РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Заўтра ёсьць учора
1. Арышт
2. Міласэрнасьць уначы
3. Новыя гаспадары
4. Нападзеньне ў пуні
5. Катаваньне ў клясным пакоі
6. Забойства
7. Абуджэньне
8. Вульгарная прыгажуня
9. Маёўка
10. Двубой
11. Лара ліхадзейка
12. Расправа
13. Чорная бездань
14. Д'ябалава гулянка
15. Гвалтаваньне
16. Дзірка ад кулі
17. Сустрэча старых сяброў
18. На папраўку
19. Іспыт на трываласьць
20. Руіны
21. Знаходка
22. Дзядзька
23. У судзе
24. Па сьледзе забойцы
25. Адзін крок паперадзе
26. Пачатак каханьня
27. Вось і сустрэча
28. У пошуках слушнасьці
29. Выклік
30. Сьмяротная паездка
31. Вяртаньне да жыцьця
4. НАПАДЗЕНЬНЕ Ў ПУНІ
        
4. НАПАДЗЕНЬНЕ Ў ПУНІ

        
        Прайшло ўжо пяць тыдняў з тае начы, як Ваня Калпакоў пастукаўся ў іхную хату.
        Штоноч Марыя наcіла ў лесьнічоўку ежу для жаўнера, кожнага разу крадучыся па лесе. Даводзілася быць вельмі пільнай, каб хаваць свае выправы ў сакрэце. Вакола было поўна пагалосак аб іншых і параненых, і здаровых дэзэртэрах. Адылі, погудкі ды пагалоскі нікому тут не абыходзілі. Шулаўцы былі занятыя зьдзяйсьненьнем і ўкараненьнем Новага Парадку. Яны дзялілі калгасную зямлю на прыватныя надзелы й рупіліся аб іх.
        Само распалажэньне вёскі забясьпечыла шулаўцам выгодныя месцы ў партэры перад працэсам гісторыі. На ўсход рэгулярна праходзілі па чыгунцы, што была адразу за гасьцінцам, цягнікі і зь людзкімі рэсурсамі, і заладаваныя ўсялякім вайсковым рыштункам і амуніцыяй. У зваротным накірунку пайшлі шпіталёвыя цягнікі, запоўненыя параненымі.
        Па гасьцінцы зашыбавалі тысячы ботаў і такія ж тысячы босых ног. Даўгія, шэрыя калёны савецкіх ваеннапалонных -- схудзелых, галодных, змучаных, добра апранутых ці ў лахманах, здаровых ці параненых -- цягнуліся на захад. Эўрапейскія ды азіяцкія расейцы, беларусы, украінцы, армяны, узбэкі й таджыкі, грузіны й казакі, калмыкі й бураты -- усе нацыянальнасьці зь земляў, калянізаваных Масквой, былі шырака прадстаўлены ў гэтым замундзіраваным людзкім моры.
        Яны адмовіліся надалей праліваць сваю кроў дзеля абароны крамлёўскага дэспата, але пазьбегнуўшы Сцылы, апынуліся ў сьмяротных абдымках Харыбды. Канваіраваныя добра ўзброенымі, адкормленымі жаўнерамі зь вялізнымі аўчаркамі, тыя, хто ня ў сілах быў працягваць свой шлях на Галгофу, змораныя й зьнясіленыя, -- былі страляныя на месцы. А мясцовае насельніцтва змабілізавалі рыць ямы ды закопваць іх.
        Ніколі раней тутэйшыя не былі сьведкамі такой зьверскай жорсткасьці перад сваімі ж парогамі. Сталінскія жахлівыя каты хапалі свае ахвяры з ложкаў пасярод ночы, а гэтыя так званыя вызвольнікі не рабілі нават ніякіх спробаў закамуфляваць сваё зладзейства. Нават найстарэйшыя шулаўцы, як бы глыбака ні капаліся ў сваёй памяці, няздольны былі прыгадаць такога, каб людзей адпраўлялі ў магілы настолькі адкрыта брутальна, не па-людзку, на вачах ва ўсіх, хто за гэтым наглядаў.
        Усьведамляючы адказнасьць за свайго ачунялага падапечнага, Марыя малілася, каб хутчэй расьсьвёў той дзень, калі б жаўнер мог ладна акрэпнуць і сысьці. Ейным жа дзецям таксама былі патрэбныя ўвага й клопат, ды й школа магла зноў адкрыцца ўвосень. Яна спадзявалася, што ёй прапануюць вярнуцца да сваёй папярэдняй працы. Вядома, ніхто не сказаў бы зараз, якія намеры маюць новыя гаспадары ў галіне адукацыі. Далёкі цяпер фронт уяўляў сабой пэўную няўпэўнасьць, бо Сталінскі абяцаны "ответный удар", здаецца, не матэрыялізаваўся.
        Аднаго дня Марыя зьезьдзіла ў Гарадок -- мястэчка, што кілямэтраў за дзесяць ад вёскі, -- у госьці да сваёй сяброўкі, настаўніцы Юстыны Мурашкі. Сяброўства іхнае пачалося яшчэ ў Менску, у Педагагічным інстытуце, дзе яны абедзьве вучыліся да вайны, і працягнулася й надалей, бо школы, дзе яны пачалі працаваць, былі недалёка адна ад адной. Цяпер Юстына жыла бліжэй да цэнтру падзей і таму ведала навінаў больш, чым Марыя ў сваёй вёсцы.
        Юстына расказала -- і гэта мусіла быць з надзейных крыніцаў, -- што ў верасьні зноў адчыняцца школы зь інструкцыямі і па-беларуску, і па-нямецку і што ёсьць некаторыя людзі, якія ўжо займаюцца праектам новай адукацыйнай сыстэмы. Напэўна, што й Марыю паклічуць зноў у школу, заверыла яе Юстына.
        Цяпер Марыя ўжо тысячны раз абдумвала дэталі таго, што дазналася ад Юстыны. Ад гэтага залежала будучыня ейная й ейных дзяцей.
        Аднаго дня яна ўзяла кошык і пайшла ў лес, як бы ў грыбы. Яна меркавалася пабачыць Калпакова пры дзённым сьвятле й пераканацца, у якім ён урэшце стане, бо ноччу яна не магла вызначыць, ачуняў жаўнер поўнасьцю ці не. Трымаўся ж ён відавочна, як здаровы мужык. Часам, калі Марыя нахілялася бліжэй, каб глянуць на рану, ён хапаў яе рукамі й намагаўся зацягнуць на сена. Ёй ледзь удавалася вырвацца. Хлопец быў яўна галодны да любошчаў; і Марыя пару дзён таму падзялілася гэтым з маці.
        -- Ну, -- прыжмурыла вочы Аксіньня, -- можаш павіншаваць сябе: адкарміла ты яго, што ён кідаецца там, што той бык у стойле. А чаму б табе не паглядзець на яго днём? Цалкам можа быць, што тое, што яму патрэбна зараз, дык гэта -- баба, а ня нянька.
        Маці затрымалася, падумала, пасур'ёзьнела:
        -- Маня, глядзі, дзеўка. Час такі, што толькі дэзэртэра нам у хаце не хапала.
        Матчына папярэджаньне мела рацыю. Яна ведала сваю дачку. І ведала, што, калі яна дазволіць Калпакову звабіць сябе, іхнае жыцьцё ўскладніцца па-за ўсімі раскладамі.
        -- Мама, не хвалюйся, -- заверыла яе Марыя. -- Я ўжо не дзіця.
        Марыя выйшла на дзялянку й была цалкам зьбянтэжана, як тая выглядала -- зусім ня так, як яна прывыкла ўначы. Уламкі штабоў былой лесьніковай хаты зарасьлі кустаўём, ляпніна ўсё яшчэ крэпка трымалася дзе-нідзе на камянях, што стваралі некалі падмурак дому. Агню, пэўна, нішто не замінала, бо з драўлянага нічога не засталося. Вытаркнутая збоку разьгірэчаная печ ды йржавыя шкілеты двох жалезных ложкаў маўкліва сьведчылі аб тым, што некалі тут было чалавечае жытло. Адно сарока, уладкаваўшыся на вяршку касабокага ложка, патрэсвала хвастом, зь цікаўнасьцю аглядаючы прышлага чалавека.
        Хуткім позіркам Марыя акінула дзялянку, зазначыўшы сабе няўмольны наступ прыроды, і пайшла да пуні. Як сірата, пакінутая й самотная, пуня знайшла прытулак у ценю даўгіх, абвіслых галінаў старой бярозы. Збудаваная з крэпкіх сасновых бярвёнаў, унутры яна была падзелена на дзьве часткі: стайню й сховішча для сена.
        Марыя засьцярожана пераступіла парог і ўтаропілася ў пустую гурму сена. Яна была меркаваўшы застаць хлопца неспадзеўкі; замест таго была зьдзіўленая сама, убачыўшы спустошаную ляжанку і гадаючы, куды ж мог падзецца гаспадар гэтага часовага прытулку.
        Доўга дзівіцца не давялося. Праз шматгалосьсе лесу яна хутчэй адчула, чым пачула ці пабачыла, зьяўленьне ценю адразу за сьпінай у дзьвярным праёме. Перш чым яна змагла зрабіць хоць крок наперад ці завярнуцца, голас -- такі ўжо знаёмы -- павітаў яе:
        -- Добро пожаловать, мой дорогой ангел-хранитель!
        Яна зрапту разьвярнулася.
        Хлопец стаяў у парозе з выразаным пад чалавечую галаву бярозавым камлюком пад левай пахай і адчыненым сьцізорыкам у правай руцэ. Раней ён быў прасіў прынесьці яму востры нож, каб займацца рэзьбай.
        -- Значыць, ты бачыў, як я йшла? -- сказала Марыя, ставячы кошык на брудную падлогу й разглядаючы ўпрытык ягоную рану.
        -- Вядома, -- усьміхнуўся Калпакоў. -- Ты ж ведаеш, нельга, каб мяне злавілі спрасонак. Вайсковае правіла: ніколі не дазваляй ворагу застаць цябе зьнянацку, разумееш.
        Загадкавая ўсьмешка ўздрыгнула на ягоным твары, пэўнае здароўе якога падкрэсьлівалі адрослыя валасы й барада. Ён загарэў. І выглядаў цалкам акрэплым. Марыя падумала: калі ж гэты калека пачаў загараць? Па начах яна знаходзіла яго на сене й меркавала, што наўрад ці ён пакідаў яго, адно толькі па натуральных патрэбах. Відавочна, што гаючае паветра ды чароўныя трэлі лясных птушак лепш спрыяюць фізічнаму й духоваму ўзмацаваньню, чым тое, што можа прапісаць лекар.
        -- А ці ж я табе вораг? -- спытала Марыя, не адрываючы вачэй ад ягонага твару.
        -- Марыя, анёл мой даражэнькі! Ці ж я гэта меў наўвеце? Ты ж ёсьць самым прыгожым і, вядома, самым міласэрным з усіх цялесных анёлаў, якога адно можна пажадаць сабе.
        Было нешта першародна-брутальнае ў ягоным твары. Марыя ці змагла б апісаць гэта, але яно было ёй няёмкім. Апрануты ён быў ува ўсё Валодзевае; празь незашпіленыя гузікі блакітнай кашулі выглядалі калматыя грудзі. Уся ягоная самаўпэўненая постаць яўна не паклікала на ўспамін аб слабым, бездапаможным параненым, якому б патрэбны быў няньчын дагляд.
        Марыя не змагла не падзівіцца, што ж магло быць пад гэтай непранікальнай маскай. Тое, што прыхоўваў ягоны твар, выдавалі цёмна-шэрыя вочы. Марыя ўжо бачыла гэты пагляд, і ён яе непакоіў. Не было сумневу, што гэта быў пагляд юрлівага жаданьня, што расло праз тыдні ягонага самотнага зьняволеньня ў лесе.
        Марыя заўважала такое ж, мо слабейшае, жаданьне ў вачах вясковых хлопцаў, што падыходзілі да яе на вуліцы з адзіным безнадзейным наўветам ушчыкнуць ці хоць дакрануцца. Нецярплівасьць у Калпаковых вачах азначала лёгка прадказальную атаку разьюшанага самца.
        Цяпер Марыя старалася не згубіць галавы. Яна разумела, што Ваня ня той, хто будзе марнаваць час на даўгія ўвэртуры ды прэлюдыі. Колькі ўжо разоў, калі яна прыносіла яму ежу па начах, ён тут жа рабіў спробу сарваць куш, і Марыя ледзь адбрыквалася ад ягоных нападкаў. І гэтым разам ягоныя заімглёныя вочы ўжо пачалі зрываць зь яе ейныя апранахі, нахабна бегаючы па ладна складзеным целе. Лёгкая, ёменькая сукеначка (зь недалёкіх такіх часоў дазамужжа) прыкрывала на ёй менш, чым дэманстравала. Марыіна натуральная прыгажосьць так пасавала да квітнеючай і спяваючай на ўсе лады прыроды вакол іх. Усё якраз адпавядала для любошчаў. Любы мужчына на месцы Калпакова ня змог бы стрымаць сваіх натуральных жаданьняў.
        -- Марыя, які цудоўны сюрпрыз для мяне. Так прыемна бачыць цябе пры дзённым сьвятле. Ты ня можаш уявіць сабе, што гэта для мяне. Цэлы час тут адзін; як часта ты мне сьнілася анёлам, пасланым зь нябёсаў апекавацца мной.
        З шалёнымі вачыма Калпакоў шпурнуў прэч бярозавы камель. Сьцізорык апісаў дугу ў паветры й утыркнуўся ў бервяно сьцяны. Калпакоў падаўся наперад, раскілзаўшы свае зьвярыныя пачуцьці, забыўшыся пра ўсё на сьвеце, пажыраючы вачыма вытанчаную прыгажосьць, што была перад ім.
        -- Калі ласка, Манечка, калі ласка. Я ж цябе не пакрыўджу. Я так адчайна хачу цябе.
        Марыя глянула праз плячо, куды б ёй адступаць. Часу на роздумы не было. Яна пачувалася, што тая птушка ў клетцы, за якой пацягнулася рука. Тады рванулася да дзьвярэй у стайню.
        -- Яны замкнёныя на болт з таго боку. Ня варта супрацівіцца, Маня. Чаго ты брыкаесься, табе ж ня зьбегчы ад мяне.
        Ён набліжаўся. Ухіляючыся ад яго, Марыя прыгнулася й скокнула да пярэдніх дзьвярэй. Рукі сталёвай хваткай самкнуліся на ёйнай таліі, адарвалі яе ад зямлі й панесьлі на сена. Колкая барада заказытала на шыі, як ён прыглушаным голасам намаўляў:
        -- Дай мне, Маня. Я ж нічога табе не зраблю.
        Жанчына, хапаючы паветра, закрычала:
        -- Пусьці мяне, паскуда!
        Ліпкія рукі шоргалі па сподняму, між барады й вусоў расчыніліся тонкія вусны, шукаючы ейных. Брыкаючыся ў ягоных моцных абдымках, яна шалёна ўпілася зубамі яму ў правую руку. Хлопец ускрыкнуў, адхапіў руку, хватка саслабела, і яна выскачыла прэч, пачуўшы гучны трэск разарванай сукенкі.
        Марыя завярнулася й патрапіла з усяго замаху ўляпіць яму нагой паміж сьцёгнаў. Калпакоў зароў, як бык, скурчыўся й паваліўся на сена.
        Марыя спынілася ў дзьвярах, разьюшана крыкнула:
        -- Сабака! Я глядзела за табой, карміла цябе, гаіла твае раны -- і вось твая ўдзячнасьць! Хацеў, каб я прадалася? Га! Ты не займееш мяне! Ніколі ў жыцьці! У мяне ёсьць муж...
        -- Няма! Няма ў цябе ніякага мужа. Твой муж мёртвы, мёртвы! -- прахрыпеў Калпакоў злосна. -- Ты разумееш? Мёртвы!
        -- Няпраўда! Гэтага ня можа быць. Толькі ня ён! Ён вернецца! -- Марыя баранілася таго мужчыны, што цяпер ня мог нічога ёй зрабіць ув адплату за ягоныя незадаволеныя намаганьні.
        -- Ён -- жывы, ён ня можа памерці, толькі ня мой Валодзя... -- рэхам адказаў лес на ейны журботны крык.
        Марыя была звычайна спакойнай, лагоднай жанчынай. Гэты чалавек, адылі, крануў самае балючае месца ў ейным сэрцы, намагаючыся зьнішчыць драбнейшыя іскрынкі ейнае надзеі. Не дамогшыся цела, ён зруйнаваў і без таго хісткі баланс у ейнай душы.
        Што змучвала яе найбольш -- што гэты няўдзячны паскуднік вырашыў узяць яе гвалтам, пасьля ўсяго, што яна для яго зрабіла. Жанчына кіпела ад злосьці.
        Адылі тымчасам зь нейкай трывогай яна ўсьведамляла, што магла ж бы й сама паддацца сваім жа стрыманым жаданьням. Бо па сваёй прыродзе яна-такі была пародзістай сялянскай кабылкай. Любы мужчына, на чые дамаганьні яна б захацела адказаць, быў бы ўзнагароджаны ейнай сэксуальнай неўтаймаванасьцю.
        -- Няўдзячная скаціна, -- усё наракала яна на няшчаснага Калпакова ў пуні, -- выбірайся адсюль! Я не хачу цябе больш бачыць! Чуеш ты? -- яна забрала кошык і завярнулася пайсьці.
        -- Ты еще увидишь меня, Мария. Это я тебе обещаю, -- пачула яна наўздагон ягоны злосны, упэўнены голас.
        
        Удома маці адразу адчула, што з Марыяй нешта ня тое.
        -- Што такое, дачушка? -- пацікавілася яна, цэлы час заглядаючы ў твар. -- Што здарылася?
        -- Нічога, мама. Нічога, -- хаваючы сьлёзы, пазьбягала яна мацерыных вачэй.
        -- Паглядзі сюды, Маня. Я ж па вачах бачу, што нешта здарылася. Ты ніколі ня ўмела хлусіць. Сукенка парваная. Чаму?
        -- Калпакоў хацеў мяне згвалціць.
        -- Што -- ён?! ...Божа мой! Няўжо?
        -- Кінь, мама. Нічога такога...
        -- Нічога, га? Ён хацеў зьняважыць цябе, парваў сукенку -- і гэта нічога, га? ...Во як! Гэта ягоная ўдзячнасьць за ўсё, што мы для яго зрабілі?
        Яны замоўклі, але іхныя пагляды гаварылі болей за словы.
        -- Мама, памятаеш, у першую ноч ты пыталася яго, адкуль ён?
        -- Ну?
        -- Што ён сказаў тады?
        -- Здаецца, казаў пра Ленінград.
        -- Так, мама? Гэта важна. Ну, успомні.
        -- Так, так. А што так важна?
        -- Мы неяк размаўлялі, я задала яму такое ж пытаньне. Ня ведаю, чаму, але.
        -- Ну?
        -- Ён сказаў, што ён з Растова-на-Доне. Гэта змусіла мяне задумацца. Магчыма, ён жыў у абаіх гарадах. Але магчыма, ні ў водным.
        -- Але нашто яму хлусіць?
        -- Адкуль жа мне ведаць? Мне падаецца гэта дзіўным, не магу патлумачыць гэта, -- адказала Марыя раздражнёна, усё яшчэ злосная з-за ягонага нападзеньня ў пуні. Балела левая нага, але яна падумала, што яшчэ будзе час паглядзець яе потым.
        -- Ты столькі зь ім размаўляла, Маня. Ці ж ты расказвала мне ўсё. Што-небудзь было такое ў вашых размовах, што зрабіла цябе такой падазронай?
        -- Дай падумаць... Збольшага ён пытаўся мяне аб немцах: што яны рабілі, што зьбіраюцца рабіць, як быццам я сама нешта пра іх ведаю. Але гэта нармальна ў ягоным становішчы пільнавацца немцаў. Нешта ж было яшчэ, што стукнула мне, як нешта дзіўнае ад яго... Дай падумаць... Га, вось: пару разоў ён пытаўся,ці арганізуюць немцы ўзброеныя атрады зь мясцовых мужчынаў. Дзіўна.
        -- Ці ён як намякнуў калі-небудзь, што ён зьбіраецца рабіць?
        -- Не зусім. Такое ўражаньне, што ён сам яшчэ ня вырашыў, што рабіць, адно чакаў, пакуль нешта праясьніцца. ...Але як мы можам быць упэўненымі, што ёсьць хоць якая праўда ў тым, што ён гаварыў?
        -- Але, -- уздыхнула Аксіньня з трывогай на круглым, маршчыністым твары. -- Чым хутчэй ён сыдзе, тым лепей для нас. Ходзяць чуткі, некага пакаралі за тое, што хавалі дэзэртэраў з Чырвонай Арміі. Бог яго ведае, дыму без агню не бывае.
        -- Я сказала яму, каб сышоў сёньня ж, што я не жадаю больш яго бачыць. Я думаю, ён зразумеў. Мы ж не зьбіраемся яго больш карміць, мама, так што ў яго няма выбару, як адно пайсьці.
        -- Гэта добра, дачушка, -- пагадзілася маці. -- Але ці ачуняў ён настолькі, каб хадзіць? Ты ўпэўнена, што ён здаровы?
        -- Менавіта так, мама. Менавіта, -- запэўніла Марыя. -- Ты б бачыла, як ён накінуўся на мяне. Калі гэта не здаровы мужык, то я -- не Марыя Каравай. Усё зь ім добра, мама. Я дзіўлюся, чаму ён ня даў нам зразумець гэтага раней. Пэўна, яму было так зручна: сядзець і чакаць моманту, каб лягчэй мяне зманіць...
        Праз тры дні пры дзённым сьвятле Марыя зноў схадзіла да такой ужо знаёмай лесьнічоўкі. Яна агледзела ўсё вакол, пільна прыслухоўваючыся, але не знайшла ніякай прысутнасьці Калпакова: ні адзеньня, ні сьлядоў пасьцелі.
        Жанчына з палёгкай уздыхнула. Сышоў гэты вечна прысутны страх быць злоўленай. Адзінай узнагародай за дапамогу жаўнеру было ўсьведамленьне выкананага маленькага хрысьціянскага абавязку.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.