РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Заўтра ёсьць учора
1. Арышт
2. Міласэрнасьць уначы
3. Новыя гаспадары
4. Нападзеньне ў пуні
5. Катаваньне ў клясным пакоі
6. Забойства
7. Абуджэньне
8. Вульгарная прыгажуня
9. Маёўка
10. Двубой
11. Лара ліхадзейка
12. Расправа
13. Чорная бездань
14. Д'ябалава гулянка
15. Гвалтаваньне
16. Дзірка ад кулі
17. Сустрэча старых сяброў
18. На папраўку
19. Іспыт на трываласьць
20. Руіны
21. Знаходка
22. Дзядзька
23. У судзе
24. Па сьледзе забойцы
25. Адзін крок паперадзе
26. Пачатак каханьня
27. Вось і сустрэча
28. У пошуках слушнасьці
29. Выклік
30. Сьмяротная паездка
31. Вяртаньне да жыцьця
9. МАЁЎКА
        
9. МАЁЎКА

        
        Тымчасам мясцовыя партыйныя й камсамольскія заўзятары спарадзілі новую ідэю.
        Паколькі сонца, вада й сьвежае паветра па праву належаць рабочым і сялянам, вырашылі яны, то няхай гэтыя сілы прыроды цяпер і папрацуюць дзеля здароўя людзей і прагрэсіўнай пралетарскай культуры такім жа чынам, як даўней галодныя, прыгнечаныя й абражаныя масы гнулі сьпіны дзеля матэрыяльнага ўзбагачэньня сваіх буржуйскіх гаспод.
        У здаровым целе -- здаровы дух. Вось дзеля гэтай мэты й трэ запрэгчы сонца, ваду й сьвежае паветра. Такім чынам, у мудрых галовах мясцовых партыйных кіраўнікоў нарадзіўся гэніяльны плян грандыёзнага пачыну пад назвай "Культуру -- в массы".
        Адным чэрвеньскім адвячоркам адбылося яднанае паседжаньне Гарадоцкіх камітэтаў партыі й камсамолу. Сакратар гаркаму, эгаістычны й пыхлівы кар'ерыст, гатовы на ўсё дзеля свайго прасоўваньня па бюракратычнай лесьвіцы, акрэсьліў свой плян з адпаведнай доляй пампэзы, матывуючы яе сваёй бескарысьлівай зацікаўленасьцю ў імклівым прагрэсе сацыялістычнай культуры.
        Пасьля довадаў ды тлумачэньняў сваёй канцэпцыі шырокага фронту культурнай працы сярод неўспрымальных да прагрэсіўных ідэй беларускіх мас ён абрысаваў свой плян дэталёва. Грандыёзнае мерапрыемства пад назвай "Культуру -- в массы" мела адбыцца ў наступную нядзелю. Сябры партыі й камсамольцы зарганізуюць шырокую агітацыйную кампанію, каб сагнаць пабольш народу, асабліва моладзі, і тыя змогуць шчыра выявіць сваю волю да калектыўнага культурнага адпачынку.
        Месца, дзе гэная вялізная зборня мела адбыцца, было запланавана на ўскрайку гораду, там, дзе выгін ракі ўтвараў вялікі поплаў, які з другога боку быў акружаны лесам. Парадак правядзеньня клопату не выклікаў. Вядома, мусіла быць прамова, прачытаць якую ўзяўся сам сакратар гаркаму. Астатнюю праграму плянавала запоўніць маладзёвая агітбрыгада -- група разнаякіх, сваёй гадоўлі талентаў, зарганізаваных на разе, каб песьнямі, танцамі, дэклямацыямі ўсялякія здабыткі й дабрадзейнасьці расейскага каляніяльнага рэжыму прапагандаваць.
        Ідэя задаволіла ўсіх. Зь нязначнымі папраўкамі плян з энтузіязмам быў прыняты. На тутэйшую камсамолію й піянэрыю было ўскладзена правядзеньне двухдзённай агітацыйнай кампаніі.
        За два нястомных вечары маладзёны паабклейвалі гарадзкія слупы, сьцены, платы, дзьверы вялізнымі плякатамі. Па вуліцах з паходнямі, рэчоўкамі маршыравалі атрады, ствараючы такі вэрхал, падабенства якому за ўсю сваю даўгую гісторыю горад ніколі ня чуў.
        У нядзелю апоўдні школьныя ды прафсаюзныя калёны з плякатамі "Культуру -- в массы", "Трудись и отдыхай культурно", "За детство счастливое наше спасибо Великому Сталину!", "Пусть всегда светит солнце Сталинской Конституции!" пасунуліся да зарганізаванай пляцоўкі на беразе ракі. З усіх бакавых дарог і сьцежак цягнуўся натоўп да месца маёўкі. Наперадзе ўсёй працэсіі калыхалася ў масластых руках юнакоў вялізная, пагрозьлівая выява крамлёўскага дэспата.
        Вельмі хутка выявілася, што плян грандыёзнага савецкага мітынгу трашчыць па ўсіх швах. Нават пакуль яшчэ не пачалася афіцыйная частка, людзі рассыпаліся па лузе, паскідалі зь сябе апранахі і, кінуўшыся ў чыстую, прахалодную ваду, ва ўсю асалоду цешыліся са сваіх бязглуздых забавак, што тыя сабакі, спушчаныя з ланцуга.
        Партыйнае й камсамольскае начальства сабралося на адмыслова збудаванай трыбуне й, абменіваючыся надзьмутымі паглядамі, пазіралі на тое, што яны былі прымалі за шчыры энтузіязм да іхнага так старана зарганізаванага мерапрыемства.
        Урэшце хрыплы голас чырвананосага -- з пахмельля, відаць, -- вядучага зрабіў спробу прыцягнуць увагу народу да праграмы, што мелася ўжо пачынацца. Некалькі разьзяўротаў, больш з прычыны нейкага шуму, чым з зацікаўленасьці, падышлі да трыбуны, вакол якой стаялі зарганізаваныя школьнікі, хаця астатняя бальшыня так і засталася рассыпанай па лузе. Безь ніякай зьбянтэжанасьці сакратар гаркаму, як той дасьпелы, надзьмуты індык, што гарцуе да самкі, пачаў сваю ўступную прамову.
        Належным чынам ушанаваўшы бясконцую дабрыню й нястомную мудрасьць "великого вождя и учителя всех народов", ён пачаў пераліваць ваду дабраславеньняў савецкага рэжыму. Адно ў сацыялістычнай краіне, дзе ўсё створана для чалавека, -- такой як СССР -- ёсьць усе магчымасьці для людзей адпачываць культурна. Але дзеля таго, каб ахапіць і скарыстаць плёны сапраўднай савецкай культуры, што вось-вось узыдзе над гарадоцкім пралетарыятам і калгасамі, людзі мусяць мець здаровае цела, бо -- як сказаў адзін вялікі марксісцкі мудрэц -- "в здоровом теле -- здоровый дух". А таму мясцовыя партыйныя ворганы, а найбольш сам прамоўца, будуць прыкладаць усе свае намаганьні, каб несьці культуру ў масы. Гэты вялізны сход -- толькі пачатак.
        Калі б сакратар райкаму завяршыў сваю прамову на гэтай кропцы, гісторыя ўсяго дня магла б быць запратакаляванай па-іншаму. Але ён ня быў тым, хто здольны замерыць мяжу злоўжываньню хліпкім цярпеньнем сваіх слухачоў. Ён усё балбатаў з тым жа дарэмным запалам, і шаблонны, ханжаскі ўра-патрыятызм недарэчнай прапаганды атручваў жыватворны подых прыроды, урываючыся ў высокія сьпевы жаўрукоў, што ўзносілі свае слаўныя гімны Творцу.
        Тыя, што былі бліжэй да трыбуны, з урачыстым маўчаньнем рабілі выгляд, што ўважліва слухаюць гэтую надакучліваю траскатню, жадаючы, каб ён скарэй ужо яе скончыў і яны маглі б далучыцца да тых, што асалоджваліся дабротамі залатога вясеньняга дню. Як быццам ув адказ на іхныя жаданьні, прырода сама падала сваю вялікадушную руку: вялізны плякат з выявай Сталіна, утыркнуты ў зямлю, падхапіла парывам ветру й шпурнула долу.
        Сярод слухачоў вакол трыбуны гэтая падзея спарадзіла выбух рогату, выкліканага ўсьведамленьнем такіх цалкам магчымых непрыстойных абставінаў, у якіх можа аказацца іхны абрыдлы дэспат-ідал. Начальства на трыбуне завярнулася, прамоўца змоўк; ягоны моцна сьціснуты кулак, што быў ужо гатовы акрэсьліць нейкую важную ідэю, завіс у паветры. Зьбянтэжаны, ён аглядаў тую сумятню, што тут усчалася. Урэшце, вусаты, з рабаціньнем партрэт дыктатара ўзьняўся зноў над колам высокіх чыноў.
        Сакратар гаркаму, паспрабаваўшы аднавіць сваю велічную прамову, бадай што быў вымушаны скараціць яе. Ва ўсякім разе, голас ягоны задрыжэў і пацішэў, самаўпэўненасьць і пампэзнасьць зьніклі, а ягоныя тёмныя вочы рыскалі па тых, хто стаяў перад ім, быццам вышуквалі тых дзёрзкіх, хто быў наважыўся сьмяяцца з такой катастрафічнай падзеі. Заікаючыся, ён завяршыў прамову тыповымі камуністычнымі заклікамі пад гучныя апладысмэнты таварышаў побач зь ім і пад жыдзенькі пляскат асноўнай аўдыторыі.
        Пасьля караценькага перапынку пачала свой выступ агітбрыгада. У духу старой колькіразовай разьвядзёнкі, што чарговы раз стаіць перад ЗАГСам са сваім новым мужам пад руку, яны сталі карміць нешматлікіх слухачоў сваім затасканым прапагандысцкім "мастацтвам". Адзін за адным, па двох і па трох, незаўважна -- наколькі гэта магчыма для чалавека -- людзі пацягнуліся ад гэнай гулянкі; яны пазьбіваліся ў купкі і, урэшце, наляглі на ежу й пітво, што прынесьлі з сабой. Урэшце, калі правішчэла фінальнае "Да здравствует Сталинская Конституция!", людзі ўздыхнулі з палёгкай.
        Пасьля кароткай пярэрвы маладзёвая аркестра пачала йграць факстрот, і вось цяпер плошчу вакол трыбуны запоўнілі пары, што закружыліся ў танцы, некаторыя ўжо доволі падпітыя.
        Было ўжо далёка за палудзень.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.