РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Заўтра ёсьць учора
1. Арышт
2. Міласэрнасьць уначы
3. Новыя гаспадары
4. Нападзеньне ў пуні
5. Катаваньне ў клясным пакоі
6. Забойства
7. Абуджэньне
8. Вульгарная прыгажуня
9. Маёўка
10. Двубой
11. Лара ліхадзейка
12. Расправа
13. Чорная бездань
14. Д'ябалава гулянка
15. Гвалтаваньне
16. Дзірка ад кулі
17. Сустрэча старых сяброў
18. На папраўку
19. Іспыт на трываласьць
20. Руіны
21. Знаходка
22. Дзядзька
23. У судзе
24. Па сьледзе забойцы
25. Адзін крок паперадзе
26. Пачатак каханьня
27. Вось і сустрэча
28. У пошуках слушнасьці
29. Выклік
30. Сьмяротная паездка
31. Вяртаньне да жыцьця
28. У ПОШУКАХ СЛУШНАСЬЦІ
        
28. У ПОШУКАХ СЛУШНАСЬЦІ

        
        На зьмярканьні Марыя выйшла з трамваю й накіравалася да сьвятара сваёй царквы, які мешкаўся у гэтым раёне за два кварталы далей. Яна ўжо дамовілася аб сустрэчы зь ім.
        Яна нясьпешна йшла па ходніках, наглядаючы, як некаторыя гаспадары рабілі вечаровы поліў сваіх садкоў, як дзеткі насіліся вакол, гуляючы ў хованкі -- сваю апошнюю на сёньня гульню, пакуль клапатлівыя маткі не паклікалі іх дахаты спаць.
        Але Марыін розум ня жыў гэтым засынаючым пульсам мітусьлівага гораду, што паступова адыходзіў да заслужанага начнога адпачынку. У ейнай памяці зноў і зноў паўставалі словы адваката, зь якім яна бачылася сёньня пасьля працы. Ён даў ёй параду -- вартую аж пяці даляраў:
        -- Місіс Каравай, у вас жа няма факту злачынства. Прабачце, я мушу вам гэта сказаць. Канадыйскі суд ня прыме гэтую справу да разгляду. Паверце мне, гэтае злонамеранае забойства, як вы кажаце, было зроблена чалавекам -- як там ягонае імя -- падчас вайны. Здарылася гэта не на канадыйскай тэрыторыі. У вас няма сьведкаў. Канадыйскі суд будзе разглядаць справу, якая тычыцца адно канадыйскага грамадзяніна на момант зьдзяйсьненьня злачынства...
        Вось як.
        Напэўна, што Бэргдорф ужо таксама пацікавіўся, як канадыйскі закон будзе ставіцца да ягоных "подзьвігаў".
        Гэтая краіна роўных магчымасьцяў зьявілася раем для некаторых злачынцаў. Марыя чула пра справы, калі савецкія ўлады завочна вызначалі прысуд так званым ваенным злачынцам, што цяпер жывуць у Канадзе, але пасьля некалькіх спробаў патрабаваць у Канады выдачы іх, так нічога й не дамагліся. Як зазвычай канадыйскі ўрад адказваў, што той чалавек прызнаны ні ў чым не вінаватым іміграцыйнымі ўладамі, што ён зьяўляецца канадыйскім грамадзянінам з добрай рэпутацыяй, і захлопваў кнігу, не зьвяртаючы ўвагі на ўсе выпады й атакі Саветаў. Канадыйцы мелі рацыю, так. Ніводная самапаважная дэмакратычная дзяржава не дазволіць, каб ейныя грамадзяне асуджваліся дыктатарскім рэжымам іншае краіны.
        Сваю справу Марыя наагул аднесла да асобнай катэгорыі. Перш за ўсё, маскоўскія агенты ня стануць дамагацца Бэргдофа. Па словах інспэктара Трахімовіча: "Сьцярвятнікі падбіраюць рэшткі крывавага беларускага цела, на якім піравалі два хіжнікі", -- хіжнікамі былі і гітлераўскія фашысты, і сталінскія расейцы. Каб зрабіць праўкі ў законе, беларусы мусяць падзяліць адказнасьць і на хіжнікаў, і на іхных сьцярвятнікаў, такіх, як Бэргдорф, на лаўцы падсудных. Але што як Марыін шматпакутны народ зноў апынуўся пад маскоўскай каляніяльнай пугай, аб гэтым можна толькі марыць.
        Але Марыя-ахвяра й Бэргдорф-злачынец -- абое цяпер знаходзяцца ў сфэры заканадаўства адной дэмакратычнай краіны. Тэарэтычна, прынамсі, увесь вялізны апарат законнасьці служыць кожнаму грамадзяніну. І ўсё ж адвакат вызначыўся дакладна на гэты конт.
        Законам Бэргдорфа дастаць нельга. Шкада, але гэтак яно й ёсьць.
        На розум прыйшлі перасьцярогі ейнага дзядзькі: "Ты хочаш падаць на яго ў суд? Які шчэ суд? Ты нават не грамадзянка гэтае краіны. Якія твае правы? Хто цябе паслухае?" Якую ж ён меў рацыю!
        Нават калі адкінуць усе гэтыя выкрутасы заканадаўства ды памеркаваць, што яго можна пасадзіць на лаву падсудных, то як яна зможа зладзіць з гэтай справай, калі ў яе зусім няма грошай?
        І калі ў гэтым уся справа, то яна цалкам тады мае Богам дадзенае права...
        Ці мае яна?
        
        Айцец Павал прывітаў яе ля дзьвярэй і запрасіў у гасьцёўню.
        Бязьдзетны ўдавец, гадоў шасьцідзесяці, лысаваты, зь сівой кароткай барадой, мажны й павольны, ён жыў у трохпакаёвай кватэры, што займала ўвесь першы паверх дома. Парафія ягоная была невялікая й вымагала сьціплага жыцьця.
        Гасьцёўня была абстаўлена па-сучаснаму. Цэлую сьцяну займала вялізная калекцыя кніг -- у асноўным беларушчына. У куце настольная лямпа кідала няяркае сьвятло на столік. На канапе каля лямпы ляжала адкрытая кніга з парай акуляраў на ёй.
        -- Я ўжо зачакаўся на вас, Марыя, -- сказаў ён ціха. -- Калі ласка, праходзьце, чуйцеся, як удома.
        Ён прысунуў для яе мяккае крэсла да канапы й узгрувазьдзіў свае сто кіляграмаў каля адкрытай кнігі. Маршчаваты твар падаваўся абвіслым і амаль безжыцьцёвым, адно маленькія, цёмныя вочы былі жвавымі й пільнымі.
        Колькі разоў Марыя ўжо разважала над тым фактам, як мала гэты стары мае супольнага з агульнапрынятым вобразам праваслаўнага сьвятара. Для яе стандартны вобраз мусіў выглядаць нешта кшталту тых сівых доўгабародых сьвятых, якімі заселены сьцены ўсходніх праваслаўных цэркваў, што яна некалі наведвала: гэткі велічна-пакутны пагляд, адхілены ад зямнога. Вось засталося адно дадаць крылцаў, і гэты багалюбец тут жа выправіцца ў абдымкі нябеснага Гаспадара.
        Марыя ведала, што гэткі непрывабны выгляд айца Паўла многіх уводзіў у зман. На самай справе, поруч са шляхотным сэрцам, праніклівым розумам і характарам сьціплым, бездакорным, ён яшчэ валодаў такім рэдкім, бясцэнным дарам -- рысай, вельмі неабходнай для ягонага прызваньня, -- уменьнем гаварыць. Ягоныя паўнаважныя, дакладныя, ад душы казані ўдыхалі жыцьцё ў кожную нядзельную службу. Звычайна ён пачынаў у нізкім ключы й далей вёў сваіх парафіянаў да глыбокіх водаў Боскага вучэньня. Майстэрства ягоных прамоваў рабіла зразумелым яго для кожнага. І заўжды ён намагаўся дайсьці да душаў маладзейшага пакаленьня й па ўсіх мерках спраўляўся з гэтым пасьпяхова.
        Марыя села, і праніклівыя вочы затрымаліся на ёй з чаканьнем.
        -- Ойча Павал, у мяне складаная сытуацыя, вельмі складаная, -- яна спынілася, ня ведаючы, з чаго пачаць.
        -- Супакойся, дзіця, не сьпяшайся. Я гатовы цябе выслухаць.
        -- Я праўда ня ведаю... як сказаць... Ведаеце, ойча, тут справа ў тым, калі коратка... Адзін мужчына, што жыве ў гэтым горадзе... і што я мушу з гэтым рабіць...
        Марыіны блытаныя словы яўна ўвялі ў зман сьвятара, бо ледзь заўважная, стрыманая ўсьмешка прабегла па ягоным твары. Відавочна, што з першых словаў ягонай госьці ён паблажліва паставіўся да сутнасьці ейнай праблемы, без сумневу, ён быў ужо гатовы выслухаць гісторыю нейкага любоўнага раману.
        -- Разумееце, ойча Павал, -- працягвала Марыя ціхім голасам, -- гэты чалавек... ён забіў маю маці й двух маіх дзетак там, у Беларусі, падчас вайны. І мяне таксама ...але я цудам выжыла.
        -- Божа Ўсемагутны! -- усклікнуў сьвятар, ягоны спакойны твар раптам сказіўся болем. -- Ці я правільна цябе пачуў, Марыя? Ты можаш паўтарыць, што ты толькі што сказала?
        -- Вы ўсё правільна пачулі, ойча. Чалавек, пра якога я гавару, забіў маіх двух дзетак і маю маці ў Беларусі падчас вайны. І вось цяпер я знайшла яго. Ён жыве тут, у гэтым горадзе.
        -- Фу-у, -- выдыхнуў ці то з палёгкай, ці то зь цяжарам сьвятар. -- Шчыра кажучы, Марыя, калі ты сказала пра мужчыну й нейкую сытуацыю, я пасьпешна й неразважліва падумаў нешта зусім іншае. О, Божа, прабач мне гэтае недаравальнае меркаваньне.
        Цяпер Марыя ў сваю чаргу была зьбянтэжана, ацэньваючы пакаянныя славы сьвятара. Яна горка ўсьміхнулася, зразумеўшы ягонае неўразуменьне. Павісла нялоўкае маўчаньне, і каб скончыць зь ім, сьвятар крэкнуў і прамовіў:
        -- Ну, вось што... Раскажы мне ўсё ад пачатку ...бяз самых балючых падрабязнасьцяў... Калі хочаш, дзіця.
        Марыя расказала сваю гісторыю ўсю, ад пачатку вайны, калі ейнага Валодзю мабілізавалі. Расказала, як яны з маці ратавалі Калпакову-Бэргдофу жыцьцё, даглядалі яго, хавалі ад немцаў. Потым яна апавяла аб ягоных самых вядомых, гідкіх дзяяньнях, калі ён быў у нямецкай паліцыі. Яна расказвала, і айцец Павал усё ківаў галавой з разуменьнем і спачуваньнем. Часам ён перарываў ейны расповед, каб удакладніць нейкія падрабязнасьці.
        Зь цяжкасьцю Марыя стрымлівала сьлёзы, калі расказвала, як Бэргдорф забіваў ейную сям'ю, і потым сваю агонію ў лапах партызан. Потым была цэлая адысея па разбуранай вайной Эўропе, паездка ў Канаду, выпадак, дзякуючы якому яна дазналася, дзе зараз Бэргдоф, ну й, урэшце, ейнае сёньняшняе становішча й задачу, якую яна сабе паставіла. Яна скончыла, змучаная, гледзячы на сьвятара, які сядзеў, глыбока задумаўшыся.
        -- Гэта відавочна злачыннае дзеяньне. І калі гэта так, то мусіць быць прыведзена ў суд, -- выказаў ён сваё меркаваньне.
        -- Я мусіла вам адразу сказаць, ойча, -- засьпяшалася Марыя, -- што я была сёньня ў адваката. Ён сказаў мне, што ніякага шанцу, што ні адзін канадыйскі адвакат не пагодзіцца -- гэта ягоныя дакладныя словы -- увязацца ў гэтую безнадзейную справу.
        -- Вось як? -- айцец заёрзаў. -- Ён сказаў, чаму?
        -- Ён прывёў некалькі аргумэнтаў. Галоўны, што злачынства было зроблена ў іншай краіне падчас вайны, і што ніхто з нас ня быў тады канадыйскім грамадзянінам. Акрамя таго, ён сказаў, што ў мяне ніякага шанцу давесьці гэтую справу, бо ў мяне няма сьведкаў.
        -- Мне варта было ведаць лепей, -- сказаў сьвятар, расьсеяна разглядаючы акуляры ў руках. -- Я ніколі ня чуў, каб падобныя справы разглядаліся ў судзе ў Канадзе. Гэта ніякім разам не азначае, Марыя, што толькі ты адна з усіх тысячаў эўрапейцаў, што прайшлі праз вайну, перажыла такія жахлівыя рэчы. Пэўна ёсьць яшчэ, мусяць быць, новыя канадыйцы, хто можа тыцнуць пальцам у злодзея, які жыве тут, і давесьці ягоную віну. Але тымчасам мы ніколі ня чулі пра такую справу, каб вялася ў канадыйскім судзе. На жаль... І гэта, як я мяркую, як бы ні было шкада, не дае табе ніякіх законных шляхоў дамагчыся справядлівасьці... Так, ніякіх шляхоў.
        -- Вось таму я й прыйшла да вас, ойча. Каб спытацца вашае парады.
        Сьвятар паглядзеў на Марыю зь ценем падазронасьці ў сваіх пільных вачах.
        -- Што ты маеш на ўвазе, Марыя? Якой парады ты хочаш ад мяне?
        -- Што я магу зрабіць з гэтым чалавекам? -- Марыя націснула на "я".
        Гэта прывяло сьвятара да разгубленасьці, ён надзеў акуляры, уважліва паглядзеў ёй у твар, тады зьняў акуляры й прамовіў:
        -- Дзіця маё, калі ты маеш нейкія намеры, як я падазраю, -- ня дай ты, Божа! Як ты зможаш?
        Яна цьвёрдым і ясным голасам прамовіла:
        -- Ойча Павал, магу я папрасіць вас выслухаць мае довады. Больш за дзецяць год прайшло, як гэты вырадак зрабіў зладзейства. Праз увесь гэты час я толькі й рабіла, што шукала душэўнай раўнавагі й суцяшэньня ў Бога... Няхай Ён будзе сьведкам тут і зараз, ойча Павал, што я шчыра старалася. Але я так і не знайшла спакою. Урэшце я зразумела, што ня будзе мне спакою, пакуль я жыву. Мне сьсеклі карані, зьнішчылі маю радзіну, мне змардавалі лепшыя мае гады, і зараз я адна на чужыне нікому не патрэбная разваліна. Ад таго, што я такая не адна, мне ня робіцца лягчэй.
        Я намагалася прывыкнуць да думкі, што няма ніякага спосабу зьдзейсьніць пакараньне. І вось аднойчы я даведваюся, што гэты вырадак жыве тут блізка. Нават дакладна, дзе. Гэта выглядала для мяне, што сам Усемагутны паказаў мне шлях, выкарыстаўшы сатану, каб усё гэта наладзіць. З таго часу я няспынна дзячу Богу, ведаючы, што гэта Ён так хоча, каб я пайшла знайшла й пакарала гэтага злодзея. Я цэлы час спадзявалася -- і зрабіла ўсё дзеля гэтага -- што ўсё можна зрабіць законна. Мне было горка даведацца, што гэта ніяк не магчыма. Што мне рабіць тады, ойча? Мусіць жа быць нейкі спосаб...
        Відавочна ўражаны станам гэтае жанчыны, айцец Павал павольна падняўся, падышоў да вакна, дзе на стале ляжала чорная, у скураной вокладцы кніга, і пачаў гартаць яе.
        -- Марыя, мне здаецца, мне ня варта тлумачыць, як я ўражаны тваім трагічным лёсам, -- загаварыў ён ціхім голасам. -- Як ты расказвала, я стараўся, як мог, уявіць сабе ўсе гэтыя вусьцішныя падзеі і тое, як ты пакутавала фізычна й духоўна. Але тое, аб чым ты мяне пытаесься, -- ня словы суцяшэньня. Ты хочаш знайсьці апраўданьня, ад імя Бога, калі гэта магчыма, для тых крокаў, якія ты робіш. Усё ж, я мяркую, ты сама ведала адказ перш, чым прыйсьці сюды па маю параду. Пэўна, што ты глыбока рэлігійны чалавек, Марыя, бо інакш ты б не прыйшла да мяне. Таму мне вельмі не хацелася б расчароўваць цябе.
        Сьвятар стаяў наводдаль ад яе з раскрытай Бібліяй у руках, наглядаючы, якое ўражаньне робяць на яе ягоныя словы. Яна сядзела, такая маленькая, гаротная, адвёўшы вочы, з расчараваньнем і трывогай на ейным тварыку.
        -- У сваіх запаветах, -- працягваў сьвятар, -- Бог выразна забараняе чалавеку забіваць чалавека. Скрозь усё сваё вучэньне наш Гасподзь Ісус Хрыстос прапаведаваў любоў як пачатак пачаткаў для ўсяго чалавечага жыцьця й ягоных паводзін. Любоў і мір між людзей на зямлі -- вось галоўная думка, асновы ўсіх нашых дзеяньняў, жыцьцяродная глеба, на якой нам сеяць, зьбіраць ураджай і шукаць месца ў раі...
        -- Аб якой любові вы гаворыце, ойча? -- гістэрычна абарвала сьвятара Марыя. -- Хіба я не расказала вам падрабязна, як мы з маці захавалі гэтаму чалавеку жыцьцё? Што, як вы думаеце, нас спанукала да гэтага? Хіба нянавісьць? Дык чым узнагародзіў нас Бог за выкананьне Ягоных запаветаў -- забіў усіх рукамі гэтага вырадка! Што ж ёсьць любоў тады, ойча Павал?
        Яна зарыдала.
        Спакойна сьвятар падышоў да яе, паклаў цяжкую руку ёй на плячо, паспрабаваў суцешыць:
        -- Ня трэба, дзіця маё, супакойся...
        Абое гаварылі аб любові, ня здолеўшы знайсьці аднолькавага вызначэньня для гэтага слова. І здавалася, не наладзіць ніякіх мастоў праз гэтую бездань між імі.
        Айцец Павал урэшце, бездапаможна плюхнуся ў сваю канапу, пакінушы Марыю адну.
        Зь цяжкасьцю яна ўзяла сябе ў рукі, выцерла мокры твар насоўкай. Паступова спакой вярнуўся да яе, яна паглядзела на сьвятара з новай самаўпэўненасьцю.
        Яму не спадабаліся гэтыя зьмены ў ейных вялікіх, блакітных, жорсткіх вачах. Гэта былі вочы чалавека, які раптам і няўхільна прыйшоў да непрыемнага, але патрэбнага, рашэньня, падышоў да пункту незваротнасьці.
        Калі яна загаварыла, ейны голас і манэры засьведчылі аб нейкай няўпэўненасьці, аб бездапаможнасьці пакінутага дзіцяці, што шукае рукі ў гэтым мітусьлівым, раўнадушным сьвеце.
        -- Ойча Павал, -- сказала яна глухім, цьвёрдым голасам, -- было ў маім жыцьці, калі я забылася на Бога. Гэта было ў часы майго цёмнага юнацтва: школа, піянэры, камсамол, ведаеце... На нас штодня лілася антырэлігійная бальшавіцкая прапаганда. Можна сказаць, што я, адна з многіх тых, для якіх праўда была схаваная, задавальнялася той камуністычнай атрутай. І ўсё ж я чулася вінаватай, бо я рабіла гэта насуперак частым папярэджаньням маёй маці. Яна была набожным, багалюбным чалавекам, упакой, Госпадзе, ейную душу. Яна цэлы час паўтарала мне, што некалі цяжка мне прыйдзецца, каб выкупіць свае грахі. Яна мела рацыю. Я старалася, ойча, я вельмі старалася. І гэта было нялёгка.
        Урэшце Бог пачуў мае малітвы, бо я знайшла новыя вытокі сілы ў Ім, хаця душа мая часам хісталася ў сумненьнях й абвінавачваньнях. У самыя цяжкія моманты маіх душэўных пакутаў, на краі маёй магілы, аплакваючы сьмерць маіх дзетак і маці, я шукала сілы ў Бога. Я паверыла, што Ён можа даць адказы на ўсе мае пытаньні, у тым ліку на пытаньне аб помсьце таму, каму мы зрабілі дабро, а ён адняў усё, што ў мяне было. Ойча Павал, нельга сказаць, што маё расчараваньне прыйшло толькі ўчора.
        Яна зачырванелася, узьнялася й паглядзела сьвятару ў вочы:
        -- Гэта больш, чым проста расчараваньне, ойча. Я мушу быць удзячнай вам, што вы не адмахнуліся ад мяне звычайным адказам, які я чула ад іншых сьвятароў у такім выпадку: "Ня нам, грэшнікам, спасьцігнуць усе хітраспляценьні шляхоў Гасподніх". Мушу прызнацца, гэта не тлумачыць для мяне нічога. Якая карысьць тады з Божага навучаньня, калі яго няможна зразумець і прыкласьці да жыцьця?
        Я просты, сьмяротны чалавек, ойча. І мне патрэбна простае, зямное вытлумачэньне. Перад нашымі вачыма творацца вусьцішныя, жахлівыя рэчы, якія толькі можна ўявіць. І што нам рабіць, каб знайсьці свой шлях у гэтай рукатворнай Галгофе? Мы зьвяртаемся да Бібліі -- да гэтага фантану Боскай мудрасьці, крыніцы веры й сілы для чалавека, што быў створаны Богам паводле вобраза свайго ды падабенства. І што мы знаходзім там? ...Аказваецца, ад нас ня толькі проста адмахваюцца адсутнасьцю адказаў на штодзённыя жыцьцёвыя задачы, але -- наадварот -- мы бачым вялізны рост сілаў зла й разбурэньня вакол нас.
        Хто гэта сказаў -- Вальтэр ці Напалеон? -- што Бог падтрымлівае моцных? А для слабых -- што? Паглядзіце на нашу краіну, наш народ, ойча. Што вы бачыце? Ужо два стагодзьдзі нашая нацыя пад пятой цывілізаваных барбараў. Дык што, трэба тады сказаць, што просты беларус больш грэшны, чым маскоўскі калянізатар, які спускае зь яго ўсю кроў?
        Вы ж ведаеце, які добры й багалюбны наш народ, ойча. Вы й самі ўспомніце карціну, якую мы так часта наглядалі ў нашай краіне падчас войнаў: узброены варожы жаўнер -- расеец, ці немец, ці паляк, ня важна -- грукае ў дзьверы селяніну, просячы паесьці. Жанчына адчыняе й дзеліцца зь ім, магчыма, апошнім. І ўявеце сабе, каб нямецкая жанчына падзялілася нават са сваім. Мы ж былі там і бачылі...
        Як што задумаесься над гэтым, то дзівісься: а можа, ойча, наш народ, нішчаны й абяскроўлены так званымі братамі-хрысьціянамі, ёсьць занадта добрым, каб жыць сярод забойцаў і цывілізаваных барбараў? То можа, Усемагутны намерваецца адправіць іх усіх проста ў рай? Нідзе ніякага сэнсу, нідзе...
        Калі ўжо, відавочна змучаная сваёй даўгой, шчырай прамовай, Марыя падышла да дзьвярэй, сьвятар падняўся і, спакойна паглядзеўшы ёй у твар, сказаў:
        -- Марыя, я мяркую, што гэта ты, пэўна, пад уплывам сваіх асабістых эмоцыяў нагаварыла тут усякага. І хачу цябе яшчэ раз перасьцерагчы, што для нас, простых і малых, з нашымі абмежаванымі Богам магчымасьцямі, ёсьць вельмі неразумным спрабаваць спасьцігнуць сэнс усяго існага, створанага Ім, і тым больш аспрэчваць Ягоныя шляхі й спосабы.
        Марыя паглядзела на яго з дакорнай адхіленасьцю й выйшла.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.