РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Заўтра ёсьць учора
1. Арышт
2. Міласэрнасьць уначы
3. Новыя гаспадары
4. Нападзеньне ў пуні
5. Катаваньне ў клясным пакоі
6. Забойства
7. Абуджэньне
8. Вульгарная прыгажуня
9. Маёўка
10. Двубой
11. Лара ліхадзейка
12. Расправа
13. Чорная бездань
14. Д'ябалава гулянка
15. Гвалтаваньне
16. Дзірка ад кулі
17. Сустрэча старых сяброў
18. На папраўку
19. Іспыт на трываласьць
20. Руіны
21. Знаходка
22. Дзядзька
23. У судзе
24. Па сьледзе забойцы
25. Адзін крок паперадзе
26. Пачатак каханьня
27. Вось і сустрэча
28. У пошуках слушнасьці
29. Выклік
30. Сьмяротная паездка
31. Вяртаньне да жыцьця
19. ІСПЫТ НА ТРЫВАЛАСЬЦЬ
        
19. ІСПЫТ НА ТРЫВАЛАСЬЦЬ

        
        Школьны інспэктар Васіль Трахімовіч сядзеў у сваім кабінэце й разважаў над зьместам ліста, акуратна надрукаванага на шэрым аркушы. Ён прыйшоў зь Віцебскага раённага камісарыяту й тычыўся набору школьнай моладзі ў навучальні Нямеччыны. Спасылаючыся на папярэднія інструкцыі па гэтым пытаньні, ліст прысьпешваў інспэктара, каб ён неадкладна даў справаздачу па выніках праведзенага набору.
        За дзьвярыма пачуўся перастук друкаркі, які пазначыў пачатак новага працоўнага дня. Новая сакратарка Надзя Курсава аказалася даволі спраўнай. Немаладая ўжо ўдавіца, яна падавалася вартай патроенага акладу. Гэтта зараз яна, ведаў Трахімовіч, цёпла апранутая, забыўшыся на няўтульны холад у кабінэце, рупліва схілілася над старым "рэмінгтонам".
        Апрача бясконцых турботаў у самой адукацыйнай дзялянцы, Трахімовічу даводзілася спрачацца зь мясцовымі нямецкімі ўладамі яшчэ, напрыклад, проста за дровы. Недахоп транспарту, непадступныя лясы, што кішэлі партызанамі, -- звычайныя прычыны, якія даводзілася яму чуць ув адказ на пытаньні, чаму не хапае дроваў. Раз былі прывезьлі два вазы тарфянага брыкету, а што зь яго? Адно варты, пакуль гарыць.
        А вось учора толькі праходзіў міма ды проста зайздросна паглядаў на вялізную засьнежаную гару торфу й дроваў на двары нямецкай вайсковай камэндатуры. Свая кашуля бліжэй да цела. Трахімовіч злосна глянуў на грубку паміж сваім кабінэтам і прыёмным пакоем. Апэтыт у яе ненажэрны, а цяпла ніякага. І гэтая цагляная змрочная будыніна, такая слабая перад атакамі марозу, даўно патрабавала рамонту.
        А колькі было яшчэ пытаньняў, акрамя адукацыйных, якія Трахімовіч мусіў вырашаць. Дровы для ягонага мешканьня, як і для школаў, -- гэта толькі частка зь іх. Мясцовыя акруговыя беларускія ўлады месьціліся ў другім такім жа разваленым будынку, і ім даводзілася не лягчэй. Немцы ж былі занятыя сваімі ваеннымі праблемамі, ім справы не было да таго, каб палегчыць жыцьцё тутэйшым, і нудзіліся, калі ім нагадвалі пра такія дробязі, як школьнае забясьпечаньне, рамонт і дровы. Бо галоўная іхная турбота палягала ў тым, каб як мага болей выцягнуць харчоў ды іншых жыцьцёвых рэчаў з тутэйшых ды зь іхнае зямлі. Яны прыйшлі на дажынкі, не на сяўбу.
        Здрыгануўшыся ад холаду, Трахімовіч кінуў вокам на рыпатую, падгнілую драўляную падлогу. Ён быў ладным мужчынам сталага веку, апранутым у дабротны самаробны шарсьцяны пінжак, шэрыя галіфэ -- стыль, што ніяк ня выйдзе з моды ў тутэйшага насельніцтва -- заплатаныя ялавыя боты; круглы сялянскі твар аздаблялі кароткія вусы, з-пад тонкіх броваў глядзелі шырака пасаджаныя вочы; капа густых сівых валасоў зачэсана назад. Потым ён ізноў глянуў на паперу на стале і, падышоўшы да вакна, узяўся разглядаць марозныя вузоры на шыбе.
        Два гады таму Трахімовіч прыехаў сюды з Заходняй Беларусі займацца адукацыйнымі справамі ў Гарадоцкай акрузе. Зь ім прыехала й жонка, якая цяпер выкладала ў малодшых клясах ў гарадзкой школе.
        Перабудова той адукацыйнай сыстэмы, што пакінулі чырвоныя, аказалася геркулесавай працай. Недахоп настаўнікаў, што былі б абучаныя выкладаць па-беларуску, зьявіўся галоўнай праблемай. Нямецкія ўлады, хаця й дазволілі выкладаць па-беларуску, цалкам адмовіліся, за малым выключэньнем, выдаваць школьныя падручнікі.
        Гэткі падыход, безумоўна, аддаваў знаёмымі ўжо зьняважлівымі расейскімі выкрутасамі, прызначанымі каб развахоціць тутэйшых энтузіястаў патрыятычнага выхаваньня; пэўна гэта ўсё ішло ўв адзін шэраг зь іншымі зьляпанымі ў Бэрліне недарэчнасьцямі кшталту нацыянальнай паліцыі ды атрадаў самааховы -- але без забясьпечаньня зброяй і нават вопраткай, каб ускладніць спробы дзейнічаць самастойна ад усеўладарных гаспадароў.
        Калі ўжо некаторыя падручнікі, выдадзеныя Саветамі, можна было прыстасаваць да выкладаньня матэматыкі й фізыкі, але гісторыя Беларусі, мова ды шэраг іншых прадметаў мусілі былі імправізавацца самімі настаўнікамі, як сабе тыя ведалі. Таму большасьць тэкстаў проста запісвалася вучнямі пад дыктоўку настаўніка. Але й тут яны былі зьвязаныя па руках недахопам алоўкаў і нават паперы.
        Усьведамляючы ўсё гэтае, Трахімовіч адылі рабіў неймаверныя высілкі, шчыра падтрыманыя ягонай нястомнай ув адданасьці гэтай справе жонкай. Магчымасьць падняць новае пакаленьне ў нацыянальным духу, вякамі адмаўляным чужым каляніяльным рэжымам, нельга было прапусьціць за любую цану. Былі зарганізаваныя кароткатэрміновыя настаўніцкія сэмінары, а школьныя праграмы прыстасаваныя да мясцовых умоваў з наяўнымі школьнымі магчымасьцямі.
        Не пасьпеў, адылі, шкілет адукацыйнай сыстэмы абрасьці мясам, як зьмены на фронце выклікалі ягонае разбурэньне. Маленькую адукацыйную дзялянку Трахімовіча пачалі таптаць, разьдзіраць; настаўнікаў перасьледавалі чырвоныя партызаны, вучняў запалохвалі; партызанскія рэпрэсіі штодня выціналі насельніцтва. З усіх сарака школ ув акрузе больш за палову былі паглынутыя вогнішчам ці зачыненыя ў кантраляваных партызанамі раёнах. Праца інспэктара ператварылася ў сызыфавы іспыт на трываласьць, які адно адцягваў поўнае разбурэньне й непазьбежны канец. Усе гэтыя ахвяры й неймаверныя высілкі -- гэта было ўжо цалкам ясна -- будуць спушчаныя на вецер.
        А цяпер яшчэ гэты загад аб наборы вучняў у навучальні ў Нямеччыну -- нягледзячы на ўсе афіцыйныя інтэрпрэтацыі -- можа стаць апошняй кропляй. Зь якой бы доляй паўнаты ня быў ён праведзены -- гэта адстрашыць астатніх вучняў ад школы: тонка прыхаваны ўладамі набор таннай рабочай сілы тут нікога не надурыў. Трахімовіч пакуль адбіваўся ад уладаў адно пустымі словамі, не змушаючы падначаленых да выкананьня загаду. Ён усё яшчэ спадзяваўся, што немцы адкінуць гэтае бязглузьдзе.
        Ён вырашыў патэлефанаваць свайму калегу з суседняй акругі, хіба што лінія не была б пашкоджаная. Не бяз ладных намаганьняў ён урэшце дазваніўся. Пасьля ўсіх належных ветлівасьцяў і роспытаў аб здароўі Трахімовіч зь нейкай палёгкай даведаўся, што становішча з наборам у суседняй акрузе было гэткім самым. Гэны інспэктар атрымаў такі ж ліст, і праз колькі дзён ён намерваецца адрапартаваць, што набор праваліўся. Трахімовіч паабяцаў зрабіць тое ж самае, а там ужо хай будзе, як будзе...
        
        Папоўдні, гадзіны за дзьве да канца школьных лекцыяў, Юстына запрасіла Трахімовіча дадому пабачыцца з Марыяй. Гэтак зрабіць выглядала лепей за ўсё, бо яны вырашылі, што было б занадта рызыкоўна паказацца ёй на вуліцы.
        Трахімовіч добра ведаў Марыю з папярэдніх кантактаў. І вось цяпер ён разглядаў бледную, змарнелую жанчыну ў Юстынінай хаце так неапраўдана доўга, быццам хацеў двойчы пераканацца, што ён не памыляецца.
        Марыя, захутаная ў Юстынін халат, занадта вялікі для яе, танклявай, схуднелай, сядзела, праваліўшыся ў вялікі стары фатэль; яна спыніла рабіць на прутках, і крысо зробленай шэрай воўны абвісла зь ейных каленяў.
        -- Божа мой!.. -- прашаптаў Трахімовіч, узяўшы ейную руку й заглядаючы ў блакітныя стомленыя вочы. -- Як вы зьмянілся!
        -- Хіба? -- Марыя зглынула сьліну. -- Ну... але ж я ўсё яшчэ цэлая, дзякаваць Богу, і гэта тое, што ёсьць галоўным у наш час... Я рада бачыць вас, спадар інспэктар, -- павіталася яна прыязна.
        Яна прыўзьнялася ў фатэлі, і Трахімовіч паціснуў працягнутую руку з большай, чым проста ветлівай, пяшчотай, бо гэты змучаны выгляд так кантраставаў са шчырым, цёплым паглядам ейных уважлівых блакітных вачэй.
        -- Вы не ўяўляеце сабе, як я рады бачыць вас, спадарыня Марыя. Сказаць па-праўдзе, наша дарагая сябрына, вы сьцьвердзілі свайго роду прэцэдэнт. Бачыце, да гэтае пары мы адно гублялі настаўнікаў; гэта быў шлях ув адзін канец, так бы мовіць; але сёньня адзін зь іх -- першы, на жаль, -- вярнуўся. Я, пэўна, ня змог бы перабольшыць маёй радасьці бачыць вас ізноў сярод нас.
        -- Але, спадар Васіль, сядайце, калі ласка.
        Юстына ўзяла ў яго паліто й калошы, потым знайшла сабе занятак ля печкі-буржуйкі. Марыя зь інспэктарам глядзелі, як яна падкладала яблыневыя цуркі ў зяпу жалезнай пячуркі пасярод пакою. Гаспадыня дому, так і не знайшоўшы дзе ўзяць дровы, папрасіла суседа сьсекчы старую яблыню, каб неяк перажыць гэтую марозную зіму. Трэскі з сырых бярвёнаў злосна шыпелі за краткай, супрацівячыся спробам агню паглынуць іх цалкам.
        Усеўшыся на старым крэпкім зэдліку, ня зводзячы з Марыі вачэй, інспэктар запытаўся:
        -- Ну й як жа вы цяпер, Марыя?
        -- Ужо значна лепей, дзякуй. Каб не Юстына зь цёткай Агатай, я бадай ня выжыла б. Яны спаілі мне ўсе магчымыя зёлкі. Дзякуй Богу, я ў добрых руках, -- яна адорыла Юстыну ўдзячнай усьмешкай.
        -- Яна перабольшвае, спадар Трахімовіч, -- адказала Юстына. -- Вядома, мы варылі траўкі ды паілі яе, але гэта ўсё, што мы маглі зрабіць. Ат... Куды б лепей яна выглядала, каб мы маглі яшчэ й добра падкарміць яе, асабліва чым бы тлустым ды вітамінамі.
        Наступіла маўчаньне. Марыя з надзеяй глядзела на інспэктара.
        -- Юстына гаварыла, што трохі паведала вам аб маіх прыгодах, спадар інспэктар.
        -- О, так, яна расказвала. Які гэта жах! ...Ах, Марыя, прыміце мае сардэчныя спачуваньні, калі яны хоць неяк змогуць вам дапамагчы.
        Марыя паглядзела проста ў спагадлівыя вочы інспэктара й тады апусьціла свае долу.
        -- Гэты Бэргдорф, ды усе яны! -- усклікнуў Трахімовіч. -- Як жа так! Гэтта ж ён мусіць абараняць нас. Божа мой, што за час такі! Цэлая кодла мярзотнікаў робяць, што хочуць. Бізуны з усіх бакоў -- і наш няшчасны, безабаронны народ між імі.
        -- Спадар інспэктар, я б хацела спытацца вашай парады, -- Марыя спынілася, гледзячы інспэктару ў твар.
        -- Так-так. Я зраблю ўсё, каб дапамагчы вам.
        -- Гэта тычыцца забойства маёй сям'і Бэргдорфам.
        -- Так...
        -- Можа, вы маглі б параіць, ці ёсьць які спосаб, каб прывесьці яго да адказнасьці за тое, што ён зрабіў?
        Зморшчына неўразуменьня перасекла інспэктараў лоб, як ягоныя бровы ўскінуліся ўверх. Ён адвёў вочы ад паглядаў абаіх жанчын, відавочна задумаўшыся. Пруткі ў руках Марыі замёрлі, і усе ўтрох утаропіліся ў кратку жалезнай пячуркі, за якой скакалі вакол яблыневых трэсак гульлівыя языкі залатога агню.
        Трахімовіч выпрастаўся на зэдліку й паглядзеў проста ў запытальныя вочы Марыі.
        -- Перш за ўсё, я мушу папрасіць вас, спадарыні, каб вы лічылі нашую размову строга неафіцыйнай. Я не магу падвяргаць небяспецы сваю пасаду, разумееце?
        -- Ну, вядома, -- пасьпешліва адгукнулася Юстына. -- Хіба вы нам не давяраеце, спадар Трахімовіч?
        -- Каб так, то я б ня быў тут. Але час такі, ведаеце, і я падумаў, лепей нагадаць на ўсялякі выпадак...
        -- Але, спадар інспэктар, вы можаце цалкам давяраць нам, -- запэўніла яго Марыя.
        -- Ну, так. Дык вось па вашым пытаньні. Мне б хацелася даць вам просты, дакладны адказ. Але, на жаль, не змагу, улічваючы ўсе абставіны. Паспрабую адказаць акружным шляхам.
        Скончыўшы ўступ, Трахімовіч падняў галаву, прабег вачыма па тварах жанчын і працягваў:
        -- Тры тыдні таму я езьдзіў у Менск па справах. У мяне ёсьць шмат сяброў у Беларускай Цэнтральнай Радзе, у адукацыйным аддзеле перадусім. Я пабачыўся й паразмаўляў з многімі. Спадзяюся, вы абедзьве памятаеце пачэснага Станіслава Гадлеўскага, нашага апошняга Генэральнага школьнага інспэктара?
        -- Так, вядома, -- заківалі разам абедзьве жанчыны.
        -- Падчас ягонага зьнікненьня летась, -- Трахімовіч панізіў голас, -- мала хто ведаў, што ж тады здарылася. Гэтая справа была якраз з тых, аб якіх немцы не хацелі, каб крычэлі на кожным рагу. Як можна было прадбачыць, адсутнасьць афіцыйных тлумачэньняў спарадзіла шмат усялякіх пагалоскаў. Па часе, адылі, людзі адгрэблі пустазельле ад жыта. Абрыўкі й кавалкі гэтае круцігалоўкі сышліся ўв адну -- жахлівую -- карціну, якая мусіць стаць папярэджаньнем кожнаму, хто, як Гадлеўскі, адмовіцца стаць наймітам гэтых прыгнятальнікаў.
        Жанчыны ў зацікаўленасьці замёрлі, чакаючы далейшага расповеда, але інспэктар змоўк з адсутным позіркам, у якім хавалася таямніца.
        -- Дык што ж здарылася? -- спанукнула яго Юстына.
        -- Што?.. Яны вышыблі яму мазгі ў сутарэньнях Менскага гестапа, -- прамовіў Трахімовіч павольна, націскаючы на кожнае слова.
        -- Божа, супакой ягоную душу! -- прашаптала Юстына, і абедзьве жанчыны перахрысьціліся.
        -- Што ж такога ён зрабіў? -- інспэктар з запалам раскінуў шырака рукі. -- Хіба я магу проста сказаць, што ня ведаю? Пэўна, лепшым адказам было б успомніць, кім ён быў, і тады стане ясным тое, што дакладна ён зрабіў, каб выклікаць такое азьвярэньне немцаў. Дык кім ён быў? Адзін з самых выбітных сыноў нашае краіны, выдатны, палкі прапаведнік, падзьвіжнік Беларускае Каталіцкае Царквы пад польскім ярмом, чалавек крыштальнай годнасьці й беззаганнай рэпутацыі, вялікі патрыёт, вядучы палітык. Ён быў настолькі вядомы й папулярны, што калі б ён выставіў сваю кандыдатуру на пост прэзідэнта Беларусі пры магчымых свабодных выбарах, ён бы пабіў усіх сваіх супернікаў на сотні кілямэтраў навокал. Таму натуральна... чалавек такой важнасьці, хто адмаўляецца кланяцца, мусіць быць зламаны. Так, немцы могуць дазволіць абмежаваную беларускую адміністрацыю, беларускае выкладаньне ў пачатковых школах, магчыма, нават невялікія вайсковыя часткі пад нямецкім камандаваньнем... але гора таму, хто мае мужнасьць падняцца, стаць перад імі й заявіць аб сваіх правах. Такой дурноты яны не пацерпяць! Ці падпарадкоўвайся, ці... Прыхільнікі беларускай незалежнасьці, асабліва папулярныя ў народзе, такія як Гадлеўскі, на самай справе капаюць сабе магілу.
        Іхныя вочы зноў сышліся на языках полымя, што скакалі за краткай пячуркі.
        -- Пэўна, яны маюць беспадстаўныя ілюзіі, -- загаварыла Юстына, -- што немцы ёсьць нашымі дабрадзеямі й зараз возьмуць дый ашчасьлівяць нас незалежнай дзяржавай.
        -- Я добра ведаў Гадлеўскага апошнім часам, -- працягваў Трахімовіч. -- Я бачыў яго ў Вільні ды сустракаўся ў Менску. Чалавек настолькі просты й годны, і ў той жа час практычны й рэалістычны, пазбаўлены ўсялякіх ілюзіяў. Ягонай марай, ягонай мэтай, якой ён прысьвяціў усе свае зямныя сілы й дзеля якой ён маліўся Богу, было -- калі мовіць ягонымі ж, часта паўтаранымі, словамі -- "свой Беларускі Дом". За яго ён маліўся й дзеля яго працаваў да канца. Ён даводзіў, што мы мусім здабыць яго выключна сваімі сіламі, нават -- вобразна гаворачы -- калі нам прыйдзецца абадраць да крыві кожны пазногаць, цягаючы гранітныя валуны з гор дзеля ягонага падмурка. Ні немцы, ні расейцы, ні палякі, ні які шчэ там чорт ня зробяць гэтага за нас. Гэта, мае жанчынкі, быў ягоны дэвіз, ягонае крэда, ягоная канчатковая мэта. І ён ішоў да яе мэтадычна й разважліва. Многае з таго, што ён зрабіў, усё яшчэ пакрыта цемрай невядомасьці. Але прыйдзе час, і мы дазнаемся. Стае таго, каб сказаць, што калі гісторыя й надзяліла беларусаў на гэты час сапраўднымі пакутнікамі за іхную свабоду й шчасьце -- то Гадлеўскі, без сумнёву, гэта той чалавек... магчыма, адзін з многіх.
        -- Ці чуваць што аб забойствах іншых выбітных беларусаў у Менску? -- запыталася Юстына.
        -- Бальшыня зь іх -- гэта людзі бальшавісцкага падпольля, без сумнёву. Я ня буду называць іхных імёнаў і падрабязнасьцяў. Мараль і так зразумелая. Мы, беларусы, апынуліся проста ў цэнтры самага пажарышча. Тыя, хто не падымаюць ні галавы, ні голасу, пэўна, змогуць уратавацца з найменшымі стратамі. Ні немцы, ні расейцы ніколі не прызнаюць нашага права на самавызначэньне. Тыя, што маюць незалежніцкія й самастойныя думкі, не патрэбныя ні тым, ні другім і падлягаюць зьнішчэньню з абаіх бакоў. Паводле што расейскіх, што нямецкіх "талмудаў", нам дазваляецца адно дыхаць і адводзіцца адно роля пагарджаных рабоў, што напаўняюць іхныя куфры багацьцем.
        То паглядзеце навокал -- і што вы бачыце? Ведаеце, колькі мы мелі школ ув акрузе, калі пачыналі? Каля пяцідзесяці. Ну? Колькі зь іх засталося? Менш за палову. Які сэнс біцца галавой у сьцяну?.. Мы ў такім няроўным баі, і гэта толькі справа часу, калі гэтая бойня будзе працягвацца далей, як нас змые хваляй гэтага звар'яцелага, суцэльнага зьнішчэньня й генацыду, якога нашая краіна яшчэ ня бачыла. Вось і адказ для вас, Марыя.
        -- Жахлівая карціна... Як жа тады са мной? -- прамовіла Марыя.
        Глыбока задумаўшыся, Трахімовіч паскроб шчаку, паглядзеў скоса на Марыю. Падсеў да "буржуйкі" й, сочачы за полымем, працягваў:
        -- Ёсьць адна, ангельская, здаецца, прымаўка: "Сьцярвятнікі зьбіраюцца там, дзе львы піруюць". Вось вам ілюстрацыя да сустнасьці пытаньня. Гэты Бэргдорф нішто іншае як паскудны падлаед, што зьявіўся тут, каб атрымаць свой кавалак мяса.
        А цяпер, калі яшчэ працягнуць тлумачэньне гэтае прымаўкі, можна адзначыць, што любы самапаважны леў будзе глядзець на шакалаў звысака, з агідай, але ягоная царская высокасьць не дазволіць яму нават шугануць тую кодлу прэч. А навошта? Нейкім чынам, гэта ягоная сьвіта, якой яго надзяліў ні больш ні менш як сам Бог, той, хто стварыў і высакародных, і нізкіх. Цар драпежнікаў, пэўна, усьведамляе, што раскіданыя рэшткі ягонае трапезы пажыраюцца гэтымі агіднымі істотамі, бо зачыстка тэрыторыі за сваімі гаспадарамі ёсьць іхным натуральным, Богам дадзеным, прызначэньнем, так бы мовіць. Так што, пакуль існуюць ільвы, будуць існаваць і рознага роду падлаеды вакол яго. Зараз у нашай краіне два найвялікшыя крыважэрныя ільвы гуляюць свой грандыёзны фэст. Таму й падлаедаў сабралося тут цэлымі зграямі, у такой колькасьці, што й сонца за імі ня бачна...
        Што да вашай справы, Марыя. Зь якой такой дай прычыны стане леў караць свайго шакала, адно каб задаволіць вас, ці шчэ каго -- сваіх будучых ахвяраў? Ані Божа. Мы ж падлягаем зьнішчэньню, разумееце вы гэта? Бэргдорф і каторыя зь ім дапамагаюць ільву калянізаваць гэтую тэрыторыю. Вы ж не забывайцеся на тое, што і заходні, і ўсходні хіжнікі абазналі нашую няшчасную краіну як сваю -- адныя як "lebensraum", другія як "исконно русские территории". Цьху!.. Рэч у тым, што няма ў нас ніякіх правоў, зусім... да тае пары, пакуль мы ёсьць слабымі й ня можам паўстаць супраць калянізатараў. ...Дапамажы ты нам, Божа, бо мы ёсьць асуджаныя. ...Здаецца мне, што й сам Бог пакінуў нас, а дапамагае, як заўсёды, моцным ды нахабным...
        Уся трагічнасьць становішча была раскладзеная перад імі. Пануры й засмучоны, Трахімовіч сам выяўляў сабой чалавека безнадзейна, на згубу, заціснутага паміж двума вялізнымі жарнавамі.
        -- Вось вам голая, прыкрая праўда, спадарыні мае, і іншай тут няма, -- сказаў ён ціха, жахаючыся пэрспэктывамі, якія можа прынесьці заўтра.
        -- Ясна... Цяпер усё ясна, спадар інспэктар, -- прашаптала Марыя. -- Вядома, я ўяўляла гэта ўсё сама, але не змагла б падаць так маляўніча, як вы. Што ж... Гэта значыць, што я нічога не магу зрабіць, каб прывесьці гэтага бандыта Бэргдорфа да адказнасьці.
        -- Будзь вы мужчынам, Марыя, я б не вагаючыся прапанаваў вам пайсьці ды прыстрэліць гэтага сабаку самой. І вас таксама пры гэтым застрэлілі б, але іншага спосабу, зразумела, цяпер няма. Час пачынаць адстрэльвацца, бо іншага выбару ў нас няма, і нам наканавана выміраньне.
        -- Пустое, усё, спадар інспэктар, -- прашаптала Марыя. -- Я -- не мужчына, і мяне ўжо двойчы катавалі. ...І бальшавікі, і нацысты лічаць, што Марыі Каравай больш не існуе. ...Што рабіць мне цяпер?
        -- Дзеля гэтага я й прыйшоў. Мы мусім нешта прыдумаць.
        -- Можна я, спадар... -- умяшалася Юстына.
        -- Ну, вядома. Што вы хацелі?
        -- Мы тут надумалі з Марыяй... Перш наперш, трэба набыць ёй новыя дакумэнты, поўнасьцю: месца народжаньня, узрост -- усё. Гэта значыць, -- яна ўсьміхнулася, паглядзеўшы на Марыю, -- мы мусім, дарагая, ахрысьціць цябе нанова. Пасьля гэтага яна зможа пайсьці на працу, зноў настаўнічаць, я мяркую. І лепш адправіць яе куды-небудзь далей, дзе гэтая падлюга Бэргдорф яе не дастане. Як вам такая думка, спадар інспэктар?
        -- Слушна, -- паёрзаў на сваім зэдліку Трахімовіч. -- Трэба будзе знайсьці вам бясьпечнае месца, Марыя. Пасьля ўсяго, што вы перажылі, вам зараз патрэбны спакой, каб ачуняць і вярнуцца да жыцьця. Я хвалююся за вашае здароў'е таксама.
        Трахімовіч падняўся, падышоў да вакна й моўчкі стаяў там, быццам спадзеючыся знайсьці падказку там.
        -- Дакумэнтаў у вас ніякіх няма, так, Марыя?
        -- Якое там... Я толькі зьбіралася класьціся спаць, як гэты бандзюга ўваліўся пьяны.
        -- Але... Прабачце... Ёсьць у мяне тут адзін чалавек наўвеце, спадар хто змог бы дастаць вам аўсвайс, рабочую картку і нават, магчыма, дазвол на паездку на цягніку. Вам трэба набрацца цярпеньня, бо, вы ж разумееце, я не змагу зрабіць усё ўв адзін дзень. Адзеньня ў вас таксама няма, праўда?
        -- Зрэшты, так.
        -- Варта зьвярнуцца да Беларускай Узаемадапамогі. Можа, дастанем вам прыстойнае паліто. Мушу абгаварыць гэта з маёй жонкай, думаю, яна зможа што-небудзь зрабіць наконт адзеньня. Тымчасам вы маеце сядзець тут ціха, пакуль я буду гэтым займацца. Ну што, імя сабе ўжо прыдумалі?
        -- Не... не зусім, -- завагалася Марыя.
        -- Думайце. І як толькі надумаеце, паведаміце мне празь Юстыну. Ну, як?
        -- Добра. А што да працы й месца, ёсьць у вас што наўвеце, спадар інспэктар?
        -- Ну... скажам, ёсьць адно. Вядома, я мушу спачатку патэлефанаваць аднаму чалавеку й запытацца. Здаецца мне, ён знойдзе вам месцейка. Я маю на ўвазе майго добрага сябра Заркевіча, Генэральнага школьнага інспэктара па Беларусі. Пасьля таго, што здарылася з Гадлеўскім, гэты чалавек крыху пужлівы, але я ўпэўнены, ён не адмовіць мне. Як наконт таго, каб настаўнічаць у Менску, спадарыня Марыя?
        -- Як?.. Гэта здорава! Я так любіла гэты горад, -- Марыіны патухлыя вочы ажывіліся.
        -- Калі вы былі там апошні раз?
        -- Даволі даўно, яшчэ перад вайной, насамрэч...
        -- Цяпер горад -- проста адна куча друзу, мала што засталося некранутым.
        -- Так, я чула пра гэта. Нямецкія паветраныя налёты...
        -- Гэта палова гісторыі. Расейцы, калі адступалі, мелі загад зьнішчаць усё; гэта было яшчэ тады, як Сталін выдаў свае вядомыя загады "выжженной земли", ведаеце.
        -- Так, вядома.
        -- Так што, Марыя, гэта ўсё толькі гара друзу, тое, куды я вас адпраўляю. Але ўзяўшы ўсё пад увагу, яно будзе бясьпечным месцам для вас. Партызаны не зачыняюць школы ў Менску. І там таксама ёсьць людзі, і жывуць, і працуюць.
        -- Барані вас Гасподзь, спадар інспэктар. Я так вам удзячна.
        -- Калі ласка... Зарана яшчэ дзякаваць, -- Трахімовіч выпрастаў руку перад Марыяй, быццам каб загарадзіцца ад патоку ўдзячнасьцяў. -- Наразе я яшчэ нічога не зрабіў для вас, праўда? -- усьміхнуўся ён добразычліва.
        -- Але, спадар інспэктар! Мне нават размова з вамі ўжо такая палёгка. Вы ж напэўна зробіце ўсё, каб дапамагчы мне. Нават ня ведаю, як я змагу аддзячыць вам.
        -- Ніяк. Ня трэба. Гэта мой абавязак. Цяпер падвынікуем: вы сядзіце тут ціха, пакуль я здабуду ўсе неабходныя паперы, адзеньне, працу. Спадарыня Юстына, вы ласкава -- пасьля таго, як яна вырашыць, -- напішаце на аркушы імя, месца й дату нараджэньня, рысы твару, памер адзеньня і ...о, ледзь не забыўся... людзям у аўсвайсавай канторы патрэбны будзе ейны фатаздымак. Вам трэба будзе зрабіць адзін.
        -- А вось гэта -- задача, -- спахмурнела Юстына, зірнуўшы на Марыю.
        -- Ну, гэта вы вырашыце як-небудзь самі. Цяпер, спадарыні, я мушу ісьці. Так што, калі дазволіце... Будзем з вамі бачыцца, спадарыня Юстына.
        -- Так, вядома. Дзякуй вам вялікі, што зайшлі. Прабачце, што не запрасілі да стала. У нас нічога...
        -- Не выбачайцеся, Юстына. Будзем спадзявацца, што некалі настануць лепшыя часы, калі мы зможам цешыцца са сваёй беларускай гасьціннасьці й будзем хадзіць у госьці адзін да аднаго.
        -- Спадар Трахімовіч, вы такі дабрадзей! Ну што б я рабіла бяз вашай дапамогі! -- Марыін твар засьвяціўся.
        Як Трахімовіч выйшаў, Юстына з поўным задавальненьнем, напісаным скрозь на ейным твары, запытался:
        -- Ну, як?
        -- Шчыра кажучы, раней я ведала яго толькі па працы. А ён, аказваецца, такі добры й спагадлівы.
        -- Так, ён такі. Ніхто яшчэ не сказаў ніводнага злога слова на яго.
        -- Божа, дзякуй яму, -- уздыхнула Марыя.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.