РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Заўтра ёсьць учора
1. Арышт
2. Міласэрнасьць уначы
3. Новыя гаспадары
4. Нападзеньне ў пуні
5. Катаваньне ў клясным пакоі
6. Забойства
7. Абуджэньне
8. Вульгарная прыгажуня
9. Маёўка
10. Двубой
11. Лара ліхадзейка
12. Расправа
13. Чорная бездань
14. Д'ябалава гулянка
15. Гвалтаваньне
16. Дзірка ад кулі
17. Сустрэча старых сяброў
18. На папраўку
19. Іспыт на трываласьць
20. Руіны
21. Знаходка
22. Дзядзька
23. У судзе
24. Па сьледзе забойцы
25. Адзін крок паперадзе
26. Пачатак каханьня
27. Вось і сустрэча
28. У пошуках слушнасьці
29. Выклік
30. Сьмяротная паездка
31. Вяртаньне да жыцьця
14. Д'ЯБАЛАВА ГУЛЯНКА
        
14. Д'ЯБАЛАВА ГУЛЯНКА

        
        Рыпнулі іржавыя завесы, дзьверы адчыніліся й зачыніліся. Цяжкія крокі падышлі да Марыінага ложка. Нейкі момант ваганьняў, і тады коўдра аднім рыўком зьляцела прэч.
        Раскрытая да холаду, Марыя раптам села на ложку, і ейны позірк упаў на хмурны Сьцяпанаў твар. Ён стаяў, упарты пасланец "д'ябаліхі", ледзь заўважная зласьлівая ўсьмешка гуляла на твары, у руках скрутак шэрае тканіны.
        Марыя ўжо задумвалася аб гэтым шэрым, пакорным, спраўным ад'ютанце Лары. Што ён за чалавек такі? Што ў гэтай густа зарослай, цемнавалосай галаве? Гаварыў ён мала, рухаўся спрытна, выконваў усё рупліва. Марыя зацікавілася гэтым загадкавым, прыгожым, хаця й нежывым, тварам. Ці быў ён нечым большым, чым падаваўся? Што ў яго за адносіны з гэтай жанчынай на самай справе? Каханак ён ейны ці проста верны слуга?
        Марыя, седзячы на ложку, паспрабавала нечым прыкрыцца ад холаду, але Сьцяпанава рука тут жа сьцягнула посьцілку. Юрлівыя вочы агледзелі спалоханую жанчыну, і нізкі голас прамовіў:
        -- Надзень гэта ды ўбярыся. Пойдзем на сьвяткаваньне сёньня.
        Марыя паглядзела на адзёжу, што ён прынёс. Зь першага пагляду было бачна, што сукенка была даволі багатая. Швэдар крыху й паношаны, але таксама добрай якасьці. Адылі ні ягоны голас, ні манэры ёй нічога добрага не варажылі. Стаіць тут, зыркае на яе не міргаючы.
        -- Пра што гэта ты? Якія шчэ сьвяты? -- спыталася яна, запінаючыся.
        Галавешкі ў пячурцы даўно астылі, і ў зямлянцы было вельмі холадна. Марыя завярнулася ў посьцілку й утаропілася на яго.
        -- Тое, што чула: будзем сьвяткаваць сёньня. Ларын загад. Апранайся. І твар падмалюй. Каб выглядала прыстойна.
        Марыя чакала, што ён яшчэ скажа, але ён моўчкі перыўся на яе. Бадай што ён з тых, хто без патрэбы не змарнуе й слова, нават калі й няма пэтрэбы быць такім лаканічным.
        Пэўна, зараз ужо позна, падумала Марыя. З маленькага вакенца сачылася ледзь-ледзь сьвятла, адно, каб толькі бачыць, што вакола.
        -- Што за сьвята? Навошта мне ўбірацца?
        -- Зашмат пытаньняў задаеш. Сёньняшнюю перамогу сьвяткуем.
        Вось як. Сьвяткаваць перамогу.
        Раптам усё вярнулася й навалілася на яе. Мінулая ноч... Змучаная, амаль беспрытомная, яна ляжыць на сьнезе... Нехта з партызан хоча прыкончыць яе тут жа. Лара не дазваляе, маўляў, ейны час яшчэ не прыйшоў, што яна прыдасца для сьвяткаваньня...
        Тое, што яна не дасказала, але мела наўвеце, было для ўсіх надта зразумелым. Марыя падумала, што яе выдаткавалі ў якасьці казла адпушчэньня для нейкага зорнага атракцыёну, і яна здрыганулася ад гэткай вусьцішнай задумкі.
        -- Я не пайду, -- заявіла яна цьвёрда.
        -- Што? -- гаўкнуў Сьцяпан.
        -- Што чуў. Не пайду.
        Мужык схапіў яе за рукі, сьціснуў і затрос, як грушу.
        -- Мне больна, гад! -- закрычэла яна.
        Сьцяпан адпусціў яе й ціха прагаварыў:
        -- Слухай, каб мне тут ніякіх. Калі хочаш дабра сабе -- рабі, як сказана. Не выпрабоўвай майго цярпеньня. Не дапаможа. Будзеш выкабеньвацца тут -- сілай зацягну.
        Марыя зыркнула з-пад ілба на гэтую жывёліну ў чалавечым абліччы. Што ты тут зробіш, супрацівіцца няма ніякага сэнсу: ён жа папросту занясе яе на плячах, перад гэтым яшчэ й ладна надаваўшы.
        -- І вось што, -- дадаў ён прымірэнчым тонам. -- Будзеш мець гонар сустрэцца там з нашым камандзірам. Я б на тваім месцы скакаў ад шчасьця.
        Ён усеўся на зэдлік у куце, выцягнуў табаку, люльку, набіў яе й запаліў, увесь час косячыся на Марыю падазрона.
        Усё яшчэ седзячы на ложку, яна надзела сукенку. Потым пацягнулася да маленькага люстэрка на сьцяне й заглянула туды. Яна ледзь што пабачыла ў ім. Сьцяпан, заўважыўшы гэта, запаліў сьвечку на століку й зноў сеў.
        Цяпер Марыя магла бачыць ямчэй. Яна чаго сябе не пазнала. Схуднелы, бледны твар; мутныя вочы, праваленыя ў чорныя яміны, пазіралі на яе з-пад насунутых броваў. Яна правяла пальцамі па валасах, у якіх прыбавілася сівізны за апошнія суткі.
        -- Божа мой! -- вохнула яна. -- Што са мной зрабілася!..
        Тады яна падумала: якая ўжо розьніца. Бо тое, што яны называюць сьвяткаваньнем, для яе будзе пакараньнем...
        Заўтра... заўтра яна ўжо зможа адпачыць пад слоем гэтай бруднай, гаркотнай зямлі...
        Яна пакорна выпрасталася з-пад коўдры, абцягнула сукенку, надзела швэдар. Сукенка была амаль што ейнага памеру. "Цікава, што ж сталася з былой ейнай уладальніцай?.." -- падумала яна сама сабе. Прычасала валасы, абулася й надзела кароткае паліто.
        Пакуль была апраналася, яна кідала кароткія позіркі на Сьцяпана, але завязаць зь ім размову не ўдалося: ён не абзываўся. Сядзеў сабе, папыхваў люлькай і перыўся на яе прагным вокам. Пэўна што -- зануда, вырашыла Марыя, безь ніякіх чалавечых пачуцьцяў. З такім жа посьпехам можна пагаманіць са сьцяной.
        -- Хадзем, -- сказаў ён, падымаючыся, як яна была гатова.
        Марыя была галодная.
        Яна не магла прыпомніць, калі яна ела апошні раз. Ежы ў лягеры ўволю не было. Калі яна працавала на кухні ці ў шпіталі, то там трохі перападала. Часьцей жа была галоднай. Нікому не было да яе справы; да яе ставіліся, як да адкідаў.
        Раптам на яе навалілася дзікае жаданьне зьесьці місачку гарачага булёну. Дамашняга супчыку, з кавалачкамі мяска ў ім, і цёпленькага, такога цёпленькага, каб мог зноў запаліць у ёй жыцьцё. Яна была такая змучаная й калацілася ад холаду... Маленечкая місачка супу здавалася такой недасяжнай марай.
        Яны йшлі паўз увесь лягер міма людзей, што мітусіліся ў сваіх штодзённых справах. Вялізныя голыя дрэвы велічна ўзвышаліся на фоне чыстага, блакітнага неба. Ад сьвежага, халоднага паветра ў Марыі закруцілася ў галаве, і яна адчула, якой зусім слабой яна зрабілася. За лягерам Сьцяпан пачаў пратупваць дарогу сваімі шырокімі ботамі, Марыя крочыла за ім сьледам.
        -- Куды мы йдзем? -- Марыя не магла больш стрымліваць сваёй цікаўнасьці.
        -- Пабачыш. Ужо скора.
        Яны пацягнуліся моўчкі.
        Празь дзесяць хвілін апынуліся перад хатай на дзялянцы. Марыя прыкінула, што гэта, бадай, другі прыстанак лесьніка. Гэта быў прыстойны дамок, з крытым дахам, вокнамі на тры бакі, з ладнай верандай, што завяршала ўсю пабудову. Выглядаў ён пакінутым. Крыху далей, на другім баку дзялянкі, Марыя заўважыла невялікую стайню ды пару коней, прывязаных да плоту, пакрытых гунькай, якія нясьпешна жавалі салому.
        Яны падышлі да дзьвярэй. Сьцяпан спыніўся й прыслухаўся. Цяпер, зблізу, Марыя ўбачыла праз шчыліны ў ваканіцах сьвятло й пачула галасы. Сьцяпан пагрукаў у дзьверы тры разы па тры з кароткімі перапынкамі. Пакуль чакалі на адказ зь сеняў, з-за рогу зьявілася каржакаватая, цяжка апранутая, барадатая постаць.
        -- Гэта ты, Сьцяпан? -- запытаўся дружалюбны голас. -- Чаго не заходзіш?
        -- Мушу пастукацца.
        -- Лухта. Дзьверы адчыненыя, проста заходзь.
        -- Што, усе тут ужо?
        -- Пэўна што. І чую я, там ня сьпяць.
        Сьцяпан пхнуў дзьверы насьцеж. Яны прайшлі празь сені й адчынілі другія.
        Зьвісаючы з цэнтральнай бэлькі, ярка гарэла лямпа. Шасьцёх чалавек сядзелі вакол стала, сярод іх і Лара. Усе яны, акрамя аднаго, былі ўдзельнікамі ўчарашняй пераможнай імпрэзы. Той, якога не было ўчора, сядзеў побач з Ларай на куце.
        Марыін пагляд павольна паблукаў па партызанах і зноў спыніўся на барадатым чалавеку побач з Ларай. Шумная гутарка, што была тут, раптам спынілася, як ўсе утаропіліся ў тых, што толькі ўвайшлі.
        Пах смажанай сьвежыны й іншай смакаты ўдарыў Марыі ў нос. Мутнымі вачыма яна ўтаропілася ў заладаваны ежай стол, на якім усю харчовую раскошу завяршала ладная бутыль з шэрай вадкасьцю. Марыін няведама зь якой пары незадаволены апетыт настойліва запатрабаваў увагі да сябе. Яна была такая галодная! Хіба гэтыя найміты зробяць ёй ласку й хаця б пакормяць перад сьмерцю?
        Пакуль Сьцяпан прыбіраў ейнае паліто й швэдар, Марыя вачыма была ўпіўшыся ў барадатага побач з Ларай. Ёй зрабілася так самотна й страшна, як ніколі, і стоячы перад гэтай падпітай кампаніяй, зьбялеўшая й зьмярцьвелая, не магла зрабіць і кроку.
        Гэтая зларадная лысая галава з пранізьлівымі цёмнымі вачыма, тонкімі вуснамі, сіваватай барадой відавочна належала ейнаму мучыцелю, хто аднойчы так старанна лектураваў яе па прадмеце правільнай адукацыі ў ейнай собскай клясе ў Шулах.
        І навіслую цішыню пакою акрэсьліла толькі ліхаманкавае біцьцё ейнага сэрца.
        Пэўна што гэты чалавек быў тым, каго называлі камандзірам Карпаціным, як бы там ні зваўся ён на самай справе. Яна бачыла яго раней, пару разоў, у лягеры, здалёк і тады не пазнала яго. Апрануты ў вайсковую вопратку, безь ніякіх знакаў адрозьненьня, са спакусьлівай Ларай зь левага боку, ён спакойна трымаў Марыін нямы дакорлівы пагляд, напоўніцу смакуючы навіслую паўзу.
        Марыя, забыўшыся на пакутны голад, ня зводзіла зь іх вачэй. Што за пара -- Карпацін і Лара! Ну, і што яны прызапасілі тут для яе?
        Барадаты заварушыўся, і зьедлівы голас прамовіў:
        -- Ну и ну! Не моя ли это старая знакомая, моя любимая учительница! Как же, как же -- рады видеть!
        Хлопцы за сталом захіхікалі, а камандзір працягваў:
        -- Вы, настаўніца наша даражэнькая, ужо прабачце, што я так прапусьціў магчымасьць абнавіць нашыя ўзаемавыгадныя адносіны. Цяжар абавязкаў, разумееце. Але сёньня, спадзяюся, з дапамогай гэтага сяброўскага тут гурта я змагу загладзіць сваю правіну. Ці ня так, Ларыса Сямёнаўна?
        -- А як жа ж, Аляксей Пятровіч. То ж бо... -- тут жа пагадзілася Лара, зыркнуўшы на Марыю вачыма.
        -- Ну, як мы ёсьць ужо знаёмыя, -- працягваў барадаты. -- ня будзем марнаваць часу на прэлюдыі. Нашая дарагая госьцейка, пэўна ж, галодная, чаму б нам, таварышы, не запрасіць яе да стала. Дайце-ка ёй месца тут, побач са мной.
        Пакуль партызаны хуценька перасоўваліся ды ўсаджвалі Марыю справа ад Карпаціна, Сьцяпан тымчасам прысеў з другога кута стала.
        Камандзір працягваў усё тым жа манэрам:
        -- Толькі сёньня я меў поўны рапарт аб вашай учорашняй апэрацыі ў Малых Луках па зьнішчэньні фашыстоўскага падсабачніка Янкі Белага. Мне далажылі, што разам з тут прысутнай групай вы таксама сьмела бралі ўдзел у ёй. То вось я падумаў, як жа мы можам пакінуць вас, не запрасіўшы да нашага сьціплага сьвяткаваньня? Вы заслужылі, каб быць тут прысутнай, ці ня так, дарагая настаўніца?
        Марыя была так блізка да ежы, што проста цярпела танталавыя пакуты. Спазмы страўніка прымусілі яе падумаць, каб нягледзячы на блізкасьць гэтага злыдня, ці не накінуцца ёй зараз жа на тую зашквараную сьвежыну, што стаяла перед носам. Карпацін і Лара (са сваёй яхіднай ухмылкай) і іншыя, пэўна, выразна адчувалі гэта, сочачы за ёй з усіх бакоў.
        Марыя агледзелася на ўсю каманду. Бо ж учора яна бачыла іх толькі коратка. Па звычаі "лясных хлопцаў" бальшыня іх паадрошчвалі бароды, і, напэўна, кожны зь іх, як сьпявалася ў іхнай песьні, паабяцалі пагаліцца толькі "как прогоним Фрица со страны".
        Коля, што сядзеў побач з Ларай, быў самы малады на выгляд -- страмкі, з шырокімі вачыма, зарослымі русявымі валасамі, якія паклік?лі да ўвагі цырульніка. На ягоным твары не было й сьледу тае мярзотнасьці, такой звычайнай сярод старэйшых партызан. У Мішы была вялікая квадратовая галава, яму было каля сарака, лысаваты, з атсутным позіркам, вялізным, непрапарцыянальным да ўсяго твару ротам, глыбока пасаджанымі вачыма. Патапыч -- чарнявы, з густымі брывамі, злосным паглядам -- само чаканьне ліхадзейства. Грыша -- мядзьведзь зь вялізнымі сялянскімі рукамі, рабым тварам, крыважэрнымі вачыма. І лагодны, спакойны, але вечна пільны, заўсёды напагатове, Сьцяпан.
        Вакол усіх іх лунала паветра чаканьня нейкага йгрышча, быццам зараз рассунуцца кулісы й пачнецца спэктакль.
        Ув атачэньні такой сьвіты, запаважаная прысутнасьцю Карпаціна, Лара сядзела ўся ў арэоле добра выкананай справы з выглядам чалавека, які наперад ведае, што й як тут зараз будзе, быццам той дасьведчаны паляўнічы, што пільнуе сіло на даўно высачанага зьвера.
        Што б гэтая кампанія ні заплянавала для Марыі, адылі Карпацін не выяўляў ніякай сьпешнасьці, гуляючы ў бацькоўскую лагоднасьць са сваёй паланянкай. Перакідваючыся абазнанымі паглядамі з Ларай, ён кіўнуў Колю на вялізную бутлю, і хлопец ужо толькі зьбіраўся напоўніць камандзіравы кубак, як Карпацін прапанаваў:
        -- Не, не. Мы ж мусім наліць "штрафную" нашай запозьненай госці. Усё ж такі, яна нашая -- так бы мовіць -- ганаровая госьця сёньня. І, калі мне дазволяць сказаць шчыра, -- зьвярнуўся ён наўпрост да Марыі, -- гэтая сукенка вам вельмі да твару, мая дарагая настаўніца. Яна аддае належнае вашай недаацэненай зьнешнасьці. Ці ня так, Ларыса Сямёнаўна?
        -- А як жа, -- сьпешна адказала Лара. -- Яна так пасуе ёй. А табе яна падабаецца, Марыя?
        Партызаны пахвальна загудзелі. Марыя здагадалася, што яны будуць гуляцца зь ёй у кошкі-мышкі, а раз так, то й яна магла таксама згуляць сваю гульню:
        -- Чаму ж не. Ты ж пэўна ведаеш, што блакітны -- гэта мой любімы колер. Ты зрабіла мне такую ласку, падарыўшы блакітную сукенку. Упэўнена, у цябе вялізная калекцыя, ёсьць з чаго выбраць, га, Лара?
        Ларын па-каралеўску чароўны, з вульгарнымі рысамі твар крыху скрывіўся, і яна суха адказала:
        -- Я рада, што табе спадабалася сукенка. Што да калекцыі, зрэшты, выбару асаблівага не было. Уладарка гэтай сукенкі мела ўсяго адну гэтую, калі яе пусьцілі ў расход...
        -- Не псавала б ты бяседы, Ларыса Сямёнаўна, -- абарваў яе Карпацін, -- непатрэбнымі тут намёкамі. Прапаную заняцца закускай. Але спачатку можна я скажу тост за здароў'е ўсіх вас, хто так пасьпяхова справіўся ўчора з заданьнем?
        Кароткая прэамбула скончылася, Карпацін падняў свой напоўнены да краёў кубак, а за ім і ўсе астатнія, акрамя Марыі.
         -- За здароў'е! -- раўкнулі партызаны.
        Як шклянкі завісьлі над сталом, позіркі ўсіх завярнуліся да гэтага ізгоя сярод іх. Запытальна ўтаропіўся ў яе і Карпацін.
        -- Ну, вось што, мілачка, -- націснуў ён дабразычліва, -- давай-ка з намі. Я ж разумею, што ты галодная. Хочаш есьці -- выпі разам. Ці ты нас не паважаеш?
        Улагоджаная такой па-бацькоўску праніклівай прамовай, хоцькі-нехацькі Марыя стала абараняцца:
        -- Дзякуй, вы такі добры. Але я не магу. Я ня п'ю.
        Як быццам загадзя адпрактыкавана, усе рукі разам паставілі свае кубкі на стол. Цень скептычнае прыкрасьці зьявіўся на твары Карпаціна, астатнія скрывіліся з пэўным недаверам. Здавалася, кожны добра граў сваю ролю. Марыя сядзела засмучоная, вінавата апусьціўшы вочы.
        -- Што -- ты? -- зьдзівіўся Карпацін. -- Ці вы чулі, таварышы? Як так? Настаўніца -- і ня п'е!
        Гэта была наступная падача, і партызаны як адзін незадаволена загудзелі. Ім відавочна нецярпелася, але яны йшлі на шворцы ў Карпацінавай гульні, хаця пэўна ж яны ўжо прынялі й да Марыінага прыходу.
        -- Так. Марыя, -- загаварыла Лара тонам інструктара, -- мы ведаем, што па мясцовым звычаі трэба адмаўляцца ад прымусу. Толькі ці не разумна было б табе тут ужо абысьціся без прыкідваньняў?
        -- Мусіш выпіць, мілачка, -- мягка спанукаў Карпацін, вытрымліваючы на сябе позіркі шасьцёх пар вачэй. -- Гэта -- твой абавязак. Давай, падымай кубак. Бачыш, усе чакаюць...
        Марыя падзівілася, калі ж ужо тая гадзюка выпусціць свой ядавіты зуб?
        Яна схіліла галаву яшчэ ніжэй і са страхам паглядзела на свой кубак. Праглынуць гэтую гідкую вадкасьць не было ніякай мажлівасьці. Яна ж усё нутро ёй выпаліць. Ейны страўнік патрабаваў ежы, а ня гэтай г?ры. Як ім патлумачыць, што ёй трэба сьпярша паесьці?
        -- Хіба толькі я магла б зьесьці што-небудзь спачатку. Я галодная, -- прашаптала яна запытальна, гледзячы проста ў гэтыя цёмныя пранізьлівыя вочы, шукаючы там хоць праменьчыка разуменьня.
        -- Чулі, таварышы? Настаўніца хоча есьці, -- перадражніў ён яе.
        Выразы твараў партызан адразу перамяніліся да радасных усьмешак.
        -- Бедная ты наша, бедная, -- залямантавала Лара. -- Я мусіла б даручыць Пруднікавай, каб лепей даглядаля цябе.
        -- Я дапамагу табе, -- умяшаўся Карпацін. -- Мы тут усе людзі добрыя, разважлівыя, і усе цябе разумеем. Вырашым гэта дэмакратычным шляхам. Думаю, ты таксама за дэмакратыю. Што скажаце, таварышы?
        -- Правільна, камандзір, вырашым гэта разам, -- адважна выступіў Патапыч. Усе дружна падтрымалі яго.
        -- Піць! -- раптам раўкнуў хор галасоў.
        -- Прагаласавалі адзінагалосна за піцьцё. Усё, вырашана, мілачка, -- мусіш падпарадкавацца й выпіць разам, -- мякка патлумачыў Карпацін.
        -- Я не магу. Калі ласка, зразумейце, малю вас. Мяне званітуе... -- зноў запрасілася Марыя ледзь чутным голасам.
        З такім жа вынікам можна было зьвярнуцца да сьцяны.
        -- Ты маеш бессэнсова й упарта настойваць?!. Не паважаючы адзінадушную волю ўсіх тут добрых людзей? -- удаў вялізнае зьдзіўленьне Карпацін.
        Марыя маўчала.
        -- Ну і ну! І што мы будзем з гэтым рабіць, хлопцы? Прыкладзем сілу?
        -- Нам нічога не застаецца, -- пацьвердзіла Лара.
        -- Коля, -- раўкнуў Карпацін і кіўнуў на шырокі скураны рамень зь пісталетам, што вісеў на вялікім цьвіку на сьцяне.
        Коля хуценька падскочыў, хапіў пісталет і паклаў яго на стол перад камандзірам. Цяпер усе сачылі за масластымі рукамі Карпаціна. Ён выцягнуў барабан і дастаў зь яго ўсе кулі. Трымаючы адну зь іх перад Марыяй, пачаў ёй настаўляць:
        -- Бачыш, мілачка, гэтую кулю. Зараз будзем гуляць у адну простую, але цікавую гульню. Сама пабачыш, гэта цэлая забава. Вось, глядзі сюды ўважліва. Барабан ёсьць цяпер пусты, бачыш? Я ўкладаю туды адну кулю, вось так, -- ён крутнуў барабан указальным пальцам, -- і цяпер нацягваю курок. Адзін шанец з шасьці, што вось гэтая куля прашые тваю галаву. Пакуль я буду націскаць курок, у цябе ёсьць пяць шанцаў добра падумаць пра падпарадкаваньне адзінадушнай волі ўсіх прысутных тут таварышаў.
        Карпацін зноў крутнуў барабан і наставіў рулю проста Марыі ў скронь.
        Жанчына зьбялела.
        Усе партызаны, затаіўшы дых, былі ўтаропіўшыся ў Карпацінскі палец, што павольна націскаў курок...
        Затвор адскочыў і шчоўкнуў. Стрэлу не было.
        Выдых палёгкі зьняў напружанасьць вакол стала.
        -- Гэтым разам пашанцавала. А наступным можа цябе й забіць, -- спакойна пракамэнтаваў барадаты. -- Адно памятай, ты ў любы момант можаш перадумаць, узяць кубак і выпіць.
        Марыя раптам адчула задушлівую паніку, сэрца абрыўна забухала; у галаве, уваччу сьціснула...
        Па другі бок ад Карпаціна Лара паглядала на яе расслаблена, зь нейкай адхіленай пагардай. У Мішы ажно адвісла сківіца, агаляючы пажаўцелыя зубы. Твар Сьцяпана набыў выраз урачыстай цікаўнасьці. Патапыч зыркаў з кепска прыхаванай злосьцю. Коля ёрзаў на зэдліку, употай сочачы за астатнімі. Грыша, чалавек-гара, наважыўся прапанаваць:
        -- Таварыш камандзір, дайце гэтую настаўніцу мне на час, я яе ўраз настаўлю.
        Карпацін зыркнуў на яго з дакорам:
        -- Тут будзе. Спачатку я ёй займуся.
        Курок зноў рушыў напалову, і Марыя, цяпер ужо старанна перакананая, што гэта ня жарты, павольна пацягнулася за кубкам, паднесла самагонку да вуснаў.
        Пісталет адрынуў ад скроні.
        Усё ейнае змучанае цела пратэставала.
        Зь першым жа глытком, як пацякло ўніз, ёй апякло пустое нутро фасфарычным жарам. Запёрла дых, яна закашлялася так сільна, што баялася разадраць сабе страўнік, які скурчыўся ў спазмах ад болю.
        Аглушальны рогат пакаціўся па хаце.
        Калі ён прыціх, Карпацін ціхім голасам прамовіў:
        -- Няможна ж, мая мілачка, спыняцца. Гэта ж толькі першы раз так складана, ну, гэта, як цэлку зламаць ...ну, ты ж ведаеш...
        Чарговы выбух рогату.
        -- А пасьля ўсё пойдзе гладзенька, сама зьдзівісься. Так што давай, давай.
        З мокрымі вачыма Марыя зноў падняла кубак, і на гэты раз яна хутка спустошыла яго без прыпынкаў. Надрыўны кашаль затузаў ейнае слабое цела, аглушанае праявамі ўсеагульнай радасьці.
        -- Ура, справілася! -- закрычаў Коля зь непрыхаваным задавальненьнем.
        Карпацін паклаў пісталет на стол і падняў кубак.
        -- Ну дык, за здароў'е!
        Усе кульнулі свае кубкі, і заглынулі тую шэрую вадкасьць адным агульным глытком.
        -- Вось цяпер закусваць! -- загадаў Марыі Карпацін.
        Спанукаць яе не прыйшлося. Забыўшыся пра ўсё на сьвеце, пачала заладоўваць сваю талерку вялізным кавалкам сьвежыны, квашанай капустай, хлебам, бульбай і пакуль накладала, таропка хапала ўсё ў рот. Бадай жа ж, калі яна запакуе цэлы страўнік, то мо зможа пагасіць той агонь унутрах.
        Тады самагонка навалілася на галаву -- усё там закруцілася.
        Баючыся, што раптам ім прысьпічыць адняць у яе ежу, яна жавала так скора й ятрана, што забалелі дзясны. Але партызаны таксама наваліліся на харчы, што тыя сьцярвятнікі, забыўшыся на ўсе прыстойнасьці, якія, можа, калісь і мелі.
        Адно Лара з Карпаціным наглядалі за мітусьнёй вакол стала з доляй адхіленай весялосьці, абменьваючыся зразумелымі ім паглядамі ды ўхмыляючыся, пакуль тыя елі.
        Вось зноў Сьцяпан разьлівае па кубках, і Марыя з жахам глядзіць, як гэтая вадкасьць зь вялікае бутлі завіхурваецца ў ейны кубак.
        Усё, гэтая дакладна яе заб'е.
        Ёй прыйшла думка, што ў яе ёсьць выбар: быць застрэленай Карпацінавай куляй ці быць атручанай -- а цяпер яна была цалкам перакананай у такой магчымасьці -- самагонкай. Яна адно павярхоўна ведала пра якасьць гэтай самаробнай гарэлкі. Ёсьць два ейныя гатункі: звычайны -- гэта калі яна пераганяецца адзін раз у самагонным апараце, а другі -- калі пераганяецца двойчы. Гэтая -- была другога гатунку.
        Дзіўнае адчуваньне, новае для яе, захапіла Марыю. Яна паглынала ежу, памятаючы пра зграю ваўкоў вакол яе; адзін зь іх можа спыніць яе ў любы момант і адабраць талерку. Ніякіх табе прыстойных манэр за сталом, ніякае справы да таго, што іншыя падумаюць ці зробяць, яна адно сьпешна старалася наесьціся. Нават падсьвядомыя ўспаміны пра тое, адкуль гэтая сьвежына, ніяк яе не кранулі. Страўнік ня ведае маралі, а ежа значыць выжываньне. І гэтая пераважнасьць настолькі крэпка сядзела цяпер у ейным заімглелым розуме, што яна прапусьціла чарговы заклік Карпаціна, які вярнуў яе ў рэальнасьць кухталём у левая плячо.
        Відэлец завіс на паўшляху паміж талеркай і ротам, яна запытальна паглядзела на камандзіра ды навокал стала. У спакойным чаканьні ўсе трымалі свае кубкі.
        -- Будзьма! -- абвесьціў барадаты без цырымоніяў.
        Цяжка зглынуўшы, яна зь перацятым дыхам недаверліва ўтаропілася ў сваю чарку. Гэтую адолець ужо немагчыма, падумала яна. Пакасіўшыся на пісталет, яна ўсё ж вырашыла адчайна працівіцца.
        -- Калі б мне дазволілі... прамінуць гэтую... -- Марыя кінула хуткім вокам на Карпаціна.
        -- Што зноў? -- рыкнуў злосна барадаты. -- Ці ня ведаеш, што мусіш выпіць кожную налітую чарку й ніякіх нам тут выбрыкваньняў! Так што не выпрабоўвай майго цярпеньня. Пі!
        Марыя агледзелася, быццам шукаючы падтрымкі. Пэўна, ёй ня варта пярэчыць: гэтыя зьвяругі зальюць ёй сілай у глотку, калі будзе трэба. Скарыўшыся, яна падняла кубак, пацягнула зь яго паволі й -- усё ейнае нутро адчайна пратэставала -- праглынула ўсё да дна.
        Пільна сочачы за ёй, усе таксама выпілі.
        Гэтая выцяла яе цалкам. У галаве закруцілася. Пякельная ўспышка запаліла ўсё нутро. Хапаючы паветра, яна ледзь трымалася, каб не зваліцца. Пырснулі з вачэй сьлёзы.
        А ейныя пакуты суправадзілі раскаты д'ябальскага рогату.
        Тады, зусім атупелая, яна хапіла відэлец і стала есьці.
        -- Які ты няўважлівы гаспадар, мой дарагі камандзір, -- захіхікала Лара. -- Ці ты ня бачыш, што нашай госьці ўжо досыць?
        -- То не пераймайся, -- падхапіўся гаспадар. -- Я ўпэўнены, што яна можа прыняць яшчэ шмат болей. Але пытаньне вось у чым: ці варта пераводзіць добрую гарэлку?
        -- Я б сказаў: не! -- кінуў Патапыч. -- Давайце ўжо пачнем нармальную гулянку, камандзір. Як, Грыша? -- пхнуў ён локцем мядзьведзя побач з сабой. -- Што скажаш?
        Коля выцягнуў губны гармонік, шырокім махам рукі выцер рот і, здаецца, вырашаў, што б яму сыграць.
        -- Я? -- вылупіў свае налітыя крывёю вочы Грыша, агледзеў жанчыну справа ад Карпаціна. -- Скажу. Гуляем!
        З гэтымі словамі ён па-сяброўску пляснуў Патапычу па сьпіне, што той ледзь не зваліўся з зэдліка.
        -- Сукін сын, што лупіш мяне так? -- агрызнуўся гэны.
        Забыўшыся на ўсіх, Грыша бачыў ужо толькі бабу. Ён падняўся, абышоў стол, і перш, чым іншыя што зразумелі, абхапіў Марыю й павалок яе з зэдліка.
        -- Хадзем давай, я ж цябе задаволю... -- запыхцеў ён.
        На мяжы трызьненьня Марыя ўжо была бачыла ўвесь сьвет, сплываючым некуды ў бездань. Раз за разам яна адчайна матляла галавой, намагаючыся зразумець, што адбываецца і што гэта за людзі навокал яе, і што сталася з Валодзем, і зь дзецьмі, і з маці, і што яна тут робіць, і што рабіць далей -- як раптам нехта хапіў яе ззаду. Яна яшчэ не пасьпела дадумацца, ці ёй супрацівіцца, ці ісьці за ім, яна не магла ніяк разважыць, як раптам яе і адпусьцілі.
        Міша падскочыў да Грышы:
        -- А ну ты, кінь яе, мядзьведзь! Я буду першым!
        -- А як жа ж! -- зарычэў Грыша.
        Ён адпусьціў жанчыну й накінуўся на свайго суперніка. Пакуль яны абменьваліся кухталямі, Колін гармонік акампанаваў ім зухаватай полькай. Тыя абое пакаціліся па падлозе.
        -- А ну, разыміце іх! -- загадаў Карпацін.
        Лара, здаецца, засмуцілася.
        -- Няхай, камандзір. Мне падабаецца. Абое дужыя, пэўна ў іх зашмат сілы для гэтай няшчаснай лахудры.
        -- Не, -- горача запярэчыў камандзір. -- Я мушу бачыць, што кожны задаволены. Гэта значыць, мусіць быць парадак. Патапыч! Сьцяпан! Разыміце іх!
        Барцоў расьцягнулі, і яны стаялі цяжка дыхаючы.
        -- Зробім, як цывілізаваныя людзі. Ніякае бойкі. Коля, дай мне паперы й аловак.
        Азадачаныя, партызаны сачылі за Карпаціным. Ён разарваў аркуш паперы на пяць кавалкаў, напісаў на іх нумары, скруціў кожны й кінуў у сваю фуражку.
        -- Цяпер, увага. У нас тут пяць мужыкоў безь мяне. У мяне пяць квіткоў, пранумараваных ад адного да пяці. Кожны з вас выцягне адзін квіток і ня будзе раскручваць яго, пакуль лёсаваньне ня скончыцца. Тады, як я загадаю, кожны адкрые свой і прачытае мне, які нумар выцягнуў. Квіток нумар першы пойдзе з бабай першым, нумар другі -- другім, і гэтак далей. Апошні, я маю на ўвазе, пяты нумар, таксама будзе мець дапаўняльнае задавальненьне ад адпраўкі яе ў расход, -- Карпацін агледзеў твары. -- Пытаньні ёсьць?
         -- Цалкам слушна. Кожны мае сваю чаргу, і апошні сваю прывілею... -- падтрымаў Карпаціна Патапыч.
        -- Дык што скажаш, Лара? -- запытаўся Карпацін.
        -- Скажу, што ты -- геній. А што ж ты? Ты ня хочаш узяць удзел?..
        -- Няўжо ж мне? -- усьміхнуўся камандзір. -- І пакінуць цябе адну? О не, мая дзетка, мы будзем гуляць разам, -- з гэтымі словамі ён ляпнуй ёй па азадку.
        -- Балюча ж, прыдурак! -- ускрыкнула Лара ані бяз злосьці, але ў саправаджэньні ўсеагульнага вясельля.
        -- Ну, вось і добра, -- абняў Карпацін Лару. -- Тады цягніце свае квіткі.
        Пяць мужыкоў пацягнулі скручаныя паперкі з Карпацінавай фуражкі.
        -- Ну, цяпер што да нумароў... У каго першы нумар?
        -- Тута, -- абазваўся Патапыч з задаволенай усьмешкай на зласьлівым твары, зыркнуўшы хцівымі вачыма на Марыю.
        -- Мае віншаваньні! -- хіхікнула Лара.
        Другі нумар выцягнуў Сьцяпан, трэці -- Грыша, чацьверты -- Міша.
        Бледны й ціхі стаяў Коля з губным гармонікам ув адной руцэ й кавалкам паперы -- у другой, кідаючы з-пад ілба позіркі то на Марыю, то на кампанію. Ніколі нікога за сваё кароткае жыцьцё ён яшчэ не караў. Зараз ён думаў пра Марыю, няшчасную дзеўку, да якой ён пачаў ужо адчуваць спагаду.
        -- Ну, хлопец, -- паклаў яму руку на плячо Карпацін, паглядзеў спачатку на Марыю, потым проста яму ў вочы й сьцішыў голас, -- пасьля таго як назабавісься, возьмеш мой пісталет і адвядзеш яе да таго яра за лесам ...ведаеш, што я маю на ўвазе?
        -- Так, -- адказаў Коля, намагаючыся трымацца ўпэўнена.
        -- Прыстрэліш і пхнеш долу. Зразумеў?
        -- Так точно.
        -- Возьмеш яшчэ каго-небудзь за сьведку.
        Коля кіўнуў.
        -- Ну, што, цяпер усе задаволены, я думаю.
        Без далейшых размоваў Патапыч падышоў да Марыі, хапіў за руку й павалок у бакавушку за фіранкай. Астатнія праводзілі іх паглядамі й тапталіся на месцы, ня ведаючы, чым ім тымчасам заняцца.
        -- Ат!.. Давай яшчэ глынем, -- завярнуўся Міша да кубкаў.
        Коля сеў на лаўку; ягоны імпэт да гулянкі й ягоная бестурботнасьць раптам скончыліся. Ён трымаў ля вуснаў гармонік, бы раздумваючы, што б яму зайграць.
        Карпацін узяў са стала пісталет, зарадзіў яго й засунуў ў кабуру на сьцяне. Паглядзеў уважліва на Колю.
        -- Ты што, хлопец? Мо расчараваны сваім жэрабем?
        -- А, не-не!.. -- падскочыў той. -- Я вельмі рад, таварыш камандзір, -- натужна ўсьміхнуўся ён.
        -- А то. Ня бачу нагоды, чаму б не, -- паставіў кропку Карпацін і пасьпяшаў за Ларай у другі пакой.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.