РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Заўтра ёсьць учора
1. Арышт
2. Міласэрнасьць уначы
3. Новыя гаспадары
4. Нападзеньне ў пуні
5. Катаваньне ў клясным пакоі
6. Забойства
7. Абуджэньне
8. Вульгарная прыгажуня
9. Маёўка
10. Двубой
11. Лара ліхадзейка
12. Расправа
13. Чорная бездань
14. Д'ябалава гулянка
15. Гвалтаваньне
16. Дзірка ад кулі
17. Сустрэча старых сяброў
18. На папраўку
19. Іспыт на трываласьць
20. Руіны
21. Знаходка
22. Дзядзька
23. У судзе
24. Па сьледзе забойцы
25. Адзін крок паперадзе
26. Пачатак каханьня
27. Вось і сустрэча
28. У пошуках слушнасьці
29. Выклік
30. Сьмяротная паездка
31. Вяртаньне да жыцьця
11. ЛАРА ЛІХАДЗЕЙКА
        
11. ЛАРА ЛІХАДЗЕЙКА

        
        Ва ўсім белым сьвеце не знайшлося месца, як у гэтай партызанскай зямлянцы.
        Без сумнёву, дзяўчынай з чырвонай зоркай на пілотцы магла быць ніхто іншая як Марыіна старая школьная прыяцелька -- Лара.
        Што яна тут робіць? Кім яна тут ёсьць? Медсястрой? Ці мо кім паважным, што трымаецца так вольна з доктарам і Пруднікавай?
        "Госпадзі, дапамажы Ты мне", -- Марыю прабіла потам ад жаху.
        Яна намагалася стрымаць набягаючы кашаль, але ад гэтага ейны боль стаў яшчэ мацнейшым, і яна глуха застагнала. Лекар падышоў да яе, за ім абедзьве жанчыны. Марыя заплюшчыла вочы й затаіла дых.
        Імгненьні, жудасныя імгненьні -- пачатак новай бачынкі ў ейным жыцьці, яна ведала гэта -- сачыліся марудна.
        Голас, Ларын голас, загаварыў:
        -- Калі вы яе прынесьлі сюды?
        -- Дзесь дні тры таму, здаецца, -- адказаў лекар. -- Яе ратавалі падчас нашае засады ў Шулах. Ейная маці й двое дзетак былі забітыя фашысцкімі паліцаямі, дом згарэў.
        Маўчаньне.
        І тады:
        -- Ну, што ж... Зноў мы сустрэліся, Марыя... Значыць, сустрэліся зноў...
        Гэта быў голас ката, што злараднічаў са сваёй будучай ахвяры.
        Марыя стрымлівала свае цяжкія грудзі, не расплюшчваючы вачэй; ёй зусім не хацелася бачыць Ларын пераможны твар перад сабой.
        -- Вы што, ведаеце яе? -- запытаўся лекар.
        -- Ведаю? Ды як сябе самую. Мы разам хадзілі ў школу. Ці ведаю я яе... -- яна наўмысна націснула на слова "яе" голасам, поўным прагі помсты. -- Мне ня варта хадзіць кругом ды навокала, доктар, -- працягвала яна. -- Гэтая жанчына не заслуговае, каб знаходзіцца тут. Вы ведаеце доктар, што яна настаўнічала ў Шулах, атручвала савецкіх дзяцей фашыстоўскай прапагандай? Што ж, гэтак яны яе ўзнагародзілі... Я кажу, так табе й трэба! Ты, расплюшчы вочы, сука! Чуеш, расплюшчы вочы! Давай, сьцерва паскудная! -- гаворачы так, нахілілася да Марыі й затыкала пальцам ёй у жывот.
        -- Ларыса Сямёнаўна, так нельга! -- запярэчыў лекар зь ценем прыкрасьці на спагадлівым твары. -- Яна мусіць паправіцца.
        -- Годзе вам, доктар, што гэта за жаль такі да ворагаў?
        -- Гэта мой абавязак... -- паспрабаваў ён тлумачыць.
        -- Я ведаю ваш абавязак. Але, пэўна, вы сталі занадта мяккім. А вы не забыліся, які жаль у фашыстаў да нас? Думаеце, яны б сталі апекавацца так аб вас, калі б вы былі параненыя?
        Ларыны тыканьні ў жывот былі такімі балючымі, што Марыя расплюшчыла-такі вочы. Праз туман яна ўбачыла трох. Спачувальны твар лекара й цікаўны твар Пруднікавай у кантраст са зларадным выразам Ларынага, здаровага, бялявага.
        Як жа ж, яна пасталела, стала яшчэ прыгажэйшай. Танклявыя вусны абрамлялі ружовыя шчочкі, іхная далікатнасьць наўрад сьведчыла аб жорсткасьці характару іхнай гаспадыні.
        Але ў Марыіных вачах яна была д'ябалам з тварам анёла.
        Цяпер яна апынулася на літасьці гэтай агіднай істоты, ад якой ніякае літасьці не дачакаесься. Вось яна -- стаіць перад Марыяй, даймае ёй, зыркаючы вачыма.
        -- Як ейныя справы, доктар?
        -- Пры добрым даглядзе па часе, яна зможа...
        -- Вядома, мы дадзім ёй належны дагляд столькі, колькі я зазначу. Належны дагляд, доктар. А як яна паправіцца, менавіта пасьля таго... -- злараднічаў шоўкавы галасок. -- Пруднікава, глядзі, каб хадзіла за ёй добра, чуеш?
        -- Так, Ларыса Сямёнаўна, чую.
        -- Я не хачу, каб яна памерла. Ня зараз, -- голас ліхадзейкі націснуў на два апошнія словы.
        Усе выйшлі.
        З агню ды ў полымя.
        Марыя з усьцяпаньнем думала пра заўтрашні дзень. Навошта ім ратаваць ейнае жыцьцё? Чаму б ім не забіць яе зараз жа?
        
        Праз два тыдні Марыя пайшла на папраўку. Цяпер Марыя маліла Бога, каб частыя вылазкі партызанскага атрада не давалі ёй магчымасьць для спакойнага перадыху.
        Паступова, як вярталіся да яе сілы, ёй пачалі пакрысе даручаць працу па гаспадарцы на кухні ці ў палявым шпіталі. За гэты час яна раззнаёмілася зь людзямі.
        Партызаны, як яна зазначыла сабе, былі ўсё ж гаротныя людзі. Гэта былі ў бальшыні сяляне, якіх мабілізаваў касьцяк з вайскоўцаў рэгулярнай арміі. Людзі не выяўлялі асаблівага жаданьня ваяваць зь немцамі й іхнымі саюзьнікамі, бо ведалі, што перамога чырвоных верне ненавісныя калгасы й прыгон. З другога боку, яны ня бачылі іншага выйсьця з такога становішча. Немцы й іхныя дапаможныя атрады цяпер рабавалі краіну. Трэцяга не было. Яны проста ледзь валачылі ногі што на вылазках, што на ахове. Раз ужо яны трымаюць зброю, думалі яны, то хаця ўжо іх ня схопяць з пустымі рукамі дый не адправяць у рабскія працоўныя лягеры ў Нямеччыну. Калі ўжо быць рабамі, то лепей няхай тады хоць на сваёй роднай зямельцы, чым немаведама дзе.
        Жорсткай дысцыпліны ў атрадзе не было. Ухіл да крымінальных парадкаў у ягонай дзейнасьці, пэўна, меў маўклівае ўхваленьне з боку начальства: начныя вылазкі на вёскі з разбоем і гвалтам, называныя разьведкамі, нікога ў зман ня ўводзілі. Напэўна, у адпаведнасьці з плянам Сталіна па зьнішчэнью ненадзейных элемэнтаў яны служылі дыктатару вельмі добра, бо ў ягоным сьпісе беларусы былі асабліва ненадзейнымі. І як правіла ўсе камандныя пазыцыі трымалі расейцы, якіх скідалі парашутамі зь Вялікай зямлі.
        Паціху, каб не выклікаць ніякіх падазрэньняў, Марыя сабрала ўсе часткі рэбуса аб Лары. Выпадкова пачутыя заўвагі й ейныя собскія пытаньні намалявалі брыдкую карціну.
        Лара была цяпер пратэжэ й каханкай камандзіра іхнага атрада Карпаціна. Як Марыя была меркавала, тая так і ня выйшла замуж. У атрадзе яна была сама сабе начальнікам, боўталася па партыйных справах, займаючыся беглымі палоннымі, акружэнцамі й дэзэртэрамі, а таксама мабілізацыяй новых ваякаў. Для разнастайнасьці, як даведалася Марыя, Лара часам забаўлялася ўдзелам ў дробных карных паходах, рызыку й небясьпечнасьць каторых пераважала задавальненьне ад неўтаймаванага зьдзеку й расправы над бездапаможнымі жыхарамі.
        Напрыканцы той зімы Марыя была ўжо поўнасьцю паправіўшыся. Фізычна яна адчувала сябе збольшага здаровай, што маральна -- была цалкам зламаным чалавекам. Гора засьціла ўвесь белы сьвет, сьмяротныя енкі ейных дзяцей ніколі не пакідалі душы, а сама душа, здавалася, адышла разам зь імі. Навошта было жыць далей?
        Яна сапраўды ня ведала, як ёй цяпер быцца ды што рабіць. Калі б была жыва дзесь хоць адзіная блізкая душа, яна напэўна паспрабавала б зьбегчы. Але ж яна засталася зусім адна на белым сьвеце, не было ёй куды падацца, да каго прыхінуцца, дзеля каго жыць, урэшце рэшт. Ёй было абыякава, дзе быць і як.
        Засмучоная спачатку і азадачаная Ларынымі намерамі што да яе, яна пакрысе зрабілася цалкам абыякавай да пагрозаў гэтага ліха. Што б яна ні зрабіла, якая, зрэшты, розьніца? І калі аднойчы ўначы яе выцягнулі з койкі й наказалі зьявіцца да Лары, яна прыняла паведамленьне стаічна й пацягнулася абыякава да каманднага паста сярод празяблай зімовай начы.
        Яе ўвялі ў шырокі пакой і паставілі перад Ларай, што сядзела задуменная з цыгарэткай на лаўцы за столікам.
        Зь бервяна нізкай стэлі зьвісала газавая лямпа, кідаючы сьвятло на бялявыя валасы, якія ачольвала нязменная пілотка з чырвонай зоркай. У гэтай зялёнай вайсковай вопратцы яна да апошняй ніткі выглядала тым начальнікам, якім так пхнулася быць. Марыя была цалкам захоплена жанчынай, што сядзела за сталом.
        Час ішоў, яна сачыла за Ларай, што пыхкала цыгаркай і ніякім чынам не паказвала, ці заўважыла нечую тут прысутнасьць. Урэшце яна рэзка завярнулася да Марыі й загаварыла безь ніякага ўступу.
        -- Ты знаешь, кто -- я? И что я могу с тобой зрабить?
        -- Я чула пра цябе.
        -- Што ты чула, добрае ці кепскае?
        -- Усякае.
        -- І як ты думаеш, што я зраблю з табой? Ты ж была некалі разумнай дзяўчынкай: маральная, спагадлівая ды усялякая такая лухта... Што ж, разумніца, здагадайся цяпер, што я зраблю з табой.
        Марыя прамаўчала.
        -- Я задала табе вапрос, сука, -- прашыпела Лара, выкаціўшы бельмы. -- Твое дело -- отвечать!
        З гэтымі словамі яна выскачыла з-за стала й шырокай далоньню набіла Марыі па абеіх шчоках.
        Тая стаяла як стаяла, ніяк не адрэагаваўшы на гэты выпад. Яна заўсёды падазравала, што Лара нейкім чынам ёсьць хворай, і гэта было яшчэ слабой дэманстрацыяй ейнай псыхічнай хваробы.
        Лара падышла да шафы ля сьцяны, выцягнула адтуль бутэль з шэрай вадкасьцю й наліла сабе больш за палову шклянкі. Пах самагону разьліўся па пакоі. Жанчына заглынула вадкасьць адным вялізным глытком, выцерла рот махам рукі й села за стол, уперыўшыся каменным позіркам перад сабой.
        І раптам зь яе палілося:
        -- Вшывая, паскудная сучка. Думаеш, мы цябе пашкадуем... Цябе трэба раздушыць, як чарвяка, бяз жалю... Але гэта будзе занадта добра для цябе. Ты не заслужыла такой дабраты, -- яна выставіла свой палец на Марыю. -- Таму я такая цярплівая да цябе. На самай справе, я занадта цярплівая да цябе. Тыднямі ты жарэш наш хлеб, жывеш тут, хаваесься за нашымі сьпінамі, як быццам ты такая ж, як тыя дастойнікі, што праліваюць кроў за нашае правае дзела. ...Тупица, дрянь, мерзость, подонок из подонков!..
        Стаічна Марыя наглядала, як тая зводзіла сябе ў ятрасьць.
        "Яна яшчэ большы маральны вырадак, -- падумала Марыя, -- чым я меркавала. Чаго яна зрабілася такая? Рэўнасьць? Прага помсты? Ці проста асабістая пыха?"
        -- Ты не заслугоўваеш, каб на цябе траціць кулю. Я табе абяцаю, лёгка ты не памрэш.
        -- Застрэлі мяне цяпер. Нашто гэтыя бессэнсоўныя цырымоніі. Прыкончы, ды годзе.
        -- О, не, мая дарагая! -- Лара выйшла з-за стала й падышла да Марыі так блізка, што тая адчула перагар самагону. -- Ага, захацела... Занадта лёгка будзе для цябе. Пабачыш, -- яна пасьміхнулася зларадна. -- Ты яшчэ ня зьведала, як маліць аб сьмерці. Зашмат гонару ў табе... Я ж цябе сьцягну з тваіх высокіх прыступак; цябе і твае высокія маралі. Ты ж сьмярдзіш уся наскрозь, ці ты ня чуеш? ...Я так і не забыла Гарадок. Ведаю я тваю такзваную мараль! Ты ж прагніла ўся ўздоўж і ўпоперак. І ты даказала гэта. Калі прыйшлі фашысты, напрасткі пайшла труціць нашых дзяцей іхнай так званай адукацыяй, сьмярдзючая хрысьціянка...
        -- Ці табе гаварыць пра дзяцей! -- выпаліла Марыя. -- Колькіх ты выгадавала?
        -- Заткні сваю брудную ляпу, пакуль я з табой гавару, сука фашысцкая! -- зараўла Лара ды ўляпіла ёй моцна па твары.
        -- Не баюся я цябе, Лара. Не раві на мяне. Мне няма чаго губляць.
        -- О, ёсьць. Я пагляджу, якая ты будзеш гераіня, калі прыйдзе час канчаць цябе. Пачакай. Адну рэч я табе абяцаю: ты прыпаўзеш яшчэ да мяне, будзеш цалаваць мне боты, прасіць хуткай сьмерці.
        Яна зноў наліла сабе ў шклянку й заглынула ўсё цалкам. Выдыхаючы клубы дыму з новай запаленай цыгарэты, стала дапытліва разглядаць Марыю, ацэньваючы эфэкт, які яна зрабіла на яе сваім панігірыкам. Цяпер ейны твар набыў той вульгарны, мярзотны выраз.
        -- Ня ўразіла ты мяне, Лара. Што ты хочаш даказаць? Што ты лепей за мяне, таму што -- ты добра гэта ведаеш -- упала так нізка, адкуль ужо падняцца немагчыма?
        Марыіны словы, бадай, прабілі далікатную абалонку зьнешняга Ларынага глянцу да самай сарцавіны. Заскрыгатаўшы зубамі, яна падышла да Марыі блізка, занадта блізка, і зашыпела, як атрутная зьмяя, ёй ў твар:
        -- Мне ня варта адказваць на тваё пытаньне... але я адкажу. Перш за ўсё, мне да халеры, уразіла я цябе, ці не.
        Яна зграбла Марыю за каўнер і задыхала перагарным смуродам ёй у вочы. Марыя ледзь стрымлівалася, каб ня сплюнуць ёй ў твар.
        -- Другое. Што мне яшчэ даказваць такой падалі, як ты? Чуеш, сьцерва? Да цябе мне адзіная справа -- выканаць належнае табе пакараньне. І гэта я табе абяцаю, сучка. Ты ж бачыш, што цяпер у мяне поўная воля над табой, даражэнькая!
        Яна зь ятрасьцю сплюнула Марыі ў твар і разразілася д'ябальскім рогатам.
        Марыя выцерла сьліну са сваёй шчакі ды працягвала сачыць за гэтай істотай перад сабой. У памяці ўсплыла тая іншая дзяўчына -- з такім зманлівым зьнешнім выглядам, -- зь якой яна білася ў той нядзельны надвячорак у лесе: са зьвярынымі вачыма, поўнымі непапраўнай нянавісьці й прыніжэньня, што згубіла ўвесь свой зьнешні глянец...
        Лара супакоілася, села за стол, адхілена разглядаючы жанчыну перад сабой, быццам ня ведаючы, што рабіць далей. Ейны голас загучэў цалкам ураўнаважана, калі яна зноў адкрыла рот:
        -- Ёсьць адна навіна, якая табе дагодзіць, Марыя.
        Зацягнулася цыгарэтай зь непранікальнай маскай на твары.
        -- Цікава?
        -- Ну.
        -- Учора твае фашысцкія гаспадары спалілі Шулы датла... Усіх людзей, замкнуўшы ў школьнай хаце, падсмажылі жыўцом.
        Навіна зьбіла Марыю, што маланкавы гром. Спачатку моўчкі аслупянеўшы, каб стравіць гэтую жахлівую вестку, потым закрычэла ў пратэст.
        -- А-а!.. Хлусіш! Гэтага ня можа быць, ты хлусіш!
        У Марыі не было радні у Шулах. У партызанскім лягеры яна была часам распытвала людзей, як там Шулы, і ведала, што вёска заставалася непашкоджанай, адно толькі ейная хата была згарэўшы пасьля пагрому ейнае сям'і, учыненага Калпаковым-Бэргдорфам. І цяпер гэтая жудасная вестка, якую Лара прыхавала, каб зьбіць яе ўрэшце да самых касьцей, відавочна мела свой эфэкт. Марыя, што перажыла гэты жах са сваёй сям'ёй, уявіла сабе, як усіх вяскоўцаў замкнулі ў школе, дзе яна выкладала; сваіх вучняў, матак, што бездапаможна лямантавалі ў адчаі, гукаючы дапамогі, якая так і не прыйшла; агонь, што зьядаў скурчаныя жывыя целы... Божа, якое жудаснае катаваньне гэта мусіць быць!..
        Унутрах усё перавярнулася, яшчэ адзін незагойны боль разарваў сэрца, яшчэ адзін сьвет абрынуўся ў бездань... І ейная маці перад ёй... адхілена прамаўляючы пра гэтую нечуваную трагедыю...
        -- Навошта мне хлусіць? -- працягвала Лара. -- Што, цяжка ўбачыць сваіх гаспод тымі, хто яны ёсьць -- пачвары нечалавечыя -- ці ня так, даражэнькая? Ну вось, цяпер ты ведаеш.
        Лара паглядзела на вялікі залаты гадзіньнік на руцэ. А Марыі, што яшчэ не ачомалася ад думкі, што Шулы цяпер -- гурма попелу, нават не было ў галаве задумацца, дзе й як тая здабылася на такі гадзіньнік.
        -- Сьцяпан, -- клікнула Лара, і мужчынскі голас зараз жа абазваўся за сьцяной. -- Хадзі сюды.
        У дзьвярах зьявіўся высокі, страмкі дзяцюк.
        -- Так точно, Лариса Семеновна.
        -- Все готовы?
        -- Ждем вас.
        -- Праз хвілінку. Забяры гэтую з сабой. З намі паедзе, каб пабачыць, як караюць здраднікаў.
        Без адзінага слова хлопец пацягнуў Марыю за руку, і яны моўчкі пайшлі да двух саняў, кожныя запрэжаныя парай коней, ля якіх чакалі чацьвёра мужыкоў.
        -- І дзе яна? -- спытаўся адзін Сьцяпана.
        -- Зараз будзе.
        -- А гэтая нам нашто? -- кіўнуў мужык на Марыю. -- Чаго яе цягаць?
        -- Ларыса загадала.
        Хутка зьявілася Ларыса, у кароткім кажушку з шырокім скураным рамянём на поясе, галіфэ, цёплых скураных пальчатках, з аўтаматам на плячы.
        -- Паехалі, -- загадала яна й ускочыла ў пярэднія сані, падабраўшы лейцы. -- Сьцяпан, учыцельку -- на заднія сані. І глядзі, пільнуй яе!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.