РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Заўтра ёсьць учора
1. Арышт
2. Міласэрнасьць уначы
3. Новыя гаспадары
4. Нападзеньне ў пуні
5. Катаваньне ў клясным пакоі
6. Забойства
7. Абуджэньне
8. Вульгарная прыгажуня
9. Маёўка
10. Двубой
11. Лара ліхадзейка
12. Расправа
13. Чорная бездань
14. Д'ябалава гулянка
15. Гвалтаваньне
16. Дзірка ад кулі
17. Сустрэча старых сяброў
18. На папраўку
19. Іспыт на трываласьць
20. Руіны
21. Знаходка
22. Дзядзька
23. У судзе
24. Па сьледзе забойцы
25. Адзін крок паперадзе
26. Пачатак каханьня
27. Вось і сустрэча
28. У пошуках слушнасьці
29. Выклік
30. Сьмяротная паездка
31. Вяртаньне да жыцьця
18. НА ПАПРАЎКУ
        
18. НА ПАПРАЎКУ

        
        Гэта былі найгоршых два тыдні, якія толькі Юстына ведала ў сваім жыцьці.
        Марыя не падымалася з ложка, цяжкі сухі кашаль разьдзіраў і змучваў ейнае саслабелае цела.
        Яны абмеркавалі ўсе за й супраць і вырашылі ня клікаць лекара. У горадзе былі два невайсковыя старыя лекары, што займаліся гэтай справай на собскае забяспечаньне. Недахоп медыкамэнтаў рабіў іхныя намаганьні амаль бескарыснымі. А тутэйшая лякарня была запоўнена вайсковым пэрсаналам.
        Жанчыны не даверыліся нікому. Што як той, каго яны паклічуць на дапамогу, усё ж прагаворыцца недзе? Нельга было так рызыкаваць загубіць Марыю, стараючыся дапамагчы ёй.
        Калі Марыя крыху акрэпла, Юстына вырашыла схадзіць зь ёй да інспэктара Трахімовіча, каб пашукаць для яе працы пад іншым імем. Калі б гэта ўдалося, Марыя магла б спадзявацца на належнае абсьледаваньне й па неабходнасьці лячэньне. А пакуль што старая Агата прыкладала ўсе свае веды ў зёлках -- што ёсьць вельмі распаўсюджаным у гэтай краіне, -- а Юстына трымала скрыжаванымі свае пальцы.
        Да канца другога тыдня Марыін кашаль пачаў пакрысе затухаць, на шчоках зьявіўся слабы румянец: яна заўважна ачуньвала.
        Юстына дзячыла Богу, бо ейныя сродкі за гэты час даволі вычарпаліся, яна мусіла пазычыць грошай для падтрымкі сваёй сяброўкі й цяпер не магла сабе ўявіць, як жа яна зможа вярнуць доўг са сваёй худой настаўніцкай каліты. І ўсё ж яна была вельмі рада. Задавальненьне ад таго, што яна працягнула руку дапамогі, было ёй лепшай узнагародай за ўсе клопаты й страты.
        Агата глядзела Марыю, пакуль Юстына была ў школе. Па вечарах -- вядома, са стратамі для сваіх хатніх абавязкаў і школьных лекцыяў -- Юстына не адыходзіла ад ейнага ложка. Час праходзіў незаўважным за бясконцымі размовамі. Абедзьве яны заглыбляліся ва ўспаміны змрочнага нядаўняга мінулага. Марыя гаварыла шмат, пыталася пра апошнія падзеі. Як быццам па ўзаемнай дамоўленасьці, абедзьве яны стараліся абмінаць самую блізкую іхным сэрцам тэму: дзеці й школа.
        Гэта было ясна для Юстыны, што Марыя была ўжо зусім іншай жанчынай, чым яна яе некалі ведала. Часам суняўшыся, яна замыкалася, адыходзіла ў сьвет сваіх успамінаў, потым слухала Юстыну з раптоўнай увагай, тады зноў бяз дай прычыны цікавасьць ейная пятрэла, і са стомленым, змарнелым тварам яна гублялася недзе ў сваіх думках.
        Марыіна цікавасьць да жыцьця здавалася цяпер бадай павярхоўнай. Ад самаўпэўненасьці нічога не засталося; застрашанай і зламанай, ёй засталося адно цягнуць гэты цяжар нікому не патрэбнага жыцьця. Неяк трэ было трымацца, жыць сярод людзей; ня можа ж яна рабіць адно толькі, што аплакваць сваю сям'ю ды ўскладняць і так нялёгкае жыцьцё Юстыне. Ну, і якая ў яе цяпер будучыня? Ці яна зможа настаўляць і накіроўваць дзяцей, калі ёй самой патрэбны павадыр?
        Застаючыся сам-насам, Марыя абдумвала сваё становішча з усіх бакоў. Такія развагі прыводзілі яе ў адчай. Спачатку яна выпускала свае пачуцьці, давала волю сьлязам. Потым паступова прыйшла апатыя. Як той п'яніца, што прачнуўся пасьля кароткага сну, задураны цяжкім пахмельлем, ейны розум валэндаўся абы-дзе, неабцяжараны ніякай лёгікай, забыўшыся на ўсе патрэбы нармальнага, паўсядзённага жыцьця.
        Аднойчы адна ў пакоі яна глядзела ў маленькае вакенца. Уначы, відаць, выпаў добры сьнег. За хатай высокі драўляны плот аддзяляў сад Агаты ад суседзкага. Вецер шчэ не пазьбіваў сьвежых белых каптуроў з дрэваў, за імі былі бачныя іншыя хаты й пуні, над адным комінам віўся шызы дымок. Сонца, пэўна, выглядвала з-за аблокаў, бо нахінуты плот адкідаў на сумёты свой крывы цень, а яблыні вымалёўвалі на белым покрыве дзіўнаватыя сілуэты.
        Вялізны крумкач спусьціўся долу й усеўся на плот, аглядаючы навакольле. Лянотна расправіўшы крылы, зноў узьняўся й зьнік, як у той жа момант на сьнег скіраваўся тузін вераб'ёў, мяркуючы, пэўна, падкляваць за ім чаго-небудзь. Згубіўшыся ў сьнежнай калатні, якую ж самі паднялі сваёй мітусьнёй, кожная птушка горача заяўляла аб сваіх правах голасным чырыканьнем. Паўсюль барацьба за выжываньне. Птушкі -- гэтак жа сама, як і людзі, можа толькі больш цывілізавана.
        Бяз дай прычыны паўсталі брыдкія выразы твараў Бэргдорфа, Карпаціна, Лары... Марыя міжволі схамянулася са страху. І што ж рабіць з такімі людзьмі, як гэткія? Няўжо так і жыць ўв адной клетцы са зьвярыма?
        Тады зусім новая думка запатрабавала ейнае ўвагі. Гэтта ж нехта нешта сказаў... Што гэта было? Трэба прыгадаць... Ага, успомніла: яркая карцінка зь дзёрзкім, раззлаваным хлопчыкам паўстала перад вачыма. Гэта Максімка тады кідаў маці: "Чаму аднаму падонку можна цягацца наўсьцяж ды забіваць нявінных, а другім абараніць сябе -- нельга? Чаму, мама, чаму?"
        Народжаны як ёсьць дванаццацігадовым хлопчыкам пратэст супраць аўтарытарнасьці сваёй маці, закрануў найдалікатнейшыя струны ў Марыіным сэрцы. Пачуцьці хлопца абвостраныя, і ён хутчэй сталее ва ўмовах вайны. Гісторыя творыцца проста ў яго на вачах. І ён запатрабаваў гатовага адказу на пытаньне, якое займае розумы тытанаў яшчэ ад пачатку гісторыі. Што ж зможа адказаць маці?
        Насамрэч, як жа наконт права абараніць сябе?
        Зацяўшыся гэткім нечаканым паваротам сваіх развагаў, Марыя раптам ўзьнялася на ложку, як быццам такое палажэньне магло паспрыяць гатоваму адказу.
        Пэўна ж гэта факт, што нейкая колькасьць людзей -- заўважна ніжэйшага духоўнага статусу, і Бэргдорф сярод іх, -- паводзяць сябе, як быццам яны здабылі ліцэньзію на ісьціну ўв апошняй інстанцыі, а таму могуць адных судзіць, іншых караць.
        Калі разглядаць гэтую так званую ліцэнзію на адвольнае забойства -- якая, як што яна ёсьць, можа быць мера апраўданьня для яго? Вайна? Скажэньне й злоўжываньне сілай? Ці проста прага нявіннай крыві? Магчыма, усё гэта разам у спалучэньнях. Адылі, гэта толькі адзін бок манэты. Нявінныя людзі мардуюцца па простай прычыне: таму што яны -- безабаронныя.
        Нельга дазваляць сабе быць безабароннай варонай сярод галодных хіжнікаў, калі табе неабыякава тваё жыцьцё. Ня можа быць пытаньня аб праве чалавека на абарону самога сябе.
        Але тут ёсьць адна закавыка: калі чалавек дзеля абароны сябе бярэ ў рукі зброю, ён непазьбежна ўлучаецца ў гэты калаўрот забойстваў і ня можа пазьбегнуць таго, каб не забіць нявінных, што ёсьць навокал.
        І ўсё ж, які тады яшчэ можа быць сродак, калі пакінуць права на абарону свайго жыцьця?
        Просты школьнік, дзіця, працягнуў ёй у рукі гатовы адказ. І што яна?
        Але, пасьля ўсіх перажытых агоніяў, такі засталася ж яна жывая? Што гэта -- капрыз лёсу ці рука Боскай волі?
        Калі б на гэтай зямлі існаваў грамадзянскі закон, забойства было б прыведзена ў статус злачынства. Але нямецкія грамадзянскія ўлады, тыя што былі, назіралі за падаткамі, абмежаванай адукацыяй, наборам рабочай сілы ў Нямеччыну -- аховай нямецкіх інтарэсаў тут. Асноўнай іхнай функцыяй было сачыць, каб непрыхільныя асобы трымаліся ў страху, каб паняволеныя людзі рабілі сваю справу ў забясьпечаньні нямецкай ваеннай машыны. Не было ні часу, ні жаданьня саваць нос яшчэ ў нейкія грамадзянскія прававыя справы. Таму армія ды іхныя дапаможныя атрады кіравалі на гэтай акупаванай зямлі, як самі лічылі патрэбным.
        Пакуль Марыя аднаўляла свае сілы, забойца ейнай сям'і працягваў караць і зьнішчаць іншых нявінных ахвяраў. Калі няма магчымасьці зьвярнуцца да закону, як можна тады спыніць яго і такіх жа, як ён? Мусіць жа быць сродак...
        Яна старанна разважала над новай думкай.
        Калі гэты злодзей мусіць быць пакараны, хто можа зрабіць гэта, акрамя яе? Што яна, бедная, хворая жанчына, можа зрабіць?
        Нейкі час у яе круцілася думка, каб неяк дастаць зброю, пайсьці ў паліцэйскую камэндатуру і ўчыніць расправу над Бэргдорфам сваёй собскай рукой. Страху ўвайсьці ў воўчае логава пасьля таго, што яна перажыла, у яе не было. Яе засмучала іншая няўпэўненасьць. Скажам, возьме яна пісталет, скажам, падыдзе да гэтага вырадка -- за адсутнасьцю ў яе сувязяў і магчамасьцяў усё гэта выглядае надзвычай сумнёўна -- ну, і якія тады шанцы, што яна зможа стрэліць і забіць гэтага зладзюгу? Божа, якое глупства выдаваць жаданае за дзейнае? Ага, так табе Бэргдорф і будзе сядзець спакойна й чакаць і прасіцца, каб яго забілі...
        Два галасы ўнутры яе горача спрачаліся: адзін недасьведчаны й наіўны, а другі -- голас цыніка...
        Яна абдумала магчымасьць загубіць і сваё жыцьцё. Яна не баялася, балазе забярэ Бэргдорфа з сабой...
        Не. Гэтая думка бяз сэнсу, і Марыя тут жа выкрэсьліла яе, занатаваўшы сабе абдумаць яе яшчэ раз потым.
        Яна ўзяла маленькае круглае люстэрка са століка, угледзелася. На яе ўперыўся пануры, лядашчы твар.
        -- Божа мой! -- прашаптала яна, -- Што ж яны са мной зрабілі!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.