РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Заўтра ёсьць учора
1. Арышт
Родныя вобразы / К. Акула. «Заўтра ёсьць учора»
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Заўтра ёсьць учора
1. Арышт
2. Міласэрнасьць уначы
3. Новыя гаспадары
4. Нападзеньне ў пуні
5. Катаваньне ў клясным пакоі
6. Забойства
7. Абуджэньне
8. Вульгарная прыгажуня
9. Маёўка
10. Двубой
11. Лара ліхадзейка
12. Расправа
13. Чорная бездань
14. Д'ябалава гулянка
15. Гвалтаваньне
16. Дзірка ад кулі
17. Сустрэча старых сяброў
18. На папраўку
19. Іспыт на трываласьць
20. Руіны
21. Знаходка
22. Дзядзька
23. У судзе
24. Па сьледзе забойцы
25. Адзін крок паперадзе
26. Пачатак каханьня
27. Вось і сустрэча
28. У пошуках слушнасьці
29. Выклік
30. Сьмяротная паездка
31. Вяртаньне да жыцьця
16. ДЗІРКА АД КУЛІ
        
16. ДЗІРКА АД КУЛІ

        
        У той жа дзень надвячоркам, калі школьнікі пайшлі ўжо дадому, у настаўніцкім пакоі гарадоцкай сямігодкі адбылася бурная спрэчка.
        Прысутнымі былі ўсе пяць настаўнікаў, малады й напорысты дырэктар Тодар Шпілька ды клясныя кіраўнікі чатырох старэйшых клясаў.
        Юстына Мурашка сядзела за сталом і праз густы тытунёвы дым пільна разглядала дзірку ў шыбе. Падобна сонечным промням на дзіцячым малюнку, амаль сімэтрычна, ад дзіркі разьбягаліся расколіны, але шкло трымалася. Варта было адно зьлёгку пхнуць шыбіну, і яна б рассыпалася на кавалачкі. Гэта была аблудная куля, як ёй аднойчы сказалі, якая прашыла шыбу й засела ў сьцяне блізу столі.
        Юстына разважала аб прыродзе гэтай дзіркі, настаўляючы адно вуха, каб не прапусьціць словы дырэктара. Як гэтая прабітая аблуднай куляй шыба, ейнае мацярынскае сэрца сёньня было параненае думкамі аб тым, што ейнае дзіця, ейную адзіную радасьць, -- дванаццацігадовага сынка -- могуць адабраць у яе ды адправіць у Нямеччыну вывучаць, як яны кажуць, якое-небудзь карыснае рамяство. Дабром яна на гэтае зьверства не пагодзіцца, вырашыла яна.
        Шэрымі пранізьлівымі вачыма Шпілька агледзеў прысутных і працягваў далей:
        -- Спадарства, я не змагу перабольшыць значэньня гэтай справы. Вы мусіце зразумець, як і я, што мы ня можам вось так стаць перад немцамі ды бесцырымонна заявіць ім, што маўляў ніводны школьнік не захацеў ехаць. Яны ж проста не павераць. Спадар Трахімовіч, акруговы інспэктар па адукацыі, сказаў мне адназначна, што нямецкі камісар па адукацыі спадзяецца на пасьпяховы вынік з нашае дапамогай. Гер Будке мяркуе гэта такім чынам -- і гэта зь ягоных словаў, не з маіх, -- што беларускія бацькі маюць быць удзячнымі за такую магчымасьць, якая прапануецца дзеля прафэсійнага росту іхных дзяцей.
        За апошнім сказам па настаўніцкіх тварах прабегла гіранічная ўсьмешка. Юстына хмыкнула з такога хітрага прадстаўленьня Будкавай заўвагі. Гэта ёй нешта вельмі нагадала. Той самазваны будаўнік "новай Эўропы", мусіць, крэпка памыляецца, калі выношвае ілюзіі, што вось гэтакая абрыдлая дурніца можа неяк пераканаць народ, якога даўно ўжо вывернула ад такіх жа расейска-савецкіх ідэалягічных гульняў.
        Настаўнікі, як і ўсё насельніцтва калянізаванай Беларусі, ужо чулі й добра зразумелі падобныя двухсэнсоўныя прапагандысцкія "вуткі". Год за годам, раз за разам ім гаварылі: тое, што было для іх на самай справе прыгонам, аказваецца, было лепшым раем на зямлі; іхныя дзеці мусяць быць удзячнымі "товарищу Сталину за наше счастливое детство"; яны мусяць аж ніц падаць перад дыктатарам зь невымоўнай удзячнасьцю за тую ўтаймавальную кашулю, якую ён напяліў на іх.
        -- Тыя дзеці, што добраахвотна паедуць у навучальні ў Нямеччыну, -- працягваў дырэктар Шпілька, -- будуць мець дармовае пражываньне, харчаваньне, добры медыцынскі дагляд і навучаньне ў найлепшых школах. Нямецкія ўлады запэўнілі інспэктара Трахімовіча, што няма ніякай прычыны бацькам хвалявацца. Я гаварыў вам гэта ўчора, і я падкрэсьліваю гэта сёньня. Бо я не магу не падазраваць, што некаторыя з вас ставяцца да гэтага пытаньня абыякава ці зь недаверам. Таму мне нічога не застаецца, як патрабаваць ад вас поўнасьцю шчырага ўдзелу ў гэтай справе Парупцеся рабіць заўтра лепей, чым вы рабілі дагэтуль. Дзеці пагавораць з бацькамі сёньня ўвечары, і будзем спадзявацца, што яны стануць больш паважлівымі да гэтай добрай нагоды, чым учора.
        Шпілька спыніўся, зыркаючы вачыма па прысутных, як бы чакаючы гарачых пратэстаў, але іх не было. Ён відавочна быў устрывожаны гэтым маўчаньнем. Што з гэтымі людзьмі ёсьць? Могуць яны зразумець, што калі гэтая справа ня будзе хоць на каліўца пасьпяховай, то ягоная пасада апынецца пад пагрозай?
        Настаўнік сёмае клясы Мікола Руновіч затурзаў на крэсьле. Зморшчыўшы лоб і, цягаючы сябе за даўгі цёмны вус, прамовіў:
        -- Спадар дырэктар, я цалкам зразумеў, пра што вядзецца. Ёсьць адно, што бянтэжыць мяне. А ці ня ставім мы воз папярод каня? Вядома, калі правільна рабіць -- калі ўжо трэба рабіць -- то мы мусім перш запытацца бацькоўскага пагадненьня. Вядома, што ім і вырашаць паважнасьць гэтае справы. Прызнацца, прапанаваныя мэтады ёсьць поўнай неспадзеўкай для мяне. За каго нас немцы трымаюць? За дурное боўдзіла? Усё ж такі, тыя з нас, у каго дзеці, -- калі б мы стаялі перад такой прапановай і даведаліся, што нашых дзяцей дураць за нашымі сьпінамі, каб яны зракліся сваёй краіны й здалі свае жыцьці -- вядома, ніхто б не застаўся абыякавым. Болей за тое, некаторыя проста страцяць давер да школьнага кіраўніцтва. Ці не пераацэньваем мы сябе? Усё ж такі, спадарства, тое, чаго немцы ад нас патрабуюць -- і я ўпэўнены, гэта не адзінкавы выпадак, але, бадай, цэлая кампанія, што праводзіцца па ўсёй Беларусі, -- гэта зрабіцца наборшчыкамі рабочай сілы для працоўнай машыны Нямеччыны. Як жа можна прымірыць з такім брыдкім заданьнем нашую настаўніцкую этыку. Ня знаю, ня знаю...
         -- Я ўжо падыходзіў да пытаньня з бацькамі, -- патлумачыў Шпілька, чырванеючы. -- Але перш чым я выкладу яго, я хацеў бы спыніцца на вашых заўвагах, спадар Руновіч. З таго, што вы зараз сказалі, бачна, што вы прадузяты. Ніхто -- я паўтараю -- ніхто ні ад кога не патрабуе зракацца сваёй краіны й аддаваць свае жыцьці. Давайце паглядзім на справу з правільнага ракурсу. Я ўпэўнены, вы пагодзіцеся са мной, што нашыя дзеці заслугоўваюць найлепшай адукацыі, якую яны могуць дастаць. Але, вы самі ведаеце, у нашай краіне ня так шмат установаў, вучэльняў, куды пайсьці вучыцца па заканчэньні школы. Я не зьбіраюся абмяркоўваць, чаму. Вы таксама ведаеце, што нямецкія вучэльні найлепшыя з тых, якія толькі можна пажадаць. Цяпер я пытаюся: што кепскага ў тым, што нашыя дзеці скарыстаюць з магчымасьцяў, прапанаваных ім, і тады, пазьней, калі яны стануць працаваць на карысьць сваёй краіны й сябе, прыкладаючы навыкі й веды, якія здабудуць там?
        Нямецкія ўлады даюць гарантыю акруговай Управе па адукацыі ды інспектару Трахімовічу, што набор дзяцей для навучаньня ў Нямеччыне не азначае набор рабочай сілы. Немцы няўхільна вызначаныя ў гэтым пытаньні. Ніякім чынам нельга разумець гэта як намаганьне запоўніць нямецкія фабрыкі таннымі рабочымі.
        Цяпер з бацькамі. Як я ўзгадваў раней, я якраз падыходзіў да гэтага пытаньня. Я атрымаў адмысловыя інструкцыі рабіць так, як робіцца. Вядома, нямецкія ўлады разумеюць, што дзеці ня могуць вырашаць самі за сябе. Чаго яны ад нас хочуць, гэта -- тлумачыць праграму ў самых шырокіх і прывабных аспэктах, каб дзеці зразумелі яе цалкам правільна. З тых, што паедуць, некаторыя, надзвычай таленавітыя, змогуць зрабіць добрую кар'еру.
        Вы павінны падтрымаць мяне, спадарства, і пастарацца зразумець, як гэта на нямецкі розум: яны лічаць гэта цудоўным шанцам, нават дабраславеньнем для тутэйшай моладзі. Яны велікадушна прапануюць моладзі магчымасьць атрымаць прыбытковую адукацыю, ад якой будзе карысьць і Нямеччыне, і Беларусі. Так, мы мусім пытацца бацькоўскага дазволу, вядома. Мы, пэўна, зьбярэм агульны бацькоўскі сход. Гэтая агітацыя дзяцей была, так бы мовіць, папярэдняя. Вы мусіце прабачыць, што я ня меў намеру адразу абазнаць вас больш шырака, ва ўсіх аспэктах гэтае справы, але, калі шчыра, я сам хацеў паглядзець на вынік папярэдняй агітацыі перш, чым пытацца бацькоўскага дазволу.
        І гэтак далей, і гэтак далей...
        Юстына глянула на дырэктарскі худы, кастлявы твар. Няўжо ён сапраўды такі наіўны? Ці то бяздушны бюракрат, ці то проста дурань? Што б ён рабіў, каб гэта тычылася ягоных собскіх дзяцей?
        Шпілька быў старым бабылём, адукаваным і дасьведчаным педагогам. Працуючы побач зь ім ужо два гады, яна ўважала яго за чалавека спагадлівага, здольнага да канструктыўнага супрацоўніцтва. Ён кульгаў на левую нагу й таму пазьбег мабілізацыі.
        Цяпер раптам яна ўбачыла яго як дробнага агента акупацыйных уладаў. Няўжо ён сапраўды верыць у тое, што гаворыць, і прымушае паверыць і іх? Што, зусім забыўся, што паўсюль гуляе крывавая вайна? Якія могуць быць гарантыі, што пасьля выпуску з вучэльні -- калі ўжо на самай справе гэта тое, куды ім выпадае лёс ехаць, -- дзеці вернуцца назад да бацькоў?
        Вакол усё так няпэўна -- якія шчэ могуць быць "гарантыі"?! Як можна пагадзіцца з такой бяздумнай прапановай ды адпусьціць дзіця вось так, ў белы сьвет, як у капеечку?!
        Яно зразумела, немцы маюць рабіць тое, што робяць. Іхныя працоўныя рэсурсы зьбяднелі зь ненажэрных патрабаваньняў вайны; яны мусяць глядзець наперад і плянаваць на будучыню. Скажам, правядуць яны набор -- ня дай, Божа! -- і пасьля заканчэньня вучэльні ў будучыні вось вырашаць яны не адпусьціць дзяцей -- хто ж тады іх прымусіць трымацца тых гарантыяў?
        Юстына прымала так блізка да сэрца гэтую справу, бо яна тычылася ейнага собскага сына. Яна проста не магла сабе ўявіць, каб расстацца са сваім сынком. Хто можа сказаць, як тая вайна шчэ абернецца? Раптам возьмуць вернуцца бальшавікі... Вось і думай, што тады будзе. Цяжка ўявіць сабе, далібог! Як бы ты іх ні ненавідзеў, але калі яны вернуцца, ня вырыеш жа сам сабе магілу ды ня скочыш туды наўпрост.
        Тое, што хацелі немцы ад бацькоў, на самай справе гэта -- падпісацца на адмову ад сваіх дзяцей і падарыць іх акупацыйным уладам на талерачцы. Абуральна! Ці ня ўсё яны яшчэ папалілі ў гэтай краіне, ці ня ўсю яшчэ высмакталі кроў?! Гэтаму ўжо абезгалоўленаму двума хіжнікамі народу цяпер зьбіраюцца яшчэ ўсадзіць кінжал вайны ў генэтычныя похвы. Божа літасьцівы! Усе гэтыя гарантыі -- гэта голас ваўка ў авечай скуры! А ад яе -- ад маці таксама -- патрабуюць ахвяраваць свайго сына, ды яшчэ ўгаварыць на гэта іншых. ...Раптам гэтая дзірка ад кулі ў трэснутай шыбе вырасла ў сваіх памерах і трапіла ў матчына далікатнае сэрца...
        
        Густыя прыцемкі ляглі на зьнявечаны вайной горад, калі яны ўрэшце пакінулі задымлены настаўніцкі пакой.
        Юстына нэрвова пнула нагой сьнежны камяк на ходніку. У роздумах аб цяжкім павароце лёсу яна машынальна прайшла міма зруйнаваных і спаленых дамоў, вайсковых машын на дарозе, двух п'яных паліцаяў, што валачыліся насупраць па процілеглых ходніках. Нейкім цудам школьны будынак застаўся цэлым. Але ўжо на прошлым тыдні гэты цагляны дом прыходзіў аглядаць мясцовы вайсковы камэндант, пэўна, з мэтай скарыстаць яго для арміі.
        Юстына паскорыла хаду, каб трапіць дадому да камэнданцкага часу. Грукат і шум, што даносіліся з чыгуначнай станцыі, дадавалі трывожнага настрою.
        На ўспамін прыйшлі страшныя часы зь мінулага: людзі, што зьнікалі зь ейнага жыцьця; муж, што загінуў на фінскай вайне; сваякі, сябры... Сярод іх і Манечка Каравай. Бедная жанчына. Якая шляхотная, якая жыцьцярадасная душа!.. Забілі яе тыя зьвяругі-партызаны. Разам з маці й дзеткамі. А апошнім тыднем немцы зьнішчылі й усю вёску. Жыхароў сагналі ў школьную хату й спалілі ўсіх. Жыўцом...
        Божа літасьцівы!
        ...Юстына была прывабнай, лагоднай жанчынай, якая рэдка дазваляла сваім пачуцьцям пераходзіць цераз край. Родам яна была зь ляснога краю некалькі сотняў кілямэтраў на поўдзень. Вытаптаны, зрабаваны дзьвюма процілеглымі сіламі, гэны край ператварыўся ў бясплодную пустэчу. Ейны бацька, калгасьнік, загінуў ув адной зь нямецкіх карных апэрацыяў. Маці памерла яшчэ да вайны. Адзінага брата змабілізавалі ў Чырвоную Армію, і з тае пары ад яго ніякіх вестак...
        Яна жыла з дванаццацігадовым сынам Максімам на кватэры ў адной старой жанчыны па імені Агата, чый дом на ўскрайку гораду нейкім чынам ацалеў у пажары вайны. Яны ледзь-ледзь зводзілі канцы з канцамі. З маленечкага кавалка зямлі, выдзеленага ёй школьным кіраўніцтвам, яны мелі крыху гародніны; нішчымная настаўніцкая зарплата выпарвалася ў сьпіралі ваеннай інфляцыі. Недаядаючы, цяжка працуючы, яна ледзь валачыла свае ногі са дня ў дзень, безь ніякага намёку на паляпшэньне наперадзе.
        Шмат гарадзкіх удавіц трымаліся лепей, выкінуўшы на сьметнік маральныя асновы ды прыстасаваўшыся да ўмоваў вайны. За любоўныя паслугі яны былі добра забясьпечаны прыяцелямі зь мясцовай паліцыі ды вайскоўцамі ежай і адзежай. Юстыне гэта не выпадала. Нейкі час яна мела думку завесьці каханца. Але потым рызонна вырашыла, што гэта небясьпечна для ейнай працы: бацькі дзяцей, разам зь іншымі, проста праклянуць яе бяз словаў. Яна адмовілася. Заплатаныя паліто, сукенкі, стаптаныя боты сталі характэрнай адзнакай ейнай цяжкай працы.
        І нават гэтае нічшымнае існаваньне цяпер пад пагрозай. У яе яшчэ могуць адабраць і адзінага сына. Што яна можа зрабіць? Трэба нагадаць, што калі ніхто не вызавецца ехаць у чужыну, яны могуць забраць іх сілай.
        -- Ausweis! -- раўкнула побач.
        Перад ёй стаялі два высачэзных жаўнеры, разглядваючы ейнае заплатанае паліто, старэнькі шалік, стаптаныя боты. Сьцепануўшыся ад гаспадарскага голасу, яна тут жа палезла ў кішэню й выцягнула маленькую паперку. Жаўнер у сталёвым шлеме хвіліну вывучаў фатаздымак, разглядаючы схудзелы Юстынін твар, тады вярнуў дакумэнт і махнуў рукой: "можаш ісьці".

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.