РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Заўтра ёсьць учора
1. Арышт
2. Міласэрнасьць уначы
3. Новыя гаспадары
4. Нападзеньне ў пуні
5. Катаваньне ў клясным пакоі
6. Забойства
7. Абуджэньне
8. Вульгарная прыгажуня
9. Маёўка
10. Двубой
11. Лара ліхадзейка
12. Расправа
13. Чорная бездань
14. Д'ябалава гулянка
15. Гвалтаваньне
16. Дзірка ад кулі
17. Сустрэча старых сяброў
18. На папраўку
19. Іспыт на трываласьць
20. Руіны
21. Знаходка
22. Дзядзька
23. У судзе
24. Па сьледзе забойцы
25. Адзін крок паперадзе
26. Пачатак каханьня
27. Вось і сустрэча
28. У пошуках слушнасьці
29. Выклік
30. Сьмяротная паездка
31. Вяртаньне да жыцьця
7. АБУДЖЭНЬНЕ
        
7. АБУДЖЭНЬНЕ

        
        Марыя паспрабавала расплюшчыць вочы. Вейкі былі цяжкія, бы налітыя сьвінцом. Вялікім намаганьнем яна падняла іх і заплюшчыла зноў.
        Цяжкая млоснасьць пры першым вяртаньні да жыцьця пераканаўча варажыла, што паўторная спроба таксама зьнясіліць яе.
        Засмужанымі вачыма, зьнямогла, яна паводзіла па нізкай драўлянай столі, якую падпіралі негабляваныя бярвёны. Праміж шурпатых, пакрытых імжой дошак працісквалася зьмерзлая зямля. Шэрыя, запыленыя промні сьвятла сцэжваліся няведама адкуль, недзе ззаду з па-над ейнай галавы.
        Гэта была зямлянка, памерам зь вялікую гасьцёўню. Чатыры ложкі стаялі з аднаго боку, чатыры -- з другога, між імі заставаўся вузкі праход. Поруч Марыі ляжаў мужчына, ладна накрыты, так што Марыя не магла пабачыць ягонага твара.
        Ейны розум змагаўся за прытомнасьць, вагаючыся між падсьвядомасьцю й рэальнасьцю. Усё здавалася несапраўдным, настолькі розьнілася ад таго, што яна бачыла, прасынаючыся, дзе жыла раней, што яна зноў правалілася ў паўзабыцьцё.
        Калі яна ачуняла пазьней, яна ўжо ясна ўбачыла ўсё, што ейны засмужаны розум адбіў тады ў падсьвядомасьці.
        Яна ляжала, накрытая цяжкой коўдрай. Цяпер яна паспрабавала паварушыць сьцёгнамі й раптам моцны боль рэзануў у левым баку. Ніжэй рэбраў яна ўся была забінтаваная. Правай рукой яна пачала ўважліва абмацоўваць сябе пад коўдрай. На жываце вытыркоўвалася шчыльная таўстая перавязка. Але ногі рухаліся вольна, без перашкодаў.
        Пасьля гэтых знаходак Марыін розум праявіў далейшую цікаўнасьць.
        Яна паспрабавала ўспомніць.
        Але пранікнуць празь цемру забыцьця, зь якой толькі што выкараскалася, аказалася ня так лёгка. ...Адчайная бойка ў хаце... Аленчын крык... а потым... Успышка грымотнай бліскавіцы!.. І ўвушшу зноў паўсталі пранізьлівыя енкі й лямант ейных дзяцей у той жахлівай агоніі...
        Яна хапіла паветра й урапт задыхнулася, як ейныя грудзі цяжка зайшліся. У левым баку разануў востры боль і поўнасьцю пабудзіў яе. Тады яна сьцішылася й ляжала, прыслухоўваючыся да галасоў знедкуль звонку. Але яны сталі заціхаць, разам з гукамі крокаў, што адыходзілі прэч. Шостае пачуцьцё падказвала ёй, што нехта мусіць быць там, побач зь зямлянкай.
        Хто? Вораг ці сябар?
        Перабраўшы верагоднасьці, яна вырашыла: чырвоныя партызаны.
        Чаму яна тут? І дзе ейныя дзеці й маці?
        Дык што ж адбылося ў тую ноч? І колькі часу яна ўжо тут?
        ...Калі яна прачнулася наступным разам, першае, на што трапіў ейны пагляд, была постаць жанчыны, што сядзела, нахіліўшыся на лаве ў куце. Пад сьвятлом ад газавай лямпы жанчына праглядала нейкія паперы, і Марыя выразна бачыла рысы ейнага твару, як бы абрысаваныя месячным сьвятлом. Галава была плотна абвязана хусткай, і ўся ейная постаць выяўляла спакой. Карціна падалася такой нерэальнай, што Марыя залыпала вачыма, каб прагнаць свой сон. Не, гэта быў ня сон.
        Патрэсканыя вусны й засмаглае горла спанукнулі Марыю праявіць нейкія прыкметы жыцьця.
        -- Вады... -- ледзь прашамкала яна.
        Постаць за сталом заварушылася, паднялася й падышла да яе. Жанчына ўважліва паглядзела на Марыю.
        -- Ну, вось ты і ачуняла. Не варушыся й не размаўляй. Я прынясу табе вады й паклічу лекара. Ён казаў паклікаць яго, як толькі ты апрытомнееш.
        Мяккім, пяшчотным голасам яна мелася супакоіць Марыю.
        -- Дзе я? ...Хто вы? ...Дзе мае дзеці й маці? -- узрушана шаптала адылі Марыя.
        Твар жанчыны выяўляў мацярынскую спагаду.
        -- Я ж табе кажу: не варушыся й не гавары. Бачаць нябёсы, мы ўжо ледзь цябе не пахавалі. Чакай, я прынясу вады.
        Яна завярнулася й выйшла.
        Празь нейкі час яна вярнулася, разам зь ёй увайшоў каржакаваты мужчына з густой барадой і добразычлівым тварам. Жанчына бяз словаў паднесла да Марыіных вуснаў кубак з халоднай вадой, прыўзьняўшы ейную галаву на падушцы. Пакуль Марыя павольна цадзіла ваду, жанчына гаварыла:
        -- Маё прозьвішча -- Пруднікава. Я -- медсястра тут. А гэта наш доктар, Посьнік. Ён зараз паглядзіць цябе.
        Пруднікава саступіла ўбок, і Посьнік падсунуўся да Марыі. Гэта быў мужчына гадоў сарака. Ён праверыў пульс і прамацаў бінты пад коўдрай.
        -- Ну, як чуесься? -- голас у яго быў спагадлівы.
        -- Я нават ня ведаю, доктар, -- адказала Марыя ціха.
        -- Пульс усё яшчэ высокі, -- працягваў доктар, гледзячы на свой наручны гадзіньнік. -- Ніякіх напружваньняў, нават не размаўляць. Адно ляжаць ціха.
        -- Доктар, што са мной?
        -- Мы дасталі дзьве кулі. Ты згубіла столькі крыві, што не было ўжо ніякай надзеі, што ты выкараскаесься... Якая ў яе тэмпература, Пруднікава?
        -- Усё яшчэ высокая. Я мерала дзьве гадзіны таму. Памераць зараз?
        -- А дзе, доктар... дзе я? -- падхапілася Марыя.
        -- Сярод сябраў. Не хвалюйся, -- патлумачыў доктар коратка.
        -- Партызанаў?
        -- Так. Яны выратавалі табе жыцьцё. Але на жаль...
        -- Дзе мае дзеці й мама? -- Марыя хапіла доктара з рукаў, прыгатаваўшыся да самага горшага.
        -- Я ж сказаў, табе нельга хвалявацца. Ты яшчэ не перайшла крытычны стан. Будзеш паслухмянай -- хутчэй ачуняеш.
        Тое, што ён пазьбегнуў адказу на пытаньне, а таксама па-бацькоўску спачувальны выраз ягонага твару гаварылі болей за словы.
        Марыя зразумела.
        Жахлівае ўсьведамленьне пранізала яе наскрозь. Па зьнямоглым целе прабеглі гарачыя й халодныя хвалі, у галаве замуцілася. Вусны ейныя заварушыліся, але ніякага гуку не зьявілася. Замест яго выкаціліся дзьве гарачыя сьлязіны з распухлых вачэй. Марыя заплюшчыла іх?
        Наступнай раніцай яе пабудзіла нешта гучнае. Усе ложкі ў зямлянцы былі занятыя. Адзіны мужчына, што тады быў побач зь ёй, цяпер зьнік. Лекар, Пруднікава ды яшчэ адна жанчына, якую Марыя ня бачыла ўчора, размаўлялі ціха за два ложкі далей ад яе. З абрыўкаў іхнай гаворкі Марыя зразумела, што яны гавораць пра тое, куды й як прыняць новых параненых. Пэўна, недзе адбылася моцная бойка зь немцамі.
        Маладзейшая жанчына стаяла насупраць выхаду, і Марыя добра ўбачыла ейны сілуэт: прыгожы профіль і бялявыя валасы, што выглядалі такімі сьвежымі, у зялёнай пілотцы з чырвонай зоркай. Яна ўважліва слухала, што гаварыў ёй лекар, час ад часу ківаючы галавой ув адказ.
        "Што за дзяўчына? -- стала шукаць Марыя ў сваёй памяці. -- Здаецца, недзе бачыла яе раней..."
        І раптам у памяці ўсплыў вобраз адной істоты -- апошняй, каго Марыя хацела б пабачыць яшчэ раз у сваім жыцьці.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.