РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Заўтра ёсьць учора
1. Арышт
2. Міласэрнасьць уначы
3. Новыя гаспадары
4. Нападзеньне ў пуні
5. Катаваньне ў клясным пакоі
6. Забойства
7. Абуджэньне
8. Вульгарная прыгажуня
9. Маёўка
10. Двубой
11. Лара ліхадзейка
12. Расправа
13. Чорная бездань
14. Д'ябалава гулянка
15. Гвалтаваньне
16. Дзірка ад кулі
17. Сустрэча старых сяброў
18. На папраўку
19. Іспыт на трываласьць
20. Руіны
21. Знаходка
22. Дзядзька
23. У судзе
24. Па сьледзе забойцы
25. Адзін крок паперадзе
26. Пачатак каханьня
27. Вось і сустрэча
28. У пошуках слушнасьці
29. Выклік
30. Сьмяротная паездка
31. Вяртаньне да жыцьця
8. ВУЛЬГАРНАЯ ПРЫГАЖУНЯ
        
8. ВУЛЬГАРНАЯ ПРЫГАЖУНЯ

        
        З добрай доляй гіроніі адна беларуская казка апавядае, як Творцу падчас стварэньня жывёльнага й птушынага сьвету раптам не хапіла начыньня.
        Вось якраз тады Нябесны Гаспадар хуценька вынайшаў і адразу ўпершыню ўвёў у дзеяньне закон кампэнсацыі. Менавіта тады за адсутнасьць разумовых здольнасьцяў бык быў кампэнсаваны моцнымі рагамі, за недахоп сьмеласьці й сілы зайцу дасталіся хуткія ногі, а непараўнальны пясьняр лесу салавей, ніякаваты з выгляду, быў узнагароджаны надзвычайным голасам.
        Калі пакорпацца ў лябірынтах жыцьця й выцягнуць на сьвет Божы розныя тыпы чалавечых характараў, улучна з так званым чалавекам нармалёвым, можна ўпэўнена западозрыць, што Творца -- насуперак сьцьвярджэньням Бібліі -- прыклаў той самы закон і тады, калі вырабляў чалавека.
        Ад таго яшчэ часу Адам усё вывучае штодня й намагаецца вытлумачыць разнаякасныя вартасьці й заганы Евы. Заўзятыя рупліўцы гэнаЕ навуцы часам нават могуць быць шчодра ўзнагароджаны за свой імпэт: сярод кветак жаночых клюмбаў такі можна яшчэ напаткаць тое, што называецца ідэальным выпадкам -- дзяўчына, у якой бы так ёмка спалучаліся процілегласьці паміж ейнымі фізычнымі й духоўнымі якасьцямі.
        Марыя Каравай сустрэла такую дзяўчыну ў школе, хаця, зрэшты, ёй ніколі не прыходзіла на розум практыкаваць зь сябе дасьледчыка-аматара ў гэтай хітрасплеценай навуцы чалавечых душаў. Штодня занятая авалоданьнем розных галінаў навукі, яна не зьвяртала аніякае увагі на нейкую Ларысу Войнік -- ажно да дзявятае клясы, калі ўсё ж давялося яе заўважыць. Бо менавіта на ёй, на Марыі, адбіліся разнаякія дэфэкты характару гэнай дзяўчыны.
        Выгляд Ларысы ня мог не ўражваць зь першага пагляду. У свае шаснаццаць яна была ўжо дзеўка ў саку, і, здаецца, нават школьная сукенка акрэсьлівала буйнасьць ейнай прыгажосьці. Можна рызыкнуць і параўнаць Лару зь нейкім рэдкім відам, што бывае раптам прарасьце сярод таго травастою за дварамі, якога тут процьма, у гэтай сельскай краіне. Нават даволі пераборлівы мастак знайшоў бы ў ёй ўдалы аб'ект, каб унесьмяроціць яго для будучых пакаленьняў.
        Пекную, добра зладжаную постаць дапаўняў прыгожы тварык з блакітнымі вочкамі й русымі валасамі. Любы касмэтоляг даў бы добрую манэту, каб папрактыкаваць сваё мастацтва на гэтым твары, зробленым бы на замову, і спатрэбілася б толькі пара ўмелых дотыкаў майстра, каб прадставіць яго сьвету ў поўнай дасканаласьці.
        Але ў савецкім грамадзтве, дзе жанчыны жылі як цяглавыя коні -- клалі цэглу, варылі сталь, аралі зямлю, -- не было месца для цэнтралізаванай вытворчасьці касмэтыкі для прыгожага полу. Школьніцам нават забаранялася карыстацца памадай для вуснаў. Так што прыгажосьць, што дасталася Лары, была цалкам ня штучнай, а ейнай собскай, прыроднай.
        Пэўна ж, натуральна чакаць, што прыгожыя стварэньні й жывуць, і паводзяць сябе прыгожа.
        Але... У выпадку з Ларай вы будзеце поўнасьцю расчараваныя, бо яна была да такой ступені амаральная, што нават ужо й не хавала заганаў свайго характару. Сьціпласьць -- гэты істотны падмурак вонкавага шэдэўру -- у ёй цалкам адсутнічала. Дзяўчына была агрэсіўнай і зьняважлівай, грубай і нахабнай. Калі й былі ў ёй якія дабраякасьці ад нараджэньня, то й яны ня мелі ніякага шанцу для разьвіцьця ў дзяржаўным дзіцячым доме.
        Так, выхаваная савецкім грамадзтвам, у дзіцячым доме, так ніколі й ня зьведаўшы ні сямейнага цяпла, ні хрысьціянскае маралі, яна практычна стала ўвасабленьнем шматлікіх этычных вычварэньняў гэнага грамадзтва. Так што ў Ларыным выпадку клясічная марксісцкая догма аб тым, што чалавека выхоўвае атачэньне, можа быць выкарыстана для доказу поўнай безгрунтоўнасьці гэнага самага савецкага атачэньня.
         Назіраючы за Ларай у школе ці па-за ёй, хацелася падысьці ды па-бацькоўску параіць: "Паслухай, дзяўчына, ну ня будзь жа ты такой грубай. Ты ж такая прыгожанькая, але твае паводзіны й язык твой брыдкі псуюць усё на сьвеце. Ну, стрымлівай жа ты сябе, будзь сьціплай, добрай дзяўчынкай, і ўсе будуць адно захапляцца табой".
         Калі Лара гаварыла ці нешта рабіла паўсядзённае, ейны твар, які ў спакоі быў сама анёльская нявіннасьць, набываў недаравальную брыдоту. Ня дзіва, што хлопцы-аднакашнікі цэлы час намагаліся зацягнуць яе ў кусты, як нейкую вулічную бадзягу, якой яны яе й лічылі. Па вакрузе пайшлі розныя погудкі, калі яна, яшчэ вучыўшыся ў школе, рассупоніла сваю цягу да мужчынскага полу. Колькі там было праўды, у тых гісторыях, сказаць цяжка, але тут варта прыгадаць унівэрсальную прымаўку, што дыму без агню не бывае.
        Лара ўспрымала як належнае тое, што была здольная прыманіць хлопцаў папросту адным кіўком пальца, і ў гэтым, як потым аказалася, і палягалі карані ейнага разладу з Марыяй. Хлопцаў, што спачатку былі прывабленыя ейным зьнешнім выглядам, потым адварочвала ад яе з-за ейнага паскуднага характару, манер і паводзін, і тыя як правіла тады аддавалі перавагу кампаніі з Марыяй. Адна з самых прывабных дзяўчын ў школе, Марыя была і сьціплай, і лагоднай -- а менавіта гэтых якасьцяў Лары й не хапала. А яшчэ яна была й стараннай навучэнкай і абганяла ў клясе ўсіх.
        Ларына пэрсона не вытрымлівала ніякіх параўнаньняў. Напханая лжывымі каштоўнасьцямі, ускормленая брыдотай савецкай этыкі, дзе бацькі, дзяды й Сам Бог сталі непатрэбнымі выгнаньнікамі, абылганымі й апляванымі, яна ніяк не магла спасьцігнуць, як нехта прыгожы, як Марыя, мог бы валодаць здаровымі маральнымі якасьцямі.
        Гэты фронт мусіць быць зьліквідаваны, вырашыла Лара. Мусіць жа быць нейкі бруд, у якім трэ вываляць гэтую дзеўку й дыскрэдытаваць яе на любы спосаб.
        І вось неяк раптам Марыя заўважыла, што, пэўна, зрабілася мішэньню нейкіх плётак. Хлопцы, што раней паважна ставіліся да яе, цяпер ледзь прыхоўвалі шматзначныя, юрлівыя позіркі, некаторыя нават асьмельваліся адкрыта рабіць прапановы. А Лара стала зьдзекліва высьмейваць яе перад усімі аднакляснікамі.
        Спачатку Марыя была агаломшана, нічога не разумеючы. У сваіх паводзінах яна ня бачыла ніякіх падставаў для такіх брыдкіх плётак. Тады яна вырашыла пакорпацца глыбей і пашукаць крыніцы гэткае навалокі. Гэта было ня так цяжка зрабіць: усе ніткі вялі да аднаго клубка -- Ларысы Войнік.
        Сябры параілі Марыі паведаміць пра Ларыны нізкія звады ў камітэт камсамолу. Тэарэтычна, прынамсі, гэты ворган мусіў быў стаяць на варце маральнага кодэксу камуністычнай моладзі. Паразважыўшы, яна не пагадзілася, бо баялася быць уцягнутай у яшчэ большае балота.
        Такім чынам Марыя не прыняла Ларынага выкліку, а проста старалася, як магла, як бы ні было часам цяжка, не зьвяртаць увагі на ейныя гідкія намовы.
        Каб прывесьці гэтую заражаную сітуацыю да выбуху быў патрэбен кнот -- і ён зьявіўся на сцэне ўв асобе Віктара Вясёлкі, сына новага начальніка чыгункі, які толькі што пераехаў у іхны горад.
        Віктар быў адным з тых хлопцаў, каго можна было справядліва назваць прыстойным чалавекам, інтэлігентным, ветлівым, дружалюбным і да чорцікаў прыгожым. Што да поўнага камплекту ён валодаў і добрым пачуцьцём гумару, і дастатковай разважлівасьцю, каб падабацца кожнаму. Карацей кажучы, ён быў тым, каму проста на раду было напісана быць на вёсцы першым хлопцам.
        Лара зараз жа паклала вока на новапрыбыша; дзеўка вырашыла, што такі цэнны тып ня мусіць высьлізнуць зь ейных рук. Што да Марыі, то Лара не прамінула яе папярэдзіць:
        -- Трымайся далей ад Віктара. Ён -- мой. І толькі паспрабуй стаць на маім шляху!
        -- Не хвалюйся, -- адказала Марыя з пэўнай доляй паблажкі. -- Забірай яго сабе. Нават больш: калі ён і прыйдзе да мяне -- я завярну яго да цябе назад.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.