РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Заўтра ёсьць учора
1. Арышт
2. Міласэрнасьць уначы
3. Новыя гаспадары
4. Нападзеньне ў пуні
5. Катаваньне ў клясным пакоі
6. Забойства
7. Абуджэньне
8. Вульгарная прыгажуня
9. Маёўка
10. Двубой
11. Лара ліхадзейка
12. Расправа
13. Чорная бездань
14. Д'ябалава гулянка
15. Гвалтаваньне
16. Дзірка ад кулі
17. Сустрэча старых сяброў
18. На папраўку
19. Іспыт на трываласьць
20. Руіны
21. Знаходка
22. Дзядзька
23. У судзе
24. Па сьледзе забойцы
25. Адзін крок паперадзе
26. Пачатак каханьня
27. Вось і сустрэча
28. У пошуках слушнасьці
29. Выклік
30. Сьмяротная паездка
31. Вяртаньне да жыцьця
31. ВЯРТАНЬНЕ ДА ЖЫЦЬЦЯ
        
31. ВЯРТАНЬНЕ ДА ЖЫЦЬЦЯ

        
        Ейнае трэцяе вяртаньне да жыцьця, здаецца, было не такім цяжкім, як два папярэдніх. Відаць, таму што яно было палегчана салодкім усьведамленьнем таго, што чалавека, які зруйнаваў ейнае жыцьцё, ужо няма.
        Яна ачуняла ў шпіталі, дзе яшчэ ўчора сама мыла посуд. Левая нага была ў цяжкім гіпсе да самых сьцёгнаў, сама яна была перабінтаваная ў некалькіх мейсцах. Акрамя пераломаў стапы й галёнкі яна цярпела яшчэ ад некалькіх задзірын і моцных удараў. З Божай ласкай, запэўнілі яе, яна зноў будзе на нагах праз пару месяцаў.
        Відаць, тая нага, што выправіла аўта да канчатковага выкананьня ейнай "місіі", захрасла пад пэдалем газу побач зь мёртвым Бэргдорфам. Ёй сказалі, што яе ледзь выцягнулі адтуль, як яна была непрытомнай. Пашанцавала, кажуць, табе, што ты была на іншым баку, калі б'юік ляснуўся аб апору моста левым бокам. Галоўнае, галава, за выключэньнем шоку, засталася цэлая.
        Марыя паглядзела праз вакно на папялова-шэрыя воды возера Антарыё, потым на чатырох суседзяў па палаце й зразумела, што гэты стары, трывалы, хоць і паранены й загнаны, сьвет усё яшчэ круціцца вакол сваёй восі ды гудзе сваім сьпешным жыцьцём. Адно нейкая дзяўчына па імені Марыя Каравай часова выпала зь ягонага калаўроту.
        Першы ейны наведвальнік быў апрануты ў палецэйскую вопратку. Менш за ўсё ёй хацелася гаварыць з паліцыянтам. Марыя ўжо была так напалохана ўніформамі, што таму прыйшлося доўга павошкацца, каб здабыць ад яе нейкага вызначэньня.
        Аказваецца, у Бэргдорфа знайшлі пісталет, і ўладам вельмі хацелася дазнацца, ці было гэта выкраданьнем, і ці ў аўта мела месца бойка, якая прывяла да аварыі. На ўсе гэтыя пытаньні Марыя адказала роўным "не", памятаючы аб тым: апошняе, што яна можа зрабіць для Эрны, -- гэта пашкадаваць яе ды ейных дзяцей.
        Місіс Бэргдорф прыйшла ў наступны дзень. Яна ўся калацілася, але трымала сябе ў руках. Марыя была засьпетая зьнянацку ейным нявольным воклікам:
        -- Алена! Ты?!.
        Яна стала, скамянелая, ля Марыінага ложка, ашаломленая такім абаротам падзей.
        -- Так, Эрна, -- ціха сказала Марыя. -- Ты йшла сюды й дзівілася, хто гэта такая Марыя Каравай... Гэта маё сапраўднае імя.
        -- Але чаму, Алена?.. Ох, Марыя... Я нічога не разумею.
        -- Я ўсё патлумачу. Але спачатку пасунь сюды крэсла й сядзь.
        Эрна села побач з ложкам, і тады Марыя ўзяла ейную руку й заглянула глыбока ў вочы, абцяжараныя зваленым на яе горам. Цяпер у вачах былі чаканьне й неўразуменьне.
        -- Дай мне руку, Эрна, і набярыся мужнасьці... Табе прыйдзецца прыняць яшчэ адну горкую пілюлю, што як ты хочаш ад мяне тлумачэньняў. Бог -- сьведка, я ніколі не хацела табе пашкодзіць, ні табе, ні тваім дзеткам. Таму перш за ўсё, прымі маё слова, што я вельмі спачуваю табе... але не магу спачуваць твайму мужу.
        -- Што ты маеш на ўвазе?
        -- Набярыся цярпеньня, Эрна, я прасіла цябе мужацца, бо гэта будзе для цябе сапраўдным ударам.
        Марыя перавяла дых, паглядзела Эрне проста ў ейны юны, засмучоны твар і пачала:
        -- Памятаеш, на народзінах тваёй дачкі я расказала аб чалавеку па імені Пісараў-Шварц, аб забойцы маіх дзяцей. Шчыра кажучы, я ня ведаю, чаму я зрабіла гэта менавіта там і тады; пэўна, таму, што ты мяне спанукнула. Але... Я не сказала табе тады аднаго важнага факту: чалавек, што забіў маіх дзяцей і маці, быў паранены не ў жывот, а ў левую нагу. На левым сьцягне ён мусіць мець цяпер вялізныя апёкавыя шнары... Таму гэта залечвалася так доўга -- цэлае лета... І яшчэ я была прыкмеціла тады -- вышэй калена ў яго заўважная, у форме яйка радзімка. І звалі яго...
        -- Ёган Бэргдорф! -- усклікнула Эрна не сваім голасам і абмякла на крэсьле, ейная рука задрыжэла ў Марыіным поціску. -- Божа мой!.. -- прашаптала яна, і сьлёзы пакаціліся па ейных шчоках.
        Прыступ плачу, праўда, быў кароткім. Пэўна, таму, што жанчына была ўжо выматана нечаканым шокам з нагоды гібелі свайго мужа. Яна дастала з клумкі насоўку, выцерла твар і зь цяжкімі вачыма вярнулася да Марыі. У вачах зьявіўся страх.
        Яна паднялася й падыйшла да вакна. Стаяла так, нерухома, назіраючы далягляд за возерам Антарыё.
        У далечыні пускала клубы дыму баржа, кіруючыся, відаць, да Гамільтана. Апынуўшыся пад перакрыжаваным абстрэлам супярэчлівых пачуцьцяў, яна наўрад ці заўважыла тую баржу.
        ...Там, у Нямеччыне, неяк раніцай пасьля вайны на іхнай фарме, на парозе дому зьявіўся стомлены й змарнелы дзяцюк -- Ёган Бэргдорф. Ейная маці, набожная ўдавіца, дала яму прытулак і ежу. Учынак хрысьціянскай міласэрнасьці. Бэргдорф застаўся на нейкі час, дапамагаў на фарме. Мужчынскіх рук так не ставала тады на фармах, мужчын ув акрузе засталося мала, а маладых нежанатых -- і пагатоў. Таму маці убачыла Ёгана пасланцам Божым для сваёй дачкі. Вось муж для Эрны, вось чалавек, што будзе даглядаць фарму. Усё падавалася такім надзейным. Яны ажаніліся. Будучыня была засланая ружамі.
        А тут, каб пабурыць усю ідылію, хаўрусьнікі раптам вырашылі памяняцца зонамі акупацыі, і ў іхны край мусілі прыйсьці расейцы. Пачуўшы гэткае, Бэргдорф запанікаваў. Ну, проста не было ніякага пытаньня, каб заставацца пад чырвонымі. Яны мусілі выехаць. Некаторы час жылі ў сваякоў у Заходняй Нямеччыне, дзе і памёрла маці. Потым вырашэньнем усіх праблемаў падалася эміграцыя ў Канаду.
        Пачатак быў цяжкім. Але Ёган выявіўся кемлівым чалавекам. Жыцьцё ўвайшло ў сваю каляіну, усё ішло гладка, ажно пакуль не нарадзіліся дзеці. Тады Ёган зусім зьмяніўся. Запозьняя праца падавалася надта падазронай. Людзі казалі, ды й Эрна сама была амаль упэўненая ў тым, што ў ейнага мужа была іншая жанчына.
        Якая ж наіўная яна тады была! Ейны муж быў зусім не героем, а падонкам, зь нявіннай крывёю на сваіх руках.
        Як гэта яна тады сказала на народзінах дачкі, што ён так выбухнуў? Яна пакорпалася ў памяці. Ага, вось: "А ягоныя жонка й дзеці нават ня маюць аніякага ўяўленьня аб тым, што іхную сям'ю спарадзіла такая пачвара, месца якой адно на шыбеніцы, за ногі падвешаным!" ...Ня дзіва, што ён так узьвіўся.
        І ўсе гэтыя гады яна, такая лагодная, такая выхаваная, прыстойная дачка фармэра, абдымала гэтага вырадка!
        ...Яна задыхнулася ў агідзе.
        Тады раптам увесь ейны гнеў абрынуўся на жанчыну ў шпітальным ложку. Якога чорта яна вось гэтак зьявілася і разбурыла іхнае жыцьцё? Якое яно б там ні было тое жыцьцё, але ўсё ж лепей, чым застацца ўдавіцай. Шчасьце няведаньня саладзейшае за горкую праўду. Як ёй быць цяпер -- самотнай, бездапаможнай? Памёр ейны кармілец -- і хто цяпер яе падтрымае? Хто будзе гадаваць дзяцей?
        Дзеці!..
        Божа мой! Эрна задыхнулася.
        Яна завярнулася, твар быў папялова-шэры. Падышла да Марыі...
        Усьведамленьне таго, што гэтая жанчына пашкадавала ягоных дзяцей перахлынула ўсё астатняе й загасіла выбух ейнага гневу. Простая душа, яна была так удзячна ёй, была амаль гатова цалаваць ёй рукі. Гэтая думка запанавала сярод астатніх і павяла рэй у ейнай заблытанай душы.
        -- Алена, ...ох, Марыя... Ты ж глядзела маіх дзяцей, была зь імі сама... Ты ж магла...
        -- Але, Эрна, я магла зрабіць з тваімі дзецьмі тое ж, што ён зрабіў з маімі. І хто ведае, можа, мне б і было апраўданьне.
        -- І ён ведаў гэта... і не падумаў... Божа мой!.. -- ледзь чутна прашаптала Эрна, закрыўшы далонямі твар.
        -- Але... Адна толькі рэч мяне спыніла.
        -- Што?
        -- Мая вера ў Бога. І мая глыбокая прыхільнасьць да цябе, Эрна. Ты -- харошая. Бэргдорф не заслужыў цябе. Я, хто пацярпела столькі ад немцаў, хто бачыла, як гінулі нашыя людзі ад іхных рук... гэта гаворыць аб многім...
        -- Дзякуй, Марыя, дзякуй табе, -- Эрна хацела пацалаваць Марыі руку, але тая хутка яе выдзернула.
        -- Ня трэба, Эрна. Я разумею, што ты адчуваеш. Я спачуваю табе. Не вінаваць мяне за тое, што я зрабіла. Я да гэтае пары не магу зразумець сама, як яно ўсё абярнулася. Ты ж бачыш, той раніцай я йшла на працу, а ён сам раптам накінуўся на мяне, запхнуў у аўта, сказаў, што на гэты ўжо раз пераканаецца, што пазбавіўся мяне назаўсёды...
        Эрна не прамовіла ні гуку. Яна падняла вочы й проста глядзела на Марыю; яна відавочна была ўжо зьнясілена залішкам пачуцьцяў.
        Чатыры іншыя пацыенты ў пакоі, пэўна, былі цалкам раззлаваныя немагчымасьцю разумець па-нямецку, бо паводзіны абеіх жанок відавочна інтрыгавалі іх. Вядома, яны чулі пра аварыю, у якую трапіла Марыя, і пазьней распытвалі яе аб ёй. Але гэтае супрацьстаяньне дзьвюх гераіняў нейкае драмы, што завязалася яшчэ ў пекле вайны на другім баку акіяну, было ім недаступным.
        -- Ён бы зрабіў гэта... ён бы зрабіў... Божа мой, Божа мой! -- шаптала Эрна.
        Жанчыны абмяняліся паглядамі, якія значылі болей за словы.
        -- Гэта жорсткі сьвет, Эрна, -- сказала Марыя. -- Калі табе будзе лягчэй ад гэтага, я магу сказаць табе, што я дакладна ведаю, што ты адчуваеш зараз. Але час вылечыць твае раны... Я рада, што знайшла цябе такой, якая ты ёсьць -- добрая й простая. Гэта і стрымлівала мяне, я адчувала, што ня маю права пашкодзіць ні табе, ні тваім дзецям...
        Марыя ляжала ціха, уся ейная сутнасьць сагравалася думкай, што яна здолела зрабіць і нешта добрае ў гушчары ўсіх сваіх пакутаў.
        -- Скажы, Марыя, паліцыя ўжо гаварыла з табой? Ведаеш, яны знайшлі ў яго пісталет.
        -- Так, я ведаю. Прыходзіў паліцыянт, пытаўся, ці мяне выкралі, і ці мела месца бойка ў аўта. Я сказала, не. Ёсьць, пэўна, яшчэ адна рэч, што цікавіць цябе, Эрна.
        -- Так, наконт дзяцей.
        -- Я абяцаю табе, Эрна. Ад мяне яны ніколі не дазнаюцца, што іхны бацька быў ня тым, кім падаваўся, -- Марыя сьціснула ёй руку.
        -- Ты -- анёл, Марыя. Я ў даўгу перад табой. Не магу сабе ўявіць, як ён мог зрабіць такое табе, пасьля ўсяго, што ты зрабіла дзеля яго. Вы з маці ратавалі яму жыцьцё... Проста жудасна думаць аб гэтым. І гэта -- бацька маіх дзяцей...
        -- Ты ведала іншага чалавека, Эрна. Ты ж нават не падазравала.
        -- Ты ведаеш, у мяне былі заднія думкі... Але такое, сапраўды, я не магла і падумаць. Цяпер мне зразумелы ягоны выбух на народзінах Эрны. ...Ах, ладна. Я не магу больш гаварыць, калі ягонае цела яшчэ нават не пахаванае. Чым меней сказана, тым лепей. Ты згодна?
        -- Так, я разумею.
        -- Дзякуй яшчэ раз табе, Марыя.
        Эрна нахілілася й пацалавала Марыю ў лоб. Была сабралася ўжо пайсці, тады павагалася й раптам завярнулася:
        -- Я прыйду да цябе яшчэ, Марыя. Пасьля паховін. Усяго добрага, ды папраўляйся.
        З гэтым яна й пайшла.
        Праз паўгадзіны зьявіўся Мікола. Лічачы яшчэ трох з кухні з гэтага ж шпіталю, ён быў ужо шостым наведвальнікам у гэты дзень, і Марыя была зусім стомленая. Ёй прыйшлося рабіць высілкі, каб адорыць яго нейкім цёплым словам, слухаць і тлумачыць у дэталях, што адбылося й чаму.
        Хлопец сядзеў ля ложка цалкам устурбаваны, бо як бы Марыя ні старалася больш сьціпла падаць усю гісторыю, яна зрабіла на яго ашаламляльнае ўражаньне. Цяпер ён зразумеў, чаму яна была ахалоджвала ягоны пыл. Але як бы ня быў ён шакаваны сам, ён знайшоў у сабе сілы падбадзёрваць яе словамі й усьмешкамі.
        -- Марыя, не турбуйся цяпер ні аб чым, -- сказаў ён перад адыходам. -- Калі ты дазволіш, я ва ўсім табе дапамагу. Цяпер я буду апекавацца табой, -- і тады ён зачырванеўся, бо гэтае простае абяцаньне было лепшым прызнаньнем у каханьні.
        Ужо позна ўначы Марыя ляжала зусім бяз сну; ейны розум усё вандраваў сярод усіх тых падзеяў, што здарыліся апошнім часам...
        Даволі дзіўна, але цяпер, калі ейная "місія" была выкананая, яна чулася такой выматанай і спустошанай.
        Аж яна яшчэ й не пачынала жыць!
        Яна ўсё яшчэ была падранкам, зьвялай кветкай, выдзернутай з каранямі зь зямлі, што некалі яе нарадзіла.
        Ёй прыпомніліся словы айца Паўла: "Вельмі неразумным ёсьць нам, простым ды малым, з нашымі абмежаванымі Богам магчамасьцямі, спрабаваць спасьцігнуць сэнс усяго існага, створанага Ім, ды аспрэчваць Гасподнія шляхі й спосабы".

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.