РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Заўтра ёсьць учора
1. Арышт
2. Міласэрнасьць уначы
3. Новыя гаспадары
4. Нападзеньне ў пуні
5. Катаваньне ў клясным пакоі
6. Забойства
7. Абуджэньне
8. Вульгарная прыгажуня
9. Маёўка
10. Двубой
11. Лара ліхадзейка
12. Расправа
13. Чорная бездань
14. Д'ябалава гулянка
15. Гвалтаваньне
16. Дзірка ад кулі
17. Сустрэча старых сяброў
18. На папраўку
19. Іспыт на трываласьць
20. Руіны
21. Знаходка
22. Дзядзька
23. У судзе
24. Па сьледзе забойцы
25. Адзін крок паперадзе
26. Пачатак каханьня
27. Вось і сустрэча
28. У пошуках слушнасьці
29. Выклік
30. Сьмяротная паездка
31. Вяртаньне да жыцьця
15. ГВАЛТАВАНЬНЕ
        
15. ГВАЛТАВАНЬНЕ

        
        Патапыч прывалок паўпрытомную й здранцьвелую Марыю ў койку. Яна ўжо цалкам згубіла здольнасьць супрацівіцца і, моцна трымаючыся за край койкі, была рада прыхінуць хоць куды-небудзь сваю цяжкую галаву. Яна ледзь стрымлівалася, каб не званітаваць.
        Сподняе адным дзікім рыўком было садрана, і Патапычавы драпежны тырчок выклікаў пякельны боль і аганічную дрыготу па ўсім ейным атручаным алкаголем, зьнясіленым целе. Гэты мужлан сьціснуў яе мёртвай хваткай і кончыў тры разы запар за хуткім часам.
        Ейнай агоніі дабаўляў конскі рогат за фіранкай. Ледзь усьведамляючы навакольле, яна выправілася на самае дно пекла. Пад дыхавіцай гарэла агнём; ашчэрыўшы зубы, упіўшыся паўзногцямі ў саламяны матрас, яна выгіналася й уздрыгвала, хапалаючы ротам паветра. Разрывы болю стралялі з усіх бакоў, нагадваючы ёй пра зьвяругу Бэргдорфа.
        Сьцяпан, зрэшты, не прыйшоў. Грыша зрабіў усё і за яго. Марыя аж скурчылася ўся ад гэтай крыважэрнай істоты, што малаціла яе зь дзікай ятрасьцю. Алкаголь страціў увесь ягоны юр. Ён біў яе па абедзьвюх шчаках і лаяўся.
        І жвавенькія гукі "Яблочка" рэзалі ёй па мазгах, як бязьлітасныя тырчкі тупога іржавага нажа.
        Пайшоў гэны зьвяруга. Скончылася "Яблочко". Дзесь побач матляліся цені Грышы й Мішы. Ейнае цела, спустошанае й збруджанае, ледзь намагалася вярнуцца да нармальнага дыханьня.
        Коля ўвайшоў ціха, што кот, і прысеў на край ложка. Вузенькі праменьчык сьвятла, што прасоўваўся паміж фіранак, выявіў карціну, якая выклікала ў ім агіду.
        Хаця таксама, як іншыя, ён быў мабілізаваны ў шэрагі лясных атрадаў з прычыны наяўных абставінаў, гэткай прагай неабумоўленага гвалту ён апантаным ня быў. Некалі -- цяпер здавалася даўным-даўно -- ён навучаўся сельскай гаспадарцы ў Горы-Горыцкай акадэміі. Сын селяніна, ён любіў прыроду й усё жывое кожнай клетачкай свайго ладнага цела. Але напханы марксісцкай дактрынай, ён шчыра верыў у крамлёўскі чырвоназоркавы маяк, што асьвятляў шлях да лепшай будучыні для ўсіх загнаных. Гітлерызм, зь іншага боку, увасабляў сабой гвалт, цемрадзь і барбарства.
        Ніколі яшчэ ў сваім партызанскім жыцьці не даводзілася яму выконваць такую бязьлітасную помсту ці гвалтаваньне.
        Карпацін любіў яго за кемлівасьць, лагоднасьць, спраўнасьць і надзейнасьць. Гэта было што да вайсковых справаў. Але зараз... Зараз усё ягонае нутро пратэставала супраць ролі ката. Цяпер ягоны праніклівы розум працаваў над тым, як бы гэтай жанчыне, якую гэныя вырадкі ператварылі ў жывы труп, захаваць жыцьцё. Ці мог бы ён зрабіць штось, не рызыкуючы сваім жыцьцём?
        Заняты вырашэньнем задачы, у якой не было рашэньня, ён не адразу пачуў Марыін шэпт:
        -- Вады...
        Ён падскочыў.
        -- Што такое, Коля, перасцаў, можа, га? -- з рогатам сустрэў яго Сьцяпан. -- Можа, мне за цябе ўправіцца, дзетка? Ці ты не цалаваны яшчэ? Га-га-га...
        -- Яна хоча піць, -- сказаў ён спакойна, зачэрпваючы вады зь вядра, што стаяла на бярозавай калодзе ля дзьвярэй.
        -- Бач ты яго... А табе дзела?.. -- прабалбатаў Міша непаслухмяным языком. -- Яна ўсё адно здохне зараз...
        Коля ня стаў спрачацца й вярнуўся да Марыі. Яна выпіла й уздыхнула з палёгкай.
        -- Цяпер слухай, -- загаварыў Коля ціха. -- Зараз будзем разам гушкаць гэты ложак, каб надурыць іх, пакуль будзем размаўляць. Я хачу сказаць табе, як будзем далей. Ня ведаю, ці гэта дапаможа табе, але я мушу паспрабаваць...
        Ложак рыпеў і скрыгатаў ўсімі сваімі сучляненьнямі...
        -- Во як, чуеце? Я ж казаў, што ён ня цэлка, -- зарагатаў Міша, і ўсе яго падхапілі. -- То давайце з гэтага вып'ем...
        -- Я чула. Мяне мусяць забіць. Ты? -- Марыя затаіла дых.
        -- Я.
        Наступіла поўная цішыня, якую перарывала рыпам койкі ды жартамі партызан за перабіўкай.
        -- Верыш... -- прамовіў Коля трохі зьбянтэжана, -- адсячы мне правую руку, каб я ня мусіў гэтага... Я кажу... каб змог ратаваць цябе.
        Ён паглядзеў на яе. У гэтых мутных, адхіленых вачах ён заўважыў цень адчайнай абыякавасьці, але варожасьці там не было.
        -- Ты... лепей апраніся... Я не магу... як іншыя, -- прашаптаў ён.
        -- Ты ратуеш мяне? Чаму?
        -- У мяне свае падставы, -- сьціпла адказаў ён. -- Я не магу іх зараз патлумачыць, няма калі. Адно -- я не разумею гэтага беспрычыннага забойства. Адзін Бог ведае... столькі нявінных людзей гінуць цяпер без усялякага сэнсу наагул... Калі ў баі, там ня будзеш разьбірацца... гэта адно. Але цяпер... І потым, я думаю, гэта ўсё адно толькі Ларына ідэя. Гэта бач проста -- крыважэрная падла. І вайна тут ні пры чым.
        Ягоныя спагадлівыя вочы глядзелі на яе так блізка, і ён падаўся Марыі анёлам, што спусьціўся да яе з зусім нечаканага боку. Паціснуўшы ейную левую руку зь непрыхаванай пяшчотай, ён працягнуўся да ейнага твара, мякка пагладзіў падбародак і шчокі.
        -- Як шкада, што я не сустрэў цябе ў іншы час ды ў іншым месцы. Ты такая мілая. Я праклінаю дзень, што зьвёў нас так жорстка, што я мушу быць тваім катам. Не, я ня буду! Я не магу... -- ён сьціснуў вусны. -- Зь іншага боку, як жа нам ухіліцца? Гэтая сьцерва зжарэ мяне жыўцом разам з трыбухамі.
         -- Коля, -- хваля эмоцыяў запоўніла яе, яна заікалася, -- дзякуй табе... тысячу разоў дзякуй... -- яна пацягнулася за ягонай рукой і пацалавала яе.
        -- Ты што! Ня трэба! -- ён выдзернуў сваю руку, ужо губляючы кантроль над сваімі сьлязьмі, гатовымі вось-вось пырснуць з вачэй.
        -- Ты нават ня можаш сабе ўявіць, што ты зрабіў для мяне. Словы твайго спачуваньня й разуменьня ёсьць для мяне лепшым знакам ад Бога. Няхай літасьцівы Бог бароніць цябе кожны дзень і кожную гадзіну. Дзякуй жа табе, Коля.
        Адводзячы пагляд ад ейных мокрых вачэй, партызан раптам падняўся.
        -- Апранайся, час ісьці, -- загадаў ён зусім іншым, рэзкім голасам і пайшоў за перабіўку па ейную вопратку.
        Чацьвёра партызан, ужо ў ніц п'яных, валяліся па лаўках, мармычучы папулярную ў той час партызанскую песьню:
        
         "...Ой, бярозы ды сосны,
         Партызанскія сёстры..."
        
         Кінуўшы Марыін швэдар і паліто на ложак, ён завярнуўся й крыкнуў гэтаму стройнаму партызанскаму хору:
        -- Ну што, пойдзе хто са мной?
        Сьпевы абарваліся. Партызаны ўперыліся ў Колю, што сьпешна здымаў з цьвіка на сьцяне камандзіравы пісталет, потым адзін на аднаго, намагаючыся ўспомніць пра што тут ідзе.
        Коля агледзеў кожнага, спыніўся пільна на Сьцяпане. Ларын ад'ютант быў п'яны таксама, хаця, як Коля ведаў, ён быў мацнейшым да гарэлкі. Гэны рэдка набіраўся так, каб губляць пільнасьць.
        -- Ну дык што? Мне ж сьведка патрэбны.
        -- Але. Чаго ж не, -- падняўся Сьцяпан. -- Я пайду.
        -- Го, і я, хлопе, -- прачнуўся Грыша, шукаючы вачыма падтрымкі. -- Га, чаго там, гуляць дык гуляць, -- хутка вырашыў ён і, ледзь трымаючыся на нагах, павалокся ў кут да Марыі.
        -- Гэй, а ты куды? Ты ўжо меў сваю чаргу зь ёй, цяпер яна цалкам мая, -- хапіў мужлана за рукаў Коля.
        Грыша спыніўся, моўчкі паглядзеў на пісталет у Коліных руках.
        -- Што йшче, маладзён? Мо беражэш гэтую фашысцкую шлюху? Яна ж здохне ўсё адно, га!
        Тут ён пхнуў Колю так моцна, што хлопец ледзь устрымаўся на нагах. Гэны зноў рвануў Грышу за рукаў і наставіў яму ў жывот пісталет.
        -- Досыць табе! Я мушу зрабіць сваю справу, і я зраблю яе, нават калі мне прыйдзецца прыстрэліць цябе! Я ясна сказаў?
        Пэўна, што ясна. Косячыся на пісталет, Грыша лагодна прамармытаў:
        -- Ланна-ланна, хлопе, бяры яе. А я лепш вазьму ды йшчэ глыну, -- і павалокся назад да стала.
        -- Годзе. Я пайду з табой, -- Сьцяпан паклаў руку Колю на плячо.
        Коля ўважна паглядзеў на Ларынага вернага ад'ютанта й падзівіўся, ці гэта Лара наказала яму ісьці. Сьцяпан выглядаў досыць цьвярозым. Нават не турбуючыся, каб надзець кажуха, ён пацягнуўся на двор за Марыяй і Колем. Коля спыніўся й клікнуў часавога:
        -- Максім, хіба б пайшоў выпіў. Усе, бадай, на цябе забыліся.
        Месяц на небе час ад часу выглядаў з-за тонкіх аблокаў. Ляніва падалі вялізныя мяккія сьняжынкі, усьцілаючы лес срэбраным пухнатым покрывам.
        -- Туды, -- паказаў Коля празь дзялянку.
        Марудна, зь нейкім сумнёвам косячыся праз плячо, са зблытанымі, непрыбранымі валасамі, пакрытымі цяпер бліскучымі сьняжынкамі, Марыя йшла наперадзе гэтай дзіўнай працэсіі: за ёй сьледам -- Коля зь пісталетам, настаўленым ёй у сьпіну, і Сьцяпан -- няроўна барануючы мяккі сьнег вялізнымі валёнкамі.
        Сьвежае марознае паветра нейкім чынам абудзіла ейныя адчуваньні. Марыя закінула галаву ўверх і, зачапіўшы жменю сьвежага, пухнатага сьнегу, выцерла ім твар. Удыхнула глыбока чыстага, крамянога паветра -- гэтай неабходнай часткі жыцьця... Яна ўжо апрытомнела й цалкам усьведамляла мэту гэтага паходу, і ўся ейная істота была захопленая адным неўтаймаваным жаданьнем -- жыць.
         За дзялянкай грувазьдзілася глухая белая сьцяна дрэваў. Спакойны й вялікі ў сваёй ціхай магутнасьці лес узрушыў з Марыінай памяці хвалю ўспамінаў: ейнае зачараваньне зімовым лясным цудам некалі даўным-даўно. Цень настальгіі, падштурхнутая трымценьнем блізкае сьмерці, зь неверагоднай яснасьцю намалявала карцінку з даўнейшага жыцьця.
        Як яна была яшчэ малая, і як маці ўзяла яе з сабой у лес за каляднай ёлкай. Дробныя дэталі таго паходу даўно былі згубіліся ў ейнай памяці, але цяпер, абуджаныя абвостранымі пачуцьцямі, яны ўсплылі разам з вобразам маленькай дзяўчынкі, зачараванай зімовымі цудамі лесу, якія тая бачыла ўпершыню. Зь дзіцячай цікаўнасьцю яна разглядала сьляды зайчыка й курапаткі, усьцешвалася перастукамі дзятліка, ейныя вочкі лавілі праз дыямантавыя мігценьні сьняжынак бронзавае футра вавёркі, што шугала з аднае ялінкі на другую. Але болей за ўсё яна была ўражаная апранутымі ў бялюткі сьнег дрэвамі.
        -- Мама, а дрэвы растуць узімку?
        -- Не, дзетка, яны сьпяць.
        -- Мама, мама, глядзі туды! Там вавёрка! А чаму яна так скоча? А ёй ня холадна?
        -- Не, дачушка. У яе тоўстае футра, і ёй цёпла ў ім. Бач, яна шукае сасновыя шышкі.
        -- А навошта, мама?
        -- Зярняткі зь іх есьць.
        Дзяўчо ўвесь час церабіла маці пытаньнямі. Вось ізноў:
        -- Мама, а што, як воўк прыбяжыць? Цётка Наста аднойчы расказвала, як воўк ледзь ня зьеў дзяўчынку, але яе выратавалі... А хто яе выратаваў, мама?
        -- Дзядзька Рыгор яе выратаваў, ён паляваў якраз і забіў тады таго зьвера.
        Здавалася, няма канца дзіцячай цікаўнасьці. Толькі маці тлумачыла Манечцы адныя загадкі прыроды, як дзіцячая фантазія бегла наперад, што тая вавёрка на верхавінах дрэваў, скочучы з адной галінкі на другую.
        Цягнуць сьвяточнага памеру ялінку дадому па калена ў сьнезе -- справа нялёгкая нават для мужчыны, тым болей для жанчыны. Манечка старалася дапамагчы, як магла. Дзяўчынка сама была адно замілаваньне: заружовіліся шчочкі, носік замакрэўся, пачуцьцё гонару ў вялікіх блакітных вачах і ціхая радасьць ад такога салодкага прадчуваньня Каляд... Усё так выразна паўстала ў ейным уяўленьні.
        Шчасьце... Некалі так пешчанае ды ніколі не забытае...
        Зараз кожны крок па гэтым чароўным, засьнежаным лесе набліжаў яе да сьмерці.
        У любы момант гром Колевага пісталета можа разарваць цішыню начнога лесу. Таямніча-цёмны ў сваёй глыбіні, ён затаіў дых, быццам урачыста рабіў апошнюю павагу асуджанай жанчыне на ейным шляху да магілы.
        Як гэта будзе? Куды ён стрэліць: у галаву ці ў сьпіну? Зноў пякельны боль... Ці яна адразу апынецца там?.. Дзе -- там?..
        Марыя зашаптала малітву.
        Яна падышла амаль да краю абрыва. Коля узьняў пісталет, як раптам Марыя нечакана спатыкнулася аб высокае карэньне й кінулася наперад. Тут жа прагрымелі чатыры стрэлы запар. Але чалавек, што націскаў на курок, так і ня меціў у сваю мішэнь, якая ляцела цяпер ўніз, у засьнежаны адхон. Сьцяпан разам параўняўся з Колем, углядаючыся ў тую бездань.
        -- Добрая работа, хлопец, -- папляскаў ён Колю па плячы. -- Пэўна, што прыстрэліў яе: паляцела ўніз, што курапатка.
        -- Бедная дзеўка, -- уздыхнуў Коля, стараючыся ня выдаць свайго задавальненья ад такога нечаканага выпадку.
        Ён быў упэўнены, што не патрапіў у Марыю, і што яна цалкам можа застацца жывой; зьбітай мо ды абдзёртай, але цэлай.
        -- Няшчасная баба, -- паўтарыў Коля. -- Якая сьмерць... Так хацела застацца жывой...
        -- От, зараз заплач яшчэ, сюсі-пусі па гэтай фашысцкай дрэні, -- перадражніў яго Сьцяпан. -- Хадзем назад.
        -- Хаця б не заплакаў. ...Але я ўсё ж думаю, трэ было б хоць пахаваць яе па-людзку.
        -- Яшчэ чаго. Будзе добрая вячэра ваўкам.
        
        Ваўкі, зрэшты, на Марыю не паквапіліся. Дзякуючы суцэльнаму разбою ды масавым забойствам, што лютавалі ўздоўж і ўпоперак па ўсёй краіне, харчоў хіжнікам хапала ўволю. Чалавечыны было поўна паўсюль. Гэныя пераборлівыя ваўкі цяпер маглі нават выбіраць мэню сярод падсмажаных жанчын, вэнджаных дзяцей, мужчынскай сьвежыны ўсіх гатункаў.
        Амаль беспрытомная, Марыя ляжала нерухома ў глыбокім сьнезе, марудна ўсьвядамляючы, што яна яшчэ жывая...
        Асьцярожна паварушыла пальцамі ног, па чарзе на кожнай, пераконваючыся што ногі на месьце. Тады заварушыла рукамі й, разграбаючы гурбы вакол сябе, раптам села.
        Галасы зьверху змоўклі, і на начны лес лягла сьмяротная цішыня. Буйныя сьняжынкі ўсё яшчэ падалі. Занятая сабой, Марыя не зважала на іх. Перш наперш яна вырашыла, што раз яна ў незнаёмым лесе, ёй нічога не застаецца, як дачакацца сьвітанка, каб некуды рушыць.
        Шукаць яе пэўна ніхто ня будзе. Двойчы яна была зьнішчаная да магілы, і кожнага разу цудам ратавалася. У рубцах ды сіняках, але жывая. Па зводках як паліцайскіх, так і партызанскіх, напэўна, яна падавалася як "зьліквідаваны вораг народу".
        Народу... Калі ўжо яна й была каму ворагам, дык толькі не народу. Два гіганцкія хіжнікі, што біліся міжсобку за ейную зямлю, зрабілі вінаватымі ўсіх ейных суайчыньнікаў, хто не хацеў падымаць зброю ў чыёйсьці вайне.
        Раптам дзіўная думка прыйшла ёй у галаву: раз яна была зьліквідаваная абаімі бакамі ды будзе лічыцца ў афіцыйных даведках мёртвай -- то ж яна тады можа пачаць жыцьцё нанова сярод сваіх людзей, нават зьмяніўшы імя, дзе-небудзь далей, у спакойным месцы. Зь ейнай цярплівасьцю яна можа пачаць усё спачатку. Праўда, зь цяперашнім здароў'ем, пасьля перажытых ран, ды яшчэ падарваным сёньняшнім алкагольным атручэньнем і гвалтаваньнем...
        Цёплае жытло ды добрая ежа -- вось гэтыя простыя рэчы сталі для яе цяпер галоўнай умовай для выжываньня.
        І дзе яна зможа іх знайсьці?
        Вядома, няма гаворкі, каб вярнуцца ў Шулы: цяпер там проста гара попелу. У сваёй затлумленай, непаслухмянай памяці яна шукала тую руку дапамогі, шчырага сябра, хто змог бы прытуліць і падкарміць гэтую зьбітую, зламаную, бяздомную ахвяру вайны...
        На розум прыйшла сяброўка, настаўніца Юстына з Гарадку.
        Так, яна адзіная, да каго можна зьвярнуцца. Марыя нават папракнула сябе, што забылася да гэтае пары на сваю любую сяброўку. Ці з-за гэтай калатнечы ды гора, што зваліліся на ейную долю? ...А як там Юстына? ...Пэўна ж, мусіла чуць, што яе забіў Бэргдорф. Вось будзе неспадзеўка для яе, як Марыя ўваскрэсьне проста на ейным парозе.
        Занятая сваімі думкамі, Марыя зусім не зважала на буйны пухнаты сьнег, што ўсё так і падаў безупынку. Быццам зьмярцьвелая белая мумія, яна сядзела нерухома сярод дрэваў і кустоў'я, утаропіўшыся перад сабой і нічога ня бачачы.
        Нейкі час яна паразважала над тым, як жа ёй удалося пазьбегнуць партызанскіх куляў. Быў гэта якісь вытыркнуты корань, пень -- ці ўсё ж "рука Боская"? Шчасьлівы выпадак, ці Воля з вышыні? Яна падзівілася нябачнай сіле рукі Боскай, і ейнае сэрца напоўнілася пакаяньнем, а вусны бязгучна заварушыліся ва ўдзячнай малітве да Ўсемагутнага.
        Урэшце ейнае змучанае цела нагадала аб сабе: пад правым плячом рэзка забалела ў сьпіне, мо ад удару аб сук, які пэўным чынам затрымаў ейнае падзеньне. Яна абмацала ўсю сябе -- задаецца, больш ніякіх пашкоджаньняў не было: гурбы мяккага, сьвежага сьнегу прынялі яе, як у пярыну.
        Сьвітанак пачаў паціху асьвятляць засьнежаны лес, калі Марыя паднялася ісьці. Агледзеўшыся, яна падалася хутчэй -- прэч, далей ад гэтага партызанскага лягеру.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.