РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Заўтра ёсьць учора
1. Арышт
2. Міласэрнасьць уначы
3. Новыя гаспадары
4. Нападзеньне ў пуні
5. Катаваньне ў клясным пакоі
6. Забойства
7. Абуджэньне
8. Вульгарная прыгажуня
9. Маёўка
10. Двубой
11. Лара ліхадзейка
12. Расправа
13. Чорная бездань
14. Д'ябалава гулянка
15. Гвалтаваньне
16. Дзірка ад кулі
17. Сустрэча старых сяброў
18. На папраўку
19. Іспыт на трываласьць
20. Руіны
21. Знаходка
22. Дзядзька
23. У судзе
24. Па сьледзе забойцы
25. Адзін крок паперадзе
26. Пачатак каханьня
27. Вось і сустрэча
28. У пошуках слушнасьці
29. Выклік
30. Сьмяротная паездка
31. Вяртаньне да жыцьця
30. СЬМЯРОТНАЯ ПАЕЗДКА
        
30. СЬМЯРОТНАЯ ПАЕЗДКА

        
        Працаўнікі шпіталёвай кухні падымаюцца рана, і звычайна яшчэ няма пяці, як Марыя ідзе пешкі два кварталы да аўтобуснага прыпынку.
        Гэтай ноччу пасьля народзінаў Эрны яна спала кепска, круцілася ў ложку, лезьлі нейкія нядобрыя сны. Ледзь задрамала -- ажно ўжо будзільнік. Яна адкінула коўдру й злосна націснула гузік...
        На двары імжэла.
        Дайшоўшы да ходніка, яна павагалася, ці вярнуцца за парасонам, тады вырашыла, што абыдзецца безь яго. Пазьней, калі яна аднаўляла ў памяці ўсе падрабязнасьці гэтай фатальнай раніцы, яна дзівілася, чаму яна не надала ўвагі таму, што гараж Бэргдорфа быў адкрытым і пустым.
        Занятая адно думкай, каб не прапусьціць аўтобус -- а ў гэты час яны ходзяць раз на пятнаццаць хвілін -- яна сьпяшалася подбегам, а ў галаве круціліся падзеі ўчарашняга дня, і ўсялякія варыяцыі ягоных наступстваў не давалі спакою.
        І навошта ёй было дражніць зьвера? А што цяпер будзе? Ну, і як адрэагуе ён, калі здагадаўся ўжо, што яму пагражае небясьпека?
        Яна дайшла да дому на рагу вуліцы. Дом стаяў наводдаль ад дарогі; ягоны гаспадар, відаць, не любіў быць на воку, бо ўвесь двор быў засаджаны дрэвамі, паўздож высокага мэталёвага плоту расьлі кусты бэзу. Яны поўнасьцю закрывалі від на вуліцу з вокнаў.
        Толькі Марыя падышла да рогу і зьбіралася перайсьці вуліцу, гледзячы проста перад сабой, як справа ад яе з абочыны рванула аўта й затармазіла, параўняўшыся зь ёй.
        Дзьверцы бардовага б'юіка раптам расхінуліся, і выскачыў Бэргдорф.
        Усё адбылося так хутка, што Марыя і разважыць не пасьпела. Яна аслупянела ад страху, зьбітая з панталыку ягоным раптоўным зьяўленьнем і асабліва ягонымі налітымі чырваньню вачамі.
        -- Садись в машину! -- кінуў ён коратка хрыплым голасам, шпурнуў яе на сядзеньне за стырно і пхнуў далей на пасажырскае крэсла.
        Цяпер, цалкам усьвядомеўшы, што адбываецца, Марыя хапілася за ручку правай дзьверцы, але мёртвая хватка перацяла ейную руку, і моцны, рэзкі ўдар ў левую скулу суправадзіў пагрозьлівае шыпеньне:
        -- Еще раз -- и я тебя успокою на х...
        Аўта рушыла й паімчэла па дарозе.
        Ачуняўшы ад удару, Марыя глянула на Бэргдорфа. На чырвонай, раз'ятранай мордзе было выразна напісана: з-а-б-і-ц-ь!
        Б'юік імчэў па ціхім спальным раёне. Вуліцы, за выключэньнем адзінокіх раньніх кіроўцаў, былі пустыя ў гэты час. Бэргдорф браў на захад і празь некалькі хвілін завярнуў на поўнач на хайвэй. Да сьпешнага руху было яшчэ гадзіны дзьве, і дарога была свабоднай. Тымчасам як Марыя, усё яшчэ ашаломленая нечаканым паваротам падзей, варушыла мазгамі, вырашаючы, што ж цяпер рабіць, стрэлка сьпідометра дацягнула да васьмідзесяці. Імжа ўзмацнілася, й дворнікі на вокнах натужна працавалі, скідаючы цяжкія струмені буйных кропляў.
        -- Куды ты вязеш мяне? -- спыталася Марыя.
        -- Хоць куды. Зваротны квіток табе не спатрэбіцца, -- хрыплы голас дзеяў ёй на нэрвы. -- Як я цябе пабачыў першы раз ля майго дома, тады яшчэ падумаў: нешта тут цёмнае. Вачам сваім не паверыў, я ж даўным-даўно цябе прыкончыў... Бач, дзетка, -- ягоны твар перакасіла, -- у цябе хапіла розуму высачыць мяне, але не хапіла -- зрабіць тое, што ты надумала. Ну, на гэты раз я ўжо пераканаюся, што пазбавіўся цябе назаўсёды.
        Кроплі дажджу біліся ў шкло, сьцякалі струменькамі долу. Стрэлка трымалася на васьмідзесяці. Нават зараз, калі ён звозіў сваю ахвяру далей ад цывілізацыі, ён цьвяроза пекаваўся аб бясьпецы.
        Праносіліся каштоўныя секунды, хвіліны...
        Марыя ці бачыла што наперадзе, тымчасам як ейны розум, прасякнуты пытаньнем жыцьця й сьмерці, ліхаманкава прамацваў спосабы, як зьбегчы.
        Змучаная згрызотамі адчаю, што была так блізка ад сваёй "місіі", але адным неразумным крокам, расказаўшы сваю гісторыю, зьнішчыла ўсе шанцы на яе выкананьне, яна раптам прыйшла да нечаканага рашэньня: раз ужо ёй паміраць сёньня, то апошняе, што яна можа зрабіць -- пастарацца забраць з сабой і яго.
        Цяпер, калі выйсьце было знойдзена, ейны розум запрацаваў хутчэй.
        Зброяй будзе аўта...
        Хайвэй разросься на чатыры лініі, сьпераду замаячыў вялізны бэтонны мост новазбудаванага супэр-хайвэя.
        Марыя правай рукой моцна хапілася за сядзеньне, рэзка крутанулася ды левай нагой саданула па правай назе Бэргдорфу. Тая саскочыла з пэдаля, і Марыя сваёй нагой моцна на яго націснула.
        Аўта рванула, набіраючы хуткасьць.
        Бэргдорф, відавочна зьбіты з панталыку, намагаўся перабраць кіраваньне й бесталкова рухаў нагамі й рукамі. Марыя абеімі рукамі хапілася за стырно, тымчасам як Бэргдорф дзікімі, балючымі ударамі намагаўся зьбіць ейную нагу з пэдаля.
        Нават калі аўта шырокім зіг-загам занесла на ўсю шырыню хайвэя, яна адчайна з апошніх сілаў не выпускала стырна з рук.
        І раптам -- грукат, вушы разадраў скрыгат мэталу, і моцны неймаверны ўдар адправіў Марыю Каравай чарговы раз у сусьвет цемрадзі...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.