24. ПА СЬЛЕДЗЕ ЗАБОЙЦЫ Марыя выйшла з трамваю й накіравалася па вузкай вуліцы, што на ўсходнім ускрайку гораду, шукаючы нумар дома, які разам зь ненавісным прозьвішчам не даваў ёй спакою ад таго часу, як яна знайшла яго ў газэце камуністаў. Нэрвы былі напружаныя прадчуваньнем рызыкоўнай справы. За пэўным намерам вызначыць мешканьне Калпакова-Бэргдорфа хавалася няпэўная думка, а што ж тады рабіць далей. Яна чулася дакладна што той паляўнічы, які пасьля азартнай пагоні ўжо гатовы быў прышчучыць зьвера ў ягоным логаве, як раптам аказваецца, ён забыў патроны для стрэльбы. Адылі Марыіны намеры на сёньня былі больш сьціплымі -- яна йшла, адно каб пераканацца, што Бэргдорф сапраўды жыве тут. Але адчуваньне нейкай небясьпекі ўсё ж было прысутным. Вось што, напрыклад, рабіць, як яна сутыкнецца зь ім нос да носу на парозе ягонага дома ці нат проста на вуліцы? Яна разважала над такой магчымасьцю шмат разоў, мыючы посуд у вялізнай шпітальнай кухні. Яна працавала там ужо вось тры тыдні. Гэта ня тое каб была прыстойная праца, але выбару асаблівага не было. Людзі з тутэйшай Беларускай Праваслаўнай Царквы, у асноўным новапрыбышы, таксама працавалі на чорных работах. Зацуганыя вялізнымі пазыкамі на дамы й рознымі іншымі крэдытамі, працавалі цяжка, каб зьвесьці канцы з канцамі. Бальшыня зь іх былі сялянамі ў старой краіне. Колькасьць і якасьць праблемаў, зьвязаных з адаптацыяй у Канадзе, была сапраўды непамернай для ўсіх і кожнага зь іх. Прыстасаваньне да гарадзкога жыцьця была, напэўна, самай зь іх лёгкай. Марыя была ўдзячная ім за разуменьне ейнага стану, за цеплыню братніх пачуцьцяў і за прагнае жаданьне дапамагчы ёй. Зь цягам часу, разважыла яна, яна зможа аглядзецца лепей, навучыцца мовы й, магчыма, пайсьці на вячэрнія курсы авалодаць новай прафэсіяй. А зараз дастаткова проста мець блізкае аттачэньне, чым жыць сам-насам, калі нікому да цябе няма справы. Некаторыя ейныя суайчыньнікі, з кім яна ў міжчасе пасябравала, расказвалі ёй, што яны таксама, як прыехалі ў Таронта, былі зьбянтэжаныя, бездапаможныя й самотныя. Ув адрозьненьне ад паваенных эмігрантаў іншых нацянальнасьцяў, якія маглі разьлічваць на апеку сваіх даўно ўстаноўленых і заможных цэркваў і грамадзкіх суполак, беларусы апынуліся сам-насам ад першых крокаў на канадыйскай зямлі. Не было тут ні беларускіх цэркваў, ні беларускіх суполак. Ім давялося самім усё закладаць ад пачатку. Папярэдняя хваля эмігрантаў зь Беларусі, паняволенай, і з прычыны гэтай паняволенасьці -- нясьведамыя яшчэ ўдома, лёгка траплялі ў пасткі, расстаўленыя іхнымі няпрошанымі "апекунамі" -- расейцамі ды палякамі. Абое гэтыя "старэйшыя браты", што падзялілі міжсобку ды калянізавалі Беларусь, зусім не зважалі -- за выключэньнем пустой балбатні -- на агульныя тэндэнцыі вызвольнасьці. Яны безь ніякага сораму ўпарта трымаліся за свае застарэлыя палітычныя догмы, паводле якіх беларусы, усе да аднаго, яшчэ ня высьпелі для самавызначэньня, а таму мусяць быць выкарыстаныя ў якасьці ўгнаеньня для росту й росквіту сваіх расейскіх ды польскіх гаспадароў. У Новым Сьвеце ярлыкі й тактыку прыгнёту трэба было перайначыць. Калі ўдома паняволеным беларусам толькі загадвалі ды каралі за непадпарадкаваньне, то ў Канадзе -- у краіне добрай волі, дзе кожны мог прэтэндаваць на права самавызначэньня, -- "дамашніх" прыгонных трэ было прывабліваць на новыя прынады. Нясьведамасьць і самотнасьць прыйшліся дарэчы. На ўсходняе праваслаўе ды рымскі каталіцызм, так гнаныя ўдома, былі надзетыя перафарбаваныя апранахі велікадушнасьці. Старая хлусьня, што ўсе каталікі мусяць быць палякамі, бессаромна прапагандавалася сярод нясьведамых каталікоў-беларусаў, спанукаючы іх далучацца да польскіх парафіяў. Тымчасам усходняе праваслаўе, сапраўдны праваднік расейскіх імпэрскіх інтарэсаў, выстаўлялася як "любящая мать" усіх усходніх праваслаўных славянаў. Абедзьве махлярскія ідэі й да гэтае пары насылаюць чары на мноства цёмных і нацыянальна нясьведамых беларусаў. Польскія ды расейскія сьвятары ў Канадзе, ідучы сьлед у сьлед за сваімі прафэсіянальнымі супрацоўнікамі за акіянам, шчодра сеялі атруту асыміляцыі сярод беларусаў. Дзеля замыканьня гэтага заганнага кола яшчэ й камуністы зрабілі значныя захады адносна тых, хто трымаўся далей ад цэркваў. Цямнота й невуцтва параджаюць нішчымнасьць, і наадварот. Бяздольныя, галодныя трыццатыя гады далі левым элемэнтам багатыя магчымасьці выкарыстаць эканамічную дэпрэсію для пашырэньня сваіх шэрагаў. Таму паваенныя беларускія эмігранты, прыбыўшы ў Канаду, -- з поўным расчараваньнем і засмучэньнем -- знайшлі папярэднюю беларускую эміграцыю цалкам паглынутай расейскімі ды польскімі цэрквамі, грамадзкімі арганізацыямі ды камунісцкімі клюбамі. Некаторыя старыя эмігранты былі настолькі асыміляваныя, што нават, калі й размаўлялі на матчынай мове ўдома, поўнасьцю адмаўлялі сваё сапраўднае паходжаньне. Многія ў Таронце паспрабавалі скантактавацца са старымі эмігрантамі, але тут жа былі ўпікнутыя за свае бы фашыстоўскія ды нацыяналістычныя пагляды. Марыя наслухалася шэрагу гісторыяў аб тых легкадумцах, што наважыліся наведаць мясцовыя "асіныя гнёзды" чырвоных, наіўна мяркуючы, што яны змогуць ув адзін месяц спыніць тое, што маскоўскія агенты рабілі дзясяткі год: завязвалі вочы лейцамі "made in Mosсow" сваім цёмным суайчыньнікам, каб тыя ня бачылі сьвятла. Марыі яшчэ шкроб калёным жалезам у памяці собскі горкі досьвед зь Лідай і дзядзькам Лявонам. Калі гэтая цямнота, падмаляваная чужой ідэалёгіяй ды падмацаваная грубымі эмоцыямі, магла высякаць іскры сярод блізкіх, кроўных сваякоў, ажно тыя ўпіваліся адзін аднаму ў глотку, чаго ўжо тады чакаць ад тых, што абменьвалі сваю нацыянальную адметнасьць і годнасьць на сумнёўныя абяцаньні "дворцов с фонтанами" з боку чужынскіх наймітаў. Марыя ўдвая была ўдзячная за дапамогу сябрам ейнай парафіі, бо ўжо сама напоўніцу зазнала, якія яны, першыя крокі ў гэтай краіне. А ўраду, які між іншым хаця адбіваў ахвоту да "старых сварак", было абыякава, хто каго тут асымілюе, пакуль новапрыбышы спраўна плоцяць падаткі ды не папаўняюць шэрагі мясцовых крымінальнікаў. Марыя пайшла па вузкай брукаванай вуліцы, зацененай рэдкімі клёнамі, высаджанымі ўздоўж дамкоў на дзьве кватэры, што паказвала на жытло для небагатых. Ужо пачынала зьмяркацца, і разам з сонцам сыходзіла невыносная летняя сьпёка. Здаецца, усе, хто мог, павылазілі са сваіх нор, каб урэшце пацягнуцца й уздыхнуць. Купкі дзяцей таўкліся на вуліцы, яны з шумам ды гоманам сноўдалі па дарозе паміж запаркаваных аўта, выклікаючы пранізьлівыя пібіканьні тых, што праязджалі міма. З набліжэньнем да дома нумар семдзесят тры на другім баку вуліцы Марыіны ногі ўсё цяжэлі, і сэрца замірала. Ну, вось ён, проста перад ёй, з прычыненымі дзьвярыма. Мажная, з русымі валасамі, лёгка апранутая жанчына сядзела, разваліўшыся, у прасторным верандным крэсьле, пільнуючы адным вокам пуцатага малога, што вэзгаў цацачную аўтку па зацэмэнтаванай сьцежцы пярэдняга дворыка. Зялёная частка дворыка асалоджвалася дожджыкам з палівальніка. Дамок быў з чырвонае цэглы, выглядаў сьвежа пафарбаваным і дагледжаным. На гэтым баку вуліцы, побач з Марыяй, корпаўся мужчына, напраўляючы свой невялічкі плот. Адсутным позіркам паглядаючы на мужчыну, Марыя замарудзіла хаду, ня ведаючы, што далей. -- От сьпякота, га? -- загаварыў мужчына. Відаць, яму хацелася пагаманіць. З Марыінага досьведу ён мог быць рэдкім выключэньнем сярод адчужаных гараджан, і ягоная балбатня магла б аказацца вельмі дарэчы Марыі на дапамогу. -- І не кажэце, -- усьміхнулася яна яму. З таго часу, як яна пачала працаваць у шпіталі, яна прысьвячала ўвесь свой час навучаньню ангельскай і ўжо мела некаторы посьпех, дастатковы для падтрымкі размовы. -- Пабіты яшчэ адзін рэкорд. Трыццаць дзевяць, казалі па радыё, -- працягваў мужчына. -- Некага шукаеце? -- Так, -- пасьпешліва адказала Марыя. -- Вось, як я цяпер тут... я ня ўпэўнена, што гэта тое мейсца... Можа, вы мне дапаможаце... Я баюся турбаваць, калі гэта ня тыя... -- Буду рады дапамагчы, калі змагу, -- адказаў мужчына, ацэньваючы вачыма пашкоджаньні плоту, і раптам ускінуў пагляд на Марыю. -- Ат, з гэтымі дзецьмі... дакука, -- прабурчэў ён і сплюнуў густой табакавай апялюхай. Калі б Марыя ведала канадыйскіх дрывасекаў -- грубаватых, простых, загартаваных, абветраных хлопцаў, -- яна без сумнёву вырашыла б, што ён адзін зь іх. Здавалася, ён тут не на сваім месцы ў гэтым мітусьлівым, шумным горадзе. -- Адна шкода ад іх, -- пракамэнтаваў "дрывасек". Ён выглядаў вялікім і моцным, з грубаватым, загарэлым тварам, густымі, цёмнымі валасамі, ня болей за трыццаць пяць год. -- То можа, вы ведаеце, хто жыве ў семдзесят трэцім доме? -- запыталася Марыя, панізіўшы голас і адвярнуўшыся ад таго дома. -- Разумееце, я шукаю аднаго чалавека, але я ня ўпэўнена, што гэта тая жанчына, што зараз на вэрандзе. -- Добра, я табе скажу, -- пераступіў ён з нагі на ногу. -- Гэтыя людзі арандуюць дом. Ня ведаю я іхных прозьвішчаў. Яны пераехалі сюды недзе пасьля Новага году. А каго вы шукаеце? -- Чалавека па прозьвішчы Бэргдорф, немец. Мне далі гэты адрас... Вы ведаеце яго? -- Пэўна што. Усё правільна, гэта ягоны дом, але ён тут не жыве. Ён жыве недзе ў заходнім Таронце, як я чуў. Чаму б вам не пайсьці ды не запытацца ў той жанчыны, яна зможа дапамагчы вам. -- Я так і зраблю. Дзякуй вам. Марыя адразу завярнулася й перайшла вуліцу. Але тут жа падумала, а ці стане тая жанчына слухаць яе з такой жа дабразычлівасьцю, як гэты натабакаваны "дрывасек". Не пасьпела яна падысьці да веранды, як яшчэ адзін выпадак дапамог ёй. Дзіця, што гулялася з цацкамі, не старэйшае за два гады, запаўзло туды, дзе даставаў дождж з палівалкі. Ладна абліўшыся вадой, яно ад нечаканасьці выдала такі лямант, які тут жа ўзьняў на ногі тую мажную кабету, усе ейныя сто дваццаць кіляграмаў, на ратаваньне дзіцяці. Пакуль яна каржакавалася, каб нахіліцца, пакуль цягнула дзіця, вусны ейныя выдалі цэлы даўжэзны ланцуг матчыных ушчуваньняў, усе на бездакорнай нямецкай -- на мове, якую Марыя добра ведала. Кабета выцерла дзіцяці валасы й твар падолам сваёй квятастай спадніцы, мяккім галаском вяртаючы яму разладжаны добры настрой. Спакой хутка быў адноўлены, дзіця зараз завярнулася да цацак, тады як кабета, выпростваючыся, апынулася твар у твар з Марыяй. -- Здаецца, малечы не спадабаўся душ? -- усьміхнуўшыся, сказала Марыя па-нямецку. -- О, я колькі разоў яму казала трымацца далей ад вады, але ж ён забываецца, -- жанчына таксама ўсьміхнулася Марыі. -- Але, нічога. Вада ў такі дзень нікому не пашкодзіць... Скажэце, вы недзе тут жывяце? Я ніколі вас ня бачыла. Вы -- немка? Не падобна, быццам... -- тараторка абыходзілася сваімі собскімі адказамі. -- Вы здагадаліся. Я не жыву тут, і я -- ня немка, але я жыла ў Нямеччыне. Я вось думаю, ці не змаглі б вы мне дапамагчы. -- Калі ласка, калі ёсьць чым... -- Я шукаю чалавека па прозьвішчы Бэргдорф. Мой сябра даў мне вось гэты адрас. -- Ёган Бэргдорф? Вы -- ягоная сяброўка? -- Так, блізкая. Я ведала яго ў Нямеччыне, -- сьпехам адказала Марыя. -- Разумею, -- кабета шматзначна агледзела Марыю з галавы да ног. -- Містэр Бэргдорф -- гаспадар гэтага дома, наш арандадаўца. Я магу даць вам ягоны адрас. Хіба пачакаеце тут хвілінку? Я занатую вам. Жанчына глянула на дзіця, цалкам занятае сваімі цацкамі, і зайшла ў дом. Марыя падумала: каб гэтая жанчына хоць на каліўца магла ведаць, што за чалавек гэты ейны гаспадар. Жанчына хутка вярнулася й працягнула Марыі маленькі аркуш з адрасам і пасьпяшала працягнуць размову, высьвятляючы, як доўга была Марыя ў Нямеччыне, дзе й калі; як даўно ў Канадзе; ці падабаецца ёй тут, тымчасам выдаўшы ўсе свае собскія ўражаньні. Па-за галоўнай тэмай гэтай балбатні Марыя дазналася, што Бэргдорф ужо шчасьліва ажаніўся, мае прывабную жоначку ды двох дзетак -- хлопчыка й дзяўчынку -- і працуе зь нерухомай маёмасьцю. Задаволеная тым, што зрабіла большую справу, чым спадзявалася перад гэтай вылазкай у разьведку, Марыя шчыра падзячыла жанчыне й пайшла.
|