РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Заўтра ёсьць учора
1. Арышт
2. Міласэрнасьць уначы
3. Новыя гаспадары
4. Нападзеньне ў пуні
5. Катаваньне ў клясным пакоі
6. Забойства
7. Абуджэньне
8. Вульгарная прыгажуня
9. Маёўка
10. Двубой
11. Лара ліхадзейка
12. Расправа
13. Чорная бездань
14. Д'ябалава гулянка
15. Гвалтаваньне
16. Дзірка ад кулі
17. Сустрэча старых сяброў
18. На папраўку
19. Іспыт на трываласьць
20. Руіны
21. Знаходка
22. Дзядзька
23. У судзе
24. Па сьледзе забойцы
25. Адзін крок паперадзе
26. Пачатак каханьня
27. Вось і сустрэча
28. У пошуках слушнасьці
29. Выклік
30. Сьмяротная паездка
31. Вяртаньне да жыцьця
5. КАТАВАНЬНЕ Ў КЛЯСНЫМ ПАКОІ
        
5. КАТАВАНЬНЕ Ў КЛЯСНЫМ ПАКОІ

        
        Другі год вайны прынёс новае жыцьцё ў вялізныя беларускія лясы: падзеі, падабенства да якіх яны не маглі й прыгадаць за ўсё сваё былое. Адмыслова падрыхтаваныя групы й рыштунак сталі прыбываць на парашутах з так званае цяпер Вялікае Зямлі. Ядра ствараных партызанскіх атрадаў пастаянна абрасталі дэзэртэрамі й ўцекачамі зь лягераў для ваеннапалонных. Паколькі мабілізацыя сярод мясцовага насельніцтва сабрала мізэрны плён, былі ўжытыя "прынудзіцельныя" меры. Моладзі ў лясных зонах было загадана йсьці ў партызанскія атрады, "не то...". Некаторыя пайшлі.
        Немцы хутка ўцямілі, што калі яны хочуць належна кантраляваць занятую тэрыторыю, то мусяць адмовіцца ад свайго звычайнага дэвізу: "Ніякі чужынец ня будзе насіць зброі, покуль немец будзе ягоным гаспадаром". Былі арганізаваныя першыя атрады так званай Шуц-паліцыі. Іхны маральны стан не прывабіў беларусаў, бо яны глядзелі на новых гаспадароў зь недаверам і прытрымліваліся свайго "паглядзім, што будзе". Аддзелам паліцыі выдавалася такая-сякая зброя, у асноўным расейскага й польскага паходжаньня. Многія ўзначальваліся паволжскімі немцамі -- кроўнымі братамі, якім Гітлер больш давяраў.
        Тутэйшыя ж людзі ў лясных зонах хутка адчулі кухталя ад абаіх гігантаў, што счапіліся тут на жыцьцё ці сьмерць. Не жадаючы выбіраць ніводнага з драпежнікаў, безабаронныя, яны хутка сталі лёгкай здабычай для абаіх бакоў. Драконаўскі закон -- "хто ня з намі, той супраць нас", -- які прымяняўся без разбору абаімі бакамі да тутэйшых, прынёс гвалт, марадзёрства, разбой, мардаваньне, пажарышчы і карныя бойні. Закон джунгляў разгуляўся тут напоўніцу.
        Позна, надта позна, толькі ўпёршыся ў жыцьцёвую неабходнасьць, тутэйшыя зразумелі, што іхнае выжываньне залежыць ад іхнага выразнага ўдзелу ў гэтай татальнай вайне. Адчуўшы пакліканьне беларускага патрыятызму, многія тыя, хто бачыў, што адбываецца, уступілі ў Беларускую Самаахову дзеля іхнай собскай абароны і потым, напярэдадні адступленьня немцаў, стварылі атрады Беларускай Краёвай Абароны, БКА.
        Спачатку, аднак, кожны -- і чырвоныя партызаны, і нямецкія дапаможныя арганізацыі, -- ня здолеўшы дамагчыся прыхільнасьці й супрацоўніцтва тутэйшых, або запалохвалі іх, або зьнішчалі. Нікчэмнікі, што служылі і там, і там, лічылі сваю вайсковую вопратку ліцэнзіяй на забойства, разбой і гвалт. Ніколі ў сваім жыцьці не задавольваліся яны такім невымерным ўраджаем.
        Вёска Марыі Каравай, што знаходзілася як ёсьць на краі вялізнага лесу, блізка да гасьцінца й чыгункі, аказалася асабліва прыступнай для абаіх ваенных сілаў. Па начах сюды прыходзілі чырвоныя партызаны пускаць пад адхон цягнікі ці наладжваць на дарозе засады на нямецкія атрады, а ўдзень зьяўляліся нямецкія карнікі прачэсваць лес і спаганяць помсту на кожным, хто падазраваўся ў дапамозе іхным праціўнікам. Жыхары апынуліся ў стальной пастцы. Кожны селянін жыў на пазычаны час.
        
        Хмурым восеньскім днём Марыя была занятая зь дзецьмі ў клясным пакоі. Другая й чацьвертая клясы прыходзілі раніцай, першая й трэцяя -- пасьля абеду. Мець дзьве клясы адначасова, па восем гадзін штодня, было нялёгка. Гэта патрабавала поўнай увагі, якую Марыя, што так любіла дзяцей і сваю працу, аддавала бязьмерна.
        Перад самым абедам быў пачуўся моцны шум за сьцяной, як раптам з грукатам расхінуліся дзьверы. Настаўніца зь дзецьмі замёрлі.
        У парозе паўстаў сівы барадаты чалавек у цывільных апранахах, з чырвонай зоркай на фуражцы, са злавеснага выгляду аўтаматам на правым плячы. Цёмныя, вузкія, пранізьлівыя вочы яўна смакавалі тую няпэўнасьць, што адбілася на перапалоханых маленькіх тварыках. А з-за плечаў выцягвалі шыі яшчэ два: адзін з савінай галавой, другі з маладжавым, як у дзіцяці, тварам.
        Марыя, здранцьвелая, сядзела на лаве, аловак у ейных дрыжачых руках завіс над сшыткам. Як госьці зайшлі у пакой, кляса заварушылася: хто заверашчаў, хто скурчыўся на лаве.
        -- Тихо! Всем тихо! Ведите себя хорошо, и никто ничего вам не сделает! -- загадаў той, што з зоркай. Ягоныя вузкія цёмныя вочы, унушальная барада й начальніцкія паводзіны наддалі жаху й прывялі да неадкладнага падпарадкаваньня.
        Ён завярнуўся й паглядзеў на сьцяну над дзьвярыма. Там пад расьпяцьцем вісеў герб -- беларуская Пагоня. Толькі перад гэтым Марыя была зьняла партрэт Гітлера адно на ўсялякі выпадак, будзе вось такое здарыцца.
        Тут жа загрымела аўтаматная пальба, як барадаты ўсадзіў цэлы зарад у Вялікага Літоўскага Воя на белым кані ў пагоні за ворагам.
        Двох другіх стаялі нерухома, але з усьмешкай на вуснах пільна сачылі за дзецьмі й Марыяй, якіх залп аўтамата прывёў у паніку. Марыя так і сядзела, агаломшаная, на тым жа месцы, ня ведаючы, як сябе паводзіць перад гэтымі ўзброенымі людзьмі.
        -- Всем сидеть как сидели! -- загадаў барадаты. -- Ты, -- навёў ён аўтамат на Марыю, -- гэта ты тут настаўнічаеш?
        Марыя, у шоку ад страху, не магла вымавіць ні слова.
        -- Гавары, баба! Ну!
        -- Так, -- вымавіла Марыя.
        -- Гэта ты -- Марыя Каравай?
        -- Так, я.
        -- Ты што думаеш, я ня ведаю гэтага, сука? -- сплюнуў ён.
        Дзеці сядзелі нерухома, іхныя вочкі сачылі за кожным рухам гэтага воя з такой страшнай барадой.
        -- Якая ж ты савецкая жанчына, калі атручваеш маленькіх дзетак гэтай фашысцкай дрэньню? -- ён ізноў падняў голас на перапужаную Марыю.
        Настаўніца зьбялела, але прамовіла:
         -- Я ніколі ня думала, што чытаньне, пісьмо дый арытмэтыка неяк тычацца палітыкі, -- і тут жа падумала, ці не сказала зашмат.
        -- А ты ня думала, га? Хто пытаецца, што ты думала? Вы чулі, хлопцы? Яна ня думала... цьфу! -- перадражніў ён яе й зарагатаў, і ягоныя таварышы душэўна да яго далучыліся.
        Раптам ягоныя вусны сьціснуліся. Маланкава, як кошка да сваёй здабычы, падскочыў да Марыі. Тварам упрытык да Марыінага, так што яна адчула агідны смурод самагонкі.
        -- Гаварыць і думаць, адно калі я загадаю! Чуеш? -- зарычэў ён.
        Ён завярнуўся ад Марыі, павольна агледзеў клясу й сказаў:
        -- Так, дзеці. Ці вы ведаеце, хто мы такія?
        Усе маўчалі.
        -- Ну, гаварыце ж, мы вас ня ўкусім.
        -- Вы -- партызаны, -- такі нехта адказаў.
        -- Цалкам правільна, -- сказала злавесная барада з задаволеным тварам. -- Цяпер слухайце ўважліва. Зараз вы ўсе пабяжыце дадому хуценька, як толькі ногі панясуць, і скажаце сваім бацькам, каб былі тут зараз жа праз паўгадзіны. Ясна?
        Пачулася мармытаньне ў знак згоды.
        -- Чакайце хвілінку. Патлумачце сваім, што гэта загад. Калі каго-небудзь тут ня будзе праз паўгадзіны -- будзе мець з намі размову. Зразумела?
        Празь дзьве хвіліны кляса была пустая.
        -- Цяпер ты, -- раўкнуў партызан на Марыю, -- а ну, здымай гэтага нацыяналістычнага бандыта са сьцяны.
        Не марудзячы, Марыя ўзяла крэсла й паднялася, каб дацягнуцца да прастрэленай Пагоні. Партызан злосна сплюнуў, ходзячы вакол яе й бессаромна аглядаючы ейнае цела.
        -- Няблага, га, хлоцы? -- падміргнуў ён двум другім. -- Іду на заклад, яна яшчэ тая цаца... у ложку. Шкада, што зараз часу ня маем.
        Зьбялелая са страху, Марыя зьняла Пагоню, і як толькі яна саступіла з крэсла, барадаты бесцырымонна пляснуў ёй ніжэй сьпіны.
        -- Ой, далібог, не благая, -- згрымасьнічаў ён ізноў пад рогат астатніх двох.
        У гэтай злавеснай цішыні Марыіна сэрца калацілася, чаго ня выскачыла з грудзей. Праз вакно яна ўбачыла яшчэ ўзброеных партызан. Відавочна, што яны расплянавалі візыту й прынялі меры бясьпекі. Спасьцерагла, што напэўна і ўся вёска абкружана.
        -- І выкінь гэта на сьметнік, дзе яму й месца, -- загадаў партызан. Марыя тут жа падпарадкавалася.
        -- Цяпер адыдзі да сьцяны. Падайце, хлопцы, мне крэсла.
        Марыя падышла да сьцяны й стала, гледзячы зашклянелымі вачыма перад сабой. Партызан зь дзіцячым тварам падаў камандзіру крэсла, дзе той і выцягнуўся выгодна, любуючыся наскамі сваіх замызганых ботаў.
        -- Павярніся, -- загадаў ён так ціха, што Марыя ледзь пачула.
        -- Цяпер пра адукацыю, -- працягнуў ён спакойна й ціха. -- Дык і я ж люблю адукацыю, калі яна правільная. Адукацыя павінна быць правільная. Хіба ж так, настаўніца?
        Марыя не адказала. Яна йшла па канаце, а гэтае стварэньне ўвасабляла сабой пячорнага чалавека, што трымаў аўтамат каля ейнай сківіцы. Толькі ўсьведамленьне таго, што вяскоўцы хутка зьбяруцца тут, усьцешвала яе й надавала ёй трохі сілаў. Гэты лясны чалавек, магчыма, ня зробіць ёй нічога перад усімі, хаця хто яго ведае...
        Мэта іхнай візыты была даволі яснай: яны лічаць школу сваёй і хочуць, каб выкладаньне вялося па савецкай праграме. Яна ўжо чула, што такое адбывалася й у іншых вёсках.
        -- Такім чынам, пачнем лекцыю нумар адзін, -- працягваў партызанскі камандзір, сьвідруючы яе сваімі цёмнымі, пранізьлівымі вачыма. -- Слухай мяне ўважліва і будзеш адказваць, адно калі я скажу. Ясна?
        -- Так, -- адказала Марыя. Злосныя ноткі ў ягоным голасе ні на што добрае ёй не варажылі.
        -- Скажы нам, настаўніца, а хто ж ёсьць твой бацька?
        Марыя маўкліва паглядала на кожнага зь іх.
        -- Ну?! Фашысцкая сука, -- сплюнуў ён злосна. -- Мы што, чакаць будзем? Ці нам скарыстаць гэтага прымусу, каб дапамагчы табе? -- і ён з размахам ляснуў затворам аўтамата.
        -- Я ня памятаю свайго бацькі, -- ледзь чутна адказала Марыя.
        -- Яна ня памятае свайго бацькі... Чулі, хлопцы? Добра, гэтта ж самы час, каб асьвяжыць тваю памяць.
        Ён кіўнуў галавой. Хлопец зь дзіцячым тварам падскочыў да Марыі, схапіў яе за руку й шпурнуў да камандзіра. Той злавіў яе за валасы й пляснуў зьдзічэла па твары, потым зноў торгнуў да сьцяны. У Марыіных вачах паплылі каляровыя зоркі, галава закруцілася, з носу пацякла кроў. Яна ледзь утрымалася на нагах.
        -- Такім чынам, -- працягваў барадаты, -- спрабуем ізноў: хто твой бацька?
        -- Я ж вам сказала...
        -- Арцём! -- прашыпеў барадаты. -- Дапамажы ёй успомніць. Некалі ж была камсамолкай. Як жа ж яна забылася?
        Савіная галава падскочыў да жанчыны й скруціў ёй руку за сьпіну так моцна, што Марыя закрычэла ад болю, скурчыўшыся з агіднай грымасай на скрываўленым твары.
        -- Слухаем зноў, фашысцкая сука! -- закрычэў камандзір.
        Марыя больш не магла зносіць катаваньня. Трэ было нешта сказаць, каб супакоіць барадатага.
        -- Мой бацька...
        -- Ну! Хто ён?
        -- Таварыш Сталін, -- прахрыпела жанчына.
        Хватка на ейнай левай руцэ саслабела.
        -- Сталін табе не таварыш, фашысцкая падла! -- загрымеў голас. -- Ты ганьбіш вялікага бацьку Сталіна і нашу сацыялістычную радзіму. У Сталіна няма жалю да такіх падонкаў, як ты.
        З хуткасьцю пантэры ён накінуўся на жанчыну, калоцячы яе з усяе сілы. Марыя захісталася, хапаючы паветра, і потым страціла прытомнасьць.
        Ачуняўшы, адчула, што ляжыць на падлозе. Усё ейнае цела й твар жудасна балелі. У пакоі было шумна, зьбіраліся жыхары вёскі.
        -- Давайце варушыцеся! У нас ня цэлы дзень часу! -- падганяў іх голас каля дзьвярэй.
        Рукі паднялі Марыю з падлогі; мутна яна ўбачыла матчын заплаканы твар, але ў Марыі не было нават сілаў, каб заплакаць. Пакуль Аксіньня выцірала кроў з твару дачкі, вяскоўцы моўчкі глядзелі на іх. Тады ўсадзілі яе на пярэднюю лаву.
        Мужчына з зоркай прыхінуўся да стала, зыркаючы вачыма па клясным пакоі.
        -- Жыхары Шулаў. Мая прамова будзе кароткай і лагоднай. Вы бачыце перад сабой настаўніцу вашых дзяцей. Яна пасьмела адмовіцца дапамагаць нам, і нам прыйшлося ласкава яе папрасіць.
        Ціхі ягоны голас нікога не надурыў.
        -- Перш за ўсё, я мушу папярэдзіць вас, што гэта -- урок для кожнага. Мы не пацерпім супраціўленьня, але й не пашкодзім тым, хто будзе нам дапамагаць. З заўтрашняга дня вы будзеце выпраўляць дзяцей у школу, як і раней. Я ўпэўнены, іх будуць вучыць правільна. Адзіная розьніца, што яны буцуць навучацца таго, што хоча Савецкая ўлада, і ня будуць больш аб'ектам ні нямецка-фашыстоўскай, ні беларуска-нацыяналістычнай прапаганды. Марыя Каравай добра ведае савецкую праграму, і я ўпэўнены, што яна будзе паслухмянай, як і ўсе вы астатнія. Пытаньні ёсьць?
        Стаяла магільная цішыня.
        -- Я прымаю вашае маўчаньне за згоду. Добра. Ня ўздумайце не пускаць дзяцей у школу. Гэта не дапаможа. Зразумела?
        Зноў ніякае рэакцыі.
        -- Ну, раз мы так хуценька вырашылі гэтае важнае пытаньне, перад тым, як закрыць нашае паседжаньне, я хацеў бы нагадаць вам, што мы яшчэ вернемся зусім. Гэта значыць, мы заўсёды вакола. Ня ўздумайце дурыць нас. Паседжаньне закрыта.
        Тым жа днём, шмат пазьней, як адышлі партызаны, зьявіліся шуц-паліцаі з Гарадка. Яны распытвалі людзей, намагаючыся выцягнуць якую інфармацыю аб партызанскім атрадзе, што ашчасьлівіў іх сваёй візытай ураніцу. Ня шмат яны дазналіся. Людзі былі надта запалоханыя, каб размаўляць. Усе адчувалі сябе заціснутымі ў стальную пастку супрацьлеглых сілаў. І выйсьця зь яе не было.
        Паліцаі выпілі самагонкі, закусілі яешняй са скваркамі й сышлі на захадзе сонца. Марыя, з апухлым тварам, з выбітымі зубамі, ляжала ўдома ў ложку. Наступнага дня і пару тыдняў потым школа стаяла пустой.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.