляўся ўсімі сьвятымі. Ён ніколі ня здраджваў нашаму даверу, -- адказаў высокі мужчына. -- Не хвалюйцеся, Ларыса Сямёнаўна, возьмем мы яго цёпленькага ў ложку са сваёй любай жоначкай і даражэнькімі дзеткамі побач.
        Заглумленая, Марыя намагалася здагадацца, хто быў гэтай прызначанай ахвярай. Адзін ці разам зь сям'ёй? Цяпер Ларыны словы, прамоўленыя раней гэтай ноччу, набылі злавеснае значэньне.
        Хутка вярнуліся Міша з Патапычам.
        -- Усё чыста, -- далажыў Патапыч. -- Нідзе ніякага сьвятла. Мы не падыходзілі блізка да хаты. Сабакі ж...
        -- Чорт, -- абазвалася Лара, -- нам спачатку трэба будзе пазбавіцца іх. Што скажаце?
        -- Я зраблю гэта, Ларыса Сямёнаўна, -- вызваўся Сьцяпан.
        -- Як?
        -- Застаўце гэта мне, -- запэўніў ён. -- Чакайце майго сьвісту. Тады можаце рухацца.
        З трывогай яны чакалі. Хаця й апранутая, Марыя трэслася ад холаду. Халодны вецер пранізваў наскрозь ейнае старэнькае пераплатанае паліто.
        Каля хутара брэхнуў сабака й тут жа змоўк. Партызаны пачулі ціхі сьвіст.
        -- На сані! Жыва! -- скамандавала Лара.
        Яна ўскочыла на пярэднія, схапіла лейцы й у поўны рост, расставіўшы ногі, пагнала коні да хутара.
        Менш як празь пяць хвілін яны ўжо рушылі да дзьвярэй. Высокі цень накіраваўся да ганку.
        -- Ці чуваць там што, Сьцяпан? - запыталася Лара.
        -- Нічога.
        -- Коля й Грыша, -- шэптам закамандавала Лара, -- абыходзьце хату й пільнуйце заднія дзьверы на ўсялякі выпадак. Міша, сачы за вокнамі, а мы -- грукаем тут.
        З аўтаматамі напагатове Лара, два мужчыны й зь імі Марыя падышлі да дзьвярэй. Лара ціха пастукала, прыхіліўшыся вухам. У хаце нехта заварушыўся. Лара пастукала яшчэ раз. Праз колькі хвілін да іхных вушэй данеслася асьцярожнае шоганьне ног за дзьвярыма. Нехта там спыніўся, прыслухоўваючыся. Лара зноў загрукатала, цяпер мацней.
        -- Хто там? -- запытаўся мужчынскі голас.
        -- Сябры. Адчыняй, -- адказаў Патапыч.
        -- Якія сябры? Голас незнаёмы. Хто вы такія?
        -- Паліцыя з Гарадка. Нам трэба пабачыцца з тваім сынам па важнай справе.
        Няпэўная паўза, потым грук дзьвярной клямкі. Лара зараз жа рванула дзьверы. Ліхтар у ейных руках асьляпіў старога з барадой, апранутага ў начную кашулю; ён бездапаможна залыпаў вачыма, ня ведаючы, што рабіць.
        Вузкі прамень ліхтара шмыгаў па ўсіх завугольлях і шчылінах. Сьцены й земляная падлога вызначаліся ў цемрадзі сялянскім начыньнем на іх. Вялізны шэры кот бліснуў вачыма на ўваліўшыхся ў хату. Патапыч рушыў да задніх дзьвярэй, адчыніў іх, упусьціўшы Колю й Грышу.
        -- Ідзі ў хату, -- пхнула Лара старога.
        -- Хто ты? Што табе трэба ад мяне? -- спалохана залапатаў ён.
        -- Давай!
        Коля падтрымаў дзьверы наросхрыст, і ўсе ўвайшлі ў хату.
        Прамень Ларынага ліхтара заскакаў па пакоі. У куце стаяў вялікі драўляны стол. На яго уперыўшыся былі барадатыя твары з іконаў над ім. Уздоўж стала была даўгая лава, другая такая ж -- уздоўж сьцяны.
        Крэпкая самаробленая мэбля Лару не зацікавіла. Яна рванулася ў спальню, скамандаваўшы на хаду:
        -- Хлопцы, закройце вокны й запаліце сьвятло!
        Там былі два ложкі. На адным зь іх сядзела жанчына сярэдняга веку, са скалмачанымі валасамі, і лыпала вачыма пад нечаканым промнем сьвятла. На другім, шырокім, -- двое дзетак, напэўна, хлопчыкі, няўклюдна варушыліся спрасонку.
        -- Добра... А дзе ж гэты? -- раўкнула Лара, сьвецячы жанчыне проста ў твар.
        -- Дзе -- хто? А вы хто? Прыбяры сьвятло ад мяне! -- злосна адказала жанчына, прыкрываючы вочы далоньню.
        -- Ты ведаеш, пра каго я кажу. Мужык твой дзе? -- Лара кінулася да жанчыны й разьюшана затрэсла яе. -- Прачніся, сука!
        -- Няма яго ўдома. Прэч свае рукі ад мяне!
        -- Брэшаш, сука, -- плюнула Лара, вылаяўшыся. -- Бо што б ягоная форма рабіла на сьцяне? І хто спаў тут толькі што побач з табой? -- яна задрала рукамі цёплую пасьцелю побач зь цяпер ужо цалкам устрывожанай жанчынай.
        Шэрая вопратка кіраўніка Саюза Беларускай Моладзі вісела на круку на сьцяне. Гэтая арганізацыя ня мела нічога супольнага з паліцыяй.
        Жанчына, зьбялеўшы, паглядзела на вопратку. Раптам яна ўсё зразумела.
        Прачнуўся малодшы хлопчык, захныкаў, праціраючы вочкі.
        -- Я тут, -- усклікнуў мужчына, саскокваючы ўніз са стэлі. Напэўна што ён быў уцёкшы й схаваўшыся паміж стэляй і саламянай страхой. Устаў перад Ларай, гледзячы ёй проста ў вочы.
        -- Янка! -- усклікнула спалохана жонка.
        -- Нічога, Соня. Супакойся.
        Гадоў сарака, апрануты ўв адно ніжняе, у кажуху. Ягоны шырокі, скуласты твар быў тварам чалавека, хто глядзіць табе проста ў вочы, упэўнены ў свёй праўдзе. Дапытлівымі блакітнымі вачыма ён агледзеўся на сваю жонку, дзетак у ложку, на іншых партызан. Тады зноў блізка ўперыўся Лары ў вочы.
        -- Пэўна гэта ты, каго называюць "прыгожым д'ябалам". Асьмелюся сказаць, ты адпавядаеш гэтаму вызначэньню.
        Лара ўляпіла яму па твары і, наставіўшы ў грудзі аўтамат, раўкнула:
        -- Выходзь з пакою! Пагаворым.
        Дзеці зусім прачнуліся, малодшы плакаў. Янкава жонка гістэрычна ўскочыла з ложка, ухапіла мужа за пояс, як быццам засланяючы яго ад прышлых. Завязалася бойка. Зьбітая адным з партызанаў, Соня захісталася й павалілася сьпінай на ложак.
        -- Усе са спальні! -- закамандавала Лара. -- І дзеці таксама!
        Іх мусілі цягнуць. Янка ўстаў пасярод гасьцёўні, страмкі, злосны, адкрыты ўзброеным людзям. Марыя Каравай стаяла збоку ля дзьвярэй. Стары -- Янкаў бацька -- прысунуўшыся да стала. Дзеці, гадоў так пяці й трох, трымаючыся за матчын прыпол, спалохана выглядалі адтуль.
        -- Што вам трэба ад мяне? - запытаўся Янка Лару. -- Я не займаюся вайсковымі справамі. Я ўсяго толькі працую з нашай моладзьдзю...
        -- Пакінь клопат, мы знаем, што гэта за праца. Па-першае, ты служыш беларускай фашысцкай маладзёжнай арганізацыі, памагаючы гітлераўцам зганяць савецкую маладзь на рабскую працу ў канцлягеры ў Германію. А самае галоўнае: ты агент гестапа! -- Лара выдала гэтыя факты, сьвідруючы маладзёвага лідэра вачыма пракурора ваеннага трыбуналу.
        -- Савецкая моладзь, халера! -- узарваўся маладзёвы лідэр. -- І як вы, маскоўскія наёмнікі, ня зьлезеце з нашага храбту! Нямеччына ды Расея -- абое крыважэрныя драпежнкі ў гэтай краіне! І мы -- беларусы -- мы хочам збыцца вас абаіх і быць гаспадарамі ў сваёй жа хаце. І паслухай ты, -- ён наставіў палец наўпрост на Лару, -- я нікому не агент, але толькі майму народу. Мяркую, гэта зашмат для цябе, каб зразумець.
        -- Заткнісь, фашыст паскудны; мы прыйшлі сюды не спрачацца з табой! -- закрычэла Лара. -- Сьцяпан! -- раўкнула яна, кіўнуўшы на Янку.
        Высокі партызан падышоў да маладзёвага лідэра. Прыкладам аўтамата доўбнуў з усёй сілай яму ў грудзі. Янка захістаўся, губляючы раўнавагу.
        -- Пацукі, падлаеды! Бальшавісцкія шакалы! -- закрычэў ён, задыхаючыся. -- Вы -- лапы д'ябала, нявартыя называцца людзямі!
        Са скрыўленым ад болю тварам ён выглядаў яшчэ пагрозьлівей у сваім гневе.
        -- Яшчэ! -- раўкнула Лара.
        Партызан падскочыў да Янкі й мясіў яго да тае пары, покуль той не зваліўся на падлогу.
        Загаласіўшы, жонка кінулася да яго. Сьцяпан бесцырымонна адапхнуў яе прэч. Стары, зьнямелы й здрыжэлы, -- сама бездапаможнасьць -- ледзь трымаўся ля краю стала. Дзеці скавыталі.
        -- Што ж так, Лара? -- умяшалася Марыя зьедліва. -- А сама ты ня можаш зрабіць сваёй бруднай справы? Ну, пакажы ж, якая ты гераіня, ты, шлюха! Табе варта пачаць зь дзяцей -- яны ня могуць супрацівіцца...
        Боль, нянавісьць і адчай задушылі Марыі горла.
        Партызаны, што былі занятыя Янкавай сям'ёй, цяпер завярнуліся да жанчыны ля дзьвярэй. Ейныя вочы глядзелі на іх з абуральным выклікам, сама яна стаяла, хістаючыся, пагрозьліва. Лара раптоўна завярнулася да яе й, як валкадаў, гатовы рынуцца на сваю дабычу, прашыпела наўпрост у вушы настаўніцы:
        -- Ты, няшчасная падаль, ты ня можаш пацярпець да сваёй чаргі? Будзь упэўнена, цяпер ужо нядоўга. Коля! -- загадала яна маладому партызану. -- Хадзі сюды й трымай яе на воку.
        Партызан заняў сваю вахту каля Марыі.
        Тут Янка, з крывавым, зьбітым тварам, падняўся ўрост і злавесна ўтаропіўся ў "прыгожага д'ябала". Вусны ягоныя заварушыліся павольна, вымаўляючы кожнае слова:
        -- Ты можаш забіць мяне, ты можаш забіць маю сям'ю, але ты ніколі ня зможаш забіць нас усіх. Прыйдзе дзень расплаты. Наш народ выб'е расейскіх і нямецкіх паразітаў са сваёй шыі й стане вольным. Вы -- ганебныя хіжнікі, і вашыя дні злічаны, -- і ён плюнуў крывёю проста Лары ў твар.
        Толькі яна адкрыла агонь, астатнія партызаны далучыліся да яе. Горды маладзёвы лідар, ягоны бацька, жонка, дзеці курчыліся ў агоніі, пакуль кулі пстрыкалі цераз іх у іконы на куце...
        Калі кулямётны гром абарваўся, Лара зьедліва сплюнула:
        -- Сабакі фашысцкія!
        Каля дзьвярэй Коля выглядаў разгубленым у тым, што рабіць з Марыяй. Яна страціла прытомнасьць і ляжала на падлозе каля ягоных ног.
        Яны сьцягнулі яе да саней. Затым вярнуліся да гаспадаркі перабіць скаціну.
        Марыя хутка апрытомнела. Дрыжучы ад холаду, перапалоханая й змораная, яна спаўзла на сьнег...
        Пасьля таго як бойня людзей і жывел была скончана, партызаны спыніліся ля настаўніцы, што, скурчыўшыся, ляжала на сьнезе.
        -- Што за гульня ў нейкія кошкі-мышкі з гэтай, Лара? -- спытаў Сьцяпан, ківаючы на Марыю. -- Бескарысны цяжар... Хіба кончыць яе проста тут?
        Лара не адказала адразу. Яна паглядзела на сваіх таварышаў, потым на скурчанае цела на сьнезе й вымавіла з паддзеўкай у голасе:
        -- Жартуеш? У мяне ёсьць лепшыя пляны для яе. Заўтра сьвяткуем перамогу, і яна будзе нашым зорным атракцыёнам, як Ірка той месяц, памятаеце?
        Партызаны глянулі на Лару, адзін на аднаго й зарагаталі. Рогат зьвера, гатовага пачаць жэрці сваю здабычу, пакаціўся рэхам па маркотным лютаўскім лесе.
        -- Гэта нашая дзеўка, Лара. Мы падкінем цябе тузін разоў у падзяку!
        -- Можа, пакуль падкінеце пару гранатаў у хату, га? -- зарагатала Лара, гордая сваёй перамогай.
        Двох зь іх пашыбавалі да маўклівага дому. Праз колькі секунд выбух разьнёс усю хату.
        Калі група аддалялася на сваіх заладаваных санях, агонь рупліва залізваў сухія бярвёны былога хутара. Здавалася, што прачнуліся ўсе вясковыя сабакі, яднаючыся ў агульны хор разьюшанага брэху.
        У даліне безь непатрэбнай сьпешкі, заладаваныя змардаванымі свойскімі жывёламі двох саней і, шыбуючы побач, сямёра чалавек таялі ў цемрадзі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.