РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Заўтра ёсьць учора
1. Арышт
2. Міласэрнасьць уначы
3. Новыя гаспадары
4. Нападзеньне ў пуні
5. Катаваньне ў клясным пакоі
6. Забойства
7. Абуджэньне
8. Вульгарная прыгажуня
9. Маёўка
10. Двубой
11. Лара ліхадзейка
12. Расправа
13. Чорная бездань
14. Д'ябалава гулянка
15. Гвалтаваньне
16. Дзірка ад кулі
17. Сустрэча старых сяброў
18. На папраўку
19. Іспыт на трываласьць
20. Руіны
21. Знаходка
22. Дзядзька
23. У судзе
24. Па сьледзе забойцы
25. Адзін крок паперадзе
26. Пачатак каханьня
27. Вось і сустрэча
28. У пошуках слушнасьці
29. Выклік
30. Сьмяротная паездка
31. Вяртаньне да жыцьця
26. ПАЧАТАК КАХАНЬНЯ
        
26. ПАЧАТАК КАХАНЬНЯ

        
        Пасьля нядзельнай службы ў царкве Мікола Гляк падышоў да Марыі ў царкоўнай залі й даволі выразна патрабаваў, каб яна патлумачыла, чаму й куды яна пераехала. Ці не хацела яна, часам, схавацца ад яго? Што вымусіла яе пераехаць?
        Мікола -- гожы, у сваіх траццатых гадох, дзяцюк сярэдняго росту, крэпкі, мускулісты, зь цёмнымі густымі валасамі, у якіх праглядвалася сівізна, шчырай, добрай усьмешкай, адкрытай душой. Усё гэтае, ды яшчэ адсутнасьць дрэнных прывычак Марыя зазначыла, як толькі яны пазнаёміліся каля трох тыдняў таму. Яна падазравала, што Мікола быў не абыякавы да яе.
        У беларускай суполцы мужчын было значна болей, чым жанчын. У Марыі былі самыя завышаныя шанцы, каб быць не абдзеленай увагай. Не была б яна абцяжараная тым, што ўважала за сваю "місію", яе б нішто не стрымлівала адказаць на ягоныя пачуцьці. Але ёй была патрэбная поўная свабода дзеяньняў, і яна ніякім чынам не магла дазволіць сабе быць зьвязанай ці залежаць ад каго-небудзь.
        Час для рамана яшчэ будзе, вырашыла яна. Пасьля выкананьня "місіі".
        Яна цешылася зь Міколавай увагі, і ёй цяжка было заставацца абыякавай. Не, груба адпіхнуць яго яна не хацела. Ня трэба гэтак, вырашыла яна, трэба было неяк аджартавацца.
        -- Ат, Мікола, каб я ведала, што гэта так важна для цябе, я б табе тэлеграму адправіла з просьбай, каб ты прыбег дапамагчы перацягнуць усё маё багацьце, што я ўжо пасьпела тут нажыць.
        Міколу гэта жартам не падалося. Адказ прысьпешыў тое, чаго яна намагалася пазьбегнуць.
        -- Так, мне гэта важна, Марыя, -- сказаў Мікола сур'ёзна, ня зводзячы зь яе сваіх уважлівых вачэй.
        Марыя заглянула яму глыбока ў вочы, пазнала там прыкметы каханьня й зачырванелася. Гэтае салодкае пачуцьцё, што некаму ты патрэбная, і што ён адкрыта, на людзях, паказвае гэта, запоўніла ейнае сэрца. Напэўна, гэта было адчуваньнем новага пачатку. Простае мужчынскае прызнаньне яе глыбока кранула.
        Яны стаялі сярод людзей, глядзелі адзін на аднаго, як могуць глядзець людзі, што раптам зразумелі, як іхнае сяброўства перарастае ў больш моцную повязь.
        -- Я ўсьцешана, -- Марыя цяжка зглынула. -- Вось. Калі гэта -- праўда, што ты сказаў.
        -- Гэта так, Марыя, -- ён узяў яе за руку, пяшчотна сьціснуў яе.
        Марыя агледзелася на твары вакол іх і мякка вынула руку.
        -- Мікола, паслухай... Я ня ведаю, што сказаць.
        -- Не гавары нічога. Хіба ня тут. Давай прагуляемся.
        Мікола быў адным з тых, хто дапамог ёй знайсьці працу ў шпіталі, і ён ніколі не прапускаў магчымасьці пацікавіцца аб розных ейных праблемах з жытлом і з уладкаваньнем ў горадзе. Натуральна, яны хутка сталі блізкімі сябрамі. Абое мала што ведалі адно аб адным, і ўсё ж адчувалі, што іхныя адносіны падышлі да тае ступені, калі -- нават для працягваньня простага сяброўства, такога, як зараз, -- некаторыя ўзаемныя паглыбленьні ў падрабязнасьці іхнага былога жыцьця насьпелі.
        Гэтая думка крэпка засела ў Марыінай галаве, калі яны выйшлі з будынка царквы, перайшлі вуліцу й пайшлі ў парк.
        Дзень быў цёплы, хаця й хмарны. Людзей у парку ў гэты час было няшмат. На арэлях і ў пясочніцах гуляліся дзеці.
        Мікола выбраў аддаленую лаўку пад вялізным клёнам. Ён змахнуў пыл сваёй насоўкай і запрасіў Марыю сесьці. Яна пагадзілася й села, выцягнуўшы ногі ды ўважліва разглядваючы свае карычневыя чаравікі, быццам бачыла іх упершыню.
        Некаторы час яны сядзелі моўчкі, утаропіўшыся перад сабой, абое занятыя сваімі думкамі пасьля размовы ў царве.
        -- Марыя, гэта праўда, тое, што я табе сказаў у царкве, -- Мікола рэзка завярнуў галаву да яе і зазірнуў у вочы, у той час як яна ўсё яшчэ глядзела перад сабой. -- Мне сапраўды гэта важна. Я ня ведаю, калі я гэта зразумеў упершыню... Хіба калі я шукаў цябе па старым адрасе. Я, як пачуў, што ты зьехала... Мне падалося, што я губляю нешта назаўжды. І тады раптам я зразумеў, што гэта ня простае знаёмства, як было зь іншымі, пакуль не прыехала ты. Праўда. Я ведаю цябе зусім коратка, але няхай нават так... Я адчуваю, што ты менавіта той чалавек... Як ты зьехала і не пакінула нават адрэсы, куды, і ніхто, каго я пытаўся, ня змог мне сказаць, куды ты дзелася, я так спалохаўся, а што калі раптам ты вырашыла зьехаць з гораду, Бог ведае куды, і я цебе больш не пабачу. Праўда, Марыя, -- голас Міколы задрыжэў, -- я ніколі так не губляў раўнавагі, як у гэтыя дні. Я цэлы час паўтараў сабе, што ня можа гэтага быць, каб ты так зрабіла мне. А потым я падумаў, што ты ж нічога мне не павінна, што нашае сяброўства ледзь-ледзь пачалося... Але я зразумеў, што для мяне гэта сур'ёзна. ...Я чакаў гэтай нядзелі, лічыў кожную гадзіну, бо падумаў, што ў царкве ж ты мусіш паказацца. Таму я так узрадаваўся, калі пабачыў цябе... І цяпер, што мы тут разам...
        Ён раптам змоўк і трывожна агледзеўся, як быццам яму была патрэбна дапамога.
        -- Марыя, калі ласка, калі ты... Калі я магу табе нечым дапамагчы, скажы мне, га? Я ня ведаю, каханьне гэта ці не... Але я не хачу быць эгаістам і ўмешвацца дарэмна ў тваё жыцьцё. Адно, у чым я ўпэўнены, я не магу цябе згубіць і я хачу быць побач з табой. Ці дазволіш ты мне гэта, Марыя? Магу я хаця спадзявацца, што ты будзеш лічыцца з маімі пачуцьцямі?
        Мікола ўзяў яе за руку, хацеў заглянуць у вочы, але яна ўсё так і глядзела наперад, што ён нават спалохаўся, ці хаця пачула яна ўсё, што ён тут нагаварыў. Ейная млявая рука ляжала ў ягоных руках, і ён заёрзаў на лаўцы, ня ведаючы, што цяпер рабіць.
        Марыя марудна павярнула твар да яго, і Мікола сьцепануўся ад таго, што пабачыў у ейных выразных блакітных вачах. Там быў боль, расчараваньне, шкадаваньне й разуменьне -- усё разам. Цень нечага незразумелага, прадчуваньне нейкай небясьпекі адбілася на ейным твары, у шчыльна сьціснутых вуснах, у няўпэўненым паглядзе. Жанчына, што перажыла шмат гора, і дзіця, якому патрэбна дапамога, -- вось хто глядзеў зараз на яго.
        Мікола быў адукаваным, памяркоўным чалавекам, працаваў бухгалтарам, і ў ягоным жыцьці былі жанчыны. Дагэтуль ён быў непапраўным бабылём, непаддатлівым, страляным вераб'ём. Але ніколі яшчэ ў жыцьці ён ня меў справы з такім характарам. Гэтая жанчына запала яму ў душу, як ніякая раней. Яна і вабіла, і інтрыгавала, раніла й радавала. Яна ўлівала ў яго менавіта тыя сілы, што пажынаюць плады каханьня праз салодкі боль і пакуту.
        -- Мікола, ты гоніш коней, -- сказала яна, націскаючы на слова "гоніш".
        Голас здаваўся адчужаным і бязьлітасна абыякавым. Яму нават падалося, ці мае яна якіясь пачуцьці наагул.
        -- Табе не прыходзіла на розум, што я, можа быць, зусім не гатова яшчэ для якіх-небудзь рамантычных адносінаў? -- задала яна рэзоннае пытаньне. -- Я ўсьцешана тваёй увагай... але дазволь запытацца, а што ты ведаеш пра мяне?
        -- Нічога, -- абарваў яе Мікола.
        -- Не, не, не перабівай мяне, -- падняла яна руку. -- Дай цяпер я скажу. Ты ж ведаеш, што я ня ўчора нарадзілася. І ты мусіш ведаць, што я не магу адлучыцца ад свайго мінулага, ніхто ня можа... Карацей кажучы, ёсьць у мяне прычына, чаму я пераехала; у маім мінулым значна больш таго, што ты мог, напэўна, сабе ўявіць. Усё, што я магу пакуль сказаць, калі гэта трохі цябе супакоіць, што маё мінулае ня тое расьцьветастае, як бывае ў некаторых дзяўчат. Нешта зусім іншае. І калі я буду гатова, я скажу табе. А зараз не магу.
        -- Як жа, Марыя... Калі ласка, ты мусіш мне сказаць. Што б там ні было, нават самае горшае, але можа я змагу дапамагчы табе, -- узмаліўся Мікола.
        -- Не, Мікола, ня зможаш. Ах, ты ж нічога ня ведаеш!.. -- голас ейны сарваўся. -- Паслухай, Мікола, я так разгублена... Не бянтэж мяне, не пытайся ні аб чым. Хіба ня бачыш, не гатова я яшчэ, каб адкрыць душу.
        Цяпер яна выглядала раззлаванай. Мікола паглядзеў ёй пільна ў вочы, на дарагі твар, што зьмяніўся колерам, і зразумеў, якое вялізнае змаганьне адбываецца зараз у ейнай душы. Яна старалася трымацца спакойнай, але -- калі ён наагул разумеў нешта ў людзях -- была гатова вось-вось зарыдаць. Нешта такое віравала ў ейнай душы, і ўсё ж яна не была гатова падзяліцца зь ім. І яму не захацелася выклікаць заўчаснага выбуху.
        -- Паслухай, Марыя. Можаш ты паабяцаць мне адну рэч? -- ён узяў яе за руку.
        -- Што?
        -- Калі табе будзе патрэбная дапамога, якая б ні была, -- ты паклічаш мяне?
        -- Добра, паклічу, -- адказала яна, крыху павагаўшыся.
        -- Дамовіліся. А цяпер, можна я запрашу цябе на абед?
        -- Ну, гэта можна, -- яна ўсьміхнулася, але усьмешка была празь сьлёзы.
        Мікола пасадзіў яе ў сваё аўта, і яны праехалі два кварталы да рэстарану, дзе нядорага можна было пачаставацца добрай старой кухняй.
        Яны елі нетаропка, гаварылі няшмат і ні аб чым. Мікола сачыў за кожным ейным рухам, намагаючыся разгледзець за маскай абыякавасьці й зьнешнім спакоем ейны любы твар. Што б яна там ні намагалася схаваць, ён мусіць пранікнуць у гэта, стаць часткай ейнага жыцьця, бо цяпер -- і ён дакладна гэта разумеў -- цяпер гэта тычылася і яго.
        Пасьля абеду Мікола прапанаваў зьезьдзіць на выспу Таронта, але яна мякка адмовілася, засьпяшалася дадому. Можа, так было й лепей. Усё ж, калі б яны яшчэ болей прабылі разам сёньня, нейкае неасьцярожнае слова ці нялоўкі рух мог бы выклікаць непатрэбныя ўспышкі, якіх Мікола так старанна намагаўся пазьбегнуць.
        Па дарозе да Марыінага дому абое маўчалі. Прыпаркоўваючы свайго зялёнага шэўрале, Мікола наўрад ці заўважыў назву вуліцы ці нумар дома.
        -- Марыя, можа, ты ўсё ж дасі мне свой нумар тэлефону?
        -- У гэтым доме няма тэлефону, -- схлусіла яна. -- Жанчыны, у якіх я жыву, ці то ашчадныя, ці то старамодныя. Ня ведаю дакладна.
        Гучала як мана, але Мікола сказаў:
        -- Але. Ну, тады вось табе мой, -- і ён выцягнуў маленькую картку са сваёй валеткі. -- Тэлефануй мне ў любы час, як захочаш.
        -- Добра, Мікола, -- ціха адказала яна, адводзячы пагляд. -- І прабач, што я была такой дрэннай кампаніяй для цябе сёньня.
        -- Нічога, -- ён выйшаў з аўта, адчыніў для яе дзьверцы і потым глядзеў ёй усьлед, пакуль яна не ўвайшла ў дом.
        На вуліцы не было ні душы. Выязджаючы, ён агледзеў вуліцу па абаіх баках і зразумеў, што Марыя пэўна мела сур'ёзныя прычыны, каб пераехаць сюды, дзе плата значна вышэйшая, чым у тым месцы, дзе яна жыла раней.
        Калі ён наагул нешта разумеў у жанчынах -- а ён меркаваў, што так -- яна была ня з тых, што так лёгка раскідваюцца цяжка заробленымі грашыма.
        Што ж тады прымусіла яе пераехаць сюды?
        Загадка падалася яму яшчэ больш складанай.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.